ПАЎПЕРЫ́ЗМ (ад лац. pauper бедны),

збядненне значнай або пераважнай часткі насельніцтва; становішча галечы. Звычайна з’яўляецца вынікам жорсткай эксплуатацыі або масавага беспрацоўя.

т. 12, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРНА́Ч,

ударная халодная зброя, разнавіднасць булавы. Уяўляў сабой сярэбраную або пазалочаную паліцу ў форме жазла (даўж. да 0,5 м) з пазалочанай галоўкай і ажурнымі гранямі або кольцамі (пярсцёнкамі або пёрамі; адсюль назва). Быў таксама атрыбутам улады военачальнікаў у некат. краінах, у т. л. ў ВКЛ у 15—18 ст.

Суцэльнаметалічны пярнач. Заходняя Еўропа. 16 ст.

т. 13, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСТ (ад лац. rusticus грубы, неапрацаваны),

спосаб апрацоўкі каменю або імітаванага пад камень абліцовачнага матэрыялу, пры якім кожны камень ці яго імітацыя вылучаюцца перыметральным кантам рознай формы. У залежнасці ад спосабу апрацоўкі выпуклай паверхні каменнага блока, абліцовачнай пліты або іх імітацыі ў тынкоўцы Р. бывае гладкі або фактурны. Выкарыстоўваецца для рустыкі сцен будынкаў.

т. 13, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯ (франц. sensibilisation ад лац. sensibilis адчувальны) у медыцыне, набыццё арганізмам спецыфічнай павышанай адчувальнасці да алергенаў. Ляжыць у аснове шэрагу алергічных захворванняў. Адрозніваюць актыўную С. (увядзенне або пападанне алергенаў у арганізм) і пасіўную (увядзенне ў здаровы арганізм сывараткі крыві або лімфацытаў ад актыўна сенсібілізаванага донара). С. могуць выклікаць адзін або некалькі алергенаў.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАГА́ЦЫЯ (лац. abrogatio),

адмена або змена ўстарэлага закону з прычыны яго бескарыснасці або супярэчлівасці духу і норавам часу. Абвяшчаецца ўвядзеннем новага закону.

т. 1, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЯПЛЯ́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады для абагравання памяшканняў (ацяплення), разнавіднасць награвальных прылад. Найбольш пашыраны ацяпляльныя прылады, да якіх падаецца цепланосьбіт — вада (вадзяное ацяпленне), пара (паравое ацяпленне) або паветра (паветранае ацяпленне). Да іх адносяць радыятары, канвектары, каларыферы, прылады панэльнага або плінтуснага тыпу і інш. Ёсць ацяпляльныя прылады, дзе спальваюць газ (газавае ацяпленне) або эл. энергія пераўтвараецца ў цеплавую (электрычнае ацяпленне; звычайна выкарыстоўваецца як дадатковае). У сістэмах прамянёвага ацяплення функцыі ацяпляльных прылад выконваюць сцены, столь, падлога або спец. панэлі (паверхні награвання ствараюцца пры размяшчэнні ў гэтых канструкцыях тонкіх трубаў, эл. кабелю, паветраводаў і каналаў).

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУЛЯ́РЫ,

найбольш простае аптычнае прыстасаванне, якое выкарыстоўваецца для карэкцыі недахопаў аптычнай сістэмы вока або засцерагае яго ад мех. пашкоджанняў, уздзеяння агрэсіўных вадкіх і газападобных асяроддзяў, прамянёў святла. Складаюцца з дзвюх акулярных лінзаў (карэгавальныя акуляры) або спец. шкла (засцерагальныя акуляры) і аправы, якая забяспечвае неабходнае становішча лінзаў або шкла адносна вачэй. Разнавіднасцю акуляраў можна лічыць кантактныя лінзы. Робяць іх з гнуткага празрыстага шкла і прыкладаюць непасрэдна да рагавіцы або склеры вока. Найб. пашырэнне маюць акуляры, прызначаныя для паляпшэння зроку пры блізарукасці (міяпіі) і дальназоркасці (гіперметрапіі).

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫМУТАГЕ́НЫ (ад анты... + мутагены),

хімічныя і фізічныя фактары, здольныя паніжаць або прадухіляць дзеянне мутагенаў, у выніку чаго змяншаецца частата мутацый.

Адкрыты ў 1950-я г. Натуральныя антымутагены забяспечваюць захаванне пэўнага ўзроўню спантанных мутацый. Сярод іх важнейшымі з’яўляюцца некаторыя ферментныя сістэмы і метабаліты, якія «выпраўляюць» папсаваныя мутагенам участкі храмасом або перашкаджаюць іх узнікненню. Пры штучным мутагенезе мутацыйны эфект можа быць паніжаны або зняты радыепратэктарамі (сульфгідрыльныя злучэнні, моцныя аднаўляльнікі тыпу Na2S2O3, некаторыя спірты і вуглякіслыя солі) або ўздзеяннем некаторых фіз. фактараў (святло, т-ра, ультрафіялетавыя прамяні) рознай інтэнсіўнасці.

т. 1, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНТ (ад англ. grant падарунак, ахвяраванне),

1) аднаразовае выдзяленне грашовай сумы або падараванне абсталявання, памяшкання (звычайна з асабістых сродкаў) культурным, навук. і інш. установам і арг-цыям.

2) Мэтавыя сродкі ў грашовай або матэрыяльнай форме, якія даюцца дзяржавай фіз. і юрыд. асобам на конкурснай аснове для правядзення навук. даследаванняў на дагаворных умовах, а таксама бясплатная датацыя, субсідыя гал. чынам навук. ці навуч. установам, творчым калектывам, спарт. камандам і інш. з дзярж. або мясц. бюджэту.

3) Стыпендыя, якая выплачваецца студэнтам і навучэнцам з дзярж. або мясц. бюджэту.

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ СЛАІ́СТЫЯ ПЛА́СТЫКІ,

палімерныя матэрыялы, якія складаюцца з асн. і дэкар. слаёў. Асн. слой вызначае мех. ўласцівасці матэрыялу, робіцца з гетынаксу, тэксталіту, шклотэксталіту, драўняных пластыкаў; звязвальнае рэчыва для асн. слоя — фенола-фармальдэгідныя смолы, поліэфіры, інш. палімеры. Дэкар. слой складаецца з паперы або баваўнянай тканіны (з малюнкам або аднафарбавай), прамочанай звычайна меламінафармальдэгіднай смалой. Вытв-сць Д.с.п. уключае прамочку напаўняльніку, сушку, зборку пакета, прасавання або фармавання вырабаў складанай канфігурацыі, тэрмаапрацоўку гарачым паветрам або інфрачырв. прамянямі. Выкарыстоўваюцца на аддзелку мэблі, памяшканняў, салонаў трансп. сродкаў, на выраб карпусоў радыё- і тэлепрыёмнікаў, магнітафонаў, халадзільнікаў і інш.

т. 6, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)