ВАШЫНГТО́Н (Washington) Джордж (22.2.1732, Уэйкфілд, штат Віргінія, ЗША — 14.12.1799),
амерыканскі дзярж. і ваен. дзеяч; галоўнакаманд. амер. арміяй у Вайне за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, першы прэзідэнт ЗША. З сям’і багатага плантатара-рабаўласніка. На пач.Сямігадовай вайны 1756—63 у званні палкоўніка камандаваў войскамі Віргініі. У 1759 выйшаў у адстаўку. Выбіраўся чл. 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў, выступаў супраць калан. палітыкі Англіі. 15.6.1775 прызначаны кангрэсам галоўнакаманд. узбр. сіламі ахопленых паўстаннем англ. калоній Паўн. Амерыкі. Паказаў сябе таленавітым палкаводцам і арганізатарам. Кангрэс неаднойчы даваў Вашынгтону шырокія, нават дыктатарскія паўнамоцтвы. У канцы вайны група афіцэраў арганізавала манархічную змову і прапанавала Вашынгтону карону, ён адмовіўся. У 1787 старшыня Канвента па выпрацоўцы канстытуцыі ЗША, якая з невял. змяненнямі дзейнічае і зараз. На аснове гэтай канстытуцыі Вашынгтон двойчы абраны прэзідэнтам ЗША (1789—97, адзіны ў ЗША прэзідэнт, які атрымаў галасы ўсіх выбаршчыкаў). У 1796 адмовіўся балаціравацца на прэзідэнцкі пост у трэці раз. Адзін з заснавальнікаў двухпартыйнай сістэмы ў ЗША. Прыхільнік паступовай адмены рабства. Паводле завяшчання Вашынгтона вызваляліся ўсе рабы, якія належалі яму асабіста. У знешняй палітыцы выступаў за захаванне ЗША нейтралітэту ў адносінах з еўрап. дзяржавамі. У гонар Вашынгтона названа сталіца ЗША — г. Вашынгтон.
Літ.:
Юзефович И.С. Джордж Вашингтон и борьба за независимость Америки. М., 1941;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕНАРЭ́Я (ад а... + грэч. mēn месяц + rheō цяку),
адсутнасць менструацый на працягу 6 і больш месяцаў у палаваспелых жанчын (ад 15—16 да 45 гадоў). Абумоўлена недастатковасцю гармонаў, якія дзейнічаюць на палавыя органы жанчыны, або неўспрымальнасцю палавых органаў да гармонаў. Фізіялагічная аменарэя назіраецца да палавой спеласці, у перыяд цяжарнасці, лактацыі і ў клімактэрычны перыяд. Пры несапраўднай аменарэі менструальны цыкл нармальны, але кроў не выходзіць вонкі з прычыны заган развіцця палавых органаў (адсутнасць похвы або шыйкі маткі, адтуліны ў дзявоцкай пляве і інш.). Пры сапраўднай паталагічнай аменарэі адсутнічаюць цыклічныя змены ў палавых органах, фізіял. працэсы выспявання фалікулаў і яйцаклеткі, што выклікае бясплоднасць; парушана функц. сістэма рэгуляцыі менструальнай і ў цэлым генератыўнай функцыі жанчыны (гіпаталамус—гіпофіз—перыферычныя залозы—палавыя органы). Адрозніваюць аменарэю паталагічную першасную (менструацыі не было ні разу ў жыцці), абумоўленую паталогіяй выспявання яечнікаў, наднырачнікаў, шчытападобнай залозы, маткі, а таксама гіпаталама-гіпафізарнай вобласці і вышэйшых аддзелаў ц. н. с. Развіваецца пры ўздзеянні неспрыяльных фактараў на арганізм жанчыны ў перыяд унутрывантробнага развіцця і адразу пасля родаў. Аменарэя паталагічная другасная (менструацыя была хоць адзінраз) звязана таксама з захворваннямі органаў — звёнаў рэгуляцыі менструальнай функцыі ў выніку запаленчых, функцыян., арган. (пухліны) пашкоджанняў, нервова-псіхічных стрэсаў і інш. у перыяд палавой сталасці. Папярэднічае хваробе гіпаменструальны сіндром: менструацыі (пасля нармальных) рэдкія, кароткія, з мізэрным крывацёкам. Для лячэння неабходна спец. абследаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТЭАТРА́ЛЬНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ»,
