МАГІЛЁВА АБАРО́НА 1941,

абарончыя баі сав. войск і апалчэнцаў горада супраць ням.-фаш. захопнікаў 3—26 ліп. ў Вял. Айч. вайну. Праводзілася часцямі 61-га стралк. корпуса (ген.-маёр Ф.​А.​Бакунін) 13-й арміі Зах. фронту і апалчэнцамі згодна з планам абароны, які абмеркаваны і ўдакладнены 1 ліп. на нарадзе з удзелам прадстаўнікоў Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання Маршалаў Сав. Саюза К.​Я.​Варашылава і Б.​М.​Шапашнікава. Жыхары горада і навакольных вёсак разам з вайскоўцамі за кароткі тэрмін (штодзённа працавалі 30—40 тыс. чал.) выкапалі процітанкавы роў больш як на 25 км, будавалі траншэі, бліндажы і эскарпы; сапёры паставілі мінныя палі, на некат. вуліцах былі ўзведзены барыкады. Фарміравалася Магілёўскае народнае апалчэнне 1941. Абарона горада ўскладалася непасрэдна на 172-ю стралк. дывізію (ген.-маёр М.​Ц.​Раманаў) і прыдадзеныя ёй часці і падраздзяленні. На правым беразе Дняпра абарону трымалі 388-ы (палк. С.​Ф.​Куцепаў) і 514-ы (падпалк. С.​А.​Боніч) стралк. палкі, на левым — 747-ы полк (падпалк. А.​В.​Шчаглоў); потым 514-ы полк быў пераведзены ў рэзерв камандзіра корпуса, а на яго месца стаў 394-ы полк 110-й стралк. дывізіі. На паз шыях бліжэйшых да горада вёсак — Казіміраўка, Пашкава, Гаі, Мікалаеўка, Палыкавічы — стаяў зводны полк у складзе знішчальнага батальёна і батальёна супрацоўнікаў міліцыі. Развед. падраздзяленні дывізіі ў міжрэччы Бярэзіны і Дняпра (за 35—50 км ад Магілёва) 3 ліп. ўступілі ў бой з перадавымі часцямі ням. 46-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген. Г.​В.​Гудэрыяна, а 6 ліп. пад націскам намнога большых сіл праціўніка адышлі ў глыб сваёй абароны.

На Магілёў наступалі 4 пяхотныя і танк. дывізіі са складу 2-й танк. групы ням.-фаш. войск: на Бабруйска-Магілёўскім напрамку палкі 23-й і 7-й пяхотных дывізій, на Мінска-Магілёўскім — 263-й і 15-й пяхотных дывізій, якія падтрымлівала 3-я танк. дывізія. Пазней, калі вораг фарсіраваў Дняпро, у тыл 172-й дывізіі сав. войск выйшлі 258-я і 78-я пяхотныя, а з 17 ліп. на штурм горада накіраваны часці 34-й і 10-й пяхотных ням. дывізій. Асабліва жорсткія баі адбыліся на Буйніцкім полі. Паводле звестак штаба 172-й дывізіі за 10 дзён баёў адбіта 27 атак, падбіта і спалена 179 танкаў і бронетранспарцёраў, захоплены 2 танкі, 12 мінамётаў, 25 кулямётаў. Аднак 14 ліп. дывізія апынулася ў акружэнні: спыніўся падвоз боепрыпасаў, харчоў, медыкаментаў. Немцы захапілі бліжэйшыя да горада вёскі. 24 ліп. праціўнік прарваўся на ўскраіны Магілёва. Камандаванне сав. войск адхіліла ультыматум захопнікаў аб капітуляцыі і вырашыла з баямі выходзіць з акружэння. У ноч на 26 ліп. 388-ы полк з прыдадзенымі часцямі і падраздзяленнямі прарваўся з горада на 3, 747-ы, 394-ы і зводны палкі — на У і за р. Сож злучыліся з часцямі 13-й арміі. Сав. воіны і апалчэнцы на працягу 23 дзён скоўвалі буйныя сілы ворага ў перыяд Смаленскай бітвы 1941, нанеслі адчувальныя страты ўдарным сілам групы армій «Цэнтр». На Буйніцкім полі пастаўлены помнік у гонар воінаў 388-га стралк. палка.

т. 9, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЫ (ад позналац. minera руда),

прыродныя хім. злучэнні, радзей самародныя элементы, пераважна цвёрдыя целы крышталічнай і аморфнай будовы, прыкладна аднародныя паводле хім. саставу і фіз. уласцівасцей, утвораныя ў выніку фіз.-хім. працэсаў у нетрах і на паверхні Зямлі або інш. планет, устойлівыя ў пэўных фіз.-хім. межах; састаўная ч. горных парод і руд. Гэта самародныя элементы, сульфіды, галагеніды, аксіды і гідраксіды, кіслародныя солі. Да М. часам адносяць некаторыя арган. злучэнні і ваду. М., якія складаюць горныя пароды, наз. пародаўтваральнымі, тыя, што прысутнічаюць у пародзе ў нязначнай колькасці — акцэсорнымі.

