ПАВЕ́РАНЫ У́ СПРА́ВАХ,

кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва малодшага ў пратакольных адносінах узроўню (місіі); малодшы клас кіраўніка дыпламат. прадстаўніцтва (адпаведна пасля пасла і пасланніка). Вызначаецца ў пагадненнях дзяржаў, што абменьваюцца дыпламат. прадстаўніцтвамі, шляхам выбару сярод класаў кіраўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў, якія прызнаны міжнар. звычаем і пацверджаны Венскай канвенцыяй аб дыпламат. зносінах 1961. П.ў с. акрэдытуецца пры кіраўніку ведамства замежных спраў (у адрозненне ад пасла і пасланніка, якія акрэдытуюцца пры кіраўніку дзяржавы). Адрозніваецца ад часовага паверанага ў справах, які выконвае абавязкі кіраўніка прадстаўніцтва на час яго адсутнасці.

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРАНА́Ж,

форма папячыцельства, што ўстанаўліваецца над паўналетнім дзеяздольным грамадзянінам, які па стане здароўя не можа самастойна ажыццяўляць і абараняць свае правы і выконваць абавязкі. Паводле Цывільнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, папячыцель (памочнік) паўналетняга дзеяздольнага грамадзяніна можа быць прызначаны органам апекі і папячыцельства толькі са згоды такога грамадзяніна, Распараджэнне папячыцелем маёмасцю падапечнага ажыццяўляецца на аснове дагавора-даручэння або даверанага кіравання, заключанага з падапечным; ажыццяўленне здзелак па ўтрыманні і задавальненні быт. патрэб падапечнага, робіцца папячыцелем са згоды падапечнага. П. спыняецца па патрабаванні падапечнага.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ў праве,

праваадносіны, паводле якіх адна асоба можа ажыццяўляць юрыд. дзеянні ад імя другой асобы. У адпаведнасці з Цывільным кодэксам Рэспублікі Беларусь здзелка, выкананая адной асобай (прадстаўніком) ад імя другой асобы (прадстаўленага) у адпаведнасці з паўнамоцтвамі, заснаванымі на даверанасці, заканадаўстве або акце ўпаўнаважанага на тое дзярж. органа ці органа мясц. кіравання і самакіравання, непасрэдна стварае, змяняе і спыняе грамадзянскія правы і абавязкі прадстаўленага. Паўнамоцтва таксама можа вынікаць з абставін, у якіх дзейнічае прадстаўнік (прадавец у рознічным гандлі, касір і да т.п.).

т. 12, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ЦІН (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 7.10.1952, Санкт-Пецярбург),

расійскі дзярж. дзеяч. Канд. эканам. н., палкоўнік. Скончыў Ленінградскі ун-т (1975). З 1975 ва Упраўленні знешняй разведкі КДБ СССР. У 1990 саветнік старшыні Ленінградскага гар. Савета. З 1991 у мэрыі С.-Пецярбурга: старшыня К-та па знешніх сувязях, адначасова (з 1992) нам. мэра. З 1994 1-ы нам. старшыні ўрада С.-Пецярбурга, старшыня К-та па знешніх сувязях. У 1996—98 у Адміністрацыі Прэзідэнта Рас. Федэрацыі: нам. кіраўніка справамі Прэзідэнта (1996—97), нам. кіраўніка Адміністрацыі і нач. Гал. кантрольнага ўпраўлення Прэзідэнта (1997—98), 1-ы нам. кіраўніка Адміністрацыі (май—ліп. 1998). У ліп. 1998 — жн. 1999 дырэктар Федэральнай службы бяспекі, адначасова (з сак. 1999) сакратар Савета бяспекі Рас. Федэрацыі. 9—16.8.1999 1-ы нам. і часова выконваючы абавязкі старшыні ўрада Рас. Федэрацыі. З 16.8.1999 старшыня ўрада, з 31.12.1999 адначасова выконваючы абавязкі Прэзідэнта Рас. Федэрацыі. З 7.5.2000 (выбраны 26.3.2000) Прэзідэнт Рас. Федэрацыі. Праводзіць актыўную ўнутр. і знешнюю палітыку. У крас. 2000 наведаў з рабочым візітам Рэспубліку Беларусь. 30.11—1.12.2000 прыняў удзел у пасяджэннях Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі і Савета кіраўнікоў дзяржаў—удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, а 1.6.2001 — у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, якія адбыліся ў Мінску.

Літ.:

Борцов Ю. Владимир Путин. Ростов н/Д., 2001.

