ПРЫГО́ДНІЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

мастацкая проза пра рэальныя ці выдуманыя падзеі, насычаныя займальнымі калізіямі, нечаканымі паваротамі, матывамі выкраданняў і праследаванняў, раскрыццём таямніц і загадак. Дзеянне адбываецца ў асаблівых умовах; персанажы рэзка падзяляюцца на ліхадзеяў і герояў. П.л. звязана з дэтэктыўнай літаратурай, падарожжам і фантастычнай літаратурай.

Вытокі Пл. ў авантурных творах антычнасці («Метамарфозы» Л.​Апулея) і сярэднявечча («Аповесць пра Трышчана»), Пл. фарміравалася і развівалася ў выніку пераасэнсавання ў эпоху барока рыцарскіх раманаў, з якімі непасрэдна звязана, і пад уплывам рамантызму. У ліку першых узораў П.л. былі «марскія раманы» Дж.​Ф.​Купера (ЗША) і Ф.​Марыета (Вялікабрытанія), гіст.-прыгодніцкія раманы А.​Дзюма-бацькі і сац.-прыгодніцкія Э.​Сю (Францыя). Класічныя ўзоры П.л. — творы Т.​М.​Рыда. Р.​Л.​Стывенсана, Р.​Хагарда (Вялікабрытанія), Ж.​Верна, Л.​А.​Бусенара (Францыя), Дж.​Лондана (ЗША) і інш. У рус. л-ры вядомы прыгодніцкія творы А.​Грына, А.​М.​Талстога, А.​Бяляева, братоў Вайнераў, В.​Каверына, А.​Рыбакова, Ю.​Сямёнава, І.​Яфрэмава, К.​Вільмонт і інш.

На Беларусі элементы П.л. прысутнічаюць у мемуарах С.​Пільштын «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў, падарожжа і жыцця майго авантураў...» (1760; у бел. пер. «Авантуры майго жыцця», апубл. ў 1993), змест якіх нагадвае прыгодніцкі раман. Уласна П.л. склалася ў творчасці Я.​Маўра. Яго аповесці «У краіне райскай птушкі» (1927), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930) і раман «Амок» (1929) развіваюць традыцыі сусв. П.л. Вядомы прыгодніцкія аповесці «Каштанавы «Масквіч» Х.​Жычкі (1959), «Злачынства ля Зялёнай тоні» У.​Краўчанкі (1961), «Пажарніца» («Тайна бункера № 7») У.​Паўлава (1968), «Эрпіды на планеце Зямля» П.​Місько (1987), «Блуканні па іншасвеце» Я.​Сіпакова (1994), «Пастка для пярэваратня» А.​Якімовіча (1997) і інш.

Майстар прыгодніцкай прозы — У.​Караткевіч (аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», 1964; раман «Чорны замак Альшанскі», 1979—80, і інш.). Прыгодніцкі элемент характэрны для асобных твораў Я.​Коласа, З.​Бядулі, М.​Лынькова, Э.​Самуйлёнка, К.​Чорнага, У.​Дубоўкі, С.​Баранавых, Б.​Мікуліча, Р.​Мурашкі, Я.​Нёманскага, І.​Шамякіна, І.​Сяркова. У прыгодніцкім жанры выступаюць А.​Асіпенка, В.​Гігевіч, Л.​Дайнека, Э.​Скобелеў, М.​Чаргінец, У.​Ягоўдзік і інш.

М.​Р.​Міхайлаў.

