СЕА́НС (франц. seance),

1) публічная дэманстрацыя чаго-н. ва ўстаноўлены прамежак часу без перапынку (напр., С. у кіно, С. паказу мадэлей).

2) Выкананне якога-н. дзеяння, работы, лячэння ў вызначаны час, а таксама прамежак часу, калі гэта адбываецца (напр., С. гіпнозу).

т. 14, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЗААФА́НІ (кіт., літар. — бунтары),

удзельнікі атрадаў прац. моладзі, якія ствараліся мааісцкім кіраўніцтвам Кітая ў 1966—67 у час «культурнай рэвалюцыі». Выконвалі тыя ж функцыі, што і хунвэйбіны: запалохванне, цкаванне і тэрарызаванне праціўнікаў палітыкі Мао Цзэдуна. Распушчаны ў канцы 1960-х г.

т. 17, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКВАТАРЫЯ́ЛЬНАЕ ПАВЕ́ТРА,

экватарыяльныя паветраныя масы, якія ўтвараюцца ў зоне экватара або рухаюцца ад яго. Маюць высокую т-ру, вільготнасць, няўстойлівыя. Перамяшчэнне іх у больш высокія трапічныя шыроты суправаджаецца моцнымі ліўнямі, асабліва ў час пераходу з акіяна на сушу.

т. 18, кн. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНКЕ́ВІЧ Станіслаў Сымонавіч (2.2.1902, в. Новы Двор Беластоцкага ваяв., Польшча — 25.7.1945),

бел. грамадска-паліт. і культ. дзеяч, літаратар. Скончыў мед. ф-т Пазнанскага ун-та. Працаваў у клініках Познані, Хорашча (Беластоцкае ваяв.), Вільні. Быў чл. Бел. нац. к-та, Бел. навук, т-ва. У 1931—36 віцэ-старшыня ЦК Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Друкаваўся ў час. «Студэнцкая думка», «Калоссе», газ. «Беларуская крыніца» і інш. Аўтар працы «Народ», кн. «Аб тэатры» (абедзве 1927), аповесці «Царква. Помста. Вязніца» (1928), эсэ «У братоў украінцаў» (1936). Праца Грынкевіча «Асвета» (1936) была канфіскавана, а аўтар арыштаваны польск. ўладамі. Пераклаў з лац. мовы на бел. кн. «Следам за Хрыстом» Т.​Кэмпійскага. У час 2-й сусв. вайны ўдзельнічаў у рабоце Віленскага бел. нац. к-та, супрацоўнічаў у газетах «Раніца», «Беларускі работнік», «Беларускі студэнт». У 1944 арыштаваны, 18.5.1945 ваен. трыбуналам Бел.-Літ. ваен. акругі прыгавораны да расстрэлу.

А.​С.​Ліс, А.​М.​Пяткевіч, І.​І.​Трацяк.

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ТЛАЎ Алесь (Аляксандр Мікалаевіч; н. 3.6.1936, в. Туркі Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у друку, на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1980 у час. «Родная прырода». Друкуецца з 1956. Першая кн. апавяданняў «Росы на паплаве» (1974). У аповесцях «Белы месяц сакавік» (1977), «Сляды», «Начное неба ў ліпені» (абедзве 1981), «У вераснёвы вечар» (1987) даследуе духоўны свет чалавека, пытанні маралі і этыкі, праблемы адказнасці асобы перад сабой і грамадствам. Пра вясковых настаўнікаў аповесць «Брод» (1981), апавяданні «Поезд ішоў праз ноч», «Юрачка». Тэму пераемнасці пакаленняў, трагедыю Айч. вайны асэнсоўвае ў аповесці «Час даспелага жыта» (1981), апавяданнях «Вяртанне», «Жоўтае лісце», «Дана» і інш. Сутнасць змен у жыцці, горкія ўрокі мінулага спрабуе спасцігнуць у рамане «Парог» (1993), апавяданнях «Трое на прахадной», «Белыя людзі» і інш. Аўтар нарысаў, фельетонаў, твораў для дзяцей («Стрэл на белым лузе», 1985). Уздымае экалагічныя праблемы.

