ПОСТ (франц. poste ад лац. positus пастаўлены),

1) аб’ект, які даручаны для аховы і абароны вартавому, а таксама месца або ўчастак, на якім ён выконвае свае абавязкі.

2) Вайсковец або інш. асоба (невял. падраздзяленне), якія выконваюць спец. задачу, а таксама месца (пункт), укамплектаванае адпаведнай тэхнікай для яе выканання. Напр., П. назірання, у т. л. паветр., П. пагран. аховы, П. аховы, П. ДАІ і інш. 3) Адказная пасада ў органах дзярж., грамадскага кіравання і інш.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЧКА́РНЯ,

сельскагаспадарчая машына для рэзкі саломы на корм, а таксама для здрабнення зялёнай масы раслін на сілас. Бываюць з конным і ручным прыводам (уласна С.), а таксама маторныя — з прыводам ад эл. рухавіка або трактара (саломасіласарэзкі, здрабняльнікі кармоў). Ручныя і конныя С. былі пашыраны ў індывід. і калектыўных гаспадарках да сярэдзіны 20 ст.

Сячкарня барабанная: 1 — кола ручнога прывода; 2 — камера барабана з рэжучымі нажамі; 3 — рэдуктар; 4 — сілкавальны валец; 5 — прыёмны латак.

т. 15, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЗО́РКІ,

крыніцы касмічнага радыёвыпрамянення, звязаныя з зоркамі. Тыповая Р. — Сонца. Да Р. адносяцца пульсары, некаторыя ўспыхваючыя зоркі. Рэгіструюць радыёвыпрамяненне, якое ўзнікае, напр., пры ўспышках чырв. карлікаў і новых зорак, а таксама ў рэнтгенаўскіх і падвойных зорках.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМІ́ЧНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

перадача інфармацыі паміж наземнымі пунктамі і касм. лятальнымі апаратамі (КЛА), паміж наземнымі пунктамі праз КЛА, а таксама паміж КЛА. Важнейшыя віды К.с.: радыёсувязь, радыёвяшчанне, сістэмы выратавання тых, што церпяць бедства, і вызначэнне месцазнаходжання аб’ектаў.

Асн. асаблівасці сістэм К.с. — высокая якасць перадачы і вял. прапускная здольнасць каналаў сувязі ў спалучэнні з вял. зонай абслугоўвання; дыяпазон частот ад соцень мегагерц да соцень гігагерц, а таксама аптычныя частоты (лазерная сувязь). Для К.с. паміж наземнымі пунктамі выкарыстоўваюцца ШСЗ, якія рухаюцца па эліптычных ці кругавых стацыянарных арбітах на малых, сярэдніх і вял. вышынях (гл. «Інтэлсат», Спадарожнікавая сувязь).

А.​П.​Ткачэнка.

т. 8, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ПАЦКАЯ НАРА́ДА 1925 Адбылася ў канцы жн. 1925 у г. Сопат

(прыгарад Гданьска). Удзельнічалі прадстаўнікі Цэнтр. к-таў КП(б)Б, КПЗБ і КПП, Камінтэрна: У.​М.​Ігнатоўскі, А.​С.​Славінскі, А.​Ф.​Ульянаў, а таксама Б.​А.​Тарашкевіч, Р.​К.​Астроўскі, С.​А.​Рак-Міхайлоўскі, І.​Шнаркевіч, М.​М.​Марцінчык, С.​А.​Мертэнс, Л.​Н.​Аранштам, П.​Корчык (І.​К.​Лагіновіч, арганізатар нарады),

