ЛЮ́БЖЫНСКАЕ ВО́ЗЕРА.

Ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 30 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 0,46 км², даўж. каля 2,3 км, найб. шыр. 250 м, найб. глыб. 10,3 м, даўж. берагавой лініі 5,3 км. Пл. вадазбору 4 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м, у ніжняй ч. парослыя хмызняком, у верхняй — разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі. Дно да глыб. 1,5—2 м выслана пяском, ніжэй — ілам. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шыр. да 15 м. 3 возера выцякае ручай у воз. Паўазер’е.

т. 9, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБІ́ЦЫНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 30 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,35 км², даўж. каля 1,1 км, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 5,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,7 км. Пл. вадазбору 1,25 км². Схілы катлавіны выш. 10—16 м (на Пн і ПдУ да 4 м), на ПнУ і З у ніжняй ч. стромкія, разараныя. Берагі нізкія, на Пд зліваюцца са схіламі (на ПдЗ участак сплавіннага берага), месцамі тарфяністыя, пад хмызняком. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй — сапрапелістае. Злучана пратокай з воз. Цеменіца.

т. 9, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́КТАШ,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Выдрыца, за 8 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,31 км², даўж. 980 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,8 м, даўж. берагавой лініі каля 2,4 км. Пл. вадазбору 1,87 км². Схілы катлавіны выш. 3—7 м (на ПдЗ 10—15 м), пад лесам. Берагі нізкія, на ПдУ і ПдЗ сплавінныя, на невял. участку на У зліваюцца са схіламі. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж усх. берага нешырокая паласа пясчаных адкладаў. Зарастае. На ПдУ з возера выцякае ручай у р. Выдрыца.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮТЭ́ЦЫЙ (лац. Lutetium),

Lu, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 71, ат. м. 174,967; адносіцца да лантаноідаў. Прыродны складаецца з 2 ізатопаў: ​175Lu (97,4%) і радыеактыўнага ​176Lu (перыяд паўраспаду 2,4 ∙ 10​10 гадоў). У зямной кары 8 ∙ 10​−5% па масе. Адкрыты франц. хімікам Ж.​Урбенам у 1907, названы па лац. назве Парыжа (Lutecia).

Серабрыста-белы метал, tпл каля 1660 °C, шчыльн. 9849 кг/м³. У паветры пакрываецца ўстойлівай аксіднай плёнкай. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з мінер. к-тамі, пры награванні — з галагенамі, серай, вадародам і інш. неметаламі. Метал. атрымліваюць аднаўленнем трыфтарыду LuF3 кальцыем.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВІ́ЦКІ (Аляксандр Андрэевіч) (23.11.1885, Масква — 4.7.1965),

расійскі кінааператар; заснавальнік рас. школы аператарскага мастацтва. Засл. дз. маст. Расіі (1946). З 1924 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1939 праф.). У кіно з 1910, да 1917 зняў каля 100 фільмаў маст. (пераважна экранізацыі рус. класікі), дакументальных, хранікальных і навукова-папулярных. Удзельнічаў у стварэнні першых сав. маст. фільмаў: «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў» (1924) і «Прамень смерці» (1925), якія паклалі пачатак пошуку выяўл. дэталей, новаму вырашэнню кампазіцыі масавых сцэн. Сярод інш. фільмаў: «Маці» (1920), «Крыж і маўзер» (1925), «Сёмы спадарожнік» (1928) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 9, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ МУЗЕ́Й ЭТНАГРА́ФІІ,

філіял Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1981. Пл. экспазіцыі 760 м², каля 4,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Матэрыялы музея знаёмяць з матэрыяльнай і духоўнай культурай сялян Магілёўскага Падняпроўя і гарадскім побытам магіляўчан канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, нар. адзенне краснапольскага і магілёўскага строяў, калекцыі ручнікоў кожнага раёна Магілёўшчыны, абразоў магілёўскай іканапіснай школы 17—19 ст., кафлі і драўлянай скульптуры 17—19 ст., фарфоравага і сярэбранага посуду, самавараў, мэблі, газавых лямпаў, царк. кнігі, часопісы 19 — пач. 20 ст.

С.​Б.​Рыбакова, Ж.​Я.​Клімуць.

т. 9, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНОЛІЯПСІ́ДЫ (Magnoliales),

парадак двухдольных раслін. Найб. прымітыўныя з існуючых кветкавых раслін 8 сям., 174 роды, каля 3 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных паясах. На Беларусі 2 інтрадукаваныя віды з родаў магнолія і лірыядэндран (гл. Цюльпаннае дрэва) сям магноліевых.

Вечназялёныя і лістападныя дрэвы і кусты. Лісце з прылісткамі або без іх. Кветкі спіральныя, спірацыклічныя, часта з доўгай воссю, адзіночныя ці ў суквеццях. Калякветнік просты або дыферэнцыраваны на чашачку і вяночак. Тычынкі пераважна шматлікія, часта стужкападобныя. Лек., дэкар., тэхн., харч. расліны.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 5, ч. 1. Цветковые растения. М., 1980.

Магнолія буйнакветная.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАМЕ́ННАЙ СО́ЛІ У Гомельскай вобл., за 5 км на Пд ад г. Мазыр. Адкрыта ў 1963. Паклады звязаны з познадэвонскай саляноснай фармацыяй, прымеркаваны да скляпення Мазырскай саляна-купальнай структуры. Соль залягае пластамі на глыб. 699—734 м, мае ад 81 да 99,9% хлорыстага натрыю, ад 0,42 да 3,48% нерастваральных рэшткаў. Прамысл. запасы каля 600 млн. т. Ускрытая магутнасць ад 499 да 767 м. Распрацоўваецца метадам падземнага вышчалочвання. На базе радовішча працуе расолапромысел адкрытага акц. т-ва «Мазырсоль» па вытв-сці кухоннай солі гатунку «Палессе». Гл. таксама Мазырскі солевыварны камбінат.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 24 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,23 км², даўж. 940 м, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 13,3 м, даўж. берагавой лініі каля 2,3 км. Пл. вадазбору 7,32 км². Схілы катлавіны выш. да 22 м (на Пд 6—8 м), разараныя, у ніжняй ч. пад хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, на У і З нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пн часткова сплавінныя. На З забалочаная пойма шыр. да 70 м. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй — сапрапелістае.

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ДЫВЕРСІ́ЙНАРАЗВЕДВАЛЬНАЯ ГРУ́ПА ў вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з лют. 1942 да ліп. 1944 на чыг. ст. Маладзечна ў складзе 7 чал. (кіраўнік Д.​Я.​Гярновіч). Са снеж. 1942 падтрымлівала сувязь з партыз. брыгадай імя Чкалава, пазней — са спецатрадам «Дзіма». Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам звесткі пра склад і ўзбраенне гарнізона, рух ням. войск і тэхнікі праз чыг. вузел, правялі каля 20 буйных дыверсій, у т. л. падарвалі сховішча гаруча-змазачных матэрыялаў, паваротны круг у дэпо, чыг. састаў у в. Шнуры, чым затрымалі рух на 12 гадзін, рабілі дыверсіі на шашэйных дарогах.

т. 9, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)