Тв.:

Белы месяц сакавік. Мн., 1977;

Сляды. Мн., 1981;

Вяртанне. Мн., 1987;

Парог. Мн., 1993.

І.​У.​Саламевіч.

т. 6, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎБАР-МУСНІ́ЦКІ (Dowbor-Musnicki) Юзаф Рамуальдавіч (25.10.1867, мяст. Гарбаў Сандамірскага пав. Радамскай губ. — 28.10.1937),

рускі і польскі ваен. дзеяч, ген.-лейт. рус. арміі (1917), ген. броні польскага войска; кіраўнік мяцяжу супраць сав. улады на Беларусі ў 1918. Скончыў Акадэмію Генштаба (1902). Удзельнік рус.-яп. вайны. У час 1-й сусв. вайны камандзір дывізій на Каўказскім і Паўн. франтах. У снеж. 1916 загадаў расстраляць без суда і следства 13 салдат, пасля чаго пераведзены на Зах. фронт камандуючым 38-м арм. корпусам 10-й арміі. У крас. 1917 выведзены са складу дэлегатаў з’езда арміі за манархічныя выступленні. У ліп. 1917 арганізаваў на Зах. фронце 1-ы польскі корпус. 25.1.1918 аб’явіў вайну Сав. Рэспубліцы (гл. Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918). З канца 1918 служыў у польскім войску. У 1919 арганізатар і камандуючы польск. войскамі ў час антыгерм. паўстання ў т.зв. прускай Польшчы. Аўтар мемуараў пра дзейнасць 1-га польск. корпуса на Беларусі.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НЭДЗІ (Kennedy) Джон Фіцджэралд (29.5.1917, г. Бруклайн, ЗША — 22.11.1963),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Брат Р.Ф.Кенэдзі. Скончыў Гарвардскі ун-т (1940). Удзельнік 2-й сусв. вайны, афіцэр флоту. Пасля вайны журналіст. У 1947—53 чл. палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША, у 1953—61 сенатар ад штата Масачусетс. У 1961—63 прэзідэнт ЗША ад Дэмакр. партыі. Намагаўся ажыццявіць праграму сац.-эканам. рэформ, у т. л. абмежаваць расавую дыскрымінацыю неграў у ЗША, імкнуўся вырашыць складаныя міжнар. праблемы праз перагаворы (напр., Карыбскі крызіс 1962). Аўтар кніг «Нацыя імігрантаў» (1959), «Рысы мужнасці» (1962) і інш. Забіты ў г. Далас у час паездкі па краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 1964. Паводле афіц. версіі спец. камісіі на чале з старшынёй Вярх. суда ЗША Э.​Уорэнам (вер. 1964), прызначанай прэзідэнтам ЗША Л.​Джонсанам, К. забіў амерыканец Л.​Х.​Освальд (некаторы час жыў у Мінску), які нібыта дзейнічаў адзін.

Літ.:

Громыко А. Даллаская трагедия // Покушение или убийство по политическим мотивам. Мн., 1993.

Дж.Кенэдзі.

т. 8, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЖОЎ ЭНЬЛА́Й (5.3.1898, г. Хуаян, прав. Чжэцзян, Кітай — 8.1.1976),

