лічбавыя ацэнкі сярэдняй колькасціхім. элементаў у зямной кары, гідрасферы, атмасферы Зямлі ў цэлым, касм. целах або інш.геахім. (космахім.) сістэмах. Выражаюцца ў масавых, атамных, аб’ёмных працэнтах, праміле (‰), мільённых частках (г/т), у працэнтах адносна аднаго элемента, найб. пашыранага (напр., крэмнію). Маюць значэнне для аховы прыроды, у стратыграфіі, пры пошуках і прамысл. ацэнцы радовішчаў карысных выкапняў, палеагеагр. рэканструкцыях, трасіраванні разломаў, вывучэнні геахіміі ландшафтаў і інш. У горных пародах рэгіёнаў або геахім. правінцыі К. наз. мясцовымі. К. зямной кары ў працэнтах ад масы вызначаны сав. геолагам П.М.Чырвінскім і амер. геахімікам Ф.У.Кларкам (у гонар якога ў 1923 сав. вучоны А.Я.Ферсман прапанаваў тэрмін «К.»). Атамныя К. ўвёў Чырвінскі. К. біясферы вызначаны У.І.Вярнадскім. Вял. ўклад у вывучэнне К. зрабілі вучоныя нарв. Ю.Г.Л.Фогт і В.М.Гольдшміт, амер. Г.С.Вашынгтон і сав. Вярнадскі, Ферсман, А.П.Вінаградаў і інш. На Беларусі К займаліся Ін-т геахіміі і геафізікі АН Беларусі і ВА «Беларусьгеалогія». Праведзена геахім. раянаванне тэр. рэспублікі, вылучаны вобласці, перспектыўныя на каляровыя і рэдкія металы, россыпы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЭ́НЗІЯ (ад лац. licentia свабода, права),
1) дазвол на выкарыстанне абароненых патэнтам вынаходстваў, карысных мадэляў і інш.тэхн. дасягненняў. Даецца патэнтаўладальнікам (ліцэнзіярам) юрыд. або фіз. асобам (ліцэнзіяту) на пэўны тэрмін за пэўнае ўзнагароджанне; афармляецца ліцэнзійным дагаворам. Адрозніваюць Л. патэнтную (даецца на запатэнтаванае вынаходства) і беспатэнтную (даецца на незапатэнтаванае вынаходства). Асн. віды патэнтнай Л.: невыключная (дазваляе ліцэнзіяру самому выкарыстоўваць вынаходствы або даваць Л. інш. асобам), выключная (ліцэнзіяр адмаўляецца ад выдачы Л. інш. асобам і ад самастойнага выкарыстання вынаходства ў вызначаных дагаворам межах), поўная (прадугледжвае поўнае адмаўленне ліцэнзіяра ад самастойнага выкарыстання вынаходства), прымусовая (даецца ў выпадку невыкарыстання або недастатковага выкарыстання вынаходства з прычыны нязгоды патэнтаўладальніка даваць Л.; пытанне аб выдачы прымусовай Л. вырашаецца ў судзе).
2) Дазвол на вядзенне некаторых відаў дзейнасці, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам належаць ліцэнзаванню (напр., прыватныя медыцынская, банкаўская дзейнасць).
