сярэдняя ваенна-навуч. ўстанова закрытага тыпу ў г. Полацк у 1835—1918. Засн. для падрыхтоўкі да вайск. службы дваранскіх дзяцей з Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай і Смаленскай губ. Размяшчаўся ў будынку, дзе раней знаходзіліся Полацкая езуіцкая акадэмія і Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. Быў разлічаны на 400 навучэнцаў, прымаліся хлопчыкі ва ўзросце 9—11 гадоў. Складаўся з 4 рот (грэнадзёрская, неранжырная, 2 мушкецёрскія), якія ўтваралі батальён. Меў 2 падрыхтоўчыя і 4 агульныя класы, у 1857 уведзены 5-ы агульнаадук. клас і 2-гадовыя спец. класы, пасля заканчэння якіх кадэты атрымлівалі чын афіцэра. Выкладаліся: рус., франц. і ням. мовы, арыфметыка, алгебра, геаграфія, гісторыя, чыстапісанне, маляванне, чарчэнне, закон Божы; у спец. класах дадаткова — тактыка, артылерыя, ваен. гісторыя і фартыфікацыя. У 1859—63 спец. класы падрыхтавалі 172 афіцэры. У 1865 корпус рэарганізаваны ў ваен. гімназію, якая ў 1882 зноў пераўтворана ў кадэцкі корпус з 7-гадовым курсам навучання. У пач. 1-й сусв. вайны эвакуіраваны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 рэарганізаваны ў гімназію ваен. ведамства. У 1919—20 на базе П.к.к. і інш. эвакуіраваных кадэцкіх карпусоў былі створаны Крымскі (у Арэандзе) і Феадасійскі кадэцкія карпусы. За час існавання П.к.к. падрыхтаваў больш за 3 тыс. афіцэраў. Сярод іх Д.Д.Бохан, браты Кірпічовы і Манцэвічы, Р.І.Кандраценка, Н.Н. і М.Н. Кайгародавы і інш.
Дьяков В.А. Деятели русского и польского освободительного движения в царской армии 1856—1865 гг.: (Биобиблиогр. словарь). М., 1965;
Лукашэвіч А.М. Арганізацыя вучэбнага працэсу ў кадэцкіх карпусах на тэрыторыі Беларусі ў 30-х — пачатку 50-х гг. XIX ст. // Весн. БДУ. Сер. 4. 1998. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫЯ ВО́ЙСКІ,
вайсковыя фарміраванні, аснашчаныя ракетнай зброяй.
Вядомы з 11—12 ст. (парахавыя ракеты выкарыстоўваліся ў Індыі і Кітаі ў час аблогі крэпасцей), у Еўропе — з канца 13 ст., у Расіі з 18—19 ст. Шырокае развіццё атрымалі ў 2-ю сусв. вайну (у СССР з’явіліся гвардз. мінамётныя часці, аснашчаныя «Кацюшамі», у Германіі падраздзяленні, на ўзбраенні якіх былі кіроўныя ракеты). У 2-й пал. 20 ст. Р.в. створаны ў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краінах.
Падзяляюцца на Р.в. стратэг. прызначэння, Р.в. сухап. войск, зенітныя ракетныя часці ВПС і ВМС. У СССР у канцы 1950-х г. створаны Р.в. стратэгічнага прызначэння (значная іх ч. дыслацыравалася на тэр. Беларусі; выведзены ў 1-й пал. 1990). Для іх уласцівы высокая боегатоўнасць, дакладнасць нанясення ўдараў, неабмежаваная далёкасць дзеяння, незалежнасць ад умоў надвор’я, часу і інш. Р.в. сухапутных войск — часці і падраздзяленні тактычнага і аператыўна-тактычнага прызначэння, здольныя наносіць масіраваныя, групавыя і адзіночныя ўдары па аб’ектах, недасягальных для артылерыі (першая ракетная часць у складзе сухап. войск створана ў 1946 на базе гвардз. палка рэактыўнай артылерыі). Зенітныя Р.в. прызначаны для проціпаветранай абароны адм.-паліт. цэнтраў, прамысл.-эканам. раёнаў, груповак войск і інш. аб’ектаў. Складаюцца з часцей і злучэнняў, якія маюць на ўзбраенні зенітныя ракетныя комплексы. Ва Узбр. Сілах Беларусі зенітныя ракетныя войскі і ракетныя войскі і артылерыя з’яўляюцца адпаведна родамі войск проціпаветранай абароны і сухап. войск Беларусі.
Літ.:
Гл. пры арт.Ракета.
А.У.Аляхновіч.
Да арт.Ракетныя войскі. На маршы пускавыя ўстаноўкі РС-12 М «Топаль» з ракетай РТ-2П (Расія).Да арт.Ракетныя войскі. Ракетная сістэма аператыўна-тактычнага прызначэння «Плутон» (Францыя).Да арт.Ракетныя войскі. Ракетны комплекс (зенітны) С-125 на стартавай пазіцыі (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБРО́Я (ваен.),
устройствы і сродкі для паражэння праціўніка ва ўзброенай барацьбе; састаўная ч.ўзбраення. Уключае сродкі паражэння і сродкі дастаўкі іх да цэлі; у больш складаную З. ўваходзяць таксама прылады і прыстасаванні кіравання і навядзення. Сучасная З. падзяляецца; на зброю масавага знішчэння (ядз., хім., біял.) і звычайную; стратэгічную, аператыўна-тактычную і тактычную; агнястрэльную зброю, рэактыўную зброю і ракетную зброю; стацыянарную з нерухомай і рухомай асновай, самаходную, буксірную і перавозную (пераносную); індывідуальную (асабістую) і групавую (калектыўную); аўтаматычную зброю, паўаўтам. і неаўтаматычную; некіроўную і кіроўную. Да звычайнай адносяцца: агнястрэльная (артылерыйская — гарматы, пушкі, гаўбіцы, мінамёты і інш., гл.Артылерыя; стралк. і сродкі бліжняга бою — аўтаматы, вінтоўкі, пісталеты, кулямёты, ручныя гранатамёты і гранаты і інш.); рэактыўная (наземныя, авіяц. і марскія сістэмы залпавага агню, рэактыўныя гранатамёты; гл.Рэактыўная артылерыя); ракетная; мінная (процітанк., проціпяхотныя і марскія міны) і тарпедная (тарпеды рознага тыпу) З., а таксама бамбамёты, авіяц., глыбінныя і інш.бомбы; халодная зброя (сучасная — штык, армейскі нож, корцік).
