(ацэнка на пач. 1998). У антрапал. і моўных адносінах гэта адзін з самых складаных рэгіёнаў зямнога шара. Людзі засялілі асн. раёны Пярэдняй, Паўд., Усх. і Паўд.-Усх. Азіі на ранніх этапах гісторыі чалавецтва. У Паўд.-Зах. Азіі, магчыма, адбывалася фарміраванне чалавека сучаснага тыпу (Homo sapiens). У перыяд верхняга палеаліту людзі рассяліліся на большай ч. Азіі. Праз яе тэрыторыю яны праніклі ў Амерыку, Аўстралію, Акіянію. Найстараж. цывілізацыі ўзніклі ў Месапатаміі, далінах Інда і Хуанхэ. У Азіі ёсць прадстаўнікі ўсіх 3 вял.рас. Да мангалоіднай расы належыць амаль усё насельніцтва Усх., Цэнтр. і Паўд.-Усх. Азіі, невял. групы насельніцтва Паўн., Паўд. і Пярэдняй Азіі. Яны падзяляюцца на 2 асн. групы — усходнюю (каля 1270 млн.) і паўднёвую (каля 1100 млн.). Да еўрапеоіднай расы (каля 980 млн.) адносяцца розныя тыпы яе паўд. адгалінавання (пярэднеазіяцкі, або арменоідны, індаафганскі і інш.),
народы Паўн. і Пярэдняй Азіі, Паўн. Індыі. Прадстаўнікі аўстралоіднай расы (каля 10 млн.) жывуць у горных раёнах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. У зоне стараж. кантактаў паміж еўрапеоідамі і аўстралоідамі ўтварыўся паўд.-індыйскі расавы тып (каля 280 млн.).
Азію насяляе больш за 1 тыс. народаў, якія знаходзяцца на розных ступенях этн. развіцця. 122 народы налічваюць больш за 1 млн.чал. кожны, іх агульная колькасць 3325 млн.чал., або 92% усяго насельніцтва Азіі, з іх 5 народаў налічваюць больш за 100 млн.чал. (кітайцы 1120, хіндустанцы -244, бенгальцы 190, японцы 124, панджабцы 100) і 38 народаў — больш за 10 млн.чал. [біхарцы 97,6, тамілы 91,1, яванцы 89, тэлугу 75, тай 70, карэйцы 69,7, маратхі 66,5, в’етнамцы 61,5, туркі 50, гуджаратцы 47, малаялі 35, каннара 35, м’янма 33,3, орыя 33,3, афганцы 30,5, бісая 26,8, персы (іранцы) 25,5, рускія 25, сунды 24,5, малайцы 21, курды 18, лао 18, узбекі 18, раджастханцы 17,4, азербайджанцы 17, сіндхі 16,7, чжуан 16, асамцы 15,8, йеменцы 15, іракцы 14,5, тагалы 13,4, непальцы 13,3, сінгалы 12,7, мадурцы 10,8, саудаўцы 10,3, сірыйцы 10,1, кхмеры 10, маньчжуры 10). Краіны Азіі пераважна шматнацыянальныя. Аднародныя ў нац. адносінах Японія, Бангладэш, Карэя, Арменія, Манголія і большасць араб. краін. Народы, якія гавораць на кітайска-тыбецкіх, тайскіх, в’етнамскай, мяо-яоскіх, мон-кхмерскіх, мунда і дравідыйскіх мовах, жывуць толькі ў Азіі. Вялікія групы народаў гавораць на індаеўрапейскіх, семіцкіх, алтайскіх і інданезійскіх мовах. Ізаляванае становішча ў сістэме моўнай класіфікацыі займаюць японцы і карэйцы (зрэдку адносяць да алтайскай макрасям’і), айны, андаманцы, бурышы, кеты, ніўхі, юкагіры. Азіяцкія народы, якія гавораць на індаеўрапейскіх мовах, адносяць да індыйскай (індаарыйскай), іранскай і інш. моўных груп. Народы інд. групы (каля 920 млн.чал.) — хіндустанцы, бенгальцы, маратхі, біхарцы, панджабцы, гуджаратцы, орыя, раджастханцы, сінгалы, сіндхі, асамцы, непальцы, кашмірцы і інш. — жывуць пераважна ў паўн. і цэнтр.ч. Індастана; народы іранскай групы (каля 95 млн.) — персы, таджыкі, гілянцы, луры, афганцы, курды, белуджы, хазарэйцы, асеціны і інш. — насяляюць большую ч. Ірана, і Афганістана, шэраг раёнаў у Турцыі, Пакістане, на Каўказе.
З індаеўрап. моўнай сям’і ў Азіі жывуць рускія — прадстаўнікі ўсх.-слав. падгрупы (Урал, Сібір, Д. Усход, Паўн. Казахстан і інш.); разам з імі ў меншай колькасці — украінцы і беларусы. Да індаеўрап. моўнай сям’і належаць таксама грэкі (Кіпр), армяне (Арменія), немцы (Зах. Сібір, Паўн. Казахстан). У семіцкую групу (гавораць на афраазійскіх, або семіта-хаміцкіх мовах; каля 75 млн.) уваходзяць арабы, асірыйцы і яўрэі Ізраіля. На алтайскіх мовах гавораць народы: цюркамоўныя (120 млн.) — туркі, азербайджанцы, казахі, узбекі, туркмены, кіргізы, каракалпакі, татары, башкіры, тувінцы, хакасы, якуты, уйгуры, цюркскія плямёны Ірана і інш. — жывуць на большай ч. Турцыі, у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, на Урале і ў Сібіры, у паўн.ч. Ірана і Афганістана; манголамоўныя (каля 10 млн.) — манголы Манголіі і Кітая, бураты; тунгуса-маньчжурскія (каля 11 млн., у т. л. 10 млн. уласна маньчжуры, якія гавораць пераважна на кіт. мове) — у Паўн.-Усх. Кітаі, а таксама ў Сібіры і на Д. Усходзе Расіі (эвенкі, эвены, нанайцы, ульчы і інш.). З гэтымі народамі некат. даследчыкі збліжаюць карэйцаў і японцаў (генет. сувязі моў не высветлены).
Кітайская і тыбета-бірманская групы складаюць кітайска-тыбецкую сям’ю народаў (гл.Кітайска-тыбецкія мовы). У першую (1130 млн.) уваходзяць кітайцы і хуэй, жывуць пераважна на У Кітая, у другую (каля 75 млн.) — тыбетцы, м’янма (бірманцы), іцзу, карэны, розныя гімалайскія народы і інш., жывуць на ПдЗ Кітая, у Непале, на ПнУ Індыі, у М’янме. У Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі вылучаюць сям’ю аўстраазіяцкіх моў (каля 150 млн.), якая падзяляецца на 8 моўных груп. Найбольшыя народы — в’етнамцы, кхмеры, санталы, мунда, мяо. Там жывуць і народы паратайскай сям’і (каля 130 млн.) — тай (сіямцы), лао, чжуан, шан, буі і інш. Народы сям’і дравідыйскіх моў (каля 340 млн.) насяляюць Паўд. Індыю, найб. з іх тамілы, малаялі, каннара, тэлугу, гонды.
Астравы Паўд.-Усх. Азіі (Малайскі архіпелаг і Філіпінскія) і п-аў Малаку насяляюць народы інданезійскай групы сям’і аўстранезійскіх моў, гавораць на інданез. мовах (каля 300 млн. — яванцы, сунды, мадурцы, балійцы, бугі, макасары, бісая, тагалы, ілокі, мінангкабау, батакі, бікол, балійцы, малайцы Малайзіі і Інданезіі, банджары і інш.). На ПнЗ Азіі, у сярэдняй ч.бас.р. Об жывуць ханты і мансі — прадстаўнікі угорскай групы угра-фінскай моўнай сям’і. На Пн ад іх жывуць ненцы, нганасаны, селькупы, энцы, якія складаюць самадзійскую моўную сям’ю. На Каўказе жывуць народы, якія гавораць на іберыйска-каўказскіх мовах, у Паўн.Усх. Азіі — чукоцка-камчацкай і эскімоса-алеуцкай сем’яў, на У Інданезіі — папуаскіх сем’яў. У канцы 20 ст. ў Азіі паскорыліся працэсы нац. кансалідацыі, аб’яднання дробных этн. супольнасцей у вял. групы, плямён і племянных груп — у народнасці, ператварэння гэтых народнасцей у нацыі. У Азіі ўзніклі ўсе т.зв.сусв. рэлігіі. Іслам вызнае большасць насельніцтва Зах., Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Пакістана, Бангладэш, Інданезіі, Малайзіі. Ёсць мусульмане ў Індыі (99 млн.), Кітаі (27 млн.), на Філіпінах (5 млн.), у азіяцкай ч. Расіі (2 млн.), Тайландзе (2 млн.), Шры-Ланцы (1,5 млн.) і інш. Усяго ў краінах Азіі жыве каля 800 млн. мусульман. Будызм (каля 320 млн. вернікаў), які раней быў пашыраны ва ўсёй Паўд., Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, пануе толькі ў М’янме, В’етнаме, Тайландзе, Лаосе, Камбоджы і ў Шры-Ланцы, пашыраны ў Кітаі (у тыбетцаў і манголаў у форме ламаізму) і Японіі (разам з сінтаізмам). У Кітаі распаўсюджаны таксама даасізм і канфуцыянства. У Індыі большасць насельніцтва вызнае індуізм (каля 80% насельніцтва краіны). Індуісты ёсць таксама ў Непале (17 млн.), Бангладэш (15 млн.), Шры-Ланцы (2,5 млн.), Інданезіі (4 млн.) і інш. Прыхільнікі хрысціянства пераважаюць у Арменіі, Грузіі, Расіі, на Кіпры і Філіпінах, у Ізраілі — прыхільнікі іудаізму. У некат. народаў Азіі зберагліся свае племянныя рэлігіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА 1588, Трэці статут Вялікага княства Літоўскага,
звод законаў феад. права, які дзейнічаў у ВКЛ з 1589, а пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі — у Віцебскай і Магілёўскай губ. да 1831, у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. да 1840. Помнік старабел. пісьменства.
Пасля таго як быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, кадыфікацыйная работа не спынілася. Ужо на Брэсцкім сойме 1566 было папраўлена некалькі артыкулаў. Праз 2 гады Гродзенскі сойм унёс папраўкі ў некат. артыкулы і стварыў камісію для дапрацоўкі Статута. Камісія для выпраўлення Статута 1566 была выбрана і на Люблінскім сойме 1569. Крыніцы для распрацоўкі Статута 1588 — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529, Статут ВКЛ 1566, соймавыя пастановы 1573, 1578, 1580 і 1584, прывілеі, пастановы павятовых соймікаў. Да канца 1584 работа над Статутам была завершана, але ў сувязі з тым, што ён ігнараваў акт Люблінскай уніі 1569, прадстаўнікі Польшчы не дапускалі яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалітай. Каб захаваць велікакняжацкі трон, Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Статут сваім прывілеем 28.1.1588.
Статут 1588 падрыхтаваны кваліфікаванымі правазнаўцамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А.Б.Валовіча і падканцлера Л.І.Сапегі. У Статут увайшлі нормы дзярж. (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканад. практыцы інш.еўрап. дзяржаў. Ён абагульніў тагачасныя дзярж.-прававыя ідэі, некаторыя з іх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлад на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вял. князь, адм. апарат) і судовую (Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі). Статут 1588 мае 14 раздзелаў і 488 артыкулаў. У 1—4-м раздзелах змешчаны нормы дзярж. права і судовага ладу, у 5—10-м і часткова ў 13-м — шлюбна-сямейнага, зямельнага і цывільнага права, у 11—12, 14-м і часткова ў 13-м — крымін. і крымін.-працэсуальнага права. Ідэі Рэфармацыі і верацярпімасці замацаваны ў артыкулах 3-га раздзела, паводле якога вял. князю і ўсім дзярж. органам прадпісана забяспечваць спакой усіх жыхароў дзяржавы, незалежна ад таго, якога вучэння яны прытрымліваюцца ў хрысц. веравызнанні. Ідэі гуманізму адбіліся на нормах крымін. і цывільнага права. Так, у пэўнай ступені гарантаваліся маёмасныя і асабістыя правы мяшчан. Кожны вольны чалавек мог пры жаданні выехаць за мяжу, калі гэта рабілася не на шкоду сваёй краіне. Статут юрыдычна замацоўваў тыя фактычныя адносіны, якія склаліся паміж ВКЛ і Польшчай пасля 1569, але абавязаў урад вярнуць адлучаныя ад княства землі, забараняў назначаць на дзярж. пасады і надзяляць зямлёй «чужаземцаў і загранічнікаў», у т. л. і падданых Польшчы, захаваў адасобленасць дзярж. устаноў, арміі, заканадаўства, эканомікі і фінансаў ВКЛ Уладаром дзяржавы прызнаваўся вял. князь, названы ў Статуце гаспадаром. Але многія яго паўнамоцтвы былі абмежаваны і выконваць іх ён мог толькі са згоды сойма, вышэйшых дзярж. службовых асоб. Статут замацоўваў феад. грамадскі лад, наяўнасць 2 асн. класаў: феадалаў і феадальна-залежных сялян. Асабліва былі вылучаны князі, паны радныя і паны харугоўныя, якія мелі права судзіць не толькі простых людзей, але і залежную ад іх шляхту, даваць ёй у часовае карыстанне землі, маёнткі, а таксама адбіраць гэтыя маёнткі, нягледзячы на даўнасць уладання імі (раздз. 3, арт. 30). Статут рэгламентаваў таксама некат. правы і абавязкі простых людзей і прадстаўнікоў этн. груп (сялян, слуг, чэлядзі, мяшчан, рамеснікаў, яўрэяў, татараў). Ён абараняў інтарэсы буйных і сярэдніх феадалаў і ўзмацняў іх прывілеяванае становішча, канчаткова запрыгоніў сялян. Для шляхты Статут прадугледжваў крымін. адказнасць за забойства простага чалавека, забараняў перадачу ў няволю вольнага чалавека за даўгі або злачынства, абмяжоўваў пакаранне непаўналетніх да 16 гадоў. Хоць Статут дэклараваў, што ўсе простыя людзі разам з феадаламі ўдзельнічаюць у выбранні гаспадара (раздз. 3, арт. 2), аднак простых людзей не дапускалі ў сойм, а іх удзел у паліт. жыцці абмяжоўваўся выключна мясц. валаснымі справамі. Статут 1588 закончыў кадыфікацыю права ў ВКЛ. Ён з’яўляецца выдатным помнікам бел. мовы і юрыд. думкі феад. эпохі.