Фіз. і хім. ўласцівасці пераважнай большасці М. залежаць ад хім. саставу і структуры крышт. рашоткі. Вылучаюць ізаморфныя разнавіднасці мінералаў (пры аднолькавай форме пераменны хім. састаў) і паліморфныя аднаго хім. саставу (напр., алмаз і графіт). Вядома каля 2 тыс. М. Найб. пашыраны М. класа сілікатаў (34% ад агульнай колькасці), аксіды і гідраксіды (каля 25%), сульфідныя злучэнні і іх аналагі (каля 20%). Колер, бляск, празрыстасць, цвёрдасць, шчыльнасць, спайнасць, злом, аптычныя характарыстыкі, магнітнасць, электраправоднасць, радыеактыўнасць і інш. ўласцівасці М. цесна звязаны з хім. саставам і структурай. Колер М. разнастайны і залежыць ад храмафорных (афарбоўваючых) элементаў, змены аптычнай аднароднасці крышт. рашоткі, мех. дамешкаў і інш. Бляск М. шкляны, алмазны, паўметалічны і металічны. М. падзяляюцца на празрыстыя (напр., тапаз, горны хрусталь), паўпразрыстыя (напр., кінавар, сфалерыт), непразрыстыя (напр., магнетыт, графіт). Цвёрдасць М. вызначаецца пераважна паводле шкалы Моаса (ад 1 да 10, напр., тальк — цв. 1, алмаз — цв. 10). Пры вызначэнні М. і ўмоў іх утварэння вял. значэнне мае марфалогія (вонкавы выгляд крышталяў — прызматычныя, таблітчастыя, ігольчастыя, слупковыя, ліставатыя, лускавінкавыя і інш.; характар агрэгатаў — друзы, жэоды, сакрэцыі і інш.). Тэрыторыі з пэўным комплексам М. наз. мінералагічнымі правінцыямі; прамежкі часу, спрыяльныя ўтварэнню пэўнага комплексу М., наз. мінералагічнымі эпохамі. Вывучэнне ўзаемасувязі паміж хім., фіз. і марфал. асаблівасцямі М. і ўмовамі іх утварэння ўзнаўляе гісторыю фарміравання радовішчаў, што складае навук. аснову пошукаў і разведкі карысных выкапняў. У аснове сучаснай класіфікацыі М. ляжыць крышталехім. прынцып, які адлюстроўвае тып хім. злучэння і тып. хім. сувязі паміж структурнымі адзінкамі. Паводле класіфікацыі А.​Г.​Бяцехціна, усе М. падзяляюцца на арганічныя і неарганічныя, неарганічныя — на 6 раздзелаў, унутры іх вылучаюцца класы, падкласы і групы.

На Беларусі вядома некалькі соцень М. У крышт. фундаменце трапляюцца акцэсорныя М.: самародныя элементы (плаціна, ірыдый, золата, ртуць), сульфіды (кінавар, барніт, кавелін), групы гранатаў (андрадыт, альмандын, піроп), піраксены (аўгіт, дыяпсід, саліт, ферасаліт, гіперстэн, эгірын, энстатыт), амфіболы (рагавая падманка, актыналіт, трэмаліт і інш.). У асадкавай тоўшчы трапляюцца самародная медзь, спадарожнік алмазу — піроп, з групы гідраксідаў — дыяспор і інш. Мінеральную сыравіну, што здабываюць у Беларусі, выкарыстоўваюць у прам-сці буд. матэрыялаў, хім., керамічнай, як агранамічныя руды, абліцовачныя матэрыялы і інш.

Літ.:

Бетехтин А.Г. Минералогия. М., 1950;

Лазаренко Е.К. Курс минералогии. 2 изд. М., 1971;

Ярцев В.И., Аношко Я.И. Минералогия. Мн., 1998.

Я.​І.​Аношка.

Да арт. Мінералы. 1. Мікраклін, карлсбадскі двайнік. 2. Купраадамін. 3. Селеніт. 4. Галіт з крышталямі гіпсу. 5. Папіршпат. 6. Кракаіт. 7. Гётыт — «бурая шкляная галава» ў ліманітавай жэодзе. 8. Азурыт. 9. Шэрл у кварцы. 10. Кальцыт.

т. 10, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І МАСТА́ЦКІЯ.

Збіраюць, зберагаюць, вывучаюць, папулярызуюць і экспануюць зборы твораў мастацтва. Як комплексы спецыяльна прыстасаваных памяшканняў уключаюць экспазіцыйныя залы, запаснікі, выставачныя залы, рэстаўрацыйныя майстэрні, навук. б-кі, фотатэкі і інш. Экспазіцыя звычайна будуецца па храналогіі і нац. школах мастацтва, мае комплексны характар (у залах разам экспануюцца творы жывапісу, скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва). Часам экспазіцыя будуецца часткова або цалкам па асобных калекцыях, якія паступілі ад уладальнікаў у дар ці на захоўванне. Некат. зборы твораў прадстаўляюць толькі адзін від мастацтва, найчасцей жывапісу (гл. Карцінная галерэя). Разнавіднасць М.м. — музеі архітэктурныя.

Стварэнне М.м. звязана з развіццём калекцыяніравання. Першыя буйныя зборы твораў мастацтва вядомы з часоў антычнасці. У эпоху сярэднявечча калекцыі твораў мастацтва зберагаліся ў палацавых галерэях, цэрквах, манастырах і інш. У 16 ст. на аснове прыватных калекцый створаны першыя ў Еўропе музеі — Дрэздэнская карцінная галерэя, Луўр у Парыжы, Прада ў Мадрыдзе, Уфіцы ў Фларэнцыі і інш Фарміраванне асн. еўрап. музеяў завяршылася ў 19 ст., калі яны сталі даступныя для шырокай публікі і склалася тыпалогія спец. музейнага будынка. Сярод найб М.м. свету таксама Баварскія дзяржаўныя зборы карцін у Мюнхене, Брытанскі музей у Лондане. Ватыканскія мастацкія музеі, комплекс Дзярж музеяў у Берліне (у т. л. Пергамон-музей), Метраполітэн-музей у Нью-Йорку, Рускі музей і Эрмітаж у С.-Пецярбургу, Музей выяўленчых мастацтваў імя А.​С.​Пушкіна і Траццякоўская галерэя ў Маскве і інш.

На Беларусі першы прыватны М.м. вядомы з 16 ст. (музей-«кабінет» Радзівілаў у Нясвіжы). У 17—1-й пал. 19 ст. багатыя зборы твораў жывапісу, скульптуры, габеленаў, фарфору, манет, зброі і інш. былі ў шэрагу сядзіб і замкаў магнатаў: Агінскіх (маёнтак Лучай Пастаўскага р-на Віцебскай вобл), Зорычаў (г. Шклоў Магілёўскай вобл.), Паскевічаў (Гомель), Сапегаў (в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл., г.п Ружаны Брэсцкай вобл.), А.​Тызенгаўза (Гродна, Паставы), Тышкевічаў (г. Лагойск Мінскай вобл.) і інш. У 1787—1820 пры Полацкім калегіуме езуітаў існаваў музей, які змяшчаў карцінную галерэю. У 1855 на аснове калекцыі Тышкевічаў заснаваны Віленскі музей старажытнасцей, у 1921 — Беларускі музей у Вільні. У 1939 створана Дзярж. карцінная галерэя Беларусі (з 1957 Дзярж. маст. музей, з 1993 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь), у 1970 — Бялыніцкі мастацкі музей імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі. Калекцыі твораў бел. стараж., сучаснага нар., самадзейнага мастацтва зберагаюцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Веткаўскім музеі народнай творчасці, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Гомельскім абласным краязнаўчым музеі, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Гурынскай карціннай галерэі, Дзіўнаўскім музеі мастацтва і этнаграфіі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава, Магілёўскім мастацкім музеі В.К.Бялыніцкага-Бірулі, Музеі беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскага р-на, Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ Нац. АН Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і Сучаснай беларускай скульптуры музеі імя А.​А.​Бембеля ў Мінску, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Полацкай карціннай галерэі і інш.