З. ўзнікла ў палеаліце як універсальная прылада для апрацоўкі дрэва, палявання і самаабароны (каменныя рубілы, нажы), потым як спец. ўдарная і кідальная зброя: дубіна, па́ліца (у т. л. бумеранг), кап ’ё з крамянёвым наканечнікам, прашча, бола. У канцы палеаліту з’яўляецца кап’якідалка, лук і стрэлы, каменная сякера, у неаліце — булава і кінжал, пазней — бярдыш, алебарда. Развіццё З. выклікала стварэнне засцерагальнага ўзбраення. З бронзавага веку пачалі вырабляцца бронз., пазней жал. мячы (гл.Меч), чаканы, коп’і і інш. У дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма выкарыстоўваліся кідальныя машыны (балісты, катапульты, франдыболы, брыколі), інш. аблогавая тэхніка. З 8 ст. качэўнікі прычарнаморскіх стэпаў карысталіся шабляй (на Русі вядома з 10 ст., з 19 ст. сталі выкарыстоўваць шашку). Да канца 14 ст. на Русі меч выцеснены шабляй, у Зах. Еўропе — шпагай. З вынаходствам пораху з’явілася агнястрэльная З. (з 11 ст. ў Кітаі, з 12 ст. ў арабаў, з 14 ст. ў Зах. Еўропе, на Русі і Беларусі). Першыя яе ўзоры — араб. модфа, ручная пішчаль (ручніца), з 15 ст. аркебуза, з 16 ст. мушкеты, пісталеты. У 17 ст. ручная агнястрэльная З. аснашчана штыком. Да канца 17 ст. пашырылася гладкаствольная крамянёвая зброя. Наразное ружжо (штуцэр) вядома з 16 ст., аднак з-за цяжкасці вырабу наразная З. стала пашыранай толькі ў 19 ст. (вінтоўкі, карабіны). У сярэдзіне 19 ст. пачалі выкарыстоўвацца міны, потым тарпеды; у канцы 19 ст. з’явілася аўтам. З. — аўтам. пушкі, кулямёты і інш. У час рус.-яп. вайны 1904—05 пачалі выкарыстоўваць мінамёты, у 1-ю сусв. вайну — танкавыя, авіяц. і зенітныя пушкі, агнямёты, хім. З. (у 1915 хлор, у 1916 фасген, у 1917 іпрыт і ядавітыя дымы). У гады 2-й сусв. вайны ўпершыню выкарыстаны сав. рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша» (1941), ням. кіроўныя самалёты-снарады ФАУ-1 і ФАУ-2 (1944), амер. атамныя бомбы (1945). У 1950-я г. з’явілася ракетна-ядзерная зброя, у 1980—90-я г. касмічная зброя (у т. л. лазерная, пучковая, кінетычная, эл.-магн. выпрамянення, ЭМВ-зброя і інш.), працягвалася развіццё і звычайных відаў З. Для сучаснай З. характэрна паскоранае абнаўленне (цыклы замены ўзораў З. складаюць каля 10 гадоў). У стварэнні розных сістэм З. бралі ўдзел прамысл. прадпрыемствы і НДІ Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫДНЯСТРО́ЎСКІ КАНФЛІ́КТ 1992,
міжнацыянальны ўзбр. канфлікт на тэр. Рэспублікі Малдова, які набыў форму ваен. дзеянняў (сак.—жн. 1992) паміж афіц. ўладамі Малдовы і кіраўніцтвам самаабвешчанай (1990) на левым беразе р. Днестр т.зв. Прыднястроўскай Малд. Рэспублікі (ПМР; цэнтр — г. Ціраспаль, 39% нас. малдаване, 26% — украінцы, 24% — рускія, 11% — інш.; 550 тыс. жыхароў у 2000). Улады Малдовы імкнуліся аднавіць фактычна страчаны суверэнітэт над усх. раёнамі краіны. Канфлікту папярэднічала абвастрэнне адносін паміж уладамі Малдовы і кіраўніцтвам ПМР у канцы 1991 — пач. 1992. Ваен. дзеянні пачаліся з інцыдэнту ў г. Дубэсар на левым беразе Днястра, дзе 2.3.1992 гвардзейцы ПМР захапілі падначалены МУС Малдовы раённы аддзел паліцыі. Нягледзячы на шматлікія міратворчыя намаганні (дзейнасць пагаджальнай камісіі бакоў, пасяджэнні ў Кішынёве міністраў замежных спраў Малдовы, Расіі, Украіны і Румыніі, па выніках якіх у крас. двойчы абвяшчалася спыненне агню, і інш.), маштабы канфлікту нарасталі. Арэнай узбр. супрацьстаяння стала ўся даліна р. Днестр, па якой пралягла мяжа непрызнанай ПМР. З боку Рэспублікі Малдова ў канфлікце ўдзельнічалі яе рэгулярныя войскі, падраздзяленні МУС і валанцёры, з боку ПМР — яе рэсп. гвардыя, апалчэнне, унутр. войскі, тэр.-выратавальныя атрады, фарміраванні казакоў-добраахвотнікаў з Расіі і інш. рэспублік б.СССР. У баях ужываліся артылерыя, танкі, авіяцыя. У канфлікт была ўцягнута 14-я рас. армія (штаб у г. Ціраспаль), якая абараняла свае аб’екты ад нападзенняў войск Малдовы. Да пач.ліп., калі ў асн. завяршылася актыўная стадыя канфлікту, у зоне баявых дзеянняў загінула 650 чал., 4 тыс. паранена (пераважна мірныя жыхары). Значна пацярпела эканоміка краю, асабліва прадпрыемствы гарадоў Бендэр і Дубэсар. Баявыя дзеянні паступова спыніліся без значных тэр. вынікаў для абодвух бакоў у пач.жн. 1992 пасля падпісання ў Маскве 21.7.1992 прэзідэнтамі Малдовы (М.Снегур) і Расіі (Б.Ельцын) Пагаднення аб прынцыпах мірнага ўрэгулявання ў Прыднястроўі. Прадугледжвалася захаванне тэр. цэласнасці Малдовы, наданне асаблівага статуса левабярэжжу Днястра, у т. л. права яго насельніцтва вырашаць свой лёс у выпадку далучэння Малдовы да Румыніі. Нягледзячы на наступныя шматлікія намаганні ўрадаў Малдовы, Расіі, Украіны і міжнар. арг-цый, паліт. праблемы, якія выклікалі ў 1992 П.к., да гэтага часу не вырашаны, бо Малдова настойвае на захаванні сваёй тэр. цэласнасці, а кіраўніцтва ПМР — на прызнанні яе незалежнай дзяржавай. Гл. таксама раздз. Гісторыя ў арт.Малдова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
1) фарміраванне ВМФ Польшчы на Прыпяці і яе прытоках у 1919—39. Гал. база — г. Пінск. Створана ў крас.—маі 1919 у час сав.-польскай вайны 1919—20. У навігацыю 1920 рухалася з баямі па Прыпяці і Дняпры да Кіева. 4.8.1920 у час наступлення Чырв. Арміі флатылія расфарміравана, судны знішчаны або затоплены. У 1921—22 адноўлена, папоўнена новымі караблямі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны налічвала 54 адзінкі (у т. л. 26 баявых: 6 манітораў, 3 кананеркі, 15 узбр. катэраў і інш.). У вер. 1939 у ходзе польскай кампаніі 1939 вяла проціпаветраную абарону Пінска і мастоў цераз Піну, Прыпяць, Ясельду. 17—21.9.1939 караблі флатыліі былі самазатоплены; да 12.11.1939 яны падняты сав. маракамі і пасля рамонту і пераўзбраення ўключаны ў склад Дняпроўскай ваеннай флатыліі.