3) Дазвол на ажыццяўленне экспартна-імпартных аперацый, увоз, вываз або транзіт пэўнай колькасці тавараў, свабодны ўвоз, вываз або транзіт якіх не дапускаецца; выдаецца дзярж. органамі з мэтай кантролю экспарту, імпарту, руху валюты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКЛАДНЫ́Я ВЫДА́ТКІ,
выдаткі, звязаныя з арганізацыяй, кіраваннем і абслугоўваннем вытворчасці. Уключаюць выдаткі: адміністрацыйна-гаспадарчыя (зарплата і сац. адлічэнні работнікаў апарата кіравання, канцылярскія, друкарскія, паштова-тэлеграфныя і інш.), на абслугоўванне работнікаў (зарплата і сац. адлічэнні рабочых асн. вытв-сці і занятых эксплуатацыяй і абслугоўваннем машын і абсталявання, страты ад эксплуатацыі жылога фонду і інш.), н а арганізацыю работ (амартызацыйныя адлічэнні, арэндная плата і інш.). Пераход прадпрыемстваў на міжнар. стандарты і сусв. практыку ўліку прадугледжвае падзел выдаткаў на ўмоўна-пераменныя (непасрэдна звязаны з вытв. працэсам і напрамую залежаць ад аб’ёму выпушчанай прадукцыі (работ, паслуг) і ўмоўна-пастаянныя (сукупнасць выдаткаў на кіраванне, гасп. абслугоўванне, збыт прадукцыі, якія залежаць ад працягласці справаздачнага перыяду). На прадпрыемствах з разнароднай прадукцыяй Н.в. з’яўляюцца ўскоснымі, бо размяркоўваюцца па аб’ектах калькуляцыі прапарцыянальна якой-н. умоўнай падставе (прамой зарплаце рабочых, сабекошту або колькасці затрачаных на вытв-сцьасн. матэрыялаў і інш.) і не могуць быць аднесены непасрэдна на пэўны выраб або від работ. На прадпрыемствах, якія вырабляюць адзін від прадукцыі (напр., гідраэлектрастанцыі, вугальныя шахты), Н.в. з’яўляюцца прамымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАДЖА́ЛЬНАСЦЬ,
працэс узнаўлення насельніцтва ў сукупнасці людзей, што складаюць пакаленне або сукупнасць пакаленняў. У статыстыцы Н. вымяраюць частатой нараджэння дзяцей у пэўнай групе людзей або ва ўсім насельніцтве. Яго ўзровень вызначаюць каэфіцыентам Н. — суадносінамі ліку народжаных да колькасці ўсяго насельніцтва, у праміле (на 1000 чал.). Н., смяротнасць і працягласць жыцця — асн. паказчыкі натуральнага руху насельніцтва. Біял. аснова Н. — здольнасць чалавека ўзнаўляць патомства. Патэнцыяльная магчымасць Н. рэалізуецца ў выніку рэпрадуктыўных паводзін чалавека, якія абумоўлены сістэмай патрэбнасцей грамадства, і рэгулюецца сац.-культ. нормамі, традыцыямі, грамадскай думкай і інш. Звесткі аб Н. даюць: перапіс насельніцтва або выбарачныя абследаванні, бягучы ўлік нараджэнняў вядуць ЗАГСы, сельсаветы і інш. На Беларусі з пачатку 1990-х г. назіраецца рэзкае скарачэнне Н. (сумарны каэфіцыент Н. ў 1998 у параўнанні з 1989 знізіўся з 2 да 1,2). Гэта абумоўлена супадзеннем шэрагу прычын: новая мадэль рэпрадуктыўных паводзін, накіраваная на фарміраванне 1—2-дзетнай сям’і; дыспрапорцыя ў полаўзроставай структуры насельніцтва; сац.-эканам. нестабільнасць; экалагічныя наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш.Гл. таксама «Дэмаграфічны выбух», Дэмаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ДЫЙ (лац. Palladium),
Pd, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 46, ат. м. 106,42, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 6 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 102, 104—106, 108, 110. У зямной кары 10−6% па масе. Трапляецца ў самародным выглядзе, у выглядзе сплаваў (напр., паладзістая плаціна, якая мае 7—39% П.) і злучэнняў (напр., мінерал паладыт — аксід PdO). Адкрыты ў 1803 англічанінам У.Воластанам, названы ў гонар адкрыцця астэроіда Палада.