Да арт. Музеі мастацкія. Фрагмент экспазіцыі рускага мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Да арт. Музеі мастацкія. Фрагмент экспазіцыі грэчаскага і рымскага мастацтва Метраполітэн-музея ў Нью-Йорку.
Да арт. Музеі мастацкія. Зала Пергамон-музея. Берлін.
Да арт. Музеі мастацкія. Эрмітаж. Белая зала.

т. 11, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСІ́ЛЛЕ,

выкарыстанне сілы або пагрозы сілай якім-н. сац. суб’ектам (асобай, групай, супольнасцю, арг-цыяй, партыяй, дзяржавай і да т.п.) з мэтай прымусу людзей да пэўных паводзін, набыцця або захавання эканам. і паліт. панавання, заваёвы пэўных правоў, прывілеяў або тэрыторый. Н. як адзін з канстытуіруючых кампанентаў гіст. працэсу адыграла істотную ролю ў працэсах утварэння дзяржаў, імперый, заваёў, паўстанняў, рэвалюцый, войнаў, сцвярджэння рэлігіі, у рэалізацыі рэпрэсіўных стратэгій пануючымі дзярж. структурамі. Мэтамі Н. могуць быць: захоп, захаванне, умацаванне, змена ўлады, перамены ў ажыццяўленні палітыкі, заваёва. інш. народаў, тэрыторый і краін, эканам. ўзбагачэнне, задушэнне апазіцыі, іншадумства і да т.п. Паводле маштабаў бывае адзінкавае (асобныя адзінкавыя дзеянні), групавое ці абмежаванае (у адносінах да пэўных сац., этн., паліт., рэліг. груп), масавае (масавыя рэпрэсіі, тэрор, вайна і інш.). Асн. віды і формы Н.: агрэсія, унутрыдзярж. (грамадзянская), міждзярж., сусв. войны, рэвалюцыя, паўстанне, бунт, пераварот, путч, тэрор, забойства, збіванне, згвалтаванне, замбіраванне. Вылучаюць таксама Н. інструментальнае, якое мае канкрэтную мэту (напр., захоп улады), і сімвалічнае, якое арыентавана на засваенне створанага прапагандай пэўнага ўзору (напр., прапагандаванага ў фаш. Германіі вобраза «сапраўднага арыйца»). У сучасным свеце шырока ўжываецца ўскоснае, псіхал. Н. ў выглядзе навязвання скажонай інфармацыі, сац. міфаў, маніпуліравання свядомасцю людзей.

Існуе некалькі тэорый Н. напр., Я.​Дзюрынг лічыў, што прычынай паяўлення ў грамадстве проціборствуючых класаў з’яўляецца менавіта Н. Абапіраючыся на яго тэорыю, аўстр. сацыёлаг Л.​Гумпловіч, тэарэтык сацыял-дэмакратыі К.​Каўцкі лічылі выкарыстанне Н. вырашальнай прычынай узнікнення класаў і дзяржавы. К.​Маркс, а ўслед за ім У.​І.​Ленін разглядалі Н. як характар сац. прагрэсу, асабліва перабольшвалася роля рэв. Н. ў стварэнні новых, больш прагрэс., сацыяліст. форм грамадскага ладу. Буйнамаштабныя формы выкарыстання масавага Н. ў 20 ст. (2 сусв. вайны, сац. рэвалюцыі, масавы тэрор, які ажыццяўляўся таталітарнымі паліт. рэжымамі і інш.) паказалі абмежаванасць, аднабаковасць толькі сац.-класавай трактоўкі Н. і зноў прыцягнулі ўвагу да пошукаў вытокаў Н. ў асаблівасцях чалавечай прыроды, што бярэ пачатак у канцэпцыях Т.​Гобса, Ф.​Ніцшэ і З.​Фрэйда. Аўстр. філосаф К.​Лорэнц лічыў уласцівую чалавеку агрэсіўнасць, звязаную з Н., ахоўнай рэакцыяй арганізма на неспрыяльнае ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Э.​Фром, даследуючы «анатомію чалавечай дэструктыўнасці», якая выяўлялася ў розных формах Н. над сабой і інш. (садызм, мазахізм, імкненне ўладарнічаць, падпарадкоўваць), паказаў, што ўсе яе праяўленні абумоўлены сац. фактарамі «хворага грамадства», якое адчувае неабходнасць у лячэнні на аснове «гуманістычнага псіхааналізу». У гісторыі грамадска-паліт., філас. і рэліг. думкі існавала мноства канцэпцый, якія абвяргалі неабходнасць выкарыстання Н. Ідэя ненасілля зарадзілася ў стараж.-ўсх. рэліг. культах індуізму, будызму і канфуцыянства, знайшла ўвасабленне ў стараж.-грэч. традыцыі і ў раннім хрысціянстве. Прынцып цярплівасці і звязаных з ім ненасільных дзеянняў знайшоў адлюстраванне ў філас. працах Вальтэра, Ж.​Ж.​Русо, Дж.​Лока, І.​Канта. У найноўшы час прынцып ненасілля атрымаў яркае ўвасабленне ў вучэнні аб непраціўленні злу насіллем Л.​М.​Талстога, аб ненасільных дзеяннях у паліт. сферы М.​Гандзі, у імкненні М.​Л.​Кінга выкарыстоўваць ненасілле ў барацьбе з расавым прыгнётам. Гэтыя прынцыпы ў сучасных умовах выкарыстоўваюцца ў міжнар. адносінах.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 11, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІГРАФІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці, якая спецыялізуецца на выпуску друкарскай прадукцыі: кніг, часопісаў, газет, тапаграфічных карт, каштоўных папер, бланкаў дакументаў, календароў, плакатаў, сшыткаў, альбомаў, білетаў і інш. У залежнасці ад асн. відаў прадукцыі, якія выпускаюцца паліграф. прадпрыемствам, адрозніваюць спецыялізаваныя кніжныя, газетныя, часопісныя, а таксама кніжна-часопісныя, газетна-часопісныя і этыкетка-ўпаковачныя прадпрыемствы, картаграфічныя ф-кі, прадпрыемствы спец. прызначэння, прадпрыемствы малой (аператыўнай) паліграфіі, а таксама тыя, што выпускаюць друкарскую прадукцыю культ.-быт. прызначэння. У залежнасці ад перавагі на паліграф. прадпрыемстве аднаго з асн. відаў прадукцыі адрозніваюць друкарні — прадпрыемствы, якія ў асноўным выкарыстоўваюць спосаб высокага друку, прадпрыемствы плоскага афсетнага, глыбокага, трафарэтнага і інш. відаў друку; паліграф. камбінаты выпускаюць друкарскую прадукцыю некалькімі спосабамі друку.