2) Фарміраванне сав.ВМФ на Дняпры і яго прытоках (Прыпяці, Бярэзіне і інш.) у чэрв. 1940 — кастр. 1941. Гал. база — Пінск. Створана 17.6.1940 з часткі сіл расфарміраванай Дняпроўскай ваен. флатыліі. Камандуючы контр-адмірал Дз.Дз.Рагачоў. Напярэдадні Вял.Айч. вайны складалася з 7 манітораў, 4 кананерскіх лодак, 15 бранякатэраў, авіяэскадрыллі і інш. (усяго 2300 чал.). Аператыўна падпарадкоўвалася камандуючаму войскамі Зах. асобай ваен. акругі (з 22.6.1941 Заходні фронт). З пач. вайны павялічана за кошт суднаў грамадз. рачнога флоту, а таксама ў ліп. 2 манітораў з Дунайскай ваен. флатыліі. Да канца чэрв. 1941 разам з часцямі 4-й арміі Зах. фронту абараняла Пінск, а да 9.7.1941 — Лунінец, Тураў. 11 ліп. падзелена на 3 атрады: Бярэзінскі (3 маніторы, 5 бранякатэраў), Прыпяцкі (манітор, 4 вартавыя караблі, 2 бранякатэры і інш.), Дняпроўскі (гал. сілы флатыліі, у т. л. 4 маніторы, 4 кананерскія лодкі). Бярэзінскі і Прыпяцкі атрады абстрэльвалі занятыя праціўнікам прырэчныя нас. пункты, абаранялі сав. і парушалі варожыя пераправы, цесна ўзаемадзейнічалі з сухапутнымі войскамі. У канцы жн. караблі абодвух атрадаў прарваліся з баямі да Кіева (пры гэтым частка іх загінула) і разам з Дняпроўскім атрадам удзельнічалі ў абароне Кіеўскага ўмацаванага раёна. Большасць караблёў загінула ў баях, астатнія ўзарваны 18 вер. ў сувязі з адыходам сав. войск на У ад Дняпра. Атрад маракоў ваяваў на сушы да 20—28 вер. Флатылія расфарміравана 5.10.1941. Гл. таксама Марская авіяцыя, Марская артылерыя, Марская пяхота, Мінны загараджальнік.
Літ.:
Паўловіч Р.К. Пінская флатылія // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3;
Яго ж. Пинские мониторы // Армия. 1998. № 3;
Яго ж. Да пытання аб стварэнні і дзейнасці Пінскай рачной ваеннай флатыліі // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1999. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РВЕНЬСКАЕ НАСТУПЛЕ́ННЕ 1917,
наступальная аперацыя рас. войск на Паўд.-Зах. фронце (каманд.ген. А.Я.Гутар) 29.6—13.7.1917 у 1-ю сусв. вайну; састаўная частка летняга наступлення рас. арміі. Распачата Часовым урадам па просьбе саюзнікаў (Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША) актывізаваць ваен. дзеянні супраць герм. і аўстра-венг. войск. 29 чэрв.артылерыя пачала падрыхтоўку атакі. 1 ліп. з раёнаў Золачаў — Беражаны ў наступленне пайшлі 11-я і 7-я рас. арміі ў напрамку на г. Львоў. Нягледзячы на перавагу ў сілах і сродках, наступленне 3 ліп. было спынена, 6 ліп. ў атаку перайшла 8-я армія (каманд.ген. Л.Г.Карнілаў), якая наносіла ўдар на ўчастку Галіч—Станіслаў (цяпер г. Івана-Франкоўск) у напрамку Калуш, Балехаў. Прарваўшы фронт праціўніка, 8-я армія захапіла больш за 7 тыс. палонных і 48 гармат, заняла гарады Галіч і Калуш, да 11 ліп. выйшла на рубеж р. Ломніца. Але 19 ліп. аўстра-герм. войскі, атрымаўшы падмацаванне (з Зах. фронту перакінута некалькі дывізій), з раёнаў Золачаў і Памаржаны нанеслі контрудар у напрамку г. Цярнопаль, прарвалі фронт 11-й арміі, што прымусіла 7-ю і 8-ю арміі таксама. пачаць адыход на У. 21 ліп. камандаваць фронтам замест Гутара прызначаны Карнілаў. 28 ліп.рас. войскі замацаваліся на лініі Броды—Збараж — р. Збруч, значна адышоўшы на У ад рубяжа, які займалі да пачатку наступлення. Адзіным планам з Ч.н. былі звязаны наступленне на Рум. фронце і дапаможныя ўдары на Паўн. і Зах. франтах. Паспяховае наступленне 2-й рум. і 4-й рас. армій Рум. фронту (пачалося 22 ліп.) было прыпынена па загадзе вярх. галоўнакамандуючага А.Ф.Керанскага (21ліп.). Наступленне 5-й арміі Зах. фронту (22 ліп.) з раёна Маладзечна ў напрамку Вільні і Паўн. фронту (23 ліп.) з раёна Якабштата (Екабпілса) у напрамку Коўна (Каўнаса) поспеху не мела. У выніку праціўнік заняў Галіцыю, герм. дэсант у верасні акупіраваў а-вы Эзель і Даго ў Рыжскім заліве. Агульныя страты рас. войск на ўсіх франтах склалі больш за 150 тыс.чал. забітымі, параненымі і прапаўшымі без весткі. Ч.н. адцягнула на Усх. (рас.) фронт 13 герм. і 3 аўстр. дывізіі з Зах. (саюзніцкага) фронту. Правал Ч.н. выклікаў абурэнне рас. грамадскасці, што прывяло да Ліпеньскага крызісу 1917.
Літ.:
История первой мировой войны, 1914—1918. Т. 2. М., 1975;
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Строков А.А. Вооруженные силы и военное искусство в первой мировой войне. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЯ БІ́ТВА 1514,
адбылася пад Оршай (Віцебская вобл.) паміж войскамі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы.
Неўзабаве пасля капітуляцыі Смаленска перад рус. войскамі (жн. 1514) вял.кн. маскоўскі Васіль III паслаў 80-тысячнае войска з коннікаў, дваран і «дзяцей баярскіх» на чале з кн. М.І.Булгакавым-Голіцам і І.А.Чалядніным у напрамку Оршы і Друцка. Паводле польскіх гісторыкаў, кароль польскі і вял. князь ВКЛ Жыгімонт I Стары сабраў апалчэнне ВКЛ пад камандаваннем вял. гетмана ВКЛкн. К.І.Астрожскага (16 тыс. коннікаў), 14 тыс. польскіх коннікаў, 3 тыс. наёмнай пяхоты, атрады паноў з Малой Польшчы і шляхціцаў-добраахвотнікаў з Вял. Польшчы (2500 коннікаў). Паводле звестак рускага гісторыка М.К.Любаўскага, польскіх коннікаў было 4 тыс., а частка польскіх салдатаў засталася ў Бярэсці і Барысаве. Жыгімонт застаўся ў Барысаве з 4-тысячным войскам, а асн. сілы (больш за 30 тыс.чал.) на чале з Астрожскім пайшлі пад Оршу. Атрадамі войска камандавалі Ю.Радзівіл, Я.Свярчоўскі і інш. Папярэднія баі адбыліся 27.8.1514 на р. Бярэзіна, пазней на р. Друць. Перад бітвай рус. войска пераправілася на левы бераг Дняпра і стала паміж Оршай і Дуброўнам на р. Крапіўна. Частка конніцы князя Астрожскага без страт пераправілася цераз Дняпро. Вышэй па цячэнні па наплаўным мосце раку перайшлі пяхота, конніца і артылерыя. Астрожскі павёў войска ў атаку на палкі Булгакава-Голіцы. Чаляднін у бой не ўступіў, а калі ўдар абрынуўся на яго палкі, то ад бою ўхіліўся Булгакаў-Голіца. Пад выглядам адступлення Астрожскі ўцягнуў праціўніка ў пагоню і вывеў яго пад агонь сваіх замаскіраваных гармат. Пасля гэтага ён зноў нанёс удар па палках Булгакава-Голіцы, якія былі разбіты і часткова трапілі ў палон. Былі разгромлены і палкі Чалядніна. У рус. войску пачалася паніка. Многія з уцекачоў загінулі ў Дняпры і Крапіўне. Паводле летапісаў і звестак рускіх гісторыкаў, рус. войска страціла 40 тыс.чал. У палон трапілі Булгакаў-Голіца, Чаляднін і яшчэ 8 ваявод, 17 інш. военачальнікаў, 2 тыс. «дзяцей баярскіх» і больш за 2 тыс. воінаў. Пераможцам раздалі 20 тыс. трафейных коней і палавіну абозу. Аршанская бітва — адна з буйнейшых бітваў на тэр. Еўропы ў пач. 16 ст. Перамога ў ёй дала магчымасць вярнуць Дуброўну, Мсціслаў і Крычаў. Смаленск узяць не ўдалося, аднак пасля бітвы да 1518 не адбывалася ўварванняў маск. войскаў на Беларусь. Пра бітву была складзена бел. песня, якая праслаўляла кн. Астрожскага, на тэму Аршанскай бітвы ў 1520—30-я г. напісана батальная карціна (аўтар невядомы, зберагаецца ў Нац. музеі ў Варшаве) — першая ва Усх. Еўропе.
