гістарычная вобласць на ПнЗ Францыі, каля ўзбярэжжа праліва Ла-Манш. У старажытнасці населена кельтамі. Разам з Галіяй раманізавана і з 4 ст. хрысціянізавана. У 6 ст. заваявана франкамі. Пры Каралінгах аб’ект нападзенняў нарманскіх піратаў. У 911 правадыр нарманаў (адсюль назва) Ралон атрымаў Н. ад караля Карла III Праставатага ў якасці леннага ўдзела. Пасля нармандскага заваявання Англіі 1066 Н. — частка англа-нармандскай дзяржавы. У 12 ст. разам з англ. каронай перайшла пад уладу Плантагенетаў. У 1202—04 адваявана франц. каралём Філіпам II Аўгустам (замацавана пагадненнем 1259), але захавала асобныя прывілеі, самакіраванне гарадоў. У Стогадовую вайну 1337—1453 Н. — гал. арэна ваен. дзеянняў. У 1419 заваявана англічанамі. У 1450 вернута Францыі. У 1468 Людовік XI уключыў Н. ў каралеўскі дамен. У 1515 у г. Руан засн. парламент Н. У 16—17 ст. адна з найб. развітых гандл.-прамысл. правінцый Францыі (сукнаробства, выраб палатна, карункаў, шкла, жалеза і інш.). Пасля скасавання ў 1791 гіст.-адм. падзелу Францыі падзелена на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТРАТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ (ад лац noster наш),
макрасям’я моў, якая ўключае шэраг моўных сем’яў і моў Еўразіі і Афрыкі (індаеўрапейскія мовы, семіта-хаміцкія мовы, уральскія мовы, дравідыйскія мовы, алтайскія мовы, картвельскія мовы). Падзяляюцца на ўсходненастратычныя (уральскія, дравідыйскія, алтайскія) і заходненастратычныя (індаеўрап., картвельскія, семіта-хаміцкія). Дакладныя межы настратычнай сям’і не вызначаны. Роднасць Н.м. у наяўнасці ў іх генетычна тоесных каранёвых і афіксальных марфем (каля 1000). Корпус каранёвых марфем уключае ў сябе карані адзінак асн. слоўнікавага фонду, што адлюстроўваюць найб. значныя для чалавека рэаліі і паняцці (часткі цела, роднасныя адносіны, асн. з’явы прыроды, назвы жывёл і раслін, прасторавыя адносіны, элементарныя дзеянні і працэсы, асн.якасці). Фаналагічная структура настратычнай прамовы мела, верагодна, 7 галосных і вял. колькасць зычных. Многія даследчыкі лічаць настратычную сістэму блізкай да аглюцінатыўнай (гл.Аглюцінатыўныя мовы). Гіпотэзу пра роднасць Н.м. выказаў у пач. 20 ст. дацкі вучоны Х.Педэрсен. Яе навук. абгрунтаванасць даказаў рас. вучоны У.Іліч-Світыч.
Літ.:
Иллич-Свитыч ВМ. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. Т. 1—3. М., 1971—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ТАРП ((Natorp) Паўль) (24.1.1854, Дзюсельдорф, Германія — 17.8.1924),
нямецкі філосаф, адзін з гал. прадстаўнікоў марбургскай школы неакантыянства. Вучань Г.Когена. Праф. філасофіі Марбургскага ун-та (1885). Цэнтр. месца ў яго філас. поглядах займае трактоўка кантаўскага паняцця «рэчы ў сабе», якое ён лічыў «гранічным паняццем» і пабуджальным пачаткам навук. пазнання. Н. затушоўвае прынцыповую кантаўскую розніцу паміж апрыёрнымі формамі пачуццёвасці і катэгорыямі розуму і пераносіць яе ў разрад чыста лагічных праблем. Класічным прыкладам навукі, на яго думку, выступае матэм. аналіз, дзе канструкцыі чыстага мыслення выцясняюць усе спец. аб’екты. Н. даследаваў ант. філасофію, асабліва вучэнне Платона, якое разглядаў з неакантыянскіх пазіцый. Сац.-філас. погляды Н. спалучаюць у сабе характэрныя для марбургскай школы ідэі «этычнага сацыялізму» з лібералізмам. Галоўным у сац. педагогіцы Н. было палажэнне пра неабходнасць адукацыі індывіда ў якасці перадумовы яго ўдзелу ў агульначалавечым руху за пабудову ідэальнага грамадства. Аўтар прац: «Сацыяльная педагогіка» (1899), «Вучэнне аб ідэях Платона» (1903), «Філасофія як праблема і яе праблемы» (1911) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАЗЛУЧЭ́ННІ,
арганічныя злучэнні, у малекулах якіх адна ці некалькі нітрагруп -NO2 непасрэдна звязаны з атамамі вугляроду. Паводле колькасці нітрагруп Н. падзяляюць на мона-, ды- і полінітразлучэнні. Адрозніваюць аліфатычныя, араматычныя, тлушчаараматычныя (з нітрагрупай у бакавым аліфатычным ланцугу, напр., фенілнітраметан C6H5NO2) і інш.
