вызначэнне стану дынамічнага балансу (гамеастазу), які падтрымліваецца за кошт адноснага пастаянства асн. якасна-колькасных характарыстык пэўнага прыроднага комплексу (экасістэмы). Сфармуляваны рас. батанікам А.Яленкіным (1921). Баланс бесперапынна абнаўляецца ў сістэме рэчыва — энергія на фоне некат. ваганняў яе кампанентаў, якія паступова мяняюцца ў эвалюцыйным, гіст. і індывід. планах, нават да пераходу ў якасна іншы стан (на працягу адносна вял. адрэзка часу). Адносная стабільнасць прыроднага комплексу захоўваецца як адзінае цэлае на фоне некат. пастаянных ваганняў асобных кампанентаў экасістэмы. Аднак пад уздзеяннем непастаянных (незвычайных) знешніх сіл апорны пункт структуры экасістэмы можа перамяшчацца ад аднаго кампанента да другога. Напр., захаванне раўнавагі ў буйной расл. супольнасці (тайга, саванна, трапічны лес) або якой-н. папуляцыі шматлікага віду жывёл у межах экасістэмы (супольнасць насякомых, рыбнае насельніцтва вадаёма і інш.).
англійскі эканаміст, прадстаўнік класічнай школы палітэканоміі. З 1788 камерсант, з 1812 займаўся навукай, з 1819 чл. парламента. Гал. задачай эканам. навукі лічыў вызначэнне законаў, якія кіруюць размеркаваннем. У асн. працы «Пачатак палітычнай эканоміі і падатковага абкладання» (1817) сцвярджаў, што вартасць прадукцыі вызначаецца колькасцю працы, неабходнай для яе вытв-сці. На аснове сваёй тэорыі працоўнай вартасці стварыў тэорыю размеркавання вартасці паміж класамі грамадства. Стаяў на пазіцыях сац. песімізму, лічыў, што з прычыны абмежаванасці прыродных рэсурсаў эканам. рост з цягам часу спыніцца. Важнай умовай эканам. росту лічыў міжнар. падзел працы, які вядзе да росту прадукцыйнасці працы і эканоміі рабочага часу. Сваёй тэорыяй параўнальных выдаткаў зрабіў вял. ўклад у тэорыю знешняга гандлю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (РП),
палітычная партыя цэнтрысцкага кірунку на Беларусі. Створана ў сак. 1994. Вышэйшы орган паміж з’ездамі — Цэнтр. праўленне і яго выканком. Асн. мэта — адраджэнне і стварэнне моцнай, суверэннай, гуманнай, дэмакр.бел. дзяржавы з дастатковай ступенню інтэграцыі з рэспублікамі б.СССР і краінамі Захаду, якая дазволіць забяспечыць выхад з эканам. і сац.-паліт. крызісу. Выступае за шматукладную эканоміку, арыентацыю яе на вырашэнне сац. задач, дасягненне высокага ўзроўню жыцця, стварэнне механізмаў, якія дазваляюць спалучаць эканам. эфектыўнасць і сац. справядлівасць; за фарміраванне сучаснай цывілізаванай сістэмы рыначных адносін і механізмаў пры актыўнай ролі дзярж. рэгулявання эканомікі; за стварэнне высокаэфектыўнай эканомікі, гнуткай і ўспрымальнай да навук.-тэхн. прагрэсу, пастаянна зменлівых грамадскіх і асабістых патрэб. Асн.сац. база партыі — прадпрымальнікі, банкіры, кіраўнікі дзярж. прадпрыемстваў, рабочыя, студэнты, сяляне. На 1.1.2001 партыя аб’ядноўвала 8,5 тыс. чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЮ́Т [франц. salut ад лац. salus (salutis) віншаванне, прывітанне],
1) урачыстая форма прывітання або аддачы пашаны артыл. і ружэйнымі залпамі, а ў ВМФ (ВМС) таксама флагамі, феерверкам і інш. прыёмамі. Праводзіцца ў азнаменаванне ўрачыстых дат, дзярж. (нац.) свят і інш. (урачысты С.), у час афіц. цырымоній сустрэч кіраўнікоў замежных дзяржаў і ўрадаў (С. нацый — 21 артыл. выстрал або залп), у гонар дзярж. і ваен. дзеячаў (асабісты С.), пры пахаванні дзярж. дзеячаў, ваеннаслужачых і асоб, якія маюць пэўныя заслугі (жалобны С.). Аддаюцца таксама С. ваен. караблям (злучэнням караблёў) пры іх прыбыцці ў замежны порт або ваен.-марскую базу з афіц. візітам і інш. Прымяненне, парадак правядзення і сродкі С. прадугледжаны спец. палажэннямі, статутамі, міжнар. канвенцыямі і інш. 2) Прывітанне падняццем рукі ў некат. грамадскіх і паліт. арг-цыях (напр., піянерскі С.).
