ВА́ГНЕР (Мікалай Пятровіч) (1829, г. Карпінск Свярдлоўскай вобл., Расія — 4.4.1907),
рускі заолаг, пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1898). Д-р прыродазнаўчых навук (1854), праф. Казанскага (з 1860) і Пецярбургскага (з 1871) ун-таў. Скончыў Казанскі ун-т (1849). Навук. працы па энтамалогіі, фауне беспазваночных Белага м. Адкрыў з’яву педагенезу (1862) — т.зв. дзіцячага размнажэння ў некат. беспазваночных жывёл. Сярод літ.прац.найб.вядомы «Казкі Ката-Мурлыкі» (1872).
Тв.:
Самопроизвольное размножение гусениц у насекомых. Казань, 1862;
Беспозвоночные Белого моря. Т. 1. СПб., 1885;
Романы, повести, сказки и рассказы. Т. 1—7. СПб., 1902—08.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІУ́РЫ, змеяхвосткі (Ophiuroidea),
клас ігласкурых. 2 атрады: афіуры скураныя (Euryalae) і афіуры сучасныя (Ophiurae). Каля 2 тыс. відаў. Вядомы з ардовіку. Жывуць усюды на дне акіянаў і мораў ад літаралі да глыб. 8000 м. Найб. вядомыя афіура Сарса (Ophiura sarsi), афіура галава гаргоны (Gorgonocephalus caryi), афіура калючая змеяхвостка (Ophiopholis aculeata).
Даўж. з прамянямі ад некалькіх мм да 0,5 м. Цела дыскападобнае, дыяметрам да 10 см з 5 (радзей 10) гнуткімі доўгімі прамянямі. Большасць раздзельнаполыя. У некаторых афіур маляўкі выношваюцца ў вывадкавых сумках — бурсах. Усёедныя. Зрэдку ўтвараюць вял. скопішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕРО́ (ісп. bolero),
1) іспанскі нар. парны танец. Вядомы з 18 ст. Тэмп умерана хуткі, муз. памер 3/4. Выконваецца пад акампанемент гітары, барабана і кастаньетаў. Вельмі пашыраны ў Еўропе. У характары балеро напісаны інстр. п’есы для фп. (Ф.Шапэн, І.Альбеніс), для сімф. аркестра (М.Равель), нумары ў операх (Э.Мегюль, К.М.Вебер, Г.Берліёз, Дж.Вердзі), балетах (П.Чайкоўскі, Л.Дэліб), рамансы (М.Глінка, А.Даргамыжскі) і інш. 2) Кубінскае балеро — лірычны песенны жанр. Склаўся на Кубе ў канцы 19 ст. Тэмп умераны, муз. памер . Спалучае крэольскі мелас з афра-кубінскай сінкапіраванай рытмікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЗА́МНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія ўтвараюць бальзамы. Найб. вядомыя ў тропіках і субтропіках (т.зв. «бальзамныя» дрэвы, радзей кусты). «Бальзамным» дрэвам называюць паўднёваамер. віды з роду Myroxylon сям. бабовых (Myroxylon balsamum, Myroxylon pereira), якія даюць талуанскі і перуанскі бальзамы. З некаторых відаў роду Copaifera таго ж сямейства атрымліваюць капайскі бальзам. Многія бальзамныя расліны вядомы сярод прадстаўнікоў сям. бурзэравых, клюзіевых, ці святаяннікавых, дыптэракарпавых і інш. Да бальзамных раслін належаць некаторыя дрэвы і кусты ўмераных і паўн. шырот, якія даюць жывіцу, — хвоя, елка, ядловец, піхта, лістоўніца, кедр і інш. На Беларусі бальзамныя расліны — хвоя, елка, ядловец і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБАРДЗІ́РЫ (Brachininae),
падсямейства жукоў сям. жужаляў. Больш за 500 відаў, пашыраных у цёплых раёнах зямнога шара. Жывуць пад камянямі, бярвёнамі, у лясным подсціле і гэтак далей. Найб.вядомы бамбардзір траскучы (Brachinus crepitans).
Даўж. 5—20 мм, афарбоўка звычайна яркая, стракатая, у некат. відаў са светлымі плямамі на надкрылах. Пры абароне бамбардзіры выпырскваюць з анальнай адтуліны сакрэт, які выпараецца з гучным трэскам, як бы ўзрываецца (адсюль назва) і ўтварае воблачка едкага пару з непрыемным пахам, што адпужвае ворагаў. Лічынкі развіваюцца ў глебе, паразітуюць на кукалках розных жукоў. Некаторыя віды былі занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНАПА́РТЫ (франц. Bonaparte, італьян. Buonaparte),
французская імператарская дынастыя [1804—14, 1815, 1852—70). Засн.Напалеонам I Банапартам [1804—14, 1815], рэстаўрыравана Напалеонам III [1852—70].