т. 13, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Створаны ў 1991 у г. Маладзечна Мінскай вобл. на аснове Маладзечанскага нар. т-ра гар. Дома культуры. Працуе на бел. мове. Першы спектакль — «Зямля» паводле паэмы Я.​Коласа «Новая зямля» (1993). Вял. ўвага аддаецца фарміраванню бел. рэпертуару: «Прымакі» і «Час, Сымоне, час...» («Раскіданае гняздо») Я.​Купалы, «Пан міністар» Ф.​Аляхновіча, «Адцуранне» і «Прынц Мамабук» А.​Дударава, «Саламея і яе амараты» С.​Кавалёва, «Камедыя» У.​Рудава паводле твораў К.​Марашэўскага і Аляхновіча. Значную частку складаюць спектаклі па п’есах замежных аўтараў: сцэны з трагедыі «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Пры зачыненых дзвярах» Ж.​П.​Сартра, «Непаразуменне» А.​Камю, «Карэль» С.​Мрожака, «Двое на арэлях» У.​Гібсана, «Гер Паўль» Т.​Дорста, «Чорная нявеста» Ж.​Ануя, «Восем жанчын» Р.​Тама, «Вар’яцкі дзень, ці Два плюс два» М.​Меё і М.​Энекена, «Без мяне мяне ажанілі» Ф.​Кроца. Пастаўлены п’есы рус. драматургаў: «Апошняя ахвяра» і «Жаніцьба Бальзамінава» А.​Астроўскага, «Любоў — кніга залатая» А.​Талстога, «Правінцыяльныя анекдоты» А.​Вампілава, «Я стаю ля рэстарана» Э.​Радзінскага, «Дыяген» Б.​Рацара і У.​Канстанцінава. Спектаклі для дзяцей: «Тата» («Залатое кураня») У.​Арлова, «Чарадзейства ў краіне Оз» Г.​Булыкі, «Драўляны рыцар» Кавалёва, «Парася, якое спявае, ці Нельга нам без сябра» і «Па блакітных хвалях васількоў» С.​Казлова, «Адчыніце, казляняткі» П.​Макаля, «Буслік супраць Кадука» Г.​Марчука і інш. Большасць дзіцячых спектакляў пастаўлены рэж. В.​Растрыжэнкавым. Вял. месца сярод іх займаюць муз. спектаклі і спектаклі-мюзіклы (кампазітары А.​Атрашкевіч, А.​Елісеенкаў, А.​Залётнеў). Рэпертуар т-ра вызначаецца жанравай разнастайнасцю спектакляў і для дарослых (ірэальная драма, трагіфарс, сямейны дэтэктыў, балада пра каханне, меладрама, драм. клаунада) і для дзяцей (казка-канцэрт, трылер для дзяцей, добрая казка, казка нашых мар).

Асобныя спектаклі паставілі рэжысёры А.​Андросік, Р.​Баравік, У.​Забела, У.​Караткевіч. В.​Раеўскі, Р.​Таліпаў, у спектаклях прымаюць удзел актрысы з Мінска. М.​Захарэвіч вядзе «майстар-клас», а таксама рэжысёр-пастаноўшчык спектакля «Апошняя ахвяра». З 1994 штогод праводзіцца рэсп. тэатр, фестываль «Маладзечанская сакавіца». Маст. кіраўнік і гал. рэжысёр т-ра М.​Мацкевіч, гал. мастакі У.​Жданаў (з 1992), Я.​Волкаў (з 1994).

М.​В.​Шабовіч.

Мінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Карэль» С.​Мрожака.
Мінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Чарадзейства ў краіне Оз» Г.​Булыкі.

т. 10, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНЕ́Т (італьян. sonetto ад правансальскага sonet песенька),

адна з цвёрдых форм верша; верш з 14 радкоў: двух катрэнаў (4-радкоўяў) і двух тэрцэтаў (3-радкоўяў). Памер — 5-стопны, радзей 4- ці 6-стопны ямб. Радкі ў катрэнах рыфмуюцца па схемах: абба абба ці абаб абаб, у залежнасці ад іх рыфмы ў тэрцэтах размяшчаюцца: ввг дгд ці ввг ддг. Першы катрэн — экспазіцыя, у ім намячаецца тэма верша, развіццё якой складае змест другога 4-радкоўя. На першы тэрцэт прыпадае кульмінацыя, на заключны — развязка. Асаблівая роля належыць апошняму радку, т. зв. санетнаму замку — своеасабліваму ідэйнаму ключу ўсяго верша. У класічнай форме С. дапускаецца ўжыванне аднаго і таго ж слова (за выключэннем службовых) толькі адзін раз.

С. узнік у Італіі ў 1-й пал. 13 ст., росквіту дасягнуў у творчасці Дантэ, Ф.​Петраркі, развіўся ў ісп., партуг., франц., англ. і інш. зах,еўрап. л-рах. У рус. паэзію ўведзены В.​К.​Традзьякоўскім. Карысталіся гэтай формай В.​Жукоўскі, А.​Пушкін і інш. Музычнасцю мовы вызначаюцца «Крымскія санеты» А.​Міцкевіча. Напачатку С. належаў да інтымнай лірыкі. У.​Шэкспір напоўніў яго філас. зместам, абнавіў форму.

