ЗУБКО́ВІЧ (дзявочае Пілеман) Эльза Робертаўна

(1895, Мінск — 1983),

бел. кампазітар, музыказнавец, педагог. Праф. музыкі і спеваў. Скончыла Берлінскую кансерваторыю (клас П.​Юона). У 1930-я г. выкладала ў Бел. кансерваторыі, заг. кафедры. З 1944 у Германіі і ЗША. Працавала пераважна ў галіне вак. музыкі. Сярод твораў: зб. рамансаў «Асенняе падае лісце» на словы І.​Сабуравай, «Край мой васільковы» на словы бел. паэтаў; «Дзіцячы музычны альбом» і «Першыя радасці» для фп., фантазія «Бульба», прэлюдыі для фп., вак. творы на словы Г.​Ахматавай, А.​Блока, А.​Гаруна, Н.​Арсенневай; апрацоўкі бел. нар. песень («Кума мая, кумачка», «Сваток» і інш.). Музыцы З. уласціва арган. спалучэнне класіка-рамант. традыцый з тонкім адчуваннем прыроды бел. меласу.

Літ.:

Сачанка С. Эльза Зубковіч // Кантакты і дыялогі. 1996. № 9.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКАЯ Ядвіга Канстанцінаўна (н. 1.5.1949, в. Далідавічы Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. кампазітар, эстр. спявачка і выканальніца на клавішных інструментах. Дачка К.І.Паплаўскага. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. кансерваторыю па класах фп. (1972) і кампазіцыі (1988). З 1971 артыстка вак.-інстр. ансамбля «Верасы», з 1987 салістка-вакалістка Дзярж. канцэртнага аркестра Беларусі. Стваральнік і кіраўнік (разам з мужам А.Ціхановічам) першага на Беларусі Тэатра песні (1988) і творчай студыі пры ім. Выступае (з Ціхановічам) у складзе эстр. вак. дуэта, адметнага артыстычнай абаяльнасцю, шчырасцю, яркай манерай выканання. Аўтар кантаты «Сын зямлі», сімф. паэмы, цыкла прэлюдый, санаты, дзіцячых п’ес для фп., хароў, рамансаў, эстр. песень, шматлікіх апрацовак і аранжыровак бел. песеннага фальклору і інш.

Літ.:

Загородний Г. От «Верасов» — к Театру песни // Бел. думка. 1997. № 6.

Г.​М.​Загародні.

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРАТА́ Мікалай Васілевіч (н. 17.6.1941, в. Драмайлаўка Кулікоўскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна),

бел. баяніст, дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1986). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969). З 1965 артыст Дзярж. нар. аркестра Беларусі. З 1969 выкладчык Гомельскага муз. вучылішча. У 1974—97 муз. кіраўнік Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Цітовіча. З 1992 выкладчык Мінскага пед. ун-та, кіраўнік створанага ім студэнцкага фалькл. ансамбля «Ярыца» і мужчынскага фалькл. ансамбля «Вячоркі». Аўтар харавых, вак. і інстр. апрацовак бел. нар. песень і мелодый; вак.-харэагр. кампазіцый «Беларускія веснавыя гульні, абрады і карагоды», «Вяночак жніўных песень», «Зімовыя абрады і гульні», «Песні роднага краю» на сл. Я.​Купалы, «Беларусь — мая песня» (з І.​Кузняцовым), хораў на нар. тэксты, песень на словы У.​Карызны, А.​Куляшова і інш.

Л.​С.​Мітаковіч.

т. 14, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСА́МБЛЬ,

1) група музыкантаў-інструменталістаў або спевакоў, аб’яднаных для сумеснага выканання. Ансамблі падзяляюцца паводле складу (аднародныя і мяшаныя), колькасці ўдзельнікаў (дуэт, трыо, квартэт, квінтэт і інш.); пашыраны эстрадныя вак.-інстр. ансамблі, рок-групы. Ансамблем наз. таксама і вял. выканальніцкія калектывы, якія ўключаюць групы вакалістаў, інструменталістаў, танцораў (ансамбль песні і танца, ансамбль танца). Сярод вядомых бел. ансамбляў: Беларускі вакальны квартэт, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, вак. квартэт «Купалінка», вак.-інстр. ансамбль «Песняры», «Верасы», «Сябры», ансамбль нар. музыкі «Свята» і «Крупіцкія музыкі», ансамбль салістаў «Класік-Авангард», ансамбль старадаўняй музыкі «Кантабіле», рок-група «Сузор’е», харэагр. Ансамбль «Харошкі». Устойлівыя тыпы ансамбляў склаліся і ў вясковым муз. побыце розных народаў, у т. л. беларусаў (гл. Гурт, Народныя інструментальныя ансамблі).

