БЕРЛІ́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Гумбальта, адзін з буйнейшых ун-таў Германіі. Засн. ў 1810 у Берліне па ініцыятыве і паводле канцэпцыі В.Гумбальта як Фрыдрых-Вільгельм ун-т. З 1949 сучасная назва. Працэс адукацыі быў пабудаваны паводле прынцыпу адзінства даследаванняў і навучання. Хутка дасягнуў сусв. значнасці і паўплываў на перабудову інш. універсітэцкіх сістэм. У 19 — пач. 20 ст. быў адзін з вядучых цэнтраў навукі. З ун-там звязана дзейнасць братоў Я. і В.Грым, Ф.Бопа, Г.Гегеля, І.Фіхтэ, Р.Коха, Г.Гельмгольца; у ім працавалі М.Планк, В.Нернст, А.Эйнштэйн і інш. Ф-ты і аддзяленні: філас., юрыд., эканам., пед., тэалагічны, мед., прыродазнаўча-матэм., вет., сельскай гаспадаркі і садоўніцтва, тэорыі і арганізацыі навукі. Пры ун-це працуюць НДІ генетыкі і эксперым. псіхалогіі, абсерваторыя, б-ка і інш.

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬКО́ВІЧ Аляксандр Іванавіч

(3.5.1892, Мінск ? — 4.11.1937),

дзеяч бел. нац. руху. У 1914—15 працаваў у Віленскім аддзяленні дзярж. зямельнага банка. З 1915 у арміі. Скончыў Гарыйскую школу прапаршчыкаў (1916). Да снеж. 1917 на Паўд.-Зах. фронце. З 1918 у Мінску, прадстаўнік БНР пры ўрадзе Грузіі, міністр фінансаў БНР. Чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У час польскай акупацыі Беларусі 1919—20 быў арыштаваны, уцёк за мяжу. У 1925 вярнуўся ў БССР, працаваў інспектарам у Наркамаце фінансаў. У сувязі з чысткай апарата ў сак. 1930 звольнены, 18.7.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў у г. Белебей (Башкортастан). 25.5.1937 паўторна арыштаваны, 28.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы ў 1988.

У.М.Міхнюк.

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРАДАБУДАЎНІ́ЦТВА БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУ́Т Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Засн. ў 1976 у Мінску на базе Мінскага філіяла Цэнтр. н.-д. і праектнага ін-та горадабуд-ва (з 1970). Галаўная арг-цыя па горадабудаўніцтве Беларусі.

Аддзяленні (1996): навуковае (9 аддзелаў), праектнае (аддзелы: раённай планіроўкі, 2 арх.-планіровачныя, арх.-канструктарскі, 3 інжынерныя, аўтаматызацыі работ). Асн. кірункі дзейнасці: навук. даследаванні, распрацоўка навукова-метадычнай і нарматыўна-прававой дакументацыі ў галіне тэр. планіроўкі, горадабудаўніцтва, аховы навакольнага асяроддзя; распрацоўка дакументацыі па планіроўцы рэгіёнаў, планіроўцы і забудове гар. паселішчаў і асобных тэрыторый, развіцці трансп. і інж. інфраструктур; распрацоўка і эксплуатацыя геаінфарм. сістэм і банкаў даных у горадабудаўніцтве і буд. комплексе; распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на аб’екты жыллёва-грамадз. прызначэння.

В.П.Іўлічаў.

т. 5, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ.

Існавала ў Гродне ў 1900—15. Мела на мэце садзейнічаць развіццю і ўдасканаленню сельскай гаспадаркі і с.-г. прам-сці ў Гродзенскай губ. У 1909 аб’ядноўвала 68, у 1912 — 73 чл. (пераважна дваран). Пры т-ве існавалі к-ты (агранамічны, па вінакурэнні, жывёлагадоўлі, крухмальнай вытв-сці і інш.); аддзяленні ў мяст. Лунна (Гродзенскі пав.) і Заблудава (Беластоцкі пав.). Т-ва забяспечвала сваіх сяброў насеннем, племянной жывёлай, угнаеннямі, тэхнікай і інш., займалася арг-цыяй кааператываў і дробнага крэдыту, прапагандавала ідэю рассялення шматдваровых вёсак і ўвядзення хутарскога землеўладання, арганізоўвала курсы, выстаўкі, чытанні. Пры т-ве дзейнічала сярэдняе с.-г. вучылішча, з 1910 існавала доследнае поле, з 1914 — хім. і бат. лабараторыі, метэаралагічная станцыя, бат. сад і інш.

