КАДЖАЯ́Н (Акоп Карапетавіч) (13.12.1883, г. Ахалцыхе, Грузія — 24.4.1959),

армянскі графік і жывапісец. Нар. мастак Арменіі (1935). Вучыўся ў Мюнхене ў студыі А.Ажбе (1903—05) і АМ (1905—07). К.-графік зазнаў уплывы сярэдневяковай арм. мініяцюры, аб’яднання «Свет мастацтва», У.Фаворскага. Творам уласцівы багатая фантазія, пачуццё стылю (акварэль «Давід Сасунскі», 1922; іл. да «Анталогіі паэзіі Арменіі», 1936; «Армянскіх народных казак», 1955, і інш.). Жывапісныя творы: «Вуліца ў Тэбрызе» (1922), «Расстрэл камуністаў у Татэве» (1930), «Нараджэнне Давіда Сасунскага» (1947), «У сяле Гарні» (1957) і інш.

А.​Каджаян. Расстрэл камуністаў у Тацтэве. 1930.

т. 7, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧА́К НААПЕ́Т (?—1592?),

армянскі паэт. Верагодна, жыў у в. Хараконіс каля г. Ван (цяпер Турцыя). Пачынальнік свецкай тэматыкі ў арм. паэзіі. Дасканала валодаў найб. стараж. формай верша — айрэнам. Пісаў вершы любоўныя, філасофска-павучальныя (айрэны роздумаў) і вандроўніцкія (айрэны блуканняў), у якіх апяваў радасць кахання і жыцця, прыгажосць жанчыны, імкнуўся асэнсаваць пакутніцкі лёс арм. народа, сцвярджаў гуманіст. ідэалы. Лірыка К. глыбока народная, рытмамеладычная. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Я.​Семяжон.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. Айрены М., 1972;

Сто и один айрен. М., 1976.

А.​Казінян.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕСРО́П МАШТО́Ц (каля 362, с. Хацэкац, правінцыя Тарон, Арменія — 17.2.440),

армянскі вучоны, манах-асветнік; стваральнік арм. алфавіта (405—406), пачынальнік пісьменнасці, асветніцкага руху ў Арменіі. Адукацыю атрымаў у мясц. грэчаскамоўных школах. Валодаў некалькімі мовамі, у т. л. сірыйскай, перс., грэч. Займаўся прапаведніцкай і перакладчыцкай дзейнасцю. Разам з вучнямі пераклаў з сірыйскай мовы на арм. Біблію (часткова), філас. і рэліг. творы. Аўтар кнігі хрысц. павучанняў, духоўных песень («шараканаў-пакаянняў», усяго каля 130). Арм. царквой прылічаны да святых.

Літ.:

Корюн. Житие Маштоца: Пер. с арм. Ереван, 1962.

А.​Казінян.

т. 10, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПАЗЯ́Н (Ваграм Камеравіч) (18.1.1888, г. Стамбул, Турцыя —5.6.1968),

армянскі акцёр. Нар. арт. СССР (1956). Сцэн. адукацыю атрымаў у Італіі. З 1907 (з перапынкамі) працаваў у арм. т-рах Стамбула, у 1922—53 іграў у арм. і рус. трупах Ерэвана, Тбілісі, Баку, Ленінграда, з 1954 у Арм. т-ры імя Г.​Сундукяна ў Ерэване. Творчасці ўласцівы дасканаласць выканаўчай тэхнікі, бліскучы артыстызм. Выступаў пераважна ў п’есах У.​Шэкспіра: Атэла, Гамлет, Рамэо, Макбет («Атэла», «Гамлет», «Рамэо і Джульета», «Макбет»). Сярод інш. роляў: Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Арбенін («Маскарад» М.​Лермантава).

т. 12, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАНЕСЯ́Н (Эдгар Сяргеевіч) (н. 14.1.1930, Ерэван),

армянскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1986). Вучань Р.​Егіязарана і А.​Хачатурана. У 1962—68 дырэктар Арм. т-ра оперы і балета. З 1986 праф. і рэктар Ерэванскай кансерваторыі. Дзярж. прэмія Арменіі 1967, Дзярж. прэмія СССР 1979.