У бел. паэзію С. увёў Я.​Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», усе нап. 1910). Пэўны ўклад у развіццё С. зрабіў М.​Багдановіч. У арт. «Санет» ён разглядаў не толькі страфічную структуру гэтага тыпу верша, але і яе сэнсавыяўленчыя магчымасці. Узорам у бел. л-ры лічыцца С. Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». С. — пашыраная форма верша ў бел. паэзіі. Вядомыя санеты З.​Бядулі («Тут неба — даль бязбрэжная, як мора»), У.​Жылкі («Сёмуха», «Каханне», «Хараство»), П.​Труса («Над кубкам возера»), М.​Танка («Санет», «У век рэвалюцыйны, штармавы», «Трэска з дома Шэкспіра»), У.​Дубоўкі («Ля Мядзела ёсць возера адно»), А.​Звонака («Паэзія», «Вернасць», «Слава», «Жаданне») і інш. С. сустракаецца ў паэзіі Р.​Барадуліна, Э.​Валасевіча, С.​Грахоўскага. Хв.Жычкі, К.​Кірэенкі, Я.​Сіпакова, М.​Федзюковіча і інш.

Літ.:

Барычэўскі А. Тэорыя санету. Мн., 1927.

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЖЭЛА́ЙЦІС ((Mieželaitis) Эдуардас) (3.10.1919, в. Карэйвішкяй Шаўляйскага пав., Літва — 6.6.1997),

літоўскі паэт і грамадскі дзеяч. Нар. паэт Літвы (1974). Герой Сац. Працы (1974). Засл. дз. культуры Арменіі (1976). Чл.-кар. Ням. АМ у Берліне (1970). Вучыўся ў Каўнаскім і Віленскім ун-тах (1939—40). Друкаваўся з 1935. Першыя зб-кі паэзіі «Лірыка» (1943), «Вецер з радзімы» (1946) напісаны ў стылі даваен. неарамантычнай паэзіі. У зб-ках «Уваскрэслая зямля» (1951), «Паэма братэрства» (1954, Дзярж. прэмія Літвы 1957), «Чужыя камяні» (1957), «Ля падножжа зорак» (1959), «Сонца ў бурштыне» (1961), лірычным цыкле «Чалавек» (1961, Ленінская прэмія 1962), «Мая ліра» (1979, Дзярж. прэмія Літвы 1980) і інш. — лірыка-філас. асэнсаванне гісторыі і сучаснасці, сувязі чалавека-творцы з Сусветам, прыродай і цывілізацыяй 20 ст., веліч яго здзяйсненняў, значэнне матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, створаных чалавекам, пейзажныя матывы, асабістыя перажыванні. У кнігах, што спалучаюць лірычную прозу і вершы, у публіцыстычных і аўтабіягр. эсэ «Аўтапартрэт. Авіяэскізы» (1962), «Лірычныя эцюды» (1964), «Хлеб і слова» (1965), «Тут Літва» (1968), «Барока Антакальніса» (1971), «Манадрама» (1976), «Маналогі» (1981), «Муза і фарэль» (1984), «Захад» (1992), «Міфы» (1996) і інш. выявілася пантэістычнае светаўспрыманне, гуманіст. пачатак, лірызм і філасафічнасць. Пісаў для дзяцей. Асобныя творы М. пакладзены на музыку, па матывах лірычнага цыкла «Чалавек» створаны аднайм. балет (В.​Салманаў, паст. 1966). Неаднаразова наведваў Беларусь. Пераклаў на літ. мову шэраг твораў Я.​Купалы. На бел. мову творы М. пераклалі Р.​Барадулін, П.​Бітэль, П.​Броўка, А.​Вялюгін, С.​Гаўрусёў, Н.​Гілевіч, С.​Грахоўскі, В.​Жуковіч, Х.​Жычка, С.​Законнікаў, А.​Зарыцкі, В.​Зуёнак, М.​Калачынскі, К.​Камейша, В.​Коўтун, П.​Макаль, П.​Марцінкевіч, У.​Паўлаў, А.​Разанаў, Ю.​Свірка, Я.​Сіпакоў, М.​Танк, Н.​Тулупава, М.​Хведаровіч, К.​Цвірка. Міжнар. прэмія Дж.​Нэру (Індыя, 1969). Міжнар. прэмія Н.​Вапцарава (Балгарыя, 1979).

