ЛА́МБІН (Мікалай Венядзіктавіч) (6.5.1899, г. С.-Пецярбург — 28.12.1986),
бел. матэматык Д-рфіз.-матэм.н. (1965), праф. (1971). Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). З 1930 працаваў у БПІ, БДУ, у 1965—73 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АНБеларусі. Навук. працы па тэорыі аналітычных функцый і яе дастасаваннях да рашэння прыкладных задач гідрамеханікі, тэорыі раскладаў і графаў.
Тв.:
Метод симметрии и его применение к решению краевых задач. Мн., 1960;
О бесконтурной ориентации смешанных графов (разам з В.С. Танаевым) // Докл.АНБССР. 1970. Т. 14, № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДО́ (Юрый Канстанцінавіч) (н. 14.4.1918, г. Уфа, Башкортастан),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н. (1970), праф. (1971). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1972). Скончыў Маскоўскі пед.ін-т (1940). У 1951—92 у Мінскім пед. ін-це імя М.Горкага. Навук. працы па даследаванні краявых задач для лінейных інтэградыферэнцыяльных ураўненняў з адвольным лікам краявых умоў. Устанавіў прынцып спалучанай адпаведнасці і паказаў яго дастасаванні да праблем кіравання рухам.
Тв.:
Элементы математической теории управления движением. М., 1984;
0 сужениях оператора условиями ортогональности к его графику // Дифференц. уравнения. 1991. Т. 27, № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі сушы на адносна аднародныя рэгіёны (раёны, правінцыі, падзоны, зоны) паводле асаблівасцей ландшафтнай структуры; адзін з відаў прыроднага раянавання. Праводзіцца на падставе вынікаў ландшафтнага карціравання і складання ландшафтнай карты. Асн. прынцыпы Л.р.: адносная аднароднасць, комплекснасць, генет. і тэр. супольнасці. Тэр.Беларусі падзяляецца на 2 падзоны, якія вылучаюцца з улікам біякліматычных фактараў: падтаежных (мяшана-лясных) і палескіх (шыракаліста-лясных) ландшафтаў; 5 правінцый, якія аб’ядноўваюць раёны, блізкія па структуры ландшафтаў; 55 ландшафтных раёнаў — тэрыторый, дзе спалучаюцца аднародныя ландшафты, што сфарміраваліся ў аднатыпных умовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНСЬЕ́, кадрыля-лансье (франц. lancier літар. улан),
англійскі бальны танец. У сярэдзіне 19 ст. пашыраны ў Еўропе. Выконваюць 4 пары, размешчаныя крыж-накрыж у карэ. Складаецца з 5 фігур; муз. памер для 1-й, 3-й, 4-й фігур 6/8, для 2-й і 5-й — 2/4. Кожная фігура, акрамя 5-й, пачынаецца муз. уступам (інтрадукцыяй; 8 тактаў). У некат. краінах, у т. л. ў Расіі, быў пашыраны ў нар. побыце; у Беларусі вядомы пад назвай «Лянцей». У нар.танц. практыцы існуюць шматлікія варыянты Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПАЎ (Барыс Сцяпанавіч) (28.9.1925, Мінск — 13.8.1967),
бел. мовазнавец. Канд.філал.н. (1955). Скончыў БДУ (1951). Працаваў у Друку, з 1955 у Ін-це мовазнаўства АНБеларусі, з 1964 у Мінскім пед. ін-це. Даследаваў праблемы бел. сінтаксісу, стылістыкі і ўзаемадзеянне бел. мовы з інш. мовамі. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на працы па бел. мовазнаўстве і творы бел.маст. л-ры. Сааўтар «Нарысаў па гісторыі беларускай мовы» (1957), «Курса сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Сінтаксіс» (1959), «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЦІ́НСКІ (Валерый Мікалаевіч) (н. 27.8.1940, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н. (1992), праф. (1994). Скончыў БДУ (1963). З 1967 у Магілёўскім машынабуд. ін-це, з 1974 у Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АНБеларусі. Навук. працы па дыферэнцыяльных ураўн., аўтам. кіраванні, алгебры, геаметрыі, функцыянальным аналізе, механіцы, тэорыі адноснасці. Распрацаваў асновы канструктыўнай тэорыі істотна нелінейных сістэм дыферэнцыяльных ураўн. і эфектыўныя метады іх даследавання.
Тв.:
Об ограниченных на полуоси решениях нелинейных дифференциальных систем // Дифференц. уравнения. 1997. Т. 33, № 2;
Конструктивный анализ управляемых колебательных систем. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РЫН (Аркадзь Ягоравіч) (н. 15.11. 1923, с. Убінскае Новасібірскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-рпед.н. (1990), праф. (1993). Засл. настаўнік прафес.-тэхн. адукацыі Беларусі (1968). Нар. настаўнік СССР (1979). Скончыў БДУ (1950). З 1960 дырэктар Бабруйскага вышэйшага прафес. вучылішча дэкар.-прыкладнога мастацтва. Навук. працы па праблемах эстэт. выхавання і развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў ПТУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́СКА (Mustela nivalis),
млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі падвід Л. сярэдняруская (M.n. nivalis), трапляецца на Палессі. Жыве на ўзлесках, у зарасніках па берагах вадаёмаў, каля жылля.
Даўж. цела да 28 см, хваста да 9 см, маса да 250 г. Цела тонкае, гнуткае, галава невял., вушы кароткія, шырокія. Поўсць кароткая, густая, пушыстая, зімой белая, летам на спіне светла-бурая, знізу жаўтавата-белая. Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі, радзей земнаводнымі, паўзунамі, птушкамі і іх яйцамі. Гнёзды ў норах. У прыплодзе 3—10 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТВІ́ЙСКІ ЗАПРАЖНЫ́ КОНЬ,
парода, выведзеная ў Латвіі шляхам паляпшэння мясц. запражнога каня скрыжаваннем з зах.-еўрап. запражнымі пародамі (у асн. ардэнскай, гановерскай, альдэнбургскай, тракененскай). Зацверджана ў 1952. Выдзяляюць цяжкі (запражны) і лёгкі (спарт.) тыпы. На Беларусі выкарыстоўваюцца ў племянной рабоце і конным спорце.
Даўж. тулава каля 170, выш. ў карку да 162 см. Масць бурая, вараная, гнядая, цёмна-гнядая, рыжая, зрэдку шэрая. Корпус добра развіты, касцяк моцны. Галава сярэдняй велічыні, грудзі шырокія і глыбокія, карак высокі і доўгі. Ногі невысокія, моцныя, з развітым запясцем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТУ́ШКА, латка,
1) традыцыйны ганчарны выраб у беларусаў і інш.слав. народаў. Глыбокая гліняная пасудзіна з шырокім тулавам і вусцем, гартаваная, радзей паліваная. Выкарыстоўвалася для гатавання ежы, часта замест сталовай міскі для вадкіх страў, разліўкі студзіны. На Беларусі ў канцы 19—1-й пал. 20 ст. выраблялі прамасценныя з круглым ці падоўжаным (авальным) дном (паўн. і зах. раёны) або з пукатымі сценкамі накшталт міскі (Падняпроўе). З масавага ўжытку выйшлі ў 1-й пал. 20 ст. 2) Кароткая світка на паўн.-зах. Палессі.