УА́ЙТХЕД (Whitehead) Алфрэд Норт (15.2.1861, г. Рэмсгіт, Вялікабрытанія — 30.12.1947),

англійскі логік, філосаф і матэматык. Праф. Кембрыджскага і Лонданскага (з 1914), Гарвардскага (з 1924) ун-таў. Адзін з заснавальнікаў лагістычнай школы ў філасофіі матэматыкі, якая ў значнай ступені вызначыла развіццё матэматычнай логікі («Principia mathematica», т. 1—3, 1910—13, з Б.​Раселам). Для эвалюцыі філас. поглядаў У. характэрны пераход з пазіцый неарэалізму да аб’ектыўнага ідэалізму, набліжанага да платанізму. Імкнуўся да ўзгаднення філасофіі з прыродазнаўчымі дысцыплінамі, да рацыянальнага абгрунтавання навукі і яе ролі сярод інш. сістэм ведаў (мастацтва, рэлігія, філасофія). Уяўляў прыроду ў выглядзе адзінства падзей («элементарных фактараў пачуццёвага вопыту») і аб’ектаў («вечных элементаў у прыродзе»), што, на яго думку, дазваляе разумець прыроду як працэс і сумясціць палажэнні пра незалежнасць прыроды ад думкі і пра тоеснасць прыроды і вопыту. Лічыў, што ўсё існае з’яўляецца часткай вопыту: індывідуальнага для канечных рэчаў і божага для свету наогул. Сусв. працэс разглядаў як «вопыт Бога», у якім «вечныя аб’екты» пераходзяць з ідэальнага божага свету ў свет фізічны і якасна вызначаюць падзеі. Сцвярджаў, што паколькі падзея мае часовы, зменлівы характар, яна арганічная; прапанаваў замяніць паняцце матэрыі паняццем «арганізм». Лічыў, што аб’ектам вывучэння навукі з’яўляюцца арганізмы (напр., біялогія вывучае больш буйныя арганізмы, фізіка — меншыя). Для сацыялагічных поглядаў У. характэрны разуменне ідэй як гал. рухальных сіл грамадства і абсалютызацыя ролі вучоных у сац. развіцці.

Тв.:

Рус. пер. — Избранные работы по философии. М., 1990;

Символизм, его смысл и воздействие. Томск, 1999.

А.​Б.​Савеня.

т. 16, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́СНАСЦЬ,

прысваенне, набыццё нечага ў сваю прыналежнасць і ўладу; сістэма аб’ектыўных адносін паміж людзьмі ў працэсе вытворчасці, размеркавання, абмену, спажывання, якія характарызуюць прысваенне сродкаў вытв-сці і прадметаў спажывання. Адносінам У. ў грамадстве належыць галоўная роля, бо аснову эканам. жыцця складае працэс вытв-сці, што адбываецца ў пэўнай гіст. форме. У. на сродкі вытв-сці і ў першую чаргу на сродкі працы як іх актыўную частку характарызуе сутнасць сац.-эканам. адносін, якія пануюць у дадзеным грамадстве. Заканадаўства ўстанаўлівае прававыя нормы, што рэгламентуюць грамадскія адносіны, звязаныя з валоданнем, карыстаннем, распараджэннем маёмасцю, якая належыць розным асобам або дзяржаве. Т.ч. эканам. адносіны набываюць форму юрыд. адносін, а суб’екты У. надзяляюцца правам У. Размеркаванне аб’ектаў У. паміж суб’ектамі залежыць ад вынікаў грамадскага ўзнаўлення. К.​Маркс разглядаў У. у сувязі з адносінамі да прадметаў, «як да сваіх уласных». У Кодэксе Напалеона (Цывільны кодэкс Францыі) сцвярджалася, што «ўласнасць ёсць права карыстацца і распараджацца рэчамі найбольш абсалютным чынам». У Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з яе Канстытуцыяй і цывільным кодэксам прызнаюцца і гарантуюцца раўнапраўныя формы дзяржаўнай і прыватнай У. Дзяржава дае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гасп. і інш. дзейнасці (акрамя забароненай законам) і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм У. Нетры, воды, лясы з’яўляюцца выключнай У. дзяржавы. Землі с.-г. прызначэння таксама знаходзяцца ва У. дзяржавы. Законам могуць быць вызначаны і інш. аб’екты, якія знаходзяцца толькі ва У. дзяржавы, або ўстаноўлены асобы парадак пераходу іх у Прыватную У.

