ВЕ́ДАМСТВА,

1) цэнтральная ўстанова або група ўстаноў, якія ўзначальваюць якую-небудзь галіну дзярж. кіравання. Кіраўнікі ведамства ў склад урада не ўваходзяць. У межах сваёй кампетэнцыі ведамствы выдаюць нарматыўныя акты, карыстаюцца правам інспектавання і ведамаснага кантролю. Большасць ведамстваў маюць апрача цэнтральных устаноў мясцовыя органы.

2) Упраўленне ў распараджэнні якога-н. афіц. органа ці асобы.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБНАРО́ДАВАННЕ ЗАКО́НУ,

давядзенне закону да ўсеагульнага ведама; афіцыйнае апублікаванне закону. Ажыццяўляецца органам, які прыняў закон, або кіраўніком дзяржавы ў вызначаныя дадзеным ці спец. законам тэрміны і ўстаноўленым парадку. У Рэспубліцы Беларусь законы і інш. акты, прынятыя Вярх. Саветам, публікуюцца ў «Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь», перадаюцца праз сродкі масавай інфармацыі (газеты, тэлебачанне, радыё), сродкі сувязі.

А.​М.​Абрамовіч.

т. 1, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ 1961 і 1963,

міжнародныя акты, якія кадыфікавалі нормы пасольскага права і консульскага права. Канвенцыя 1961 аб дыпламат. зносінах рэгламентуе дзейнасць дыпламат. прадстаўнікоў, вызначае іх прывілеі, імунітэты і да т.п. Удзельнікам гэтай канвенцыі з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Канвенцыя 1963 аб консульскіх зносінах (увайшла ў дзеянне ў 1967) рэгулюе парадак іх устанаўлення, адкрыцця, задачы, прывілеі і імунітэты консульскіх устаноў.

т. 4, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЬЗЕН ((Kelsen) Ганс) (11.10.1881, Прага — 19.4.1973),

аўстрыйскі юрыст, адзін з заснавальнікаў нарматывізму ў праве. Праф. Венскага (1919—29), Кёльнскага (1930—33), Жэнеўскага (1933—40), Каліфарнійскага (з 1942) ун-таў. Лічыў, што юрыд. навука павінна быць поўнасцю незалежнай ад сац.-паліт. і эканам. абумоўленасці права; яе аб’ектам павінны быць права ў «чыстым» выглядзе, уласна прававая форма, нарматыўныя акты. Яго школу часам называюць «чыстай тэорыяй права».

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМА ПРА́ВА,

агульнаабавязковае правіла паводзін, якое ўстанаўліваецца або санкцыяніруецца дзяржавай і забяспечваецца яго прымусовай сілай. Формай існавання Н.п. з’яўляюцца адпаведныя нарматыўныя акты, а таксама інш. крыніцы права. У залежнасці ад галін права адрозніваюць: адм.-прававыя Н.п., нормы працоўнага, экалагічнага, міжнар., канстытуцыйнага, гасп. і інш. галін права. Паводле часу дзеяння Н.п. падзяляюць на пастаянныя (дзейнічаюць да іх афіц. адмены) і часовыя (дзейнічаюць у межах вызначанага часу).

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМАТЫ́ЎНЫ АКТ,

афіцыйны дакумент паўнамоцнага суб’екта праватворчасці, які ўстанаўлівае, змяняе або адмяняе прававыя нормы. Класіфікуецца паводле юрыд. сілы, якая залежыць ад кампетэнцыі дзярж. органа, што выдаў іх, і характару самога акта. Юрыд. сіла выражае суадносіны пэўнага акта з іншымі, яго месца і ролю ў сістэме крыніц права. Н.а. падзяляюцца на законы і падзаконныя акты. У многіх дзяржавах, у т. л. Рэспубліцы Беларусь, Н.а. з’яўляюцца асн. крыніцамі права.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́ДАМАСЦІ ВЯРХО́ЎНАГА САВЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ»,

афіцыйнае выданне Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. Выходзяць са снежня 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах 3 разы на месяц. Друкуюць нарматыўныя і інш. акты Вярх. Савета, а таксама міжнар. дагаворы, дапаўненні, папраўкі, пратаколы і дадаткі да іх, заключаныя ад імя Рэспублікі Беларусь і ратыфікаваныя Вярх. Саветам.

Да 1990 выдаваўся «Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР».

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУЦЫ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

галіна права, прадметам рэгулявання якой з’яўляюцца прынцыпы арганізацыі і парадак дзейнасці дзярж. інстытутаў, прававы статус грамадзян і іх узаемаадносіны з дзяржавай. К.п. рэгламентуе форму дзярж. ладу, вызначае сістэму, парадак стварэння, кампетэнцыю і прынцыпы дзейнасці дзярж. органаў. Гал. крыніцай К.п. з’яўляецца канстытуцыя, а таксама прававыя акты, якія змяшчаюць нормы дзярж.-прававога характару. У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах для абазначэння гэтай галіны права выкарыстоўваецца тэрмін дзяржаўнае права.

т. 7, с. 596

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКО́ННАСЦЬ, вяршэнства закону,

няўхільнае выкананне законаў і адпаведных ім іншых прававых актаў усімі органамі дзяржавы, службовымі асобамі, грамадзянамі і грамадскімі арг-цыямі; адзін з элементаў дэмакратыі і прававой дзяржавы. Прынцып З. дэкларуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, паводле якой дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства. Прававыя акты або асобныя палажэнні, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку супярэчнымі Канстытуцыі, не маюць юрыд. сілы.

т. 6, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’ЕЗД НАРОДНЫХ ДЭПУТА́ТАЎ СССР, вышэйшы орган дзярж. улады ў СССР у 1989—91. Склікаўся 1 раз у год. Праведзена 5 з’ездаў, у т. л. 2 нечарговыя. На з’езд выбіралі 2250 дэп.: ад тэр. выбарчых акруг з роўнай колькасцю выбаршчыкаў 750, нац.-тэр. — 750, ад кожнай суверэннай рэспублікі — 32, аўт. — 11, аўт. вобласці — 5, аўт. акругі — 1; ад грамадскіх арг-цый —750 дэп. Дэпутаты разглядалі канстытуцыйныя, паліт., сац. і эканам. пытанні, выбіралі Вярхоўны Савет СССР, Прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта СССР, Старшыню Вярх. Савета СССР і яго 1-га намесніка, К-т канстытуцыйнага нагляду СССР; зацвярджалі Старшыню Вярх. суда СССР, Ген. пракурора СССР, Старшыню Вышэйшага арбітражнага суда СССР; прымалі рашэнні аб правядзенні ўсенар. галасавання (рэферэндуму). З’езд меў права адмяніць акты Вярх. Савета СССР. Акты з’езда (законы СССР і пастановы) прымаліся большасцю галасоў. На 3-м з’ездзе (15.3.1990) Прэзідэнтам СССР абраны М.С.Гарбачоў; з Канстытуцыі СССР скасаваны 6-ы арт. пра кіруючую ролю КПСС і аднапарт. сістэму. Апошні нечарговы з’езд (вер. 1991) аб’явіў пераходны перыяд для фарміравання новай сістэмы дзярж. улады. У снеж. 1991 у сувязі з дэнансацыяй Дагавора 1922 аб утварэнні СССР і стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў саюзныя органы ўлады спынілі сваю дзейнасць.

т. 7, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)