Тв.:

Raštai. Т. 1—8. Vilnius, 1982—85;

Бел. пер. — Паэма братэрства. Мн., 1958;

Чалавек: Вершы. Мн., 1984;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. М., 1977—79.

Літ.:

Макаров А. Эдуардас Межелайтис. М., 1966.

А.​Лапінскене.

Э.Межэлайціс.

т. 10, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКІ (Міхал Клеафас) (7.10.1765, Гузаў каля Варшавы — 15.10.1833),

дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, літаратар. З роду Агінскіх. З 1789 надзвычайны пасол у Галандыі, выконваў дыпламат. місію ў Лондане. У 1791 у Магілёве прысягнуў Кацярыне II, чым захаваў маёнткі ва ўсх. Беларусі. Падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі 1792 эмігрыраваў у Прусію, яго маёнткі былі канфіскаваны; вяртанне на радзіму і зварот маёмасці былі абумоўлены яго ўступленнем у канфедэрацыю. Дэпутат Чатырохгадовага (1788—92) і Гродзенскага (1793) соймаў. У 1793—94 падскарбі вял. літоўскі. У час паўстання 1794 увайшоў у склад Найвышэйшай літ. рады. Сфарміраваў на свае сродкі батальён стралкоў і камандаваў ім у некалькіх бітвах. У жн. 1794 зрабіў рэйд да Дынабурга (цяпер Даўгаўпілс). Змагаўся супраць прускіх войскаў. Пасля задушэння паўстання жыў у Вене, Венецыі, Парыжы. У 1802 вярнуўся ў свой маёнтак Залессе каля Смаргоні. У 1810 атрымаў званне сенатара. Прапанаваў імператару Аляксандру I праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі (гл. Агінскага план 1811). Пасля адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1823 жыў у Італіі. Вядомы як кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў Ю.​Казлоўскага, на скрыпцы — у Дж.​Б.​Віёці. Кампазітарскую дзейнасць пачаў у 1790-я г. стварэннем маршаў і баявых песень, пашыраных сярод паўстанцаў 1794. Аўтар папулярных паланэзаў, у т. л. паланэза ля-мінор «Развітанне з Радзімай», фп. п’ес, рамансаў, адметных лірызмам, меладычнасцю, нар.-песеннымі традыцыямі, а таксама аднаактовай оперы «Зеліс і Валькур, або Банапарт у Каіры» на ўласнае лібрэта (1799). Агінскаму належаць трактат «Лісты пра музыку» (1828, выд. на польск. мове ў 1956), «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (т. 1—4, 1826—27, на франц. мове).

Літ.:

Бэлза И. Михал Клеофас Огиньский. 2 изд. М., 1974.

А.​А.​Саламаха.

Міхал Клеафас Агінскі.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАЧА́НІКАЎ (Анатоль Сямёнавіч) (8.9.1938, в. Шарпілаўка Гомельскага р-на — 7.3.1991),

бел. паэт. Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. Транспарту (1960), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1969). З 1971 нам. старшыні праўлення СП Беларусі. Гал. рэдактар час. «Вясёлка» (з 1976), «Бярозка» (з 1978), «Маладосць» (з 1982). Друкаваўся з 1957. У зб-ках «Магістраль» (1964), «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Верасень» (1984), «Жнівень — 45» (1990) — любоў да роднага краю, прыроды, шматграннасць духоўнага свету сучасніка, тонкі лірызм, драматызм перажыванняў, гарманічнае адзінства зместу і формы. Пісаў для дзяцей (кн. «Жывая вада», 1985, і «Зорны палёт», 1988). За кн. вершаў «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка» (абедзве 1983) Дзярж. прэмія Беларусі 1984. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку («Дударыкі», «Белая лілея», «Над Белай Руссю — белы снег...» і інш.). Выступаў як публіцыст, крытык, перакладчык (зб. паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне», з Э.​Агняцвет, 1985, і інш.). Аўтар кн. сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988).

Тв.:

Калі далёка ты... Мн., 1979;

Я вас люблю... Мн., 1986;

Выбранае. Мн., 1988.

