МУ́ЗЫ (ад грэч. musai),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дочкі Зеўса і Мнемасіны; спачатку багіні спеваў, пазней паэзіі, мастацтваў, навук. М. было 9: Кліо — апякунка гісторыі, Талія — камедыі, Мельпамена — трагедыі, Еўтэрпа — лірычнай паэзіі, Эрато — любоўнай эратычнай паэзіі, Тэрпсіхора — танцаў, Палігімнія — гімнаў, Каліопа — эпічнай паэзіі і навукі, Уранія — астраноміі. У пераносным сэнсе М. (муза) — творчае натхненне.

т. 11, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́ДНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,

члены сказа, якія адносяцца да аднаго і таго ж слова і выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю. Паміж сабой звязваюцца спалучальнай сувяззю, сродкам выражэння якой служаць або інтанацыя пералічэння, або інтанацыя і спалучальныя злучнікі.

Аднароднымі могуць быць і галоўныя, і даданыя члены сказа: «Тут было і здзіўленне, і захапленне, і крыху зайздрасці» (М.​Лынькоў) — аднародныя дзейнікі; «За гарамі, за даламі, у балотах пустынных паўставала, вырастала новая краіна» (Я.​Купала) — аднародныя акалічнасці і выказнікі; «На бітву грозную ішоў народ за шчасце, за зямлю, за долю» (Р.​Няхай) — аднародныя дапаўненні; «На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж» (І.​Шамякін) — аднародныя азначэнні. Аднароднымі могуць быць члены сказа, выражаныя рознымі часцінамі мовы: «Ліда вясёлая па натуры і любіць смяяцца» (А.​Кулакоўскі). Аднародныя члены сказа ўтвараюць адкрыты, незамкнёны рад, у які можа ўваходзіць абагульняльнае слова: «Будынак, парк і агарожа — было ўсё слаўна і прыгожа» (Я.​Колас).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБЯШО́ЎСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў у 1693—1834 у мяст. Любяшоў Брэсцкага ваяв. (цяпер. гар. пасёлак у Валынскай вобл. Украіны). Створаны на сродкі кн. Я.​К.​Дольскага (гл. Дальскія). У 1750—60-я г. навуч. сістэма калегіума рэарганізавана паводле рэформ правінцыяла ордэна піяраў асветніка С.​Канарскага. У апошняй чвэрці 18 ст. ў час дзейнасці Адукацыйнай камісіі Л.п.к. быў падакруговай школай, з 1790 — у асобай Піярскай навуч. акрузе з тэрмінам навучання 6 гадоў (у 3 класах) і 4 выкладчыкамі. З 1803 у складзе Віленскай навучальнай акругі як 6-класнае пав. вучылішча з гімназічнай праграмай, было 8 выкладчыкаў, меліся б-ка, бат. сад, лабараторыі, аптэка; у 1807 было 186 вучняў. У 1826 пераўтвораны ў пав. 4-класнае вучылішча, у 1834 скасаваны. Сярод выхаванцаў: Т.Касцюшка і яго брат Юзаф, будучыя прафесары Віленскага універсітэта А.Доўгірд, Ф.​Серафіновіч, М.​Фрацкевіч, Б.​Сырук, паэт М.​Харкевіч і інш.

А.​Ф.​Самусік.

т. 9, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ГА,

бел. традыцыйная страва; малочная поліўка (паранае малако, разведзенае вадой), з якой елі густы кісель. У пост або калі не было малака валогу рабілі з тоўчанага канаплянага семя. Яго залівалі вадой, шалупінне асядала на дно, а зверху адстойвалася валога — «бы малако». Валогу рабілі найчасцей у Цэнтр. Палессі. У некаторых раёнах Беларусі валога — закраса з масла (кашу «заваложвалі»).

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬДЫ́ВІЯ (Valdivia),

археалагічная культура рыбаловаў і збіральнікаў 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. на цэнтр. узбярэжжы Эквадора. Адна з самых стараж. культур Новага Свету. Магчыма, яе носьбітам было вядома прымітыўнае земляробства. Выяўлены багата арнаментаваны гліняны посуд і статуэткі жанчын, каменныя нажы, разцы, скрабкі, зерняцёркі, клінападобныя сякеркі, рыбалоўныя кручкі з ракавін, касцяныя шылы і інш.

т. 3, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РТНІКІ,

пчаляры, якія займаліся бортніцтвам. Лакальныя назвы на Беларусі — барцялазы, вотчыны. Бортнікі рабілі новыя борці (дуплы ў дрэве) і засялялі іх пчоламі (бароўкамі), рыхтавалі прынаду для раёў, чысцілі борці, выбіралі мёд, ахоўвалі пчол ад неспрыяльнага надвор’я і шкоднікаў. Умельства Б. пе-. радавалася з пакалення ў пакаленне і ў шмат якіх сем’ях бортніцтва было спадчынным на працягу стагоддзяў.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАНО́МНАЯ РЭСПУ́БЛІКА, Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (АССР),

у б. СССР нацыянальная дзяржаўная адзінка, якая ўваходзіла ў склад саюзнай рэспублікі і ажыццяўляла дзярж. ўладу па-за межамі кампетэнцыі саюзнай рэспублікі на аўт. пачатках (гл. Аўтаномія). У 1990 было 20 АССР, з іх 16 у РСФСР. Пасля распаду СССР аўтаномныя рэспублікі захаваліся ў некаторых краінах СНД (у Азербайджане, Грузіі).

т. 2, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКАЯ ПРА́ВДА»,

газета Палітаддзела РВС Зах. фронту. Выдавалася з 17.5 да 17.6.1920 у Смаленску на рус. мове як орган партызан-камуністаў. Выданне газеты было абумоўлена падрыхтоўкай летняга контрнаступлення Чырв. Арміі. Распаўсюджвалася сярод мясц. насельніцтва на тэрыторыі, акупіраванай польск. войскамі. Друкавала матэрыялы інфармацыйна-інструкцыйнага характару, нататкі пра ход партыз. барацьбы, вершы і сатыр. куплеты пра польск. захопнікаў і інш.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржаўнае зямельнае ўладанне ў ВКЛ, якое знаходзілася ў распараджэнні пэўнай асобы — дзяржаўцы — на вызначаных умовах трымання. У 15—16 ст. мелі розную велічыню, некат. з іх ператварыліся ў староствы. У 17—18 ст. Дз. складаліся з адной ці некалькіх вёсак або нават іх частак, часам пад Дз. лічылася пэўная колькасць зямлі, на якой не было аселых сялян.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАСТРА́Т (Hērostratos, г. Эфес, Малая Азія, цяпер Турцыя),

грэк, які спаліў у 356 да н.э. храм Артэміды Эфескай (прылічаны грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету), каб абяссмерціць сваё імя. Паводле падання, храм згарэў у ноч нараджэння Аляксандра Македонскага. Герастрат быў забіты. Па рашэнні жыхароў іанійскіх гарадоў імя Герастрата было аддадзена вечнаму забыццю; стала сімвалам ганебна набытай славы.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)