Г.​А.​Маслыка.

т. 16, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́Д,

жылы раён ва ўсх. частцы Мінска. Забудоўваецца з 1966. Арх. В.​Анікін, П.​Воўчак, Л.​Гафо, Г.​Горына, А.​Гуль, Я.​Дзятлаў, І.​Жураўлёў, І.​Папова, А.​Сап’янік, Г.​Сысоеў і інш. Абмежаваны Скарыны праспектам, вуліцамі Каліноўскага, Кедышкі, Славінскага, участкам Сляпянскага водна-паркавага паўкальца. Разлічаны на 17 тыс. жыхароў. Уключае 2 мікрараёны: Усход 1 і Усход 2. Арх.-планіровачная структура раёна абумоўлена яго размяшчэннем на ўездзе ў горад з У. Цэнтр ансамбля знаходзіцца ў мікрараёне У. 1, складаецца з 4 груп спараных 14—16-павярховых буйнапанэльных жылых дамоў, тарцы якіх упрыгожаны мазаічнымі пано «Мінск — горад-воін», «Мінск — горад-будаўнік», «Мінск — горад навукі», «Мінск — горад культуры» (маст. А.​Кішчанка). У спалучэнні з працяглымі 9-павярховымі жылымі дамамі з прыбудаванымі 2-павярховымі ўстановамі культ.-быт. прызначэння яны ствараюць пластычна развітую дынамічную структуру, запамінальны сілуэт усяго ансамбля. Вышынная дамінанта раёна — комплекс 16-, 18-, 20-павярховых жылых дамоў (арх. А.​Белаконь, Н.​Грачова, Сысоеў, Папова) па вул. Каліноўскага. У агульную арх.-прасторавую кампазіцыю мікрараёнаў арганічна ўваходзіць траса Сляпянскай воднай сістэмы. Яе развітая водная акваторыя з фантанам, набярэжнымі, шматступеньчатым каскадам, падпорнымі сценкамі з’яўляецца асн. кампазіцыйным акцэнтам прасторавай арганізацыі жылога раёна і гал. магістралі горада — праспекта Скарыны. У забудове раёна вылучаюцца будынак эксперым. сярэдняй школы № 137 з плавальным басейнам, які мае рассоўны дах (1978, арх. Э.​Гальдштэйн, А.​Сабалеўскі, А.​Лукомская, Я.​Дворак), гандл.-грамадскія цэнтры «Верас» і «Усход 1», комплекс спарт. т-ва «Працоўныя рэзервы».

А.​А.​Воінаў.

Жылы раён у Мінску Усход.

т. 16, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕАДА́ЛЬНАЯ ВАЙНА́ ў Расіі ў 15 ст.,