Літ.:
Грыцкевіч А., Трусаў А. Бітва пад Оршай // Мастацтва Беларусі. 1990. № 8;
Военная энциклопедия. Пг., 1914. Т. 17. С. 186—187;
Грыцкевіч А. Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. // Спадчына. 1992. № 6;
Зимин А.А. Россия на пороге нового времени. М., 1972. С. 166—167;
Zarys dziejów wojskowosci polskiej do roku 1864. Warszawa, 1965 Т. 1. S. 333—336. Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Warszawa, 1846. Т. 2. S. 378—384.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РСКАЯ БІ́ТВА 1943,
адна з вырашальных вайск. аперацый у Вял.Айч. вайну. Адбылася на тэр. сучасных Курскай, Арлоўскай, Белгародскай, Бранскай і Калужскай абл. Расіі, Харкаўскай і Сумскай абл. Украіны. Складалася з 2 этапаў: абарончых баёў (5—23 ліп.) і контрнаступлення (12 ліп. — 23 жн.) сав. войск. Летам 1943 ням.-фаш. камандаванне падрыхтавала аперацыю «Цытадэль» — наступленне на т.зв. Курскі выступ сустрэчнымі ўдарамі з раёнаў Арла і Харкава, каб акружыць і знішчыць тут сав. войскі, вярнуць стратэг. ініцыятыву пасля паражэння ў Сталінградскай бітве 1942—43. На лініі Арол — Харкаў было сканцэнтравана 50 ням. дывізій (больш за 900 тыс.чал., да 2,7 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 10 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 2 тыс. самалётаў), што ўваходзілі ў 9-ю і 2-ю арміі групы армій «Цэнтр» (камандуючы ген.-фельдмаршал Г.Клюге), 4-ю танк. армію і аператыўную групу «Кемпф» групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн), г.зн. каля 70% танк., 30% матарызаваных і больш за 20% пяхотных дывізій, што дзейнічалі на сав.-герм. фронце. Сав. камандаванне разгадала намеры праціўніка і падрыхтавала эшаланіраваную абарону глыбінёй да 300 км. Абарону паўн. раёна Курскага выступу трымалі войскі Цэнтр. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі), паўд. — Варонежскага фронту (ген. арміі Л.Ф.Ватуцін): больш за 1,3 млн.чал., каля 20 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 3,4 тыс. танкаў і самаходных гармат і каля 2,2 тыс. самалётаў. У іх тыле знаходзіўся ў рэзерве Сцяпны фронт (ген.-палк. І.С.Конеў). Для контрнаступлення былі падрыхтаваны Зах. (ген.-палк. В.Д.Сакалоўскі) і Бранскі (ген.-палк. М.М.Папоў) франты, а таксама 57-я армія (ген.-лейт. М.А.Гаген) Паўд.-Зах. фронту. Дзейнасць франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза Г.К.Жукаў і А.М.Васілеўскі. Раніцай 5 ліп.сав.артылерыя нанесла апераджальны ўдар па варожых пазіцыях. Ударныя ням. групоўкі пачалі наступленне на Курск з раёнаў Арла і Белгарада. На Арлоўскім напрамку каля с. Поныры вораг уклініўся ў сав. абарону на 10—12 км, на Белгародскім напрамку каля с. Прохараўка — на 35 км. 12 ліп. каля Прохараўкі адбылася самая буйная сустрэчная танк. бітва 2-й сусв. вайны, у якой з абодвух бакоў удзельнічала да 1200 танкаў і самаходных гармат. Пасля 8-дзённых малавыніковых атак ням.-фаш. войскі перайшлі да абароны. 12 ліп. пачалі контрнаступленне войскі Зах. і Бранскага франтоў, 15 ліп. ў напрамку Арла — Цэнтр. фронту, 16—18 ліп. на Белгародска-Харкаўскім напрамку — Варонежскага і Сцяпнога франтоў ва ўзаемадзеянні з Паўд.-Зах. фронтам (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі). 5 жн. вызвалены Арол і Белгарад, 23 жн. — Харкаў. У выніку К.б. ням.-фаш. войскі страцілі каля 30 дывізій і шмат баявой тэхнікі. У ходзе бітвы ў тыле групы армій «Цэнтр» бел. партызаны правялі аперацыю «Рэйкавая вайна» (у ліп. пусцілі пад адхон 761 эшалон), чым у значнай ступені скавалі перавозкі праціўніка і адцягнулі на сябе каля 80 тыс. яго вайскоўцаў. У час бітвы вызначыліся воіны-беларусы лётчык А.К.Гаравец; танкісты М.М.Антонаў і В.Ф.Марцехаў, мінамётчык Б.Т.Шабан і інш. К.б. завяршыла карэнны пералом у ходзе Вял.Айч. вайны, стварыла ўмовы для пераходу сав. войск да агульнага наступлення, наблізіла пачатак вызвалення Беларусі (канец вер. 1943). Паражэнне Германіі ў К.б. вымусіла яе перайсці да абароны на ўсіх тэатрах 2-й сусв. вайны.
Літ.:
Колтунов Г.А., Соловьев Б.Г. Курская битва. М., 1983;
Кэйдин М. Курская битва — величайшее сухопутное сражение в истории // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагические страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;
Меллентин Ф. Танковые сражения 1939—1945: Пер. с англ.М., 1957. С. 186—202;
Соловьев Б.Г. «Кутузов» и «Румянцев» против «Цитадели» // Военно-ист журн. 1998. № 4.
В.А.Юшкевіч.
Да арт.Курская бітва 1943. Мастак П.А.Крываногаў. 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗБРОЕНЫЯ СІЛЫ І ВАЙСКОВЫЯ ФАРМІРАВАННІ НА БЕЛАРУСІ ў 9 — ПАЧ. 20 ст.
