група хвароб з выключным або пераважным пашкоджаннем скуры канечнасцяў. Атрафічны хранічны акрадэрматыт бывае часцей у жанчын. На скуры тыльнага боку кісці і ступні, каленных і локцевых суставаў з’яўляецца застойна-сінюшная эрытэма, якая паступова распаўсюджваецца па ўсёй канечнасці. Скура атрафіруецца, станчаецца, робіцца падобнай на папяросную паперу. Суб’ектыўныя адчуванні адсутнічаюць, зрэдку — паколванні, неўралгічныя болі. Іншы раз бываюць зацвярдзенні скуры, вузлы каля каленных і локцевых суставаў, трафічныя язвы. Пры пустулёзным акрадэрматыце скура далоняў і тыльных паверхняў пальцаў рук (часцей вакол пазногцяў і каля падушачак), радзей скура пальцаў ног робіцца сінюшна-чырвоная, нацягнутая, бліскучая, пачынае лушчыцца (эрытэматозналушчыльная форма), з’яўляюцца пухіры (везікулёзная форма), часцей паверхневыя гнайнікі (пустулёзная форма). Скура паступова станчаецца, атрафіруецца, пазногці мутнеюць, дэфармуюцца і адпадаюць. Працэс можа пашырыцца на скуру далоняў, падэшвы, іншы раз — на ўсё цела. Суб’ектыўна — паколванні, радзей неўралгічныя болі. Захворванне працяглае з кароткімі рэмісіямі. Энтэрапатычны акрадэрматыт развіваецца часцей у немаўлят і дзяцей ранняга ўзросту. Абумоўлены спадчыннасцю, парушэннямі ўсмоктвання пажыўных рэчываў і цынку ў тонкіх кішках. Характарызуецца пухірковай, гнайнічковай высыпкай вакол рота, вачэй, задняга праходу, у вобласці локцяў, каленяў, пахвінна-сцегнавых складак, на сцёгнах, ягадзіцах, дзе потым утвараюцца бляшкі. Адначасова пашкоджваецца слізістая абалонка рота, пазногці мутнеюць, робяцца ломкія, выпадаюць валасы на галаве, брывах, вейках. Характэрны святлабоязь, блефараспазма, страўнікава-кішачныя расстройствы, якія прыводзяць да знясілення і адставання ў фіз. развіцці дзіцяці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГЕ́РД (1296 — май 1377),
князь крэўскі і віцебскі, вял. князь ВКЛ [1345—77]. Сын Гедзіміна. Атрымаў ад бацькі Крэўскае княства. Каля 1318 ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай і ў хуткім часе стаў віцебскім князем. Пасля смерці Гедзіміна, калі Вільня і велікакняжацкі пасад дасталіся яго малодшаму брату Яўнуту, арганізаваў супраць яго змову з братам Кейстутам. Кейстут заняў Вільню і захапіў Яўнута, аднак велікакняжацкі пасад дастаўся Альгерду, што сведчыла аб прызнанні Кейстутам дамінуючага месца бел. зямель у дзяржаве. Альгерд паспяхова вёў палітыку, накіраваную на канчатковае аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у адзінай дзяржаве. Да ВКЛ было далучана Чарнігава-Северскае княства (1340-я г.), у паліт. залежнасці ад яго апынулася Смаленскае (1350-я г.). Імкнуўся пашырыць свой уплыў на Цвярское княства, што абвастрыла яго адносіны з Масквой. Ажыццявіў 3 паходы на Маскву (1368, 1370, 1372). У бітве каля Сініх Водаў 1362 разбіў татараў і далучыў да ВКЛ Падолле. Авалодаў Кіевам і пасадзіў там князем свайго сына Уладзіміра. У выніку барацьбы з польск каралём Казімірам III за Галіцкую і Валынскую землі яму дасталася (1377) апошняя. Шмат разоў узначальваў войска для адпору агрэсіі Тэўтонскага ордэна. За час яго княжання тэр.ВКЛ павялічылася больш як у 2 разы, што было на карысць бел. землям, забяспечвала ім вядучае месца ў дзярж. жыцці, спрыяла развіццю эканомікі і культуры ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЫЁЛІ (Міхал Эльвіра) (26.11.1837, Вільня — 23.8.1893),