кітайскі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Кітаі, Японіі і Францыі. З 1922 у Камуніст. партыі Кітая (КПК), чл. яе ЦК (з 1927), Палітбюро ЦК (з 1928). У рэвалюцыю 1925—28 у Кітаі кіраўнік ваен. аддзела КПК, паліт. кіраўнік Наньчанскага паўстання 1927. У 1927—32 на падп. рабоце ў г. Шанхай і прав. Гуансі, з 1932 паліт. камісар 1-га фронту Чырв. Арміі ў Цэнтр. сав. раёне (у час Паўночна-заходняга паходу 1934—36 на пасадзе паліт. камісара яго змяніў Мао Цзэдун). У час антыяп. вайны 1937—45 прадстаўнік КПК пры гаміньданаўскім урадзе Кітая. Прэм’ер Дзярж. адм. савета (1949—54), міністр замежных спраў (1949—58), прэм’ер Дзярж. савета (1954—76) Кіт. Нар. Рэспублікі. Чл. Пастаяннага к-та Палітбюро ЦК КПК (1956—76), нам. старшыні КПК (1956—66, 1973—76).

Літ.:

Тихвинский С.Л. Путь Китая к объединению и независимости, 1898—1949: По материалам биогр. Чжоу Эньлая. М., 1996.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУБО́ВІЧ Пётр Піліпавіч (псеўд. Л.Мельшын і інш.; 3.11.1860, с. Ісаева Наўгародскай вобл., Расія — 30.3.1911),

дзеяч рэв. руху ў Расіі, пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). З 1878 супрацоўнік дэмакр. час. «Дело», «Слово», «Отечественные записки». З 1882 чл. «Народнай волі», з 1883 адзін з яе кіраўнікоў. У 1884 арыштаваны, у 1887 асуджаны на 18 гадоў катаргі, якую адбываў у Забайкаллі. З 1895 на пасяленні ў г. Курган, у 1899 атрымаў дазвол на вяртанне ў Еўрап. Расію. Супрацоўнічаў у час. «Русское богатство». Аўтар вершаў, у якіх працягваў традыцыі грамадз. лірыкі М.А.Някрасава, аўтабіягр. нарысаў аб Акатуйскай катарзе «У свеце адрынутых» (1895—98), апавяданняў, прац па гісторыі рус. л-ры і рэв. руху.

Тв.:

Шлиссельбургские мученики. СПб., 1906;

Н.​А.​Некрасов: Его жизнь и лит. деятельность. СПб., 1907;

Очерки русской поэзии. 2 изд. СПб., 1911;

Пасынки жизни: Рассказы. 4 изд. М., 1918;

Стихотворения. Л., 1960;

В мире отверженных. Т. 1—2. М.; Л., 1964.

т. 18, кн. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШТУ́НІЦА Ваіслаў (н. ў 1944, Бялград),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Югаславіі. Скончыў Бялградскі ун-т (1970), дзе працаваў да 1974, калі быў звольнены за выступленні супраць новай канстытуцыі краіны, якая, на яго думку, давала занадта шмат правоў інш. рэспублікам, прыніжаючы ролю Сербіі. З таго часу быў вядомы як дысідэнт. У 1974—89 у Ін-це грамадскіх навук у Бялградзе. Адзін з заснавальнікаў Дэмакр. партыі (1989). Пасля яе распаду (1992) намагаўся аб’яднаць дэмакр. ідэалы з нац. ідэяй, стварыў Дэмакр. партыю Сербіі. Рэзка выступаў супраць агрэсіі НАТО у Югаславіі 1999 і ў той жа час быў прыхільнікам збліжэння краіны з Захадам. У час вераснёўска-кастр. крызісу 2000 К. і яго прыхільнікі адмовіліся прызнаць афіц. вынікі 1-га тура прэзідэнцкіх выбараў і К. 6.10.2000 абвясціў сябе выбраным прэзідэнтам Югаславіі. Пайшоў у адстаўку з гэтай пасады ў сувязі з пераўтварэннем Югаславіі ў супольніцтва Сербія і Чарнагорыя (сак. 2003; гл. Дадатак). Пасля парламенцкіх выбараў 28.12.2003 у Сербіі — прэм’ер-міністр Сербіі.

М.​С.​Даўгяла.

т. 18, кн. 1, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)