Паводле гіст. крыніц і меркаванняў бел. вучоных, ужо ў 6—9 ст. на тэр. Беларусі правадыры славянскіх плямён мелі ўзбр. дружыны для абароны сваіх вотчын ад нападаў суседзяў, а таксама для пашырэння ўласных уладанняў. У эпоху стараж. дзяржаў-княстваў (з 9 ст.) ваенна-дружынная арганізацыя Полацкага, Тураўскага, Навагрудскага і інш. княстваў складалася з княжацкіх дружын (ядро войска), апалчэнцаў-гараджан і сялян. Як сведчаць «Аповесць мінулых гадоў» і інш.гіст. крыніцы, у 9—10 ст. войскі («светлые») полацкіх князёў, у т. л. ў складзе кааліцыйных сіл, хадзілі ў паходы на Візантыю і інш. краіны, падпарадкоўвалі суседнія народы, якія плацілі ім даніну. На ўзбраенні ваяроў былі дзіды (пікі), лукі, баявыя сякеры, коп’і, мячы, скураныя шчыты і інш., з 12 ст. — шаблі, пазней з’явіліся самастрэлы (арбалеты), цяжкія даспехі (шлемы, латы, кальчугі, металічныя шчыты), а таксама сценабітныя, каменекідальныя машыны і інш. аблогавыя прыстасаванні.
У склад дружыны князі набіралі найб. адданых воінаў, часткова сваякоў. На чале войска стаяў сам князь або яго сыны. Дружына звычайна складалася з 2 частак: «старэйшая» дружына або «моцныя мужы» (згадваецца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай»), у якую ўваходзілі найб. адданыя і вопытныя воіны, і малодшая дружына («дзецкія»), якая ахоўвала князя ў мірны час і ваен. паходах, выконвала яго асабістыя даручэнні (напр., у адпаведнасці з пастановай Любецкага з’езда 1097 Святаполк Ізяславіч «яко князь Туроўский», атрымаўшы вял. тэрыторыі «аб оне стороне Прыпяти», у т. л. Кіеўскае княства, трымаў у Кіеве тураўскую дружыну «маладую», «новую»), Найважнейшыя цэнтры ўсх. славян Полацк і Тураў мелі моцныя ўмацаванні, вялікую дружыну, а таксама народнае апалчэнне з гараджан і жыхароў навакольных вёсак. Сабранае апалчэнне называлі палком, узначальваць які князь прызначаў ваяводу (военачальніка) з лепшых і вопытных дружыннікаў. Удзел у апалчэнні лічыўся ганаровым абавязкам. Знатныя гараджане ўзбройвалі і аснашчалі апалчэнцаў, за баявыя поспехі адорвалі іх грашыма, каштоўнасцямі, зброяй і даспехамі; рамеснікі пастаўлялі зброю і рыштунак; сяляне выраблялі транспартныя сродкі, у т. л. лодкі для перамяшчэння войск па рэках і азёрах, давалі харчы, коней і фураж. Побач з дружыннікамі і апалчэнцамі ў складзе полацкага войска дзейнічалі наёмнікі (у 10—11 ст. пераважна варагі). Аб’яднанае войска вяло барацьбу часцей за ўсё з суседнімі плямёнамі і княствамі (напр., у Нямігскай бітве 1067), а таксама з іншаземцамі.
З 13 ст. землі Беларусі ўвайшлі ў склад ВКЛ і сталі ядром дзяржавы, узбр. сілы якой лічыліся аднымі з наймагутнейшых у тагачаснай Еўропе. Яны не толькі паспяхова баранілі сваю краіну ад іншаземных захопнікаў, але і значна пашырылі яе межы. Напр., у выніку бітвы каля Сініх Вод 1362 войскі ВКЛ пад кіраўніцтвам вял. князя Альгерда ўшчэнт разграмілі аб’яднаныя войскі Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай ордаў, пасля чаго Вялікае княства пашырыла свае межы да вусцяў Дняпра і Днястра, замацавала ў сваім складзе Чарнігава-Северскія землі, Падолле, Валынь, Кіеўшчыну. Гіст. перамогай бел.-літ. і польскага войска завяршылася Грунвальдская бітва 1410. Сярод выдатных палкаводцаў 13—14 ст. — Давыд Гарадзенскі, Андрэй Полацкі, вял. князі Міндоўг, Гедзімін, Альгерд, Вітаўт.
Асновай узбр. сіл ВКЛ у сярэдневякоўі заставалася паспалітае рушэнне, ці абарона земская (ваеннаабавязаная ч. насельніцтва). Кожны абывацель (грамадзянін) княства, які валодаў зямлёй, абавязаны быў адбываць вайск. павіннасць — т.зв. земскую службу, памеры якой вызначаліся велічынёй зямельнага надзелу і колькасцю сялянскіх гаспадарак, што належалі землеўладальніку. Колькасць ратнікаў (драбаў) была прапарцыянальная колькасці ўласных сялянскіх службаў (служба — адзінка абкладання павіннасцямі, якая ўключала звычайна 2 ці 3 «дымы», або гаспадаркі). Свабодныя землеўладальнікі, шляхта павінны былі з’яўляцца на службу з цяжкім узбраеннем, на конях, у суправаджэнні світы; інш. ваеннаабавязаныя (больш бедныя землеўладальнікі) камплектавалі лёгкую конніцу. Усе яны стваралі харугвы паводле ваяводстваў. Больш знатныя і багатыя магнаты, ваяводы, кашталяны і епіскапы рыхтавалі свае ўласныя харугвы. Гарады вылучалі пэўную колькасць апалчэнцаў, ваен. павозак. Паветы і ваяводствы ўтрымлівалі таксама атрады наёмнага войска.
Паводле Прывілея 1387 і інш. статутных актаў у ВКЛваен. паход (пагоня) лічыўся абавязкам кожнага, хто мог трымаць зброю ў руках. Князі са сваімі васаламі таксама выконвалі агульнадзярж. вайск. службу; атрады («почты»), што ім падпарадкоўваліся, выкарыстоўваліся асобна ад павятовых атрадаў баяр-шляхты. Зборам ваяводскіх і павятовых харугваў кіравалі харунжы і кашталян. Пасля рэгістрацыі (палявога попісу) войска пераходзіла пад уладу гетманаў. Звычайна войска ўзначальваў вял. князь, які з’яўляўся галоўнакамандуючым; часам ён даручаў кіраваць арміяй гетману, найб. здольнаму ваяводу ці інш. вышэйшым саноўнікам. Попісы войска 1534, 1565, 1567 і інш. звычайна мелі рэгістрацыйна-ўліковы характар і складаліся гетманам (адсюль назва — гетманскія) непасрэдна на месцы збору войска. У некат. выпадках (напр., попіс 1534, які пачаўся каля Мінска) рэгістрацыя вайскоўцаў праходзіла і ў час маршу, што было абумоўлена загадам вял. князя гетману Ю.Радзівілу спешна рухацца да «ўскраінных» замкаў. У адрозненне ад гетманскіх попісаў перапіс 1528 меў рэгістрацыйна-даведачны характар: яго функцыі заключаліся ў тым, каб паказаць, хто з шляхты і інш. катэгорый насельніцтва абавязаны несці ваен. службу і павінен плаціць падатак на выпадак магчымай вайны. У Статуце Вял. княства Літоўскага 1588 дакладна зафіксаваны абавязкі харунжых, кашталянаў, ваявод і інш. дзяржаўцаў. Кашталяны (а дзе іх не было — маршалкі) збіралі шляхту са сваіх паветаў і рухаліся на злучэнне з харунжым. Часткі харугваў «павінны былі рушыць да ваяводы... А потым ужо ўсе разам... да месца», прызначанага вял. князем або гетманам. Месца збору войска вызначалася залежна ад ваен.-стратэг., паліт. і інш. абставін (напр., у 1534 — Мінск, 1565 — Ракаў, 1567 — Маладзечна і інш.). Мабілізацыйнай дакументацыі і збору ўсяго шляхецкага войска надавалася асаблівае значэнне ў 16 ст., калі вызначаўся лёс ВКЛ у бясконцай і надзвычай цяжкай ваен-паліт. канфрантацыі з Вял. княствам Маскоўскім.