часопіс драматургіі і сцэн. мастацтва. Выдаваўся ў 1992—98 у Мінску на бел. мове адзінраз у 2 месяцы, да 1995 (№ 5) наз. «Тэатральная Беларусь». Сістэматычна змяшчаў новыя шматактовыя і аднаактовыя п’есы для дарослай і дзіцячай аўдыторыі, лялечных калектываў (творы М.Арахоўскага, Г.Аўласенкі, Р.Баравіковай, У.Бутрамеева, В.Жуковіча, Х.Жычкі, С.Кавалёва, Г.Марчука, Я.Міклашэўскага, Т.Мушынскай, Л.Рублеўскай, І.Сідарука, А.Федарэнкі, І.Чыгрынава і інш.). Публікаваў творы са спадчыны, якія раней не друкаваліся ці сталі бібліягр. рэдкасцю (п’есы Ф.Аляхновіча, Н.Арсенневай, К.Буйло, М.Радзівіла, Л.Родзевіча, М.Чарота, В.Шашалевіча і інш.), а таксама пераклады на бел. мову п’ес Я.Баршчэўскага, А.Пушкіна, А.К.Талстога, Л.Талстога. Змяшчаў артыкулы па праблемах развіцця драматургіі, сцэн. мастацтва, па гісторыі тэатра, пра творчасць аматараў, публіцыст. артыкулы пра сувязь мастацтва з рэаліямі жыцця, рэцэнзіі на найб. значныя спектаклі. Асвятляў міжнар. фестывалі, тэатралізаваныя святы, нар. традыцыі. Публікаваў творчыя партрэты дзеячаў тэатра, успаміны пісьменнікаў і акцёраў. Калектыў рэдакцыі ў 1994 заснаваў штогоднік «Беларуская драматургія», у якім змяшчаліся новыя неапублікаваныя п’есы, забытыя творы са спадчыны, пераклады з інш. моў на беларускую. Выдаў буклет «Балтыйская тэатральная вясна—92» (1992), кн. «Паўлюк Багрым» (1994), «Культура беларускага замежжа» (ч. 3, 1998), «Тэатры Беларусі» (на бел. і англ. мовах, 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НЕС (Mánes),
сям’я чэшскіх жывапісцаў. Нарадзіліся ў Празе.
Антанін (3.11.1784—23.12.1843), пейзажыст, адзін з заснавальнікаў нац. школы жывапісу. У пач. 1800-х г. вучыўся ў Пражскай АМ, з 1836 выкладаў у ёй. Зазнаў уплывы класіцызму і рамантызму. Ствараў абагульненыя інтымна-паэт. краявіды («Пейзаж з Бельведэрам», 1816; «Вялікая ліла», 1829; «Пейзаж з руінамі», «Пейзаж у буру», абодва 1834), віды чэш. гарадоў («Від на Градчаны», 1821; «Від на Бубенеч», каля 1825; «Град Окарж», 1827, і інш.). Іосеф (12.5.1820—9.12.1871), сын Антаніна. Вучыўся ў Пражскай (1835—45) і Мюнхенскай (1843—48) АМ. У ранні перыяд зазнаў уплыў назарэйцаў, пазней рамантызму. У час вандровак па Чэхіі, Славакіі, Германіі і Польшчы рабіў малюнкі нар. тыпаў і касцюмаў. У манум. жывапісных кампазіцыях ствараў абагульнена-гераізаваны вобраз чэш. сялянства (размалёўка цыферблата гадзінніка Старамесцкай ратушы ў Празе, 1864—66, і інш.). Аўтар партрэтаў (К.Манеса, 1847; Вендулакавай, 1854), пейзажаў («Касцёл у Гмюндэне», 1842; «Лабскі край», 1863; «Ржыпскі край», 1865—66), ілюстрацый (да «краледворскага рукапісу», 1857—59, і інш.). Квіда (17.7.1828—5.8.1880), сын Антаніна. Вучыўся ў Пражскай АМ (1838—51) і ў Дзюсельдорфе ў Б.Вацье (1870—71). Зазнаў уплыў дзюсельдорфскай школы жывапісу. У шырокай манеры пісаў гіст. кампазіцыі («Гераічная абарона пражскіх студэнтаў супраць шведаў», 1854), жанравыя кампазіцыі («Вясковы дворнік», 1855; «Першы раз у школу», 1873). Аўтар літаграфій («Народнае гулянне ў дзень св. Яна», 1853), ілюстрацый да «Дон-Кіхота» М.Сервантэса (1865) і інш.
