МАНЕ́Ж (франц. manège) у архітэктуры, 1) прамавугольны ці круглы ў плане будынак без унутр. перагародак (часам агароджаная пляцоўка) для трэніроўкі коней, навучання верхавой яздзе, конна-спарт. спаборніцтваў. Падлога ў М. глінабітная, укрыта слоем пяску і драўняных апілак. Даўж. дарожкі ў закрытым прамавугольным М. да 130 м, у круглым — да 100 м, на адкрытым М. яна дзёрнавая, шчыльная грунтавая, пясчаная або тартанавая. Сучасныя М. будуюць звычайна пры іпадромах. У арх. адносінах найб. выразныя М. 18—19 ст.: класіцыстычныя — конна-гвардзейскі ў С.-Пецярбургу (1804—07, арх. Дж.​Кварэнгі), Маскве (1817—25, інж. Л.​Л.​Карбанье, паводле праекта А.​Бетанкура, арх. В.​І.​Баве; з 1957 выставачная зала). На Беларусі драўляныя прамавугольныя ў плане М. для трэніроўкі коней і навучання верхавой яздзе існавалі ў 2-й пал. 18—19 ст. ў Альбе пад Нясвіжам, Слуцку, Клецку і інш. Дзейнічае М. пры іпадроме конна-спарт. базы «Ратамка».

2) М. спартыўныя бываюць спецыялізаваныя (для аднаго віду спорту) і універсальныя, у якіх трансфармацыя арэны дае магчымасць праводзіць заняткі і спаборніцтвы па розных відах спорту. Найб. распаўсюджаны М.с. для заняткаў футболам і лёгкай атлетыкай. Футбольныя манежы маюць арэну для гульні ў міні-футбол (60 × 40 м); для спаборніцтваў рэсп. і міжнар. ўзроўняў — стандартнае футбольнае поле. Іх выкарыстоўваюць і для інш. відаў спорту (барацьба, бокс, валейбол, гандбол, гімнастыка, рэгбі, тэніс і інш.). Манежы для лёгкай атлетыкі маюць залы (не менш за 126 × 42 м) з прамымі і замкнёнымі бегавымі дарожкамі (звычайна з сінт. пакрыццём), сектары для скачкоў, штурхання ядра і інш., таксама трэніровачныя залы, басейны, сауны і інш. Буйныя М. маюць месцы для гледачоў. Будуюць таксама ў складзе комплексаў навуч. устаноў фіз. культуры і спорту. На Беларусі існуюць лёгкаатлетычныя М. спарт. к-та Узбр. сіл Беларусі (1976; цяпер Мінскі палац лёгкай атлетыкі), спарт. комплексу «Працоўныя рэзервы» (1989) у Мінску, у Гомелі (1980).

3) М. цыркавы, гл. Арэна.

4) Пераносная загародка для дзяцей, якія пачынаюць хадзіць.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Манеж. Унутранае абсталяванне лёгкаатлетычнага манежа спартыўнага комплексу «Працоўныя рэзервы».

т. 10, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́Й I (6.7.1796, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 2.3.1855),

расійскі імператар [1825—55]. З дынастыі Раманавых. Трэці сын Паўла I. Ганаровы чл. Пецярб. АН (1826). З 1817 ген.-інспектар па інж. часці. Заняў трон пасля раптоўнай смерці свайго брата Аляксандра I. Задушыў паўстанне дзекабрыстаў. У 1826 стварыў «Трэцяе аддзяленне» асабістай яго імператарскай вялікасці канцылярыі, узмацніў цэнзуру. Правёў рэформы кіравання дзярж. сялянамі і фінансавую, выдаў указ аб абавязаных сялянах, увёў інвентарныя правілы ў зах. губернях (гл. Інвентарная рэформа 1840—50-х гадоў). Пры ім заснаваны многія навуч. ўстановы, у т. л. Горы-Горацкая земляробчая школа (1840, з 1848 земляробчы ін-т), Ваен. (1832, пазней Генштаба), Артыл. і Інж. акадэміі (1855). Разам з тым у час яго праўлення зведалі ганенне многія дзеячы культуры, у т. л. беларускай, абмяжоўвалася дзейнасць навуч. устаноў, зачыняліся «ненадзейныя», у т. л. ў 1832 Віленскі універсітэт. Афіцыйную ідэалогію тагачаснай Расіі вызначыла т. зв. тэорыя афіцыйнай народнасці — «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць». Пры М. I выдадзены «Збор законаў Расійскай імперыі», у 1837 адкрыты рух на першай у Расіі Царскасельскай чыгунцы. Урадам М. I разгромлены рэв. арганізацыі петрашэўцаў, кірыла-мяфодзіеўскага таварыства, задушаны нац.-вызв. рух на Каўказе (рух Шаміля), паўстанне 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве; праводзілася русіфікацыя нярускіх народаў, зроблены захады па ўмацаванні сац. базы імперыі на землях Беларусі. На Полацкім царкоўным саборы 1839 ліквідавана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква, а яе вернікі далучаны да рус. праваслаўнай царквы. У 1840 канчаткова адменена дзеянне законаў ВКЛ (Статут ВКЛ 1588) і ўведзена агульнарас. заканадаўства. У знешняй палітыцы М. I імкнуўся да пашырэння ўплыву Расіі ў басейне Чорнага мора і на Балканах (гл. Руска-іранскія войны 19 ст., Руска-турэцкія войны 17—19 ст.); змагаўся супраць рэвалюцый у Еўропе, жорстка задушыў рэвалюцыю 1848—49 у Венгрыі. Крымская вайна 1853—56 і паражэнне ў ёй Расіі прывяло да краху яго ўнутр. і знешняй палітыкі.

