ГІГРАБІЁНТЫ [ад гігра... + біёнт(ы)],
арганізмы (пераважна вельмі дробныя), жыццё якіх звязана з капілярнай глебавай вадой. Удзельнічаюць у асноўных біял. працэсах, што адбываюцца ў глебе. Да гіграбіёнтаў належаць, напр., прадстаўнікі мезафауны — энхітрэіды, членістаногія, грыбы.
т. 5, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРАФО́БЫ [ад гігра... + ...фоб(ы)],
наземныя арганізмы, не прыстасаваныя да існавання ва ўмовах павышанай вільготнасці асяроддзя. Жывуць пераважна на сухіх мясцінах (напр., асака пясчаная, лясныя мурашкі, многія віды насякомых і інш.). Гл. таксама Гіграфілы.
т. 5, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАФІ́ЛЫ [ад нітр... + філ(ы)],
арганізмы, якія лепш растуць на глебах, багатых злучэннямі азоту. Сярод раслін — грыбы, імхі, крапіва, лебяда, лён, маліны, пшаніца, скрыпень, сланечнік і інш.; сярод жывёл — жгуцікавыя роду нанахлорыс і інш.
т. 11, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАРАБІЁНТЫ [ад грэч. katharos чысты + біёнт(ы)],
катаробіі, арганізмы, якія жывуць у чыстых халодных прэсных водах з вял. колькасцю растворанага кіслароду. Характэрны для вадаёмаў, размешчаных у высакагорных або паўн. раёнах — некат. азёрах, хуткацякучых рэках і ручаях.
Відавы склад К. разнастайны, часта гэта рэліктавыя арганізмы, вельмі адчувальныя да якасці вады (некат. бурыя і чырв. водарасці, імхі, двухстворкавыя бруханогія малюскі; з ракападобных — нямногія віды цыклопаў, бакаплаваў; з насякомых — лічынкі некат. вяснянак і шыцікаў; з рыб — стронгі, харыусы, бычкі-падкаменшчыкі) Многія К. фауны Беларусі занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (вусач, рыбец, стронга ручаёвая, харыус звычайны; з ракападобных — бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя).
т. 8, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЫ́СТЫ (ад грэч. prōtistos самы першы),
сукупнасць аднаклетачных ядзерных арганізмаў. Вывучае пратысталогія. Тэрмін увёў Э.Гекель (1866), які прапанаваў вылучаць П. ў асобнае царства, што ўключала таксама бактэрый. Некат. вучоныя лічаць, што да П. неабходна адносіць толькі жывёльныя аднаклетачныя арганізмы. Аднак на клетачным узроўні немагчыма правесці пэўную мяжу паміж раслінамі і жывёламі. Напр., некат. расл. жгуціканосцы здольныя мяняць тып жыўлення ў залежнасці ад умоў асяроддзя: на святле ажыццяўляюць фотасінтэз (жывяцца як аўтатрофы), у цемры здольны жывіцца гатовымі арган. рэчывамі (як гетэратрофы). Гэта сведчыць пра адзінства паходжання раслін і жывёл і дазваляе інш. вучоным аб’яднаць у групу П. ўсе аднаклетачныя ядзерныя арганізмы.
А.С.Шалапёнак.
т. 13, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТРО́ФЫ [ад бія... + ...троф(ы)],
арганізмы, якія жывяцца іншымі жывымі арганізмамі. Усе біятрофы (жывёлы, грыбы, большасць бактэрый, а таксама бесхларафільныя наземныя расліны і водарасці) з’яўляюцца гетэратрофамі (у т. л. фітафагі і заафагі, уключаючы паразітаў). Гл. таксама Сапратрофы.
т. 3, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАБІЯСФЕ́РА (ад апа... + біясфера),
слаі атмасферы (вышэй за 60—80 км), у якія ніколі, нават выпадкова, натуральным шляхам не падымаюцца жывыя арганізмы і куды біягенныя рэчывы заносяцца толькі ў вельмі невял. колькасці. Структурная частка мегабіясферы.
т. 1, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАБІЁНТЫ [ад гала... + біёнт(ы)],
арганізмы, якія жывуць у перасоленых вадаёмах (напр., азёры Баскунчак, Эльтон; Мёртвае і Чырвонае м.). Найб. тыповыя галабіёнты — зялёная водарасць дуналіела, сіне-зялёная водарасць хлараглея, калаўротка Brachionus mülleri, рачок артэмія, лічынкі некат. насякомых і інш.
т. 4, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ ГАСПАДАРЫ́ паразітаў,
арганізмы, у якіх паразіт жыве ў лічынкавым стане, размнажаецца бясполым шляхам ці партэнагенетычна; абавязковае звяно ў цыкле развіцця многіх паразітаў. У адрозненне ад П.г. дэфінітыўнымі гаспадарамі з’яўляюцца арганізмы, у якіх паразіт дасягае палавой спеласці і размнажаецца палавым шляхам. П.г. насяляюць агульны з дэфінітыўнымі гаспадарамі біятоп ці маюць з імі харч. сувязі. П.г. могуць быць малюскі, чэрві, ракападобныя, кляшчы, насякомыя, рыбы, земнаводныя, паўзуны, млекакормячыя і чалавек.
Кожная група П.г. спецыфічная для пэўных груп паразітаў. Напр., малюскі — для смактуноў; ракападобныя — для стужачных чарвей, скрэбняў; млекакормячыя жывёлы — для стужачных чарвей (мышападобныя грызуны — для альвеакока; авечкі, козы, свінні — для эхінакока, буйн. раг. жывёла — для бычынага цэпеня). Чалавек — П.г. для эхінакока, плазмодыяў.
т. 12, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНБІЯСФЕ́РА (ад пан... + біясфера),
1) сума слаёў атмасферы, усёй гідрасферы і часткі літасферы, у якіх пастаянна ці часова (выпадкова) прысутнічаюць жывыя арганізмы.
2) Гіст. рад эвалюц. фаз развіцця біясферы ад зараджэння жыцця, утварэння першаснай біясферы і яе развіцця да сучаснага перыяду.
т. 12, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)