ІМПРАВІЗА́ЦЫЯ (франц. improvisation ад лац. improvisus нечаканы, раптоўны),
стварэнне маст. твора непасрэдна ў працэсе выканання. У шырокім сэнсе — творчасць без папярэдняй падрыхтоўкі, якая выяўляе непасрэднасць развіцця маст. думкі. Адрозніваюць уласна І. (з прытрымліваннем зададзеных тэмы, матываў, вобразаў) і свабодную (вольны выбар тэмы і формы яе раскрыцця). Магчыма ў паэзіі, музыцы, танцы, тэатр. мастацтве і інш. Адзін з відаў І. — экспромт.
І. вядома са старажытнасці. Вытокі І. ў літаратуры — у нар. творчасці, вусны характар якой садзейнічаў выкарыстанню элементаў І. пры неабходнасці прытрымлівацца традыцый у цэлым (казкі, прыказкі, прымаўкі і інш.). Дасягнула росквіту ў рус. паэзіі 19 ст. (П.Вяземскі, В.Брусаў). Вядомымі імправізатарамі былі А Міцкевіч, М.Багдановіч. У музыцы І. — адметны вызначальны фактар музыкі вуснай традыцыі розных народаў свету, у т. л. беларусаў. Характар, канкрэтныя формы і мера выяўлення І. залежаць ад творчых здольнасцей нар. выканаўцаў, спосабаў музіцыравання, гістарычна выпрацаваных стыліст. норм пэўных жанраў, мясц. выканальніцкіх традыцый. На Беларусі выдатныя майстры І. — нар. спевакі С.Дубейка, А.Каранчук, З.Хвораст, дудачнікі В.Швед, М.Глушань, гарманіст А.Свірыдовіч і інш. У прафес. музыцы сферы і формы выяўлення І. гістарычна змяняліся: ад вак. поліфаніі 13—15 ст. (cantus firmus, англ. discantus і фабурдон) да інстр. музыкі барока і класіцызму (генерал-бас, выканальніцкая дзейнасць Г.Ф.Гендэля, І.С.Баха, В.А.Моцарта, Л.Бетховена), ад канцэртнай практыкі эпохі рамантызму (кадэнцыі ў канцэртах, І. на зададзеную тэму; Ф.Шапэн, Ф.Ліст, І.Брамс, бел. музыканты-віртуозы І.Гузікаў, М.Ельскі, А.Абрамовіч) да джазавых кампазіцый 20 ст. І. як сродак муз. выхавання займае важнае месца ў пед. сістэмах Э.Жак-Далькроза, К.Орфа. Курс І. існуе ў Бел. акадэміі музыкі. І. ў танцы — з глыбокай старажытнасці неад’емная частка нар. абрадаў, гульняў, свят. У нар. танцы часта выяўляецца ў спаборніцтве выканаўцаў. У танц. мастацтве І. вар’іруецца ад прымітыву да высокага прафесіяналізму. У пач. 20 ст. ў вял.ступені імправізацыйным было мастацтва т. зв. свабоднага танца Х.Дункан. І. — абавязковы элемент нар. танца, пашырана ў бальных танцах. І. ў тэатры — ігра акцёра, заснаваная на яго здольнасці ствараць сцэнічны вобраз, уласны тэкст на зададзеную тэму ў час паказу без папярэдняй падрыхтоўкі. Зарадзілася ў нар.тэатр. творчасці, была істотным элементам сцэн. дзеяння стараж.т-ра Усходу (існуе і цяпер), прысутнічала ў антычным, сярэдневяковым і рэнесансавым т-ры, выступленнях скамарохаў. Высокага ўзроўню дасягнула ў італьян. камедыі дэль артэ і франц. фарсе. Пазней сустракалася як стыліст. прыём (напр., у К.Гоцы). У пач. 20 ст. К.Станіслаўскі, Я.Вахтангаў, У.Меерхольд сцвярджалі каштоўнасць І. ў працэсе стварэння спектакля. Імправізацыйны характар мелі бел. каляндарна-земляробчыя і сямейна-бытавыя абрады, бел.нар.т-р, інтэрмедыі школьнага т-ра. Мастацтвам І. былі прасякнуты выступленні трупы В.Дуніна-Марцінкевіча, Першай бел. трупы І.Буйніцкага, бел. вечарынкі і інш.Вял. увагу І. аддавалі рэжысёры Е.Міровіч, У.Галубок, М.Міцкевіч, акцёры Дз.Арлоў, Г.Глебаў, А.Ільінскі, П.Малчанаў, Б.Платонаў і інш.
Літ.:
Богатырев П.Г. Традиция и импровизация в народном творчестве // Богатырев П.Г. Вопросы теории народного искусства. М., 1971;
Сапонов М.А. Искусство импровизации. М., 1982;
Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Мн., 1971;
Станиславский К.С. Работа актера над собой. Ч. 1—2. 4 изд. М., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДНЯ́К»,
штомесячны літ.-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1923—32 у Мінску на бел. мове. Рэдактары: М.Кудзелька (М.Чарот), А.Ажгірэй (А.Вольны), М.Арэхва, У.Ігнатоўскі, М.Зарэцкі, М.Адзінец, А.Дудар, І.Барашка, П.Галавач, А.Звонак, В.Каваль, А.Моркаўка, А.Сянкевіч і інш.
На 1-м этапе (1923 — сярэдзіна 1926) часопіс арыентаваўся на масавую камсамольска-маладзёжную аўдыторыю, імкнуўся згуртаваць маладых пісьменнікаў і публіцыстаў, дзеячаў мастацтва і навукі вакол праграмы сацыяліст.буд-ва і развіцця бел. культуры. Друкаваў творы старэйшых пісьменнікаў (Ц.Гартны, З.Бядуля, А.Гурло), маладнякоўцаў (М.Чарот, К.Чорны, А.Дудар, А.Вольны, А.Александровіч, А.Бабарэка, У.Дубоўка, К.Крапіва, Я.Пушча, П.Трус, А.Якімовіч), пачынаючых аўтараў, селькораў і рабкораў. Упершыню апубл. верш Я.Купалы «Арлянятам» (1923, № 1; 1924, № 2—3), алегарычную казку Я.Коласа «Што яны страцілі» (1924, № 2—3). Змяшчаў выступленні А.Чарвякова, М.Галадзеда, даследаванні і навук.-папулярныя нарысы вучоных С.Вальфсона, М.Гарэцкага, Ю.Дрэйзіна, Ігнатоўскага, М.Каспяровіча, У.Пічэты, С.Скандракова, А.Шлюбскага і інш. Дапускаў пралеткультаўскае проціпастаўленне «матываў грамадзянскай барацьбы, матываў рабочых, матываў гарадскіх» і «новых камсамольскіх матываў» («маладнякізму») традыцыям бел. дэмакратычнай л-ры («адраджанізму»). Фармальна прапагандаваў ідэйна-эстэт. праграму аднайменнай літ. арг-цыі — ажыццяўленне ў бел. л-ры «ідэй матэрыялізму, марксізма і ленінізма», па сутнасці развіваў нац.-адраджэнскую традыцыю ў л-ры. У арт. Бабарэкі «Вясну радзіла восень» (1925, № 7) абгрунтавана маладнякоўская канцэпцыя гісторыі бел. л-ры і яе тагачаснага стану.