Статут ВКЛ 1588 выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі ў канцы 16 ст. прускага права, складанні Саборнага ўлажэння 1649 у Расіі, афіцыйна не зацверджаных укр. зб-каў «Права, за якими судится малороссийский народ» (2-я чвэрць 18 ст.), «Суд и розправка в правах малороссийских» (1750—58). У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі ён ужываўся як дадатковая крыніца права. Статут 1588, пераважна ў рэдакцыі 1614, быў гал. пісьмовым зводам дзеючага права на Украіне (у Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губ. дзейнічаў да 1840). У 17—19 ст. ён перакладзены на рус., укр.ням., франц., лац. мовы.
Статут упершыню надрукаваны на бел. мове ў 1588 у віленскай друкарні Мамонічаў пад наглядам падканцлера Сапегі. Выданне яго двойчы паўторана (каля 1592—93 і каля 1600) з выхадной датай «1588». У 1614, 1619 і каля 1623 (з датай «1619») Л.Мамоніч выдаў Статут на польск. мове. У 1648 Статут на польск. мове надрукаваў у Варшаве каралеўскі друкар П.Элерт. Наступныя польскамоўныя выданні выйшлі ў Акадэмічнай друкарні ў Вільні ў 1693, 1744, 1786 і ў друкарні А.Марціноўскага ў 1819. У 1811 Статут у перакладзе на польскую і рус. мову выдадзены ў С.-Пецярбургу, у 1854 — у Маскве на бел. мове.
Роля ўсіх Статутаў у гісторыі бел. мовы надзвычай вялікая. Яны замацоўвалі лепшыя моўныя здабыткі канцылярска-юрыдычнага пісьменства свайго часу, былі ўзорам для шматлікіх пісараў, якія афармлялі дэкрэты соймаў і Галоўнага трыбунала ВКЛ, акты судоў, рэестры і інвентары маёнткаў, запаветы, тэстаменты, дыпламат. дакументы. Багаццем лексічнага матэрыялу са Статутамі не можа параўнацца ніводны іншы помнік старабел. пісьменства. У гэтых адносінах асабліва вылучаецца С. 1588 — самы вялікі кодэкс. Дзякуючы гэтаму Статуты маюць першаступеннае значэнне для вывучэння гісторыі бел. мовы, асабліва яе лексікі. Значэнне Статутаў у гісторыі бел. мовы яшчэ і ў тым, што яны юрыдычна замацоўвалі прававое становішча бел. мовы як дзяржаўнай у ВКЛ.
Публ.:
Статут Великого княжества Литовского 1588 г. [печатанный с мамоничевского издания] // Временник Московского о-ва истории и древностей российских. М., 1854. Кн. 19;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989.
Літ.:
Пташицкий С.Л. К вопросу об изданиях и комментариях Литовского статута: Ист.-библиогр. справка. СПб., 1893;
Яго ж. К истории литовского права после третьего статута. СПб., 1893;
Бершадский С.А. Литовский статут и польские конституции: Ист.-юрид. исслед. СПб., 1893;
Лаппо И.И. Литовский Статут 1588 г.Т. 1—2. Каунас, 1934—38;
Юхо Я. Статуты Вялікага княства Літоўскага // Полымя. 1966. №11;
Бардах Ю. Литовские статуты — памятники права периода Возрождения // Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в. М., 1976;
Яго ж. К вопросу об утверждении Литовского статута 1588 г. // Славяне в эпоху феодализма. М., 1978;
Яго ж. Statuty litewskie a prawo rzymskie. Warszawa, 1999;
Лабынцев Ю.А. «Статут Великого княжества Литовского» 1588 г. — памятник белорусской старопечатной литературы: (К 400-летию выхода в свет) // Сов. славяноведение. 1988. №5;
Третий литовский Статут 1588 г.: Материалы респ. науч. конф. Вильнюс, 1989;
Мякишев В. Возвращаясь к проблеме изданий Литовского Статута 1588 г. // Slavia Orientalis. 1997. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РАПІС НАСЕ́ЛЬНІЦТВА працэс збору дэмаграфічных, эканам. і сац. звестак, якія характарызуюць жыхароў краіны або пэўнай тэрыторыі ў пэўны момант. Асн. мэта П.н. — атрыманне звестак пра колькасць, склад, размяшчэнне насельніцтва, яго дэмаграфічныя, эканам. і сац. характарыстыкі, неабходныя для найб. эфектыўнай арганізацыі сац.-эканам. жыцця краіны. П.н. ахоплівае ўсіх жыхароў краіны: пастаянных жыхароў кожнай тэр. (пастаяннае насельніцтва) і тых, што знаходзяцца на ёй у момант перапісу незалежна ад часу знаходжання (наяўнае насельніцтва), уключае і тых грамадзян дзяржавы, што знаходзяцца за мяжой. Звесткі, якія збіраюцца пры П.н., вызначаюцца праграмай перапісу, асн.ч. якой з’яўляецца адзінай для ўсяго насельніцтва краіны. Праграма П.н. звычайна ўключае: дэмаграфічныя адзнакі (пол, дата нараджэння або ўзрост, колькасць дзяцей і інш.), эканам. адзнакі (занятак, прафесія, крыніца сродкаў існавання і інш.), характарыстыкі адукаванасці і ўзроўню кваліфікацыі, этнічныя адзнакі, грамадзянства, пытанні пра жыллёва-бытавыя ўмовы. Апрацоўка даных П.н. звычайна праводзіцца па адм. адзінках. Поўная іх распрацоўка можа займаць некалькі гадоў. Асн.навук. патрабаванні да П.н.: цэнтралізаванасць; наяўнасць вызначанай праграмы і яе адзінства; ахоп усёй тэрыторыі; усеагульнасць; індывідуальнасць рэгістрацыі; непасрэднае атрыманне звестак у насельніцтва; адначасовасць; перыядычнасць.
П.н. папярэднічалі розныя формы ўліку насельніцтва, якія праводзіліся ў Стараж. Грэцыі, Вавілоне, Стараж. Егіпце (каля 2800—2250 да н.э.), Месапатаміі, Кітаі (каля 2238 да н.э.), Японіі і інш.Найб. вядомыя ўлікі вольных грамадзян (цэнзы) пры імператары Серв Тулію ў Стараж. Рыме (6 ст. да н.э.). У Расіі з 1718 праводзіліся дзярж. рэвізіі насельніцтва; праведзена 10 рэвізій: 1-я ў 1719—27, 10-я ў 1857—60. Пачатак усеагульнаму і рэгулярнаму ўліку насельніцтва паклалі ЗША (1790), Швецыя (1800), Вялікабрытанія, Данія, Нарвегія і Францыя (1801). Першы перапіс, які адпавядаў навук. прынцыпам уліку, праведзены ў Бельгіі ў 1846 пад кіраўніцтвам А.Кетле. У пач. 19 ст. П.н. ахопліваў 1,1% насельніцтва, да канца 20 ст. — 95% насельніцтва ў 202 краінах свету. Большасць развітых краін праводзяць перапіс кожныя 10 гадоў; некаторыя — паміж суцэльным П.н. праводзяць выбарачны перапіс.
На тэр. Беларусі пачатак уліку насельніцтва адносіцца да 9 ст. (вёўся з фіскальнымі мэтамі для падаткаабкладання). Колькасць насельніцтва на тэр. Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай вызначалася на аснове тарыфаў падымнага абкладання, дзе за адзінку абкладання браўся дом ці дым. З 17 ст. вяліся падворныя перапісы. У 1897 адбыўся ўсеагульны П.н. на тэр. Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Рас. імперыі. 1-ы ўсеагульны П.н. ў БССР праведзены ў 1926. Вынікі перапісу 1937 з-за разыходжання звестак з тымі, якія меркавалася атрымаць, былі забракаваны. Матэрыялы П.н. 1939 у сувязі з пач. 2-й сусв. вайны часткова распрацаваны ў пасляваенны час і апублікаваны ў 1995. Пасляваенныя П.н. праводзіліся больш рэгулярна (1959, 1970, 1979) і практычна паўтаралі праграму перапісу 1939. У перапісе 1989 дадаткова збіраліся звесткі аб жыллёвых умовах насельніцтва. Аднак у сувязі з распадам СССР праект распрацоўкі і публікацыі матэрыялаў гэтага перапісу ажыццёўлены не поўнасцю (па Беларусі яны апублікаваны толькі для службовага карыстання). П.н. Рэспублікі Беларусь 1999 праводзіўся па больш шырокай праграме, якая ўлічвала кардынальныя перамены ў сац.-эканам. развіцці краіны і структуры грамадства. Напр., большая ўвага звярталася на пытанні занятасці насельніцтва, моўнай сітуацыі.
Дынаміка колькасці насельніцтва. Колькасць насельніцтва Беларусі мянялася нераўнамерна ў выніку 1-й і 2-й сусв. войнаў, хваляў эпідэмій, голаду, міграцый, паліт. рэпрэсій. Паводле звестак Усерас. П.н. 1897, на Беларусі ў сучасных межах пражывала больш за 6,6 млн.чал. У сувязі з ростам эміграцыі ў ЗША, Канаду, Аўстралію, краіны Зах. Еўропы адмоўнае сальда міграцыі насельніцтва склала за 1897—1913 каля 0,5 млн.чал. У 1-ю сусв. (1914—18) і грамадз. (1918—20) войны Беларусь страціла каля 1,4 млн.чал. забітымі і памерлымі. З 1920-х г. да пач. 2-й сусв. вайны назіраўся актыўны працэс росту насельніцтва. Паводле П.н. 1939 на Беларусі жыло амаль 9 млн.чал. У Вял.Айч. вайну 1941—45 страчана больш за 2,2 млн.чал. (кожны 4-ы жыхар), каля 380 тыс.чал. вывезена на працу ў Германію (вярнуліся не ўсе). На канец 1945 на Беларусі жыло 6,2 млн.чал. Даваенная колькасць жыхароў дасягнула толькі ў 1971. У пасляваен. перыяд да пач. 1990-х г. насельніцтва павялічвалася, аднак тэмпы росту з 1970-х г. сталі зніжацца. Паміж П.н. 1989 і 1999 адбылося абсалютнае змяншэнне колькасці насельніцтва на 107 тыс.чал. (1,1%), як вынік дэпапуляцыі, якая пачалася ў 1933: гадавая колькасць памерлых перавышае колькасць народжаных (гл.табл. 1).
Урбанізацыя. Паводле П.н. 1897 гар. насельніцтва Беларусі складала 13,5%. Напярэдадні Вял.Айч. вайны доля гараджан на Беларусі складала 20% насельніцтва. У пасляваенныя гады ў сувязі з размяшчэннем у гарадах буйных прамысл. прадпрыемстваў, працэс урбанізацыі паскорыўся. За 1959—70 доля гар. жыхароў вырасла больш чым на 13%, за 1970—89 яшчэ на 22% і склала 65%. У 1999 у гарадах жыло каля 70% насельніцтва. Характэрная рыса урбанізацыі — паскораны рост насельніцтва ў буйных гарадах. Прырост гар. насельніцтва забяспечваўся ў асн. за кошт. сельскіх жыхароў. Павелічэнне колькасці гар. пасяленняў ішло і шляхам узнікнення новых гарадоў (Салігорск, Светлагорск, Наваполацк, Новалукомль), і надання частцы мястэчак статуса пасёлкаў гар. тыпу. У 1970 на Беларусі было 9 гарадоў, якія мелі больш за 100 тыс. жыхароў, у 1999—15 (Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск, Гродна, Брэст, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Пінск, Орша, Мазыр, Наваполацк, Салігорск, Ліда). У Мінску ў 1999 было 1677,1 тыс. жыхароў.
Асн. тэндэнцыяй полаўзроставай структуры насельніцтва Беларусі з’яўляецца яго старэнне (павелічэнне долі пажылых людзей). Доля асоб пенсіённага ўзросту 60 гадоў для мужчын і 55 для жанчын (павялічылася з 13,5% у 1959 да 21,5% у 1999, фактычна кожны 5-ы жыхар краіны — пенсіянер. Другая характэрная рыса дынамікі ўзроставай структуры насельніцтва — памяншэнне долі дзяцей: у 1897 ва ўзросце да 16 гадоў яны склалі 43%, у 1959—31,3%, у 1999—21,2%. У 1897 на Беларусі на 1000 мужчын прыпадала 1012 жанчын, у 1926—1045, у 1959—1249, у 1999—1129. Працаздольнае насельніцтва складае большую палавіну ўсіх жыхароў — 57,3% (1999).
Усерас. П.н. 1897 даў толькі агульнае ўяўленне пра нац. склад жыхароў Беларусі, паколькі нацыянальнасць вызначалася па мове і веравызнанні. На тэр. 5 бел. губерняў (Гродзенскай, Віленскай, Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай) акрамя беларусаў, якія складалі 65,6% ад усяго насельніцтва, жылі яўрэі (14,6%), рускія (6%), украінцы (4,6%), палякі (5,2%), а таксама латышы, літоўцы, татары, немцы, цыгане і інш. Паводле П.н. 1939 (без уліку тэр.Зах. Беларусі) доля беларусаў вырасла за кошт памяншэння долі інш. нацыянальнасцей і складала 82,9% ад агульнай колькасці насельніцтва, працэнт палякаў знізіўся да 1%, украінцаў — да 2%. Найб. поўную карціну пра нац. склад даюць П.н. 1959, 1970, 1979, 1989 і 1999, якія праводзіліся ў сучасных межах Беларусі. Іх вынікі сведчаць, што ў сувязі з працэсамі асіміляцыі і міграцыі (прыток асоб некарэннай нацыянальнасці і адток беларусаў у інш. рэгіёны СССР) доля беларусаў знізілася з 81,1% у 1959 да 77,9% у 1989. Аднак з пач. 1990 г. пасля распаду СССР у Рэспубліцы Беларусь доля беларусаў пачала павялічвацца, што звязана з працэсам рээміграцыі (вяртаннем асоб тытульнай нацыянальнасці) з рэспублік Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Прыбалтыкі і інш. рэгіёнаў. Паводле П.н. 1999 колькасць беларусаў склала 8 млн. 159 тыс.чал. (81,2%). Доля рускіх пастаянна павялічвалася: з 8% у 1959 да 13% у 1989. П.н. 1999 засведчыў зніжэнне колькасці рускіх да 11% (1 млн. 141 тыс.чал.), што звязана ў асноўным з адтокам рус. насельніцтва пасля распаду СССР, а таксама з вывадам войск з тэр. Беларусі. Рускае насельніцтва пражывае пераважна ў гарадах і ва ўсх. сельскіх рэгіёнах. Колькасць палякаў (трэцяя па велічыні нац. група) пастаянна зніжаецца з-за працэсаў асіміляцыі і міграцыі: у 1959 яны складалі 7% насельніцтва, у 1999—3,9% (395,7 тыс.чал.). Яны пражываюць пераважна ў сельскай мясцовасці ў зах. і паўн.-зах. раёнах Беларусі. Змянілася і колькасць украінцаў: у 1959 яны складалі 1,7%, у 1999—2,4% (237 тыс.чал.). Значная іх частка жыве ў гарадах і сельскай мясцовасці на Пд ад гарадоў Кобрын і Брэст. Найб. моцныя змены зведалі прадстаўнікі яўр. нацыянальнасці: у 1939 яўрэі былі 2-й па колькасці нац. меншасцю (7%), у 1989—5-й (1,1%). Скарачэнне іх колькасці выклікана інтэнсіўным выездам у буйныя гарады Расіі, Украіны пасля ліквідацыі «мяжы аселасці», асіміляцыйнымі працэсамі, стратамі ў гады Вял.Айч. вайны, актыўным выездам у Ізраіль і інш. замежныя краіны ў 1980—90-я г. У выніку доля яўрэяў у 1999 склала 0,3% (27,8 тыс.чал.). Паводле П.н. 1999 на Беларусі пражывала больш за 100 нацыянальнасцей (гл.табл. 2).