Мабілізацыйныя рэсурсы, паводле попісаў войска Вялікага княства Літоўскага, дазвалялі мець узбр. сілы да 70 тыс.чал. Аднак у 1567 войска налічвала 50 тыс. ратнікаў, у т. л. 28 тыс. коннікаў. Большую ч. паспалітага рушэння складала дробная і сярэдняя шляхта (з 16 ст. службу адбывалі і сельскія войты, з 17 ст. — і мяшчане). З 17 ст. паветы і ваяводствы выстаўлялі і наёмнае войска, значна меншае па колькасці, але больш баяздольнае. Мяшчане забяспечвалі армію зброяй, удзельнічалі ў буд-ве і абароне гар. умацаванняў, замкаў і інш. фартыфікацыйных збудаванняў. Пешыя ратнікі мелі на ўзбраенні ручніцы, сякеры, алебарды, бердышы; конніца, у залежнасці ад прызначэння (драгуны, гусары, рэйтары, казакі), узбройвалася тарчамі, дзідамі, сагайдакамі і інш. Войска ВКЛ мела на ўзбраенні таксама артылерыю (у ВКЛ з’явілася ў канцы 14 ст.). З сярэдзіны 16 ст. ў Вільні, а пазней у інш. гарадах ВКЛ існавалі людвісарні, дае выраблялі гарматы. Да 16 ст. ўсе пагранічныя замкі Беларусі мелі на ўзбраенні пушкі мясц. і замежнай вытв-сці. Артылерыя падзялялася на дзярж., прыватную і гарадскую, паводле прызначэння — на палявую і фартыфікацыйную. Пасля рэформы 1623—38 яна вылучана ў асобны корпус, які ўпершыню ўзначаліў ген. М.Абрамовіч Беларусы таксама служылі ў кароннай артылерыі, напр., ген.-лейт. К.Семяновіч — аўтар ідэі шматступеньчатай ракеты.
З канца 16 ст. ўсё большую ролю адыгрывала рэгулярнае і наёмнае войска, якое мела адпаведную вывучку і лепшую зброю. Гал. ударнай сілай войск ВКЛ 16 ст. была конніца: цяжкаўзброеная (камплектавалася багатай шляхтай і магнатамі), да якой належалі кап’яносцы, гусары і конныя аркебузёры; сярэдняя (камплектавалася пераважна з бел.-літ. татараў), да якой таксама належалі пяцігорцы і казакі, а з 1676 і панцырнікі; лёгкая (камплектавалася воінамі з бяднейшых асяродкаў). У 1-й пал. 17 ст. ў Рэчы Паспалітай з’явілася лёгкая нерэгулярная кавалерыя, арганізаваная А.Ю.Лісоўскім (адсюль назва «лісоўчыкі»). Яе атрады ваявалі на баку Лжэдзмітрыя II у 1608—11, былі на службе ў Жыгімонта III, у складзе войска імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фердынанда III і інш. (пасля 1636 фарміраванні «лісоўчыкаў» распушчаны).
Паводле ваенна-іерархічнай лесвіцы ВКЛ войска ўзначальваў камандуючы — гетман найвышэйшы (з 17 ст. гетман літоўскі), які прызначаўся часова для арганізацыі абароны краю або кіраўніцтва войскам на пэўным напрамку. Пасля заканчэння вайны пасада скасоўвалася, але пазней (з 1581) стала пажыццёвай. Памочнікам вялікага гетмана з 16 ст. быў палявы гетман (гетман польны, палявы правадыр). Звычайна на пасаду гетманаў прызначаліся прадстаўнікі знатных і магутных магнацкіх родаў. Талент палкаводцаў, тактычныя перавагі і стратэг. мысленне былі гал. фактарамі шэрагу буйных перамог войск ВКЛ. Сярод военачальнікаў 16—17 ст. асабліва вызначыліся М.Глінскі ў Клецкай бітве 1506, К.Астрожскі ў Аршанскай бітве 1514, М.Радзівіл у Ульскай бітве 1564, Я.К.Хадкевіч (з войскам у 4 тыс.чал. 27.9.1605 разбіў 11-тысячнае войска шведаў) і інш.
З сярэдзіны 17 ст.ВКЛ была ўцягнута ў паласу разбуральных войнаў, сярод якіх найб. жорсткімі лічацца вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночная вайна 1700—21. У выніку ваен. дзеянняў на тэр. Беларусі былі вычарпаны амаль усе матэрыяльныя рэсурсы. З таго часу ў абставінах сац.-паліт. нестабільнасці баяздольнасць арміі ВКЛ знізілася да таго, што войскі асобных магнатаў колькасна і якасна перавышалі дзярж.ўзбр. сілы. Так, войскі магнатаў Агінскіх у канцы 17 ст. налічвалі 20 тыс.чал. У барацьбе з Сапегамі, якая ў 1697—1702 прыняла формы грамадз. вайны, Агінскія разам з Вішнявецкімі атрымалі перамогу.
У гэты час зыход бітваў на палях Еўропы вызначалі рэгулярная, добра ўзброеная і навучаная пяхота і артылерыя. Наспявалі рэформы, пачатак якім паклала стварэнне ў Гродне Камісіі вайсковай Вялікага княства Літоўскага (10.3.1765) — калегіяльнага органа, які сканцэнтраваў у сваіх руках пытанні арганізацыі і забеспячэння войск. Камісіі ўдалося пераканаць сойм у неабходнасці павелічэння ваен. бюджэту і правесці рашэнні па арганізацыі войска ВКЛ; быў створаны Гродзенскі кадэцкі корпус, які рыхтаваў афіцэраў для арміі ВКЛ.
