рэзервуар ці сістэма рэзервуараў для захоўвання нафты і прадуктаў яе перапрацоўкі (бензіну, газы, дызельнага паліва і інш.). Бываюць: наземныя, паўпадземныя і падземныя; стальныя, жалезабетонныя і пластмасавыя; цыліндрычныя (верт. і гарыз.), сферычныя, прамавугольныя і кроплепадобныя. Абсталёўваюцца люкамі (для агляду, праветрывання і інш.), проціпажарнымі прыстасаваннямі, засцерагальнымі клапанамі, прыладамі дыстанцыйнага кіравання напаўненнем і апаражненнем і інш.Найб.пашыраны наземныя стальныя і падземныя жалезабетонныя. Ёмістасць пераважна 100—1000 м³, часам да 50—100 тыс.м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМЕСІ́ДА, Немезіда,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня адплаты, якая назірае за справядлівым размеркаваннем матэрыяльных даброт паміж людзьмі, вызначае лёс людзей і карае іх за парушэнне юрыд. і маральных норм. Культ Н. быў пашыраны і ў Стараж. Рыме. Ант. скульптары і мастакі звычайна паказвалі Н. ў выглядзе жанчыны з атрыбутамі кантролю (шалі, аброць), пакарання (меч, бізун або жэзл жазло*) і хуткасці (крылы, калясніца, запрэжаная грыфонамі). Другое імя Н. — Адрастэя. У пераносным сэнсе Н. — лёс, непазбежная адплата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СЛІЯ (Neslia),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 2 віды. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Афрыцы, Амерыцы. На Беларусі 1 від — Н. мяцёлчатая (N. paniculata). Трапляецца каля дарог, на ўзгорках, у пасевах збожжавых культур.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 50 см. Сцёблы прамастойныя, уверсе галінастыя, густаапушаныя. Лісце ланцэтападобнае, сцябловае — са стрэлападобнай асновай, прыкаранёвае — чаранковае, тупое. Кветкі залаціста-жоўтыя ў гронках. Плод — стручочак. Насенне мае алей, лісце — сіні фарбавальнік. Пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДУЛЯРЫЯ́ЛЬНЫЯ (Nidulariales),
парадак грыбоў-гастэраміцэтаў. 3 роды, 85 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі адзначаны гняздоўка запоўненая (Nidularia farcta), кілішак гнаявы (Cyathus stercoreus), кілішак Ола (C. olla), кілішак паласаты (C. striatus), кубачак гладкі (Crucibulum laeve). Трапляюцца на гнілой драўніне, ламаччы ў лясах і садах.
Пладовыя целы кубка-, лейка- або гнёздападобныя, знаходзяцца спачатку ў плевачнай абалонцы. Мякаць у выглядзе асобных цельцаў, якія ляжаць свабодна ў слізі ці прымацаваныя да абалонкі. Споры эліпса- або шарападобныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТЭ́ЛА (Nitella),
род харавых водарасцей сям. нітэлавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды ў азёрах, апрэсненых участках мораў. На Беларусі адзначана N. sp. (як від не вызначалася) і Н. грацыёзная (N. gracilis). Растуць пераважна на мяккіх ілістых грунтах у чыстай, спакойнай вадзе.
Талом кусцістаразгалінаваны, ніткападобны, выш. да 1 м, прымацаваны да грунту рызоідамі. Асн. парасткі і галінкі маюць доўгія (да 25 см) аднаклетачныя міжвузеллі і шматклетачныя вузлы. Размнажэнне вегетатыўнае і палавое.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБЯРО́ЗАВІК, абабак, бабка, бярозавік,
чорнагаловік (Leccinum scabrum), шапкавы грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 4 формы П.: белы, звычайны, ружавеючы, чорны. Трапляецца з чэрв. па вер. у лясах, пераважна пад бярозамі.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 20 см, пукатая, ад белаватай да цёмна-шэрай і амаль чорнай. Ножка белая, цыліндрычная, даўж. да 15 см, з шараватымі або цёмнымі падоўжанымі лускавінкамі. Мякаць белая, шчыльная. Споры верацёнападобныя, гладкія. Ядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕГМАТЫ́Т [ад грэч. pēgma (pēgmatos) змацаванне, сувязь],
светлаафарбаваная буйназярністая вывергнутая (пераважна жыльная) горная парода. Найб.пашыраны гранітныя П. кіслага саставу, складзеныя з кварцу, мікракліну, кіслага плагіяклазу і слюд. Характэрны заканамерныя графічныя прарастанні мікракліну кварцам, т. зв. пегматытавая структура, што абумовіла назвы «пісьмовы граніт», «графічны пегматыт», «яўрэйскі камень». Крышталізуецца на заключных стадыях фарміравання інтрузіўных масіваў. Залягае ў выглядзе даек, жыл, лінзаў, гнёздаў, слупоў. З П. звязаны радовішчы рэдказямельных мінералаў, слюды, кварцу, каштоўных камянёў, керамічнай сыравіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛЕ́СКА, пячоначніца (Hepatica),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і на УПаўн. Амерыкі. На Беларусі 1 від — П. высакародная, або звычайная (H. nobilis). Трапляецца ў лясах, на палянах, узлесках. Вырошчваюць як дэкар. расліны П. высакародную і вуглаватую (H. angulosa).
Шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце прыкаранёвае, лопасцевае (нагадвае печань, адсюль другая назва), скурыстае, доўгачаранковае. Кветкі адзіночныя, правільныя. сінявата-ліловыя або белыя. Плод — шматарэшак. Лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСМЕ́ШКІ (Hippolais),
род птушак сям. валасянкавых атр. вераб’інападобных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жывуць у мяшаных і лісцевых лясах, хмызняках, парках, садах, скверах. На Беларусі 1 від — П. зялёная, або пеначка-перасмешка (H. icterina). Звычайны пералётны і пралётны від. Гнёзды на дрэвах ці кустах.
Даўж. да 16 см, маса да 15 г. Гукі песень самцоў запазычаны ў інш. птушак (адсюль назва). Кормяцца насякомымі, ягадамі. Адкладваюць да 6 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РЛАЎКА (Melica),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 80 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе абодвух паўшар’яў і ў гарах тропікаў. На Беларусі 1 від — П. паніклая (M. nutans). Трапляецца ў хвойных і мяшаных лясах, хмызняках. Інтрадукаваны П. высокая (M. altissima) і П. раснічастая (M. ciliata).
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамастойныя ці каленчата ўзыходныя каля асновы. Лісце вузкалінейнае, шурпатае. Суквецце — коласападобная аднабокая мяцёлка. Каласкі 2—5-кветкавыя. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. расліны.