П.п. прайшла доўгі і складаны шлях развіцця. Тэхн. асновай паліграфіі з’яўляецца вынайдзенае каля 1440 І.​Гутэнбергам кнігадрукаванне. У 16 ст. паліграфія набыла характар развітой мануфактуры. Вынаходніцтва ў 19 ст. друкарскай машыны азначала прамысл. рэвалюцыю ў паліграфіі, стварэнне паліграф. машынабудавання. 3 сярэдзіны 20 ст. ў ходзе навук.-тэхн. рэвалюцыі паліграфія развіваецца па наступных кірунках: пераход да электронных спосабаў вырабу друкарскіх форм для ўсіх спосабаў друку (выкарыстанне ЭВМ для фотанабору і электроннага колерадзялення для каляровага друку), выкарыстанне ролевага афсетнага друку на высокахуткасных машынах, стварэнне аўтам. паточных ліній у апрацоўчых цэхах, комплексная механізацыя і аўтаматызацыя вытв-сці, выкарыстанне фотатэлеграфнай тэхнікі для перадачы газетных палос.

На Беларусі развіццё П.п. пачалося з дзейнасці Ф.Скарыны, які ў 1522 заснаваў друкарню ў Вільні, выкарыстаўшы выразаныя ўручную шрыфты і застаўкі. Друкарскае майстэрства ўдасканальвалі С.Будны, В.Цяпінскі, П.Мсціславец і інш. Першая друкарня на тэр. сучаснай Беларусі — Брэсцкая (1550—70-я г.). Пазней друкарні працавалі ў Нясвіжы, Заблудаве, Слуцку, Любчы, Магілёве, Куцейне (гл. адпаведныя артыкулы). Кнігі выдаваліся на старабел., польскай, стараслав. мовах. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі адкрыты друкарні ва ўсіх губ. гарадах. У 1913 выдадзена 232 назвы кніг тыражом 212 тыс. экз. У 1920 у БССР было 76 паліграф. прадпрыемстваў; пабудаваны Дом друку (з 1960 друкарня выдавецтва «Звязда», з 1969 друкарня Выдавецтва ЦК КПБ, з 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, потым Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; гл. Беларускі дом друку). У 1940 па Беларусі надрукавана 76 млн. аркушаў-адбіткаў. Пасля Вял. Айч. вайны адноўлены разбураныя паліграф. прадпрыемствы, пабудаваны Мінскі паліграфічны камбінат. З сучасных паліграф. прадпрыемстваў найб. буйныя Мінскі паліграфічны камбінат, Мінская фабрыка каляровага друку, Беларускі дом друку, Мінская шпалерная фабрыка, Гомельская фабрыка «Палесдрук», друкарня «Перамога» ў Маладзечне.

Сярод краін свету найб. развітую П.п. маюць Германія, ЗША, Італія, Канада, Францыя, Швецыя, Швейцарыя, Японія і інш. Гл. таксама Друк, Выдавецкая справа, Нотадрукаванне, Картадрукаванне.

Выпуск прадукцыі паліграфічнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Віды прадукцыі 1985 1990 1995 1998
Кнігі і брашуры
Колькасць кніг і брашур (адзінак) 3431 2823 3205 6073
Тыраж, млн. экз. 53,3 54,9 62,9 60,0
Друкаваных аркушаў-адбіткаў, млн. 793,7 945,5 865,9 1052,7
Часопісы і інш. перыядычныя выданні
Колькасць часопісаў і інш. перыядычных выданняў 107 129 225 318
Гадавы тыраж, млн. экз. 35,1 54,1 11,5 14,7
Друкаваных аркушаў-адбіткаў, млн. 152,3 256,5 59,6 70,9
Газеты
Колькасць газет (выданняў) 212 224 494 580
Разавы тыраж, млн. экз. 4,6 5,7 8,5 10,5
Гадавы тыраж, млн. экз. 839 985 601 659