В.В.Швед.

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА (БТЧК) у Літве. Існавала з крас. 1921 да сярэдзіны 1922. Утворана на аснове Жэнеўскай канвенцыі ад 22.8.1864 аб т-вах Чырв. Крыжа. Асн. мэты: аказанне мед.-сан., матэр. і маральнай дапамогі бел. ваеннапалонным, бежанцам, эмігрантам, хворым, сіротам, усім пацярпелым ад ваен. дзеянняў, садзейнічанне ў вяртанні на бацькаўшчыну. Знаходзілася ў Коўне (сучасны Каўнас) у атэлі «Метраполь». Старшыня т-ва Я.Варонка, віцэ-старшыні І.Цвікевіч і Н.Ліпоўскі, скарбнік П.Мядзёлка. Налічвала 32 чал. Мела аддзяленні і прадстаўніцтвы ў Берліне (А.Бароўскі), на Гродзеншчыне (С.Баран-Нямір), у Вільні (А.Карабач), Празе (М.Вяршынін), Рызе (К.Езавітаў), Канстанцінопалі, Амерыцы. БТЧК супрацоўнічала з эміграцыйным урадам БНР у Коўне, урадавымі ўстановамі Літвы, Літоўскім т-вам Чырв. Крыжа. Займалася выдавецкай дзейнасцю, у 1921 выпусціла 3 маркі серыі «Беларусь. Пошта», збор ад іх продажу пайшоў на дабрачынныя мэты.

Ю.Р.Васілеўскі.

т. 2, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРА́НСКІ ЗЯМЕ́ЛЬНЫ БАНК, Дзяржаўны дваранскі зямельны банк,

саслоўная крэдытная ўстанова для дваран у Рас. імперыі ў 1885—1917. Засн. царскім урадам для крэдытавання памешчыкаў пад заклад зямлі і будынкаў. Меў аддзяленні ва ўсіх, у т.л. бел., губернях. Пазыкі даваліся на самых ільготных умовах: да 1900 крэдыт даваўся на тэрмін да 48 гадоў 8 месяцаў, пры 5,75% гадавых. Пасля 1900 тэрмін пазыкі падоўжаны да 66,5 года, а плата за крэдыт зніжана да 3,5—4%, даваліся і інш. льготы. У Беларусі банк не абслугоўваў дваран «польскага паходжання» і каталіцкага веравызнання, якія былі вымушаны звяртацца да камерц. акц. банкаў на менш выгадных умовах. Да 1900 большая частка дваранскіх маёнткаў у Беларусі была закладзена ў банках, у 1917 звыш чвэрці іх — у Д.з.б. Дзейнасць банка фактычна спынілася ў пач. 1917, афіцыйна скасаваны 21.12.1917.

З.І.Гіяргідзе.

т. 6, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛДЗЯРЖЭСТРА́ДА, Беларускае дзяржаўнае аб’яднанне эстрады,

канцэртная арг-цыя, якая мела на мэце развіццё і прапаганду эстр. мастацтва Беларусі. Вылучана ў 1939 з Беларускай філармоніі, з 1960 зноў у яе складзе. З 1990 у аб’яднанні «Мінскканцэрт», з 1992 у Рэсп. дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва, з 1996 у Дзяржаўным аб’яднанні «Белканцэрт». Да Айч. вайны мела аддзяленні ў Брэсце і Беластоку, 2 эстр. аркестры. У 1950-я г. пры Белдзяржэстрадзе працавалі т-р драмы і камедыі (кіраўнік А.Струнін), т-р лялек (кіраўнік Я.Шыраеў), ансамбль аперэты. У розны час маст. кіраўнікамі былі І.Нісневіч, А.Аркадзьеў, В.Пацехін, В.Малькова. Сярод артыстаў: спевакі Э.Міцуль, А.Самарадаў, Н.Равінская, танцоры Ю.Сляпнёў, М.Лапша, І.Хвораст, цымбалісты С.Навіцкі і Х.Шмелькін, піяністы Ю.Бяльзацкі, А.Жэзмер, І.Капланаў, Л.Молер, майстры эстрадна-цыркавога і арыгінальнага жанраў Р.Бурдон, А.Дудкін, Г.Ермаловіч, В.Міхайлаў, майстры размоўнага жанру Р.Дзідзенка, М.Зорын, Г.Лаўроў, Г.Рыжкова, М.Шышкін і інш.