Пасля выхаду ў маі 1926 з яго складу групы «Узвышша» «М.» аб’ядноўваў пісьменнікаў другога «маладнякоўскага прыліву» (З.Бандарына, Барашка, Я.Бобрык, П.Броўка, А.Вечар, Галавач, К.Губарэвіч, І.Гурскі, У.Жылка, А.Звонак, В.Каваль, А.Куляшоў, М.Лынькоў, Ю.Лявонны, Б.Мікуліч, Моркаўка, М.Нікановіч, А.Салагуб, Я.Скрыган, Ю.Таўбін, Я.Туміловіч, У.Хадыка, М.Хведаровіч, С.Хурсік, Н.Чарнушэвіч, С.Шушкевіч). Кіруючую ролю ў «М.» захоўвалі М.Чарот, А.Дудар, Зарэцкі, якія ў канцы 1927 разам са старэйшымі пісьменнікамі стварылі аб’яднанне «Полымя». Часопіс адмовіўся ад ілюстрацый, увёў аддзелы паэзіі, прозы, крытыкі і публіцыстыкі, друкаваў пераклады. Аднак яго крытычны аддзел прэтэндаваў на манаполію ў вызначэнні паліт. і эстэт. лініі бел. л-ры і дапускаў вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі ў асвятленні бягучага літ. працэсу, асабліва ў арт. Т.Глыбоцкага (А.Дудара). З сярэдзіны 1928 «М.» (пераважна ў крытыка-публіцыстычнай частцы) перайшоў на спрошчаную пазіцыю Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У арт. А.Гародні, Галавача, Р.Мурашкі, Барашкі, У.Бухаркіна, С.Васілёнка беспадстаўна абвінавачваліся бел. пісьменнікі і літ.-знаўцы, асабліва тыя, хто прымыкаў да «Узвышша» і «Полымя». З’яўляліся і аб’ектыўныя арт. Я.Барычэўскага, П.Бузука, Гарэцкага, А.Некрашэвіча, М.Піятуховіча і інш., вершы і паэмы Броўкі, Куляшова, В.Маракова, Хадыкі, апавяданні, аповесці і раманы З.Астапенкі, Галавача, Ц.Гартнага, Мікуліча, Э.Самуйлёнка, нарысы Скрыгана. У 1932 як орган Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР дубліраваў функцыі Час. «Полымя» і ў пэўнай ступені скампраметаваў сябе вульгарна-сацыялагічнай крытыкай (Л.Бэцдэ, А.Кучар і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЕ́ВІЧ (Ніл Сымонавіч) (н. 30.9.1931, в. Слабада Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. паэт, літаратуразнавец, фалькларыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1991). Канд.філал.н. (1963), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1956). У 1960—80 выкладчык кафедры бел. л-ры БДУ, у 1980—89 1-ы сакратар праўлення СП БССР. Старшыня пастаяннай камісіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гіст. спадчыны (1990—96). Друкуецца з 1946. Першая кніга «Песня ў дарогу» (1957). Выдаў зб-кі лірыкі «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (лірыка, сатыра, гумар, 1979; адзначаны разам з перакладчыцкай дзейнасцю Дзярж. прэміяй БССР імя Я.Купалы 1980). Асн. змест паэзіі — любоў да роднага краю, асэнсаванне гіст. вопыту бел. народа. У яго паэтычных творах пераважаюць традыц. формы класічнай паэтыкі, тэмы гіст. повязі часоў і пакаленняў, памяці маленства, суровых выпрабаванняў ваенных гадоў (вянок санетаў «Нарач», паэмы «Заручыны», «Сто вузлоў памяці», нізка вершаў «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына»). Раман у вершах «Родныя дзеці» (1985) увабраў у сябе тое, чым жыў, пра што хваляваўся творца. Раман ствараўся з улікам духоўнага росту чытача і ўсведамлення неабходнасці вярнуць страчаныя сац. і духоўныя каштоўнасці. Боль і гнеў, вера і надзея, каханне і пяшчота, туга і расчараванне — такі спектр чалавечых пачуццяў у творах Гілевіча апошніх гадоў: кн. «Повязь» (1987), «Незалежнасць» (1991), «Жыта, сосны і валуны» (1992), «На высокім алтары», «Талісман» (абедзве 1994). Гілевіч — аўтар прац па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы: «Акрыленая рэвалюцыяй (Паэзія «Маладняка»)» (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1070), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978), зб-каў літ.-крытычных і публіцыст. артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990), «Выбар» (1993). Ён стваральнік кніг сатыры і гумару, твораў для дзяцей, зб-ка п’ес «Начлег на буслянцы» (1980), аўтабіягр. аповесці «Перажыўшы вайну» (1988); укладальнік і навук. рэдактар зб-каў фальклору «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983) і інш. Перакладае творы балт. пісьменнікаў (зб. «Балгарскія народныя песні», 1961; анталогіі «Ад стром балканскіх», 1965; «Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень», 1978, і інш.), паасобныя творы югасл., польскіх, рус., укр., сербалужыцкіх паэтаў. Выдаў зб. выбраных перакладаў слав. паэтаў «Роднасць» (1983). Узнагароджаны ордэнам Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай. Лаўрэат Міжнар. прэміі імя Хрыста Боцева (1986). На вершы Гілевіча напісалі музыку М.Аладаў, А.Багатыроў, Я.Глебаў, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, І.Лучанок, М.Пятрэнка, Дз.Смольскі, Э.Ханок, Я.Цікоцкі, М.Чуркін і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1981;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1991;
Лісце трыпутніку. Мн., 1968;
Запаветнае. Мн., 1975;
Любоў прасветлая. Мн., 1996.