Літ.:
Раков А.А. Население БССР. Мн., 1969;
Гозулов А.И. Переписи населения земного шара. М., 1970;
Киселева Г.П., Кваша А.Я. О чем рассказывают переписи населения. М., 1983;
Манак Б.А. Насельніцтва Беларусі. Мн., 1992;
Шахотько Л.П. Население Республики Беларусь в конце XX в. Мн., 1996.
Дз.М.Кудзелка, Л.П.Шахоцька.
Табліца 1 Дынаміка колькасці насельніцтва Беларусі
Гады перапісаў
Колькасць насельніцтва, тыс.чал.
У % да ўсяго насельніцтва
Усяго
у т. л.
гарадское
сельскае
гарадское
сельскае
1897
6673
899
5774
13,5
86,5
1926
4989
848
4138
17
83
1939
8912
1855
7057
20,8
79,2
1959
8056
2481
5575
30,8
69,2
1970
9002
3908
5094
43,4
56,6
1979
9560
5263
4297
55,1
44,9
1989
10 152
6641
3510
65,4
34,6
1999
10 045
6961
3084
69,3
30,7
Табліца 2 Нацыянальны склад насельніцтва Рэспублікі Беларусь (па даных перапісаў, у %)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮГАСЛА́ВІЯ,
дзяржава ў паўд.-ўсх. Еўропе ў 1918—2003; да 1991 на тэр. сучасных Сербіі, Чарнагорыі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Македоніі і Славеніі, з 1992 — толькі Сербіі і. Чарнагорыі. Тэр. 255,8 тыс.км² (1990), нас. 23,1 млн.чал. (1986). Сталіца — г.Бялград.
Напярэдадні 1-й сусв. вайны Сербія (у яе складзе Македонія) і Чарнагорыя былі незалежнымі каралеўствамі. Харватыя, Боснія (з Герцагавінай), Славенія і Ваяводзіна знаходзіліся ў складзе Аўстра-Венгрыі, якая ў ходзе вайны ў 1915—16 акупіравала і Сербію з Чарнагорыяй. Сербскі кароль Пётр I Карагеоргіевіч [1903—21] з урадам і арміяй эвакуіраваўся на грэч.в-аў Керкіра (Корфу), дзе са згоды ўрадаў краін Антанты сербскі прэм’ер-міністр Н.Пашыч і старшыня Паўднёваславянскага камітэта (засн. ў 1915 эмігрантамі з Харватыі, Славеніі і Босніі) А.Трумбіч падпісалі 20.7.1917 Корфскую дэкларацыю 1917 пра стварэнне пасля вайны адзінага каралеўства паўд. славян на чале з сербскай каралеўскай дынастыяй Карагеоргіевічаў.
Пасля вызвалення Сербіі і Чарнагорыі і канчатковага ваен. паражэння Аўстра-Венгрыі 1.12.1918 абвешчана аб стварэнні Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (Каралеўства СХС), да якога далучылася і Чарнагорыя. Паводле Рапальскага дагавора 1920 частка тэр. сучасных Харватыі і Славеніі (порт Задар, п-аў Істрыя, шэраг астравоў у Адрыятычным м.) адышла да Італіі, а харвацкі порт Рыека з акругай вылучаны ў «незалежную дзяржаву». Каралеўства СХС было шматнац. (39% насельніцтва — сербы, 23,9% — харваты, 8,5% — славенцы, 6,3% — баснійцы-мусульмане, 5,3% — македонцы, 2,8% — чарнагорцы, 12,2% — албанцы, венгры, туркі, румыны і інш.) і шматканфесіянальнай (46% насельніцтва праваслаўныя, пераважна сербы, чарнагорцы і македонцы; 39% — католікі, пераважна харваты, славенцы і венгры; 11% — мусульмане, пераважна баснійцы і албанцы) дзяржавай. Вельмі неаднародным было Каралеўства СХС і ў эканам. адносінах. Найб.прамысл. развітымі яго часткамі былі Славенія, Харватыя і Ваяводзіна; імкліва развівалася прам-сць Сербіі. Эканам. адсталымі землямі заставаліся Чарнагорыя, Македонія, Боснія і Герцагавіна. У цэлым эканоміка краіны насіла агр. характар (76% насельніцтва заняты ў сельскай гаспадарцы), прычым 67% сял. гаспадарак лічыліся бесперспектыўнымі, бо мелі менш чым па 5 га зямлі. У выніку прынятай устаноўчым сходам т.зв. Відаўданскай канстытуцыі Каралеўства СХС (28.6.1921; Дзень св. Віда) яно стала парламенцкай манархіяй на чале з каралём Аляксандрам I Карагеоргіевічам [1921—34] і скупшчынай (парламентам). Паводле канстытуцыі і «палажэння» ад 26.4.1922 уведзены адм.-тэр. падзел на 33 жупаніі.
6.1.1929 Аляксандр I усталяваў у краіне манарх. дыктатуру: ён атрымаў выключнае права выдаваць законы і ні перад кім не нёс адказнасці за свае дзеянні. Каралеўства СХС было перайменавана ў Каралеўства Ю. Новая назва дзяржавы павінна была сімвалізаваць не толькідзярж., але і этн. адзінства яе народаў. Уведзены новы адм.-тэр. падзел на 9 буйных абласцей — банавін на чале з каралеўскімі намеснікамі — банамі. Іх межы не супадалі з традыц. межамі зямель, з якіх складалася Ю. Паводле ініцыіраванай каралём «дараванай зверху» канстытуцыі 3.9.1931 абвешчана існаванне адзінага народа — югаславаў як надрэліг. супольнасці. У кастр. 1934 Аляксандр I забіты харвацкімі усташамі ў час візіту ў Францыю. Пры яго малалетнім сыне Пятру II [1934—45] краінай кіраваў рэгенцкі савет на чале з прынцам Паўлам.
У гэты час Ю. адышла ад ранейшага цеснага знешнепаліт. супрацоўніцтва з Францыяй і пачала збліжацца з Італіяй. У 1935 заключаны канкардат з Ватыканам, які даваў вял. правы каталіцкай царкве ў Ю. У 1937 заключаны дагаворы з Італіяй аб нейтралітэце і з Балгарыяй «аб вечным сяброўстве». 26.8.1939 прэм’ер-міністр Д.Цветкавіч падпісаў з лідэрам Харвацкай сял. партыі В.Мачакам пагадненне аб вылучэнні Харватыі ў асобную банавіну з аўт. правамі; яе бан (І.Шубашыч) нёс адказнасць не толькі перад каралём, але і перад харвацкім парламентам — сабарам. У чэрв. 1940 устаноўлены дыпламат. адносіны з СССР. 25.3.1941 урад Цветкавіча—Мачака падпісаў у Вене дакументы аб далучэнні Ю. да Берлінскага пакта 1940.
27.3.1941 група апазіцыйна настроеных і звязаных з брыт. разведкай ваенных скінула рэгента Паўла і ўрад Цветкавіча. Кіраўніком дзяржавы абвешчаны як «паўналетні» 17-гадовы Пётр П. Новы, кааліцыйны, урад на чале з ген. Д.Сімавічам адмовіўся ад удзелу Ю. ў Берлінскім пакце і 5.4.1941 падпісаў у Маскве дагавор аб сяброўстве і ненападзенні з СССР.
У ходзе Балканскай кампаніі 1941герм., італьян., балг. і венг. войскі 6.4.1941 з тэр. Аўстрыі, Італіі, Албаніі, Венгрыі, Румыніі, Балгарыі (практычна з усіх бакоў) без абвяшчэння вайны напалі на Ю. і неўзабаве прымусілі яе армію да капітуляцыі (17.4.1941). Кароль і ўрад эвакуіраваліся на Б. Усход, потым у Лондан. Тэр. Ю. была раздзелена. Славенію падзялілі Германія і Італія. Да Італіі таксама адышлі Чарнагорыя і ч. Далмацыі, да Венгрыі — ч. Ваяводзіны, да Балгарыі — паўд.-ўсх. Сербія і б.ч. Македоніі. Косава і зах. Македонія ўвайшлі ў склад створанай Італіяй «Вял. Албаніі». 10.4.1941 усташы абвясцілі аб стварэнні на тэр. Харватыі, Босніі і Герцагавіны «Незалежнай Дзяржавы Харватыя» (НДХ), якая была ў цесным саюзе з Германіяй і Італіяй. Усташы праводзілі ў адносінах да правасл. славян (асабліва сербаў), яўрэяў, цыганоў палітыку адкрытага генацыду, імкнучыся стварыць нац. і рэліг. «аднародную» харвацкую дзяржаву. Сярод шматлікіх канцлагераў асабліва вял. колькасцю знішчаных людзей і найб. жорсткім рэжымам вызначаліся Ясенавац, Госпіч, Стара-Градзішка. Сербія і ч. Ваяводзіны знаходзіліся пад прамым герм. кантролем, тут быў створаны калабарацыянісцкі ўрад М.Недзіча.
Югасл. рух Супраціўлення, які разгарнуўся з першых дзён акупацыі, неўзабаве перарос у народна-вызваленчую вайну ў Югаславіі 1941—45, якую вялі розныя паліт. сілы пры дамінуючай ролі Камуніст. партыі Югаславіі (КПЮ, засн. ў 1919) на чале з харватам І.Ціта. Падпарадкаваны каралеўскаму эмігранцкаму ўраду рух чэтнікаў на чале з палк. (пазней ген. і ваен. міністр) Д.Міхайлавічам напачатку выступаў за стварэнне Вял. Сербіі, пазней — за аднаўленне старой каралеўскай Ю. Узаемна варожыя адносіны паміж КПЮ і чэтнікамі неўзабаве набылі характар грамадз. вайны ўнутры вызв. руху. У 1944 чэтнікі пачалі супрацоўнічаць у сумеснай барацьбе супраць КПЮ з «урадам» Недзіча, што прывяло іх да разрыву адносін з эмігранцкім урадам, які пачаў збліжацца з камуністамі. У ходзе нар.-вызв. вайны на аснове партыз. атрадаў сфарміравалася рэгулярная Нар.-вызв. армія Ю. (НВАЮ) пад камандаваннем Ціта, якая вызваліла многія раёны краіны. У ліст. 1942 у г. Біхач створаны агульнаюгасл. паліт. орган — Антыфаш. веча нар. вызвалення Ю. (АВНВЮ), якое ў ліст. 1943 на сваёй II сесіі ў г. Яйца прыняло дэкларацыю аб асновах новай дэмакр. Ю. АВНВЮ абвясціла сябе часовым заканад. органам улады, функцыі ўрада выконваў Нац.к-т вызвалення Ю. (НКВЮ) на чале з Ціта. Сесія абвясціла, што новая Ю. будзе раўнапраўнай федэрацыяй усіх яе народаў. 16.6.1944 на в-ве Віс у Адрыятычным м. Ціта і прэм’ер-міністр эмігранцкага ўрада Шубашыч падпісалі пагадненне пра сумесныя дзеянні. Урад Шубашыча абавязваўся арганізаваць ваен. дапамогу НВАЮ з боку зах. дзяржаў, прадстаўляць Ю. на міжнар. арэне, а ўнутры краіны — прызнаць рашэнні АВНВЮ. 20.10.1944 сав. войскі 3-га Укр. фронту сумесна з часцямі НВАЮ вызвалілі Бялград (гл.Бялградская аперацыя 1944). 11.4.1945 падпісаны дагавор аб сяброўстве, узаемнай дапамозе і пасляваен. супрацоўніцтве паміж СССР і Ю. Да 15.5.1945 НВАЮ цалкам вызваліла Ю. ад акупантаў і іх памагатых. За час вызв. вайны ў Ю. загінула 1 млн. 700 тыс.чал., у т. л. 305 тыс. воінаў НВАЮ і партызан.