Літ.:

Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993;

Платонов С.Ф. Лекции по русской истории. Ч. 1—2. М., 1994;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.

Мікалай I.

т. 10, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕЯЗНА́ЎСТВА, музеялогія,

комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю развіцця музеяў, іх грамадскія функцыі, распрацоўвае тэорыю і методыку ўсіх галін музейнай дзейнасці. Як сістэма спец. ведаў займаецца праблемамі камплектавання, сістэматызацыі, навук. дакументавання і каталагізацыі музейных фондаў, даследуе атрыбутацыю, тыпалагізацыю, спосабы захавання і рэстаўрацыі экспанатаў, выпрацоўвае методыку прапагандысцка-асветнай работы. Звязана з усімі грамадскімі, прыродазнаўчымі і тэхн. навукамі.

Першыя спробы тэарэт. асэнсавання музейнай справы адносяцца да эпохі Адраджэння. Непасрэдным заснавальнікам М. лічыцца ням. калекцыянер І.​Д.​Маёр — аўтар кн. «Нічога не вырашаючыя агульныя развагі аб мастацкіх і прыродазнаўчых зборах» (1674). Распрацоўкі і практычны вопыт франц. музеязнаўцаў канца 18 — пач. 19 ст. былі пераняты большасцю еўрап. краін. У 2-й пал. 19 ст. М. сфарміравалася як асобны раздзел навукі, асаблівых поспехаў дасягнула ў 1960—70-я г., калі аформіліся ням., польская і чэш. музеязнаўчыя школы. Фармальнае прызнанне М. як самаст. навук. дысцыпліны адбылося на XI Генеральнай канферэнцыі Міжнар. савета музеяў (існуе пры ЮНЕСКА), што праходзіла ў Маскве ў 1977. Сав. школа М. склалася ў 1960—70-я г. Яе тэарэт. і навук.-метадалагічным цэнтрам быў НДІ культуры ў Маскве (цяпер Расійскі ін-т культуралогіі).

На Беларусі з 1911 у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та рыхтаваліся спецыялісты па асобных музейных спецыяльнасцях і чыталіся курсы па М. (Б.​Р.​Брэжга, А.​П.​Сапуноў і інш.). У 1920-я г. ў БССР музеям быў нададзены статус н.-д. устаноў, пры БДУ дзейнічалі музейныя курсы (кіраўнік В.​Ю.​Ластоўскі). З пач. 1930-х бел. музейная практыка развівалася ў агульным рэчышчы сав. М. Стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь дало штуршок развіццю самаст. бел. школы М. У 1992 адкрыта кафедра крыніцазнаўства і М. ў БДУ, у 1994 — кафедра этналогіі і М. ў Бел. ун-це культуры. З 1993 у Бел. ін-це праблем культуры працуе Лабараторыя музейнага праектавання, дзейнічае 2-гадовая школа М. для перападрыхтоўкі музейных супрацоўнікаў.

Літ.:

Музееведение: Вопр. теории и методики. М., 1987 (1988);

Гужалоўскі А. З гісторыі музейнай справы на Беларусі // Беларускія музеі: Гісторыя, хроніка, сучаснасць. Мн., 1998.

А.​А.​Гужалоўскі.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНА-СЦЭНІ́ЧНЫ ТА́НЕЦ,

1) народны танец, апрацаваны для выканання на сцэне. Вядомы з пач. 20 ст. З выхадам на сцэну ў структуры нар. танца адбыліся змены, якія наблізілі яго да тэатр. мастацтва. Малюнак танца будуецца ў разліку на франтальнае ўспрыняцце яго гледачамі: зніклі паўторы, характэрныя для фалькл. узораў, у развіцці дзеяння ўлічваюцца законы драматургіі, узбагачаецца і ўскладняецца танц. лексіка, больш разнастайнымі сталі кампазіцыйныя малюнкі. На аснове творчага выкарыстання фалькл. спадчыны ствараюцца таксама новыя арыгінальныя пастаноўкі. Ад характарнага танца адрозніваецца большай блізкасцю да фалькл. першаасновы. Першы ў б. СССР прафес. калектыў, творчасць якога грунтавалася на аснове Н.-с.т., — Ансамбль народнага танца Расіі пад кіраўніцтвам І.​Майсеева.