міжусобная вайна ў 1425—53 (з перапынкамі) за прастол Маскоўскага вялікага княства паміж вял. князем маскоўскім Васілём II [1425—62] і звенігародска-галіцкімі ўдзельнымі князямі — яго дзядзькам Юрыем Дзмітрыевічам з сынамі Васілём Косым і Дзмітрыем Шамякам. У гады малалецтва і маладосці Васіля II княствам кіравала яго маці вял. княгіня Соф’я Вітаўтаўна. У час Ф.в. (паводле формы — дынастычнай спрэчкі) фактычна адбывалася барацьба паміж дзвюма ідэалогіямі развіцця дзяржаўнасці ў Паўн.-Усх. Русі — цэнтралізатарскай вакол Масквы (Васіль II) і ўдзельна-княжацкай (Юрый Дзмітрыевіч з сынамі). Пасля смерці Васіля I (1425) яго брат Юрый Дзмітрыевіч пачаў аспрэчваць правы на маскоўскі прастол у 10-гадовага Васіля 11. У 1433 і 1434 ён на кароткі час захопліваў Маскву, але не знайшоў там падтрымкі ў баяр і гараджан. Пасля смерці Юрыя (1434) гал. праціўнікам Васіля II стаў Васіль Касой (у 1436 яго войскі разбіты, ён схоплены і аслеплены). У лют. 1446 яго брат Дзмітрый Шамяка з дапамогай цвярскога князя захапіў Маскву, асляпіў Васіля II і пасля зняволення ў г. Угліч саслаў яго на княжанне ў Волагду. Шамяка аднавіў вял. Суздальска-Ніжагародскае княства, гарантаваў незалежнасць Ноўгараду, пашырыў правы феад. знаці. Аднак у канцы 1446—пач. 1447 ён скінуты Васілём II, які з дапамогай Цверы вярнуў сабе Маскву. Вайна спынілася ў 1453 са смерцю Дзмітрыя Шамякі. Яе вынікам стала амаль поўнае скасаванне ўдзелаў у Маскоўскім вял. княстве і рэзкая перамена на яго карысць становішча ў Паўн.-Усх. Русі.

т. 16, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕМІНІ́ЗМ (франц. féminisme ад лац. femina жанчына),

жаночы сац.-паліт. рух, мэта якога — імкненне да раўнапраўя жанчын з мужчынамі ва ўсіх сферах грамадства; у больш шырокім сэнсе — асобная філас. канцэпцыя сацыякульт. развіцця. Ідэалогія Ф. зарадзілася ў канцы 18 ст., пасля выхаду ў свет прац А. дэ Гуж (Францыя), А.​Адамс (ЗША) і М.​Уолстанкрафт (Англія), якія выступалі супраць дыскрымінацыі жанчын у грамадстве. Арганізацыі жан. руху (гл. Суфражысткі) з 1840-х г. фарміраваліся ў ЗША, у 1850-я г. — у Вялікабрытаніі, у 1860-я г. — у Францыі і Германіі, у 1870—80-я г. — у Скандынаўскіх краінах. Для тагачаснага руху Ф. цэнтральным было пытанне ўраўнавання жанчын у правах з мужчынамі (на адукацыю, валоданне маёмасцю, выбарчае права і г.д.). Пасля таго як у 1920-я г. жанчыны ў большасці еўрап. і амер. краін атрымалі выбарчыя правы, «першая хваля Ф.» пайшла на спад. З 1960-х г. пачаўся новы ўздым жаночага руху, т. зв. «другая хваля Ф.», на ідэалогію якой паўплывала кніга Б.​Фрыдан «Таямніца жаноцкасці» (1963). У 1966 у ЗША створана Нац. жан. арг-цыя (НЖА), пры яе ўдзеле разгарнуўся масавы жаночы рух, які ахапіў большасць развітых зах. краін. Мэтай Ф. стала барацьба за роўнасць жанчыны ў сям’і, за права на паўнавартасную прафесійную працу і г.д. У выніку да 1980—90-х г. значна павысіўся статус жанчыны ў грамадстве.

Літ.:

Феминизм: проза, мемуары, письма: Пер. с англ. М., 1992;

Фридан Б. Загадка женственности: Пер. с англ. М., 1994.

І.​Р.​Чыкалава.