2) Муз. твор для ансамбля выканаўцаў (дуэт, трыо, квартэт і інш.) ці структурна завершаны фрагмент для групы салістаў у оперы, араторыі, кантаце.

3) Стройнасць, зладжанасць выканання.

4) У тэатральным мастацтве — зладжанае, узгодненае выкананне сцэнічнага твора ўсімі ўдзельнікамі спектакля. Садзейнічае найб. поўнаму раскрыццю маст. сутнасці драм. твора, гарманічнаму спалучэнню ў адзінае цэлае знешніх і ўнутр. кампанентаў тэатр. дзеяння, выяўляе стылявое адзінства спектакля. Выдатнымі ўзорамі ансамбля з’яўляюцца лепшыя спектаклі бел. т-раў імя Я.​Купалы («Паўлінка» Я.​Купалы, «Трыбунал» А.​Макаёнка), імя Я.​Коласа («Несцерка» В.​Вольскага, «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), юнага гледача («Папараць-кветка» І.​Козела) і інш.

І.​Дз.​Назіна (музыка).

т. 1, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫШКО́ Леанід Барысавіч (н. 9.11.1945, г. Брэст),

бел. артыст эстрады. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыў Брэсцкае муз. вучылішча (1964). У 1967—82 артыст вак.-інстр. ансамбля «Песняры», з 1982 артыст Аб’яднання муз. ансамбляў Мінска. Выканаўца на бас-гітары.

Г.​М.​Загародні.

т. 16, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПІН Васіль Піліпавіч (12.2.1902, с. Новы Валавай Пачалмскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 11.1.1991),

бел. і расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў вак. аддзяленне Вучэбна-тэатр. камбіната (1933; цяпер Рас. акадэмія тэатр. мастацтва). З 1933 саліст Вял. т-ра ў Маскве. У 1938—49 (з перапынкам) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. У 1949—63 у канцэртных арг-цыях Масквы. Валодаў сакавітым голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай і артыстызмам, што дазваляла яму ствараць выразныя, эмацыянальна насычаныя вобразы. Сярод партый на бел. сцэне: Міхась («Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Андрэй («У пушчах Палесся» А.​Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.​Луранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Уладзімір Дуброўскі («Дуброўскі» Э.​Напраўніка), Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні).

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАВА Валянціна Васільеўна (1.12.1935, Мінск —8.11.1990),

бел. спявачка (нізкі альт). Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла БДУ (1966). У 1952—79 салістка Дзярж. нар. хору Беларусі, удзельніца створаных пры хоры вак. актэта і квартэта «Купалінка». Спявала ў нар. і акад. манеры, выконвала сольныя партыі.

т. 10, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́СЕ-БАРДО́НІ (Hasse Bordoni) Фаўсціна (1693 або 1700, г. Венецыя, Італія — 4.11.1781) італьянская спявачка (мецца-сапрана); прадстаўніца вак. мастацтва бельканта. Жонка ням. кампазітара і спевака І.​А.​Хасе. Выступала пераважна ў операх мужа, а таксама ў прэм’ерах опер Г.​Гендэля ў Лондане.

т. 16, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЗЕ́ВІЧ Юрый Рамуальдавіч (н. 7.4.1961, г. Ліда Гродзенскай вобл.),

бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (2001). Скончыў Бел. ‘кансерваторыю (1989). З 1989 артыст хору Нац. дзярж. тэлерадыёкампаніі Беларусі, з 1995 — вак. групы «Чысты голас» пры Закрытым акц. т-ве Белтэхэкспарт.

т. 18, кн. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТАНАВА́ННЕ (ад франц. détonner фальшыва спяваць),

недакладнае па вышыні выкананне муз. гукаў, што парушае ладавыя адносіны і ўспрымаецца як фальш. Тэрмін «Д.» выкарыстоўваюць пераважна ў галіне вак. мастацтва, дзе ён абазначае паніжэнне ці павышэнне муз. гуку, а таксама пры ігры на струнных і духавых інструментах.

т. 6, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)