На Беларусі ўзнікненне Н.-с.т. звязана з дзейнасцю трупы І.​Буйніцкага, які ўпершыню вывеў на сцэну «мужыцкі» танец, паказаў яго невычарпальныя магчымасці і прыгажосць. Развіццё бел. Н.-с.т. атрымаў у творчасці БДТ і Трупы Галубка. Станаўленне Н.-с.т. адбывалася ў шматлікіх прафес. і самадз. калектывах (Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі, Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.​Шырмы, Ансамбль танца Мінскага клуба КІМ, Гомельскі ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам А.​Рыбальчанкі і інш.). Вял. ўклад у развіццё бел. Н.-с.т. зрабілі К.Алексютовіч, І.Хвораст, А.Апанасенка, П.Акулёнак, В.Гаявая, В.Дудкевіч, М.​Дудчанка, Л.​Ляшэнка, І.​Серыкаў, Я.​Штоп і інш. Н.-с.т. — аснова творчасці Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», танц. групы Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь, ансамбля «Белыя росы», самадз. калектываў.

2) Спец. навуч. дысцыпліна харэаграфічных і інш. навуч. устаноў, якія рыхтуюць танцоўшчыкаў і балетмайстраў.

Літ.:

Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;

Народно-сценический танец. М., 1976;

Чурко Ю.М. Белорусский сценический танец. Мн., 1969;

Яе ж. Линия, уходящая в бесконечность. Мн., 1999;

Гребенщиков С.М. Белорусская народно-сценическая хореография. Мн., 1976;

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978.

Ю.​М.​Чурко.

Да арт. Народна-сцэнічны танец: 1 — «Бульба». Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь; 2 — «Путанка». Самадзейны харэаграфічны ансамбль «Белая Русь»; 3 — «Пава». Харэаграфічны ансамбль «Харошкі».

т. 11, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б Адбыўся 16—22.1.1934 у Мінску. Прысутнічалі 456 дэлегатаў з рашаючым і 271 з дарадчым голасам ад 65 119 чл. і канд. у чл. партыі разам з вайск. арг-цыямі; 37 909 чл. і канд. у чл. КП(б)Б]. Парадак дня; справаздачы ЦК КП(б)Б

(М.​Ф.​Гікала),

Рэвіз. камісіі КП(б)Б (І.​Ф.​Кудзелька), ЦК ККП(б)Б (І.​А.​Лычоў); даклады аб 15-годдзі ўтварэння КП(б)Б і БССР (В.​Ф.​Шаранговіч), аб калгасным і саўгасным будаўніцтве (М.​М.​Галадзед); выбары кіруючых органаў партыі і дэлегатаў на XVII з’езд ВКП(б). З’езд прааналізаваў вынікі 1-й пяцігодкі, вызначыў задачы і кірункі дзейнасці КП(б)Б у 2-й пяцігодцы, разгледзеў праблемы індустрыялізацыі рэспублікі, далейшай перабудовы сельскай гаспадаркі і інш. З’езд падвёў вынікі чысткі партыі: за 1933 з КП(б)Б выключана 9769 чл. і канд. у чл. партыі (18,4%), пераведзена з чл. у канд. 4266 чал. і з канд. у спачуваючыя 3108 чал. З’езд ухваліў дзейнасць ЦК КП(б)Б, прызнаў яго паліт. лінію правільнай, арганізац. работу здавальняючай; ухваліў тэзісы ЦК ВКП(б) да XVII з’езда партыі па 2-му пяцігадоваму плану развіцця нар. гаспадаркі СССР. Даў ацэнку праведзенаму ачышчэнню Наркамзема, Наркамасветы, АН БССР, БДУ, інш. дзярж., навук. і асв. устаноў ад нацыяналіст. элементаў, выхадцаў з дробнабурж. партый, трацкістаў, правых і інш.; калгасаў і саўгасаў — ад антысав. контррэв. элементаў. З’езд прыняў зварот да працоўных рэспублікі і байцоў БВА, у якім заклікаў цясней згуртавацца вакол КП(б)Б, памножыць намаганні ў барацьбе за перамогу сацыялізму, супраць здраднікаў пралетарскай рэвалюцыі — трацкістаў, правых апартуністаў, контррэв. бел. нацдэмаў. Выбраў ЦК КП(б)Б са 103 чл. і 43 канд. у чл., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 11 чл., 38 дэлегатаў на XVII з’езд ВКП(б).

Літ.:

Резолюции XV съезда КП(б)Б. Мн., 1934;

Гікала М.Ф. Адчотны даклад XV з’езду аб рабоце ЦК КП(б)Б. Мн., 1934.

Р.​П.​Платонаў.

т. 13, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т ЕЎРО́ПЫ (СЕ; англ. Council of Europe, франц. Conseil de l’Europe),