т. 16, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНА́НСАВАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

састаўная частка эканамічнай палітыкі дзяржавы, накіраваная на мабілізацыю фін. рэсурсаў, іх рацыянальнае размеркаванне і выкарыстанне для ажыццяўлення дзяржавай яе функцый. Яна рэалізуецца праз рычагі і стымулы фін. механізму, асобая роля сярод якіх належыць падаткам, што забяспечваюць фарміраванне цэнтралізаваных даходаў. Функцыя рэгулявання выяўляецца пры размеркаванні сродкаў бюджэту дзяржаўнага на розныя мэты: капітальныя ўкладанні, развіццё сац. сферы, абарону, абслугоўванне дзярж. і ўнутр. доўгу і г.д. Фін. рэгулятарамі з’яўляюцца таксама ўмовы фарміравання і размеркавання фінансавых рэсурсаў, умовы крэдытавання, сістэмы спец. падатковых ільгот, рэгуляванне ўзроўнем заработнай платы, цэнамі, мытнае рэгуляванне і інш. інструменты фінансава-крэдытнай палітыкі. Адрозніваюць самаст. часткі Ф.п.: падатковую, бюджэтна-фінансавую і грашова-крэдытную. Падатковая палітыка рэалізуе інтарэсы дзяржавы праз забранне часткі валавога ўнутр. прадукту на агульна-дзярж. патрэбы, мабілізацыю гэтых сродкаў і іх пераразмеркаванне праз бюджэт. Падаткі ажыццяўляюць свае прызначэнне і функцыі ў адзіным бюджэтным працэсе, выконваючы фіскальную і стымулявальную функцыі. Бюджэтна-фінансавая палітыка звязана з размеркаваннем фонду грашовых сродкаў дзяржавы і яго выкарыстаннем па галіновым, мэтавым і тэр. прызначэнні. Выдаткі бюджэту цесна звязаны з яго даходамі. На канкрэтныя віды бюджэтных выдаткаў уздзейнічаюць фактары: прырода і функцыі дзяржавы, узровень сац.-эканам. развіцця, формы прадстаўлення бюджэтных сродкаў і г.д. Грашова-крэдытная палітыка складае аснову Ф.п.; арыентуецца на павышэнне ролі банкаўскага крэдыту і эфектыўнасць выкарыстання пазыковых сродкаў, гнуткі падыход да прадастаўлення крэдыту, фарміраванне банкаўскіх рэзерваў, фін. рынку, скарачэнне неабгрунтаванага перапампоўвання грошай са сферы безнаяўнага абарачэння ў наяўнае, канверсоўнасць грошай, рэарганізацыя ашчаднай і страхавой справы.

М.​Е.​Заяц.

т. 16, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНЛЯ́НДСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1918,

узброенае процістаянне (фактычна грамадз. вайна) паміж «чырвонымі» — прыхільнікамі сацыялізацыі фінл. грамадства (С.-д. партыя Фінляндыі і інш. левыя сілы) і іх апанентамі — «белымі» (кансерватыўныя партыі і групоўкі). Адбылася пад уплывам Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі, калі Фінляндыя атрымала незалежнасць (абвешчана 6.12.1917). Пачалася 28.1.1918 з захопу атрадамі «чырвоных» улады ў Хельсінкі і гарадах Паўд. Фінляндыі. Часовы фінл. ўрад (сенат) эвакуіраваўся ў г. Вааса. Апорныя пункты «белых» узніклі ў паўн. і цэнтр. частках краіны. За ўладу «чырвоных» змагаліся пераважна добраахвотнікі, якія не мелі вайск. падрыхтоўкі. Ядро арміі «белых» склалі фін. егеры (лёгкія стралкі), якія набылі баявы вопыт у герм. арміі ў 1-ю сусв. вайну. З абодвух бакоў у баях удзельнічалі прыбл. па 70 тыс. чал. З канца лют. — пач. сак. 1918 ваен. ініцыятыва перайшла да «белых», якія з Пн наступалі ў напрамку г. Тамперэ — апорнага пункта «чырвоных». Вайна скончылася ў маі 1918 перамогай войск сената на чале з К.Г.Э.Манергеймам. Іх перамозе паспрыялі заключэнне Брэсцкага міру 1918 (паводле яго з Фінляндыі выведзены рас. вайскоўцы, частка якіх падтрымлівала фінл. «чырвоных») і ўдзел на баку сената экспедыцыйнай герм. Балт. дывізіі (12 тыс. чал.). У ходзе вайны з абодвух бакоў загінула каля 30 тыс. чал.; большасць чырв. вайскоўцаў трапіла ў палон (пазней яны амнісціраваны). У выніку рэвалюцыі ў Фінляндыі ўсталяваліся асновы яе сучаснага дзярж. ладу.

