ДАМА́РАЛЕНД (Damaraland),

Дамара, нагор’е ў цэнтр. ч. Намібіі ў Афрыцы. Ступенямі ўзвышаецца над берагавой пустыняй Наміб. Пераважаюць выш. 1000—1500 м, найб. — 2600 м (г. Брандберг). Клімат трапічны, сухі. Ападкаў 250—500 мм за год. Расліннасць на З злакава-хмызняковых пустынь з сукулентамі, на У апустыненая саванна.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАНІ́СТЫКІ (ад грэч. agōnistikos здольныя да барацьбы),

цыркумцэліёны, дэмакратычная хрысц. секта калонаў і рабоў у рым. Афрыцы 4—5 ст., левае крыло данатыстаў. Пратэставалі супраць сац. няроўнасці, паднявольнай працы, асуджалі афіц. царкву, прапаведавалі аскетызм, пакутніцтва. Узначальвалі паўстанні калонаў і рабоў у Нумідыі каля 340 і ў пач. 5 ст.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСЯ́НКІ (Sylvia),

род птушак сям. валасянкавых атр. вераб’інападобных. 17 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. Жывуць на ўзлесках, у садах, парках, на лугах, у хмызняку. На Беларусі 5 пералётных відаў: валасянка завірушка (S. curruca), валасянка садовая (S. borin), валасянка чорнагаловая (S. atricapilla), валасянка шэрая (S. communis), валасянка ястрабіная (S. nisoria).

Даўж. цела 12—15 см. Апярэнне шэрае з белым, чорным або рыжаватым адценнем, мяккае. Дзюба тонкая, шылападобная. Гнёзды рыхлыя, шара- або чашападобныя на кустах, дрэўцах, сярод высокай травяністай расліннасці. Некаторыя высцілаюць гнёзды воласам (адсюль назва). Нясуць 4—6 яец. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі і вусенямі, ягадамі. Некаторыя віды вядомыя сваімі спевамі (напр., валасянка чорнагаловая і валасянка садовая). Зімуюць у паўд.-зах. ч. Еўразіі і Афрыцы.

Валасянкі: 1 — шэрая (а — самец, б — самка); 2 — завірушка (самец); 3 — чорнагаловая (а — самец, б — самка); 4 — садовая; 5 — ястрабіная.

т. 3, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАБЛА́НКСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1943,

нарада прэзідэнта ЗША Ф.​Рузвельта, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.​Чэрчыля і вышэйшых ваен. кіраўнікоў абедзвюх краін па распрацоўцы сумеснай палітыкі і стратэгіі ў ходзе 2-й сусв. вайны. Адбылася 14—24.1.1943 у г. Касабланка (Марока). Абмеркаваны перспектывы ваен. аперацый саюзнікаў на 1943, дасягнута дамоўленасць пра высадку саюзных войск у Сіцыліі з наступным развіццём баявых дзеянняў супраць фаш. Італіі (пасля завяршэння кампаніі ў Паўн. Афрыцы), прыняты план сумесных ваен. аперацый у Паўн. Бірме (прадугледжваў выгнанне яп. войск з Рангуна), разгледжаны пытанні аб франц. калан. адміністрацыі ў Паўн. Афрыцы (абмяркоўваліся пры ўдзеле запрошаных франц. генералаў Ш. дэ Голя і А.​Жыро), аб пазіцыі Турцыі ў вайне, аб лёсе калоній у пасляваен. перыяд і інш. На выніковай прэс-канферэнцыі 24.1.1943 Рузвельт падкрэсліў, што саюзнікі будуць весці вайну супраць Германіі, Італіі і Японіі да іх безагаворачнай капітуляцыі.

т. 8, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАВЕ́, Агаўэ (Ogowe, Ogooué),

рака ў Цэнтральнай Афрыцы (Конга, Габон). Даўж. каля 1200 км, пл. вадазбору 216 тыс. км². Пачынаецца на Паўд.-Гвінейскім узв., упадае ў Атлантычны ак. Парожыстая, у вярхоўі ўтварае вадаспад Пубра. Сярэдні расход вады каля 5 тыс. м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні ад вусця да г. Нджоле.

т. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

К’ЁГА, Кіёга (Kyoga, Kioda),

возера ў Афрыцы, на тэр. Уганды, на выш. 1029 м. Пл. каля 2,6 тыс. км², даўж. да 120 км, глыб. 3—5 м. Берагавая лінія звілістая, часта губляецца сярод зараснікаў трыснягу і папірусу, якія займаюць усё возера, акрамя суднаходнай пратокі. Праз К. працякае р. Вікторыя-Ніл. Рыбалоўства.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСА́ЎКА (Atropa),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 5 відаў. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі інтрадукавана К. беладонна, або соннае ачмурэнне, ці шалёная ягада (A. belladonna).

Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 2 м. Лісце суцэльнае, на кароткіх чаранках. Кветкі буйныя, адзіночныя. Плод — ягада. Ядавітая. Лек. расліны.

Красаўка беладонна.

т. 8, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНТ,

старажытнаегіпецкая назва краіны ва Усх. Афрыцы, магчыма, на ўзбярэжжы Адэнскага заліва, на п-ве Самалі. Пачынаючы са Стараж. царства (3-е тыс. да н.э.) егіп. фараоны шмат разоў адпраўлялі гандл. і рабаўніцкія экспедыцыі ў П. па Чырвоным моры. З П. вывозілі міру, золата, чорнае дрэва, слановую косць, а таксама рабоў.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́Р I, Амар ібн аль-Хатаб (каля 591 ці 581, Мекка — 3 ці 4.11.644),

другі халіф (з 634) у Арабскім халіфаце, адзін з бліжэйшых паплечнікаў Мухамеда. Пры Амары I араб. войскі атрымалі перамогі над візантыйцамі і Сасанідамі, заваявалі значныя тэр. ў Азіі і Афрыцы (гл. Арабскія заваяванні). Увёў мусульманскае летазлічэнне паводле хіджры. Забіты рабом-персам.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКУ́РТ (Latrodectus tredecimguttatus),

ядавіты павук сям. тэрыдыід. Пашыраны ў Зах. Азіі, Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы. Жыве ў стэпах, паўпустынях, пустынях, перадгор’ях.

Даўж. самцоў 4—7 мм, самак 10—20 мм. Самкі чорныя, у самцоў і маладых самак чырв. плямы на брушку. Ядавітыя залозы — у галавагрудзях. Яд — бялковы таксін, які мае нейратропнае дзеянне.

Каракурт.

т. 8, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)