жывапісец, рысавальшчык, ілюстратар. Бацька выхадзец з Італіі. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу і ваяння (1855—57), Пецярбургскай АМ (1857—59), у акадэміі Св. Лукі ў Рыме (1860). У 1861 на Рымскай выстаўцы адзначаны сярэбраным медалём. Працуючы ў Вільні, быў звязаны з рэв. коламі, прымыкаў да «чырвоных». У 1863 на Віленшчыне і ў Коўне ўдзельнічаў у паўстанні 1863—64. У вер. 1863 арыштаваны, у студз. 1864 уцёк з ковенскай турмы за мяжу. Жыў у Лондане і Парыжы, стварыў шмат графічных работ пра падзеі 1863. Вярнуўся ў 1866 на радзіму, арыштаваны і сасланы ў Вятку, дзе стаў настаўнікам будучых рус. мастакоў В. і А.Васняцовых. З 1871 у Варшаве, прадаўжаў маст. адукацыю ў школе Герсана. У 1883—86 працаваў у Парыжы. У жывапісных і графічных работах адлюстроўваў жыццё і побыт бел. і літ. народаў, іх гіст. мінулае (графічныя творы «Смерць Кейстута», «Сутычка літвінаў з крыжаносцамі», «Хрышчэнне язычнікаў», «Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў», «Залёты шаўца»). Напісаў партрэт Ф.Багушэвіча. Ілюстрацыі да кніг А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, А.Мальчэўскага, Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Э.Ажэшкі, У.Шэкспіра, Дж.Ф.Купера, зробленыя пад уплывам рамантызму, вызначаюцца тэхн. лёгкасцю, багаццем фантазіі.
Літ.:
История русского искусства. Т. 9, кн. 2. М., 1965;
Andriolli — świadek swoich czasów: Listy i wspomnienia. Wrocław etc., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ЖЫН,
горад у Беларусі, цэнтр Валожынскага р-на Мінскай вобл., на р. Валожынка. За 75 км ад Мінска, 17 км ад чыг. ст. Валожын на лініі Маладзечна—Ліда, на аўтастрадзе Мінск—Гродна. 11,5 тыс.ж. (1995).
Вядомы з 14 ст.Каля 1475 тут засн. касцёл. У розныя часы належаў Манівідам, Вярэйскім, Гаштольдам, Радзівілам. Служкам, Чартарыйскім, Тышкевічам. З 1551 мястэчка ў Ашмянскім пав Віленскага ваяв. У 1681 тут заснаваны касцёл і кляштар бернардзінцаў (ліквідаваны ў 1864), каля 1683 — правасл. брацтва, у 1710 пабудавана уніяцкая царква. У пач. 18 ст. ў Валожыне 107 двароў, 2 касцёлы, 2 царквы. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 1806—92 дзейнічала яўр. духоўная акадэмія (ешыбот), 2 школы, З царквы, сінагога, аптэка, шпіталь, суконная ф-ка, праводзіліся 4 кірмашы на год. У 1897 — 4533 ж. У 1918 горад акупіраваны герм., вясной 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Валожынскага павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Валожынскага раёна. З 25.6.1941 да 5.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 2 тыс.чал. У 1969 — 5,8 тыс. жыхароў.