Устаноўчая скупшчына 29.11.1945 скасавала манархію і абвясціла краіну Федэратыўнай Нар. Рэспублікай Ю. (ФНРЮ), зацвердзіла ранейшыя пастановы АВНВЮ, а 31.1.1946 прыняла канстытуцыю ФНРЮ. У склад федэрацыі ўвайшлі 6 рэспублік: Сербія з аўт. краем Ваяводзіна і аўт. вобласцю Косава і Метохія (з 1963 аднайм.аўт. край, з 1969 аўт. край Косава, з 1974 сацыяліст.аўт. край Косава), Харватыя, Славенія, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Чарнагорыя. Этн. прынцып пры вызначэнні міжрэсп. межаў не быў захаваны. Асабліва шмат засталося па-за межамі сваёй нац. рэспублікі сербаў. Паводле канстытуцыі вышэйшым органам улады Ю. была Нар. скупшчына, якая складалася з 2 палат: Саюзнага веча і Веча народаў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляў адказны перад скупшчынай урад ФНРЮ (да 1963 старшыня Ціта). Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1947 да Ю. адышлі г. Рыека і слав. землі, набытыя Італіяй у адпаведнасці з Рапальскім дагаворам 1920 (п-аў Істрыя і інш.). У 1945—47 у Ю. праведзены пераўтварэнні на сав. ўзор: ліквідавана шматпартыйнасць і ўстаноўлена аднапартыйная сістэма, нацыяналізаваны прам-сць, фінансы, сувязь, транспарт, гандаль, ствараліся с.-г. задругі (таварыствы) на ўзор сав. калгасаў. У крас. 1947 зацверджаны 1-ы пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі. Імкненне Ціта праводзіць незалежную ад СССР знешнюю палітыку (спробы дамовіцца з Балгарыяй пра больш цесныя ўзаемаадносіны, умяшацца ў грамадз. вайну ў Грэцыі, увесці войскі ў Албанію), яго праект стварэння на Балканах федэрацыі дзяржаў пад эгідай Ю. і інш. дзеянні прывялі ў 1948 да рэзкага абвастрэння і поўнага разрыву сав.-югасл. адносін. Значная ч.югасл. камуністаў выступала супраць лініі Ціта, за цеснае ўзаемадзеянне з СССР. Ціта і яго прыхільнікі шырока ўжывалі супраць апазіцыянераў рэпрэсіі, у т. л. зняволенне ў канцлагеры, з якіх найб. вядомы «Голы Востраў» («Голи Оток») у Адрыятычным м. Сярод ахвяр гэтых рэпрэсій нач.вярх. штаба НВАЮ ген.-палкоўнік А.Ёванавіч, чл. Палітбюро ЦК КПЮ старшыня Дзяржплана А.Хебранг (загінулі), старшыня Нар. фронту Югаславіі С.Жуёвіч (зняволены да 1956). У 1948—52 І.Ціта, Б.Кідрыч, Э.Кардэль, М.Джылас і інш.югасл. кіраўнікі і тэарэтыкі распрацавалі канцэпцыю самакіравання, паводле якой югасл. грамадства дэмакратызавалася і пераходзіла да т.зв. таварнай эканомікі, адмаўлялася ад планавання ў форме дзярж. загадаў і пераходзіла ў эканоміцы да сродкаў чыста эканам. прымусу. У 1950 прыняты закон аб перадачы фабрык і з-даў у кіраванне працоўным, паводле якога на прадпрыемствах ствараліся рабочыя саветы. Гэты закон паклаў пачатак укараненню ў Ю. самакіруемага сацыялізму. На VI з’ездзе КПЮ у 1952 партыя атрымала новую назву — Саюз камуністаў Ю. (СКЮ). У 1955—56 нармалізаваны сав.-югасл. адносіны на ўмовах прызнання кіраўніцтвам СССР і КПСС права Ю. на самаст. развіццё. У крас. 1963 Саюзная скупшчына ФНРЮ прыняла новую канстытуцыю, краіна атрымала новую назву — Сацыяліст. Федэратыўная Рэспубліка Ю. (СФРЮ). Паводле канстытуцыі 1974 вярх. органам дзярж. улады і грамадскага самакіравання была Скупшчына СФРЮ, якая складалася з Саюзнага веча і Веча рэспублік і краёў. Нягледзячы на значныя эканам. поспехі, ужо пры жыцці Ціта (з 1953 прэзідэнт Ю.) нарасталі крызісныя з’явы ва ўсіх галінах жыцця грамадства, у т. л. міжнац. канфлікты. Пасля яго смерці (май 1980) Ю. кіравалі Прэзідыум СФРЮ і Прэзідыум ЦК СКЮ, кіраўнікі якіх прадстаўлялі адну з рэспублік (па чарзе) і змяняліся штогод.
З пач. 1980-х г. Ю. ахапіў глыбокі крызіс. Узнікла канцэпцыя «нац. эканомікі», калі кожная рэспубліка імкнулася абараняць ад канкурэнцыі свае прадпрыемствы за кошт інш. рэспублік. Цэнтр. ўрад паступова траціў кантроль над сітуацыяй у краіне, рэспублікі ўсё больш траплялі ў залежнасць ад замежных пазык. Да канца 1985 беспрацоўе складала 15%, інфляцыя — 100%, знешнія даўгі набліжаліся да 20 млрд.дол. Крызіс узмацняўся падзеямі ў Косаве, дзе з 1981 адбываліся дэманстрацыі албанскай этн. большасці з патрабаваннямі надаць краю статус рэспублікі. У Бялградзе гэта было ўспрынята як першы крок да аб’яднання Косава з Албаніяй. Славенія адкрыта стала на абарону алб. сепаратысцкага руху. На XIV надзвычайным з’ездзе СКЮ (1990) дэлегацыі Славеніі і Харватыі абвясцілі аб незалежнасці сваіх рэсп. Саюзаў камуністаў. Распад СКЮ паскорыў распад СФРЮ, які адбыўся ў 1991.
27.4.1992 Сербія і Чарнагорыя стварылі новую федэратыўную дзяржаву — Саюзную Рэспубліку Югаславію (СРЮ) на чале з 2-палатнай Саюзнай скупшчынай (Веча грамадзян і Веча рэспублік) і прэзідэнтам. Менавіта на яе міжнар. супольнасць усклала адказнасць за этн. канфлікты ў Босніі і Герцагавіне (гл.Баснійскі крызіс 1990-х г.) і Харватыі, у час якіх кіраўніцтва Ю. і югасл. армія актыўна падтрымлівалі мясц. сербаў. Нягледзячы на відавочную аднабаковасць такіх падыходаў (паводле афід. звестак Ю., у 1991—96 у Босніі і Герцагавіне існавала 536 канцлагераў для сербаў, у Харватыі — 221), 30.5.1992 Савет Бяспекі ААН увёў эканам. санкцыі супраць «трэцяй» Ю. Былі заблакіраваны трансп. і транзітныя перавозкі, закрыты марскія гавані Чарнагорыі і сербскія парты на Дунаі, перакрыты газаправоды, замарожаны за мяжой рахункі югасл. фірм, арг-цый і банкаў. Пасля 3 гадоў жорсткіх баёў у Босніі і Герцагавіне ў г. Дэйтан (ЗША) 21.11.1995 падпісаны план мірнага ўрэгулявання ў гэтай б.югасл. рэспубліцы. У кастр. 1996 санкцыі з Ю. часткова зняты. Аднак Ю. і надалей не атрымлівала сучаснай зброі, у т. л. сродкаў ППА, што абумовіла яе ваен. слабасць. У канцы 1990-х г. ЗША і інш. краіны НАТО узмацнілі націск на Ю. ў сувязі з канфліктам у Косаве, дзе югасл. армія спрабавала падавіць узбр. рух алб. сепаратыстаў. Пад выглядам абароны албанцаў Косава ад «генацыду» з боку сербаў ЗША і іх саюзнікі патрабавалі ад югасл. кіраўніцтва вывесці свае войскі з Косава і пагадзіцца на мірнае ўрэгуляванне з удзелам войск НАТО. Мірныя перагаворы ў Рамбуе (каля Парыжа) у лют.—сак. 1999 былі сарваны па віне ЗША. Пачаліся бамбардзіроўкі Ю., якія працягваліся 78 дзён. На СРЮ напалі 19 дзяржаў — членаў НАТО на чале з ЗША. З 24 сак. да 10 чэрв. 1999 у выніку бамбардзіровак у Ю. загінула 1700 цывільных асоб, 10 тыс. былі паранены; разбураны каля 100 фабрык і з-даў, 115 мед. устаноў, пашкоджаны каля 2000 школ і 35 ВНУ. У выніку прэзідэнт Ю. С.Мілошавіч (лідэр кіруючай Сацыяліст. партыі Сербіі) быў вымушаны пагадзіцца на ўвядзенне войск НАТО у Косава. На прэзідэнцкіх выбарах 24.9.2000 Мілошавіч, паводле даных выбарчай камісіі, атрымаў 40,2% галасоў выбаршчыкаў, а яго асн. сапернік, кандыдат ад апазіцыі В.Каштуніца — 48%; планаваўся 2-і тур выбараў. Апазіцыя адмовілася прызнаць вынікі выбараў як «сфальсіфікаваныя». 29 вер. апазіцыянеры выйшлі на вуліцы Бялграда з патрабаваннем адстаўкі Мілошавіча. У сталіцы адбыліся масавыя беспарадкі. 6.10.2000 Каштуніца абвясціў аб сваім уступленні на пасаду прэзідэнта Ю. Паводле вынікаў парламенцкіх выбараў (снеж. 2000) Сацыяліст. партыя цалкам страціла ўладу, прэм’ер-міністрам стаў арыентаваны на зах. краіны З.Джынджыч. Яшчэ ў маі 1999 Міжнар. гаагскі трыбунал па былой Ю. абвінаваціў С.Мілошавіча ў шэрагу ваен. злачынстваў. У ноч з 31 сак. на 1 крас. 2001 Мілошавіч арыштаваны сербскімі ўладамі, потым, паводле ўказання З.Джынджыча выкрадзены з турмы і 29 чэрв. перададзены (у парушэнне арт. 17 Канстытуцыі Сербіі і арт. 37 Канстытуцыі СРЮ) Гаагскаму трыбуналу. Суд. працэс над ім пачаўся ў Гаазе 12.2.2002. За выдачу Мілошавіча ЗША паабяцалі Сербіі крэдыт у 500 млн.дол. Адносіны паміж Сербіяй і Чарнагорыяй заставаліся складанымі. 14.3.2002 падпісаны Дагавор аб пераўладкаванні адносін паміж Сербіяй і Чарнагорыяй. 4.2.2003 парламент СРЮ прыняў Канстытуцыйную хартыю аб стварэнні новага паліт. ўтварэння — супольнасці Сербіі і Чарнагорыі (гл. Дадатак).
Літ.:
История Югославии. Т 1—2. М., 1963;
На путях к Югославии: За и против. М., 1997;
Гуськова Е.Ю. Вооруженные конфликты на территории бывшей Югославии (Хроника событий). М., 1998;
Яе ж. История югославского кризиса (1990—2000). М., 2001;
Мартынова М.Ю. Балканский кризис: Народы и политика. М., 1998;
Васильева Н., Гаврилов В. Балканский тупик. Историческая судьба Югославии в XX веке. М., 2000;
Романенко С.А. Югославия: История возникновения, кризис, распад. образование независимых государств. М., 2000;
Чарота И.А. Косовская битва продолжается. Мн., 2000;
Преступления НАТО против Югославии: Белая кн.Т. 1—2. Белград, 2000;
Джилас М. Беседы со Сталиным: Пер. с англ.М., 2002;
Хомский А.Н. Новый военный гуманизм: Уроки Косова: Пер. с англ.М., 2002;
Качук Н. Воздушная наступательная операция НАТО в Югославии // Армия. 1999. № 2;
Александров И. НАТО против Югославии: Хроника необъявленной войны // Зарубежное военное обозрение. 1999. № 6—9;
Ильин В. Воздушная война на Балканах // Авиамастер. 2001. № 4;
Россия и Сербия: Вехи истории // Родина. 2003. № 10;
Days of Terror (in the presence of the International forces). Belgrade, 2000.
М.С.Даўгяла.
Да арт.Югаславія. Герб Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія (1963—91).Да арт.Югаславія. Герб і сцяг Саюзнай Рэспублікі Югаславія (1992—2003).Да арт.Югаславія. Кароль Аляксандр I Карагеоргіевіч. Мастак П.Ёванавіч.Да арт.Югаславія. Байцы Народна-вызваленчай арміі Югаславіі. 1944.Да арт.Югаславія. Дом у г. Алексінац пасля бамбардзіроўкі горада сіламі НАТО. 5.4.1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКЛАСІЦЫ́ЗМ (ад неа... + класіцызм),
у шырокім сэнсе — прадаўжэнне эстэт. прынцыпаў класіцызму ў новых умовах развіцця маст. культуры; у больш вузкім сэнсе — стылістычны прыём, заснаваны на выкарыстанні ў л-ры, музыцы, архітэктуры, тэатр. і выяўл. мастацтве міфалагічных вобразаў і матываў, ант. тэм і сюжэтаў.
У літаратуры тэндэнцыі і плыні Н. ўзніклі ў Расіі і Зах. Еўропе ў 1-й пал. 19 ст. (ант. міфалагічная вобразнасць у паэзіі І.В.Гётэ, А.Пушкіна, А.Майкава, К.Бацюшкава, франц. «парнасцаў» Т.Гацье, Ш.М.Леконта дэ Ліля), а ў больш апасродкаваных і пераўтвораных формах — у канцы 19 — пач. 20 ст. (творчасць І.Аненскага, К.Бальмонта, В.Брусава, В.Іванава, М.Цвятаевай і інш.). Паэзія Н. шырока выкарыстоўвае маст. традыцыі антычнасці, Адраджэння і класіцызму, прасякнута жыццялюбствам, культам розуму і прыгажосці, у ідэйна-эстэт. плане звычайна проціпастаўлена натуралізму, сац.-паліт. ці быт. утылітарызму, маст. прымітывізму. У сваіх крайніх формах гэтыя тэндэнцыі пад уплывам літ. канцэпцый перамяжоўваюцца з тэорыямі «чыстай красы», «мастацтва дзеля мастацтва» (франц. і рус.сімвалізм, маст. акадэмізм, асобныя тэндэнцыі ў імпрэсіянізме і інш.). Н. звычайна засяроджвае ўвагу на т.зв. «вечных» праблемах жыцця, сцвярджае абсалютнасць маральных і эстэт. крытэрыяў, у процілегласць дэкадэнцтву і мадэрнізму арыентуецца на стылявую і сюжэтна-кампазіцыйную выразнасць, моўную пластычнасць. У бел. л-ры стылістычныя прыёмы Н. творча выкарыстоўваў М.Багдановіч, які распрацаваў класічныя формы верша, чым узбагаціў нац. л-ру здабыткамі сусв. паэтыкі. У 1930 — пач. 1950-х г. пад уплывам вульгарнага сацыялагізму тэндэнцыі Н. набылі форму одапісальніцтва і параднасці ў л-ры. У сучаснай бел. паэзіі асобныя элементы Н. выкарыстоўваюцца як стылістычны прыём.
