ІНСТЫТУ́Т ТЭХНІ́ЧНАЙ АКУ́СТЫКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1994 на базе Віцебскага аддзялення Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі (існавала з 1975). У складзе ін-та 6 лабараторый. Аспірантура з 1995 па апрацоўцы металаў ціскам і фізіцы цвёрдага цела.
Асн. кірунак навук.даследаванняў — вывучэнне ўздзеяння канцэнтраваных патокаў энергіі (у т. л. ультрагуку, лазернага выпрамянення, ВЧ- і ЗВЧ-палёў) на кандэнсаваныя асяроддзі. У ін-це распрацаваны тэарэт. асновы для стварэння тэхналогіі сінтэзу функцыянальна-градыентных і інтэлектуальных матэрыялаў у ультрагукавым полі (у т. л. кампазіцыйных матэрыялаў з эфектам памяці формы і псеўдапругкасці, матэрыялаў для медыцыны, радыётэхнікі, атамнай энергетыкі); на базе распрацаванай мадэлі кінетыкі цвердафазнай рэакцыі сінтэзу керамічных матэрыялаў у ВЧ- і ЗВЧ-палях, сінтэзаваны шэраг пераўскітных матэрыялаў, якія не сінтэзуюцца па традыцыйнай тэрмічнай тэхналогіі; даследавана кінетыка спякання парашкоў адна-, двух- і трохкампанентных сістэм рознага саставу пад уздзеяннем, лазернага выпрамянення; распрацавана тэхналогія селектыўнага лазернага спякання для стварэння вырабаў складанай прасторавай формы; даследаваны фіз. асновы ўзаемадзеяння патокаў атамаў, малекул і іонаў з паверхняй цвёрдых цел для стварэння метадамі іонна-плазменных тэхналогій дэкаратыўна-ахоўных пакрыццяў з вугляроду, палімераў, гідраксілфасфатаў металаў. У ін-це працуе акад.Нац.АН Беларусі У.У.Клубовіч (дырэктар з 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭНСІФІКА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
працэс развіцця вытв-сці на аснове выкарыстання новай тэхнікі і тэхналогій, удасканалення арганізацыі вытв-сці, што забяспечвае рост прыбытку прадпрыемстваў. У адрозненне ад экстэнсіўнага шляху развіцця, для якога характэрна павелічэнне колькасці работнікаў, сродкаў вытв-сці на ранейшай тэхн. аснове, І.в. прадугледжвае якаснае абнаўленне вытв-сці, больш эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльных, паліўна-энергет., прац. рэсурсаў і капіталу на аснове апошніх навук.-тэхн. дасягненняў. І.в. патрабуе паскоранага развіцця фундаментальных і прыкладных навук.даследаванняў, навукаёмістых галін, структурнай перабудовы нар. гаспадаркі і ўдасканалення інвестыцыйнай палітыкі. Канкрэтныя формы І.в. залежаць ад асаблівасцей галіны нар. гаспадаркі. Адрозніваюць капіталаёмкую і капіталазберагальную формы інтэнсіўнага развіцця вытв-сці. Першая забяспечвае рост прадукцыйнасці працы за кошт павелічэння капіталу ў разліку на адзінку прадукцыі, другая — яго эканомію, што вызваляе дадатковыя сродкі вытв-сці на паскарэнне тэмпаў развіцця эканомікі. І в. выяўляецца ў паскораным абнаўленні вытв. патэнцыялу, павышэнні тэхніка-эканам. ўзроўню вытв-сці шляхам тэхн. пераўзбраення, рэканструкцыі, развіцця вытв-сці і арг-цыі выпуску новых, якасных, канкурэнтаздольных відаў прадукцыі, што патрабуе сканцэнтравання капіталу на развіцці больш хуткімі тэмпамі галін, якія забяспечваюць навук.-тэхн. прагрэс і рацыянальнае выкарыстанне вытв. рэсурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛЯО́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, які вывучае законы распаўсюджвання святла ў крышталях. Метадамі К., шырока даследуюцца мінералы, горныя пароды і інш. крышталічныя рэчывы (напр., гл.Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў).