Літ.:
Гривнина А.С. Манес. Л.;
М., 1960;
Й.Манес и традиция чешского искусства: Кат. выставки. Прага, 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНДА́РТ (ад англ. Standard норма, узор, мерка),
афіцыйны дзярж. або нарматыўна-тэхн. дакумент галіны, прадпрыемства, фірмы, які ўстанаўлівае неабходныя якасныя характарыстыкі і патрабаванні да пэўнага віду прадукцыі, тавару; узор, эталон, з якім параўноўваюцца інш. падобныя аб’екты. Пашыраюцца на ўсе сферы чалавечай дзейнасці: навуку, тэхніку, прам-сць, с.-г.вытв-сць, буд-ва, ахову здароўя, транспарт і інш. У адпаведнасці з дасягненнямі навукі і тэхнікі С. абнаўляюцца і пераглядаюцца (не радзей як адзінраз у 5 гадоў). У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць С.: агульнатэхн. і арганізац.-метадычныя; эксплуатацыйныя ўласцівасці, тэхн. характарыстыкі, метады кантролю аднароднай прадукцыі міжгаліновага ўжытку; нормы тэхнікі бяспекі і сродкаў аховы працаўнікоў; адзінкі фіз. велічынь і праверачныя схемы; патрабаванні да стандартных узораў уласцівасцей і саставу рэчыва і матэрыялу; сістэмы класіфікацыі і кадзіравання тэхн.-эканам. інфармацыі; найважнейшыя віды прадукцыі і г.д. С. на прадукцыю падзяляюцца на С. тэхн. умоў, агульных тэхн. патрабаванняў, параметраў, тыпаў, канструкцый, марак, правіл прыёмкі, маркіроўкі, упакоўкі, захоўвання, эксплуатацыі, рамонту і інш.
У залежнасці ад сферы дзеяння і ўзроўню зацвярджэння С. у Рэспубліцы Беларусь падзяляецца на катэгорыі: дзярж. С. Рэспублікі Беларусь (СТБ), С. прадпрыемстваў і аб’яднанняў (СТП), папярэдні С., які ўжываецца для набыцця вопыту не больш чым 2 гады. Акрамя СТБ у якасці дзярж. у 2001 на Беларусі ўжываліся: міждзярж. С. (ДАСТ), правілы Еўрап.эканам. камісіі ААН (Правіла ААН), а таксама рэсп. С. БССР (РСТ БССР) і С. СЭУ (СТ СЭУ), на якія Дзяржстандарт прадоўжыў тэрмін выкарыстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЦК,
вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Шаць, каля аўтадарогі Мар’іна Горка—Узда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 32 км на ПдЗ ад г. Мар’іна Горка, 68 км ад Мінска, 28 км ад чыг. ст. Рудзенск. 773 ж., 324 двары (2003). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Вядомы з 1492 як уласнасць Кішкаў, потым Радзівілаў. У 16 ст. ў Ш. пабудаваны кальвінскі збор. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Ігуменскага пав. Мінскай губ. З 1800 у Ш. працавалі цагельны і чарапічны з-ды, з 1863 — вадзяны млын, нар. вучылішча, яўр. школа, бальніца, 5 крам. З 1879 належаў Гамуліцкім. У 1886 у Ш. 184 ж., 27 двароў, валасное праўленне, царква, нядзельныя таргі і адзінраз у год кірмаш; у 1897—967 ж. У пач. 20 ст. каля Ш. былі 2 маёнткі: Шацк (38 ж., 1 двор) і Стары Шацк (28 ж., 4 двары). У 1917 у мястэчку 1121 ж., 166 гаспадарак. З 17.7.1924 да 4.8.1927 цэнтр Шацкага раёна Мінскай акр., з 4.8.1927 да 6.7.1935 і з 1.4.1960 цэнтр сельсавета Пухавіцкага, з 6.7.1935 да 11.2.1938 — Смілавіцкага, з 12.2 да 6.7.1935 і з 11.2.1938 — Рудзенскага р-наў, з 20.2.1938 у Мінскай вобл. З 1935 вёска. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў Ш. больш за 800 чалавек. З 20.1 да 1.4.1960 у Уздзенскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТАЎТ (1350—27.19.1430),
князь гродзенскі, трокскі, вял.кн.ВКЛ [1392—1430]. Сын Кейстута. Адзін з самых выдатных дзярж. дзеячаў ВКЛ. Актыўную паліт. дзейнасць пачаў у 1382 пасля забойства Ягайлам яго бацькі. Каб адпомсціць Ягайлу, Вітаўт уцёк да крыжакоў, заключыў з імі саюз, прыняў каталіцтва (пасля хрышчэння імя Віганд), абавязаўся стаць васалам Тэўтонскага ордэна і аддаў ордэну Жамойцію (1384). У ходзе барацьбы з Ягайлам пераканаўся ў яе бесперспектыўнасці і згадзіўся на мір. Атрымаў ад Ягайлы Берасце (Брэст) і Гародню (Гродна), большасць насельніцтва якіх складалі праваслаўныя, і перайшоў у праваслаўе (атрымаў імя Аляксандр). Аднак у час заключэння Крэўскай уніі 1385 разам з Ягайлам і інш. князямі зноў прыняў каталіцтва. У 1388, упэўніўшыся ў небяспецы гэтай уніі для ВКЛ, незадаволены тым, што Ягайла прызначыў сваім намеснікам у ВКЛСкіргайлу, а не яго, Вітаўт узначаліў барацьбу феадалаў ВКЛ супраць Ягайлы. Заключыў саюзы з вял.кн. маскоўскім Васілём I, аддаўшы за яго сваю дачку Соф’ю, і з Тэўтонскім ордэнам; зноў аддаў крыжакам Жамойцію (у 1389). У выніку 2-гадовай упартай і жорсткай барацьбы было заключана Востраўскае пагадненне 1392 і Вітаўт стаў вял. князем ВКЛ. Ён умацаваў трываласць дзяржавы, задушыўшы змову князёў Карыбута, Фёдара Карыятавіча і Свідрыгайлы, у 1395, выкарыстаўшы міжусобіцу смаленскіх князёў, падпарадкаваў ВКЛ Смаленск. У 1399 выступіў саюзнікам беглага татарскага хана Тахтамыша ў міжусобнай барацьбе і пацярпеў паражэнне ў бітве на Ворскле 1399. Скарыстаўшы цяжкае становішча ВКЛ, кіруючыя колы Польшчы вымусілі Вітаўта заключыць Віленска-Радамскую унію 1401. У 1404 Вітаўт з дапамогай палякаў задушыў паўстанне ў Смаленску. Імкнучыся падпарадкаваць ВКЛ Ноўгарад, Вітаўт некалькі разоў хадзіў на Наўгародскую зямлю (апошні раз у 1428), што прывяло да вайны з Масквой, якая таксама прэтэндавала на горад. Тры