У музыцы Н. узнік як супрацьпастаўленне рамант. суб’ектыўнасці імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і верызму, спроба вярнуць муз. мастацтву дысцыпліну думкі і яснасць мовы, уласцівыя старым стылям. Для Н. ўласцівы зварот пераважна да маст. прынцыпаў і стылістыкі барока і Венскай класічнай школы (поліфанія кампазітараў Нідэрландскай школы, Дж.Палестрыны, І.С.Баха, клавірнае мастацтва Ф.Куперэна, Д.Скарлаці, італьян. опера 17—18 ст., інстр. канцэрты А.Вівальдзі, санаты М.Равеля, Ф.Пуленка, Д.Міё, А.Анегера, Ж.Франсэ, опера Ж.Б.Люлі, сімфанізм І.Гайдна, В.А.Моцарта). Падобныя да Н. тэндэнцыі характэрны творчасці асобных кампазітараў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.Брамс, М.Рэгер, С.Франк, К.Сен-Санс, М.Метнер, С.Танееў і інш.). У рознай ступені Н. адбіўся ў музыцы многіх кампазітараў 20 ст., найб. акрэслены ў І.Стравінскага, які аб’яднаў у сваёй творчасці амаль усе яго разнавіднасці, П.Хіндэміта, А.Казелы, Э.Тамберга і інш. У неакласіцысцкіх муз. творах раздзелы, стылістычна звязаныя з сучасным увасабленнем муз. мовы і форм мінулых эпох, часта супастаўляюцца з муз. фрагментамі, якія маюць мала агульнага са старадаўнімі прататыпамі. Сутнасць эстэтыкі Н. — супастаўленне маст. стыляў, пры якім зварот да мінулага — хоць і важнейшая, але толькі адна са стылявых фарбаў твора (напр., Э.Віла-Лобас сумясціў у адным творы браз. мадынню і фугу, Хіндэміт — ваен. марш і пасакаллю, Стравінскі стварыў асаблівы стыль Н., дзе разнастайныя старыя прататыпы супастаўляюцца з муз. жанрамі 20 ст. ці іх асобнымі элементамі). Уласцівае Н. свабоднае выкарыстанне старадаўніх стыляў і жанраў — адна з істотных прыкмет музыкі 2-й пал. 20 ст. У бел. музыцы рысы Н. сустракаюцца ў творчасці Л.Абеліёвіча, П.Альхімовіча, С.Бельцюкова, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, У.Дамарацкага, У.Дарохіна, Дз.Камінскага, В.Капыцько, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага, А.Мдывані, Дз.Смольскага, Р.Суруса, Л.Шлег і інш.
У архітэктуры 1910—20-х г. класічныя формы і лаканізм проціпастаўляліся багатаму фармальнаму дэкору ў пабудовах эклектыкі і мадэрна. У некат. краінах Зах. Еўропы Н. выкарыстоўваў канстр. прыёмы стылю мадэрн і адначасова вызначаўся рацыяналістычнымі тэндэнцыямі (А.Перэ ў Францыі, П.Берэнс у Германіі, О.Вагнер у Аўстрыі і інш.). У ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі Н. развіваўся пераважна ў афіц. архітэктуры і вылучаўся параднай прадстаўнічасцю і падкрэсленай манументальнасцю. У рас. архітэктуры 1910-х г. Н. сцвярджаў асн. прынцыпы арх. класікі (І.Жалтоўскі, І.Машкоў, І.Фамін, У.Шчуко і інш.); у той жа час прадстаўнікі рас. мадэрна звярталіся да стылізацыі класічных матываў (Ф.Лідваль, Ф.Шэхтэль і інш.).
У бел. архітэктуры Н. вядомы з 1910-х г. Будынкі вызначаліся імпазантнасцю аблічча, высокім прафес. майстэрствам буд. работ. Значны ўплыў на развіццё Н. зрабіла творчасць мінскіх архітэктараў С.Гейдукевіча і Г.Гая, паводле іх праектаў пастаўлены найб. значныя будынкі ў Мінску і г. Бабруйск Магілёўскай вобл. Прынцыпы Н., у якіх творча выкарыстаны кампазіцыйныя прыёмы архітэктуры класіцызму, выявіліся ў культавых (Моладаўская капліца) і мемар. (Мілавідская мемарыяльная капліца, Салтанаўская мемарыяльная капліца) збудаваннях. У канцы 1920-х г. Н. ўласцівы строгія класічныя формы ў спалучэнні са сродкамі кампазіцыі арх. спадчыны (будынкі банкаў у Брэсце, Баранавічах, арх. С.Філасевіч).
У 1930-я г. сродкі Н. ў іх гіпертрафіраваных манум. формах пашыраны ў архітэктуры Італіі (М.П’ячэнціні і інш.) і Германіі (П.Л.Трост і інш.). Прынцыпы Н. паўплывалі і на развіццё сав. архітэктуры 2-й пал. 1930-х г. Заснавальнікам т.зв. пралетарскага класіцызму быў Фамін. На Беларусі Н. выявіўся ў творчасці І.Лангбарда (гал. корпус Нац.АН Беларусі, Дом афіцэраў), А.П.Воінава (гасцініца «Свіслач»), Г.Якушкі (сярэдняя школа № 4 на рагу вуліц Кірава і Чырвонаармейскай; усе ў Мінску). У канцы 1940-х—50-я г. Н. набыў новую рэдакцыю — т.зв. сталінскі класіцызм: арх. Жалтоўскі (дом па вул. Махавой у Маскве), М.Паруснікаў (забудова 1-й чаргі праспекта Скарыны ў Мінску), Г.Заборскі (будынак б. аблвыканкома ў г. Полацк Віцебскай вобл., карпусы пед. ун-та), У.Кароль і А.Духан (будынак паштамта), В.Гусеў (штаб Бел.ваен. акругі; усе ў Мінску) і інш.
Літ.:
Смирнов В. Возникновение неоклассицизма и неоклассицизм И.Стравинского // Кризис буржуазной культуры и музыка. М., 1973. Вып. 2;
Варунц В. Музыкальный неоклассицизм: Ист. очерки. М., 1988.
Да арт.Неакласіцызм. Будынак ламбарда ў Маскве. Арх. І.Машкоў. 1912.Да арт.Неакласіцызм. Мемарыяльная капліца каля вёскі Салтанаўка Магілёўскага раёна. Арх. К.Міхайлаў, скульпт. П.Яцына. 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней), паштовая сувязь,
від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.
Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.
На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел. летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛгал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2-й пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.
У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел.сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял.Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп.дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс.аддз. сувязі (1999).
Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм. камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, а таксама сав.ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер. — ліст. 1939). У Вял.Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл. таксама Палявая пошта.
Літ.:
Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;
Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД ЛЮТАЎСКАЙ І КАСТРЫЧНІЦКАЙ РЭВАЛЮЦЫЙ 1917
Абвастрэнне ў ходзе 1-й сусв. вайны праблем і супярэчнасцей, якімі было абцяжарана рас. грамадства, прывяло ў 1917 да выбуху новай рэвалюцыі. 23.2(8.3). 1917 у сталіцы Рас. імперыі Петраградзе з-за перабояў у гандлі хлебам пачаліся пагромы булачных, узніклі стыхійныя мітынгі і дэманстрацыі. 25 лют. сталіца была паралізавана ўсеагульнай паліт. забастоўкай. 27 лют. рух перарос ва ўзбр. паўстанне з удзелам салдат Петраградскага гарнізона, што забяспечыла перамогу рэвалюцыі ў сталіцы імперыі. У час паўстання прадстаўнікі ліберальнай думскай апазіцыі (акцябрысты і кадэты) сфарміравалі Часовы камітэт Дзярж. думы, які абвясціў аб узяцці ўлады ў краіне. Але адначасова ў ходзе паўстання ўтварыўся Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў на чале з меншавікамі і эсэрамі. Савет здолеў устанавіць кантроль над часцямі Петраградскага гарнізона. Гэта прымусіла кіраўнікоў думскага Часовага к-та пайсці на перагаворы з лідэрамі Савета, у выніку чаго быў сфарміраваны Часовы ўрад Расіі на чале з кн. Г.Я.Львовым. Дамінуючыя пазіцыі ва ўрадзе занялі кадэты. Часовы ўрад абавязваўся забяспечыць дэмакратызацыю краіны і склікаць Устаноўчы сход, якому належала канчаткова вызначыць дзярж. лад Расіі.
Цара Мікалая II рэвалюцыя заспела ў Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. Яго спроба падавіць паўстанне ў Петраградзе з дапамогай карнай экспедыцыі правалілася, і 2(15).3.1917 Мікалай II падпісаў адрачэнне ад трона.
Насельніцтва Беларусі і салдаты Зах. фронту ў большасці з энтузіязмам сустрэлі факт перамогі рэвалюцыі. Паліцыя і жандармерыя былі раззброены, царскі дзярж. апарат паралізаваны. Каб забяспечыць парадак і бяспеку насельніцтва, па ініцыятыве гар. дум і земстваў, палітычна актыўных груп інтэлігенцыі на месцах ствараліся камітэты грамадскай бяспекі — часовыя калегіяльныя органы кіравання. На працягу сакавіка 1917 яны ўзніклі ва ўсіх губ. і павятовых гарадах, многіх мястэчках усх. (неакупіраванай) Беларусі. Аднак, з’яўляючыся паводле спосабу ўтварэння грамадскімі арганізацыямі, к-ты не атрымалі ўсёй паўнаты ўлады на месцах. Паступова іх роля звялася да грамадскай падтрымкі губ. і павятовых камісараў Часовага ўрада, якія перанялі функцыі ранейшых губернатараў, павятовых спраўнікаў і земскіх начальнікаў.
Поруч з агульнадэмакр. органамі кіравання па прыкладу Петраграда на месцах ствараліся класавыя арганізацыі працоўных — Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Адным з першых на Беларусі ў сак. 1917 утварыўся Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, затым — Гомельскі, Віцебскі, Магілёўскі, Бабруйскі, Полацкі, Слуцкі і інш. Саветы сял. дэпутатаў арганізоўваліся ў крас.—ліп. 1917 у ходзе правядзення губ. і павятовых сял. з’ездаў. З сакавіка па ліпень 1917 на Беларусі ўзнікла каля 150 Саветаў розных назваў. Партыйны склад Саветаў вызначаўся абсалютнай перавагай у іх меншавікоў, бундаўцаў, эсэраў. Адносна ўплывовая бальшавіцкая група склалася толькі ў Мінскім Савеце. Саветы Беларусі па прыкладу Петраградскага падтрымлівалі Часовы ўрад і яго органы на месцах пры ўмове, што іх дзейнасць не супярэчыць усталяванню дэмакр. ладу. Для каардынацыі працы Саветаў у агульнарас. маштабе ў Петраградзе былі скліканы 1 Усерас. з’езд Саветаў сял. дэпутатаў (май 1917) і Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў (чэрв. 1917), якія сфарміравалі адпаведныя цэнтр. выканаўчыя к-ты (ЦВК).
Ва ўмовах небывалай для Расіі дэмакратыі, што ўсталявалася ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі, актывізавалася дзейнасць шматлікіх паліт. партый — агульнарасійскіх і нацыянальных. На Беларусі, у адрозненне ад іншых нац. рэгіёнаў, з прычыны невысокай нац. самасвядомасці беларусаў і змяншэння на працягу вайны іх долі ў складзе насельніцтва пераважным уплывам на паліт. арэне завалодалі агульнарас. партыі. У першыя месяцы рэвалюцыі вядучую ролю спрабавала адыгрываць партыя кадэтаў (Партыя народнай свабоды, ПНС), якая выступала за мадэрнізацыю Расіі на зах.-еўрап. ўзор (прававая дзяржава, рыначная эканоміка, грамадзянская супольнасць). Разам з тым кадэты былі праціўнікамі ўтварэння дзяржаўнасці нярускіх народаў (нават у форме аўтаноміі), настойвалі на працягу вайны да поўнай перамогі Расіі, што супярэчыла настроям асн. часткі насельніцтва. Таму яны не атрымалі масавай падтрымкі; на Беларусі ўлетку 1917 функцыянавала не больш за 10 іх парт. арг-цый.
Найб. сугучнай спантанным памкненням народа да справядлівага ладу аказалася ідэалогія сацыяліст. партый, самай шматлікай сярод іх стала Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР, эсэры). Яна выступала за сацыялізацыю зямлі і ўраўняльнае размеркаванне яе паміж сялянамі, за пераўтварэнне Расіі ў федэратыўную рэспубліку з тэр. і нац.-культ. аўтаноміяй народаў. У бел. губернях дзейнічалі не менш чым 22 эсэраўскія арганізацыі, на Зах. фронце ў арг-цыях ПСР налічвалася больш за 30 тыс.чал. Эсэры дамінавалі ў Саветах сял. дэпутатаў, займалі моцныя пазіцыі ў Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, гар. думах, зямельных і харчовых к-тах.
Шырокай папулярнасцю карысталіся таксама сацыял-дэмакраты (меншавікі-абаронцы, меншавікі-інтэрнацыяналісты, бальшавікі-ленінцы). На Беларусі моцную сац. апору меў Бунд, які прымыкаў да меншавіцкага крыла РСДРП. Усе сацыял-дэмакраты, за выключэннем бальшавікоў, лічылі немагчымым непасрэдны пераход краіны да сацыяліст. рэвалюцыі, выступалі за паступовае рэфармаванне грамадскіх адносін пры захаванні асноў капіталістычнай эканомікі і прынцыпаў парламенцкай дэмакратыі. Таму яны былі прыхільнікамі кааліцыі з ліберальна-бурж. партыямі і падтрымлівалі Часовы ўрад. У процівагу гэтаму бальшавікі ўзялі курс на перарастанне бурж.-дэмакратычнай рэвалюцыі ў сацыялістычную. Яны адмовіліся падтрымліваць Часовы ўрад і абвясцілі лозунг «Уся ўлада Саветам!». На Беларусі і Зах. фронце ўлетку 1917 лінію бальшавіцкага кіраўніцтва падтрымлівалі каля 4 тыс. сацыял-дэмакратаў, супраць яе выступалі 14 тыс. членаў с.-д. арг-цый.