Літ.:
Сіненка Г.Д. Ніл Гілевіч: Нарыс творчасці. Мн., 1981;
Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. №7;
Бечык В. Любоўю кроўнай... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Быкаў В. Высакароднасць погляду на свет і жыццё // Гілевіч Н. Святлынь. Мн., 1984;
Вярцінскі А. Калі радок хвалюе // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1979;
Калеснік У. Паэт у страі: (Рысы да літ. партрэта Ніла Гілевіча) // Полымя. 1976. №4;
Конан У. Паэтычны голас сумлення // Там жа. 1996. №9;
Ламека Л. Радок чысціні світальнай // Маладосць. 1991. № 9;
Яе ж. Боль і сумленне Бацькаўшчыны // Роднае слова. 1996. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РСКАЯ БІ́ТВА 1943,
адна з вырашальных вайск. аперацый у Вял.Айч. вайну. Адбылася на тэр. сучасных Курскай, Арлоўскай, Белгародскай, Бранскай і Калужскай абл. Расіі, Харкаўскай і Сумскай абл. Украіны. Складалася з 2 этапаў: абарончых баёў (5—23 ліп.) і контрнаступлення (12 ліп. — 23 жн.) сав. войск. Летам 1943 ням.-фаш. камандаванне падрыхтавала аперацыю «Цытадэль» — наступленне на т.зв. Курскі выступ сустрэчнымі ўдарамі з раёнаў Арла і Харкава, каб акружыць і знішчыць тут сав. войскі, вярнуць стратэг. ініцыятыву пасля паражэння ў Сталінградскай бітве 1942—43. На лініі Арол — Харкаў было сканцэнтравана 50 ням. дывізій (больш за 900 тыс.чал., да 2,7 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 10 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 2 тыс. самалётаў), што ўваходзілі ў 9-ю і 2-ю арміі групы армій «Цэнтр» (камандуючы ген.-фельдмаршал Г.Клюге), 4-ю танк. армію і аператыўную групу «Кемпф» групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн), г.зн. каля 70% танк., 30% матарызаваных і больш за 20% пяхотных дывізій, што дзейнічалі на сав.-герм. фронце. Сав. камандаванне разгадала намеры праціўніка і падрыхтавала эшаланіраваную абарону глыбінёй да 300 км. Абарону паўн. раёна Курскага выступу трымалі войскі Цэнтр. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі), паўд. — Варонежскага фронту (ген. арміі Л.Ф.Ватуцін): больш за 1,3 млн.чал., каля 20 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 3,4 тыс. танкаў і самаходных гармат і каля 2,2 тыс. самалётаў. У іх тыле знаходзіўся ў рэзерве Сцяпны фронт (ген.-палк. І.С.Конеў). Для контрнаступлення былі падрыхтаваны Зах. (ген.-палк. В.Д.Сакалоўскі) і Бранскі (ген.-палк. М.М.Папоў) франты, а таксама 57-я армія (ген.-лейт. М.А.Гаген) Паўд.-Зах. фронту. Дзейнасць франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза Г.К.Жукаў і А.М.Васілеўскі. Раніцай 5 ліп.сав. артылерыя нанесла апераджальны ўдар па варожых пазіцыях. Ударныя ням. групоўкі пачалі наступленне на Курск з раёнаў Арла і Белгарада. На Арлоўскім напрамку каля с. Поныры вораг уклініўся ў сав. абарону на 10—12 км, на Белгародскім напрамку каля с. Прохараўка — на 35 км. 12 ліп. каля Прохараўкі адбылася самая буйная сустрэчная танк. бітва 2-й сусв. вайны, у якой з абодвух бакоў удзельнічала да 1200 танкаў і самаходных гармат. Пасля 8-дзённых малавыніковых атак ням.-фаш. войскі перайшлі да абароны. 12 ліп. пачалі контрнаступленне войскі Зах. і Бранскага франтоў, 15 ліп. ў напрамку Арла — Цэнтр. фронту, 16—18 ліп. на Белгародска-Харкаўскім напрамку — Варонежскага і Сцяпнога франтоў ва ўзаемадзеянні з Паўд.-Зах. фронтам (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі). 5 жн. вызвалены Арол і Белгарад, 23 жн. — Харкаў. У выніку К.б. ням.-фаш. войскі страцілі каля 30 дывізій і шмат баявой тэхнікі. У ходзе бітвы ў тыле групы армій «Цэнтр» бел. партызаны правялі аперацыю «Рэйкавая вайна» (у ліп. пусцілі пад адхон 761 эшалон), чым у значнай ступені скавалі перавозкі праціўніка і адцягнулі на сябе каля 80 тыс. яго вайскоўцаў. У час бітвы вызначыліся воіны-беларусы лётчык А.К.Гаравец; танкісты М.М.Антонаў і В.Ф.Марцехаў, мінамётчык Б.Т.Шабан і інш. К.б. завяршыла карэнны пералом у ходзе Вял.Айч. вайны, стварыла ўмовы для пераходу сав. войск да агульнага наступлення, наблізіла пачатак вызвалення Беларусі (канец вер. 1943). Паражэнне Германіі ў К.б. вымусіла яе перайсці да абароны на ўсіх тэатрах 2-й сусв. вайны.
Літ.:
Колтунов Г.А., Соловьев Б.Г. Курская битва. М., 1983;
Кэйдин М. Курская битва — величайшее сухопутное сражение в истории // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагические страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;
Меллентин Ф. Танковые сражения 1939—1945: Пер. с англ.М., 1957. С. 186—202;
Соловьев Б.Г. «Кутузов» и «Румянцев» против «Цитадели» // Военно-ист журн. 1998. № 4.
В.А.Юшкевіч.