разы хадзіў на Маскву (апошні раз у 1408). Войскі ВКЛ і Маскоўскага вял. княства сышліся на р. Угра, але Вітаўт і Васіль I, не пачынаючы бітвы, заключылі мір і вызначылі мяжу паміж дзвюма дзяржавамі па р. Угра. Маючы на мэце разграміць Тэўтонскі ордэн, які рабіў напады на ВКЛ, і вярнуць пад сваю уладу Жамойцію, Вітаўт у цеснай садружнасці з Ягайлам рыхтаваў супраць крыжакоў паход аб’яднанага войска ВКЛ і Польшчы. У выніку перамогі ў Грунвальдскай бітве 1410 і заключэння Тарунскага міру 1411 Жамойція была вернута ў ВКЛ. Саюз Польшчы з ВКЛ быў умацаваны Гарадзельскай уніяй 1413, якая дала паліт. прывілеі каталіцкай шляхце ВКЛ. Разумеючы значную ролю правасл. насельніцтва ў дзяржаве, Вітаўт стварыў самастойную правасл. мітраполію на чале з Цамблакам з цэнтрам у Навагрудку. У 1429 і 1430 Вітаўт спрабаваў атрымаць ад папы рымскага тытул караля і каралеўскую карону. У выніку польскіх інтрыг мэты не дасягнуў. Пры Вітаўце ВКЛ стала самай магутнай дзяржавай у Цэнтр. і Усх. Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАСТРО́Ф ТЭО́РЫЯ, катастрафізм,
1) геал. канцэпцыя, паводле якой гісторыя Зямлі — гэта чаргаванне адносна спакойных працяглых перыядаў і кароткіх катастрафічных падзей, якія рэзка змяняюць рэльеф зямной паверхні і знішчаюць усё жывое. Пачатак вывучэння праблемы катастроф звязваюць з натурфіласофіяй стараж.-грэч. мысліцеляў. Ідэі наіўнага катастрафізму назіраліся ў прыродазнаўстве і філасофіі Новага часу, у аказіяналістычных уяўленнях 18 ст., дзе прычынай кожнай такой з’явы лічыўся Бог. Грандыёзныя змены на паверхні Зямлі тлумачылі дзеяннем надзвычайных сіл разавага характару. У класічным выглядзе К.т. была вылучана ў 1812 франц. вучоным Ж.Кюўе. На аснове таго, што кожнаму геал. адрэзку часу адпавядаюць свае віды жывёл і раслін, ён прыйшоў да высновы аб шматразовых грандыёзных катастрофах на Зямлі, што прыводзілі да гібелі ўсяго жывёльнага і расліннага свету, які кожны раз адраджаўся нанава ў новых формах. Ідэі Кюўе развівалі А.Д.Д’Арбіньі, Ж.Л.Р.Агасіс, А.Седжвік і інш. У неакатастрафізме (узнік у 1-й пал. 20 ст.) адрозніваюць 2 асн. кірункі: адзін звязаны з прызнаннем перыядычнага характару змен фактараў і прычын эвалюцыі (О.Шындэвольф і інш.), другі зыходзіць з прызнання абіятычных (неарганічных) фактараў касм. паходжання, якія дзейнічаюць раптоўна (радыяцыя, падзенне метэарытаў і інш., Р.Ведэкінг, К.Бойрлен, Э.Даке).
2) Тэорыя, якая вывучае прычыны ўзнікнення, характар працякання, спосабы і метады прадказання, прадухілення і пераадолення вынікаў катастроф.