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НІНЫ,

расійскія дзярж. і ваен. дзеячы. Мікіта Іванавіч П. (29.9.1718, г. Гданьск, Польшча — 11.4.1783). Служыў у коннай гвардыі. У 1747 пасланнік у Даніі, у 1748—60 — у Швецыі. У 1760—73 выхавальнік вял. кн. Паўла Пятровіча (гл. Павел I). Удзельнічаў у звяржэнні Пятра III і ўзвядзенні на прастол Кацярыны II. Старэйшы чл. (фактычна кіраўнік) Калегіі замежных спраў у 1763—81, саветнік імператрыцы па пытаннях знешняй палітыкі. Распрацоўваў і праводзіў у жыццё план «Паўн. акорда» — саюзу Расіі, Прусіі, Даніі, Швецыі, Вялікабрытаніі і Рэчы Паспалітай супраць Францыі, Аўстрыі і італьян. дзяржаў. Напачатку прыхільнік захавання цэласнасці Рэчы Паспалітай. Склаў праект стварэння дысідэнцкіх канфедэрацый: пратэстанцкай Тарунскай і пратэстанцка-правасл. Слуцкай канфедэрацыі. Пасля акупацыі Аўстрыяй ч. Польшчы (1769) удзельнічаў у падрыхтоўцы першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), за што атрымаў ва ўласнасць сялян і землі ў Полацкай прав. Знаходзіўся ў тайнай, але пастаяннай апазіцыі да Кацярыны II і яе фаварытаў (Р.Р.Арлова і інш.). У пач. 1770-х г. узначальваў змову (брат Пётр Іванавіч П., драматург Дз.І.Фанвізін, які ў 1773 склаў праект канстытуцыйнага абмежавання манархіі, інспірыраваны П. і інш.) на карысць Паўла Пятровіча. Быў пазбаўлены ўсіх пасад і ў 1781 пад націскам царадворцаў падаў у адстаўку. Пётр Іванавіч П. (1721, с. Вязоўка Калужскай вобл. — 26.4.1789), ген.-аншэф (1762), граф (1767). Брат Мікіты Іванавіча П. На ваен. службе з 1735. Удзельнік рас.-тур. вайны 1735—39. У Сямігадовую вайну 1756—63 ген.-маёр, з 1759 ген.-паручнік; вызначыўся ў бітвах супраць прускіх войск пры Грос-Егерсдорфе (1757), Цорндорфе (1758) і Кунерсдорфе (1759), удзельнічаў ва ўзяцці Берліна (1760). З 1762 рас. ген.-губернатар Усх. Прусіі, камандуючы рас. войскамі ў Памераніі і Гольштэйне. У рас.-тур. вайну 1768—74 камандуючы 2-й арміяй, узяў штурмам крэпасць Бендэры (1770), але пры гэтым меў значныя страты і дапусціў шэраг стратэг. пралікаў, за што звольнены ў адстаўку. Разам з братам Мікітам Іванавічам П. адзін з лідэраў апазіцыі ўраду Кацярыны II. У чэрв. 1774 — жн. 1775 галоўнакамандуючы войскамі пры задушэнні сял. вайны пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. З 1775 зноў у адстаўцы. Разам з П.​А.​Румянцавым адзін са стваральнікаў лёгкай пяхоты (егераў) у рас. арміі. Мікіта Пятровіч П. (28.4.1770, г. Харкаў, Украіна — 13.3.1837), сын Пятра Іванавіча. З 1791 на ваен. і прыдворнай службе. У 1796 (пасля падзелу Рэчы Паспалітай) гал. камісар рас. боку па ўстанаўленні мяжы паміж Расіяй і Прусіяй. Са снеж. 1796 чл. Калегіі замежных спраў. З ліп. 1797 надзвычайны паўнамоцны міністр Расіі ў Прусіі. З 1799 віцэ-канцлер. Выступаў супраць лініі Паўла I на збліжэнне з Францыяй, першы прапанаваў вял. кн. Аляксандру Паўлавічу (гл. Аляксандр I) план адхілення Паўла I ад улады. У 1800 звольнены і сасланы ў Маскоўскую губ. Пры Аляксандру I чл. Калегіі замежных спраў, фактычны кіраўнік рас. знешняй палітыкі, у 1801 з прычыны рознагалоссяў з царом зноў звольнены. З 1804 да канца жыцця ў афіц. апале з забаронай наведваць сталіцы. Жыў у маёнтку Дугіна Смаленскай губ., дзе займаўся музыкай (напісаў оперы «Гарбуны» і «Модная крама»).

Літ.:

Гаврюшкин А.В. Граф Никита Панин: Из истории рус. дипломатии XVIII в. М., 1989.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 12, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ЦАРКО́ЎНЫ САБО́Р 1839,

сход іерархаў уніяцкай царквы на Беларусі і Украіне (у межах Расійскай імперыі), які прыняў рашэнне аб яе далучэнні да Рускай праваслаўнай царквы. Адбыўся 24.2.1839 у Полацку. Пачынаючы з дзейнасці мітрапаліта Іраклія Лісоўскага (1806—09), у кіраўніцтве уніяцкай царквы (гл. Беларуская грэка-каталіцкая царква) выявіліся тэндэнцыі да збліжэння з праваслаўем (напачатку ў форме вяртання ад лац. да ўсх. абраднасці). Палітыка царскіх улад да уніяцкай царквы пры Кацярыне II, Паўле I, Аляксандру I была непаслядоўнай: ад масавага пераводу ў праваслаўе пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай да падтрымкі уніяцкага духавенства, каб мець у ім сац. апору. У 1820-я г. пры Мікалаю I праводзілася палітыка ўзмацнення «рускага элемента» ў зах. губернях; беларусы і ўкраінцы былі абвешчаны неадрыўнай часткай рус. народа, што выклікала пытанне аб іх рэліг. уніфікацыі. Гэта супадала з жаданнем шэрагу уніяцкіх іерархаў, якія хацелі далучыцца да праваслаўя — пануючага веравызнання як па ідэалаг. меркаваннях, так і для паляпшэння свайго сац. статуса. Ініцыятарам далучэння стаў у 1827 асэсар 2-га (уніяцкага) дэпартамента Рымска-каталіцкай калегіі Іосіф Сямашка (з 1829 епіскап). У канцы 1820-х—30-я г. з дапамогай дзярж. улад быў ажыццёўлены шэраг мер па збліжэнні грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем: уніятам забаронена пераходзіць у лац. абрад; замест 4 уніяцкіх епархій пакінуты 2 — Полацкая (Беларуская) і Віленская (Літоўская); прымаліся захады па павышэнні адукац. ўзроўню белага духавенства, найб. схільнага да праваслаўя; закрываліся манастыры і школы базыльян; пашыраліся служэбнікі маскоўскага друку; ва уніяцкіх храмах інтэр’еры мяняліся паводле правасл. узораў; у епіскапы былі пасвячоны паплечнікі Сямашкі — Васіль Лужынскі і Антоній Зубко. Ідэя пераходу ў праваслаўе ахоплівала ўсё больш прадстаўнікоў духавенства; святароў, якія адмаўляліся даць распіску аб згодзе з праваслаўем, каралі пераводам у горшыя прыходы, паніжэннем у пасадзе, аж да зняволення ў манастырах. Смерць у 1838 апошняга праціўніка аб’яднання з праваслаўем мітрапаліта Ігнація Іасафата Булгака зняла апошнія перашкоды для скасавання Брэсцкай уніі 1596. Скліканы 24.2.1839 у Полацку сабор з 3 епіскапаў (Сямашка, Зубко, Лужынскі) і 21 інш. высокай духоўнай асобы, прыняў Акт з 2 пунктаў: у 1-м абвяшчалася адзінства з правасл. царквой, у 2-м змяшчалася просьба да Мікалая I садзейнічаць хутчэйшаму далучэнню уніятаў да праваслаўя. Да саборнага Акта прыкладаліся абавязацельствы 1305 святароў і манахаў, пасля прыняцця Акта іх колькасць павялічылася да 1607. Паводле распараджэння Мікалая I 6.4.1839 прынята пастанова Св.Сінода аб далучэнні уніятаў да праваслаўя. Напачатку ў храмах дазвалялася захоўваць уніяцкія абрады, аднак пры замене уніяцкіх царк. атрыбутаў праваслаўнымі быў нанесены значны культурны ўрон (страчаны многія старыя кнігі, абразы, посуд і інш.). Паводле Акта П.ц.с. да правасл. царквы далучана каля 1,5 млн. чал. Найб. цяжка скасоўвалася уніяцтва ў паўн. Беларусі, дзе лацінізацыя грэка-каталіцкай царквы была найб. глыбокая, частка уніятаў там перайшла ў рыма-католікі. Уніяцкая царква ў Царстве Польскім (у Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ.) далучана да праваслаўя ў 1875.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990 [рэпр. выд.: Буэнос-Айрес. 1966];