Адна з асаблівасцей крышталяў — аптычная анізатрапія, з-за якой іх аптычныя ўласцівасці (паказчыкі пераламлення, аптычная актыўнасць, паглынальная здольнасць) розныя па розных напрамках. Гэта выяўляецца ў падвойным праменепраламленні, дыхраізме і інш. з’явах. У макраскапічнай К. рэчыва характарызуюць тэнзарамі дыэл. і магн. пранікальнасцей, эл.-праводнасці і аптычнай актыўнасці. У мікраскапічнай К. гэтыя ж велічыні звязваюцца з уласцівасцямі часціц, якія ўтвараюць крышталь, з іх узаемным размяшчэннем і ўзаемадзеяннем. Аптычныя канстанты (паказчыкі пераламлення і іх рознасці, агульная аптычная характарыстыка крышталя, сувязь аптычных і крышталеграфічных напрамкаў і інш.) для дыягностыкі крышт. рэчываў вызначаюцца ў шліфах ці асобных зернях (гл.Імерсійны метад) на спец. палярызацыйным мікраскопе. На Беларусі ў Ін-це фізікі Нац.АН пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава распрацавана агульная тэорыя распаўсюджвання святла ў крышталях, дадзена рашэнне многіх прынцыповых задач.
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Шубников А.В. Основы оптической кристаллографии. М., 1958;
Федоров Ф.И., Филиппов В.В. Отражение и преломление света прозрачными кристаллами. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ЦКІ (Яўген Аляксандравіч) (15.3.1868, Мінск — 7.7.1942),
даследчык бел. фальклору і этнаграфіі, гісторык рус. л-ры. Скончыў Маскоўскі ун-т (1893). Удзельнічаў у фалькл. экспедыцыях на Пн Расіі, у Паволжа, Літву, на Беларусь (Палессе) і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі жыў у Празе, выкладаў у Карлавым ун-це. Збіраў і даследаваў бел. фальклор, нар. міфалогію: арт. «Уяўленні беларуса пра нячыстую сілу» (1890), «Хвароба і смерць ва ўяўленнях беларусаў» (1892) і інш. ў час. «Этнографическое обозрение». Аўтар даследаванняў пра стараж. пісьменнасць і «Слова аб палку Ігаравым», пра А.Пушкіна, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, І.Ганчарова, А.Чэхава, М.Горкага і інш., рэцэнзій на працы М.Доўнар-Запольскага, М.Нікіфароўскага і інш. У 1927—28 у чэш.час. «Slavia» апублікаваў цыкл арт. «Нататкі па беларусазнаўству», у італьян.час. «Rivista de letterature slave» («Часопіс славянскай літаратуры», 1927) — арт. пра творчасць Я.Коласа.
Тв.:
Несколько замечаний к вопросу о пословицах и поговорках. [Ч.] 1—5. СПб., 1897;
Материалы для изучения творчества и быта белорусов: Пословицы, поговорки, загадки. М., 1898;
Материалы по белорусской словесности и языку // Изв. Отд-ния рус. языка и словесности имп. Академии наук. 1904. Т. 9, кн. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАТЭЛУРЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗВЕ́ДКІ,
адзін з кірункаў геафізічнай разведкі, заснаваны на вывучэнні пераменных у часе і па частаце варыяцый прыродных тэлурычных эл. токаў у прыпаверхневай ч. Зямлі. Тэлурычныя токі ствараюцца варыяцыямі магнітнага паля Зямлі і эл. канвекцыйнымі працэсамі ў зямной кары і атмасферы, характар іх варыяцый залежыць ад геал. будовы. Адрозніваюць метады: тэлурычных токаў (ТТ), магнітатэлурычнага зандзіравання (МТЗ) і магнітатэлурычнага прафілявання (МТП).
У метадзе ТТ сінхронна вымяраецца рознасць патэнцыялаў варыяцый тэлурычнага поля на базавым і радавых пунктах. Атрымліваюць тэлураграмы, па якіх вымяраюць параметры поля ТТ і складаюць карты рэльефу паверхні высакаомнага гарызонта ў асадкавым чахле або крышт. фундамента. У метадзе МТЗ дадаткова да эл. характарыстык поля ТТ вымяраюць магнітную складаючую і вылічваюць адносіны эл. складаючай да магнітнай для розных частот, будуюць крывую ўяўнага ўдзельнага супраціўлення, якую параўноўваюць з тэарэтычнымі. У адрозненне ад МТЗ у метадзе МТП адносіны эл. складаючай да магнітнай вылічваюць для фіксаванай частаты.