рускі акцёр і педагог. Вучань і паслядоўнік М.Шчэпкіна. Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1837), з 1862 выкладаў у ім. З 1837 у трупе Малога т-ра. Пачынаў з амплуа «першага палюбоўніка», з канца 1850-х г. перайшоў ад героіка-рамантычнага рэпертуару да характарных роляў. Найб. значныя ролі: Чацкі (1839), Фамусаў (1864; «Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра, 1857; С. — рэжысёр). З інш. роляў: Петручыо, Бенядзікт («Утаймаванне свавольніцы» і «Многа шуму з нічога» Шэкспіра), Мурамскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна). З 1874 кіраваў драм. класам Маскоўскай кансерваторыі. Са студэнтамі опернага класа кансерваторыі ажыццявіў на сцэне Малога т-ра першую пастаноўку оперы «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1879). Аўтар п’ес, якія ставіліся ў правінцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНА́ЦЫЯ (лац. sanatio лячэнне, аздараўленне) у праве, працэдура конкурснага вядзення справы, якая прадугледжвае пераход права ўласнасці, змену дагаворных і інш. абавязацельстваў, рэарганізацыю, рэструктурызацыю або аказанне фін. падтрымкі даўжніку. Ажыццяўляецца для аднаўлення яго ўстойлівай плацежаздольнасці і ўрэгулявання ўзаемаадносін даўжніка і крэдытораў ва ўстаноўленыя тэрміны. На Беларусі прадугледжана законам «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)» ад 18.7.2000. Уводзіцца гасп. судом на падставе рашэння сходу крэдытораў ці па ўласнай ініцыятыве ў выпадках, прадугледжаных законам. Рашэнне гасп. суда аб С. падлягае неадкладнаму выкананню. Уводзіцца на тэрмін да 18 месяцаў з дня вынясення рашэння аб яе правядзенні, калі інш. не прадугледжана законам. Пасля заканчэння С. эканам. санкцыі за невыкананне плацежных абавязацельстваў, а таксама сумы прычыненых страт, якія даўжнік абавязаны выплаціць крэдытору, могуць быць прад’яўлены да выплаты ў памерах, што існавалі на дату адкрыцця працэдуры банкруцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬСІ́Н (англ. selsyn ад англ. self сам + грэч. synchronos адначасовы),
электрычная пераменнага току машына, прызначаная для сінхроннага вярчэння вала якога-н. механізма ў адпаведнасці з вуглавым перамяшчэннем інш. вала, механічна не звязанага з першым.
Паводле прынцыпу дзеяння з’яўляецца паваротным трансфарматарам, у якога пры вярчэнні ротара адбываецца плаўная змена ўзаемнай індуктыўнасці паміж яго абмоткамі — аднафазнай першаснай (абмоткай узбуджэння) і трохфазнай другаснай (абмоткай сінхранізацыі). Звычайна выкарыстоўваецца сельсінная перадача з С.-датчыка і С.-прыёмніка, якія электрычна звязаны так, што пры павароце ротара С.-датчыка, механічна звязанага з паварочвальным валам, сінфазна і сінхронна з ім паварочваецца ротар С.-прыёмніка. Выкарыстоўваецца ў сістэмах сачэння і дыстанцыйнага вымярэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ННЕНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918.