Серабрыста-белы мяккі метал, tпл 1554 °C, tкіп 2840 °C, шчыльн. 12 020 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей найб. актыўны плацінавы метал. Добра раствараецца ў царскай гарэлцы, а таксама ў гарачых канцэнтраваных азотнай і сернай к-тах. Найб. устойлівыя злучэнні Pd(II). У паветры акісляецца пры 600—800 °C (пакрываецца тонкай цьмянай плёнкай PdO). Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, мыш’яком і крэмніем. Абарачальна паглынае ў значнай колькасці вадарод (да 900 аб’ёмаў на 1 аб’ём П.). Сплавы П. з інш. металамі выкарыстоўваюць для вырабу мед. інструментаў, зубных пратэзаў, у вытв-сці ювелірных вырабаў, хім. апаратуры, як каталізатары шматлікіх хім. рэакцый (гідрыравання, дэгідрыравання і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЕ́Й (Іпацій) (свецкае імя Адам Львовіч; 12.4.1541, сядзіба Ражанка Камянецкага пав. Падляшскага ваяв. — 18.7.1613),
бел. царкоўны і дзярж. дзеяч., пісьменнік-палеміст. З правасл. роду Пацеяў. Верагодна, вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). З 1566 брэсцкі пісар земскі, у 1569 дэпутат сейма, у 1588 брэсцкі кашталян і сенатар Рэчы Паспалітай. Пасля смерці жонкі (1592) прыняў манаства пад імем Іпацій (крас. 1593). З мая 1593 епіскап уладзімірскі (г. Уладзімір-Валынскі). Адзін з ініцыятараў і арганізатараў Брэсцкай уніі 1596. З 1599 уніяцкі мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Аўтар палемічных твораў на старабел. і польскай мовах у абарону уніі: «Унія...» (1595), «Справядлівае апісанне ўчынкаў і справы сінодавае» (1597), «Размова берасцяніна з братчыкам» (1604), «Уваскрослы Налівайка» (1607), «Ерасі, невуцтва і палітыка папоў і мяшчан віленскага брацтва», «Гармонія...», «Рэляцыя» (усе 1608), вял.колькасці прамоў, павучанняў і інш. Прапаведніцкія творы П. на старабел. мове былі сабраны і выдадзены ў 1677, у 1714 — перавыдадзены на польскай мове ў Супраслі.
Літ.:
Кішка Л. Жыцьцяпіс Іпація Пацея: Пер. з пол. // Спадчына. 1998. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫ́ЯДу музыцы,
найбольш простая кампазіцыйная форма, якая ўвасабляе завершаную ці адносна завершаную муз. думку; мае самаст. значэнне ці ўваходзіць у больш буйныя формы музычныя. Нарматыўным лічыцца П. з 2 падобных па структуры частак — сказаў, якія заканчваюцца рознымі кадэнцыямі: 1-ы сказ звычайна палавіннай, 2-і — поўнай (гл.Сказ у музыцы). Метрычная аснова П. — квадратнасць, заснаваная на аднолькавай колькасці тактаў (2, 4, 8, 16, 32) у кожным сказе. Іншыя тыпы П. абумоўлены жанрам, стылем музыкі, прынцыпамі будовы формы, пэўнай маст. мэтай (змяняюцца колькасць і памер сказаў, тыпы кадансавання, метрычная будова і інш.).
П. вядомы з 16—17 ст. у еўрап.прафес. музыцы. Вял. значэнне ў яго фарміраванні мелі нар. і быт.танц. і песенна-танц. жанры. Адсюль тэндэнцыя да квадратнасці — асновы танц. музыкі. Для працяжнай бел., рус. і ўкр. песні квадратнасць не характэрна. У прафес. творчасці П. звычайна ўваходзяць у больш буйныя формы. Як самаст. форма сустракаецца пераважна ў песні, у вакальнай ці інстр. мініяцюры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ РЭВІ́ЗІЯ 1552,
