Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́БА (ням. Probe ад лац. probo выпрабоўваю, ацэньваю),
частка доследнага рэчыва, ідэнтычная хім. саставам і фізічнымі ўласцівасцямі ўсёй яго масе. Адбіраюць П. для правядзення лабараторных аналізаў сыравіны, прамежкавых прадуктаў вытв-сці, гатовай прадукцыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЖСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства Полацкай зямлі ў 12—15 ст.
Цэнтр — г. Лагожск (сучасны г.Лагойск Мінскай вобл.). Магчыма, ’першым уладальнікам Л.к. ў 1127 быў кн.Брачыслаў. Непасрэдна лагожскімі князямі Іпацьеўскі летапіс называе Усяслава Мікуліча (1180) і Васільку Валадаравіча. Верагодна, Л.к. было адным з удзелаў Мінскага княства. Не пазней як у 1-й пал. 14 ст. княства ўвайшло ў ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. належала Войшвілу (паводле адной з версій — сыну Кейстута). У 1387 вял.кн. Ягайла аддаў Л.к. разам з Трокскім і Полацкім княствамі свайму брату Скіргайлу, які фактычна быў яго намеснікам у ВКЛ. У 1392 Ягайла вымушаны быў перадаць уладу ў ВКЛ Вітаўту, які пачаў раздаваць асобныя маёнткі Л.к.: Ганявічы і Корань у 1395 — віленскаму біскупству, Гасцілавічы — віленскаму ваяводу Войцеху Манівіду (у 1407 пацверджаны навечна); Коцалі ў канцы 14 ст. — новаўтворанаму касцёлу ў Гайне. Магчыма, да Л.к. належала і Харэцкая воласць у вярхоўях р. Бярэзіна, раздача якой у прыватную уласнасць адбывалася адначасова. Не пазней як у 1-й пал. 15 ст. з Л.к. вылучыліся маёнткі Астрошыцы, Зазер’е і, верагодна, Смалявічы, якія належалі пану Судзімонту Доргевічу. Пасля смерці апошняга (1448) спадчыннае права на гэтыя маёнткі пацверджана яго сыну Алехну. У сярэдзіне 15 ст. ад Л.к. заставалася невял. частка з Лагойскам і Гайнай, якая належала кіеўскаму кн. Алельку Уладзіміравічу, а з 1455 — яго малодшаму брату Андрэю. Пасля смерці Андрэя ў 1457 Гайна пакінута ва ўласнасці яго нашчадкаў, а Лагойск вернуты вял. князю і ў 1460 нанова падараваны кн. Аляксандру Чартарыйскаму на правах звычайнага маёнтка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Т ПАХАВА́ЛЬНЫ,
жывапісная або скульптурная выява нябожчыка. Функцыя П.п. — дакладная перадача фізічнага аблічча памерлага для ўшанавання яго памяці або (паводле шэрагу рэліг. дактрын) забеспячэння вечнага жыцця яго душы. П.п. магла быць прыжыццёвая выява памерлага, адлюстраванне, выкананае з пасмяротнай маскі, часта з геральдычнымі знакамі і надпісамі. Нярэдка быў часткай скульпт.надмагілля.
Вядомы са старажытнасці ў многіх народаў свету (напр., фаюмскі партрэт у Егіпце). Вылучаюць трунны, эпітафійны партрэты і жалобную харугву (канклюзію). Трунны партрэт часцей малявалі алейнымі фарбамі на метал. блясе 6—8-граннай або акруглай формы. Прызначаўся ён для размяшчэння на тарцовай частцы труны ў час пахавальнай цырымоніі, пазней яго звычайна змяшчалі на сцяне крыпты або храма; уваходзіў ў склад сінт.маст. вырашэння яго інтэр’ера. Эпітафійны партрэт не мацаваўся на труну і таму часцей меў авальную форму, уваходзіў у склад прысценнага скульпт. надмагілля ў храме разам са скульпт. алегарычнымі постацямі і надмагільным надпісам у рамцы. Для адной цырымоніі маглі быць выкарыстаны і трунны і эпітафійны партрэты. Своеасаблівы від П.п. — канклюзія — жалобная харугва з маляваным або шытым партрэтам, упрыгожаная метал. ніткамі, галунамі, карункамі, звычайна з надпісам біягр. або панегірычнага характару і выявай герба.