Літ.:

Николссон В. Финляндия — с Россией и без. Мн., 1995;

Юссила О., Сеппо Х., Юкка Н. Политическая история Финляндии, 1809—1995: Пер. с фин. М., 1998.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЧРАЗВЁРСТКА, харчовая развёрстка,

сістэма нарыхтовак с.-г. прадуктаў у Сав. Расіі ў перыяд грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22, ч. палітыкі «ваеннага камунізму» і адна з праяў харчовай дыктатуры. Выклікана неабходнасцю забяспечваць харчаваннем прамысл. цэнтры і Чырв. Армію ва ўмовах харч. крызісу і нежадання сялян добраахвотна прадаваць хлеб па цвёрдых (фіксаваных) цэнах за грошы, абясцэненыя інфляцыяй. Ажыццяўлялася з 2-й пал. 1918 у Вяцкай, Калужскай, Тульскай, Віцебскай губ., дэкрэтам СНК ад 11.1.1919 пашырана на інш. губерні. Яе правядзенне ўскладалася на харчкамы, харчармію, харчатрады і мясц. Саветы. Паводле Х. сялян абавязвалі здаваць дзяржаве ўсе лішкі хлеба і інш. прадуктаў па цвёрдых цэнах. Фактычна ўлады забіралі ў сялян і ч. неабходнага ім харчу. У большасці выпадкаў харчы забіралі бясплатна (пазычалі) або за абясцэненыя папяровыя грошы. Такія рэквізіцыі побач з недахопам прамысл. тавараў шырокага ўжытку выклікалі масавую незадаволенасць сялян і іх выступленні супраць сав. улады. Нягледзячы на спробы ўлад ускласці ўвесь цяжар Х. на заможных сялян, б.ч. збожжа давалі найб. шматлікія серадняцкія гаспадаркі. Такія сілавыя метады нарыхтоўкі вялі да ўтойвання збожжа і скарачэння пасяўных плошчаў. З 1916 пасяўныя плошчы на Беларусі скараціліся на 36,5%, а ў асобных паветах Гомельскай губ. — на 51%. Пасля заканчэння грамадз. вайны захаванне Х. выклікала ўзмацненне супраціўлення сялян, абвастрыла паліт. становішча. У сак. 1921 Х. заменена харчпадаткам.

Літ.:

Гимпельсон Е.Г. «Военный коммунизм»: политика, практика, идеология. М., 1973;

Кабанов В.В. Крестьянское хозяйство в условиях «военного коммунизма». М., 1988;

Павлюченков С.А. Крестьянский Брест, или Предыстория большевистского нэпа. М., 1996.

А.​В.​Юнцэвіч.

т. 16, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,

від зброі масавага знішчэння, дзеянне якой заснавана на выкарыстанні баявых атрутных рэчываў, таксінаў, фітатаксінаў. Уключае хім. боепрыпасы аднаразовага выкарыстання (артыл. снарады, авіяц. бомбы, міны, шашкі і інш.) і шматразовага (т. зв. хім. баявыя прылады — выліўныя авіяц. прылады, тэрмамех. і мех. генератары і інш.).

