мелкае месца на ўсю шырыню ракі, возера або балота, па якім можна перайсці ці пераехаць з аднаго берага на другі. У старажытнасці, да буд-ва мастоў, праз брод праходзілі дарогі. Гразкі брод звычайна ўмацаваны грэбляй. Мае значэнне ў ваен. справе пры фарсіраванні водных перашкод. Пазначаецца на тапаграфічных картах з указаннем глыбіні і грунту. На рэках Беларусі брод нярэдка супадае з перакатамі, на азёрах — з водмелямі. Выкарыстоўваецца для перагону свойскай жывёлы на зарэчныя пашы, для заезду на аддаленыя сенажаці. Ад тэрміна «брод» утвораны многія тапонімы — назвы населеных пунктаў (у Беларусі каля 40), рэк, азёраў, урочышчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ДЖМЕН ((Bridgman) Персі Уільямс) (21.4.1882, г. Кеймбрыдж, штат Масачусетс, ЗША — 20.8.1961),
амерыканскі фізік і філосаф, заснавальнік фізікі высокіх ціскаў. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1905), дзе і працаваў (у 1926—54 праф.). Распрацаваў метады атрымання ціскаў да 42,5 ГПа (425 тыс. атм), даследаваў уласцівасці многіх рэчываў пры высокіх цісках, што прывяло, у прыватнасці, да стварэння штучных алмазаў і цвёрдага (металічнага) вадароду. Заснавальнік аперацыяналізму — філас. кірунку, які тэарэт. веды зводзіць да эмпірычных працэдур вымярэння. Аўтар кніг «Аналіз размернасцяў» (рус.пер. 1934) і «Фізіка высокіх ціскаў» (рус.пер. 1935). Нобелеўская прэмія 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЗ (ад франц. brise лёгкі вецер),
мясцовы вецер на ўзбярэжжы мораў, вял. азёр, вадасховішчаў і рэк. Двойчы на працягу сутак мяняе напрамак: дзённы брыз дзьме з воднай паверхні на нагрэтую сушу, начны — наадварот. Абумоўлены нераўнамерным награваннем паветра над паверхняй вадаёма і сушы. Скорасць 2—5 м/с. Найб. бывае летам пры ўстойлівых антыцыклонах, ахоплівае слой паветра да 1 км, пашыраецца на 10—50 км ад берагавой лініі. Найчасцей назіраецца ў тропіках. На Беларусі адзначаецца на вял. вадаёмах, скорасць каля 2 м/с.
Да арт.Брыз. Схема цыркуляцыі паветра ў дзённым і начным брызе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ КЛЯ́ШТАР БРЫГІ́ТАК.
Існаваў у 1623—1830. Засн. ў паўн. прадмесці Брэста Пяскі. Напачатку быў драўляны. Мураваны касцёл Дабравешчання Марыі асвячоны ў 1751; адначасова пабудаваны 2-павярховы кляштарны корпус, які застаўся незакончаным. Увенчаны 8-граннай вежай храм меў незвычайны для бел. архітэктуры авальны план з асобнай капліцай для манашак. Інтэр’ер быў аздоблены стукавай лепкай і 11 разьбянымі алтарамі. Існавалі гасп. будынкі: стайні, хлявы, свірны, карэтнік і інш. Да іх прымыкалі сад і агарод. Уся тэр. была абнесена мурам. Пры пабудове Брэсцкай крэпасці кляштар быў зачынены, у ім размяшчалася арыштанцкая рота.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн. ў 1950 у Брэсце на базе Брэсцкага настаўніцкага інстытута як пед.ін-т. З 1995 ун-т. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: філалагічны, пед., гіст., замежных моў, біял., геагр., дашкольнага выхавання, матэм., фіз., фіз. выхавання, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1991. Пры ун-це н.-д. лабараторыі: сацыялагічная (даследуе праблемы моладзі ва ўмовах сац.-паліт. фактараў зах. прыгранічча Беларусі); «Вучэбная кніга» (даследаванні, звязаныя з падрыхтоўкай рукапісаў падручнікаў, навуч. дапаможнікаў); «Геаграфічнае еўразнаўства» (вывучэнне праблем тэорыі рэгіяналізацыі і комплекснае геагр. даследаванне рэгіёнаў рознага тэр. ўзроўню); музей біялогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬТЭР’Е́Р,
парода свойскіх сабак. Выведзена ў Вялікабрытаніі скрыжаваннем англ. бульдога з тэр’ерам пры наступным чыстапародным развядзенні. Гадуюць сабакаводы-аматары. Пашыраны на Беларусі.