Аднак развіццё вайск. рэформ запаволіў выбух Барскай канфедэрацыі 1768—72, што паслужыла нагодай для ўвядзення рас. войск на тэр. федэратыўнай дзяржавы і першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Пад націскам ваен. сілы сойм, які ратыфікаваў першы падзел, абвясціў утварэнне новага дзярж. ін-та, т.зв. Рады няспыннай, якая складалася з 5 дэпартаментаў. Адзін з іх (Дэпартамент вайсковы) аддаваўся пад уладу 4 гетманаў (2 каронных і 2 літоўскіх). Сойм 1773—75 ухваліў павелічэнне вайск. бюджэту і колькасці арміі да 30 тыс.чал. У ВКЛ пачалося фарміраванне 2 дывізій, 2 брыгад кавалерыі нарадовай, 5 палкоў пярэдняй стражы і інш. Сойм 1776—78 прызнаў, што колькасці войска ў 30 тыс.чал. немагчыма дасягнуць з-за недахопу грошай. таму было вырашана мець армію ў 24 тыс.чал. У 1788 практычна грошай хапіла толькі на ўтрыманне 4,5 тыс. жаўнераў. Гал. перашкодай для павелічэння колькасці войска, найперш пяхоты, была немагчымасць увядзення рэкруцкай сістэмы, з дапамогай якой набіраліся ўсе войскі моцных суседзяў (шляхта ВКЛ баялася страціць працоўныя сялянскія рукі, дбаючы больш пра ўласны дабрабыт, чым пра бяспеку дзяржавы). Нягледзячы на ўсе складанасці, ішла праца над павышэннем узроўню баявой падрыхтоўкі хоць і нешматлікага войска Пачала адраджацца артылерыя, дзякуючы ініцыятыве камандуючага коннай артылерыяй А.Бруля і генерала артылерыі літоўскай К.Сапегі. У 1776 у Варшаве заснавана Каралеўская школа артылерыі, выпускнікі якой у 1792—94 склалі касцяк спецыялістаў у гэтай галіне. Значная частка выпускнікоў школы ўдзельнічала ў паўстанні 1794.
У выніку 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай (1793, 1795) уся тэр. Беларусі ўвайшла ў склад Рас. імперыі, значная частка ўзбр. сіл ВКЛ — у яе армію. Яшчэ ў 1772 у складзе рас. арміі на тэр. Беларусі былі сфарміраваны некат. падраздзяленні, потым створаны Бел. гусарскі полк (1775—83), Бел. егерскі батальён (1777), Імператарская бел. шляхецкая харугва (1784) і інш. У 1796—99 у склад рас. войска прынята больш за 40 тыс. ураджэнцаў Беларусі, а з 1801 па 1812 — больш за 100 тыс.чал. Толькі ў 1-й арміі ген. Барклая дэ Толі ў 1812 6 дывізій былі ўкамплектаваны выхадцамі з Беларусі. Шмат фарміраванняў рас. арміі мелі бел. найменні: Беларускі егерскі корпус, Віцебскі пяхотны полк, Гродзенскі гусарскі полк, Магілёўскі пяхотны полк, Мінскі пяхотны полк, Полацкі пяхотны полк, Нясвіжскія палкі (карабінеры і 4-ы грэнадзёрскі) і інш.
Паводле распараджэння Напалеона I і рашэння Камісіі Часовага праўлення ВКЛ у 1812 некалькі тыс.чал. былі прызваны ў склад літоўскіх войск, якія павінны былі забяспечыць парадак у тыле франц. арміі. Ні колькасна, ні па ўзроўні баявой падрыхтоўкі армія ВКЛ не адпавядала патрабаванням, каб весці ваен. дзеянні. Рэшткі гэтага войска (большая частка загінула ў баях) уключаны ў армію Царства Польскага (у складзе Рас. імперыі).
У 1817 у рас. арміі на тэр.зах. губерняў сфарміраваны Літоўскі асобны корпус, у склад якога ў розныя часы ўваходзілі Нясвіжскі карабінерны, Гродзенскі гусарскі, Брэсцкі і Мінскі пяхотныя палкі, шэраг інш.вайск. фарміраванняў. Корпус налічваў каля 40 тыс.чал.мясц. ураджэнцаў. Многія з іх прымалі ўдзел у паўстанні 1830—31, таму з мая 1831 часці корпуса перайменавалі, некат. з іх расфарміравалі Войскі Рас. імперыі, што знаходзіліся на тэр. Беларусі, складаліся з пяхоты, кавалерыі, артылерыі і інж. часцей. Для падрыхтоўкі ваен. кадраў у губернскіх гарадах былі створаны кадэцкія карпусы. З ліку беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі папаўняліся рас. афіцэрскі і генеральскі карпусы: І.У.Гурка, М.В.Без-Карніловіч, А.І.Вількіцкі, А.А.Непакайчыцкі, У.У.Ходзька, М.Ф.Чарняеў і інш. Афіцэры А.Баранцэвіч, Я.Ваньковіч, П.Высоцкі, А.Гелгуд, Я.Кашыц, А.А.Лянкевіч, Л.Нарбут, А.Парадоўскі, Р.Рагінскі, С.Сангін, Р.Траўгут, В.Урублеўскі, Ю.Эйтмановіч, Ф.Юндзіл і інш. ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830—31 і 1863—64.
Многія беларусы і ўраджэнцы Беларусі прымалі ўдзел у войнах, якія вяла Рас. імперыя ў 19 ст. У час руска-турэцкай вайны 1877—78 на Балканах асабліва вызначыўся ген. І.У.Гурка, а таксама многія афіцэры і салдаты. У гонар ратнага подзвігу беларусаў у 1898 на Мінскіх ваенных могілках узведзены храм-помнік Аляксандра Неўскага, дзе на мармуровых плітах залатымі літарамі выпісаны імёны 118 пехацінцаў і артылерыстаў, што загінулі ў баях за балгарскі горад Плевен (Плеўна).
У пач. 20 ст.гал. родам войск заставалася пяхота. Вышэйшым такт. аб’яднаннем сухапутных войск быў армейскі корпус (АК), які складаўся з 2 пях. дывізій, кав. дывізіі, 2 брыгад пешай артылерыі і дывізіёна коннай артылерыі. На тэр. Беларусі дыслацыраваліся часці 2-га АК (штаб у Гродне), 4-га АК (штаб у Мінску), 19-га АК (штаб у Брэст-Літоўску). Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў склад АК уваходзілі казацкі полк, корпусная артылерыя (марцірны дывізіён), авіязвяно (авіяатрад з 3—6 самалётаў), сапёрны батальён, падраздзяленні сувязі і тылу, сан. і ваен.-гасп. падраздзяленні і ўстановы пяхотных дывізій. Штабы дывізій размяшчаліся ў Мінску, Бабруйску, Гродне, Брэст-Літоўску і інш. З 1902 у Брэст-Літоўску размяшчаўся асобны артыл. полк, крапасная сапёрная рота (сфарміравана ў 1891) і крапасны ваен. тэлеграф (сфарміраваны ў 1890). У 1901 у Брэст-Літоўску створана крапасное паветраплавальнае аддзяленне, якое ў 1907 перафарміравана ў паветраплавальны крапасны батальён. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння Брэсцкай крэпасці Буд-ва вялося з лета 1913 да восені 1914. У жн. 1915 гарнізон крэпасці разам з узбраеннем і маёмасцю эвакуіраваны (15.8.1915 крэпасць занялі герм. войскі. Тут быў падпісаны Брэсцкі мір 1918). Напярэдадні 1-й сусв. вайны на базе некат. паветраплавальных падраздзяленняў сфарміраваны першыя авіяц. атрады, адзін з якіх (5-ы, што базіраваўся ў Гродне) стаў узорным ва ўсёй рас. арміі.