М.​С.​Арэхва. Гал. пытанне С.н. — стварэнне масавай бел. нац.-вызв. арг-цыі ў Зах. Беларусі — Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) і яе ўзаемаадносіны з агульнапольскім рэв. рухам, асабліва з польскай Незалежнай сялянскай партыяй. Удзельнікі нарады прыйшлі да высновы, што праграма БСРГ павінна змяшчаць патрабаванні рэв.-дэмакр. характару: рабоча-сял. ўрад, зямля для сялян без выкупу, самавызначэнне нацый; прапаноўвалася ўключыць у яе дэмакр. патрабаванні ў паліт. сферы, а таксама па рабочым, сял. і нац. пытаннях. На С.н. заслуханы даклады аб становішчы ў Сав. Саюзе, гасп. і нац.-культ. будаўніцтве ў БССР, становішчы ў Зах. Беларусі і задачах нац.-вызв. руху, разгледжана таксама пытанне аб ліквідацыі ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі. Была дасягнута дамоўленасць пра фінансаванне дзейнасці БСРГ, Т-ва бел. школы і бел. гімназій, стварэнне для гэтых мэт Бел. кааператыўнага банка ў Вільні з аддзяленнямі ў Пінску і Глыбокім.

У.​М.​Міхнюк.

т. 15, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МА-СПЕКТРАСКАПІ́Я,

раздзел ядзернай спектраскапіі, які вывучае энергет. спектры гама-выпрамянення з дапамогай гама-спектрометраў. Метадамі гама-спектраскапіі даследуюць уласцівасці ўзбуджаных станаў атамных ядраў, пераходы паміж ядз. ўзроўнямі энергіі, а таксама гама-выпрамяненне ў выніку радыеактыўнага распаду і ядз. рэакцый. Гл. таксама Спектраскапія.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХЕ́Р (англ. mohair),

шэрсць ангорскай казы, а таксама тканіна з такой шэрсці.

т. 10, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкар. кераміка 16—19 ст. з г. Пінск Брэсцкай вобл. Кафля 16 ст. гаршковая з квадратным вусцем, а таксама (з канца 16 ст.) каробчатая з вонкавай пласцінай, дэкарыраванай геам. малюнкам. Кафля 17—18 ст. каробчатая гзымсавая, вуглавая дывановая), аздобленая расл. арнаментам, геральдычнымі выявамі, манаграмамі; выраблялі таксама каронкі. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Пінску пашырылася паліхромная рэльефная кафля, у 18 ст. — размаляваная гладкая. З канца 17 ст. малюнак паступова спрашчаўся, з сярэдзіны 18 ст. выраблялі кафлю звычайна без дэкору. Пры абпальванні выкарыстоўвалі пераважна зялёную, а таксама паліхромную паліву. З 2-й пал. 19 ст. была наладжана прамысл. вытв-сць кафлі з расл. дэкорам па замежных узорах.

І.​М.​Чарняўскі.

т. 12, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРЫМАГНЕ́ТЫК,

рэчыва, у якім пры т-ры ніжэй Кюры пункта існуе ферымагнітны парадак магн. момантаў іонаў (гл. Ферымагнетызм). Значная частка Ф. — дыэлектрычныя ці паўправадніковыя іонныя крышталі, якія маюць магн. іоны розных элементаў або аднаго элемента, але ў неэквівалентных вузлах крышт. рашоткі.

Да Ф. адносяцца іонныя і інтэрметалічныя злучэнні пераходных элементаў (ферыты, фтарыды, сульфіды, селеніды і інш.), а таксама шэраг упарадкаваных і аморфных сплаваў. Па магн. уласцівасцях Ф. падобныя да ферамагнетыкаў адрозніваюцца меншымі электраправоднасцю і стратамі на віхравыя токі. Вырабляюцца ў выглядзе мона- і полікрышталёў, мона- і полікрышт. плёнак, а таксама ў выглядзе керамікі. Выкарыстоўваюцца для вырабу пастаянных магнітаў, стрыжняў вагальных контураў, трансфарматараў, магн. антэн і інш. Гл. таксама Ферыты.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 16, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЦЫ́Т (грэч. askitēs літар. ацёчны),

намнажэнне вадкасці ў брушной поласці. Прычынамі асцыту з’яўляюцца цыроз печані, застойная сардэчная недастатковасць, трамбоз або сцісканне ствала ці галін варотнай вены, а таксама агульны ацёчны сіндром пры хваробе нырак, аліментарная дыстрафія, пашкоджанне брушыны або грудной лімфатычнай пратокі. Гл. таксама Ацёк.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)