т. 3, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНГЕ́РКА (Węgierko) Аляксандр

(17.7.1893, Варшава — 1941),

польскі акцёр, рэжысёр, педагог. Вучыўся ў школе пры Варшаўскіх тэатрах. Акцёрскую дзейнасць пачаў у Вільні (1912), потым выступаў у т-рах Варшавы, Кракава і Лодзі. Выкладаў у Варшаве на драм. аддзяленні кансерваторыі (1924—25), у Ін-це тэатр. мастацтва (1932—39). У пач. 2-й сусв. вайны эмігрыраваў у СССР. Заснавальнік і маст. кіраўнік (1939—41) Дзяржаўнага польскага тэатра БССР. Пастаўленыя ім спектаклі «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Пажыццёвае» А.Фрэдры, «Пігмаліён» Б.Шоу (і выканаў ролю Прафесара Хігінса; усе 1940), «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (і роля Фігаро; 1941) і інш. вызначаліся арыгінальнай рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй, яркай эмацыянальнасцю, глыбокай псіхал. распрацоўкай характараў, тонкім адчуваннем стылістыкі твора. У 1941 у Брэсце арыштаваны гестапа, загінуў. Яго імем названы драм. т-р у Беластоку (Польшча).

т. 4, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАЦЫЯ́НСКІ Мікалай Паўлавіч

(кастр. 1886, г. Скапін Разанскай вобл., Расія — 4.11.1945),

расійскі гісторык-медыявіст. Скончыў Казанскі ун-т (1910), выкладаў у ім (1910—20, з 1917 праф.). З 1920 у Ін-це гісторыі пры Маскоўскім ун-це (пазней Ін-т гісторыі АН СССР), Маскоўскім аддзяленні Дзярж. акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры. Аўтар прац «Парыжскія рамесныя цэхі ў XIII—XV ст.» (1911), «Французская вёска XII—XIV ст. і Жакерыя» (1935), «Нямецкі «Drang nach Osten» у фашысцкай гістарыяграфіі», «Барацьба славян і народаў Прыбалтыкі з германскай агрэсіяй у сярэднія вякі» (1943), «Карл Вялікі і славяне», «Дзейнасць Канстанціна і Мяфодзія ў Вялікамараўскім княстве» (абедзве 1945) і інш. Пераклаў на рус. Мову адну з варварскіх праўд — Салічную (1913).

Тв.:

Из социально-экономической истории западно-европейского средневековья: Сб. ст. М., 1960.

т. 5, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ, Гродзенская медыцынская школа,

першая ў Беларусі вышэйшая навуч. ўстанова па падрыхтоўцы мед. персаналу. Існавала ў 1775—81 у Гродне. Засн. па ініцыятыве Адукацыйнай камісіі і гродзенскага старосты А.Тызенгаўза. Арганізатар і кіраўнік — Ж.Э.Жылібер. Мела 3 аддзяленні: вышэйшае лекарскае (на 10 юнакоў са шляхты) для працы ў гарадах; падрыхтоўкі правінцыяльных лекараў і хірургаў (20 чал.); аддзяленне павітух (на 5, потым 17 чал.). Навучэнцы 2-га і 3-га аддзяленняў утрымліваліся за кошт казны і набіраліся з прыгонных сялян Брэсцкага, Гродзенскага, Оліцкага, Шавельскага каралеўскіх уладанняў, дзе яны павінны былі працаваць пасля заканчэння вучобы. Пры акадэміі дзейнічалі шпіталь (60 ложкаў), прыродазнаўчы кабінет, анатамічны т-р, аптэка (з 1687), б-ка, бат. сад (першы ў Беларусі і Рэчы Паспалітай, налічваў каля 2 тыс раслін). У 1781 пераведзена ў Вільню, дзе стала базай для стварэння мед. ф-та Віленскага універсітэта.

А.Ф.Самусік.

т. 5, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)