БАЛО́ТНЫЯ АДКЛА́ДЫ,
арганагенныя і мінеральныя асадкі, якія намнажаюцца ў балотах. Сярод балотных адкладаў пераважае торф. На балотах, што акрамя атм. ападкаў жывяцца грунтавымі водамі значнай мінералізацыі, утвараюцца мергелі, балотныя жал. руды, фасфатныя (вівіяніт) і інш. мінералы. Інтэнсіўна намнажаліся ў каменнавугальным, юрскім, палеагенавым і неагенавым перыядах гісторыі Зямлі, ад якіх захаваліся як паклады каменнага і бурага вугалю. Пашыраны на нізінах ва ўсіх прыродных зонах, акрамя палярных і пустынных абласцей, на Беларусі — усюды.
т. 2, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМАВІ́ЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Мармавічы. Адкрыта ў 1972. Распрацоўваецца з 1977. Паклады нафты пл. 14,5 км2 прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых верхнедэвонскіх адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну, у межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб 2400—2750 м. Пароды-калектары — кавернозна-поравыя даламіты. Агульныя запасы нафты 16,5 млн. т. Нафта лёгкая, маласярністая і сярністая, маласмалістая, парафінавая.
А.П.Шчураў.
т. 10, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́ЙСКА-БУРЭІ́НСКАЯ РАЎНІ́НА,
раўніна на Д. Усходзе, у міжрэччы рэк Зея і Бурэя, у Амурскай вобл. Расіі. Выш. 200—300 м. Складзена з рыхлых пясчана-гліністых адкладаў. У бас. р. Бурэя радовішчы вугалю (Бурэінскі вугальны басейн). Глебы лугавыя чарназёмападобныя, бура-таежныя і балотныя. Лясы на Пн мяшаныя (даурская лістоўніца, мангольскі дуб), на Пд дубовыя з амурскай ліпай сярод участкаў лугавых стэпаў («амурскія прэрыі»), б.ч. узараных. Асн. збожжавы раён Амурскай вобл. (пшаніца).
т. 7, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВАШО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Левашы. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1988, распрацоўваецца з 1989. Паклады нафты пл. 10 км2 прымеркаваны да міжсалявых верхнедэвонскіх адкладаў усх. ч. Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2510—2600 м. Пароды-калектары — карбанатныя кавернозна-порыстыя. Агульныя запасы нафты 2115 тыс. т. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, парафінавая.
А.П.Шчураў.
т. 9, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЦЫЯ́ТЫ (Archaeocyatha),
тып вымерлых прымітыўных беспазваночных жывёл. Больш за 1 тыс. відаў. Жылі ва ўсіх морах ранняга кембрыю на глыб. да 100 м.
Даўж. 1—10 см (рэдка 40—150 см), дыям. 1—10 см (рэдка 40—80 см). Вапнавы порысты шкілет меў форму кубка або рога (грэч. kýathos кубак, адсюль назва). Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Вялі прымацаваны спосаб жыцця, зрэдку стваралі першыя стараж. рыфы. Рэшткі археацытаў з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі для кембрыйскіх адкладаў.
т. 1, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ДЫРСКАЯ НІЗІ́НА,
на ПнУ Азіяцкай часткі Расійскай Федэрацыі, у Чукоцкай аўт. акрузе, у даліне р. Анадыр. На У прылягае да Анадырскага заліва, на З абмежавана хрыбтамі Пэкульней і Рарыткін. Даўж. 270 км. Складзена з алювіяльна-азёрных адкладаў. Рэльеф пераважна раўнінны (выш. да 100 м), бліжэй да гор хвалісты, на У з астанцавымі і нізкагорнымі масівамі (Залаты хрыбет, Ушканоў краж). Усюды шматгадовая мерзлата. Шмат тэрмакарставых азёраў, азёраў-старыц. Ландшафт травяніста-купінаватай і хмызняковай тундры.
т. 1, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКІЛАЗА́ЎРЫ,
(Ankylosauria), панцырныя дыназаўры, падатрад выкапнёвых паўзуноў атр. птушкатазавых дыназаўраў. Рэшткі вядомы з адкладаў сярэдняй і верхняй юры Зах. Еўропы і мелу Паўн. Амерыкі, Зах. Еўропы і Аўстраліі. 2 сям., каля 25 родаў, 40 відаў.
Даўж. да 9 м. Мелі шырокае, сплюшчанае цела, зверху ўкрытае касцянымі шыпамі і панцырнымі пласцінкамі, злітымі ў суцэльны панцыр (адсюль другая назва). На канцы хваста, які служыў актыўным сродкам абароны ад драпежных дыназаўраў, былі вострыя шыпы. Карміліся расліннасцю.
т. 1, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГІЛІ́Т (ад грэч. argillos гліна + ...літ),
асадкавая горная парода, што ўтварылася ў выніку ўшчыльнення, абязводжвання і цэментацыі глінаў, ад якіх адрозніваецца каменепадобнасцю і няздольнасцю размакаць у вадзе. Цемнаколерная (да чорнага) парода, у асн. гідраслюдзістага ці мяшанага саставу. Утварае масіўныя пласты, мікраслаістыя разнавіднасці. Аргіліт характэрны для складкавых абласцей і старажытных адкладаў платформаў. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга пратэразою, дэвону і інш. Выкарыстоўваецца як сыравіна для вытв-сці цэменту, керамзіту, радзей буд. керамікі і вогнетрывалых матэрыялаў.
т. 1, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РДА (Garda),
возера на Пн Італіі, каля паўд. падножжа Альпаў, на выш. 65 м. Пл. 370 км². Глыб. да 346 м. У Гарду ўпадае р. Сарка, выцякае р. Мінча (левы прыток р. По). Паўн., вузкая і доўгая частка возера, акаймаваная хрыбтамі выш. да 2000 м, нагадвае фіёрд, паўд. — больш шырокая, складзена з марэнных адкладаў. Суднаходства. Па берагах курорты (Гарда, Сірміёне, Рыва-дэль-Гарда, Мальчэзіне, Гарньяна і інш.). На ўсх. беразе — рэзерват Гардэзана-Арыентале.
т. 5, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛГА-УРА́ЛЬСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,
у Расійскай Федэрацыі. Абмежаваны на У Уралам, на Пд Прыкаспійскай упадзінай, на Пн Ціманскім кражам, на З Сысальскім, Капельніцкім, Токмаўскім скляпеннямі і Варонежскім масівам. Агульная пл. 700 тыс. км². Першае радовішча нафты адкрыта ў 1929. Больш за 900 нафтавых і 500 газавых радовішчаў. Прамысл. паклады прыўрочаны да адкладаў дэвону, карбону, пярмі. Прадуктыўныя гарызонты на глыб. ад 0,5 да 5 км і больш. Асн. радовішчы: Рамашкінскае, Арэнбургскае, Туймазінскае, Шкапаўскае, Арланскае і інш.
т. 4, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)