ЛІ́ЯРД, Лаярд (Liard),

рака ў Канадзе, левы прыток р. Макензі. Даўж. 1215 км, пл. басейна 276 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Пелі (сістэма Скалістых гор), у верхнім цячэнні парожыстая. Гал. прытокі: Форт-Нельсан, Саўт-Нахані. Сярэдні расход вады 2500 м³/с. Ледастаў ад кастр. да мая. Суднаходная ад г. Форт-Ліярд. У вусці — г. Форт-Сімпсан.

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РА СІЛ,

дзве роўныя па модулі і процілеглы па напрамку паралельныя сілы, прыкладзеныя да аднаго цела. Утварае вярчальнае дзеянне, якое характарызуецца момантам П.с. (гл. Момант сілы), і не мае раўнадзейнай. Адлегласць паміж лініямі дзеяння сіл наз. плячом сілы. Сістэма П.с., прыкладзеных да аднаго цела, мех. эквівалентная адной П.с., момант якой роўны геам. суме момантаў гэтых сіл.

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЛАМЕНТАРЫ́ЗМ,

сістэма дзярж. улады, пры якой выразна размяжоўваюцца функцыі яе заканадаўчых і выканаўчых органаў пры прызнанні прыярытэтнай ролі парламента як вышэйшага прадстаўнічага і заканад. органа. У рамках П. парламент фарміруе адказны перад ім урад, які ён кантралюе і можа адправіць у адстаўку. Менавіта парламенту належаць функцыі заканатворчасці. Пры П. паўнамоцтвы манарха або прэзідэнта звычайна носяць пратакольна-прадстаўнічы характар.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАСНАЯ НЫ́РКА, мезанефрас,

парны орган выдзялення ў пазваночных. Складаецца са шматлікіх канальцаў (адзін канец кожнага мае выраст — мальпігіева цельца, другім канцом каналец адкрываецца ў першаснанырачны або вольфаў канал). У кругларотых, рыб і земнаводных П.н. функцыянуе на працягу жыцця, у вышэйшых пазваночных — толькі на ранніх стадыях зародкавага развіцця, потым замяняецца метанефрасам (другаснай ныркай). Гл. таксама Выдзяляльная сістэма.

т. 12, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ЖНЫ ПРАЦЭ́С, квазістатычны працэс,

працэс пераходу тэрмадынамічнай сістэмы з аднаго стану ў другі, пры якім сістэма праходзіць праз неперарыўны шэраг раўнаважных станаў (гл. Раўнавага тэрмадынамічная); адно з асн. паняццяў тэрмадынамікі раўнаважных працэсаў. Тэарэтычна Р.п. адбываецца бясконца павольна. Рэальны працэс набліжана лічыцца Р.п., калі адметныя змены параметраў сістэмы адбываюцца за прамежкі часу, якія значна перавышаюць час рэлаксацыі.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПЕ́Р у матэматыцы,

сукупнасць лінейна незалежных вектараў, якія маюць агульны пачатак, узятых у пэўным парадку. Калі вектары, што складаюць Р., папарна артаганальныя, то Р. наз. артаганальным, а калі пры гэтым яны маюць адзінкавую даўжыню — артанармаваным (гл. Артаганальная сістэма). Напр., у трохмернай прасторы Р. можа служыць любая тройка папарна непаралельных адной плоскасці вектараў. Гл. таксама Базіс у матэматыцы.

т. 14, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭДНЕІРА́НСКІЯ ГО́РЫ,

горная сістэма ў Іране. Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 1000 км, шыр. да 300 км, выш. да 4420 м (г. Хезар), пераважаюць выш. 2000—2500 м. Гал. хр. — Кухруд. Складзены з вулканічных парод, пясчанікаў, вапнякоў; шматлікія восыпы. Ападкаў 100—300 мм за год. Горныя стэпы і пустыні. Па далінах — тугайныя зараснікі. Качавая жывёлагадоўля.

т. 15, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ЗУС (ад лац. usus выкарыстанне, звычай) у мовазнаўстве, агульнапрынятае ўжыванне моўнай адзінкі (слова, фразеалагізма) у адрозненне ад яго часовага ці індывідуальнага (аказіянальнага, гл. Аказіяналізм) ужывання (напр., неалагізмы не з’яўляюцца узуальнымі адзінкамі мовы). Паняцце У. цесна звязана з паняццямі норма моўная і сістэма мовы. Звычайна узуальнае выкарыстанне моўных адзінак фіксуецца ў слоўніках (тлумачальных, фразеалагічных, арфаграфічных, арфаэпічных і інш.).

т. 16, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНІ ХРЫБЕ́Т,

горная сістэма на У Камчаткі (Расія). Даўж. 600 км, выш. да 2485 м (вулкан Кізімен). Складзены пераважна з асадкавых і вулканагенных парод (базальт, туф), на Пд — з крышт. сланцаў і гранітаў. Уключае шэраг кулісападобных высакагорных хрыбтоў (Ганальскі, Валагінскі, Тумрок, Кумроч). Вулканы. На схілах — паркавыя лясы з каменнай бярозы і зараснікі кедравага сланіку, каменнай вольхі, рададэндрану.

т. 16, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАГАЦЫ́ТЫ (ад грэч. phagos пажыральнік + ...цыт),

спецыялізаваныя ахоўныя клеткі злучальнай тканкі жывёл і чалавека, здольныя да фагацытозу. У беспазваночных фагацытоз ажыццяўляюць амёбацыты. У млекакормячых актыўнымі Ф. з’яўляюцца нейтрафілы крыві, клеткі рэтыкула-эндатэліяльнай сістэмы (гл. Макрафагічная сістэма), здольныя ператварацца ў актыўных макрафагаў. Нейтрафілы фагацытуюць дробныя часцінкі (напр., бактэрыі), макрафагі — больш буйныя (загінуўшыя клеткі, іх ядры і інш.).

т. 16, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)