найстарэйшая міжпарламенцкая і міжурадавая кансультатыўная паліт. арг-цыя еўрап. дзяржаў, утвораная ў 1949 для садзейнічання інтэграцыйным працэсам у галіне правоў чалавека. Статут арг-цыі падпісаны 5.5.1949 (набыў сілу 3.8.1949) у Лондане на канферэнцыі 10 дзяржаў-заснавальніц (Бельгія, Вялікабрытанія, Данія, Ірландыя, Італія, Люксембург, Нарвегія, Нідэрланды, Францыя, Швецыя). Пазней у СЕ уступілі Грэцыя і Турцыя (1949), Ісландыя (1950), ФРГ (1951), Аўстрыя (1956), Кіпр (1961), Швейцарыя (1963), Мальта (1965), Партугалія (1976), Іспанія (1977), Ліхтэнштэйн (1978), Сан-Марына (1988), Фінляндыя (1989), Венгрыя (1990), Польшча (1991), Чэшская і Славацкая Федэратыўная Рэспубліка (1991, з 1993 асобна Чэшская і Славацкая Рэспублікі), Балгарыя (1992), Эстонія, Літва, Славенія, Румынія (усе ў 1993), Андора (1994), Албанія, Латвія, Македонія, Малдова, Украіна (усе ў 1995), Расія і Харватыя (1996), Грузія (1999); усяго 41 дзяржава (1999). Статус назіральніка маюць Ізраіль (з 1961) і ЗША (з 1996). Займаецца шырокім колам пытанняў чалавечага вымярэння: ад абароны правоў чалавека, умацавання дэмакр. шматпарт. рэжымаў, выпрацоўкі захадаў для вырашэння агульных праблем грамадскага жыцця, фарміравання агульнаеўрап. культ. супольніцтва да барацьбы з тэрарызмам. Спрыяе уніфікацыі заканадаўства розных краін у галіне правоў чалавека. Праводзіць экспертызу ўзроўню абароны правоў асобы ў канкрэтнай краіне, у яе заканадаўстве і на практыцы. Органамі СЕ, рашэнні якіх маюць рэкамендацыйны характар, з’яўляюцца: К-т міністраў (уваходзяць міністры замежных спраў краін-членаў), Парламенцкая асамблея (уваходзяць прадстаўнікі нац. парламентаў дзяржаў-членаў), Ген. сакратарыят, Кангрэс абшчын і рэгіёнаў Еўропы. Пры СЕ функцыянуе шэраг спецыялізаваных устаноў — Еўрап. суд па правах чалавека, Еўрап. камісія па правах чалавека, Савет культ. супрацоўніцтва. Штаб-кватэра знаходзіцца ў г. Страсбур (Францыя) у Палацы Еўропы. Сімвал СЕ — зацверджаны 8.12.1955 еўрап. флаг (12 залатых зорак, размешчаных па крузе на блакітным фоне).

У 1993 упершыню адбыўся афіц. візіт ген. сакратара СЕ К.​Лалюм’ер у Рэспубліку Беларусь. У 1993 Беларусь накіравала афіц. заяву з просьбай аб уступленні ў СЕ, у 1997 статус рэспублікі ў гэтай арг-цыі як «спецыяльна запрошанай» прыпынены.

Літ.:

Штайнер Ю. Еўрапейскія дэмакратыі. Пер. з англ. Мн., 1996.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЙНО́ЎСКІ (Strojnowski) Іеранім (20.9.1754, с. Ходачкава Крамянецкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 5.8.1815),

асветнік, правазнавец, рэліг. дзеяч. Адукацыю атрымаў у навуч. установах ордэна піяраў, членам якога быў у 1776—88. З 1776 выкладаў у Варшаўскім калегіуме. З 1780 праф. кафедры натуральнага права Гал. школы ВКЛ у Вільні, у 1799—1806 яе рэктар (у 1803 пры яго ўдзеле пераўтворана ва ун-т). З 1789 удзельнічаў у рабоце Адукацыйнай камісіі і камісіі па падрыхтоўцы праектаў цывільнага і крымін. кодэксаў. Член Вольнага эканамічнага таварыства ў Пецярбургу і Варшаўскага т-ва сяброў навукі. З 1806 на царк. пасадах, з 1814 біскуп віленскі. Асн. яго твор «Навука права натуральнага, палітычнага, палітычнай эканоміі і права народаў» (Вільня, 1785), які вытрымаў 5 выданняў, у т. л. на рус. мове (1809), выкарыстоўваўся як падручнік для вышэйшых і сярэдніх спец. навуч. устаноў Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны. С. стаяў на пазіцыях дэізму і прызнаваў існаванне Бога ў якасці безаблічнай першапрычыны свету, які затым развіваецца на ўласных законах. У гнасеалогіі прытрымліваўся прынцыпаў сенсуалізму, гал. крыніцай пазнання лічыў адчуванне. Асновай яго сацыялагічнай канцэпцыі было вучэнне пра натуральны парадак рэчаў і як вынік яго — натуральнае права. Людзі, на яго думку, могуць быць шчаслівыя толькі праз глыбокае пазнанне і поўнае захаванне гэтага права; адыход чалавека або грамадства ад дакладных і разумных законаў прыроды непазбежна выклікае «пакаранне» — няшчасці, бедствы, беспарадкі. З натуральных правоў і прыроднай роўнасці людзей С. выводзіў сац. правы і абавязкі, да якіх адносіў вечныя і нязменныя правы асабістай свабоды, узаемнай дапамогі, недатыкальнасці ўласнасці, недапушчальнасць ужывання сілы ў адносінах да інш. людзей, за выключэннем выпадкаў самаабароны. Ажыццяўленне на практыцы прынцыпаў натуральнага права С. разглядаў у якасці крытэрыяў «ісціннасці» або «няправільнасці» пэўнага сац.-паліт. ладу.