Да арт.Курская бітва 1943. Мастак П.А.Крываногаў. 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНТАЛІТЭ́Т,
ментальнасць (ад лац. mens розум, мысленне), своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека або якой-н. супольнасці людзей. З’яўляецца праявай глыбінных пластоў свядомасці і падсвядомасці чалавека, асн. крыніцай яго веры, перакананняў, эмоцый і пачуццяў. Фарміруецца пад уплывам асаблівасцей гіст. шляху краіны, нар. традыцый, звычаяў і абрадаў, мовы, прыродна-кліматычных умоў; ён можа выступаць як фактар паскарэння гіст. прагрэсу і як прычына «адставання» або супраціўлення зменам у сац.-эканам. і паліт. сферах (т.зв. «інерцыя М.»). Прадстаўнікі розных гіст. эпох, краін, народаў, сац., канфесійных, этн., полаўзроставых супольнасцей маюць спецыфічны, унікальны М., хоць яго асобныя рысы могуць быць падобныя, а часам і амаль аднолькавыя. Структура М. ўключае ўяўленні аб прасторы і часе, чалавеку і яго стаўленні да розных з’яў грамадскага жыцця, аб праве, маралі, працы і сям’і, аб жыцці і смерці і інш. Вылучаюць розныя ўзроўні (індывідуальны і калектыўны) і разнавіднасці (нацыянальны, рэлігійны, бюракратычны, таталітарны, першабытны, сярэдневяковы, дзіцячы, афрыканскі, еўрапейскі і інш.) М.
Тэрмін «М.» пачаў выкарыстоўвацца ў англ. філасофіі 17 ст. (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок); у навуковы ўжытак уведзены амер. філосафам Р.У.Эмерсанам у 1856. Э.Дзюркгейм увёў паняцці «калектыўная свядомасць», «калектыўныя ўяўленні», «калектыўныя пачуцці» і паказаў, што сацыяльнае, калектыўнае выцякае не са свядомасці асобна ўзятых індывідаў, а з іх злучэння. З.Фрэйд адзначаў, што кожны асобны індывід у значнай ступені знаходзіцца пад уладай установак «масавай душы», якія праяўляюцца ў расавых асаблівасцях, саслоўных забабонах, грамадскай думцы і інш. К.Юнг распрацаваў канцэпцыю т.зв. «архетыпаў», пад якімі ён разумеў універсальныя мадэлі, што ўзнікаюць з «калектыўнага неўсвядомленага» і з’яўляюцца асн. зместам рэлігій, міфаў і легенд. Л.Леві-Бруль адрозніваў 2 тыпы М. — далагічны і лагічны, якія фіксуюць несувымернасць містычнага мыслення аўстрал. і афр. плямён з еўрап. традыцыяй рацыянальнага мыслення. Франц. гісторык Ж.Лефеўр распрацаваў канцэпцыю «калектыўнай ментальнасці», што фарміруецца са стараж. часоў і асобныя рысы якой перадаюцца з пакалення ў пакаленне праз механізм гіст. памяці. Прадстаўнікі гіст. псіхалогіі (Л.Феўр, І.Меерсон, Р.Мандру і інш.) зыходзілі з таго, што разумовыя ўстаноўкі і навыкі ўспрымання атрымліваюцца людзьмі ў спадчыну без яснага ўсведамлення гэтага працэсу.
М. беларусаў фарміраваўся на працягу стагоддзяў і набываў свае тыповыя рысы ў спецыфічных абставінах грамадскага і культурна-духоўнага жыцця. У стараж. перыяд для М. жыхароў Беларусі былі ўласцівы язычніцкі політэізм, абагаўленне зямлі, крыніц, нябесных свяціл, дрэў, камянёў і інш. прыродных з’яў (пантэізм), перакананне ў рэальным існаванні душы, злых і добрых духаў (анімізм), вера ў цудадзейную сілу асобных слоў, выразаў (вербальная магія), адчуванне непарыўнага адзінства паміж чалавекам і ўсёй навакольнай прасторай, містычныя погляды і інш. Пасля прыняцця хрысціянства адбывалася своеасаблівае перапляценне, узаемапранікненне двух тыпаў М. — язычніцкага і хрысціянскага, для якога былі характэрны монатэізм, уяўленні аб стварэнні Сусвету і чалавека па волі Божай, аб неабходнасці для выратавання душы выконваць спец. абрады, ушаноўваць святых, адзначаць рэліг. святы і г.д. Беларусам заўсёды было ўласціва імкненне гарманічна прыстасаваць працу і адпачынак да пэўных прыродна-сезонных цыклаў, пораў года (т.зв. каляндарны тып ментальнасці), высокая духоўнасць, надзвычайная талерантнасць (цярпімасць), патрыятызм, адносна высокі ўзровень рэлігійнасці, працавітасць, спагадлівасць і інш.Традыц. беларускі М. у сваіх асн. рысах доўгі час захоўваўся без істотных змяненняў. У 19—20 ст. пад уплывам сац.-эканам. і грамадска-паліт. абставін значнай частцы насельніцтва сталі ўласцівы заідэалагізаванасць, атэізм, нецярпімасць да іншадумства і інш. У сучасны перыяд у М. грамадзян Беларусі ўмацоўваюцца ідэі незалежнасці краіны, пабудовы дэмакр. грамадства, свабоднага развіцця і самасцвярджэння асобы.