Банапарты — браты Напалеона I, якіх ён паставіў на чале заваяваных ці створаных французамі дзяржаў: Жазеф Банапарт, неапалітанскі кароль [1806—08], кароль Іспаніі [1803—13]; Луі Банапарт, кароль Галандыі [1806—10]; Жэром Банапарт, кароль Вестфаліі [1807—13]. Сёстры Напалеона I: Эліза, прынцэса Лукская і П’ёмбінская [1805—14], вял. герцагіня Тасканская [1809—14]; Паліна, герцагіня Гуастальская (у Італіі) з 1806; Караліна, жонка маршала І.Мюрата, у 1808—15 неапалітанскага караля. Сын Напалеона I Франсуа Шарль Жазеф Банапарт вядомы як Напалеон II. Пасля рэвалюцыі 4.9.1870 дынастыя Банапартаў перастала кіраваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫА́РХІ (Antiarchi),
падклас вымерлых панцырных рыб кл. пласцінаскурых. Вядомы з сярэдняга і позняга дэвону ўсіх мацерыкоў. 2 атрады. Жылі ў прэсных і саленаватых вадаёмах. Тыповыя прадстаўнікі антыархаў — батрыялепісы (Bothriolepis). На Беларусі рэшткі антыархаў выяўлены ў Аршанскай і Прыпяцкай упадзінах у пясчана-гліністых і глініста-карбанатных пародах сярэдняга дэвону.
Даўж. да 1 м. Адрозніваюцца ад прадстаўнікоў падкл. артрадыраў размяшчэннем пласцінак панцыра. Частка тулава, галавы і грудных плаўнікоў укрыта касцявым панцырам, хваставая — луской. Збліжаныя вочы размяшчаліся ў агульнай арбіце на спінным баку галаўнога панцыра. Сківіцы слабыя, у выглядзе 2 пар тонкіх пласцінак, 1—2 спінныя плаўнікі, хваставы — гетэрацэркальны. Прыродныя бентафагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЭКЛІ́ЗА (ад анты... + грэч. klisis нахіл),
вялікае скляпеннепадобнае падняцце паверхні крышт. фундамента ў межах платформаў (пліт); процілегласць сінеклізы.
Мае круглаваты або выцягнуты контур, памеры ў папярочніку да некалькіх соцень кіламетраў. Фарміруецца на працягу некалькіх геатэктанічных этапаў як зона павольнага падняцця зямной кары на фоне апускання сумежных структур. Таму на антэклізе магутнасць платформавага чахла памяншаецца ад перыферыі да цэнтра, месцамі на зямную паверхню выходзяць пароды фундамента. На Рускай пліце Усходне-Еўрапейскай платформы вядомыБеларуская антэкліза (у цэнтр. і паўд.-зах. частках тэр. рэспублікі) і Варонежская антэкліза (зах. крыло — на У Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСТЫЁН (франц. bastion ад позналац. bastillio будую ўмацаванне),
пяцівугольнае ўмацаванне ў вуглах крапасной агароджы для абстрэлу мясцовасці наперадзе і ўздоўж крапасных сцен і равоў перад імі. Бастыёны паявіліся ў Італіі ў канцы 15 ст., напачатку мураваныя, з 16 ст. земляныя. Крапасны бастыён складаўся з 1 ці 2 земляных валоў для размяшчэння гармат: 1-ы быў галоўны, 2-і (узвышаўся над 1-м) наз. кавальер. Два даўжэйшыя бакі бастыёна наз. фасамі, карацейшыя — фланкамі. Фланкі двух суседніх бастыёнаў і частка крапасной сцяны паміж імі (курціна) стваралі бастыённы фронт. На Беларусі бастыёны вядомы з сярэдзіны 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЦАРКВА́»,
рэлігійна-гістарычны часопіс. Выдаваўся ў 1956—65 у Чыкага (ЗША) ратапрынтным спосабам на бел. мове з выкарыстаннем лацінкі і кірыліцы адначасова. Заснавальнік — бел.культ.-рэліг. цэнтр, які ў сярэдзіне 1950-х г. аб’яднаў бел. эміграцыю вакол царквы Хрыста Спаса (Збаўцы). Мэта дзейнасці — паліт. незалежнасць бел. дзяржавы, стварэнне незалежнай грэка-каталіцкай царквы (уніяцкай), барацьба супраць камуніст. ідэалогіі. У часопісе пераважалі артыкулы гіст. і рэліг. зместу. Аўтарам большасці з іх быў вядомы на эміграцыі гісторык В.Пануцэвіч. Змяшчаў таксама артыкулы гісторыкаў і мовазнаўцаў Беларусі, маст. творы рэліг. зместу і інш.