МАХАРА́ДЖА (санскр.),

тытул правіцеля ў індуісцкіх дзяржавах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Выкарыстоўваўся ў адносінах да правіцеляў незалежных княстваў у адрозненне ад залежных ад яго феадалаў — раджаў. Пасля ліквідацыі ў Індыі княстваў (1950-я г.) іх правіцелі былі афіцыйна пазбаўлены тытулаў М. Зараз захоўваецца як тытул караля Непала.

т. 10, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМАТО́ЧНЫ КАЦЁЛ,

тып паравога катла, у якім нагрэў і выпарэнне вады, а таксама перагрэў пары, ажыццяўляецца за адзін праход асяроддзя па змеевіках, што знаходзяцца ў топцы (вада падаецца ў кацёл помпай). У адрозненне ад катлоў са шматразовай цыркуляцыяй у П.к. атрымліваюць пару звышкрытычнага ціску (больш за 22,1 МПа).

т. 12, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫГІНА́Л (ад лац. originalis першапачатковы),

1) сапраўдны, аўтэнтычны твор у адрозненне ад копіі або падробкі, фальсіфікацыі; першапачатковы экзэмпляр дакумента.

2) У выдавецкай справе машынапісны экзэмпляр, рукапіс і графічны матэрыял, з якіх робіцца набор; дакументальная аснова друкаванага твора, напрыклад арыгінал кнігі, артыкула.

3) Не падобны на іншых, самабытны, своеасаблівы чалавек, дзівак.

т. 2, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПІЯ (ад лац. copia мноства),

1) дакладнае ўзнаўленне тэксту якога-н. дакумента. К., завераная ва ўстаноўленым законам парадку, мае такую ж юрыд. сілу, як і арыгінал.

2) У выяўленчым мастацтве — дакладна зробленае ад рукі (у адрозненне ад рэпрадукцыі або злепка) узнаўленне чаго-н., напр., якога-н. твора, карціны, скульптуры і інш.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕГАТЫ́Ў (ад лац. negativus адмоўны),

відарыс, атрыманы на святлоадчувальным матэрыяле ў выніку фота- ці кіназдымкі і наступнай хім.-фатагр. апрацоўкі. У адрозненне ад пазітыву на чорна-белых фотаматэрыялах Н. светлыя ўчасткі аб’екта здымкі атрымліваюцца цёмнымі, а цёмныя — светлымі. На каляровых фотаматэрыялах Н. атрымліваецца ў колерах, дадатковых да колераў аб’екта здымкі.

т. 11, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНІ ЕГІ́ПЕТ,

раён Егіпта, які ўключае даліну р. Ніл ад мяжы з Суданам на Пд да шыраты г. Эль-Мінья на Пн. У старажытнасці Верхнім Егіптам называлася ўся асвоеная егіпцянамі даліна Ніла ў адрозненне ад Ніжняга Егіпта, які быў размешчаны ў дэльце Ніла. Мяжа паміж імі праходзіла ў раёне сучаснага г. Каір.

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫ́НШЧЫНА,

дзярж. падатак у ВКЛ у 15—16 ст., які ішоў на выплату даніны крымскаму хану. Накладвалася на воласць, горад ці мястэчка, спаганялася з мяшчан і сялян. У гады спагнання ардыншчыны з падаткаплацельшчыкаў, як правіла, не збіраўся дзярж. падатак на патрэбы войска — сярэбшчына. У адрозненне ад грашовай сярэбшчыны ардыншчына пераважна сплачвалася пушнінай.

П.​А.​Лойка.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДРУБ,

адасоблены надзел, вылучаны з сельскага абшчыннага землекарыстання ў асабістую ўласнасць сял. сям’і ў Рас. імперыі. Узніклі водрубы ў 1907—16 у выніку сталыпінскай аграрнай рэформы побач з хутарамі. У адрозненне ад хутара селянін не пераносіў сядзібу на свой участак, а заставаўся ў вёсцы. На Беларусі водрубы былі найбольш пашыраны ў Віцебскай і Магілёўскай губернях.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСМАРФАФАБІ́Я (ад дыс... + марфа... + фобія),

назойлівы неўратычны страх, звязаны з рэальнай або ўяўнай фіз. заганай. У адрозненне ад дысмарфаманіі працякае звычайна без цяжкіх псіх. расстройстваў. Праяўляецца пераважна ў падлеткаў як часовая ўзроставая з’ява; большасць выпадкаў Д. прыпадае на перыяд палавога выспявання (хоць можа развівацца і ў дарослых людзей, зрэдку і ў дзяцей).

т. 6, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЦЭЛЮЛО́ЗА,

структурная мадыфікацыя цэлюлозы. Цвёрдае рэчыва белага колеру. У адрозненне ад прыроднай цэлюлозы (з якой яе атрымліваюць) лепш раствараецца ў шчолачах, афарбоўваецца, больш гіграскапічная і рэакцыйназдольная ў водных растворах. З гідратцэлюлозы складаюцца віскознае валакно, медна-аміячныя валокны, вытв-сць якіх уключае стадыю пераводу цэлюлозы ў гідратцэлюлозу (напр., асаджэннем з раствору, мех. разломам).

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)