Літ.:
Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Вільня, 1921;
4 выд.Мн., 1993;
Дубянецкі Э. Менталітэт беларусаў: спроба гісторыка-псіхал. аналізу // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2;
Яго ж. Таямніцы народнай душы. Мн., 1995;
История ментальностей, историческая антропология. М., 1996;
Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЭ́СНЫЯ СПЕ́ВЫ (ад позналац. partes галасы, мн. лік ад лац. pars частка, удзел),
від харавых шматгалосых прафес. царкоўных і свецкіх спеваў, заснаваны на акордава-гарманічным прынцыпе, гамафоннай мелодыі і падзеле хору на партыі (дыскант, альт, тэнар, бас). Усх.-слав. праваслаўныя П.с. ў адрозненне ад каталіцкіх і уніяцкіх (з удзелам аргана і інш.муз. інструментаў) не мелі інстр. суправаджэння. На Беларусі вядомы з 2-й пал. 16 ст., у канцы 16—17 ст. пашырыліся на ўсёй тэрыторыі. У б-ках Аршанскага, Віцебскага, Крычаўскага, Магілёўскага, Мінскага, Мсціслаўскага, Навагрудскага, Нясвіжскага, Слуцкага брацтваў знойдзены рукапісы літургічных песнапенняў 1-й пал. 17 ст. на 4, 5, 6, 8, 12 галасоў. Узоры 4-галосых твораў змешчаны ў бел. Ірмалагіёне 1638. Стыль першых прафес. гарманізацый быў цесна звязаны з нар.-песенным шматгалоссем. Мелодыі часам пераймаліся са знаменнага спеву, кантаў, псальмаў. Запазычаны напеў змяшчаўся ў тэнары, бас выконваў функцыю гарманічнага фундаменту, адзін з верхніх галасоў рухаўся паралельна тэнару ў сексту ці тэрцыю, другі запаўняў гарманічную вертыкаль. Запісвалі творы 5-лінейнай кіеўскай (квадратнай) натацыяй (гл.Нотнае пісьмо). Тэксты браліся з літургіі, усяночнай і інш.царк. службаў; выкарыстоўваліся і свецкія тэксты. Першыя ўзоры П.с. — 2- і 3-галосыя канты. Іх зборнікі — канцыяналы, багагласнікі — вядомы з канца 15 ст. Першыя рас. канты пайшлі ад помніка бел.-рус. культуры «Псалтыр рыфматворны» Сімяона Полацкага і В.Цітова. Мелодыі «Псалтыра...» гарманізаваны адпаведна бел. традыцыі, у муз. адносінах цесна звязаны з бел. знаменным спевам. Адным з цэнтраў пашырэння П.с. на Беларусі быў Куцеінскі Богаяўленскі манастыр пад Оршай, які на пэўны час стаў цэнтрам развіцця новых плыней у музыцы, паэзіі, жывапісе. Шмат бел. тэкставых і муз. (пеўчых) рукапісаў было вывезена ў Маскву (захоўваюцца ў Дзярж.гіст. музеі ў Маскве, архівах). Навучаліся П.с. у брацкіх школах. Кожнае бел. брацтва мела хор, які ўдзельнічаў і ў паказах школьнага тэатра. Рас. разнавіднасць П.с. — радковыя спевы (на 2, 3, 4 галасы), што падрыхтавалі глебу для новага шматгалосага стылю.
У Расію П.с. прынесены ў сярэдзіне 17 ст. выхадцамі з Беларусі і Украіны (бел. музыканты З.Гламазінскі, І.Дзякоўскі, І.Календа, І.Канюхоўскі, І.Кокля, Д.Рагачэўскі, дзяк Тызенгаўз). Бел. спявак А.Беражанскі працаваў у Маскве ў 1652. У 1655 у маскоўскім Андрэеўскім манастыры 28 бел. («літоўскіх») пеўчых выконвалі партэсныя творы. У аснове рус. П.с. пач. 18 ст. — пералажэнні як асн. від кампазітарскай дзейнасці. Партытура пералажэнняў складалася з 4 галасоў (сапрана, 1-ы альт, тэнар і лёгкі бас, або дыскант, 1-ы і 2-і альты і тэнар). Гал. жанр П.с. — духоўны канцэрт. Вядомы канцэрты апошняй трэці 17—1-й пал. 18 ст. Яны выконваліся на 3—12, зрэдку на 16, 24 і 48 галасоў. Ім уласціва развітая шматгалосая фактура, муз. тэматызм узыходзіць да кантаў, знаменнага роспеву, слав. народна-песеннай (у вял.ступені да лірычнай зацягучай песні) і прафес.зах.-еўрап.інстр. музыкі. Вядома больш за 50 аўтараў партэсных твораў, у т. л. В.Цітоў, М.Дылецкі, М.Бавыкін, С.Пекаліцкі, М.Калашнікаў, С.Бяляеў, Вінаградскі, Дз.Папоў, пратадыякан Растоўскі, Ф.Светлы, Давідовіч, Г.Падольскі. Творы П.с. 2-й чвэрці 18 ст. зазналі ўплыў зах.-еўрап., асабліва італьян., музыкі, напісаны пераважна ў жанры духоўнага хар. канцэрта (на 6, 8, 12, 24 галасы). Найб. росквіту дасягнуў у творчасці Дз.Бартнянскага. П.с. адыгралі вял. ролю ў развіцці прафес. мастацтва, у фарміраванні жанраў кантаты, гімна, панегірычнага і віктарыяльнага канта.
Літ.:
Разумовский Д.В. Церковное пение в России. М., 1867;
Герасимова-Персидская Н.А. Партесный концерт в истории музыкальной культуры. М., 1983;
Вознесенский И. Церковное пение православной юго-западной Руси по нотнолинейным ирмологам XVII и XVIII вв. Киев, 1890;
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1, 3. М.;
Пг., 1916, 1922;
Feicht H. «Krakow» Musik in Geschichte und Gegenwart. Basel, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЭ́ЗІЯ (ад грэч. poiēsis творчасць),
1) адзін з асноўных (побач з прозай) тыпаў мастацтва слова, які грунтуецца на вершаваным спосабе арганізацыі моўнага матэрыялу.
2) Вершапісанне розных мастакоў слова, аб’яднаных межамі пэўнай гіст. эпохі (напр., антычная П., П. Адраджэння), а таксама сукупнасць твораў аднаго аўтара ў розных родах і жанрах л-ры (напр., творчасць А.Пушкіна ўключае і драматургію ў вершах, і лірычную П., і раман у вершах, і вершаваную прозу).
3) Лірыка як род л-ры (побач з эпасам і драмай).
4) Мастацкая літаратура наогул (у адрозненне ад навуковай).
5) У пераносным сэнсе — высокі, натхнёны строй пачуццяў (у адрозненне ад прагматычна-утылітарнага, разумовага дачынення). У апошнім значэнні П. выступае як адметная якасць чалавечых адносін, характарыстыка спосабу асвойвання свету.
Як квінтэсенцыя прыстасавальных адносін П. можа існаваць толькі ў пачуццёва ўспрымальных вобразах; з’яўляецца маст. феноменам псіхаідэалаг. культуры. Найб. арганічна існуе ў вершах і паэмах, але пафас яе тлумачэння далёкі ад П. як гамы лірычных перажыванняў, таму ў паэтызацыі аналітычны пачатак прысутнічае ў мінім.ступені і для яе не патрэбны стылявыя кампаненты, якія здольны перадаваць ідэю, канцэптуальны сэнс (сітуацыя, сюжэт, прадметная і псіхал. дэталь, мова персанажаў і інш. — тое, што характэрна для прозы). Для перадачы П. актуальнымі з’яўляюцца алітэрацыя, асананс, рытм, метафара і інш. Узняты строй думак, уласцівы П., можа выяўляцца ў вершах і прозе, музыцы і жывапісе, адносінах да творчасці і г.д. Паэтычнасць растворана ў сувязях чалавека з сусветам, таму аб’ектаў паэт. адносін вял. мноства. Аднак далёка не кожны аб’ект паддаецца паэтызацыі (напр., немагчыма апаэтызаваць смерць, перажыванні скнары ці забойцы і інш.). П. і паэтызацыя, як правіла, не паддаюцца спробам аб’ектыўна-рацыяналістычнага вытлумачэння, бо гэты занятак знішчае сам дух П.