Літ.:

Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;

Бирало А.А. Философские проблемы в науке эпохи Просвещения в Белоруссии и Литве. Мн., 1979;

Асветнікі зямлі Беларускай, X — пачатак XX ст.: Энцыкл. давед. Мн., 2001.

С.​Ф.​Дубянецкі.

І.Страйноўскі.

т. 15, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНЗУ́РА (лац. censura),

сістэма дзярж., духоўнага (царкоўна-рэлігійнага), грамадскага і прыватнага (фінансава-алігархічнага) нагляду і кантролю за друкам і сродкамі масавай інфармацыі (СМІ). Як правіла, вызначае формы і метады ажыццяўлення цэнзурнай палітыкі, прадугледжвае фарміраванне адпаведных заканад.-нарматыўнай базы, структуры органаў і штата служачых — цэнзараў. Узнікла са з’яўленнем дзяржавы. Першая інстытуцыя Ц. — царква. Забарона і публічнае знішчэнне ератычных кніг бярэ пачатак ад першых усяленскіх сабораў. Вынаходніцтва кнігадрукавання прывяло да стварэння адмысловых устаноў Ц. і дакладнага акрэслення іх абавязкаў. Першай з еўрап. краін Ц. ўвяла ў 1502 Іспанія, потым Францыя (1521), Германія (1521), Англія (1530). На Беларусі першымі аб’ектамі ўвагі Ц. былі апокрыфы, некананічная богаслужэбная л-ра, ератычныя трактаты ў Полацкім, Смаленскім, Тураўскім княствах. Палітыку правасл. Ц. ў ВКЛ вызначалі Канстанцінопальскі і Маскоўскі патрыярхаты; каталіцкую Ц. — Ватыкан і манаскія ордэны. У Расіі Ц. зарадзілася ў 16 ст. як духоўная, якую з 1721 ажыццяўляў Сінод. У 19 ст. яна рэгулявалася спец. статутамі і правіламі. На працягу сак. — кастр. 1917 у Расіі была адменена папярэдняя і карная (акрамя ваен.) Ц., ажыццёўлена амаль поўная свабода друку. У розныя перыяды 1917—21 Ц. ў асобных рэгіёнах Беларусі вызначалі ўрады РСФСР, БНР, ССРБ, а таксама Літвы, Украіны, акупац. ўлады Германіі і Польшчы. У 1922 пры Наркамаце асветы БССР створана Гал. ўпраўленне па справах л-ры і выд-ва (Галоўліт), якое на працягу свайго існавання часткова мяняла назву і функцыі; з 19.9.1991 наз. Гал. ўпраўленне па ахове дзярж. тайнаў у друку і інш. сродках масавай інфармацыі пры СМ Рэспублікі Беларусь. У сувязі з прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (13.1.1995) Ц. адменена (арт. 4). У 20 ст. свабода слова і друку абвешчана ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (10.12.1948), у канстытуцыях большасці дзяржаў свету, у т. л. Рэспублікі Беларусь (арт. 33).

Літ.:

Лемке М.К. Эпоха цензурных реформ, 1859—1865 гг. СПб., 1904;

Блюм А.В. Советская цензура в эпоху тотального террора, 1929—1953. СПб., 2000;

Ракашевич В.К. Главлит БССР (1923—1991) // Бел. археагр. штогоднік. Мн., 2000. Вып. 1.

т. 17, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭ́МІЯ ПАСЛЯДЫПЛО́МНАЙ АДУКА́ЦЫІ Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь,

вядучая навуч., навук. і метадычная ўстанова ў сістэме паслядыпломнай пед. адукацыі. Засн. ў 1992 на базе Рэсп. ін-та ўдасканалення настаўнікаў. У 2004 ф-ты: кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі вышэйшага звяна, кіруючых работнікаў і спецыялістаў школ і дашкольных устаноў; псіхалогіі; сац. і выхаваўчай работы; педагогаў-дэфектолагаў. У структуру акадэміі ўваходзяць таксама цэнтры: інфарм. тэхналогій, развіваючых пед. тэхналогій, творчага развіцця «Гармонія»; упраўленні: планавання і маніторынгу навуч. працэсу, сац. і выхаваўчай работы, навуч.-метадычнай работы і інш.; аддзелы: каардынацыі сістэмы павышэння кваліфікацыі, прыкладной пед. псіхалогіі, спец. адукацыі, інавацыйных тэхналогій у дашкольнай адукацыі і інш. 8 прадметных кафедраў, аспірантура і магістратура. Акадэмія ажыццяўляе навук.-метадычнае забеспячэнне рэформы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, арганізуе апераджальнае навучанне і падрыхтоўку пед. кадраў да інавацыйнай дзейнасці, навук. кансультаванне і метадычнае суправаджэнне доследна-эксперым. работы ў адукац. установах. Штогод праводзіцца больш за 200 курсаў павышэння кваліфікацыі розных тыпаў, на якіх навучаецца да 8 тыс. розных катэгорый кіраўнікоў і спецыялістаў сістэмы адукацыі, дзейнічае камп’ютэрная сістэма кіравання навуч. працэсам.