Найпрасцейшыя нітралканы бясколерныя вадкасці (напр., нітраметан); араматычныя Н. — высокакіпячыя вадкасці (напр., нітрабензол) ці нізкаплаўкія крышт. рэчывы з характэрным пахам. Многія полінітразлучэнні, пераважна араматычныя — выбуховыя рэчывы. Аліфатычныя Н. атрымліваюць вадкафазным ці парафазным нітраваннем сумесі этану, прапану і бутану, вылучанай з прыроднага газу ці пры перапрацоўцы нафты; араматычныя — пераважна электрафільным нітраваннем. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, шэраг Н. у якасці біялагічна актыўных рэчываў (гербіцыды, фунгіцыды, антыбактэрыяльныя сродкі), аліфатычныя Н. як растваральнікі ў лакафарбавай прам-сці і вытв-сці палімераў, для дэпарафінізацыі нафты і інш., араматычныя — у вытв-сці выбуховых рэчываў, фарбавальнікаў, некаторыя як пахучыя рэчывы. Таксічныя: аліфатычныя раздражняюць слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй, з’яўляюцца клетачнымі ядамі агульнага ўздзеяння; араматычныя — прыгнечваюць нервовую і асабліва крывятворную сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́Й (Іван) (? — пасля 1669),
палкоўнік казацкага запарожскага войска на Беларусі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Паходзіў з Мсціслаўскага ваяв. У 1649 у Брацлаўскім палку, якім камандаваў яго брат Д.Нячай. У 1650—54 казацкі прадстаўнік пры двары крымскага хана. У 1655 у войску І.Залатарэнкі, удзельнічаў у аблозе Старога Быхава. Страціўшы надзею на поспех, казакі адышлі на Украіну, пакінуўшы на Беларусі частку войска на чале з Н. 29.1.1656 Хмяльніцкі прызначыў Н. «палкоўнікам беларускім». У 1657 Н. узяў Стары Быхаў. У 1658 ён адкрыта перайшоў на бок Рэчы Паспалітай. У снеж. 1658 пацярпеў паражэнне ад рас. войск каля в. Благовічы Мазырскага пав., 11.3.1659 — каля Мсціслава. Пасля ўзяцця рус. войскамі Старога Быхава (4.12.1659) трапіў у палон і адпраўлены ў Маскву. 6.10.1660 сасланы ў Табольск. Вярнуўшыся са ссылкі, Н. у 1669 неаднаразова ездзіў на Украіну да гетмана Дарашэнкі ў якасці палкоўніка літ. казацкага палка. Далейшы лёс невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБЕДАНО́СЦАЎ (Канстанцін Пятровіч) (2.6.1827, Масква — 23.3.1907),
расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў вучылішча правазнаўства (1846, С.-Пецярбург). Служыў у дэпартаментах Сената. У 1860—65 праф. Маскоўскага ун-та. Сенатар (з 1868), чл.Дзярж. савета (з 1872), обер-пракурор Сінода (1880—1905). Выкладаў заканазнаўства рас.вял. князям, у т. л. будучым імператарам Аляксандру III і Мікалаю II, на якіх аказваў значны ўплыў. Аўтар тэксту маніфеста 11.5.1881 «Аб умацаванні самадзяржаўя», ініцыятар «контррэформ». Адыгрываў значную ролю ў фарміраванні ўрадавай палітыкі ў галіне асветы, нац. пытанні і інш. Насаджаў вялікадзяржаўныя ідэі ў якасціафіц. ідэалогіі, выступаў з кансерватыўных пазіцый супраць зах.-еўрап. культуры і дэмакр. форм грамадскага жыцця. Як обер-пракурор Сінода праследаваў прыхільнікаў расколу і сектантаў, уціскаў земскую школу і насаджаў царк.-прыходскую. Пасля выдання маніфеста 17 кастрычніка 1905 у адстаўцы. Свае погляды выклаў у кн. «Маскоўскі зборнік» (1896). Аўтар гіст.-юрыд. твораў.