Вытокі бел. П. ў вуснай нар. творчасці (песні, балады, замовы). Першыя пісьмовыя ўзоры П. вядомы з пач. 16 ст.: творы Ф.Скарыны, Міколы Гусоўскага (на лац. мове), А.Рымшы, Я.Пашкевіча, Сімяона Полацкага і інш., вершы якіх мелі пераважна сілабічную структуру (гл.Сілабічнае вершаскладанне). Паступова бел. П. танізуецца, асабліва ў 1-й пал. 19 ст., калі з’явіліся ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, П.Багрыма, У.Сыракомлі і інш. Найважнейшым прадметам маст. пазнання стала чалавечая асоба, дэтэрмінаваная сац.-гіст. абставінамі. Пашырылася жанравая разнастайнасць П., ускладнілася маст. структура верша (творы Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча). Класікі бел. П. Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка сінтэзавалі дасягненні папярэднікаў, узнялі П. на ўзровень сусв. л-ры. Пабольшала роля экспрэсіўнай паэт. мовы, індывід. пачатку ў П.; побач з удасканаленнем сілаба-тонікі (гл.Сілаба-танічнае вершаскладанне) з’явіліся такія формы верша, як верлібр, дольнік і інш., што забяспечыла ёй багатую рытміка-інтанацыйную выразнасць. Актыўнае ўзаемадзеянне формы і сэнсу адбываецца на ўсіх узроўнях паэт. творчасці, павышаючы ёмістасць вобраза і выразныя магчымасці слова. Паэты дамагаюцца высокай канцэнтрацыі выяўл. элементаў маўлення; умелае выкарыстанне паўз, націскаў рытмічнай плыні садзейнічае шматграннаму выяўленню аўтарскай інтанацыі ва ўсіх яе нюансах і дапамагае адчуць найтанчэйшыя ідэйна-маст. адценні. Пра развіццё бел. П. гл. таксама ў раздзеле Літаратура арт.Беларусь.
Літ.:
Жирмунский В.М. Теория стиха. Л., 1975;
Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;
Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;
Лойка А.А. Беларуская паэзія пачатку XX ст.Мн., 1972;
Шпакоўскі І.С. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАКА́Т (ням. Plakat ад франц. placard аб’ява, афіша),
выява на буйным аркушы паперы інфармацыйнага, рэкламнага ці прапагандысцкага зместу; від графікі, графічнага дызайна. Спецыфіка маст. мовы П. — падкрэсленая кідкасць, абагульненасць форм, лаканізм, кампазіцыйны сінтэз шрыфту і выявы, выяўл. метафары, эфектныя супастаўленні вобразаў, маштабаў, ступеней умоўнасці, якія ўспрымаюцца на вял. адлегласці. Мае 3 асн. жанры: відовішчны (тэатр., цыркавы, кінаплакат і інш., гл. таксама Афіша), рэкламны, сац. (паліт., прапагандысцкі і інш.). Арыгінал П. можа быць маляваны, выкананы ў тэхніцы гравюры (часцей літаграфіі), серыграфіі, з дапамогай калажу, фатаграфіі, камп’ютэрнай тэхнікі. Размнажаюць паліграф. спосабам.
Як маст. з’ява П. пашырыўся ў 1880-я г. Пластычная мова ў вял.ступені фарміравалася пад уплывам панегірычных гравюр, гравюр-тэзісаў (вял. гравюра з тэкстамі, якія інфармавалі пра навук. дыспуты), а таксама жывапісу класіцызму. П. стваралі Э.Манэ, Гранвіль, Г.Клімт і інш. З’яўленне ў Зах. Еўропе каляровай літаграфіі ў 2-й пал. 19 ст. дазволіла ствараць кідкія шматтыражныя рэкламныя П. выяўленчага характару (Ж.Шэрэ, Т.Стэйнлен). Мастацкае афармленне П. дасягнула росквіту ў творчасці А.Тулуз-Латрэка. На мяжы 19—20 ст. набылі папулярнасць арнаментальна-дэкар. П. ў духу стылю мадэрн (А.Муха ў Чэхіі і Францыі, О.Бёрдслі ў Англіі). Новы стыль П. з выразным лаканізмам і лапідарнай сімволікай стварылі Л.Бернхард у Германіі, М.Касандр у Францыі, А.Бенуа ў Расіі. У 1930-я г. ў асобныя кірункі вылучыліся кінаплакат і паліт. П. Сярод буйнейшых мастакоў-плакатыстаў К.Кольвіц, Дж.Гартфілд (Германія), Л.Мендэс (Мексіка), А.Дайнека, Л.Лісіцкі, Дз.Маор, Кукрыніксы (Расія), І.Таідзе (Грузія). Своеасаблівай агітацыйна-паліт. хронікай былі «Окна РОСТА» (У.Маякоўскі, М.Чарамных). Вобразнай выразнасцю вылучаюцца П. А.Родчанкі, В. і Г. Стэнбергаў, Я.Цвіка (Расія). На плакатнае мастацтва моцна паўплывалі экспрэсіянізм, кубізм, канструктывізм і «Баўгауз», што праявілася ў імкненні да лаканізму пластычнай мовы праз памяншэнне колькасці графічных элементаў. У 2-й пал. 20 ст. набылі вядомасць школы П. Польшчы (Г.Тамашэўскі, С.Эйдрыгявічус, В.Свежы, М.Васілеўскі), Японіі (К.Нагаі, С.Фукуда, І.Танака, М.Тода), Чэхіі (К.Мішак, В.Растока).
