Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення Падзвіння. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Лепельскім, Ушацкім, Чашніцкім р-нах. Аснову летняга касцюма жанчын складалі кашуля, спадніца, фартух. Кашуля мела тунікападобны або з прамымі плечавымі ўстаўкамі крой, сціплае аздабленне вузкімі паскамі чырвона-чорнага геам. арнаменту на рукавах і плечавых устаўках. Спадніцу (саян, дрыліх, андарак, шарак) шылі з 3—4, у заможных сялян з 7 полак пярэстых або аднаколерных даматканых тканін у блакітна-белым, сіне-фіялетавым, вохрыста-чырвоным каларыце, фартух з 1—3 полак кужэльнага палатна аздаблялі ўзорыстым ткацтвам (пераборы), вышыўкай (мярэжка), карункамі. Галаўныя ўборы — намітка, чапец, хустка, вянок, карона (галаўны ўбор дзяўчыны-мяшчанкі накшталт падвічкі з парчы, расшытай бліскаўкамі) і інш. Мужчынскае адзенне складалі кашуля (насілі навыпуск, падпяразвалі поясам ці дзягай), нагавіцы, камізэлька з чорнай або цёмна-сіняй крамнай тканіны. Галаўныя ўборы — саламяны або лямцавы капялюш, белая магерка, картуз. Верхняе мужчынскае і жаночае адзенне — армяк, сярмяга, світка, кажух.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Лепельскі строй. Цясляр з Лепеля. Канец 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЙКА (польск. bajka ад галандскага baai),
мяккая, тоўстая баваўняная або шарсцяная тканіна з прыгладжаным ворсам. З баваўнянай байкі шыюць цёплую бялізну, жаночае або дзіцячае адзенне, з шарсцяной — дэмісезонныя паліто.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМАРАЖЭ́ННЕ,
пашкоджанне тканак арганізма ўздзеяннем нізкіх тэмператур. Абмаражэнню садзейнічаюць высокая вільготнасць халоднага паветра, слабая супраціўляльнасць арганізма, цесныя абутак і адзенне.
Адрозніваюць 4 ступені абмаражэння: 1-я — сінюшная ацёчная скура, боль і сверб; 2-я — пашкоджанне паверхневага слоя скуры, вадзяныя пухіры; 3-я амярцвенне скуры і падскурнай клятчаткі, крывяністыя пухіры; 4-я — амярцвенне мяккіх тканак і касцей. Лячэнне: 1-я і 2-я ступені — саграванне (вадзяныя ванны з т-рай 18—20 °C, потым 35—40 °C з адначасовым масажам; фізіятэрапія — сухое цяпло, кварцавае апрамяненне); 3-я і 4-я ступені — хірургічнае. Прафілактыка: загартоўванне арганізма, зручнае адзенне і абутак, своечасовая дапамога пры першых прыкметах абмаражэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВЕРЧЫ́НА, Гуэрчына
[Guercino; сапр.Барб’еры (Barbieri) Джавані Франчэска; хрышчаны 8.12.1591, г. Чэнта, Італія — 22.12.1666],
італьянскі жывапісец балонскай школы жывапісу. Вучыўся ў г. Чэнта. Зазнаў уплыў Л.Карачы, М.Караваджа, венецыянскіх мастакоў, Г.Рэні. У сваіх творах спалучаў характэрныя для караваджызму жыццёвасць з драматычнай эмацыянальнасцю вобразаў, кантрасты святлаценю з кампазіцыйнай дынамікай, пышным дэкаратывізмам з барочнымі і ілюзійнымі эфектамі (фрэскі ў казіно вілы Лудавізі ў Рыме, 1621; «Пахаванне св. Петранілы», 1621; «Узнясенне мадонны», 1623, «Іакаў атрымлівае адзенне Іосіфа», каля 1625, і інш.). З канца 1620-х г. стаў на шлях акадэмізму.
Літ.:
Grimaldi N. Guercino. Bologna, 1968.
Гверчына. Іакаў атрымлівае адзенне Іосіфа. Каля 1625.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІЦЫЯ́Т,
інстытут папярэдняй падрыхтоўкі і апрабавання прэтэндэнтаў на членства ў каталіцкім ордэне манаскім. Звычайна перыяд Н. працягваецца адзін год. Навіцый на працягу гэтага тэрміну павінен беспярэчна падначальвацца ордэнскаму кіраўніцтву, выконваць статут, насіць адпаведнае адзенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЗНІЦА,
у хрысціянскіх храмах памяшканне для захоўвання рыз (адзенне святара пры богаслужэнні) і царк. начыння. Найчасцей знаходзіцца ўнутры храма (напр., у адным з алтароў), можа быць у выглядзе прыбудовы або (у манастырах) асобнага будынка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРУ́НА,
у стараж.-індыйскай міфалогіі бог неба і воднай стыхіі, захавальнік ісціны і справядлівасці, разам з Індрай найвялікшы з багоў ведыйскага пантэона. Варуну падуладныя неба і зямля, яго адзенне — ноч і дзень, яго вока — сонца, сам ён тысячавокі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЧА́НАВА (Лідзія Аляксандраўна) (н. 15.7.1921, в. Бузанава Астроўскага р-на Кастрамской вобл., Расія),
бел. этнограф. Д-ргіст.н. (1969). Скончыла Ленінградскі ун-т (1944). З 1948 у Ін-це гісторыі, з 1957 — Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе матэрыяльную культуру беларусаў (нар. жыллё, земляробчую тэхніку, адзенне). Аўтар манаграфій «Беларуская народная архітэктурная разьба» (1958), «Матэрыяльная культура беларусаў» (1968), «Народная метралогія» (1973), «Нарысы матэрыяльнай культуры беларусаў XVI—XVIII стст.» (1981). Адна з аўтараў нарыса «Беларусы» для шматтомнага выдання «Народы Еўрапейскай часткі СССР» (т. 1, 1964), рэгіянальнага гіст.-этнагр. атласа Украіны, Беларусі і Малдавіі, прац «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974), «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Змены ў побыце і культуры сельскага насельніцтва Беларусі» (1976), «Палессе. Матэрыяльная культура» (1988).