Поруч з агульнарасійскімі на Беларусі і Зах. фронце дзейнічалі польскія, яўрэйскія, латышскія, літоўскія, украінскія і інш.нац. партыі і арг-цыі. Значна актывізаваўся ў ходзе рэвалюцыі і бел.нац. рух. З’езд бел. дзеячаў у Мінску [25—27.3(7—9.4). 1917] выпрацаваў асн. праграмнае палажэнне бел. руху ў новых умовах — дасягненне дзярж.-тэр. аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай дэмакр. рэспублікі. Для ажыццяўлення гэтай ідэі з’езд утварыў Бел.нац. камітэт на чале з Р.Скірмунтам. Пра неабходнасць для Беларусі аўтаноміі ў складзе агульнарас. федэрацыі заявілі адноўленая Бел. сацыялістычная грамада (БСГ), новаўтвораныя Бел. народная партыя сацыялістаў, Бел. народная грамада, Хрысціянска-дэмакратычная злучнасць беларусаў. Аднак Часовы ўрад, зыходзячы з эканам. і геапаліт. інтарэсаў Расіі, не падтрымаў аўтанамісцкай платформы. На Беларусі супраць яе выступілі арганізацыі агульнарас. партый, а таксама мясц. групоўкі, што кіраваліся дактрынай заходнерусізму. Пад іх уплывам некаторыя сял. і настаўніцкія з’езды бел. губерняў прынялі ў 1917 рэзалюцыі супраць аўтаноміі Беларусі і развіцця самабытнай бел. культуры.
Выразнай дамінантай на паліт. ландшафце Беларусі выступаў Зах. фронт рас. армій, у якіх у 1917 налічвалася больш за 1,6 млн. вайскоўцаў. Паводзіны гэтай масы ўзброеных людзей сур’ёзна ўплывалі на перспектывы рас. рэвалюцыі ў цэлым і на далейшы лёс Беларусі. Гал. тэндэнцыяй вайсковага жыцця ў час рэвалюцыі стала яго імклівая палітызацыя. Паводле загада № 1 Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 1(14).3.1917 ва ўсіх падраздзяленнях (ротах, батальёнах, палках, дывізіях, карпусах і арміях) выбраны органы салдацкага самакіравання — вайсковыя камітэты. Стварэнне агульнафрантавой сістэмы салдацкіх арг-цый завершана на 1 з’ездзе ваенных і рабочых дэпутатаў Зах. фронту (крас. 1917, Мінск). З’езд выбраў Выканаўчы к-тЗах. фронту (Франтавы к-т), які размясціўся ў Мінску і, дзякуючы наяўнасці ўзбр. апоры ў асобе салдат, атрымаў вял. магчымасці ўплываць на ход падзей на Беларусі. Фарміраванне на фронце сістэмы салдацкага самакіравання не стасавалася з прынцыпам адзінаначалля ў войску. Вайсковыя к-ты ўмешваліся ў дзейнасць камандзіраў, часта выказвалі ім недавер па паліт. матывах і дамагаліся адхілення ад пасад. Палітызацыя фронту няўхільна вяла да зніжэння кіруемасці, развалу дысцыпліны і баяздольнасці вайск. часцей.
Тым не менш Часовы ўрад, захоўваючы вернасць саюзнікам па Антанце, трымаўся курсу на працяг вайны, хоць яна выклікала ўсё большую незадаволенасць сярод насельніцтва. Улетку 1917 урад і камандаванне арганізавалі наступленне супраць немцаў, спадзеючыся пераламаць ход вайны на карысць Расіі. Аднак першы і гал. ўдар па праціўніку ў чэрв. 1917 сіламі Паўд.-Зах. фронту на Украіне скончыўся няўдачай. Гэта, аднак, не адмяніла прызначанага наступлення Зах. фронту на тэр. Беларусі. Асн. ўдар 9—10 ліп. наносіла тут 10-я армія ў напрамках на Слонім і Вільню. Амаль не сустрэўшы супраціўлення, часці 10-й арміі прайшлі 2—3 лініі ням. акопаў, пабывалі на непрыяцельскіх батарэях, знялі прыцэлы з гармат і вярнуліся назад. Нежаданне салдат працягваць вайну, масавае дэзерцірства, братанне з праціўнікам прывяло да поўнага правалу наступлення.
Няўдачы на фронце, а таксама канфлікт з нац.-вызв. рухамі нярускіх народаў выклікалі ліпеньскі крызіс Часовага ўрада. 3—4 ліп. сотні тыс. салдат, матросаў і ўзбр. рабочых, узбуджаныя антыўрадавай прапагандай бальшавікоў і анархістаў, выйшлі на вуліцы Петраграда з патрабаваннямі адхілення Часовага ўрада і перадачы ўсёй улады Саветам. Сутычкі з вернымі ўраду часцямі прывялі да чалавечых ахвяр. З мэтай прадухіліць паўтарэнне на месцах петраградскіх эксцэсаў, палітычна актыўныя сілы ў Беларусі і на Зах. фронце (Саветы, вайсковыя к-ты, парт. і нац. арг-цыі) не дапусцілі тут масавых выступленняў. Часовы ўрад, які ўзначаліў сацыяліст А.Ф.Керанскі, 9 ліп. быў абвешчаны цэнтральнымі органамі Саветаў «урадам выратавання рэвалюцыі» з шырокімі прэрагатывамі. На фронце ўводзіліся смяротная кара і ваенна-рэв. суды. Узмацніўся адм. націск у адносінах да нац. рухаў.
Адзін са шляхоў стабілізацыі ўнутрыпаліт. становішча кіруючыя колы бачылі ў правядзенні дэмакр. выбараў органаў гар. і земскага самакіравання, якія адбыліся ў 2-й пал. 1917. Упершыню ў Беларусі, як і ва ўсёй імперыі, уводзілася ўсеагульнае, роўнае, прамое і тайнае галасаванне. Большасць месцаў у гар. думах Беларусі заваявалі агульнарасійскія сацыялістычныя партыі. Пэўнае прадстаўніцтва атрымалі нац. арг-цыі: бел., яўрэйскія, польскія. Адначасова пацвердзіўся невысокі рэйтынг ліберальнай Партыі нар. свабоды. У адрозненне ад гараджан, большасць вяскоўцаў фактычна праігнаравала выбары ў земствы. Сяляне з падазронасцю ставіліся да тайнай працэдуры галасавання, выявілі неразуменне дэмакр. механізмаў.
З мэтай спынення дэструктыўных працэсаў кансерватыўныя і ліберальныя сілы (генералітэт, дваранства, частка буржуазіі) патрабавалі згортвання рэвалюцыі, ліквідацыі Саветаў і вайсковых к-таў, задушэння нац.-вызв. рухаў і ўсталявання цвёрдай улады. У якасці правадніка такой лініі і магчымага будучага дыктатара разглядаўся Вярх. галоўнакамандуючы ген. Л.Г.Карнілаў, які 25—31.8(7—13.9).1917 узняў мяцеж. Сумеснымі дзеяннямі левых сіл (эсэраў, меншавікоў, бальшавікоў) мяцеж быў хутка і практычна бяскроўна ліквідаваны. Пасля гэтага ў грамадстве адбыўся яшчэ большы зрух улева. Кадэты, замешаныя ў падрыхтоўцы мяцяжу, цалкам страцілі аўтарытэт і адышлі ў цень. Гал. роля на паліт. сцэне перайшла да сацыяліст. партый. Але сярод іх адсутнічала адзінства поглядаў на далейшыя шляхі развіцця краіны. Большасць эсэраў і меншавікоў лічылі, што ўлада павінна абапірацца не толькі на рабочых і сялян, але на ўсе пласты насельніцтва, у т. л. на буржуазію, без падтрымкі якой немагчыма справіцца з эканам. праблемамі. Фарміраванне агульнанар. улады бачылася ім праз дэмакр. выбранне Устаноўчага сходу, які разглядаўся як вяршыня рэвалюцыі.
Бальшавікі працягвалі кіравацца пастулатам аб дыктатуры пралетарыяту і шлях да яе ўсталявання бачылі праз пераход усёй улады ў рукі Саветаў. Рабочыя, сяляне, салдаты, якія страцілі надзею дачакацца ад Часовага ўрада сацыяльных рэформ, вырашэння пытанняў аб міры і зямлі, усё больш траплялі пад уплыў бальшавікоў. Пра гэта сведчыць хуткі рост бальшавіцкіх арг-цый, асабліва на фронце. Калі на I Паўн.-Зах. абласной канферэнцыі РСДРП(б) у Мінску [15—18.9(28.9—1.10).1917] было прадстаўлена 9,2 тыс. членаў партыі і спачувальнікаў (з іх 69% — у франтавых арганізацыях), то на II канферэнцыі [5—7(18—20). 10.1917] — ужо 56,4 тыс. бальшавікоў (з іх 94% — франтавікі). Па патрабаванні бальшавікоў на канец кастр. 1917 у Петраградзе быў прызначаны II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які ў адпаведнасці з ленінскай задумай павінен быў легітымізаваць вынікі запланаванага на тыя ж дні бальшавіцкага ўзброенага паўстання.
Паглыбленне агульнарасійскага сац.-паліт. крызісу ўзмацняла сярод нярускіх народаў краіны цягу да стварэння ўласнай нац. дзяржаўнасці. Гэтая тэндэнцыя ўсё больш выразна праяўлялася і на Беларусі. Паколькі Бел.нац. камітэт не змог дамагчыся аўтаноміі Беларусі, на з’ездзе нац. арганізацый і партый у Мінску [8—10(21—23).7.1917] ён быў скасаваны і заменены Цэнтральнай радай бел. арг-цый, у якой дамінуючая роля належала БСГ. Кола ўдзельнікаў бел.нац. руху паступова пашыралася: да яго далучалася вучнёўская моладзь, рабочыя, бежанцы. Асабліва важнае значэнне мела падтрымка нац. лозунгаў беларусамі-вайскоўцамі. 18—24.10(31.10—6.11).1917 у Мінску адбыўся з’езд воінаў-беларусаў Зах. фронту з удзелам прадстаўнікоў ад інш. франтоў і Балтыйскага флоту. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі і прызнаў неабходным стварэнне бел. войска. Для арганізацыі нац. войска была выбрана Цэнтр.бел. вайсковая рада (ЦБВР) на чале з С.Рак-Міхайлоўскім. Адначасова Цэнтр. рада бел. арг-цый была рэарганізавана ў Вялікую Беларускую раду (ВБР) пад старшынствам В.Адамовіча, у склад якой увайшоў і выканаўчы камітэт ЦБВР. ВБР разглядалася як зародак вышэйшага органа дзярж. улады аўтаномнай Беларусі. Аднак у канкрэтна-гіст. абставінах тагачаснай Беларусі з яе размытай этнакультурнай ідэнтычнасцю і глыбокай інтэграванасцю ў агульнарас. арганізм гэтыя нац.-дзяржаўніцкія памкненні выглядалі досыць лакальна, яны патаналі ў агульным супрацьстаянні сацыяльна-паліт. сіл і інтарэсаў у маштабах усёй ахопленай крызісам Рас. дзяржавы.
Скарыстаўшы няздольнасць дэмакр. сіл сфарміраваць устойлівыя ўладныя структуры, што змаглі б давесці краіну да Устаноўчага сходу, бальшавікі арганізавалі 24—26.10(6—8.11). 1917 у Петраградзе новае ўзбр. паўстанне і дамагліся звяржэння кааліцыйнага Часовага ўрада. II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [25—27.10(7—9.11).1917, Петраград], на якім бальшавікі мелі колькасную перавагу, зацвердзіў вынікі паўстання. Не з’яўляючыся органам агульнанар. прадстаўніцтва (дэлегатаў ад самай шматлікай часткі насельніцтва — сялянства — амаль не было), з’езд тым не менш прыняў рашэнне канстытуцыйнага ўзроўню: абвясціў аб пераходзе ўсёй улады ў краіне ў рукі Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Для атрымання лаяльнасці з боку салдацкіх і сял. мас вял. палітычна-прапагандысцкае значэнне мелі зацверджаныя з’ездам Дэкрэт аб міры (утрымліваў прапанову да ўсіх дзяржаў—удзельніц сусв. вайны неадкладна пачаць перагаворы аб міры на ўмовах адмаўлення ад анексій і кантрыбуцый) і Дэкрэт аб зямлі (абвяшчаў зямлю «ўсенародным набыткам» і абяцаў размеркаванне яе паміж сялянамі на прынцыпах ураўняльнага землекарыстання). З’езд утварыў новы, «рабоча-сялянскі» ўрад Расіі — Савет Народных Камісараў (старшыня У.І.Ленін). 2(15).11.1917 СНК прыняў «Дэкларацыю правоў народаў Расіі», у якой абвяшчалася роўнасць і суверэннасць народаў і іх права на самавызначэнне аж да аддзялення і ўтварэння самастойных дзяржаў.
На Беларусі і Зах. фронце адным з найважнейшых цэнтраў барацьбы за ўладу з’яўляўся Мінск. 26.10(8.11).1917 бальшавікі — члены прэзідыума Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад імя яго выканкома выдалі загад № 1 «Да насельніцтва горада Мінска і яго ваколіц», у якім абвясцілі пра пераход улады да Саветаў. У той жа дзень яны прынялі рашэнне аб арганізацыі надзвычайнага органа па правядзенні ўзбр. паўстання — Ваенна-рэвалюцыйнага к-та (ВРК) Зах. фронту (старшыня К.І.Ландар). Абапіраючыся на вызваленых з турмы і гаўптвахт салдат, сабраных у І-ы Рэвалюцыйны імя Мінскага Савета полк, і інш. часці гарнізона, бальшавікі Мінска накіравалі свае патрулі на чыгунку, пошту, тэлеграф і ў штаб Зах. фронту. Спроба захопу ўлады выклікала процідзеянне з боку іншых паліт. сіл. 25—27.10(7—9.11).1917 у Мінску прадстаўнікамі Выканаўчага к-таЗах. фронту, гар. думы, сялянскіх, прафесійных, нац. арг-цый быў створаны надзвычайны кааліцыйны орган улады — Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту, у якім пераважалі эсэры, правыя і левыя меншавікі, бундаўцы. Камітэт не прызнаў вынікаў Петраградскага ўзбр. паўстання і выказаўся за фарміраванне ўлады на аснове шырокага левага блока. Вайсковыя сілы К-та выратавання рэвалюцыі напачатку шматразова пераўзыходзілі сілы бальшавікоў Мінска, што прымусіла апошніх заявіць аб падпарадкаванні камітэту. Але адначасова яны, выкарыстоўваючы дэкрэты аб міры і зямлі, разгарнулі ў часцях Зах. фронту інтэнсіўную агітацыю і здолелі дамагчыся падтрымкі з боку значнай колькасці салдат. Гэта дазволіла падцягнуць да Мінска ўзбр. падмогу, у т. л. браніраваны цягнік, і змяніць суадносіны сіл у горадзе на карысць бальшавікоў. 2(15).11.1917 на пашыраным пасяджэнні Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў было абвешчана аб поўным пераходзе ўлады ў яго рукі.
