ПРЭС-ФО́РМА (ад ням. Pressform),

прыстасаванне для атрымання аб’ёмных загатовак (вырабаў) рознай канфігурацыі з розных матэрыялаў (металу, пластмас, гумы, керамічных і інш.) пад дзеяннем ціску, што ствараецца на ліцейных машынах ці прэсах. Мае адну ці некалькі афармляльных (фармавальных) поласцей, якія з’яўляюцца адваротным адбіткам вонкавай паверхні загатоўкі. Пры прасаванні полых вырабаў унутраныя поласці фармуюць пуансонамі (стрыжнямі).

Прэс-форма для гарачага прасавання пластмасы: 1 — штурхач; 2 — матэрыял. што прасуецца; 3 — матрыца; 4 — пуансон; 5 — гатовы выраб.

т. 13, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫСО́РА (ад франц. ressort пругкасць),

пругкі элемент падвескі трансп. машын і павозак. Змякчае штуршкі і ўдары на няроўнасцях дарогі і ўспрымае нагрузку ад кузава без астаткавай дэфармацыі. Бываюць метал. (ці з інш. сціскальных матэрыялаў), гідраўл. і пнеўматычныя. Найб. пашыраны метал. ліставыя, тарсіённыя і шрубавыя, якія гасяць ваганні за кошт дэфармацыі. Амартызавальнае дзеянне гідраўл. і пнеўматычных Р. забяспечваецца за кошт пругкіх уласцівасцей вадкасці, газу ці паветра. Выкарыстоўваюцца таксама камбінаваныя Р. (напр., гумава-метал., пнеўма-гідраўлічныя).

т. 13, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСПІРА́ТАР (ад лац. respiro выдыхаю, дыхаю),

індывідуальная прылада працяглага ці аднаразовага карыстання для аховы органаў дыхання чалавека ад пылу і шкодных рэчываў. Складаецца з маскі (паўмаскі) і фільтра (вата, фетр, спец. тканіна і інш.). Існуюць ізалявальныя (шлангавыя, кіслародныя), што выкарыстоўваюцца пры недастатковай колькасці ў паветры кіслароду (менш за 16%) ці пры наяўнасці ў паветры шкодных рэчываў (напр., пры аварыйна-выратавальных работах), а таксама фільтравальныя (супрацьпылавыя), якія выкарыстоўваюць і для аховы ад радыеактыўнага пылу.

т. 14, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАДЗІ́ЛЬНЯ, саладоўня,

старадаўняе гаспадарчае збудаванне, дзе прарошчвалі і сушылі зерне на солад; тып сушні. Вядома ў матэрыяльнай культуры многіх слав. народаў. На Беларусі ў 16—19 ст. будавалі (пераважна пры броварах ці асобна) драўляныя пабудовы, накрытыя драніцамі ці саломай, з маленькімі вокнамі. Складалася з 2 памяшканняў: у адным ставілі рошчыну, у другім была сушня з курнай печчу. С. былі ў многіх маёнтках і сядзібах. Часам іх выкарыстоўвалі як сушні.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 14, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНО́ЛА-АЛЬДЭГІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ,

сінтэтычныя смолы, прадукты полікандэнсацыі фенолаў з альдэгідамі. Цвёрдыя ці вадкія аморфныя рэчывы. У якасці фенольнай кампаненты выкарыстоўваюць уласна фенол і яго алкіл- і арылвытворныя (напр., крэзолы, ксіленолы), бісфенолы, а таксама прадукты перагонкі каменнага вугалю, сланцаў, нафты, складаныя расл. сумесі і інш. У якасці фенольнай кампаненты пераважна выкарыстоўваюць водныя растворы фармальдэгіду (фармалін) ці яго цвёрдыя вытворныя — гексаметылентэтрамін, парафармальдэгід, трыаксан (гл. Фенола-фармальдэгідныя смолы) і фурфурол (гл. Фуранавыя смолы).

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 16, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАФО́РА (Phyllophora),

род чырвоных водарасцей. Каля 15 відаў. Пашыраны ў халодных і ўмераных морах. Растуць на пясчана-камяністых, глеістых або галечных грунтах, на ракавінах малюскаў.