Літ.:
Кювье Ж. Рассуждение о переворотах на поверхности земного шара: Пер. с фр.М.; Л., 1937;
Постон Т., Стюарт И. Теория катастроф и ее приложения: Пер. с англ.М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТАГРА́ФІЯ (ад крыпта... + ...графія),
1) тайнапіс, спосаб пісьма, які ўжываецца для таго, каб зрабіць напісанае зразумелым толькі для паінфармаваных, або разлічаны на разгадванне. Розныя спосабы К. вядомы са старажытнасці (упамінаюцца Герадотам, Плутархам і інш.). Надпіс ці дакумент, зроблены крыптаграфічным спосабам, наз. крыптаграмай. У Беларусі крыптаграмы вядомы з сярэдневякоўя. Найб. часта выкарыстоўваліся для зашыфроўкі тэкстаў: ваен., дыпламат., рэліг., у т. л. ерэтычных, гандл.-фінансавых. У стараж. рукапісах нярэдка трапляецца разлічанае на разгадванне крыптаграфічнае напісанне імён перапісчыкаў ці розных запісаў быт., гумарыст. характару. Найб. пашыраныя спосабы К.: выкарыстанне чужых, малавядомых алфавітаў (напр., у стараж.усх.-слав. рукапісах замена кірылічных літар на глагалічныя, грэч. і лацінскія) або алфавітаў, спецыяльна створаных для мэт К.; напісанне слоў у адваротным парадку — ад канца да пачатку (вядома гумарыст. крыптаграма перапісчыка 16 ст. Марціна з Гальшан «ъшорг ан ъшург мад умат ътётчорп еіс отк» — «кто сіе прочтёть, таму дам грушъ на грошъ»); спец. змены, у прыватнасці недапісванне літар; замена адных літар алфавіта іншымі, у адпаведнасці са спецыяльнымі, іншы раз вельмі складанымі ключамі і кодамі (асабліва часта ўжываўся ў ваен. і дыпламат. перапісцы); замена літар лічбамі або групамі літар, якія маюць у суме тое ж лічбавае значэнне, што і заменная літара; размяшчэнне літар шыфраванага надпісу ў пэўным умоўным парадку паміж інш. літарамі, якія ствараюць надпіс інш. зместу (прасцейшая разнавіднасць — акраверш). У сучасных ваен. і дыпламат. шыфрах таксама выкарыстоўваюць розныя складаныя камбінацыі некалькіх спосабаў К. Пры гэтым шыфроўка робіцца з дапамогай спец. апаратаў (згадка аб такім апараце, які ўжывалі спартанцы, ёсць у Плутарха).
2) Галіна палеаграфіі, што вывучае тайнапіс. Адзін з кірункаў К. — расшыфроўка забытых пісьмён старажытнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕТАПІ́СЕЦ ВЯЛІ́КІХ КНЯЗЁЎ ЛІТО́ЎСКІХ»,
найбольш даўні помнік бел.-літоўскага летапісання, адзін з першых твораў уласнабеларускай гіст.-дакументальнай прозы. Напісаны на старабел. мове невядомым аўтарам у канцы 1420-х г. у Смаленску. Асн. змест — паліт. гісторыя ВКЛ ад смерці Гедзіміна (1341) да канца 14 ст.; гал. ідэя — усхваленне цэнтралізатарскай палітыкі літ. князёў, абгрунтаванне гіст. неабходнасці і заканамернасці паліт. аб’яднання літ., бел. і ўкр. зямель у адной дзяржаве — ВКЛ. 1-я частка хронікі, свецкая паводле зместу, напісана ў 1390-я г. з мэтай гіст. абгрунтавання права Вітаўта на вял. княжанне ў Вільні. 2-я частка больш фрагментарная, характарызуецца царк.-рэліг. афарбоўкай падзей і складаецца з кароткіх апавяданняў пра паліт. жыццё ВКЛ апошняй чвэрці 14 ст., найбольш пра дзейнасць Вітаўта. «Летапісец...» спалучае рысы дзелавога дакумента, твора апавядальнай прозы і грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах; з’яўляецца першай спробай сціслага выкладання гісторыі ВКЛ. Поўная рэдакцыя «Летапісца...» ўключае таксама «Аповесць пра Падолле». Збярогся ў розных спісах (Віленскім, Слуцкім, Красінскага і інш.), летапісных зводах і гіст. кампіляцыях. Паслужыў асновай арыгінальнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446, часткова выкарыстаны польскім храністам Я.Длугашам у «Гісторыі Польшчы». У 16 ст. ўвайшоў у склад 2-га бел.-літ. летапіснага зводу (гл.«Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага») і Хронікі Быхаўца, праз якія перайшоў у «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага. Быў вядомы і ў Расіі, дзе не раз перарабляўся. Перакладзены на польскую, ням., літ., лац., рус. мовы. Упершыню апублікаваны ў 1823 І.М.Даніловічам у час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»).