Гал. кірункі навук.-пед. дзейнасці: выяўленне, аналіз, абагульненне і распаўсюджванне лепшага вопыту ў засваенні новага зместу, форм і тэхналогій адукацыі; інфарм. і навук.-метадычнага забеспячэння павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі пед. работнікаў; праблем развіцця адукацыі, у т. л. якасці адукацыі, стварэння новых метадаў і інструментаў яго кантролю; пераемнасці розных ступеней адукацыі, кіравання, інфарматызацыі, выхавання і пазашкольнай работы. На базе акадэміі праводзяцца рэсп. і міжнар. навук.-практ. канферэнцыі, конкурсы прафес. майстэрства педагогаў («Крыштальны журавель», «Сацыяльны педагог года»), рэсп. метадычныя выстаўкі. Ажыццяўляецца супрацоўніцтва з роднаснымі ўстановамі Расіі, Украіны, Казахстана, Польшчы, Чэхіі, Нідэрландаў, Даніі, Швецыі і інш. краін. Штогод выдаецца каля 70 навуч., навук. і метадычных дапаможнікаў. Супрацоўнікі акадэміі ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы дзярж. стандартаў адукацыі, навуч. праграм, падручнікаў, навуч.-метадычных дапаможнікаў, рэкамендацый і манаграфій. Усяго ў акадэміі працуе каля 300 супрацоўнікаў, у т. л. больш за 50 д-роў і канд. навук. Сярод іх д-ры навук У.Т.Кабуш, Г.І.Нікалаенка (гл. Дадатак), А.І.Таўгень, У.А.Янчук і інш.

А.​І.​Таўгень.

т. 18, кн. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМЕЛЬСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Размешчана на ПдУ краіны. Мяжуе на Пд і ПдУ з Украінай, на У з Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс. км². Нас. 1505,4 тыс. чал. ( на 1.1.2004). Цэнтр — г. Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі; 17 гарадоў, у т. л. 2 абласнога падпарадкавання — Гомель, Мазыр; 18 гар. пасёлкаў, 275 сельсаветаў, 2607 сельскіх населеных пунктаў. З 1998 дзейнічае свабодная эканам. зона «Гомель-Ратон».

Насельніцтва. Паводле перапісу 1999 асноўнае насельніцтва — беларусы (84,2%), жывуць таксама рускія (11%), украінцы (3,3%) і інш. Сярэдняя шчыльнасць 37 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва — 11,1 чал. на 1 км² (ад 35,1 чал. на 1 км² у Гомельскім р-не да 2,8 чал. на 1 км² у Нараўлянскім р-не). Гарадскога насельніцтва 70,2%. Найбольшыя гарады (тыс. чал., на 1.1.2004): Гомель (492), Мазыр (112), Жлобін (73), Светлагорск (72), Рэчыца (66), Калінкавічы (38), Рагачоў (35), Добруш (19). На радыяцыйна забруджаных (у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) тэрыторыях у 1481 населеным пункце жывуць (на 1.1.2004) 1142,2 тыс. чал. (75,9% насельніцтва вобласці).