Тв.:

Опера «Падарожжа ў Арзрум» паводле А.​С.​Пушкіна (1987), балеты «Мармар» (1957), «Блакітны накцюрн» (1964), «Вечны ідал» (1966), «Антуні» (1969), опера-балет «Давід Сасунскі» (1976);

вак.-сімф. творы;

3 сімфоніі, «Канцэрг-Барока» для сімф. арк. (1983);

фп. квінтэт, струнныя квартэты;

санаты;

хар. цыклы;

апрацоўкі арм. нар. песень, танцаў і інш.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАВЯ́Н (Хачатур Авецікавіч) (14.4.1805, с. Канакер, каля г. Ерэван — 14.4.1848),

армянскі пісьменнік, асветнік-дэмакрат, заснавальнік новай арм. літаратуры і літ. мовы, педагог. Класік арм. л-ры. Выступаў за нац. культурнае і паліт. адраджэнне армян, супраць сярэдневяковых схаластычных метадаў, дагматызму і фармалізму ў школьным навучанні. Першы нац. гіст. раман «Раны Арменіі» (1841, выд. 1858) — пра вызв. барацьбу арм. народа ў перыяд руска-іранскай вайны 1826—28. Пед. погляды выказаў у кн. «Перадсцежжа» (1838), рамане «Гісторыя Тыграна, ці Маральнае настаўленне для армянскіх дзяцей» (выд. 1941). Аўтар навук.-маст. твораў «Адкрыццё Амерыкі» (выд. 1940), «Курды» (1948) і інш.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГАРША́Н (сапр. Пагасян) Вагарш Багданавіч

(14.2.1894, г. Шуша, Нагорны Карабах — 6.5.1959),

армянскі акцёр, рэжысёр, драматург. Нар. арт. СССР (1954). З 1923 у армянскім т-ры імя Г.​Сундукяна (Ерэван). Праф. Ерэванскага тэатр. ін-та (з 1946). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, майстар пераўвасаблення. З роляў: Гагік («Краіна родная» Д.​Дэмірчана), Арбенін («Маскарад» М.​Лермантава), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра). Сярод пастановак: «Дасцігаеў і іншыя» (1934) і «Васа Жалязнова» (1937) М.​Горкага, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1938). Аўтар п’ес «У кальцы» (1930), «Давід Сасунскі» (1940) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1952.

т. 3, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАШЫ́ (сапр. Грыгаран) Ашот Багдасаравіч

(22.5.1910, Баку — 28.2.1973),

армянскі паэт. Скончыў Ерэванскі пед. ін-т (1931). Друкаваўся з 1929. Аўтар зб-каў паэзіі «Разам з народам» (1938), «Арфа вайны» (1942), «Пад зоркай братэрства» (1949), «Песня па свеце ляціць» (1952), «Сястра сонца» (1972), «Крыніца жураўлёў» (апубл. 1976) і інш. Асн. тэматыка творчасці — жыццё і стваральная праца суайчыннікаў, змаганне за мір. Яго паэзія адметная жыццесцвярджальным пафасам, лірызмам, грамадзянскасцю. Пераклаў на арм. мову асобныя творы М.​Танка, А.​Ставера. Творы Грашы на бел. мову перакладалі А.​Астрэйка, А.​Вялюгін, С.​Дзяргай, Х.​Жычка, Ю.​Свірка, В.​Шымук.

т. 5, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВАЯ́Н (Размік Нікагосавіч) (н. 3.7.1940, в. Мец Парні Спітакскага р-на, Арменія),

армянскі паэт. Скончыў Ерэванскі пед. ін-т (1964). Друкуецца з 1964. З 1994 старшыня СП Арменіі. Аўтар кніг вершаў і паэм «Мой свет» (1963), «Праз цені» (1967), «Рэквіем» (1969), «Соты» (1973), «Гарачыя пліты» (1978), «Медная ружа» (1983), «Выбранае» (1987), «Эпас юнацтва», «Каменная падушка» (абедзве 1989) і інш., у якіх шматграннае адлюстраванне духоўнага свету суайчыннікаў, асэнсаванне іх праблем і пошукаў, беражлівыя адносіны да традыцый класічнай арм. л-ры, багацце новых паэт. формаў. Дзярж. прэмія Арменіі 1985. На бел. мову асобныя творы Даваяна пераклаў Р.​Барадулін.

С.​Арзуманян.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САР’Я́Н (Саран) Гегам Багдасаравіч

(25.12.1902, г. Тэбрыз, Іран — 14.11.1976),

армянскі паэт. Засл. дз. культ. Арменіі (1967). Засл. дз. культ. Украіны (1972). Скончыў Тэбрызскую арм. семінарыю (1920). Настаўнічаў. З 1922 жыў у Арменіі. Друкаваўся з 1919. Аўтар зб-каў грамадз. і патрыят. лірыкі «Краіна Савецкая» (1930), «Поўдзень» (1935), «Балады» (1944), «Хрызантэма» (1968, Дзярж. прэмія Арменіі 1970), «Выбранае. Вершы і балады» (1974) і інш. Пераклаў на арм. мову вершы Я.​Купалы «Хвалююцца морскія хвалі...», «Алеся», «Хлопчык і лётчык». На бел. мову яго асобныя вершы пераклаў М.​Чарняўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1982.

Літ.:

Мнацаканян В. Гегам Сарьян. Ереван, 1956.

т. 14, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)