АСНО́ВАў мовазнаўстве, частка слова, носьбіт яго лексічнага значэння. У склад асновы ўваходзяць корань і афіксы словаўтварэння («сад — пера-сад-к-а — сад-ов-ы»). Адрозніваюць 2 тыпы асновы: невытворную (простую), фармальна роўную кораню («горад», «кніг-а»), і вытворную (складаную), у якой ёсць корань і афіксы словаўтварэння («стал-іц-а», «за-столь-н-ы»).
Асновы лічыцца вытворнай, калі існуе простая з тым самым коранем («стал-ов-ы — стол») ці складаная з інш. афіксацыяй («ёл-к-а — ель-нік — ял-ов-ы»). Суадносная складаная аснова наз. звязанай. Страта сувязі з простай або звязанай асновай вядзе да апрошчання («заўтра» з «за-утра», «рубель» з «руб-ель»). У вытворнай аснове выдзяляюць утваральную. Простая ўтваральная аснова з’яўляецца першаснай, утвораная ад першаснай — другасная, наступная — аснова трэцяй ступені і гэтак далей («дарог-а — дарожн-ы — падарожн-ы — падарожніча-ць — спадарожнічаць»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАЛО́ГІЯ (ад астра... + ...логія),
вучэнне, якое сімвалічнай мовай апісвае суперпазіцыю ўплыву планет і зорак на жыццё прыроды зямлі і яе жыхароў. Зарадзілася ў глыбокай старажытнасці. Была развіта ў Стараж. Егіпце, Міжрэччы, звязана з астральнымі культамі, з яе дапамогай рабіліся прадказанні. У сярэднявеччы ўваходзіла ў лік сямі вольных навук, выкладалася ва ун-тах. У Рэчы Паспалітай кафедра астралогіі была ў Кракаўскім ун-це. Сучасная астралогія мае раздзелы: генетліялогія (вывучае ўплыў планет і інш. астралагічных аб’ектаў на характар і лёс чалавека, на дзяржавы, рэгіёны, гарады), метэаралагічная (разглядае ўплыў астралагічных аб’ектаў на надвор’е), паўсядзённая (у залежнасці ад размяшчэння астралагічных аб’ектаў вызначае найб. зручныя моманты для здзяйснення штодзённых спраў чалавека). У рамках касмабіялогіі вывучаецца сувязь Зямлі і Космасу, уплыў касмічных цыклаў на здароўе чалавека, яго біярытмічную актыўнасць.
Літ.:
Саплин А.Ю. Астрологический энциклопедический словарь. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАЦЮ́РК ((Ataturk) Мустафа Кемаль) (12.3.1881, г. Салонікі, Грэцыя — 10.11.1938),
дзяржаўны, паліт. і ваенны дзеяч, заснавальнік і 1-ы прэзідэнт (1923—38) Турэцкай рэспублікі. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Стамбуле (1905). Да 1908 удзельнічаў у младатурэцкім руху. Прымаў удзел у італа-турэцкай (1911—12), 2-й Балканскай (1913) і 1-й сусветнай (1914—18) войнах (з 1916 генерал, паша). У 1919 узначальваў нац.-вызв. рух за стварэнне незалежнай Тур. рэспублікі. З 1920 старшыня Вял.нац. сходу Турцыі, сфарміраванага пад яго кіраўніцтвам. З 1921 вярх. галоўнакамандуючы. За перамогу над англа-грэч. інтэрвентамі ў баях пры р. Сакар’я (1921) атрымаў званне маршала і ганаровы тытул газі. Правёў прагрэс. рэформы бурж.-нац. характару ў галіне дзярж.-адм. ладу, культуры і быту: скасаваў султанат (1922) і халіфат (1924), абвясціў рэспубліку (1923), рэфармаваў заканадаўства, увёў грыгарыянскі каляндар, лац. алфавіт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАБО́ЦКІ (Белаблоцкі) Андрэй
(Ян) Хрыстафоравіч, усходнеславянскі філосаф і паэт 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Скончыў Слуцкую кальвінісцкую гімназію, вучыўся ў Францыі, Італіі, Іспаніі. Быў кальвінісцкім прапаведнікам у Слуцку, настаўнікам у Магілёве. З-за ганенняў езуітаў пераехаў у Смаленск, у 1681 — у Маскву, дзе прыняў праваслаўе. Да пераходу ў праваслаўе не прызнаваў афіц. царквы, крытыкаваў Біблію. Веру лічыў асабістай справай кожнага чалавека, філасофію ставіў вышэй за багаслоўе. У ягофілас. поглядах перапляталіся ідэі рацыяналізму, дэізму і пантэізму. Адстойваў адзінства душы і цела. Аўтар твораў «Кароткая гутарка літасці з ісцінаю» (1685),
«Вялікая навука Раймунда Люлія» і «Кніга філасофская» (1698—99) і інш. У гал.паэт. творы — паэме «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...» — сцвярджаецца марнасць зямнога быцця, апісваюцца карціны пякельных пакут, канца свету. Пераклаў першыя 2 кнігі трактата Фамы Кемпійскага «Аб наследаванні Хрысту».