апісанне Полаччыны, зробленае рэвізорамі маршалкам гаспадарскім Я.Кмітам і канюшым трокскім М.Падцандкоўскім. Было важным сац.-эканам. мерапрыемствам, ажыццёўленым вярх. уладай з мэтаю дакладнага ўліку эканам. стану зямель у Полацкім ваяв., замкаў, гарадоў, у т. л. Полацка, ваен. рэсурсаў і патрэб, павелічэння дзярж. даходаў і інш. Уключала падрабязнае апісанне абарончых збудаванняў Полацка (вежы, сцены, брамы, масты), гармат, павіннасцей асн. груп насельніцтва, зямельных уладанняў шляхты (з пазначэннем колькасці дымоў у сёлах, узбр. коннікаў, вылучаных у войска), духавенства, мяшчан. Рэвізія дае магчымасць меркаваць пра колькасць і размяшчэнне гар. насельніцтва, тапаграфію Полацка, заняткі, сац. дыферэнцыяцыю гараджан і інш. Дакументы П.р. выдадзены ў 1880 Ю.Шуйскім паводле дэфектнага спіса сярэдзіны 18 ст., што належаў б-цы графаў Браніцкіх (у серыі: Крыніцы па гісторыі Польшчы. Кракаў, т. 5) і ў 1905 І.І.Лапам паводле спіса канца 16 або 1-й пал. 17 ст. Ваенна-вучонага архіва Гал. штаба (Чытанні ў Т-ве гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Кн. 2). Апошняе выданне зроблена на больш высокім навук. узроўні, мае імянны, геагр. і прадметны паказальнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІПУХЛІ́ННЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя сродкі для лячэння злаякасных новаўтварэнняў. Знішчаюць (цытатаксічны эфект) або прыгнечваюць дзяленне і паскораны рост (цытастатычны эфект) пухлінных клетак. Групы П.с.: алкіліруючыя злучэнні (напр., хлорбутын, цыклафасфамід), антыметабаліты (напр., метатрэксат, меркаптапурын), алкалоіды (напр., вінбластын, калхіцын), антыбіётыкі (напр., дыктынаміцын, мітаміцын), ферменты (аспарагіназа), гарманальныя прэпараты і іх антаганісты (напр., сінэстрол, фосфэстрол), цытакіны (інтэрфероны, фактар некрозу пухлін), фітапрэпараты, радыеактыўныя рэчывы. Выкарыстанне П.с. заснавана на імуналагічных і біяхім. адрозненнях здаровых клетак і пухлінных тканак. Для П.с. характэрна выбіральнасць проціпухліннага дзеяння (кожны прэпарат ужываюць пры пэўным відзе пухлін). Адмоўная якасць П.с.: разам з пухліннымі клеткамі пашкоджваюцца здаровыя, асабліва тыя якія хутка размнажаюцца (касцявога мозга, лімфоіднай тканкі, страўнікава-кішачнага тракту, палавых залоз, скуры). Большасць П.с. таксічныя, выклікаюць пабочныя эфекты: зніжэнне колькасці ў крыві лейкацытаў, трамбацытаў, эрытрацытаў, страту апетыту, выпадзенне валасоў і інш. Лячэнне П.с. праводзяць курсамі з перапынкамі, таксама ў камбінацыі з хірург. выдаленнем пухлін, прамянёвай тэрапіяй.
Літ.:
Гарин А.М., Хлебнов А.В., Табагари Д.З. Справочник по противоопухолевой лекарственной терапии. М., 1993;
Машковский М.Д. Лекарственные средства. Т. 1—2. 13 изд. Харьков, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЙ БЯСПЕ́КІ ІНСТЫТУТ «БЕЛРАД».
Засн. ў 1991 у Мінску на базе Бел. навукова-тэхн. цэнтра «Радыяметр» (утвораны ў 1990 на базе Ін-та ядз. энергетыкі АН Беларусі). У ін-це (2000): аддзел радыяцыйнага маніторынгу прадуктаў харчавання, лабараторыя спектраметрыі чалавека і радыяцыйнай аховы насельніцтва, доследная вытв-сць са спецыялізаванымі лабараторыямі радыяцыйных вымярэнняў і распрацоўкі радыеметрычных прылад.
Асн. кірункі навук. дзейнасці: стварэнне і рэалізацыя сістэмы радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу харч. прадуктаў на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі; распрацоўка новых методык кантролю забруджанасці радыенуклідамі прадуктаў харчавання і с.-г. прадукцыі; распрацоўка, выраб і ўкараненне радыеметрычных прылад; абследаванне жыхароў Чарнобыльскай зоны па вызначэнні ўзроўню назапашвання радыенуклідаў у арганізме і распрацоўка рэкамендацый па радыяцыйнай ахове насельніцтва; даследаванне эфектыўнасці энтэрасарбентаў розных тыпаў, у т. л. пекцінзмяшчальных прэпаратаў, для выдалення радыенуклідаў з арганізма. Ін-т мае спектрометры выпрамянення чалавека, якія выкарыстоўваюцца ў перасоўных радыелагічных лабараторыях для вызначэння колькасці цэзію-137 у арганізме людзей; у 1996—2000 абследавана больш за 95 тыс.бел. дзяцей. З 2000 выпускаецца пекцінавая харч. дабаўка «Вітапект». У Ін-це працуе чл.-кар.Нац.АН Беларусі В.Б.Несцярэнка (дырэктар).