На Беларусі на развіццё П. паўплывалі панегірычныя гравюры. У 19 ст. з’явіліся першыя друкаваныя тэатр. афішы. Аўтарам першага П. на бел. мове з’яўляецца Ф.Рушчыц («Першая краёвая выстаўка хатняга вырабу і народнага штукарства ў Вільні», 1913). У пач. 20 ст. да П. звярталіся Я.Драздовіч, А.Быхоўскі, Г.Змудзінскі, П.Гуткоўскі і інш. Уклад у развіццё мастацтва П. зрабіла аб’яднанне «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (УНОВИС; Лісіцкі, М.Суэцін і інш.). П. друкаваліся ў Гомелі, Віцебску, Магілёве, Мінску і інш. гарадах. Традыцыі «Вокнаў РОСТА» прадоўжылі ў Вял.Айч. вайну плакат-газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка». Выяўл. мова П. 1940—70-х г. адлюстроўвала агульныя тэндэнцыі развіцця тагачаснага выяўл. мастацтва. У галіне П. працавалі А.Волкаў, М.Гуціеў, Л.Замах, Т.Ігнаценка, Л.Кроль, Я.Тарас і інш. У 1966—90 выходзілі перыяд. выданні «Агітплаката». На 2-ю пал. 1980—90-х г. прыпадае высокі ўздым плакатнага мастацтва Беларусі. Сярод мастакоў гэтага перыяду М.Анемпадзістаў, У.Васюк, С.Войчанка, С.Яўлампіеў, У.Жук, Л.Кальмаева, А.Кітаева, У.Крукоўскі, Г.Мацур, А.Наважылаў, В.Смаляк, Дз.Сурскі, К.Хацяноўскі, У.Цэслер і інш.
Літ.:
Ганчароў М.І. Беларускі палітычны плакат. Мн., 1989;
Henatsch M. Die Entstehung des Plakates. Hildesheim;
Zürich;
New York, 1994.
М.Р.Баразна.
Да арт.Плакат. С.Войчанка, У.Цэслер, А.Шалюта. Ад міжнароднага года міру — да міру без войнаў і зброі. 1986.Да арт.Плакат. Г.Мацур. Францыск Скарына. 1989.Да арт.Плакат. Л.Лісіцкі. Клінам чырвоным бі белых. 1920.Да арт.Плакат. А.Кітаева. Казімір Малевіч. 1989.Да арт.Плакат. У.Цэслер, С.Войчанка. Афган. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТМ (грэч. rhythmos ад rheō цяку),
чараванне якіх-н. элементаў (гукавых, моўных і інш.), якое адбываецца ў пэўнай паслядоўнасці, частаце; хуткасць працякання, здзяйснення чаго-небудзь.
Р. у літаратуры — раўнамернае чаргаванне аднародных моўных з’яў. Вершаваны Р. засн. на чаргаванні пэўных адзінак, што характарызуюць працягласць (ант. верш, сілабічнае вершаскладанне) або пэўную сістэму размеркавання націскных і ненаціскных складоў у стапе (сілаба-танічны верш, танічны верш, белы верш). У вершы рытмічная заканамернасць выступае як адзіны зыходны прынцып разгортвання мовы, што зададзены ў пачатку і вяртаецца пастаянна ў кожнай наступнай варыяцыі, калі прыраўнаваны адзін да аднаго асобныя адрэзкі мовы, сегменты фразы. Р. у прозе — вынік моўнага разгортвання, суаднесены са шматбаковасцю і зменлівасцю натуральнага Р. мовы ў яе разнастайных функцыянальных стылях. Маст. Р. прозы можна ахарактарызаваць як своеасаблівую арганізацыю Р. паўсядзённай мовы, які адрозніваецца большай упарадкаванасцю націскаў, аднак гэтая ўпарадкаванасць не павінна дасягаць ступені яўнай ізахроннасці, як у вершах. Агульнае ўражанне правільнасці і перыядычнасці звычайна ўзмацняецца пры дапамозе фанет. і сінтакс. прыёмаў: гукавога малюнка, сінтакс. паралелізму, ураўнаважанасці сэнсавых супрацьлегласцей. Р. непарыўна звязаны з інтанацыяй, паслядоўнасцю тонаў. Мова літ. твора больш, чым інш. тыпы выказвання, арганізаваная і выразная. У лепшых сваіх узорах яна максімальна насычана сэнсам і таму не дапускае пераафармлення, перабудавання, змянення.
Р. у музыцы — арганізаванасць муз. гукаў у іх часавай паслядоўнасці; адзін з гал. выразных і формаўтваральных сродкаў музыкі. На рытмічных заканамернасцях будуюцца суадносіны рознапрацяглых гукаў у непасрэднай блізкасці (у межах матыву, фразы і інш.) і прапорцыі частак муз. формы. У аснове Р. — суразмернасць часавых рытмічных доляў (рытмічныя адзінкі — цэлая, палавіна, чвэрць, восьмая і інш.). Нормай адліку рытм. руху, сродкам яго ўпарадкавання служыць метр (адзінства Р. і метра адлюстравана ў тэорыі музыкі паняццем метрарытму). У адпаведнасці з ім гукі звычайна аб’ядноўваюцца ў рытмічныя групы. Магчыма несупадзенне метрычных і рытмічных акцэнтаў (гл.Сінкопа). Па-за Р. не існуе музыкі. Нават самы маленькі меладычны зварот уключае і рытмічны элемент. Яго выразнасць раскрываецца ва ўзаемадзеянні з інш. элементамі, найперш ладам, тэмпам. Часам Р. выступае і адасоблена ад іх (розныя сігналы на ўдарных інструментах). Музыка кожнага народа мас характэрныя рытм. рысы. Тыповыя рытмаформулы ўласцівы некат. муз. жанрам, асабліва тым, што непасрэдна звязаны з увасабленнем руху (марш, танцы).
Р. у архітэктуры — чаргаванне акцэнтных элементаў (праёмаў, прасценкаў, верт. стоек каркаса, балконаў, эркераў і інш.) пры вырашэнні кампазіцыі будынка або паўтарэнне саміх будынкаў пры стварэнні арх. ансамбля; адзін са сродкаў кампазіцыі, з дапамогай якога дасягаецца сувымернасць і эмац. выразнасць твора архітэктуры. У аснове Р. — адзінства функцыян., канстр. і аб’ёмна-планіровачнага вырашэння. Р. у архітэктуры вядомы са старажытнасці (памяншэнне аб’ёмаў па вертыкалі ў пірамідах і зікуратах краін Стараж. Усходу). Рытмічнасць сістэмы ант. дойлідства па-мастацку асэнсавана сродкамі ордэрнай сістэмы (манум. пабудовы Стараж. Грэцыі і Рыма). Р. можа быць простым (паўтарэнне арх. элемента з захаваннем яго памераў і інтэрвалаў паміж імі), нарастаючым ці ўбываючым (паступовае змяненне інтэрвалаў паміж арх. элементамі). Заканамернасці нарастання і ўбывання выкарыстоўваюцца гал. чынам для стварэння выразнага арх. аблічча збудавання, пазбаўлення яго манатоннасці (касцёлы бернардзінцаў і езуітаў у Гродне, палац у Гомелі, ратуша ў г. Чачэрск Гомельскай вобл., Дом урада ў Мінску). Рытмічныя акцэнты падкрэсліваюць колерам, фактурай аддзелачных матэрыялаў і інш.