На Беларусі былі пашыраны ў 15—18 ст., найб. раннія формы трапляюцца ў тканых пахавальных пакрывалах і харугвах. Сярод найб. значных П.п. партрэты А.Завішы (1676), А.Пацея (18 ст.), эпітафія Б.Біспінгу работы І.Прукнера ў Троіцкім касцёле ў Ружанах (1789), надмагілле М.Радзівіла ў касцёле ў Дзятлаве (18 ст.) і інш.
Літ.:
Хадыка А.Ю., Хадыка Ю.В. Непаўторныя рысы: З гісторыі бел. партрэта. Мн., 1992.
пастаянна дзеючы орган Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у 1938—90, падсправаздачны яму ва ўсёй сваёй дзейнасці. У межах, прадугледжаных канстытуцыяй, ажыццяўляў функцыі вышэйшага органа дзярж. улады рэспублікі ў перыяд паміж яго сесіямі. Выбіраўся з дэпутатаў у складзе старшыні, 2 яго намеснікаў, сакратара і 15 членаў. Рашэнні Прэзідыума па большасці пытанняў прымаліся ў форме ўказаў або пастаноў і не патрабавалі наступнага разгляду і зацвярджэння іх Вярх. Саветам. Аднак канстытуцыя прадугледжвала шэраг пытанняў, вырашэнне якіх патрабавала абавязковага зацвярджэння на чарговых сесіях Вярх. Савета. Вярх. Савет 12-га склікання (1990—94) скарэкціраваў паўнамоцтвы Прэзідыума. Ён застаўся пастаянна дзеючым органам Вярх. Савета, які забяспечваў арганізацыю яго работы і ажыццяўляў інш. паўнамоцтвы ў межах, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і законам, аднак ужо не ажыццяўляў функцыі вышэйшага органа дзярж. улады. У склад Прэзідыума ўваходзілі Старшыня Вярх. Савета, яго 1-ы нам. і намеснікі, дэпутаты Вярх. Савета і ў парадку, прадугледжаным рэгламентам Вярх. Савета. Прэзідыум узначальваў Старшыня Вярх. Савета. З увядзеннем пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь значная частка паўнамоцтваў адышла да Прэзідэнта. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятая на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, такога органа не прадугледжвае. Старшынямі Прэзідыума Вярх. Савета былі Н.Я.Наталевіч (1938—48), В.І.Казлоў (1948—67), С.В.Прытыцкі (1968—71), Ф.А.Сурганаў (1971—76), І.Я.Палякоў (1977—85), Г.С.Таразевіч (1985—89), М.І.Дземянцей (1989—90); работай Прэзідыума кіравалі Старшыні Вярх. Савета Дземянцей (1990—91), С.С.Шушкевіч (1991—94), М.І.Грыб (1994—96), С.Г.Шарэцкі (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАФЕРМЕ́НТ (ад апа... + фермент),
апаэнзім, бялковая частка складаных (двух- і шматкампанентных) ферментаў. Вызначае выбіральныя дзеянні ферменту ў адносінах да субстрату і магчымасць рэгулявання яго актыўнасці. Для выяўлення каталітычнай актыўнасці апаферменту неабходная наяўнасць небялковага кампанента — кафактару (каферменту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГІ́ШЦІ I (1-я пал. 8 ст. да н.э.),
цар Урарту. У час яго праўлення Урарту ператварылася ў магутную дзяржаву Б. Усходу. Пакінуў некалькі дзесяткаў клінапісных надпісаў пра перамогі над Асірыяй і будаўніцтва гарадоў Аргішціхінілі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АН (шумер. «неба»),
Анум, Ану (акад.), у шумера-акадскай міфалогіі бог неба, адно з цэнтральных божастваў. Ан стварае сямёрку злосных дэманаў утуку і пасылае іх супраць бога месяца, каб зацямніць яго. Існуе жаночая паралель Ана — Антум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЗУ́, апсу,
паводле шумера-акадскай міфалогіі, сусветны акіян падземных прэсных водаў, які абкружае зямлю, а таксама патаемнае месца, схаванае недзе ў яго глыбіні, куды нават багі не могуць зазірнуць і дзе захоўваюцца таямнічыя сілы, што кіруюць светам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЯТАЛА́ (перс.Літар. знак Алаха),
вышэйшы тытул шыіцкага мусульм. духавенства. Аўтарытэт аяталы сярод шыіцкіх лідэраў бясспрэчны, а яго прадпісанні абавязковыя для шыіцкай абшчыны і абмеркаванню не падлягаюць. У Іране аятала з’яўляецца духоўным лідэрам і фактычным кіраўніком дзяржавы.