На Беларусі ў выніку даследаванняўВА «Белгеалогія» і Ін-та геал. навук Нац.АН Беларусі па метадах ТТ і МТЗ складзены карты сярэдняй напружанасці поля ТТ і пашырэння электраправодных слаёў, карты рэльефу фундамента, паверхні саляносных адкладаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКО́Е ПРА́ВА,
сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць адносіны, што складваюцца ў галіне гандл. і ваен. мараплавання, рыбалоўства і марскога промыслу, здабычы біял. і мінер. рэсурсаў мораў, правядзення навук.даследаванняў і да т.п. Першыя зборнікі М.п. адносяцца да 11—14 ст., калі пачалі развівацца міжнар.эканам. сувязі. Вядомы зборнікі марскіх звычаяў розных краін: Наўгародская Скра, Візбійскія табліцы, Алеронскі скрутак, барселонскі «Марскі судзебнік» і інш.
Існуюць 3 галіны М.п.: нац. М.п., міжнар. публічнае М.п. і міжнар. прыватнае М.п. У Расіі і некат. краінах СНД, у т. л. на Беларусі, дзейнічаюць нормы М.п., выкладзеныя ў Кодэксе гандл. мараплавання СССР 1968, а таксама шматлікія міжнар. пагадненні ў гэтых пытаннях, удзельнікамі якіх з’яўляюцца краіны. Пад міжнар. публічным М.п. разумеецца сукупнасць міжнар. дагаворных і звычаёвых норм, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі ў сувязі з выкарыстаннем Сусветнага акіяна. У аснове сучаснага міжнар. публічнага М.п. ляжыць прынцып свабоды адкрытага мора. Міжнар. прыватнае М.п. рэгулюе адносіны дзярж органаў, фіз. і юрыд. асоб з замежнымі дзярж органамі ў сувязі з пытаннямі гандл. мараплавання. Прававыя нормы, якія складаюць гэту галіну М.п., ёсць ва ўнутр. заканадаўстве некат. дзяржаў і ў міжнар. пагадненнях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛАШ (Milloss; сапр.Мілаш дэ Міхай; Milloss de Micholy) Аўрэл
(12.5.1906, г. Уздзін, Сербія — 21.9.1988),
італьянскі танцоўшчык, балетмайстар. Па нацыянальнасці венгр. Вучыўся ў Р.Лабана, В.Праабражэнскай, Э.Чэкеці і інш. З 1928 першы танцоўшчык Берлінскай дзярж. оперы, танцаваў і ў інш. т-рах Германіі. З 1932 выступаў як балетмайстар. Вывучаў і выкарыстоўваў у сваіх пастаноўках танц. фальклор. З 1936 пераважна ў Італіі. У 1938—45 гал. балетмайстар Т-ра оперы ў Рыме, у 1942—75 — у «Ла Скала» (у 1946—50 маст. кіраўнік). Кіраўнік створанай ім трупы «Балет чатырох стагоддзяў Сан-Паўлу», у 1963—66 і 1971—74 — балетнай трупы Венскай дзярж. оперы, з 1974 — Рымскай оперы. Сярод пастановак балеты І.Стравінскага («Апалон Мусагет», 1941; «Гульня ў карты» і «Арфей», 1948), Б.Бартака («Цудоўны мандарын», 1942; «Драўляны прынц», 1951), С.Пракоф’ева («Блудны сын», 1942) і інш., на музыку сучасных італьян. кампазітараў, у т. л. «Дама з камеліямі» (1945) і «Рычэркар» (1968) Р.Влада, «Народныя забавы» на муз. А.Казелы (1948), «Твар» на муз. Л.Берыо (1973) і інш. Яго пастаноўкі адметныя драм. выразнасцю, дакладнасцю мізансцэн, экспрэсіўнасцю, спалучэннем пластыкі танца мадэрн і класічнага танца. Аўтар даследаванняў па пытаннях харэаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕННЯЗНА́ЎСТВА,