Літ.:
Елатов В.И. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;
Холопова В.Н. Вопросы ритма в творчестве композиторов первой половины XX в. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБО́Ў,
інтымнае і глыбокае пачуццё, накіраванасць на другую асобу, чалавечую супольнасць або ідэю. Засноўваецца на агульнасці інтарэсаў людзей. іх мэт, патрэб, каштоўнасцей і суправаджаецца моцнымі эмоцыямі, якія сітуатыўна ўзнікаюць і перажываюцца ў залежнасці ад індывід.-псіхал. асаблівасцей асобы.
У міфалогіі і стараж. сістэмах філасофіі Л. разумелася як «эрас» — касмічная сіла, падобная сіле прыцягнення, якая злучае разнародныя часткі Сусвету. Платон вызначаў 2 віды Л. — пачуццёвую і духоўную — і абгрунтаваў ідэю ўзыходжання ад пачуццёвай улюблёнасці і эстэт. захаплення прыгожым целам да ідэальнай Л. і разумення прыгажосці наогул (адсюль выраз «платанічная Л»), Паводле хрысціянскай дактрыны, сапраўдная Л. не падобна на пачуццёвы «эрас», на дружбу па выбару, на патрыят. салідарнасць грамадзян: яна ёсць ахвярная і безматыўная «любоў да блізкага». Прадстаўнікі Асветніцтва (К.Гельвецый, Ш.Мантэск’ё, А.Шэфтсберы і інш.) разглядалі Л. як натуральнае пачуццё салідарнасці, годнасці і ўнутр. свабоды чалавека, як асн. ўмову парадку і прыгажосці ў грамадстве. Г.Гегель лічыў, што ідэальная Л. раскрывае сапраўдны сэнс і прызначэнне чалавека. М.Шэлер бачыў у Л. адзіны спосаб пазнання каштоўнаснага ўваходжання асобы ў духоўную прастору свабоды, дзякуючы якой яна становіцца асобай. Паводле тэорыі псіхааналізу З.Фрэйда, Л. — выражэнне сексуальнай цягі (лібіда) і ўяўляе сабой працэс яе пераўтварэння і пераключэння (сублімацыі) на мэты сац. дзейнасці і культ. творчасці. У марксісцкай філасофіі Л. трактуецца як праяўленне перажывання, душэўнага хвалявання, ацэначных адносін і выбіральнай актыўнасці асобы, выражэнне сац.-групавой і агульначалавечай салідарнасці. Як гал. прынцып быцця і чалавечага шчасця, сцвярджэння самакаштоўнасці кожнай асобы, яе самаахвярнай дзейнасці ў імя грамадскага дабра і росквіту айчыны разглядалі Л. бел. мысліцелі-асветнікі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Ф.Скарына, С.Будны, Ліцыній Намыслоўскі, М.К.Сарбеўскі, Ф.Карпінскі, М.Лавіцкі, М.К.Судзілоўскі, Я.Чачот і інш.
У розныя гіст. эпохі і ў розных філас.-рэліг. вучэннях Л. звязвалі з адносінамі агульнасці і блізкасці паміж людзьмі, імкненнем да духоўнага і фіз. аб’яднання з асобай другога полу і ўзаемнага ўзнаўлення роду (каханне). У залежнасці ад сілы пачуцця, канкрэтнасці прадмета Л. ўсе яе віды можна размясціць у пэўную іерархію. Напр., для індывідуалістычнага грамадства (Стараж. Грэцыя і Рым, некаторыя краіны Зах. Еўропы новага часу) такая іерархія можа быць прадстаўлена ў выглядзе ступеняў: эратычная Л. і Л. да самога сябе; Л. да блізкага і чалавека наогул; да радзімы, жыцця, Бога і інш.; да прыроды, у прыватнасці, касм.Л.; да ісціны, дабра і справядлівасці, да прыгожага і да т.п.; да свабоды, творчасці, славы, улады, сваёй дзейнасці, багацця, «закону і парадку» і да т.п.; да зносін з іншымі людзьмі, да гульні, калекцыяніравання, падарожжаў і да т.п. Па меры аддалення ад вышэйшай ступені памяншаецца непасрэднасць і інтэнсіўнасць, павялічваецца сац. накіраванасць Л., больш выразнымі і пашыранымі становяцца захапленні, процілеглыя асобным відам Л. Напр., Л. да жыцця супрацьстаіць цяга да разбурэння і смерці, Л. да ісціны — схільнасць да хлусні, Л. да свабоды — непрыязнасць да яе. У калектывісцкім грамадстве (Стараж. Егіпет і Кітай, еўрап.феад. дзяржавы, сацыяліст. краіны) вышэйшая ступень Л. звязана з «вялікай мэтай», якую яна ставіць перад сабой. Старазапаветны прынцып «палюбі блізкага, як самога сябе» ў такім грамадстве трансфармуецца ў «Л. да далёкага» (да будучых і мінулых пакаленняў, да братоў па класе, да правадыроў і герояў, да чалавека толькі сваёй веры і пераканання). Калектывісцкае грамадства звычайна імкнецца абмежаваць сферу сексу для таго, каб яна не займала думкі і пачуцці чалавека, не адцягвала яго ад высокага прадвызначэння (умяшанне царквы ў шлюбнае жыццё людзей, забароны любых форм пазашлюбных адносін, асуджэнне «свабоднай Л.» і эротыкі, забарона сексуальных меншасцей і інш.).
Літ.:
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;
Философия любви. Ч. 1—2. М., 1990;
Фрейд 3. Очерки по психологии сексуальности: Пер. с нем. М., 1990;