У Віцебску мясц. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў не падтрымаў Петраградскае ўзбр. паўстанне і не прызнаў створаных у выніку яго перамогі цэнтр. органаў улады. У адказ бальшавікі Віцебска выйшлі з кіраўніцтва Савета і з апорай на салдат гарнізона стварылі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт. ВРК ануляваў паўнамоцтвы дзеючага Савета і адміністрацыйна-сілавым шляхам скамплектаваў новы, т.зв. Рэвалюцыйны Савет салдацкіх дэпутатаў. У канцы ліст. 1917 было абвешчана аб усталяванні ў Віцебску і павеце сав. улады, аднак найвышэйшым уладным органам заставаўся ВРК.
Вынікі барацьбы за ўладу ў Магілёве, дзе знаходзілася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага, мелі не толькі мясцовае, але і агульнарас. значэнне. Паліт. і грамадскія арг-цыі Магілёва адмоўна паставіліся да Кастрычніцкага ўзбр. паўстання ў Петраградзе. Пасля звестак аб звяржэнні Часовага ўрада прадстаўнікі гар. думы, паліт. партый, нац., прафесійных арг-цый Магілёва ўтварылі Камітэт грамадскай бяспекі, які заклікаў да захавання парадку і падрыхтоўкі да выбараў ва Устаноўчы сход. Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў 28.10(10.11).1917 асудзіў выступленне бальшавікоў і выказаўся за ўтварэнне «аднароднага сацыялістычнага ўрада» (ад бальшавікоў да народных сацыялістаў). 9(22). 11.1917 петраградскі СНК адхіліў ад пасады в.а. Вярх. галоўнакамандуючага ген. М.М.Духоніна і накіраваў для заняцця Стаўкі экспедыцыйныя атрады салдат і матросаў на чале з бальшавіком прапаршчыкам М.В.Крыленкам. З набліжэннем іх да Магілёва выканком Магілёўскага Савета прыняў 18 ліст. (1 снеж.) рэзалюцыю аб прызнанні бальшавіцкага ўрада і ўтварыў Ваенна-рэв. камітэт, да якога перайшла ўлада ў горадзе і павеце. Паводле яго загаду Духонін быў узяты пад хатні арышт, а ў час заняцця Стаўкі сав. войскамі загінуў у выніку матроскага самасуду.
Выступаючы пад лозунгам «Уся ўлада Саветамі», бальшавікі ў большасці выпадкаў не дапускалі пераходу ўлады да рэальна існаваўшых Саветаў, паколькі ў іх мелі перавагу эсэры, меншавікі, бундаўцы і інш. памяркоўныя сацыялісты. Як у губернскіх, так і ў павятовых цэнтрах, інш. гарадах і мястэчках Беларусі захоп улады ажыццяўляўся, як правіла, праз ваенна-рэв. к-ты, якія фарміраваліся бальшавікамі пераважна з вайскоўцаў, што перайшлі на бальшавіцкія пазіцыі. ВРК займалі стратэгічна важныя аб’екты (арсеналы, тэлеграф, чыг. станцыі, штабы), затым дамагаліся перавыбараў эсэра-меншавіцкіх Саветаў з тым, каб большасць у іх атрымалі бальшавікі і левыя эсэры. Пасля гэтага Саветы ў новым складзе зацвярджалі меры, фактычна ўжо ажыццёўленыя ваенна-рэв. камітэтамі. Дзейнасць апошніх у кастр.—ліст. 1917 каардынаваў ВРКЗах. фронту ў Мінску.
Устанаўленне сав. улады на Беларусі і Зах. фронце было аформлена скліканымі ў Мінску III з’ездам Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. [18—20.11(1—3.12).1917], з’ездам Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Зах. вобласці (19—21.11(2—4.12).1917] і II з’ездам армій Зах. фронту [20—25.11(3—8.12).1917], З’езды выбралі свае выканаўчыя органы, якія 26.11 (9.12). 1917 аб’ядналіся і разам з прадстаўнікамі прафсаюзаў сфарміравалі вышэйшы орган улады — Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Зах. вобласці і фронту (Аблвыкамзах; старшыня М.У.Рагазінскі, са студз. 1918 А.Ф.Мяснікоў), у якім абсалютная большасць месц (100 са 187) належала прадстаўнікам фронту. Органам выканаўчай улады стаў Савет народных камісараў Зах. вобласці і фронту (старшыня К.І.Ландар). Паводле спосабу фарміравання і асабовага складу гэта былі пераважна франтавыя органы, укамплектаваныя вайскоўцамі розных нацыянальнасцей Расіі, але пры амаль поўнай адсутнасці беларусаў. Кампетэнцыя Аблвыкамзаха не распаўсюджвалася на Віцебскую і Магілёўскую губ., там дзейнічалі Віцебскі губ. Савет сял., салдацкіх, рабочых і батрацкіх дэпутатаў і Магілёўскі губ. Савет рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Кіраўніцтва Аблвыкамзаха і СНКЗах. вобласці і фронту фактычна адмаўляла права бел. народа на самавызначэнне і стварэнне сваёй нац. дзяржаўнасці.
Для вырашэння пытання аб самавызначэнні па ініцыятыве Вял.Бел. рады (Мінск) і Бел. абласнога к-та (Петраград) 5—18(18—31).12.1917 у Мінску адбыўся першы ў гісторыі агульнанац. форум бел. народа — Усебеларускі з’езд. У ім удзельнічалі 1872 дэлегаты ад земстваў, гар. дум, Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Саветаў сял. дэпутатаў Беларусі, бел.паліт. партый, бежанскіх, прафесійных і інш. арг-цый. Выпрацаваная з’ездам канцэпцыя дэмакр. шляху да бел. дзяржаўнасці прадугледжвала ўтварэнне Усебеларускага Савета сял., салдацкіх і рабочых дэпутатаў, якому даручалася скліканне Бел. Устаноўчага сходу для канчатковага вызначэння дзяржаўна-палітычнага статусу Беларусі і фарміравання легітымных органаў улады. Такая перспектыва супярэчыла імкненням бальшавікоў Зах. фронту да ўстанаўлення сваёй манаполіі на ўладу на Беларусі. Паводле загаду СНКЗах. вобласці і фронту ў ноч на 18(31) снежня Усебел. з’езд быў разагнаны ўзбр. салдатамі.
З паліт. курсам бальшавікоў на ўсталяванне ў краіне класавай пралетарскай дыктатуры не стасавалася і скліканне Усерас. Устаноўчага сходу як агульнанароднага дэмакр. прадстаўнічага органа. На выбарах ва Устаноўчы сход (ліст.—снеж. 1917) у бел. губернях і на Зах. фронце 50,7% галасоў атрымалі бальшавікі, 32,2% — эсэры, астатнія галасы размеркаваліся паміж інш. партыямі. Аднак у цэлым па Расіі 62% выбаршчыкаў прагаласавалі за эсэраў і меншавікоў, 25% — за бальшавікоў, 5% — за кадэтаў. За адмову на пасяджэнні 5.1.1918 прыняць ультыматыўнае патрабаванне бальшавікоў аб прызнанні дэкрэтаў сав. улады Устаноўчы сход быў разагнаны, а дэманстрацыя ў Петраградзе ў яго падтрымку расстраляна. Працэс станаўлення ў Расіі парламентарызму быў гвалтоўна перапынены.
Лінія бальшавіцкага ўрада Расіі на падаўленне паліт. апазіцыі выявілася таксама ў прыняцці 27.10(9.11). 1917 Дэкрэта аб друку, паводле якога быў закрыты шэраг небальшавіцкіх газет; у забароне 28.11(11.12).1917 дзейнасці партыі кадэтаў; у разгоне ў студз. 1918 Усерасійскага Устаноўчага сходу; у паступовай ліквідацыі органаў мясц. самакіравання — земстваў і гар. дум. Фактычна была знішчана ранейшая судовая і праваахоўная сістэма, замененая партыйна-класавымі «рэвалюцыйнымі трыбуналамі». Новай сістэме ўлады былі ўласцівы цэнтралізацыя, аўтарытарызм, выкарыстанне дыктатарскіх метадаў кіравання. Пачалі ажыццяўляцца захады па стварэнні новай мадэлі эканомікі, заснаванай на «грамадскай», фактычна — дзяржаўнай уласнасці на сродкі вытворчасці. У ліст. 1917 пачалося ўвядзенне рабочага кантролю над вытворчасцю, размеркаваннем і фінансавай дзейнасцю. Да лют. 1918 рабочы кантроль устаноўлены на 67 найбуйнейшых прадпрыемствах Беларусі. Гэту меру бальшавікі разглядалі як важны крок да нацыяналізацыі прадпрыемстваў. У снеж. 1917 сав. ўлада нацыяналізавала ўсе прыватныя банкі, канфіскавала грашовыя сродкі насельніцтва, набытыя «непрацоўным шляхам». Нацыяналізацыі падлягалі чыгункі, чыг. майстэрні, пошта і тэлеграф, лесапільныя заводы, млыны, торфапрадпрыемствы. У лют. 1918 пачалася нацыяналізацыя кніжных кіёскаў, аптэк, кафэ, рэстаранаў і інш. У адпаведнасці з Дэкрэтам аб зямлі сав. ўлада пачала аграрныя пераўтварэнні. У канцы 1917—пач. 1918 у бел. вёсцы было экспрапрыіравана каля 13 тыс. прыватнаўласніцкіх гаспадарак.
Радыкальныя паліт. і сац.-эканам. эксперыменты бальшавіцкай улады на большай частцы Беларусі перапыніла наступленне германскай арміі ў лютым 1918.
Літ.:
Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1957;
Победа советской власти в Белоруссии. Мн., 1957;
Игнатенко И.М. Беднейшее крестьянство — союзник пролетариата в борьбе за победу Октябрьской революции в Белоруссии (1917—1918). Мн., 1962;
Яго ж. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;
Яго ж. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Башко П.К. Советы рабочих, солдатских и крестьянских депутатов Белоруссии (март—октябрь 1917 г). Мн., 1987;
Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г.Мн., 1991;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Сяменчык М.Я. Грамадска-палітычнае жыццё на Беларусі ў перыяд Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый (сакавік 1917 — сакавік 1918 гг.). Ч. 1—2. Мн., 2001;
Рудовіч С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 г.Мн., 2001.
С.С.Рудовіч.
Маніфестацыя ў Мінску ў час Лютаўскай рэвалюцыі 1917.Беларускія дэлегаты на 1-м Усерасійскім з’ездзе сялянскіх дэпутатаў. 1917.Мітынг у Лунінцы. Лістапад 1917.Выканком Магілёўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Лістапад 1917.Загад №1 выканкома Мінскага Савета ад 25.10.1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЁСКА (ад стараж.-рус. весь),
у вузкім гіст. сэнсе невял. земляробчае паселішча, адзін з відаў сельскіх нас. пунктаў. У шырокім значэнні паняцце «вёска» ахоплівае не толькі ўсе віды сталых паселішчаў, жыхары якіх — сяляне, с.-г. рабочыя і інш. — заняты пераважна ў сельскай гаспадарцы, паляванні, рыбалоўстве і інш., але і ўвесь комплекс сац.-эканам., культ.-бытавых і прыродна-геагр. асаблівасцей і ўмоў жыцця вёскі як сац.-эканам. катэгорыі, якая проціпастаўляецца гораду. Сац.-эканам. спецыфіка вёскі вызначаецца непасрэднай сувяззю яе жыхароў з зямлёй, гасп. асваеннем тэрыторыі і выкарыстаннем яе прыродных рэсурсаў праз накіраваную, пераўтваральную дзейнасць у розных галінах сельскай гаспадаркі. Адсюль разгрупаванне вёскі, параўнальна невял. памеры, сезонная цыклічнасць працы і інш. Усе бакі жыцця вёскі і сама вёска як сац.-эканам. катэгорыя перажылі значныя змены ў ходзе гіст. развіцця грамадства.