Першыя баявыя вылеты рас. лётчыкаў у небе Беларусі адбыліся ў 1914. Авіяцыя вяла разведку, карэкціравала агонь артылерыі, дастаўляла розныя данясенні і выконвала задачы сувязі. У пач. 1915 для аховы Стаўкі вярх. галоўнакамандавання (у Баранавічах, потым у Магілёве) створаны другі знішчальны авіяатрад. На тэр. Беларусі прайшоў баявы шлях эскадры баявых паветр. караблёў «Ілья Мурамец», якія базіраваліся ў Лідзе і Станькаве. У небе Беларусі на Зах. фронце дзейнічала 3-я знішчальная авіяц. група і асобны знішчальны авіяатрад з гвардзейскіх афіцэраў, які непасрэдна падпарадкоўваўся вял. князю Аляксандру Міхайлавічу. 29.8.1917 упершыню ў гісторыі авіяцыі ў небе над Беларуссю выпрабаваны авіяц. рэактыўныя снарады. У час 1-й сусв. вайны на тэр. Беларусі знаходзілася 2-я па колькасным складае групоўка знішчальнай і разведвальнай авіяцыі, самы буйны франтавы авіярамонтны парк у Брэсце.
Значная колькасць вайскоўцаў-беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў складзе рас. арміі прымала ўдзел у 1-й сусв. вайне. Сярод іх камандуючы Зах. фронтам В.І.Гурка, каманд. арміяй Я.А.Радкевіч, камандзіры злучэнняў А.В.Станкевіч, А.В.Собалеў і многія інш.
Р.Ч.Лянькевіч, А.Л.Самовіч, В.А.Юшкевіч.
Княжацкі дружыннік 12 ст. Малюнак В.Ляхора.Княжацкі дружыннік 13 ст. Малюнак В.Ляхора.Рыцар Вялікага княства Літоўскага 14 ст. Малюнак В.Ляхора.Рыцар Вялікага княства Літоўскага 16 ст. Малюнак В.Ляхора.Гусар Вялікага княства Літоўскага 16 ст. Малюнак В.Ляхора.Маёр палка коннай гвардыі 1792. Малюнак В.Ляхора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ ПОЛКу Вялікую Айчынную вайну,
адна з арганізацыйных форм аб’яднання партыз. сіл у тыле ворага. На тэр. Беларусі меў абмежаванае пашырэнне. Колькасць партызан, узбраенне і структура кіравання амаль такія, як у партызанскай брыгадзе. Звычайна полк падзяляўся на батальёны, роты, узводы і аддзяленні. Дзейнічала 14 палкоў, з іх 11 арганізацыйна ўваходзілі ў склад ваенна-аператыўных груп (ВАГ), 3 дзейнічалі самастойна (Смаленскі, 208-ы імя Сталіна, «Трынаццаць»). Усе палкі, за выключэннем Смаленскага і «Трынаццаць», будаваліся па адзінай структуры, распрацаванай штабам ВАГ пры Магілёўскім падп. абкоме КП(б)Б. Палкі мелі штаб, 1—2 дыверсійныя ўзводы, падраздзяленні баявога і матэрыяльнага забеспячэння, некаторыя — шпіталь, пасадачныя авіяпляцоўкі або пляцоўкі для прыёму авіягрузаў. Артылерыя і станковыя кулямёты ў залежнасці ад колькасці ствалоў у палках аб’ядноўваліся ў роту цяжкай зброі або ўключаліся ў склад стралк. рот чацвёртымі агнявымі ўзводамі. Пасля злучэння з Чырв. Арміяй БШПР вызначыў палкі як брыгады. На Беларусі дзейнічалі П.п.: 15-ы [жн. 1943—28.6.1944; у Кармянскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Бярэзінскім, Клічаўскім, Прапойскім, Чавускім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір А.С.Дзямідаў; камісар І.П.Ніжнік; нач. штаба І.І.Вішнеўскі (загінуў), П.А.Віліткевіч], 113-ы (студз. — 30.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Клічаўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзіры К.М.Белавусаў, З.П.Гапонаў; камісар Дз.Я.Альховік; нач. штаба І.Ф.Хазаў), 121-ы імя А.М.Касаева [ліст. 1943—30.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзіры А.М.Касаеў (загінуў), А.А.Ільінскі; камісар І.М.Іваноў; нач. штаба В.М.Саўчанка, М.М.Гарусаў], 122-і «За Радзіму» (кастр. 1943—30.6.1944; у Бялыніцкім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзір А.І.Ліпскі; камісар М.Ф.Кручынін; нач. штаба П.А.Сікорскі, М.А.Салтаказін), 152-і (кастр. 1943—24.2.1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір М.Дз.Грыцан; камісары К.Н.Шыбанаў, І.С.Зычкоў; нач. штаба І.Б.Рутман, К.В.Еўтуховіч), 208-ы імя І.В.Сталіна (30.8.1943—11.7. 1944; у Быхаўскім. Бялыніцкім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Барысаўскім, Крупскім, Пухавіцкім, Чэрвеньскім р-нах Мінскай, Ганцавіцкім, Лагішынскім, Пінскім, Целяханскім р-нах Пінскай абл.; камандзір Я.М.Бяспоясаў, камісар Р.І.Шчарбакоў, нач. штаба П.Ф.Бадачэнка), 255-ы (ліст. 1943—28.6.1944; у Жлобінскім, Рагачоўскім р-нах Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Крупскім р-не Мінскай абл.; камандзір В.А.Мінайлаў; камісары А.Н.Захарава, В.У.Паўлаў; нач. штаба І.А.Ярымаў), 277-ы (вер. 1943—28.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім, Магілёўскім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай, Крупскім р-не Мінскай абл.; камандзіры І.З.Ізох, М.П.Коканцаў; камісары І.М.Гершовіч, М.І.Кніга, А.М.Радзюк; нач. штаба С.Ц.Токараў), 425-ы (кастр. 1943—24.2.1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір Ф.Ф.Сухаў; камісар Ц.І.Ляўшынскі; нач. штаба В.П.Юхнаў, Ц.Я.Сакалоўскі), 537-ы [кастр. 1943—27.6. 1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Асіповіцкім, Бабруйскім, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір С.Дз.Баркоўскі; камісар Ф.Ф.Дабравольскі; нач. штаба А.А.Вязальшчыкаў, М.Н.Дрозд (загінуў), М.А.Леў], 600-ы (студз. — 30.6.1944; у Бялыніцкім, Бярэзінскім, Магілёўскім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзір Г.Ф.Меднікаў; камісар В.Ц.Някрасаў; нач. штаба В.Дз.Швагрынаў, А.А.Станкевіч), 810-ы (кастр. 1943—24.2. 1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір М.Л.Максімаў-Лебедзеў, камісар Дз.А.Смагін, нач. штаба А.Р.Феакцістаў), Смаленскі [ліп. 1942—3.7.1944; у Куранецкім р-не Вілейскай, Сенненскім, Талачынскім, Ушацкім, Чашніцкім р-нах Віцебскай абл.; Дзямідаўскім, Касплянскім р-нах Смаленскай вобл. (Расія); камандзір І.Ф.Садчыкаў, камісар А.Ф.Юр’еў; нач. штаба Г.П.Дамарацкі, П.Г.Міняеў], «Трынаццаць» [чэрв. 1942—1.6.1944; у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Смаленскай абл.; камандзіры С.У.Грышын, С.В.Пахомаў (в.а.); камісар І.А.Стралкоў; нач. штаба І.В.Узлоў (загінуў), С.П.Скварцоў].
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне,1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 476—479.