ЗЛІ́ТАК,
зацвярдзелая маса металу (сплаву) пэўнай формы (усечанай піраміды, прызмы, цыліндра, конуса); паўфабрыкат, прызначаны для далейшай перапрацоўкі (пракаткай, каваннем, пераплаўкай). Атрымліваюць пры крышталізацыі ва ўліўніцах, бесперапынным ліццём, электрашлакавым пераплавам, спяканнем метал. парашкоў і інш. Пры вытв-сці сталі адліваюць З. масай у некалькі дзесяткаў тон для наступнага абціскання на блюмінгах і слябінгах.
т. 7, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАЭМА́ЛІ, нітрафарбы,
эмалевыя фарбы на аснове нітралакаў. Утвараюць дэкар. пакрыцці (напр., «малатковыя», з люстраным бляскам). Наносяць на слой алкіднай ці фенола-алейнай грунтоўкі (гл. Лакафарбавыя пакрыцці), пры пнеўматычным распыленні высыхаюць за 15—30 мін (пры пакаёвай т-ры). Выкарыстоўваюць для афарбоўкі металу (аўтамабілі, прыборы, станкі), дрэва (кухонная і мед. мэбля), тканіны і скуры.
т. 11, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДТАПЛЕ́ННЕ,
падняцце ўзроўню грунтавых вод, абумоўленае падпорам вады ў рэках, пры буд-ве вадасховішчаў і плацін, уцечкай вады з водаправоднай і каналізацыйнай сетак, заіленнем рэчышчаў рэк і інш.; натуральная прычына — падняцце ўзроўню мора. Пры П. забалочваюцца і засаляюцца глебы, пагаршаецца сан. стан мясцовасці, зніжаецца прадукцыйнасць лясоў і с.-г. угоддзяў, разбураюцца будынкі, дарогі і інш.
т. 11, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНЫ ЗАРА́Д,
дапаможная фіз. велічыня, якая ўводзіцца пры разліках стацыянарных магн. палёў па аналогіі з эл. зарадам, які стварае эл.-статычнае поле. Напр., пры разліках палёў у ферамагн. целах з нераўнамернай намагнічанасцю ўводзяць паняцце аб’ёмнай і паверхневай шчыльнасці М.з. Рэальная крыніца стацыянарнага магн. поля — стацыянарны эл. ток або пастаянны магніт. Гл. таксама Манаполь магнітны.
т. 9, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІЕЗІЁЗЫ,
інвазійныя хваробы свойскіх і дзікіх жвачных жывёл. Пашыраны ўсюды, суправаджаюцца масавым падзяжом маладняку. Пры М. расстройваецца страваванне, бываюць сутаргі, жывёлы худнеюць. Выклікаецца цэстодамі, якія паразітуюць у кішэчніку. Паразіт развіваецца ў навакольным асяроддзі з удзелам прамежкавага гаспадара — глебавых кляшчоў арыбатыд. Носьбіты хваробы — хворыя жывёлы, якія заражаюцца пры заглынанні з травой інвазіраваных кляшчоў. Гл. таксама Гельмінтозы.
т. 10, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛАНХО́ЛІК,
адзін з асн. тыпаў тэмпераменту; чалавек, які характарызуецца (паводле Гіпакрата) меланхоліяй, схільнасцю да дэпрэсіі, нізкім узроўнем псіхічнай актыўнасці, стрыманасцю маторыкі і мовы, хуткай стамляльнасцю. М. ўласцівы трывожнасць, глыбіня і трываласць эмоцый пры слабым іх знешнім выяўленні; пераважаюць адмоўныя эмоцыі. Пры неспрыяльных умовах у М. можа развіцца павышаная эмацыянальная ранімасць, замкнёнасць, адчужанасць.
т. 10, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЫКО́ЗНАЕ РАСШЫРЭ́ННЕ ВЕН,
хвароба, пры якой нераўнамерна павялічваецца прасвет вен з утварэннем выпучванняў у вобласці стончанай вянознай сценкі і вузлападобнай звілістасці іх. Праяўляецца функцыян. недастатковасцю клапанаў вен і парушэннем крывацёку. Найчасцей пашкоджвае вены ног, прамой кішкі (гл. Гемарой), семявы канацік (гл. Варыкацэле), падслізісты слой стрававода. Адрозніваюць першаснае (не звязанае з захворваннямі) і другаснае (пасля трамбозу, аплазіі і дысплазіі глыбокіх вен, цяжарнасці і інш.).