На Беларусі вёска — асн. тып сельскага паселішча, на працягу стагоддзяў была хавальніцай самабытных нар. традыцый, што стварала грунт для нац. адраджэння і этн. самазахавання бел. народа. Да 8—9 ст. вёскамі былі практычна ўсе паселішчы, пакуль у выніку аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі не сталі стварацца гарады і мястэчкі. У гэты ж час пры пераходзе ад радавой да суседскай абшчыны (грамады) з’яўляюцца асобныя сял. двары-сядзібы. Да сярэдзіны 16 ст. пераважала скучаная (бессістэмная) планіроўка вёскі, калі сял. хаты размяшчаліся асобнымі групамі. У выніку валочнай памеры пашырылася вулічная планіроўка, што стала адметнай рысай бел. вёскі на працягу стагоддзяў. Колькасць двароў звычайна не перавышала некалькіх дзесяткаў. Група суседніх вёсак утварала сельскую акругу (воласць), якая вызначалася аднароднасцю насельніцтва, значным падабенствам духоўнага і эканам. жыцця. Тыпалогія і вонкавае аблічча паселішчаў вызначалася асаблівасцямі таго ці інш.гіст.-этнагр. рэгіёна Беларусі. Усё неабходнае для жыцця сялян выраблялася ў вёсцы, гаспадарка мела натуральны характар. У феад. перыяд вёскі былі прыватнаўласніцкія і дзяржаўныя; існаваў пазаэканам. прымус, які даваў магчымасць землеўласнікам забіраць у сялян прыбавачны прадукт. У час спусташэнняў, выкліканых войнамі, асабліва ў 17—18 ст., феадалы заахвочвалі перасяленцаў у разбураныя раёны вызваленнем ад падаткаў на некалькі гадоў, у т. л. ствараліся новыя тыпы паселішчаў — «воля», «слабада», якія потым ператвараліся ў звычайныя вёскі. Пасля адмены прыгону (1861) адбыліся істотныя змены ў жыцці вёскі, павялічыўся рух сялян у горад і на хутары. Сталыпінская аграрная рэформапач. 20 ст. заканадаўча паскорыла працэс эвалюцыі ад сял. пераважна натуральнай гаспадаркі да гандлёва-рыначнай с.-г. вытворчасці. У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 паводле Дэкрэта аб зямлі была ліквідавана памешчыцкая ўласнасць на зямлю, асн. тыпам гаспадаркі ў вёсцы стала дробная індывід. гаспадарка, большасць сялян была паднята да ўзроўню сераднякоў. У вёсцы праводзілася ліквідацыя непісьменнасці, ствараліся ячэйкі РКП (б) і камсамола, прафсаюзныя арг-цыі, якія вялі работу па выхаванні сялян у «пралетарскім» духу, выкараненні дробнапрыватніцкай псіхалогіі, паскаралася развіццё кааперацыі. Стварэнне буйных гаспадарак — калгасаў і саўгасаў — у выніку калектывізацыі ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. прывяло да карэннага пералому ў векавым жыццёвым укладзе вёскі. Сярод жыхароў вёскі з’явіліся механізатары, кіруючыя кадры сярэдняга звяна, павысіўся культ.-тэхн. ўзровень сялян. Разам з тым вёска панесла вял. страты: прынцып добраахвотнасці пры калектывізацыі парушаўся, у выніку раскулачвання і інш. форм рэпрэсій заможныя сяляне (а таксама шмат сераднякоў) высяляліся. Агульная колькасць жыхароў вёскі ў выніку міграцый сялян у гарады СССР і па інш. прычынах зменшылася ў 1930-я г. на 1 млн.чал.Вял. ўрон вёсцы быў нанесены ў гады Вял.Айч. вайны: ням.-фаш. захопнікі разбурылі і спалілі 9200 вёсак (620 разам з жыхарамі), знішчылі 782,2 тыс.чал. У пасляваен. час ішоў працэс адбудовы вёскі, у Зах. Беларусі праведзена калектывізацыя. У 1960—80-я г. на аснове нарошчвання мат.-тэхн. базы сельскай гаспадаркі вырас дабрабыт і культ. ўзровень вёскі, усё больш вёскі забудоўваліся па спец. праектах (цэнтр сядзібы саўгаса «Прагрэс» Гродзенскага, «Новы быт» Мінскага, «Рассвет» Кіраўскага р-наў і інш.). Адначасова ўдз. вага вясковага насельніцтва скарацілася да 35%, каля ⅓ яго складаюць пенсіянеры, за апошнія 30 гадоў знікла больш як 10 тыс. вёсак. З канца 1980-х г. у вёсцы праводзіцца агр. рэформа, узнікаюць фермерскія гаспадаркі і с.-г. кааператывы, адноўлена арэнда зямлі. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 у зоне радыяцыйнага забруджвання апынуліся 54 раёны, сотні вёсак апусцелі. У 1986—92 на новае месца жыхарства пераехала 130 тыс.чал., пераважна вяскоўцаў. Акрамя вёсак на Беларусі гістарычна існавалі інш. тыпы сельскіх паселішчаў: сяло, аколіца, засценак, хутар, фальварак і інш.Гл. таксама Сялянства, Аграрнае пытанне, Аграрныя рэформы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛГЕБРА,
навука пра сістэмы аб’ектаў той ці інш. прыроды, у якіх устаноўлены аперацыі, па сваіх уласцівасцях падобныя на складанне і множанне лікаў (алг. аперацыі). Задачы і метады алгебры ствараліся паступова, у выніку пошукаў агульных прыёмаў рашэння аднатыпных арыфм. задач (пераважна састаўлення і рашэння ўраўненняў).
Вялікі ўплыў на развіццё алг. ідэй і сімволікі зрабіла «Арыфметыка» Дыяфанта (3 ст.). Тэрмін «алгебра» паходзіць ад назвы твора Мухамеда аль-Харэзмі «Альджэбр аль-мукабала» (9 ст.), які мае агульныя метады рашэння алгебраічных ураўненняў (АУ) 1-й і 2-й ступеняў. У канцы 15 ст. замест грувасткіх слоўных апісанняў алг. дзеянняў у матэм. творах з’яўляюцца знакі «+» і «-», потым знакі ступеняў, кораняў, дужкі. У канцы 16 ст. Ф.Віет першы выкарыстаў літарныя абазначэнні. Да сярэдзіны 17 ст. ў асн. склалася сучасная алг. сімволіка. У далейшым погляд на алгебру мяняўся. Алгебра 17—18 ст. займалася літарнымі вылічэннямі (рашэнне АУ, тоеснае пераўтварэнне формул і інш.) у адрозненне ад арыфметыкі, якая аперыруе канкрэтнымі лікамі. Да сярэдзіны 18 ст. алгебра склалася прыблізна ў аб’ёме цяперашняй т.зв. элементарнай алгебры. Алгебра 18—19 ст. з’яўляецца ў асн. алгебрай мнагачленаў. Першай гіст. задачай алгебры было рашэнне АУ з адным невядомым. У 16 ст.італьян. матэматыкамі была знойдзена формула для рашэння ўраўненняў 3-й ступені (формула Кардана), потым метад рашэння ўраўненняў 4-й ступені (метад Ферары). Амаль 3 стагоддзі вёўся пошук формулы для рашэння ўраўненняў вышэйшай ступені. У 17 ст. ўпершыню выказана А.Жырарам, а ў канцы 18 ст. К.Гаўсам даказана асн. тэарэма алгебры аб існаванні камплекснага кораня для адвольных АУ з камплекснымі каэфіцыентамі. У 1824 Н.Абель даказаў, што ўраўненне вышэй 4-й ступені ў агульным выпадку ў радыкалах невырашальнае, а ў 1830 Э.Галуа знайшоў крытэрый вырашальнасці ў радыкалах АУ. Разам з тэарэмай АУ з адным невядомым разглядаліся сістэмы АУ з многімі невядомымі, у прыватнасці сістэмы лінейных ураўненняў, у сувязі з чым узніклі паняцці матрыцы і дэтэрмінанта. З сярэдзіны 19 ст. даследаванні ў алгебры паступова пераносяцца з тэорыі АУ да вывучэння адвольных алг. аперацый. Абстрактнае паняцце алг. аперацыі ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў сувязі з даследаваннем прыроды камплексных лікаў, а таксама ў выніку з’яўлення прыкладаў алг. аперацый над элементамі зусім інш. прыроды, чым лікі, — складанне і множанне матрыц і інш.
У пачатку 20 ст. алгебра стала разглядацца як агульная тэорыя алг. аперацый на аснове аксіяматычнага метаду (сфарміравалася пад уплывам прац Ц.Гільберта, Э.Штэйніца, Э.Арціна, Э.Нётэр і інш.). Сучасная алгебра вывучае мноствы адвольнай прыроды з зададзенымі на іх алг. аперацыямі (г.зн. алгебра ці універсальныя алгебра). Доўгі час вывучаліся толькі некалькі тыпаў універсальных алгебраў — групы, кольцы, лінейныя прасторы. Пазней пачалося вывучэнне абагульненняў паняцця групы — паўгрупы, квазігрупы і лупы. Разам з асацыятыўнымі кольцамі і алгебрай пачалі вывучацца і неасацыятыўныя кольцы і алгебра. Асацыятыўна-камутатыўныя кольцы і палі з’яўляюцца асн. аб’ектам вывучэння камутатыўнай алгебры, з якой цесна звязана алгебраічная геаметрыя. Важным тыпам алгебры з’яўляюцца структуры. Лінейныя прасторы, модулі, а таксама іх лінейныя пераўтварэнні і сумежныя пытанні вывучае лінейная алгебра, часткай якой з’яўляюцца тэорыі лінейных ураўненняў і матрыц. Да лінейнай алгебры прымыкае полілінейная алгебра. Першыя працы па агульнай тэорыі адвольных універсальных алгебраў належаць Г.Біркгафу (1830-я г.). У тыя ж гады А.І.Мальцаў і А.Тарскі заклалі асновы тэорыі мадэляў — мностваў з зададзенымі на іх адносінамі. У выніку цеснага збліжэння тэорыі універсальных алгебраў з тэорыяй мадэляў узнік новы раздзел алгебры, сумежны з алгебрай і матэматычнай логікай, — тэорыя алг. сістэм, якая вывучае мноствы з зададзенымі на іх алг. аперацыямі і адносінамі (гл.Алгебра логікі). Дысцыпліны, сумежныя з алгебрай і інш. часткамі матэматыкі, вызначаюцца ўнясеннем ва універсальныя алгебры дадатковых структур, узгодненых з алг. аперацыямі і адносінамі: тапалагічная алгебра, у т. л. тапалагічныя групы і групы Лі, тэорыя ўнармаваных кольцаў, дыферэнцыяльная алгебра, тэорыі розных упарадкаваных алгебраў. Да сярэдзіны 1950-х г. сфарміравалася гамалагічная алгебра, карані якой ляжаць у алгебры і тапалогіі.
Алг. паняцці і метады выкарыстоўваюцца ў геаметрыі, тэорыі лікаў, функцыян. аналізе, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, метадах вылічэнняў і інш. Алгебра мае вял. дачыненне да фізікі (выяўленні груп у квантавай фізіцы), крышталяграфіі (дыскрэтныя групы), кібернетыкі (тэорыі аўтаматаў і кадзіравання), матэм. эканомікі (лінейныя няроўнасці) і інш.Сістэм. даследаванні па алгебры на Беларусі пачалі Дз.А.Супруненка (1945) і С.А.Чуніхін (1953). Вядуцца пераважна ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі, БДУ, Гомельскім ун-це ў школах У.П.Платонава, А.Я.Залескага, Л.А.Шамяткова.
Літ.:
Математика, её содержание, методы и значение. Т. 1—3. М., 1956;
Бурбаки Н. Очерки по истории математики: Пер. с фр.М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫБА́ЦІ (Kiribati),
дзяржава на астравах у зах.ч. Ціхага ак. У складзе К. а-вы Гілберта (пл. 264 км²), Лайн (Спарады Цэнтральныя Палінезійскія, пл. каля 400 км²), Фенікс (пл. 28 км²) і Банаба (Ошэн, пл. 5 км²). Падзяляецца на 6 акруг. Астравы, якія складаюць краіну, распасціраюцца з З на У на 5 тыс.км, з Пн на Пд на 1 тыс.км. Пл. 717 км². Нас. 80,9 тыс.чал. (1996). Сталіца — г.Баірыкі (Тарава) на в-ве Тарава ў групе а-воў Гілберта. Афіц. мова — англійская, насельніцтва размаўляе на тунгуруанскай (кірыбаці) мове. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 ліпеня).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Палата сходу (36 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць ураду.
Прырода. Амаль усе астравы — нізкія каралавыя атолы з кальцавым рыфам, пясчана-галечнымі дробнымі астраўкамі на ім і ўнутр. лагунай. Складзены пераважна з вапнякоў. Найб.выш. на в-ве Банаба — 81 м. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра ўвесь год каля 26—28 °C. Ападкаў ад 1000 мм (на паўд. астравах) да 3000 мм (на Пн), выпадаюць пераважна ў ліст.—красавіку. Бываюць засухі і разбуральныя ўраганы. Рэк і ручаёў няма. На больш засушлівых астравах растуць нізкарослыя хмызнякі, на Пн ёсць гаі шыракалістых дрэў. Каля берагоў некаторых атолаў развіта мангравая расліннасць. Жывёльны свет бедны. Ёсць яшчаркі, шмат марскіх птушак (фрэгаты, бакланы, крачкі, олушы і інш.). Лагуны і прыбярэжныя акіянскія воды багатыя рыбай, крабамі, малюскамі.
Насельніцтва. 96% складае мікранезійскі народ тунгару (кірыбаці). Ёсць невял. групы палінезійцаў і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (53%) і пратэстанты (41%). Сярэдняя шчыльн. 113 чал. на 1 км². Заселены толькі 13 астравоў з 33. Усе яны ў групе а-воў Гілберта. Каля 40% насельніцтва жыве на в-ве Тарава, дзе знаходзіцца сталіца краіны г. Баірыкі (больш за 25 тыс.ж.; 1990). На а-вах Лайн і Фенікс насельніцтва часовае (рабочыя плантацый). Характэрна міграцыя мужчын на в-аў Науру, дзе яны працуюць на здабычы фасфарытаў.
Гісторыя. Астравы заселены продкамі сучасных мікранезійцаў у 2-м тыс. да н.э. Першым з еўрапейцаў тут пабываў у 1606 ісп. мараплавец П.Кірос. У 1788 астравы даследаваў англ. капітан Дж.Гілберт (ад яго імя назва гал. архіпелага). Сталыя пасяленні еўрапейцаў з 1837. З 1892 пратэктарат Вялікабрытаніі, у 1916—76 у складзе брыт. калоніі Астравы Гілберта і Эліс. У 2-ю сусв. вайну астравы акупіраваны Японіяй (1942—43). У 1976—79 брыт. калонія пад назвай Астравы Гілберта (з 1977 унутр. аўтаномія). 12.7.1979 К. абвешчана незалежнай дзяржавай. Першы прэзідэнт краіны з 1979 І.Табаі, з 1994 — Т.Ціта.
Гаспадарка. К. — слабаразвітая краіна. Валавы ўнутр. прадукт складае 63 млн.дол. (1995), каля 850 дол. на чалавека. Найб. развіты сельская гаспадарка і рыбалоўства. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 36 тыс.га. Палова гэтай плошчы занята какосавай пальмай. Найб. какосаў вырошчваюць на плантацыях, створаных замежнымі кампаніямі на а-вах Лайн і Фенікс. Вырошчваюць таксама хлебнае дрэва, панданус, тара, батат, бананы, агародніну. Свіна- і птушкагадоўля (другараднае значэнне). Рыбу (кефаль, вугор, тунец, макрэль і інш.) у марской эканам. зоне ловяць жыхары К. і за вызначаную плату рыбалавецкія судны Японіі. У 1995 улоў рыбы 24,7 тыс.т. Лоў крабаў, малюскаў, збор водарасцей. Прам-сць прадстаўлена малымі прадпрыемствамі па вытв-сці копры (каля 10—20 тыс.т штогод), какосавага алею, харч. прадуктаў, мэблі, сувеніраў (вееры, плеценыя кошыкі), перапрацоўцы рыбы. Ёсць некалькі дробных электрастанцый, якія выпрацоўваюць штогод 10—13 млн.кВт∙гадз электраэнергіі. На астравах штогод бывае каля 2 тыс. замежных турыстаў Транспарт пераважна марскі. Гал. порт Баірыкі. Ёсць 20 аэрадромаў і пасадачных пляцовак. Аэрапорт на в-ве Тарава прымае міжнар. рэйсы. Даўж. аўтадарог — 640 км. У краіне 2 тыс. аўтамашын і матацыклаў. У 1995 экспарт склаў 6,3 млн. долараў, імпарт — 38,6 млн. долараў. К. экспартуе ў асн. копру (50% экспарту), рыбу і морапрадукты (31%). У імпарце пераважаюць харч. і прамысл. тавары. Асн.гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, ЗША, Новая Зеландыя. Краіна атрымлівае дапамогу развітых дзяржаў і міжнар. арг-цый. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).