Сабака магутны, мускулісты, гарманічнага целаскладу, масай да 32 кг. Масць белая або плямістая. Адважны, можа адолець і больш моцнага праціўніка, першы не нападае, надзейны вартавы. Мае добрыя ахоўныя і паляўнічыя якасці. Гадуюць таксама карлікавага бультэр’ера (выш. ў карку да 35,5 см і маса да 9 кг) і стафардшырскага бультэр’ера (рост 35,5—40,5 см, маса ад 11—12 да 15—17 кг), які ў старажытнасці выкарыстоўваўся для цкавання быкоў і мядзведзяў, пазней — для сабачых баёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРДО́Н (франц. bourdon літар. густы бас),
1) бесперапыннае гучанне аднаго або некалькіх басовых гукаў нязменнай вышыні. Спалучэнне мелодыі з бурдонам — адна са стараж. формаў шматгалосся, уласцівая і бел. песеннаму і інстр. фальклору. Элементы бурдону захоўваюцца ў каляндарных і вясельных песнях некаторых раёнаў Палесся. У інстр. музыцы ўзнікае пры выкананні на варгане, дудзе, цытры, колавай ліры, скрыпцы, балалайцы і інш., што абумоўлена іх канструкцыяй — наяўнасцю адкрытых струн, бурдонных трубак і інш. Сустракаецца ў творчасці прафес. кампазітараў (арганны пункт).
2) Арганны рэгістр лабіяльнай групы сям’і флейтавых. Трубы метал., закрытыя з аднаго канца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ЦЕНСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік рэнесансава-раннебарочнай архітэктуры. Пабудавана ў 1654 у в. Быцень (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) пры базыльянскім кляштары. З 1845 — Успенская царква. Прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты вальмавым дахам з драўляным васьмігранным купальным барабанам у цэнтры (надбудаваны ў 2-й пал. 19 ст.). Плоскасныя фасады лаканічна крапаваны шырокімі лапаткамі, прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. Сіметрычна-восевая пабудова гал. фасада падкрэслена прамавугольным уваходным праёмам і вял. арачным акном над ім. Па перыметры будынак апяразаны ўступам нізкага цокаля і прафіляваным карнізам у завяршэнні. Унутраная зала З парамі слупоў падзелена на 3 нефы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́НКІН (Віталь Сцяпанавіч) (н. 30.4.1937, г. Джума Самаркандскай вобл., Узбекістан),
бел. архітэктар. Засл.арх. Беларусі (1991). Скончыў БПІ (1963). З 1968 у «Белдзяржпраекце» (гал. архітэктар праектаў). Адначасова з 1989 кіраўнік творчай майстэрні пры Саюзе архітэктараў Беларусі. Асн. работы: 15-павярховы інтэрнат Бел. тэхналагічнага ін-та (1975, у сааўт.), Мінскі палац моладзі (1986) і спецыялізаваная агульнаадук. школа (1988; абодвух кіраўнік аўтарскага калектыву), 2-я чарга буд-ва Нацыянальнага маст. музея Беларусі (праект 1991, у сааўт.) у Мінску, Мемарыял воінскай славы на Лудчыцкай вышыні ў Быхаўскім р-не (1984, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСПО́ЛАЕ РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
размнажэнне жывёл і раслін без апладнення. Ажыццяўляецца без удзелу палавых клетак, часта з дапамогай вегетатыўных органаў. Уласціва бактэрыям (дзяленне), аднаклетачным (дзяленне, фрагментацыя, пачкаванне і спораўтварэнне) і шматклетачным арганізмам (вегетатыўнае размнажэнне, спораўтварэнне, поліэмбрыянія). Ёсць у вышэйшых раслін, адсутнічае ў малюскаў, членістаногіх, пазваночных.
Адрозніваюць уласна бясполае размнажэнне — утварэнне спец. клетак — спораў, якія пры прарастанні даюць пачатак новаму арганізму, і вегетатыўнае размнажэнне. Патомства, якое атрымліваецца ў выніку бясполага размнажэння, генетычна аднароднае, што часта выкарыстоўваецца ў раслінаводстве для замацавання карысных якасцей гібрыдаў. Шэрагу арганізмаў уласціва чаргаванне бясполага размнажэння з палавым размнажэннем.