Уния в документах. Мн., 1997. С. 415—490;

Шейкин Г.Н. Полоцкая епархия. Мн., 1997. С. 32—48.

В.​Р.​Кірэеў.

т. 12, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́О-ДЭ-ЖАНЕ́ЙРА (Rio de Janeiro),

горад у Бразіліі, на беразе бухты Гуанабара Атлантычнага акіяна. 10 582 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Другі, пасля г. Сан-Паўлу, па колькасці насельніцтва і эканам. значэнні горад у краіне. Буйны знешнегандл. порт, вузел чыгунак і аўтадарог. 2 аэрапорты, у т. л. міжнародны. Прам-сць: чорная металургія, разнастайнае машынабудаванне (суднабудаванне, аўтазборка, эл-тэхн. і інш. з-ды), хім., тэкст., дрэваапр., харч., буд. матэрыялаў, гарбарна-абутковая, швейная. Агранка алмазаў. Метрапалітэн. Важны навук. і культ. цэнтр краіны. 4 ун-ты, Бразільская АН, Бразільская філал. акадэмія, Нац. акадэмія медыцыны. Вядомыя пляжы набярэжнай Капакабана з атэлямі і пансіянатамі. Буйны турысцкі цэнтр.

Стараж, насельніцтва — індзейскія плямёны. Першымі з еўрапейцаў бухту Гуанабара наведалі партугальцы (1502). У 1531 на зах. беразе пасяліліся французы, якіх партугальскія канкістадоры выгналі і заснавалі форт Р.-дэ-Ж. У 1555 французы зноў высадзіліся ў бухце і заснавалі калонію пасяленцаў-гугенотаў; у 1567 іх канчаткова выгналі партугальцы. У 1710—11 яны ўмацавалі горад і далі яму назву Сан-Себасцьян-ду-Рыу-ды-Жанейра. Да сярэдзіны 18 ст. важнейшы ў Паўд. Амерыцы порт і цэнтр гандлю рабамі. З 1763 Р.-дэ-Ж. — сталіца віцэ-каралеўства Бразілія (калонія Партугаліі), у 1822—89 — Бразільскай імперыі, у 1889—1960 — рэспублікі Аб’яднаных штатаў Бразіліі. Росквіт горада пачаўся пасля пераезду ў 1808 у Р.-дэ-Ж. двара караля Партугаліі Жуана VI, які адмяніў абмежаванні на арганізацыю мануфактур, рамёстваў і промыслаў. Горад стаў гал. гасп., навук. і культурным цэнтрам (засн. тэатр, б-ка і інш.). У 1947 у прадмесці Р.-дэ-Ж. прадстаўнікі ЗША і 20 лац.-амер. краін падпісалі міжнар. дагавор аб узаемадапамозе. Пасля пераносу сталіцы ў г. Бразілія (1960) не страціў свайго значэння; цэнтр аднайм, штата.

У цэнтры горада захаваліся арх. помнікі 16—19 ст.: кляштар Сан-Бенту (канец 16 ст., багатая аддзелка інтэр’ера, 18 ст.), у стылі барока — касцёлы Носа сеньёра да Глорыя (1714) і Сан-Франсіску ды Пенітэнсія (1772), ратуша (1743), сабор Ла Кандэларыя (1775, арх. Ф.​Ж.​Рошыа і інш.); акведук (1750, інж. Ф.​Гоміс ды Андрада); класіцыстычны палац Ітамараты (1856, арх. Ж.М.​Ж.​Рэбелу). Пабудовы канца 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі: Муніцыпальны тэатр. Нац. музей прыгожых мастацтваў, Нац. б-ка. Сярод найб. значных збудаванняў 20 ст.: гідрааэрапорт (1938, арх. А.​Карэа Ліма), банк Баавіста (1946, арх. О.​Німеер), стадыён Мараканья на 220 тыс. гледачоў (1950, арх. П.П.​Б.​Бастус, А.​А.​Дыяс Карнейру і інш.), універсітэцкі гарадок (1955, арх. Ж.​Марэйра), Музей сучаснага мастацтва (1958, арх. А.​Э.​Рэйдзі, Р.​Бурле Маркс), гасцініца «Насіянал» (1970, арх. Німеер). Вылучаецца архітэктура асабнякоў і віл 1950—60-х г. У горадзе шмат паркаў, бат. сад (з 1808). Сярод манументаў — статуя Хрыста на вяршыні ўзгорка Каркаваду (1931, скульпт. П.​Ландоўскі), помнік загінуўшым у 2-ю сусв вайну (1960, арх. Э.​Марынью, М.​Кандэр Нету) і інш. Музеі: Нац. маст., гіст.-маст., Індзейскі, геаграфіі Бразіліі і інш.

Статуя Ісуса Хрыста на гары Каркаваду над г. Рыо-дэ-Жанейра.