Прамысловасць — галоўная галіна эканомікі, у якой занята 28% усіх працуючых. У структуры прамысловасці паводле аб’ёму прадукцыі пераважаюць (2003): паліўная (41,1%), чорная металургія (14,3%), харчовая (10,7%), машынабудаванне і металаапрацоўка (9,5%), лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая (6,1%) галіны. На вобласць прыпадае (2003) 100% здабываемай на Беларусі нафты і 48% усяго аб’ёму яе першаснай перапрацоўкі, 17,6% нарыхтовак лесу. У вобласці вырабляецца (у % ад агульнарэсп. аб’ёму): сталі — 93, пракату — 100, металакорду — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, паліраванага шкла — 100, кардону — 58,3, паперы — 51,6, шпалер — 69,6, мяса, каўбасных вырабаў, цэльнамалочнай прадукцыі, мукі, гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў — 12—13%. У 2003 у вобласці здабыта 1,8 млн. т і перапрацавана 7,6 млн. т нафты, выраблена: 1,6 млн. т сталі, 1,4 млн. т пракату, 49 тыс. т металакорду, 92 тыс. т мінеральных угнаенняў, 2225 шт. металарэзных станкоў, 92 шт. кормаўборачных камбайнаў, 11,1 млн. шт. падшыпнікаў, 18,1 млн. м² паліраванага шкла, 34,5 тыс. т паперы, 101,2 тыс. т кардону, 63,6 млн. умоўных кускоў шпалер, 3 млн. пар панчошна-шкарпэтачных і 3,3 млн. шт. трыкатажных вырабаў, 52,1 тыс. т мяса, 24,2 тыс. т каўбасных вырабаў, 109,8 тыс. т цэльнамалочнай прадукцыі, 41,2 тыс. т кандытарскіх вырабаў, 80,6 млн. умоўных слоікаў кансерваў, 1,2 млн. дал гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў, 279 тыс. т кухоннай солі (здабыча). У вобласці працуе 341 прамысл. прадпрыемства, найб. сканцэнтраваны ў Гомелі, Мазыры, Жлобіне, Светлагорску, Рэчыцы. Асноўныя прадпрыемствы: у паліўнай прамысловасці — ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» і РУП «ВА «Беларусьнафта» (здабыча нафты і спадарожнага газу ў Рэчыцкім і Светлагорскім р-нах); у чорнай металургіі — РУП «Беларускі металургічны завод» (сталь, пракат, металакорд) у Жлобіне, РУП «Рэчыцкі метызны завод»; у машынабудаванні — РУП «Гомсельмаш» (корма- і збожжаўборачныя камбайны і інш. с.-г. тэхніка), «Гомельскі станкабудаўнічы завод імя С.​М.​Кірава», «Гомельскі завод пускавых рухавікоў», «Гомельскі завод станочных вузлоў», «Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», Рэсп. навукова-вытворчае унітарнае прадпрыемства (РНВУП) «Ратон», ААТ «Гомельскі падшыпнікавы завод», «Электраапаратура», «Карал», «Гомелькабель», «Беларуськабель» (Мазыр), РУП «Гомельскі радыёзавод імя 60-годдзя СССР», «Мазырскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання», «Рагачоўскі завод «Дыяпраектар»; у хім. прамысловасці — ААТ «Гомельскі хімічны завод» (фасфатныя ўгнаенні, серная кіслата), РУП «Светлагорскае ВА «Хімвалакно» (віскозныя, поліэфірныя валокны і ніткі); у лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці — ААТ «Гомельдрэў», «Мазырдрэў», «Рэчыцадрэў» (мэбля, фанера, піламатэрыялы), «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат», «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы», «Гомельшпалеры»; у прамысловасці буд. матэрыялаў — найб. аб’ёмы вытв-сці ў Гомелі, Светлагорску, Мазыры, Рэчыцы; у шкляной і фарфора-фаянсавай прамысловасці — ААТ «Гомельшкло», «Гомельская люстэркавая фабрыка», ЗАТ «Добрушскі фарфоравы завод». У лёгкай прамысловасці прадстаўлены вытворчасці: тэкстыльная — ткацкае аб’яднанне ў Рэчыцы, прадзільная фабрыка ў Ветцы, 6 ільнозаводаў; трыкатажная — Гомельскае ААТ «8 Сакавіка» (трыкатажная і панчошна-шкарпэтачныя вырабы), Мазырская фірма «Славянка» (трыкатажныя пальчаткі і інш. вырабы); швейная і маст. вырабаў — прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Жлобіне; буйное прадпрыемства па вытв-сці штучнага футра і вырабаў з яго — ААТ «Белфа» ў Жлобіне. Шматгаліновая харч. прамысловасць займае 3-е месца ў прамысл. комплексе паводле аб’ёму прадукцыі і прадстаўлена 62 прадпрыемствамі ва ўсіх гарадах і раёнах вобласці, найб. — АТ «Гомельскі мясакамбінат», «Жлобінскі мясакамбінат», ААТ «Беларуска-аўстрыйскае сумеснае прадпрыемства «Аўстрабел ГмбХ», «Малочныя прадукты», «Фабрыка марожанага» (Гомель), «Светлагорскі малочны завод», «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат», СП ААТ «Спартак», «Чырвоны Мазыранін», РУП «Камбінат Палессе», здабыўное прадпрыемства «Мазырсоль», «Гомельскі тлушчавы камбінат», ААТ «Калінкавічыхлебапрадукт», «Кансервавы агароднінасушыльны камбінат» (Рэчыца) і інш.

Сельская гаспадарка. Вобласць спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 11% усіх працуючых. У 2003 у вобласці 374 с.-г. арганізацыі, 331 фермерская гаспадарка. На долю сельгасарганізацый прыпадае 51% усёй сельгаспрадукцыі, у 2003 яны выкарыстоўвалі 9,1 тыс. трактароў, 11,9 тыс. збожжаўборачных камбайнаў, 5,3 тыс. грузавых аўтамабіляў. С.-г. землі займаюць 35% тэр. вобласці, у т. л. ворныя 19,9%, сенажаці і паша 13,3%. Асушаныя землі складаюць 36,6% (528,6 тыс. га) усіх с.-г. зямель. Пад садамі і ягаднікамі 19,6 тыс. га. Пры агульным скарачэнні ў 1990—2003 пасяўных плошчаў (гл. табл.) значна павялічыліся пасевы пшаніцы, трыцікале, рапсу, агародніны, ураджайнасць асноўных культур панізілася. Пагалоўе (тыс. галоў; на 1.1.2004): буйной рагатай жывёлы 589,3 (у т. л. кароў 258), свіней 431,2, авечак і коз 15, птушкі 3 млн. галоў. Негатыўныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы (радыяцыйна забруджана 65,1% тэр. вобласці) і цяжкасці пераходнага перыяду прывялі ў 1991—2003 да скарачэння аб’ёмаў с.-г. прадукцыі, асабліва жывёлагадоўлі.