Літ.:

Бярозкін Р. Паэзія — лёс і адказнасць // Полымя. 1971. № 7;

Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982;

Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.

І.​У.​Саламевіч.

А.С.Грачанікаў.

т. 5, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРУ́ЛЬ (Людміла Іванаўна) (н. 15.9.1947, в. Мацвееўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мастак, педагог. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). У 1971—73 мастак-афарміцель тканін Баранавіцкага баваўнянага камбіната, з 1976 мастак-афарміцель Дома літаратара ў Мінску. З 1980 выкладчык дзіцячых маст. школ у Мінску, у 1989—95 адначасова выкладала ў Бел. АМ. Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве (габелен, батык), графіцы. Творчасці ўласцівы канструктыўна-асацыятыўны падыход да вырашэння тэмы, выкарыстанне традыцый бел. нар. мастацтва, фальклорных і літ. матываў, яркая індывідуальнасць тэхнік ткацтва, гарманічная ўраўнаважанасць кампазіцыі і каларыту. Аўтар габеленаў: «Хлеб» і «Лён» для Дома культуры ў в. Перхавічы Баранавіцкага р-на (1973—74), «Хатынь» (1975), «Лучынка», «Стану песняй у народзе» (абодва 1976), «Памяці дзядоў маіх» (1977), «У зачараваным царстве» (1981), «Сказ пра бульбу» (серыя; 1983—84), «Яблыня. 1941 год» (1985), «Сугучнасць» (1987), «Вярба» (1994), «Блуканне па раі» (1997), «Скрыпачы» (1999), «Парваныя пацеркі» (серыя, 2000); габеленавых партрэтаў: «М.​Багдановіч», «А.​Міцкевіч», «М.​Цвятаева» (цыкл), «Маці», «Сын», аўтапартрэт (усе 1994—98); серый батыкаў: «Старыя, старыя багі», «Крымскія акварэлі» (абедзве 1987—88), «Адвечнае» (1994); манатыпій паводле лірыкі Цвятаевай (1970), «Анатомія кляновага ліста», «Жыццё — рух» (усе 1996), «Партрэт сына», «Гарбузы» (усе 1997), «Кветкі», «Чалавек у горадзе» (усе 1999—2000); грызайляў «Мастак і яго муза» (1970—71) і інш. Піша вершы. Цыкл вершаў «Ля веснічак» уключаны ў зб. паэзіі «Сцяжына» (1983).

Л.​Ф.​Салавей.

Л.Пятруль. Парваныя пацеркі. 2000.

т. 13, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛУЭ́Т [франц. silhouette ад імя франц. міністра 18 ст. Э. дэ Сілуэта (E. de Silhouette), на якога была зроблена карыкатура ў выглядзе ценявога профілю],

1) характэрны абрыс прадметаў, бачны як адзіная плоская пляма без дэталей унутры контуру. Выразнасць С. звязана з характарам контуру і залежыць ад формы, месцазнаходжання і асветленасці аб’екта.

2) Від маст. тэхнікі: плоскасная аднатонная выява фігур і прадметаў, якая ўтварае суцэльную, абмежаваную контурам пляму на кантрастным фоне. Мастацтва С. вядома са старажытнасці ў Кітаі, Японіі (асабліва ў тэатры ценяў) і інш. краінах Азіі; у Еўропе пашырана з 18 ст. У тэхніцы С. (пераважна ў графіцы) выконваюць профільныя партрэты, быт. сцэнкі, ілюстрацыі, нацюрморты. Вял. ролю адыгрывае С. у плакаце. Сярод майстроў С. — Ф.​Антынг, Ф.​О.​Рунге (Германія), А.​Бенуа, М.​Дабужынскі, У.​Маякоўскі, К.​Сомаў, Ф.​Талстой (Расія), М.​Селяшчук (Беларусь) і інш. Своеасаблівая разнавіднасць С. — выцінанка.

3) Контурная выява фігуры (пераважна ў натуральны памер), прызначаная для стварэння ілюзіі прысутнасці жывога чалавека. Выразаныя з дошкі і размаляваныя С. ўзніклі ў 1-й пал. 17 ст. ў Галандыі, пазней пашырыліся ў інш. краінах Зах. Еўропы. Выкарыстоўваліся як экран для камінаў, для імітацыі варты, падтрымкі расчыненых дзвярэй і інш. З 19 ст. выкарыстоўваецца як рэкламны сродак (фігуры ля ўваходаў у рэстараны, у вітрынах магазінаў і інш.), у наш час вырабляецца пераважна як наклееная на кардон фотавыява.