Першаснае варыкознае расшырэнне вен у 50% хворых развіваецца ў асоб 20—50-гадовага ўзросту (найчасцей у жанчын) ад прыроджанай непаўнацэннасці клапанаў вен, слабасці сценак вен, пры пашкоджанні іх нерв. апарату, таксіка-інфекц. фактары і інш. Прыкметы: нязначнае расшырэнне вен на галёнцы ці сцягне, хуткая стамляльнасць, боль у нагах, пачуццё цяжару, сверб і цяпло скуры, ацёкі. Ускладненні: тромбафлебіт, трафічныя язвы. Пры невялікім варыкозным расшырэнні вен на нагах рэкамендуюцца эластычныя панчохі і бінты, лек. прэпараты і фізіятэрапія, пры значным — хірург. лячэнне.
А.У.Руцкі.
т. 4, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАХНАІДЫ́Т (ад грэч. arachnē павук, павуціна + eidēs падобны + ...im),
запаленне мяккіх мазгавых абалонак (пераважна павуціннай) галаўнога або спіннога мозга чалавека. Узнікае як ускладненне інфекц. хвароб (грып, вострыя рэспіраторныя, пнеўманія, адзёр і інш.), ачагоў факальнай інфекцыі, пры інтаксікацыі, чэрапнамазгавых траўмах. Прыкметы арахнаідыту галаўнога мозга (цэрабральны арахнаідыт): галаўны боль з млоснасцю, ірвотай, галавакружэнне, сутаргі, зніжэнне памяці, хуткая стамляльнасць, вегетатыўныя расстройствы, аднабаковае зніжэнне слыху з парэзам мімічнай мускулатуры на тым жа баку, хутка прагрэсіруючае зніжэнне зроку (да слепаты); выяўляюцца лёгкія або сярэдне выражаныя ачаговыя прыкметы пашкоджання галаўнога мозга. Пры арахнаідыце спіннога мозга (спінальным арахнаідыце) пашкоджваюцца нерв. карэньчыкі, інш. раз рэчывы спіннога мозга. Узнікаюць апяразвальныя болі ў вобласці тулава, якія аддаюць у адну ці абедзве нагі, слабасць у нагах. Лячэнне ўключае санацыю ачагоў факальнай інфекцыі, процізапаленчыя, дэсенсібілізоўныя, рассысальныя, агульнаўмацавальныя, седатыўныя сродкі; пры паказаннях зніжаюць унутрычарапны ціск; у некаторых выпадках робяць хірург. аперацыі. Пры своечасовым лячэнні арахнаідыт праходзіць.
Г.Г.Шанько.
т. 1, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ КІРАВА́ННЯ пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь,
дзяржаўная ўстанова па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў. Засн. ў 1991 у Мінску пры СМ Беларусі, з 1994 — пры Кабінеце Міністраў, з 1995 — пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 1994/95 навуч. г. на базе вышэйшай адукацыі аддзяленні: павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў органаў дзярж. кіравання і мясц. Саветаў, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў галін нар. гаспадаркі, юрыдычнае; на базе сярэдняй, сярэдняй спец. і вышэйшай адукацыі ф-т падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне эканомікі, кіравання, міжнар. эканам. адносін, знешнеэканам. дзейнасці і права. У складзе Акадэміі працуюць н.-д. цэнтры па праблемах эканомікі, удасканалення кіравання, дзярж. кадравай палітыкі, службы ў дзярж. апараце, радыяцыйнай бяспекі, энергетыкі і радыеэкалагічнай адукацыі, а таксама Міжнар. цэнтр дзелавога супрацоўніцтва і падрыхтоўкі менеджэраў. Навучанне дзённае, вочна-завочнае, завочнае; платнае. З 1992 аспірантура і савет па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Дактарантура з 1993.
т. 1, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙ-ЛЮСА́КА ЗАКО́НЫ,
два законы, адкрытыя Ж.Л.Гей-Люсакам (1802, 1808). Закон цеплавога расшырэння газаў: аб’ём дадзенай масы ідэальнага газу пры пастаянным ціску мяняецца паводле формулы VT = V0(1 + αvΔT), дзе V0 і VT — аб’ём газу пачатковы і пры т-ры T; ΔT = T − T0 — рознасць гэтых т-р; αv — каэф. цеплавога расшырэння газу пры пастаянным ціску (~1/273,15 К−1 для ўсіх газаў). Для рэальных газаў выконваецца набліжана і тым лепш, чым далей ад крытычнага стану знаходзіцца газ. Разам з Бойля—Марыёта законам і Авагадра законам паслужыў асновай для вываду ўраўнення стану ідэальнага газу (гл. Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне). Закон аб’ёмных адносін: аб’ёмы газаў, якія ўступаюць у хім. рэакцыю, адносяцца адзін да аднаго і да аб’ёмаў газападобных прадуктаў рэакцыі як простыя цэлыя лікі. Напр., пры ўзаемадзеянні вадароду і хлору з утварэннем газападобнага хлорыстага вадароду H2 + Cl2 = 2HCl аб’ёмы газаў адносяцца як 1:1:2.
т. 5, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)