Літ.:
К.П.Победоносцев: pro et contra: Антология. СПб., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЯ́ЗКА,
комплекс сродкаў, якія накладваюць на цела хворага пры розных пашкоджаннях і захворваннях. Ахоўвае рану ад інфекцый, вонкавых раздражняльнікаў, падтрымлівае хворую ч. цела ў фіксаваным становішчы. У залежнасці ад функцыян. прызначэння адрозніваюць П. ўмацавальныя (для замацавання перавязачнага матэрыялу на ране), сціскаючыя (гамеастатычныя), якія накладваюць на вобласць пашкоджанага сасуда, каб спыніць крывацёк і імабілізуючыя (для ўтрымання пашкоджанай ч. цела ў вызначаным становішчы). Сярод умацавальных П. часцей ужываюць бінтавую, таксама безбінтавую — клеявую, лейкапластырную і інш. Умацавальная П. бывае кругавая (цыркулярная), крыжападобная, коласападобная і інш. Сціскаючыя П. робяць часцей з марлевага бінту. Імабілізуючыя П. падзяляюць на мяккія (спец. эластычныя прыстасаванні для дадатковай вонкавай фіксацыі суставаў пры пашкоджанні звязкавага апарату), зацвердзявальныя (для працяглай фіксацыі пры пераломах, дэфектах і пашкоджаннях, гнойных працэсах; найб. пашыраны гіпсавыя) і шынныя (для фіксацыі ўчасткаў цела хворых пры транспарціроўцы). Пры аказанні першай дапамогі ў якасці шын выкарыстоўваюць дошкі, рэйкі і інш. Робяць П. паводле правіл дэсмургіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНЫЯ КАРМЫ́, мінеральныя падкормкі,
састаўная частка рацыёнаў жывёл, якая забяспечвае іх неабходнымі мінер. рэчывамі. Выкарыстоўваюць у якасцікармавых дабавак у здробненым стане, вырабляюць сыпкія салявыя сумесі, брыкеты-лізунцы, таблеткі.
Найб. важная — кухонная соль (мае натрый і хлор, якіх мала ў расл. кармах). Кальцыевыя дабаўкі: вапнякі (мергель, траверцін, гарныш, даламітызаваны вапняк, у якім шмат і магнію), гіпс (ёсць і сера), мел, сапрапель, гашаная вапна, драўнінны попел (мае таксама натрый, калій, магній, фосфар, мікраэлементы); яечная шкарлупіна, ракавінкі малюскаў (для птушак) і інш. Фосфарныя дабаўкі: мона- і дынатрыйфасфат, мона- і дыамонійфасфат (таксама крыніца азоту). Фосфарна-кальцыевыя дабаўкі: касцявая мука, рыбная мука, касцявы прэцыпітат (дыкальцыйфасфат), абясфтораныя фасфарыты, касцявыя попел і вугаль, свежадраблёная косць (для пушных звяроў) і інш. Крыніцы магнію: аксід, карбанат і сульфат магнію; калію — хларыд калію; серы — чыстая сера, сульфаты натрыю і амонію, тыясульфат натрыю; мікраэлементаў металаў — іх сульфаты і інш. солі, аксіды (жалеза — таксама чырв. гліна), ёду — ёдзістыя калій і натрый, селену — селенат і селеніт натрыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГА́ІВялікія і Малыя,
дзярж. ўтварэнні (княствы) нагайцаў (мангыты, кунграты і інш. цюркамоўныя плямёны, якія ўзялі сабе агульную назву ад імя золатаардынскага цемніка Нагая, у склад арды якога ўваходзілі ў 2-й пал. 13 ст.), што ўзніклі ў выніку распаду Нагайскай Арды ў 2-й пал. 16 ст. Н. Вялікія ўтварыліся з улусаў, што качавалі паміж Волгай і р. Урал, у 1555—1600 неаднаразова прымалі рас. падданства; у 1634 выцеснены калмыкамі на правабярэжжа Волгі, дзе качавалі ў Прыкаспіі (да р. Церак) разам з некаторымі ўлусамі Н. Малых, б.ч. жыхароў якіх з сярэдзіны 16 ст. насяляла Прыазоўе (паміж Донам і Кубанню) у якасці васалаў Крымскага ханства і Турцыі. У 17—18 ст. Н. Малыя амаль поўнасцю выцеснены рас. казакамі ў стэпы Паўн. Прычарнамор’я, дзе падзяліліся на орды (Буджакскую, Едысанскую і інш.). У канцы 18 — пач. 19 ст. іх жыхары часткова прынялі рас. падданства і былі зноў пераселены ва ўсх. Прыазоўе, часткова перасяліліся ў Турцыю паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НЬШЫН (Геральд Рыгоравіч) (н. 5.8.1937, г.п. Фрунзе Луганскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1994), д-ртэхн.н. (1983), праф. (1986). Скончыў Кіеўскі ін-тінж. грамадзянскай авіяцыі (1961). З 1970 вучоны сакратар Аддзялення фіз.-тэхн. навук, з 1974 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН Беларусі, адначасова з 1985 у Ваен. акадэміі Беларусі. З 1993 прэзідэнт Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій. Навук. працы па тэорыі аналізу і сінтэзу складаных комплексаў «чалавек-машына», метадах і сродках забеспячэння якасці і надзейнасці эргатычных сістэм, метадах аўтаматызацыі эрганамічнага праектавання складаных сістэм, сродках кантролю і кіравання функцыянальным станам чалавека-аператара. Дзярж. прэмія СССР 1985.
Тв.:
Управление режимами профилактик сложных систем. Мн., 1976;
Методы профилактического обслуживания эргатических систем. Мн., 1983 (разам з Я.Ю.Барзіловічам, В.Ф.Васкабоевым);
Обеспечение качества функционирования автоматизированных систем. Мн., 1986 (разам з С.В.Кірпічом).