С.​У.​Пешын.

т. 14, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРО́Ў (Васіль Рыгоравіч) (2 або 4.1.1834, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — 10.6.1882),

рускі жывапісец і графік. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Акад. жывапісу (1866), праф. (1870). Вучыўся ў Арзамаскай школе жывапісу (1846—49, з перапынкамі), Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1853—61) у С.К.Заранкі, з 1871 выкладчык гэтага вучылішча. На пенсію АМ быў за мяжой (1862—69). У ранніх творах выкрываў недахопы тагачаснага грамадства: «Прыезд станавога на следства» (1857), «Першы чын...» (1860). У пазнейшых творах надаваў амаль гратэскавую сац. характарыстыку носьбітам грамадскага зла ў прыгонніцкай Расіі («Пропаведзь на вёсцы», «Сельскі хрэсны ход на Вялікдзень», абодва 1861; «Чаяванне ў Мыцішчах», 1862; «Прыезд гувернанткі ў купецкі дом», 1866; «Манастырская трапеза», 1865—75). Цяжкае жыццё сялян і гар. беднаты адлюстраваў у творах «Сляпы музыка» (1864), «Праводзіны нябожчыка» (1865), «Тройка» (1866), «Тапельніца» (1867), «Апошні шынок ля заставы» (1868). Стварыў шэраг карцін, у якіх намагаўся перадаць індывідуальнасць чалавека з народа, яго здольнасць глыбока мысліць і адчуваць («Фомушка-сыч», 1868; «Вандроўнік» 1870). Аўтар партрэтаў дзеячаў рус. інтэлігенцыі, у т. л. А.​Астроўскага (1871), У.​Даля, Ф.​Дастаеўскага, М.​Пагодзіна (усе 1872). Пісаў таксама карціны на быт. («Птушкалоў», 1870; «Паляўнічыя на прывале», «Рыбалоў», абедзве 1871) і гіст. («Суд Пугачова», 1875; «Мікіта Пустасвят», 1881) тэмы.

Тв.:

Рассказы художника. М., 1960.

Літ.:

Лапунова Н.Ф. В.​Г.​Перов. М., 1968;

Лясковская О.А. В.​Г.​Перов: особенности творч. пути художника. М., 1979.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Пяроў. Чаяванне ў Мыцішчах. 1862.

т. 13, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЦІ́НСКІ (Анатоль Ільіч) (н. 18.11.1931, в. Дзямешкава Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у прэсе. У 1975—82 сакратар праўлення СП Беларусі, у 1986—90 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». У 1990—96 дэп. Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1951. Першы зб. паэзіі «Песня пра хлеб» (1962). Тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях — у аснове кніг «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979). Творам Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае «вечныя» праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. Найб. значныя творы — ліраэпічныя паэмы «Заазер’е» і «Дажынкі» (1968) — прысвечаны жыццю пасляваен. бел. вёскі, маці — вясковай працаўніцы — лірычная паэма «Начны бераг» (1972), у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філас. паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979, тэлеспектакль 1980). Аўтар п’ес для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (паст. 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (паст. 1975), «Гефест — друг Праметэя» (паст. 1984), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў (зб. «Высокае неба ідэалу», 1980, «Нью-Йоркская сірэна», 1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы класічнай і сучаснай рус., укр., літ., лат., балт., польск., венгерскай паэзіі, п’есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М.​Себасцьяна «Безыменная зорка», В.​Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам».

Тв.:

Выбранае. Мн., 1973;

Святло зямное. Мн., 1981;

Дзякуй, вялікі дзякуй!: П’есы. Мн., 1983;

Хлопчык глядзіць... Мн., 1992.

Літ.:

Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 91—102;

Сямёнава А. Высокае неба // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Бугаёў Дз. Споведзь даверлівая і шчырая // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;

Лойка А. Пераадоленне // Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Арочка М. Усе чатыры вятры паэзіі // Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 129—131, 134—136, 161—167;

Бечык В. На аснове чалавечай роднасці... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Гніламёдаў У. Вершы мае — пісьмы // Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.

М.​І.​Мішчанчук.

А.І.Вярцінскі.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)