т. 13, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРБ,

1) знаходкі комплексаў манет, плацежных зліткаў і разнастайных рэчаў (вырабаў), ухаваных у зямлі ці інш. месцах, уладальнік якіх невядомы. Самыя стараж. С. з эпохі неаліту — каменныя прылады працы і зброя. У 7 ст. да н.э. — 20 ст. н.э. пераважаюць манетныя і манетна-рэчавыя С. (манеты, сярэбраныя і залатыя плацежныя зліткі і іх фрагменты, тавара-грошы рознага тыпу, упрыгожанні і г.д.). У С. позняга сярэдневякоўя пераважалі манеты (манетным лічыцца С., калі ў ім знаходзілася не менш як 5 адзінак). Захоўваліся яны ў розных упакоўках (посудзе, шкатулках, скрынках, скураных і палатняных торбах, драўляных калодах і інш), часам у камбінаваных (напр., скрутак тканіны, у якім былі грошы, змяшчаўся ў скрынку ці інш. ўпакоўку). Звычайна С. выяўляюць на невял. глыбіні (0,2—1 м), што тлумачыцца выветрываннем, узорваннем ці вымываннем глебы. Знаходкі багатых С. і ўзнікненне легенд, звязаных з імі, садзейнічалі вял. пашырэнню скарбашукальніцтва ва ўсіх краінах. С. з’яўляліся ў выніку адтоку грошай з абарачэння, выключэння ранніх паўнавагавых (па масе і пробе) манет у параўнанні з больш познімі легкавагавымі, у час войнаў, паўстанняў і інш. грамадска-сац. узрушэнняў ці прыродных катаклізмаў. Паводле заканадаўства знойдзены С. належыць дзяржаве і павінен быць перададзены ў банк ці музей. У Рас. імперыі згодна з указамі 1718 і 1728 С., знойдзеныя на дзярж., грамадскіх і ўдзельных землях, належалі дзяржаве, а на прыватных — землеўладальнікам з правам музеяў набываць іх для нумізматычных калекцый. Да 1917 С. ў Рас. імперыі вывучаліся ў Імператарскай археал. камісіі, у 1919—29 — секцыяй нумізматыкі і гліптыкі Акадэміі матэрыяльнай культуры, з 1930-х г. — у рэсп. музеях. З 1920-х г. той, хто знаходзіў С., атрымліваў узнагароджанне ў памеры 25% ад кошту знаходкі. Тэр. Беларусі багатая на С. і адзінкавыя знаходкі манет. Зафіксавана больш за 1100 С., з іх больш за 100 у Брэсцкай вобл., больш за 200 у Віцебскай, больш за 170 у Гомельскай, каля 140 у Гродзенскай, больш як па 200 у Мінскай і Магілёўскай абл. Самыя стараж. манеты — стараж.-грэч. і рымскія (адпаведна і С., у якіх яны былі) — на тэр. Беларусі з’явіліся ў канцы 1 — пач. 2 ст., пасля некат. перапынку ў 4—8 ст. яны выкарыстоўваліся рэгулярна.

2) У праве — закапаныя ў зямлі або схаваныя інш. спосабам грошы ці каштоўныя прадметы, уласнік якіх не можа быць устаноўлены ці паводле акта заканадаўства страціў на іх права. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь С. пераходзіць ва ўласнасць асобы, якой належыць маёмасць (зямельны ўчастак, пабудова і да т.п.), дзе С. быў схаваны, і асобы, якая знайшла С., у роўных долях, калі пагадненнямі паміж імі не ўстаноўлена іншае. У выпадку, калі ў С. былі рэчы, што адносяцца да помнікаў гісторыі або культуры, яны належаць перадачы ў дзярж. ўласнасць. Пры гэтым уласнік маёмасці і асоба, якая знайшла С., маюць права на атрыманне ўзнагароджання ў памеры палавіны кошту знойдзенага. Прысваенне С., які мае вял. каштоўнасць, цягне за сабой крымін. адказнасць.

Літ.:

Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.

Ш.​І.​Бекцінееў, Г.​А.​Маслыка (права).

Да арт. Скарб. Гальшанскі манетны скарб. Пач. 16 ст.

т. 14, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНІКА́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (República Dominicana),

дзяржава ў Вест-Індыі, займае ўсх. ч. в-ва Гаіці і суседнія невял. астравы, на З мяжуе з Рэспублікай Гаіці. Падзяляецца на 26 правінцый і 1 акругу. Пл. 48,4 тыс. км². Нас. 7543 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Санта-Дамінга. Дзярж. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 лют.).

Дзяржаўны лад. Д.Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 4 гады. Заканад. орган — двухпалатны Нац. кангрэс, які складаецца з сената (30 чал.) і палаты дэпутатаў (120 чал.). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Каля палавіны тэр. занята гарамі. У цэнтр. ч. краіны з ПнЗ на ПдУ цягнецца Кардыльера-Сентраль з найвышэйшым пунктам 3175 м (г. Дуартэ). Уздоўж паўн. ўзбярэжжа вапняковыя горы Кардыльера-Септэптрыяналь, выш. да 1249 м. Паміж хрыбтамі і на ўзбярэжжы ўрадлівыя даліны. З карысных выкапняў ёсць баксіты, жал., медныя і нікелевыя руды, серабро і золата, буд. матэрыялы і інш. Клімат трапічны, пасатны. Т-ра паветра 23—25 °C у студз., 28—29 °C у ліпені. Ападкаў 1000—2000 мм за год, пераважна з мая да лістапада. Бываюць ураганы. Рэкі невял. горныя, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. На ПдЗ у бяссцёкавай катлавіне на 46 м ніжэй узр. м. ляжыць салёнае воз. Энрыкільё. У гарах трапічныя лясы (22% тэр.), пераважна лістападныя з каштоўнымі пародамі дрэў. У больш сухіх раёнах (асабліва на ПдЗ) саванны і кустовыя зараснікі. Да выш. 600 м схілы гор пад плантацыямі трапічных культур. Нац. паркі — Арманда-Бермудэс, Дэль-Эстэ, Лос-Айтысес.

Насельніцтва. Большасць насельніцтва дамініканцы. Мулатаў 60%, белых 28%, неграў 12%. Ёсць невял. групы выхадцаў з суседніх краін, еўрапейцаў, японцаў і кітайцаў. 95% вернікаў католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 155,9 чал. на 1 км². Асабліва шчыльна заселены міжгорныя даліны і наваколле сталіцы. У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. з іх (тыс. ж., 1991): Санта-Дамінга — 2400, Сант’яга — 490, Ла-Рамана — 101.

