ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ ЎДАР,

хуткая змена ціску вадкасці ў трубаправодзе пры раптоўнай змене скорасці яе руху. У трубаправодах распаўсюджваецца ў выглядзе пругкай хвалі; можа выклікаць аварыі трубаправода. Для іх прадухілення ўстанаўліваюць ахоўныя прыстасаванні (засцерагальныя клапаны, ураўняльныя рэзервуары, паветраныя каўпакі і інш.). Гідраўлічны ўдар выкарыстоўваюць і для карысных работ, напр. у гідраўл. таранах для пад’ёму вады на выш. да 50 м. Тэорыя гідраўлічнага ўдару распрацавана М.Я.Жукоўскім.

Да арт. Гідраўлічны ўдар: схема гідраўлічнага тарана (1 — верхні бак; 2, 6 — трубаправоды; 3 — напорны каўпак; 4, 5 — клапаны; 7 — крыніца; h — вышыня падзення вады; H — вышыня пад’ёму вады).

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭГІДРАТА́ЦЫЯ (ад дэ... + гідратацыя),

адшчапленне вады ад малекул арган. або неарган. рэчываў; рэакцыя, адваротная гідратацыі.

Ажыццяўляецца тэрмічна ў прысутнасці каталізатараў ці пад уздзеяннем рэчываў, якія звязваюць ваду (напр., серная к-та, аксід фосфару P2O5). Адрозніваюць Д. ўнутры- і міжмалекулярную. У выніку ўнутрымалекулярнай Д. арган. злучэнняў утвараюцца кратныя сувязі (напр., сінтэз этылену з этылавага спірту) ці гетэрацыклы (рэакцыі цыкладэгідратацыі). Пры міжмалекулярнай Д. спіртоў утвараюцца простыя эфіры, сумесі спірту і к-ты — складаныя эфіры. Д. арган. і неарган. кіслот атрымліваюць ангідрыды. Да Д. адносіцца таксама абязводжванне — выдаленне крышталізацыйнай вады з крышталегідратаў і вады, адсарбіраванай рэчывам.

т. 6, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПАРЭ́ННЕ,

працэс пераходу рэчыва з вадкага ці цвёрдага стану ў газападобны (пару). Адрозніваюць выпарэнне фізічнае (з паверхні вады, снегу, лёду, глебы) і выпарэнне біялагічнае — транспірацыю. Пад выпарэннем разумеюць параўтварэнне на свабоднай паверхні вадкасці ў выніку цеплавога руху яе малекул пры т-ры, ніжэйшай за т-ру кіпення. Велічыня выпарэння вымяраецца ў выпаральніках (у міліметрах таўшчыні слоя выпаранай вады з вызначанай плошчы).

У замкнёнай сістэме пры пастаяннай т-ры з часам устанаўліваецца раўнаважны ціск (ціск насычанай пары), які адпавядае роўнасці патокаў малекул, якія выпарваюцца і вяртаюцца ў вадкасць з пары (кандэнсацыя). Ціск насычанай пары вызначаецца толькі т-рай і павялічваецца з яе павышэннем. Калі ціск насычанай пары становіцца роўны знешняму ціску, выпарэнне пераходзіць у кіпенне. Выпарэнне цвёрдых цел наз. сублімацыяй або ўзгонкай. Выкарыстоўваюць у прам-сці пры ачыстцы рэчываў, сушцы матэрыялаў, раздзяленні вадкіх сумесей, кандыцыяніраванні паветра; у абаротных сістэмах водазабеспячэння прадпрыемстваў (выпарнае ахаладжэнне вады). Гл. таксама Выпарванне.

Выпарэнне — адзіная форма перадачы вады з паверхні Зямлі ў атмасферу; забяспечвае кругаварот вады на Зямлі. На тэр. Беларусі сярэднегадавое выпарэнне з паверхні глебы 475—575 мм, з воднай паверхні за бязлёдастаўны перыяд 520—700 мм.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЖКАВА,

вадасховішча ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., каля в. Нежкава. Створана ў 1989 на р. Парасіца. Пл. 0,5 км², даўж. 3,6 км, найб. шыр. 180 м, найб. глыб. 6 м, аб’ём вады 1,3 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 2,4 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.

т. 11, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МАТРА (Imatra),

вадаскат у Фінляндыі, на р. Вуокса, за 7 км ад яе вытоку з воз. Сайма, у месцы прарыву праз граду Салпаўселькя. Выш. падзення 18,4 м (на працягу 1,5 км), шыр. 25—50 м. Сярэдні расход вады каля 600 м³/с. Большая ч. вады ідзе на жыўленне ГЭС каля г. Іматра. Турызм.

т. 7, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАПІ́ВЕНКА вадасховішча ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., каля вёсак Барадуліна і Браздзечына. Створана на р. Крапівенка ў 1986. Пл. 1,08 км², даўж. 5,5 км, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 12,5 м, аб’ём вады 3,3 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 8 м. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель і рыбагадоўлі.

т. 8, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ШНЕЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Мазырскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Лешня. Створана ў 1978 на р. Буклёўка (правы прыток р. Прыпяць). Пл. 0,64 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 5,5 м, аб’ём вады 1,8 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 4,2 м. Выкарыстоўваецца для арашэння, рыбагадоўлі і рэкрэацыі.

т. 9, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДАГАСКА́РСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне Індыйскага ак. каля ўсх. і паўд. берагоў в-ва Мадагаскар; галіна Паўд. Пасатнага цячэння. Накіравана на Пд і ПдЗ са скорасцю 2—3 км/гадз. Сярэдняя т-ра вады на паверхні за год да 26 °C. Салёнасць вады больш за 35‰. На ПдЗ часткова злучаецца з цёплым цячэннем Ігольнага мыса.

т. 9, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІЧЫ,

вадасховішча ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Мінічы. Створана на р. Шчара ў 1985. Пл. 5,4 км², даўж. 7 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 5 м, аб’ём вады 7,5 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 2 м. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння г. Баранавічы, рыбагадоўлі, адпачынку.

т. 10, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДТАПЛЕ́ННЕ,

падняцце ўзроўню грунтавых вод, абумоўленае падпорам вады ў рэках, пры буд-ве вадасховішчаў і плацін, уцечкай вады з водаправоднай і каналізацыйнай сетак, заіленнем рэчышчаў рэк і інш.; натуральная прычына — падняцце ўзроўню мора. Пры П. забалочваюцца і засаляюцца глебы, пагаршаецца сан. стан мясцовасці, зніжаецца прадукцыйнасць лясоў і с.-г. угоддзяў, разбураюцца будынкі, дарогі і інш.

т. 11, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)