Сродкі дастаўкі Х.з.: авіяцыя, ракеты, артылерыя і інш. Паражальная дзейнасць Х.з. заснавана на таксічных уласцівасцях хім. злучэнняў, якія знаходзяцца ў парападобным, вадкім або аэразольным стане, могуць пранікаць у арганізм цераз органы дыхання, скурнае покрыва, слізістыя абалонкі, страўнікавы тракт. Х.з. можа быць выкарыстана для паражэння жывой сілы, заражэння мясцовасці, узбраення, баявой тэхнікі і розных тылавых аб’ектаў. Ад інш. відаў зброі адрозніваецца: высокай таксічнасцю, што дазваляе малымі дозамі выклікаць значныя страты ў стане праціўніка; вял. пранікальнасцю ў розныя збудаванні, ваен. тэхніку і інш.; складанасцю своечасовага выяўлення наяўнасці выкарыстання атрутных рэчываў, распазнавання іх тыпу, вызначэння тэрміну дзеяння і інш. Упершыню Х.з. (хлор) была выкарыстана ў 1-ю сусв. вайну герм. войскамі 22.4.1915 у раёне г. Іпр (Бельгія), пазней арміямі інш. дзяржаў.

Выкарыстанне Х.з. забаронена Жэнеўскім пратаколам 1925. У 1993 у Парыжы прынята канцэпцыя аб забароне распрацоўкі, вытв-сці, назапашвання і выкарыстання Х.з. і яе знішчэнні (уведзена ў дзеянне ў крас. 1997).

Літ.:

У Тан. Химическое и бактериологическое (биологическос) оружие и последствия его возможного применения: [Доклад на XXIV сессии Генеральной Ассамблеи ООН]. М., 1970;

Степанов А.А., Попов В.Н. Химическое оружие и основы противохимической защиты. М., 1962;

Херш С. Химическое и биологическое оружие: Пер. с англ. М., 1970.

І.​А.​Шор.

т. 17, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРАПУ́К Янка (Іван Антонавіч; псеўд. Янка Змагар; 24.8.1896, мяст. Новы Двор Падляскага ваяв., Польшча — 16.11.1957),

бел. паліт. дзеяч. Скончыў мужчынскую гімназію Відэмана ў Пецярбургу (1914), вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ініцыятар стварэння ў Пецярбургу грамадскай культ.-асв. арг-цыі «Вольныя беларусы», сакратар Пецярбургскага прадстаўніцтва (місіі) Цэнтр. Укр. рады. Пазней у Кіеве, супрацоўнік Мін-ва замежных спраў Укр. Нар. Рэспублікі, чл. Бел. рады на Украіне, ініцыятар стварэння партыі бел. незалежных рэвалюцыянераў. З канца 1918 на Гродзеншчыне, чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Удзельнік Бел. з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (ліп. 1919), сакратар Цэнтр. бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. Друкаваўся ў газ. «Беларусь» і «Родны край» (Гродна), «Наша думка». З канца 1919 у Рызе, сакратар вайскова-дыпламат. місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, адначасова дыпламат. кур’ер пры ўрадзе БНР на чале з А.​Луцкевічам. У снеж. 1919 кааптаваны ў склад Рады БНР, пасля яе паліт. расколу прыхільнік урада В.​Ластоўскага. Як паўнамоцны прадстаўнік БПС-Р і прадстаўнік урада БНР удзельнічаў у канферэнцыях бел. сац. партый (крас. 1920) і бел. дзярж. і грамадскіх дзеячаў (чэрв. 1920) у Рызе. У жн. 1920 узначальваў дэлегацыю БНР на міждзярж. канферэнцыі балт. дзяржаў. У 1921 сакратар дыпламат. місіі БНР у Каўнасе, уваходзіў у ініцыятыўную «тройку» па стварэнні Загранічнага к-та БПС-Р. Удзельнік 1-й Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921). З 1922 у эміграцыі ў ЗША, актыўны ўдзельнік грамадска-паліт. жыцця бел. дыяспары, ініцыятар стварэння шэрагу бел.-амер. арг-цый.

У.​В.​Ляхоўскі.

Я.Чарапук.

т. 17, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)