Адбылося 8—10 жн. як працяг Аршанскага паўстання 1918, найб. арганізаванае ў ланцугу леваэсэраўскіх мяцяжоў 1918. Кіравала паўстаннем мясц.арг-цыя левых эсэраў на чале з А.Закрэўскім. У ім удзельнічалі чырвонаармейцы 2-га Смаленскага і Стайкаўскага палкоў, якія паходзілі з мясц. сялян і гал. задачай лічылі барацьбу супраць ням. акупантаў. У пач. жніўня пав. з’езд саветаў, дзе большасць належала эсэрам, прыняў рэзалюцыю аб непадпарадкаванні сенненскіх саветаў сав. ўраду. Непасрэдным повадам да паўстання паслужыла спроба чырв. камандавання змяніць камандзіра 2-га Смаленскага палка (эсэр Дз.Ф.Прышчэпаў), які дыслацыраваўся ў зоне дэмаркацыйнай лініі за 10 км ад Сянно. Паўстанне задушыў сфарміраваны спецыяльны атрад на чале з В.Даўбэ з дапамогай 1-га Латышскага кавалерыйскага палка.
Літ.:
Дзядзенка З. Аршанскае й сеньненскае паўстаньні // Спадчына. 1999. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНСО́РНЫЯ СІСТЭ́МЫ, аналізатары,
сукупнасць перыферычных і цэнтральных нерв. утварэнняў, якія ўспрымаюць і аналізуюць інфармацыю аб уздзеянні на арганізм раздражняльнікаў. Перыферычныя аддзелы С.с. — рэцэптары — размешчаны на паверхні цела (у скуры, слізістых абалонках), у глыбіні (напр., механарэцэптары сардэчна-сасудзістай сістэмы), уваходзяць у склад сенсорных органаў (напр., вока, вуха). Сігналы ад рэцэптараў па сенсорных (аферэнтных) нервах паступаюць у ц. н. с., дзе інфармацыя перапрацоўваецца. Участкі кары вял. паўшар’яў, куды пераважна паступаюць аферэнтныя імпульсы, з’яўляюцца праекцыяй рэцэптарных палёў у кары і ўяўляюць коркавыя аддзелы С.с. (напр., зрокавая зона знаходзіцца пераважна ў патылічнай вобласці кары, слыхавыя — у скроневай). У выніку ўзгодненай работы розных С.с. у вял. паўшар’ях фарміруецца праграма паводзін і ацэнка выкананага дзеяння.
Літ.:
Судаков К.В. Общая теория функциональных систем. М., 1984;
Крылова АЛ. Физиология сенсорных систем. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМПАТЫ́ЧНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА (ад грэч. sympathēs чуллівы, успрымальны),
частка вегетатыўнай нервовай сістэмы пазваночных. Прымае ўдзел у падтрыманні гамеастазу, спрыяе хуткай мабілізацыі фізіял. функцый арганізма, стымулюе працэсы катабалізму. Мае цэнтры, якія знаходзяцца ў бакавых рагах грудных і паяснічных сегментаў спіннога мозга, у нерв. вузлах (гангліях), размешчаных па баках пазваночніка (паравертэбральныя) і ў брыжэйцы (прэвертэбральныя гангліі). Прэвертэбральныя гангліі здольныя ўтвараць рыхлыя скопішчы, звязаныя валокнамі, — нерв. спляценні (буйнейшае з іх — сонечнае). Гангліі злучаны паміж сабой, са спінным мозгам, з выканаўчымі органамі. С.н.с. інервуе крывяносныя сасуды і ўнутр. органы, што забяспечвае рэфлекторную ўзаемасувязь паміж імі, а характэрнае для гэтай сістэмы галінаванне нерв. ствалоў спрыяе генералізаванаму ўплыву на некалькі ўнутр. структур. Медыятары С.н.с. — ацэтылхалін (прэгангліянарныя валокны) і норадрэналін (постгангліянарныя валокны, акрамя тых, што інервуюць потавыя залозы).