масавая грамадская арг-цыя. Правапераемніца Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту БССР (ДТСААФ). На нечарговым з’ездзе ДТСААФ БССР у кастр. 1991 пераўтворана ў АСТТ Рэспублікі Беларусь (новая рэдакцыя статута і сучасная назва прыняты ў 1995). Асн. задачы: правядзенне мерапрыемстваў па выхаванні ў насельніцтва краіны патрыятызму і інтэрнацыяналізму, гатоўнасці да абароны Радзімы і працы, падрыхтоўка спецыялістаў для Узброеных Сіл, кадраў масавых тэхн. прафесій ваен.-прыкладнога значэння, развіццё ваенна-прыкладных відаў спорту і тэхн. творчасці моладзі. У БелАСТТ развіваюцца аўтамабільны, верталётны, водныя, дэльтапланёрны, матацыклетны, парашутны, планёрны, радыёспорт, самалётны, стралковы віды спорту. Вышэйшыя органы кіравання — з’езд (канферэнцыя БелАСТТ), паміж з’ездамі — рэсп. савет, яго прэзідыум і бюро прэзідыума. У структуры БелАСТТ — абл., гар., міжраённыя саветы і пярвічныя арг-цыі. З 1982 дзейнічае музей гісторыі т-ва (мае статус народнага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНТ). Існавала з чэрв. 1942 да канца 1943 у Мінску. Створана ням.-фаш.акупац. ўладамі з дапамогай калабарацыяністаў. У склад прэзідыума БНТ уваходзілі І.Ермачэнка
(старшыня),
В.Іваноўскі, Ф.Юрда (намеснікі), Г.Касяк (вучоны сакратар), члены т-ва А.Адамовіч, П.Свірыд і інш.; «ганаровы прэзідэнт» — ген. камісар Беларусі В.Кубэ. Т-ва мела на мэце сабраць усе навук. кадры, што па розных прычынах апынуліся на акупіраванай тэрыторыі, і прымусіць іх працаваць на акупантаў. Аднак на працягу года дзейнасць БНТ плёну не дала. У чэрв. 1943 зноў абвешчана аб адкрыцці т-ва. Яго прэзідэнтам стаў Іваноўскі, намеснікамі — Лыноўскі і Масевіч. Ад бел. вучоных, якіх пад пагрозай рэпрэсій гітлераўцы сагналі на ўстаноўчы сход т-ва, патрабавалася распрацоўваць навук. тэмы, зыходзячы з задач ваен. часу. Перастала існаваць у выніку байкоту і супраціўлення вучоных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВЫ КАБІНЕ́Ту Празе.