Гісторыя. Да канца 15 ст. востраў насялялі індзейскія плямёны. Пасля адкрыцця вострава Х.​Калумбам (1492) яго ўсх. ч. (цяперашняя тэр. краіны, назву атрымала ад г. Санта-Дамінга) да 1795 была калоніяй Іспаніі. потым Францыі, з 1809 зноў Іспаніі. У вайну за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Санта-Дамінга 20.11.1821 абвясціла незалежнасць і далучылася да рэспублікі Вял. Калумбія. У 1822 акупіравана суседняй Гаіці. У 1844 у выніку антыгаіцянскага паўстання стала незалежнай і атрымала сучасную назву, У 1861 ёю зноў завалодала Іспанія У выніку барацьбы за незалежнасць у 1865 іспанцы пакінулі Д.Р. З сярэдзіны 19 ст. ў краіну пачаў пранікаць замежны капітал. У 1905—40 ЗША усталявалі свой кантроль над мытнямі Д.Р., што палегчыла ім умяшанне ў паліт. жыццё краіны. Калі ў 1916 у Д.Р. адбылося паўстанне, амер. войскі акупіравалі краіну і ўстанавілі ваенна-акупац. рэжым (да 1924) У 1930 да ўлады прыйшоў Р.​Л.​Трухільё. прадстаўнік буйных памешчыкаў і буржуазіі, звязанай з ЗША, і ўстанавіў жорсткі паліт. тэрор.

Пасля 2-й сусв. вайны, ва ўмовах уздыму нац.-вызв. барацьбы ў Лац. Амерыцы, узмацнілася барацьба супраць рэжыму Трухільё (забіты ў 1961). У снеж. 1962 на ўсеагульных выбарах перамог Х.​Бош. Яго ўрад у крас. 1963 прыняў канстытуцыю, якая абвясціла агр. рэформу, шэраг паліт. і дэмакр. свабод, ажыццявіў мерапрыемствы па ўмацаванні нац. эканомікі і аслабленні залежнасці ад ЗША. У вер. 1963 рэакц. ваеншчына скінула ўрад Боша. Уладу захапіла хунта і абвясціла надзвычайнае становішча, забараніла ўсе дэмакр. партыі, прагрэс. друк, разграміла прафсаюзы. Нар. паўстанне ў крас. 1965 скінула хунту. Канстытуцыйны ўрад узначаліў Ф.​Кааманьё. ЗША высадзілі ў Д.Р. дэсант (42 тыс. чал.). Урад Кааманьё быў скінуты, часовым прэзідэнтам назначаны Э.​Г.​Гадой. На выбарах у чэрв. 1966, якія адбываліся ва ўмовах ваен. акупацыі краіны, перамог заснавальнік і лідэр Рэфармісцкай партыі Х.​Балагер (прэзідэнт у 1966—78 і з 1986). У 1966 ЗША вывелі свае войскі з тэр. краіны. Д.Р. — чл. ААН з 1945, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. эканам. сістэмы і інш. міжнар. арг-цый. Акрамя правячай Рэфармісцкай сац.-хрысц. партыі (створана ў 1986 у выніку зліцця Рэфармісцкай і Рэв. сац.-хрысц. партый) у краіне дзейнічаюць Дамініканская партыя вызвалення, Дамініканская рэв. партыя, Дамініканская кампартыя і інш. Прафс. аб’яднанні — Аўт. канферэнцыя хрысц. прафсаюзаў, Усеагульная канфедэрацыя працоўных, Нац. канфедэрацыя дамініканскіх працоўных, Прафс. рух рабочага адзінства і інш.

Гаспадарка. Д.Р. — агр. краіна. У сельскай гаспадарцы занята 50% рабочай сілы. Доля ў валавым унутр. прадукце: сельскай гаспадаркі (разам з лясной прам-сцю і рыбалоўствам) — каля 17%, горназдабыўной прам-сці — каля 5, апрацоўчай прам-сці — каля 17, буд-ва — каля 6, гандлю — каля 16, сферы паслуг — каля 40%. Апрацоўваецца 30% тэрыторыі. Характэрна наяўнасць буйнога памешчыцкага землеўладання і дробных сял. гаспадарак (50% гаспадарак маюць надзелы менш за 1 га). Асн. таварныя культуры: цукр. трыснёг, какава, кава, тытунь, бананы, манга, апельсіны. На свае патрэбы вырошчваюць кукурузу, памідоры, фасолю, рыс, маніёк, батат. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 2400, свіней 1000, коз 300. Рыбалоўства і промысел крэветак, гал. цэнтры на паўн. узбярэжжы. Аснова прам-сці — перапрацоўка цукру, кавы, какавы, тытуню, мяса, агародніны. Вытв-сць электраэнергіі каля 4 млрд. кВт∙гадз штогод. Здабыча баксітаў, жал., нікелевай руд, золата (штогод каля 10 т), серабра (каля 35 т), кухоннай солі. У апрацоўчай прам-сці больш за 80% аб’ёму вытв-сці прыпадае на спажывецкія тавары. Найб. развіта харчасмакавая прам-сць (каля ​2/3 кошту прамысл. прадукцыі), пераважна цукр. (штогадовая вытв-сць цукру-сырцу каля 1,5 млн. т) і тытунёвая. Цэм., хім., фармацэўтычная, тэкст., дрэваапр. прадпрыемствы. Каля 20 свабодных эканам. зон, дзе развіта швейная прам-сць. Нікелевы камбінат у г. Банао, нафтаперапр. з-д каля г. Санта-Дамінга. Значны даход прыносіць замежны турызм. Штогод краіну наведвае 1,7—2 млн. турыстаў, пераважна з ЗША. Турысцкі сезон у ліст.—маі. Унутр. транспарт у асноўным аўтамабільны, даўж. аўтадарог 17,1 тыс. км.

Чыгунак 1,2 тыс. км. Гал. марскі порт — Санта-Дамінга. Экспарт: цукар (20—30% кошту), золата і серабро (каля 20%), феранікель, кава, какава, тытунь і інш. Імпарт: нафта і нафтапрадукты (34%), прамысл. тавары (28%), машыны і трансп. сродкі (20%), харч. прадукты (15%). Асн. гандл. партнёры: ЗША (48% экспарту і 43% імпарту), Венесуэла, Нідэрланды. Грашовая адзінка — дамініканскае песа.

Літ.:

Кремер Т.И. Доминиканская республика: Очерк полит. истории (60—70-е гг.). М., 1980.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Дамінікі Дамініканскай Рэспублікі.

т. 6, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)