Слаявіна пласціністая, выш. да 50 см, простая ці разгалінаваная. Пласціны лінейнай, кліна- або сэрцападобнай формы з хвалістым, зубчастым ці лопасцевым краем. У некат. відаў спарафіты развіваюцца на гаметафітах у выглядзе невял. нарасцей. Выкарыстоўваюцца для атрымання агарападобнага рэчыва — філафарану, ёду. Харч., тэхн., кармавыя расліны.

Т.​М.​Міхеева.

Філафора жылкаватая.

т. 16, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ТЫ (франц. fritte ад лац. frigo падсмажваю, падсушваю), керамічныя ўгнаенні, шкляныя ўгнаенні,

угнаенні ў выглядзе сплаваў шкла ці керамікі з мікраэлементамі (борам, цынкам, марганцам, малібдэнам, меддзю, жалезам); адна з форм мікраўгнаенняў. З’яўляюцца крыніцай паступовага і раўнамернага жыўлення раслін мікраэлементамі (утрымліваюць іх у воданерастваральнай, але засваяльнай раслінамі форме). Ф. паляпшаюць рост раслін, якасць прадукцыі, павялічваюць актыўнасць некат. ферментаў, памяншаюць акісляльнасць тканак. Уносяць разам з інш. ўгнаеннямі пры асн. апрацоўцы ці мясцова пры пасадцы.

т. 16, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНДАМЕНТА́ЛЬНЫЯ АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ ПАСТАЯ́ННЫЯ,

астранамічныя параметры, якія характарызуюць памеры, становішча, рух нябесных цел і захоўваюць пастаянныя значэнні ці павольна мяняюцца ў часе. Вызначаюцца з астр. назіранняў ці тэарэтычна. Прыклады Ф.а.п.: астранамічная адзінка, гравітацыйная пастаянная, скорасць святла ў вакууме, паралакс Сонца, экватарыяльны радыус Зямлі і інш. Выкарыстоўваюцца для пераходу ад каардынат з непасрэдных назіранняў да геліяцэнтрычных і геацэнтрычных каардынат; рашэння задач дынамікі Сонечнай сістэмы, прыкладных задач геадэзіі, картаграфіі, касманаўтыкі; вызначэння эфемерыд Сонца, Месяца і планет.

т. 16, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХО́НДА»,

сям’я матацыклаў і легкавых аўтамабіляў кампаніі «Хонда мотар» і яе філіялаў. Матацыклы рознага прызначэння выпускаюцца з 1948, маюць рухавікі магутнасцю 3—90 кВт, найб. скорасць да 235 км/гадз. Пярэднепрывадныя легкавыя аўтамабілі розных класаў выпускаюцца з 1960, маюць 2-, 4- ці 5-месны (мікрааўтобусы — 6-месныя) кузаў, пераважна хэтчбэк, купэ ці седан, бензінавы рухавік магутнасцю 60—201 кВт, размешчаны пераважна спераду, найб. скорасць да 270 км/гадз.

Пярэднепрывадны аўтамабіль «Хонда» мадэлі «Леджэнд Коўп».

т. 17, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРВАНАЗЁМЫ,

тып глеб, які ўтвараецца пад шыракалістымі лясамі вільготных субтропікаў і часткова пад трапічнымі саваннамі ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму. Для іх характэрны яркая чырванаватая ці аранжавая афарбоўка, высокая наяўнасць аксідаў жалеза і алюмінію, нізкая крэменязёму і асноў, добрая гумуснасць (6—9%), але збедненасць пажыўнымі рэчывамі, кіслая ці слабакіслая рэакцыя глебавага раствору. Выкарыстоўваюцца для вырошчвання чаю, тытуню, цытрусавых культур, вінаграду. Пашыраны ў Грузіі, Італіі, Іспаніі, Азербайджане, Кітаі, Японіі, В’етнаме, ЗША, Бразіліі, Аўстраліі, Афрыцы.

т. 17, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)