навука пра насенне, яго будову і развіццё, умовы фарміравання ўраджайных і пасяўных якасцей, пра метады ацэнкі і кантролю насеннага матэрыялу. Вывучае жыццё насення з моманту апладнення яйцаклеткі на мацярынскай расліне да ўтварэння новай расліны. Батанічнае Н. (карпалогія) даследуе насенне і плады дзікарослых раслін, сельскагаспадарчае Н. (раздзел аграноміі) вывучае насенне культурных раслін і з’яўляецца тэарэт. асновай насенняводства. Цесна звязана з батанікай, генетыкай, біяхіміяй і інш. навукамі, карыстаецца іх метадамі даследаванняў. На Беларусі пачатак развіцця Н. звязаны з працамі І.А.Сцебута. Пытанні Н. распрацоўваюцца ў НДІ Акадэміі агр. навук Беларусі: земляробства і кармоў, пладаводства, агародніцтва, бульбаводства, БСГА, Гродзенскім с.-г. ін-це, абласных і спецыялізаваных с.-г. доследных станцыях і інш. Даследаванні па Н. лясных культур вядуцца ў Бел.тэхнал. ун-це, ін-тах лесу, эксперым. батанікі, генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі і інш. Распрацаваны спосабы паскоранага размнажэння перспектыўных сартоў. Удасканалены метады аналізу жыццяздольнасці насення, энергіі яго прарастання, усходжасці, сілы росту і інш. паказчыкаў, спосабы насенняводства для вытв-сці эліты, тэхналогіі ўборкі, пасляўборачнай апрацоўкі і захоўвання насення вышэйшых рэпрадукцый, распрацаваны фізіял., хім. і фіз. спосабы перадпасяўной апрацоўкі насення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЕ́ДРЭ ((Niedre) Яніс) (24.5.1909, г. Ціхвін Ленінградскай вобл. — 8.12.1987),
латышскі пісьменнік, літ.-знавец. Засл. дз. культуры Латвіі (1959). Канд.філал.н. (1948). Вучыўся ў Латв. ун-це (1928—30), Рыжскім камерцыйным ін-це (1931—33). Друкаваўся з 1927. Першыя раманы «Вікінгі» (1931), «Віхура над Даўгавай» (1932) аб мінулым лат. народа. У кн. апавяданняў «Ератык у Латгаліі» (1932), «У камерах пяці карпусоў» (1941), «33 апавяданні» (1959), гіст.-біягр. трылогіях «Сяло Пушканы» (1947—61), «Ветэран» (1968—72, Дзярж. прэмія Латвіі 1972), гіст. раманах «Веснавыя воды» (1959), «За акном расце дзядоўнік» (1966), «Я быў, я ёсць, я буду» (1972), «У тую раніцу на золку» (1975), «І вятры гуляюць на папялішчы...», «Не кожнаму давяраюць самае цяжкае» (абодва 1978) і інш. трагічныя і драм. старонкі жыцця і барацьбы лат. народа за незалежнасць, праблемы міру і вайны, узаемасувязь чалавека і прыроды, экалогіі і маралі. Аўтар навук.даследаванняў «Латышскі фальклор» (1948), «Латышская літаратура» (т. 1—2, 1952—53), кн. мемуараў «Дзень за днём» (1965). Быў знаёмы з Я.Купалам, П.Броўкам, М.Лыньковым. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі У. і А.Васілевічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ,
закон захавання энергіі ў цеплавых працэсах; адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле П.з.т. Q = ∆U + A, дзе Q — колькасць цеплаты, падведзенай да сістэмы, ∆U — змена ўнутр. энергіі сістэмы, A — работа, якую выконвае сістэма супраць знешніх уздзеянняў.
Сфармуляваны ў сярэдзіне 19 ст. на падставе даследаванняў Ю.Р.Маера, Дж.П.Джоўля і Г.Гельмгольца. З П.з.т. вынікае, што тэрмадынамічная сістэма можа выконваць работу толькі за кошт сваёй унутр. энергіі ці за кошт якой-н. інш. крыніцы энергіі (A = Q − ∆U). Таму П.з.т. часам фармулююць як немагчымасць існавання (стварэння) вечнага рухавіка 1-га роду, які мог бы выконваць работу без выкарыстання якіх-н. крыніц энергіі. П.з.т. сцвярджае, што U з’яўляецца функцыяй стану, а Q і A — функцыямі працэсу. Кожны стан тэрмадынамічнай сістэмы характарызуецца пэўным значэннем унутр. энергіі U, значэнні якой (у адрозненне ад значэнняў велічынь Q і A) не залежаць ад працэсаў, за кошт якіх сістэма пераходзіць з аднаго стану ў другі. Гэта дазваляе вызначыць ураўненне стану сістэмы і вядзе да залежнасці значэнняў цеплаёмістасці і выкананай работы ад характару працэсу. Гл. таксама Другі закон тэрмадынамікі, Энергіі захавання закон.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 131—147.