Існаваў з ліст. 1927 да 1930 у г. Прага (Чэхаславакія). Размяшчаўся ў будынку Украінскага ін-та грамадазнаўства. Кіраўнік-сакратар Т.Грыб. Меў на мэце: збіранне і сістэматызацыю матэрыялаў па гісторыі, л-ры, мастацтве, геаграфіі, эканоміцы Беларусі, бел.вызв.-адраджэнскім руху; вывучэнне Беларусі як геагр., культ., гіст., сац.-эканам. і лінгвістычнай адзінкі ў сістэме ўзаемаадносін народаў Усх. Еўропы; даследаванне тэндэнцый і перспектыў развіцця бел. народа і ягосамаст. існавання ў дзярж. і нац.-культ. сэнсе; азнаямленне навук. колаў інш. народаў з бел. праблематыкай. Пры кабінеце існаваў музей-архіў. У сак. 1928 выдаў адозву да ўсіх бел. устаноў на эміграцыі з запрашэннем да супрацоўніцтва. Пасля спынення дзейнасці навук. і архіўныя матэрыялы кабінета перададзены ў фонд бел. аддзела Славянскай б-кі і Бел. загранічнага архіва ў Празе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НІЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у в. Беніца (Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) у 1701—1850-я г.Засн. ў 1701 трокскім кашталянам М.К.Коцелам (яго нашчадкі валодалі Беніцай да 1810). Мураваны Троіцкі касцёл асвячоны ў 1704 віленскім біскупам К.К.Бжастоўскім. Спачатку кляштар быў драўляным, але «найвыгаднейшым», як паведамляюць бернардзінскія гісторыкі. Пазней пабудаваны мураваны корпус. Першым гвардыянам (настаяцелем) быў К.Коцел. Пры касцёле існавала брацтва Бязгрэшнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Прыкладна ў 1780—1842 пры касцёле працавала школа. У 1850-я г. кляштар скасаваны, у канцы 19 ст. жылы будынак разбураны ўласнікам Беніцы. Касцёл у 1866 перароблены на царкву, у 1919 вернуты католікам, каля 1945 закрыты. Касцёл аднанефавы, крыжова-купальны з двухвежавым гал. фасадам; неф завершаны пяціграннай апсідай, перакрыты скляпеннем з распалубкамі. Захаваліся рэшткі алтароў і стукавых надмагілляў. У сутарэннях былі пахаваны Коцелы і Швыкоўскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЭНС ((Behrens) Петэр) (14.4.1868, г. Гамбург, Германія — 27.2.1940),
нямецкі архітэктар і мастак-канструктар; адзін з заснавальнікаў новай ням. архітэктуры. Вучыўся ў Карлсруэ і Дзюсельдорфе (1886—89). Дырэктар Маст.-прамысл. школы ў Дзюсельдорфе (1903—07), праф. Венскай (1922—36) і Берлінскай (1936—40) АМ. Удзельнічаў у дзейнасці мюнхенскага Сецэсіёна і ням.Веркбунда. У ранніх арх. творах спалучаў прасторавыя рашэнні ў духу «мадэрн» з геам. дакладнасцю планіровачнай структуры і дэкору (крэматорый каля Хагена, 1907). З 1909 працаваў пераважна ў прамысл. архітэктуры; творы адлюстроўвалі неакласіцыстычныя тэндэнцыі: ф-кі ў Берліне (1909—12), Обергаўзене (1921—25), Хёхстэ (1925—26), ням. пасольства ў Пецярбургу (1911—12). У апошніх работах імкнуўся да функцыянальнай абумоўленасці ў планіроўцы (тытунёвая ф-ка ў г. Лінц, 1932—36). У яго майстэрні працавалі Ле Карбюзье, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ.
П.Берэнс. Турбінная фабрыка фірмы «АЭГ» у Берліне. 1909.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁРНЕ ((Börne) Людвіг) (6.5.1786, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 12.2.1837),
нямецкі пісьменнік, публіцыст. Вывучаў медыцыну і прыродазнаўчыя навукі. Д-р філасофіі (1808). У 1818—21 выдаваў час. «Die Wage. Blätter für Bürgerleben, Wissenschaft und Kultur» («Вагі. Часопіс грамадскага жыцця, навукі і мастацтва»); у 1836 наладзіў яго выданне на франц. мове («La balance»). У артыкулах і памфлетах выступаў з крытыкай ням. філістэрства, патрабаваннямі роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, свабоды слова і друку, верацярпімасці. У памфлеце «Манаграфія нямецкага паштовага смаўжа. Матэрыялы да натуральнай гісторыі малюскаў і ракападобных» (1821) высмеяў ляноту і пакорлівасць ням. абывацеля. Вяршыня публіцыстыкі — «Парыжскія пісьмы» (1832—34), у якіх стварыў шырокую панараму жыцця паслярэв. Францыі. Памфлет «Менцэль-французаед» (1837) скіраваны супраць ксенафобіі і шавінізму.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. СПб., 1896.
Літ.:
Тронская М.Л. Берне // История немецкой литературы. М., 1966. Т. 3.