У.У.Пуцін.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАКА́Т (лац. advocatus),

асоба, якая аказвае юрыд. дапамогу грамадзянам, прадпрыемствам, установам і арг-цыям, выступае ў якасці абаронца абвінавачанага на следстве і ў судзе. На Беларусі адвакатам можа быць грамадзянін, які мае вышэйшую юрыд. адукацыю, стаж работы па спецыяльнасці не менш як 3 гады або прайшоў стажыроўку ў адвакатуры, здаў кваліфікацыйны экзамен і атрымаў ліцэнзію на права займацца адвакацкай дзейнасцю. Прафесія вядома на Беларусі з 16 ст. Функцыі адваката ў судах выконваў пракуратар, правы і абавязкі якога былі рэгламентаваны Статутам ВКЛ 1588. Гл. таксама Адвакатура.

І.​І.​Пацяружа.

т. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’Е́КТ ПРА́ВА,

пэўныя маёмасныя і немаёмасныя даброты і інтарэсы, паводле якіх адносіны рэгламентуюцца законам. Аб’ектам права з’яўляюцца паліт., працоўныя, гасп., сямейныя, зямельныя, маёмасныя і інш. адносіны. Прававыя нормы прадугледжваюць мадэль належных і магчымых паводзін членаў грамадства, правы і абавязкі дзярж. органаў, службовых асоб, грамадзян як удзельнікаў рэгулюемых грамадскіх адносін. З дапамогай прававых нормаў дзяржава прымушае іх выбіраць такі варыянт паводзін, які адпавядае інтарэсам грамадства. Не з’яўляюцца аб’ектамі права грамадскія адносіны неправавой прыроды — адносіны сяброўства, кахання, супрацоўніцтва і інш., што рэгулююцца нормамі маралі, рэлігіі, культуры і г.д.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕЯЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

у праве здольнасць грамадзяніна або юрыдычнай асобы сваімі дзеяннямі набываць правы і ствараць для сябе юрыдычныя абавязкі, несці адказнасць за ўчыненае правапарушэнне. У Рэспубліцы Беларусь поўнай Дз. валодаюць грамадзяне па дасягненні паўналецця (18 гадоў). Юрыд. асобы набываюць Дз., як і праваздольнасць, з моманту іх узнікнення. Правы і законныя інтарэсы непаўналетніх, а таксама грамадзян, прызнаных недзеяздольнымі ў выніку псіхічнай хваробы або разумовай непаўнацэннасці, абараняюцца іх законнымі прадстаўнікамі — бацькамі, усынавіцелямі або апекунамі. Ніхто не можа быць абмежаваны ў Дз. інакш, як у выпадках, прадугледжаных законам.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯК (ад грэч. diakonos служыцель),

1) начальнік, пісьмавод канцылярыі розных устаноў у Расіі да 18 ст. Напачатку слуга князя, якому даручаліся казна і пісьмовыя справы, з 15 ст. — чын урадавай адміністрацыі, кіраўнік канцылярыі цэнтр. (т.зв. прыказа) і мясц. устаноў. Адрознівалі Дз. гасударавых (царовы, вял. князя, дварцовы), буйных феадалаў, вечавыя (пры гар. вечы), гарадскія, земскія і інш. З 16 ст. былі думныя Дз. (засядалі ў Баярскай думе). У ВКЛ функцыі Дз. выконвалі сакратар і пісар.

2) Святар у праваслаўнай царкве, у абавязкі якога ўваходзіць чытанне св. пісання і спевы на клірасе.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРУЧЭ́ННЕ,

цывільна-прававое пагадненне, паводле якога адзін бок (давераны) абавязваецца здзейсніць ад імя і за кошт другога боку (даверніка) пэўныя юрыд. дзеянні (набыццё або адчужэнне маёмасці, правядзенне плацяжоў і да т.п.). Давераны абавязаны выканаць Д. асабіста. Ён можа перадаць выкананне Д. інш. асобе толькі ў тым выпадку, калі гэта абумоўлена пагадненнем або калі да гэтага вымушаюць абставіны абароны інтарэсаў даверніка. Давернік абавязаны аплаціць даверанаму ўзнагароджанне, калі гэта прадугледжана законам або дагаворам. Парадак выканання Д., правы і абавязкі яго ўдзельнікаў рэгламентуюцца цывільным заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,

юрыдычнае паняцце, што абазначае прававыя нормы, з дапамогай якіх дзяржава ажыццяўляе ўздзеянне на грамадскія адносіны шляхам прамога і непасрэднага прававога рэгулявання. Нормы М.п. замацоўваюць формы ўласнасці, юрыд. становішча маёмасці і асоб, вызначаюць парадак стварэння і структуры дзярж. органаў, устанаўліваюць прававы статус грамадзян, асновы і межы адказнасці за правапарушэнні і г.д. Аб’ектам М.п. выступаюць маёмасныя, прац., сямейныя і інш. адносіны. Фактычны (матэрыяльны) змест адносін складае аб’ектыўную аснову, у прыдатнасці да якой нормы М.п. вызначаюць узаемныя правы і абавязкі іх удзельнікаў. Гл. таксама Працэсуальнае права.

т. 10, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)