Транспарт. Агульная даўжыня чыг. ліній 901 км. Па тэр. вобласці праходзяць міжнар. чыг. магістралі: С.-Пецярбург—Віцебск—Магілёў—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Гомель—Кіеў (часткі транс’еўрапейскага калідора №9 і яго адгалінаванне №9В), Бранск—Гомель—Брэст. Чыг. вузлы: Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Паводле грузаабароту (95,2%) і пасажыраабароту (57%) чыг. транспарту належыць (2002) 1-е месца. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 9,8 тыс. км. Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Брэст. Эксплуатацыйная даўжыня водных шляхоў 928 км. Суднаходныя рэкі Дняпро, Прыпяць, Бярэзіна, Сож. Рачныя парты ў Рэчыцы, Гомелі, Мазыры. Па тэр. вобласці праходзяць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды-адводы Мінск—Гомель, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». Аэрапорт у Гомелі.

Ахова здароўя. На 1.1.2004 у вобласці 115 бальнічных устаноў на 17,4 тыс. ложкаў (115,7 на 10 тыс. ж.), 270 амбулаторна-паліклінічных устаноў магутнасцю 35,9 тыс. наведванняў за змену (238,3 наведванняў на 10 тыс. ж. за змену), 11 санаторыяў і пансіянатаў з лячэннем на 3,5 тыс. ложкаў, 10 санаторыяў-прафілакторыяў на 2 тыс. ложкаў, 7 баз і інш. арганізацый адпачынку на 600 ложкаў (найб. курорты Рагачоў, Чонкі, Белы Бераг, Горваль). Працавалі 5450 (36,2; тут і далей у дужках колькасць урачоў на 10 тыс. ж.) урачоў усіх спецыяльнасцей, у т. л. 1420 (9,4) тэрапеўтаў, 771 (5) хірург, 411 (5,1) акушэраў-гінеколагаў, 490 (19,4) педыятраў, 201 (1,3) неўрапатолаг, 167 (1,1) псіхіятраў, 218 (1,4) урачоў санітарна-проціэпідэмічнай групы, 363 (2,4) стаматолагі, 17 660 (117,3) чал. сярэдняга мед. персаналу.

Культура. На 1.1.2004 у вобласці 714 дзіцячых дашкольных устаноў (56,2 тыс. дзяцей). У 2003/04 навуч. годзе была 701 агульнаадукацыйная школа ўсіх відаў (215,6 тыс. вучняў), у т. л. 53 пачатковыя, 142 базавыя, 468 сярэдніх, 7 гімназій, 2 ліцэі, 16 для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, 13 вячэрніх (зменных); 41 прафес.-тэхн. вучылішча (18,5 тыс. навучэнцаў), 29 сярэдніх спец. навуч. ўстаноў (21,4 тыс. навучэнцаў), 7 ВНУ (ун-ты: імя Ф.​Скарыны, мед., тэхн., гандлёва-эканам., транспарту; вышэйшае камандна-інжынернае вучылішча МНС — у Гомелі, Мазырскі пед. ун-т; 45,7 тыс. студэнтаў). У вобласці 27 арганізацый, якія выконвалі даследаванні і распрацоўкі (2949), у т. л. навук. ўстановы «Ін-т лесу», «Ін-т механікі металапалімерных сістэм імя У.​А.​Белага», н.-д. і праектны ін-т нафты і газу «БелНДПІнафта», Рэсп. н.-д. унітарнае прадпрыемства «Ін-т радыялогіі» і інш. На 1.1.2004 былі 799 масавых бібліятэк (11 335 тыс. экз. кніг і часопісаў), 431 кінаўстаноўка, 21 музей, у т. л. 9 гіст. (Акцябрскі, Рагачоўскі нар. славы, Лоеўскі музей бітвы за Дняпро і інш.), 9 краязнаўчых (Гомельскі, Мазырскі, Рэчыцкі, Тураўскі і інш.), 3 мастацтвазнаўчыя (музей нар. творчасці ў г. Ветка, карцінная галерэя ў в. Гурыны Мазырскага р-на), 4 тэатры (абл. драм. тэатр і абл. тэатр лялек, узорны эксперым. тэатр «Сінтэз» — у Гомелі, Мазырскі драм. тэатр імя І.​Мележа), філармонія, 827 устаноў клубнага тыпу.

У вобласці (на 1.1.2004) 4590 спарт. збудаванняў, у т. л. 40 стадыёнаў з трыбунамі больш як на 1500 месцаў, 5 манежаў, 2 спарт. збудаванні са штучным лёдам (лядовы палац), 241 стралковы цір, 843 спарт. залы, 43 плавальныя басейны.

Л.​В.​Казлоўская (насельніцтва, прамысловасць, сельская гаспадарка, транспарт).


Табліца
Пасяўныя плошчы і ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур
Пасяўныя плошчы, тыс. га Ураджайнасць, ц/га
1990 2003 1990 2003
Уся пасяўная плошча 880,5 812,4
Збожжавыя і зернебабовыя 379,5 302,4 28,5 21,9
у т. л.:
 жыта 158,8 93,1
 пшаніца 14,4 34,5
 трыцікале — 40,6
 ячмень 122,8 57,9
 авёс 58,9 50,1
Тэхнічныя культуры 14,1 15,8
у т. л.:
 лён 6 6,3 7,1 4,9
 рапс 6,9 7,2
Бульба 112,1 79,2 114 162
Агародніна 7,5 17,7 181 185
Кармавыя культуры 367,1 397,3

т. 18, кн. 2, с. 736

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)