курган скіфскага правадыра 4 ст. да н.э. каля г. Керч (Украіна). Пад каменным насыпам кургана выяўлены каменны склеп, пабудаваны на грэч. ўзор, абрад пахавання — скіфскі. Нябожчык пахаваны ў драўляным саркафагу ў адзенні і галаўным уборы, аздобленых залатымі бляшкамі, на шыі — залатая грыўня з выявай конных скіфаў, на руках — залатыя бранзалеты. У другім саркафагу, аздобленым разной слановай косцю, багатае пахаванне жанчыны (верагодна, жонкі ці наложніцы). Залатыя ўпрыгожанні яе рытуальнага ўбору, электравая пасудзіна з выявай скіфаў пасля бою і бронзавае люстэрка з ручкай — выдатныя творы грэч. ювеліраў. Выяўлена таксама пахаванне мужчыны (слуга ці раб); знойдзены амфары для віна, бронзавыя катлы для варкі мяса, сярэбраны посуд. К.-А. належыць да т.зв. царскіх скіфскіх курганоў (Ніжняе Прыдняпроўе, 4—3 ст. да н.э.).
Электравая пасудзіна з кургана Куль-Аба. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАТЭ́ЗА (ад грэч. metathesis перастаноўка),
узаемная перастаноўка гукаў або складоў у межах слова, адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Адрозніваюць М. па сумежнасці, калі адбываецца перастаноўка суседніх элементаў (рус. «мрамор» з лац. marmor) і па адлегласці (бел. дыялектнае «суворы» з рус. «суровый»), М. ўзнікае пры засваенні новых слоў (звязана з псіхал. асаблівасцю ўспрыняцця: колькасць і якасць элементаў, якія знаходзяцца адзін за адным, улоўліваюцца больш хутка і лёгка, чым іх узаемнае размяшчэнне), у дзіцячай мове, у запазычваннях (бел. «футляр» з ням. Futteral), у дыялектах (з грэч. krabbation утварылася рус. «кровать» і ў выніку М. бел. дыялектнае «карваць»), М. можа мець рэгулярны характар і быць прычынай з’яўлення ў мовах гукаспалучэнняў новага тыпу: М. плаўных у слав. мовах (напр., праслав. or, ol паміж зычнымі → польск. ro, lo krowa, bloto).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПІРАЛО́ГІЯ,
дапаможная гісторыка-філал. дысцыпліна, адгалінаванне палеаграфіі. Займаецца прачытаннем, інтэрпрэтацыяй і выданнем тэкстаў грэч., лац., позніх (эліністычнага, рым. і візант. часу) дэматычных (гл.Дэматычнае пісьмо) і копцкіх папірусаў, а таксама надпісаў на гліняных чарапках і драўляных таблічках. Стараж.-егіпецкія, стараж.-яўр., арамейскія і інш.папірусы вывучаюць егіпталогія, семіталогія і інш. дысцыпліны. П. вывучае і класіфікуе папірусы паводле перыядаў, месца, зместу, асаблівасцей граматыкі, стылю мовы і г.д. Першыя грэч. тэксты на папірусах знойдзены ў 1752 у Геркулануме (Італія) і ў 1778 у Егіпце. Асабліва багатыя былі знаходкі папірусаў у 1877—78 у Фаюме (Егіпет), сярод іх шматлікія ўрыўкі з Алкея, Сапфо, Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда і інш.ант. аўтараў.
Літ.:
Борухович В.Г. В мире античных свитков. Саратов, 1976;
Фихман И.Ф. Введение в документальную папирологию. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАНТО́ІС (ад грэч. allantoeidēs каўбасападобны),
адна з зародкавых абалонак вышэйшых пазваночных жывёл. У рэптылій і птушак зрастаецца з харыёнам і выконвае функцыі органа эмбрыянальнага дыхання і збору прадуктаў абмену рэчываў зародка. У млекакормячых у мезенхіме алантоіса ўтвараюцца сасуды пупавіны, пазней з унутрызародкавай яго часткі фарміруецца мачавы пузыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АІ́ДЫІ (лац. oidium, адз. л., памяншальнае ад грэч. ōon яйцо),
артраспоры, споры вегетатыўнага размнажэння, якія ўтвараюцца пры распаданні гіфаў грыбніцы на асобныя дробныя клеткі ў некат. недасканалых і базідыяльных грыбоў. Пры ўтварэнні аідый пад клетачнай абалонкай гіфаў закладваецца новая абалонка. Памеры аідый ад 2,5 да 8 мкм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРАТЭ́РЫЙ (ад грэч. akrotērion вяршыня, франтон),
скульптурны элемент арх. дэкору, які завяршае вуглы франтонаў арх. збудавання, створанага з выкарыстаннем класічнага ордэра. Узнік у антычнасці, у розныя эпохі набываў своеасаблівую трактоўку: квіятон (готыка), пальмета (рэнесанс), валюта, арнаментальная кампазіцыя (барока), абеліск, статуя, грыфон, ваен. атрыбуты (класіцызм) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЁНТ [ад грэч. bion (biontos) які жыве],
асобны арганізм або (зрэдку) мінім. экалагічная сістэма, якія ў ходзе эвалюцыі прыстасаваліся да пражывання ў пэўным асяроддзі — біятопе. Тэрмін звычайна ўжываюць пры вызначэнні арганізмаў пэўнага асяроддзя, напр. аэрабіёнты (арганізмы наземныя і паветра), гідрабіёнты (водныя арганізмы), геабіёнты (глебавыя арганізмы) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛО́М (франц. diplóme ад грэч. diploma ліст, дакумент, складзены ў дзве столкі),
1) афіцыйнае пасведчанне аб заканчэнні навуч. установы, прысуджэнні вуч. ступені, прысваенні вуч. звання, атрыманні прэміі (Д. лаўрэата) і інш. 2) Афіцыйнае пасведчанне аб навук. адкрыцці або вынаходстве.
3) Узнагарода за пэўныя заслугі, дасягненні, поспехі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯФРА́ГМА (ад дыя... +грэч. phragma перагародка),
грудабрушная перапона, сухажыльна-мышачная перагародка, якая аддзяляе грудную поласць ад брушной у млекакормячых жывёл і чалавека. Д. наз. таксама некат. мышцы ці групы мышцаў, што абмяжоўваюць якую-н. поласць: Д. рота, утвораная сківічна-пад’язычнай мышцай, Д. таза, мочапалавая Д. і інш.