У Валожыне прадпрыемствы харч., лёгкай, дрэваапр. прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Валожынскі палац, касцёл св. Юзафа (1816), царква Канстанціна і Алены (1866). Помнік Вызвалення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКА-МІ́НСКАЯ ВО́ДНАЯ СІСТЭ́МА,
сістэма вадасховішчаў, каналаў, гідратэхн. збудаванняў, прыродных вадаёмаў і вадацёкаў у Вілейскім, Маладзечанскім і Мінскім р-нах Мінскай вобл. Пабудавана ў 1968—76 для перакідкі вады з р. Вілія (бас. Нёмана) у р. Свіслач (бас. Дняпра) з мэтай водазабеспячэння прам-сці і камунальнай гаспадаркі Мінска і воднага добраўпарадкавання яго прыгараднай зоны. Праходзіць па Нарачана-Вілейскай нізіне і Мінскім узв. Уключае Вілейскае вадасховішча, злучальны канал даўж. 62 км з 5 помпавымі станцыямі магутнасцю да 22 м³/с кожная, якія забяспечваюць пад’ём вады на 75 м да водападзелу каляг.п. Радашковічы, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, зарэгуляваны ўчастак р. Свіслач да ўпадзення ў яе р. Волма ніжэй Мінска. У склад Вілейска-Мінскай воднай сістэмы ўваходзіць Сляпянская водная сістэма.
Злучальны канал мае 2 самацёчныя, адносна неглыбокія ўчасткі: падвадны ад Вілейскага вадасх. да 1-й помпавай станцыі і адводны ад 5-й помпавай станцыі да Заслаўскага вадасх. Астатнія 4 участкі канала паміж помпавымі станцыямі маюць глыб. ад 4—6 м у пачатку да 7—8 м і больш у канцы. Для захавання і паляпшэння навакольнага асяроддзя і выключэння забруджвання вады пры перасячэнні канала з гідрасеткай пабудаваны дзюкеры, акведукі, плаціны, вадаспускі, ліўняспускі і інш. гідратэхн. збудаванні. Адхоны і бермы ўмацаваны жвірам, на асобных участках — інж. замацаваннямі. За год перакідваецца каля 382 млн.м³ вады. Сістэма забяспечвае прам-сць Мінска тэхн. вадой і зберагае падземныя воды для пітнога водазабеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАЗДЗІ́К (Dianthis),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Азіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі як дзікарослыя трапляюцца 9 відаў, з іх 7 мясцовых — гваздзік армерыяпадобны (D. armeria), Борбаша (D. borbasii), вузкачашачкавы (D. stenocalyx), дэльтападобны, або травянка (D. deltoides), картузіянскі (D. carthusianorium), пышны (D. Superbus), пясчаны (D. arenarius); 2 занесеныя — гваздзік раўнінны (D. campestris), і Фішэра (D. ficheri). Растуць у сухіх барах і шыракалістых лясах, на пясчаных мясцінах, лугах і ў поймах рэк. Гваздзік армерыяпадобны і картузіянскі занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь; Борбаша, вузкачашачны і пышны патрабуюць прафілактычнай аховы. У культуры вырошчваюць каля 20 відаў. Найб. вядомыя: Гваздзік Андржаеўскага (D. andrzejowskianus), барадаты, або турэцкі гваздзік (D. barbatus), кітайскі (D. chinensis), перысты (D. plumaris), садовы, або галандскі (D. caryophyllus), з буйнымі адзіночнымі махрыстымі кветкамі і шаравата-блакітны (D. gratianopolitanus). Многія з іх маюць садовыя формы; гваздзік барадаты лёгка дзічэе.
Шмат-, рэдка аднагадовыя травяністыя расліны і паўкусты з прамастойным, прыўзнятым, простым або галінастым вузлаватым сцяблом Лісце суцэльнае, супраціўнае, сядзячае, звычайна ланцэтнае, падоўжана-ланцэтнае, лінейнае, шылападобнае, ніжняе часта ў разетцы. Чашачка зрослалістая, пры аснове з лускападобнымі, прыціснутымі прыкветнікамі (характэрная прыкмета роду). Кветкі звычайна буйныя, духмяныя, белыя, зеленаватыя, ружовыя, пурпуровыя і інш., 5-членныя, адзіночныя, сабраныя ў верхавінкавыя раскідзістыя або шчыльныя суквецці. Плод — каробачка. Лек., меданосныя, кармавыя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́НЬ, журавельнік (Geranium),
род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 400 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я (у тропіках — толькі ў гарах). На Беларусі як дзікарослыя трапляюцца 17 відаў, з іх 7 мясцовых — герань балотная (G. palustre), крывава-чырвоная (G. sanguineum), лугавая (G. pratense), лясная (G. sylvaticum), маленькая (G. pusillum), Роберта (G. robertianum) і цёмная (G. phaeum), занесеная ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, і 10 занесеных — герань багемская (G. bohemicum), бліскучая (G. lucidum), галубковая (G. columbinum), круглалістая (G. rotundifolium), мяккая (G. molle), пірэнейская (G. pyrenaicum), раскідзістая (G. divaricatum), рассечаная (G. dissectum), сібірская (G. sibiricum) і ўзгоркавая (G. collinum). Растуць у лясах, на лугах і балотах, каля рэк, азёр, дарог і інш. У Цэнтр.бат. садзе АН інтрадукавана герань прамая (G. rectum).
Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным сцяблом выш. да 1,5 м. Лісце супраціўнае або чаргаванае, з прылісткамі, амаль сядзячае або на доўгіх чаранках, лопасцевае, пальчата-раздзельнае ці, зрэдку, перыстае, ніжняе часта ў разетцы. Кветкі правільныя, па 1—2 на пазушных кветаносах, утвараюць парасонікі: вяночак з 5 свабодных пялёсткаў рознага колеру (ад белаватых, ружовых і бэзавых да чырвона-бурых, амаль чорных), звычайна буйны. Плод — стэрыгма, якая распадаецца на 5 плодзікаў (мерыкарпіяў). Лек., меданосныя, дубільныя і пахучыя дэкар. расліны. Геранню называюць таксама віды роду пеларгонія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮНКЕ́РКСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1940 (кодавая назва «Дынама»),
марская эвакуацыя саюзных (брыт. экспедыцыйных, часткі франц. і бельг.) войск з раёна г. Дзюнкерк (Францыя) у Вялікабрытанію 26.5—4.6.1940 у 2-ю сусв. вайну. Праведзена пасля прарыву ням.-фаш.танк. злучэнняў да ўзбярэжжа Ла-Манша каляг. Абвіль (20 мая), у выніку чаго ў Паўн. Францыі і Бельгіі пад пагрозай знішчэння апынуліся 18 франц., 12 бельг., 10 брыт. дывізій, якія не здолелі злучыцца з асн. сіламі франц. арміі (знаходзіліся на Пд ад р. Сома). Пад націскам 43 герм. дывізій саюзныя войскі адышлі да Дзюнкерка і стварылі вакол яго абарончы плацдарм. 26 мая пачалася эвакуацыя брыт. экспедыцыйных сіл, а 28 мая (пасля капітуляцыі Бельгіі) — саюзных франц. і бельг. войск. Эвакуацыю прыкрывалі брыт.ВПС і саюзная зенітная артылерыя. Усяго 26 мая — 4 чэрв. на 860 розных (пераважна брыт.) суднах вывезена 278,8 тыс.чал. (з іх 139,8 тыс. англічан, 139 тыс. французаў і бельгійцаў), а з улікам вывезеных перад аперацыяй 59,3 тыс. англічан — больш за 338 тыс.чал. У Дз. а. англічане страцілі 68 тыс.чал., 302 самалёты, 224 караблі, французы — каля 60 суднаў, 40 тыс.чал. палоннымі і інш.; на беразе засталася баявая тэхніка саюзнікаў.
Літ.:
Черчилль У. Вторая мировая война: Пер. с англ.М., 1991. Кн. 1, т. 2 С 333—357.
Да арт.Дзюнкеркская аперацыя 1940. Набярэжная ў Дзюнкерку пасля эвакуацыі брытанскіх, французскіх і бельгійскіх войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎБАР-МУСНІ́ЦКАГА МЯЦЕ́Ж 1918,
антысавецкае ўзбр. выступленне 1-га польск. корпуса на чале з Ю.Р.Доўбар-Мусніцкім.
Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 са згоды сав. ўрада корпус (3 дывізіі, 25—29 тыс. легіянераў) пачаў канцэнтравацца ў раёне Рагачоў—Жлобін—Бабруйск. Аднак яго камандаванне не выконвала пастановы новай улады аб дэмакратызацыі войска, не дазваляла канфіскацыю памешчыцкіх маёнткаў і нацыяналізацыю прадпрыемстваў, легіянеры рабавалі мясц. насельніцтва. Сав. ўлады ў снеж. 1917 часова арыштавалі Доўбар-Мусніцкага і некат. афіцэраў, у студз. 1918 выдалі загад аб расфарміраванні корпуса.
У адказ 25.1.1918 Доўбар-Мусніцкі аб’явіў вайну Сав. рэспубліцы, 26.1.1918 захапіў Рагачоў, 3.2.1918 — Бабруйск. Супраць мяцежнікаў накіраваны атрад чырвонагвардзейцаў (каля 10 тыс.чал.) на чале з І.Вацэцісам. 13.2.1918 1-я польск. дывізія цалкам разбіта пад Рагачовам, горад вызвалены. 2-я дывізія адышла да Бабруйска, куды рухаліся астатнія часці корпуса. Большасць польск. палкоў былі раззброены па дарозе на Бабруйск. У выніку праведзенай бальшавікамі і палякамі-інтэрнацыяналістамі агітац. работы значная колькасць легіянераў перайшла ў сав.ваен. фарміраванні. З іх утвораны 1-ы польскі рэв. батальён у Віцебску, польскі батальён рэв. палка імя Мінскага Савета і інш. У лют. 1918 часці корпуса па дамоўленасці з вярх. камандаваннем герм. войск пачалі наступленне на Мінск, нанеслі паражэнне сав. войскам калячыг. станцый Ясень і Асіповічы, 20.2.1918 захапілі Мінск. 26.2.1918 у Бабруйску заключана пагадненне аб падпарадкаванні 1-га польск. корпуса немцам. У маі 1918 корпус расфарміраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й,
навуковая і культурна-асветная ўстанова, у якой сабраны калекцыі жывёл (у фіксавальных вадкасцях, высушаныя ці дасканала прэпараваныя жывёлы, іх чучалы, шкілеты, скуры, а таксама вырабы з рогу, косці, ракавін і інш.). Калекцыі З.м. складаюцца з навук. фондаў і экспанаваных матэрыялаў. Асн. задачы З.м.: навук. даследаванні па сістэматыцы, фауністыцы, зоагеаграфіі, зменлівасці, параўн. марфалогіі і анатоміі жывёл, тэорыі эвалюцыі; культ.-асв. работа па заалогіі, папулярызацыя справы аховы прыроды; вучэбная работа са школьнікамі і студэнтамі, кансультацыі па пытаннях у галіне паляўнічай, сельскай, лясной гаспадаркі і мед. заалогіі.
Па калекцыях 1-е месца ў свеце належыць Брытанскаму музею ў Лондане, 2-е — С.-Пецярбургскаму (створаны на базе пятроўскай Кунсткамеры ў 1832). Існуюць З.м. ў Нью-Йорку, Вашынгтоне, Чыкага, Парыжы, Берліне, Вене, Празе, Капенгагене, Стакгольме, Калькуце, Пекіне, Рыме, Мюнхене, Маскве, Кіеве, Тбілісі, Ерэване, Ашгабаце, Ташкенце, Алматы і інш.
На Беларусі першы Віцебскі губ.вет.-заал. музей засн. ў 1918; у 1921 на базе энтамалагічнай калекцыі В.А.Плюшчэўскага-Плюшчыка пры Віцебскім с.-г. тэхнікуме створаны З.м. (з 1924 прыродазнаўча-гіст. музей Віцебскага вет. ін-та). З.м. існуюць у БДУ (1923), Гомельскім ун-це (1981). У 1992 пры музеі БДУ створаны Цэнтр заал. калекцый імя А.У.Фядзюшына (каля 120 тыс.экз., у т. л.каля 8 тыс. пазваночных жывёл).