сукупнасць прыёмаў абазначэння (запісу) і назвы натуральных лікаў. Сістэмы Л. бываюць пазіцыйныя (найб. пашыраны) і непазіцыйныя. У большасці сістэм Л. лікі абазначаюцца паслядоўнасцю лічбаў.
Найб. дасканалыя пазіцыйныя сістэмы Л. грунтуюцца на прынцыпе, паводле якога адзін і той жа лікавы знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад месца, дзе ён знаходзіцца. Пэўны лік n адзінак (аснова сістэмы Л.) утвараюць адзінку 2-га разраду, n адзінак 2-га разраду — адзінку 3-га разраду і г.д. Асновай такіх сістэм можа быць любы лік, большы за 1, напр., 2 (двайковая сістэма лічэння), 5, 10 (дзесятковая сістэма лічэння), 12, 20, 40, 60. Першая такая сістэма (шасцідзесятковая вавілонская) узнікла каля 4 тыс. гадоў назад і выкарыстоўваецца пры вымярэнні і запісе вуглоў і часу. Існуюць простыя правілы пераводу лікаў з адной сістэмы Л. ў другую. У непазіцыйных сістэмахЛ., якія выкарыстоўваюцца ў мадулярнай арыфметыцы, кожны лічбавы знак мае пастаяннае значэнне незалежна ад свайго месцазнаходжання ў запісе любога ліку. Напр., кожны цэлы лік ад 0 да 104 адназначна выяўляецца сваімі астачамі ад дзялення на 3, 5 і 7. Пры складанні, адыманні і множанні лікаў дастаткова аперыраваць толькі гэтымі астачамі, што значна павялічвае хуткасць вылічэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭ́НАЎСКАЯ ПЕЧ (ад прозвішча франц. металурга П.Э.Мартэна),
полымная рэгенератыўная печ для вытв-сці сталі з чыгуну і стальнога лому. Выкарыстоўваюцца таксама ў дуплекс-працэсе. Бываюць стацыянарныя (найб. пашыраны) і хістальныя.
Верхняя ч. стацыянарнай М.п. складаецца з рабочай прасторы, дзе вядуць плаўку пры т-ры да 1800 °C і вышэй, левай і правай галовак, па якіх паступае вадкае або газападобнае паліва і паветра (гл.Мартэнаўскі працэс). Чыгун, стальны лом, флюсы і інш. зыходныя матэрыялы загружаюць у рабочую прастору праз спец. вокны завалачнымі машынамі. Ў ніжняй ч. печы ёсць рэгенератары для падагрэву паветра і газападобнага паліва, шлакавікі для збірання пылу і шлакаў. У хістальных М.п. рабочая прастора спец. механізмамі нахіляецца ў бок рабочай пляцоўкі (для спуску шлаку) і разлівачнага пралёту (для выпуску металу). Умяшчальнасць М.п. да 900 т. Першая М.п. пабудавана ў 1864 у Францыі, у Расіі — у 1870 на Сормаўскім з-дзе. У 1970-я г. з пераходам на кіслародна-канвертарны працэсбуд-ва М.п. фактычна спынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ (Мельнікаў-Пячэрскі) Павел Іванавіч
(6.11.1818, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 13.2.1883),
рускі пісьменнік. Скончыў Казанскі ун-т (1837). Настаўнічаў, служыў чыноўнікам, у 1850—66 у Мін-ве ўнутр. спраў. Маст. творы друкаваў пад псеўданімам Андрэй Пячэрскі. Першая публікацыя — «Дарожныя нататкі на шляху з Тамбоўскай губерні ў Сібір» (1839—42). У апавяданнях і аповесцях «Старыя гады» (1857), «Грыша» (1861) і інш. тэма рэліг. шуканняў народа, негатыўныя з’явы дарэформеннага жыцця, цікавасць да супярэчнасцей нар. характараў, блізкасць да натуральнай школы. Дылогія «У лясах» (1871—75) і «На гарах» (1875—81) пра стараверскае Заволжа сярэдзіны 19 ст. Проза М. адметная багаццем фалькл. матэрыялу, гістарызмам, этнагр. асновай, майстэрствам у апісанні побыту. Аўтар гіст. работ і гіст.-этнагр. нарысаў «Гістарычныя нарысы папоўшчыны» (1864—67), «Князёўна Тараканава і прынцэса Уладзімірская», «Тайныя секты» (абедзве 1868), кн. «Пісьмы пра раскол» (1862), брашуры «Пра Рускую Праўду і польскую няпраўду» (1863), рэцэнзій і інш. На рус. мову пераклаў верш А.Міцкевіча «Вялікі мастак» (1840).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1976.
Літ.:
Соколова В.Ф. П.И.Мельников-Печерский: Очерк жизни и творчества. Горький, 1981;
Старикова М.Н. М.Е.Салтыков-Щедрин и Мельников. Алма-Ата, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРЭАЛІ́ЗМу філасофіі,
кірунак у англа-амерыканскай філасофіі пач. 20 ст. Сфарміраваўся пад уплывам шатландскай школы, філасофіі Ф.Брэнтана, А.Мейнанга (Аўстрыя), ранняга Б.Расела як рэакцыя на суб’ектыўны ідэалізм прагматызму і аб’ектыўны ідэалізм англ.неагегельянства. Тэарэтыка-пазнавальныя прынцыпы сфармуляваны англ. філосафам Дж.Мурам у арт. «Абвяржэнне ідэалізму» (1903) і развіты ў ЗША Р.Перы, У.Монтэгю, У.Марвінам, Э.Сполдынгам, У.Піткінам, Э.Холтам («Праграма і першая платформа шасці рэалістаў», 1910). У тэорыі пазнання Н. сцвярджае, што пазнавальны аб’ект можа непасрэдна «ўваходзіць» у свядомасць суб’екта, але пры гэтым не залежыць ад пазнання ў адносінах свайго існавання і прыроды («тэорыя іманентнасці незалежнага»). У анталогіі прызнае 2 формы аб’ектыўнага існавання: прасторава-часавую або толькі часавую (уласціва адпаведна фіз. і псіхічным з’явам і аб’ектам) і ідэальнае існаванне па-за прасторай і часам (агульныя паняцці і матэм. аб’екты), а таксама незалежнасць рэчаў ад тых адносін, у якія яны ўступаюць («тэорыя знешніх адносін»), «Касмалагічны» кірунак Н. прадстаўлены тэорыяй «эмерджментнай эвалюцыі» С.Александэра (Вялікабрытанія), «філасофіяй працэсу» А.Уайтхеда, халізмам Я.Смэтса. У 1930-х г. Н. страціў уплыў; на змену яму прыйшоў крытычны рэалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ АХО́ВА, пажарная служба,
сістэма дзярж. органаў па арганізацыі і ажыццяўленні мерапрыемстваў па папярэджанні і тушэнні пажараў, пажарнай бяспецы. Асн. задачы П.а. — пажарная прафілактыка, пажарны нагляд, тушэнне пажараў. На Беларусі проціпажарная ахова як асобная служба ў гарадах з магдэбургскім правам вядома з пач. 16 ст. Першыя прафес. пажарныя каманды ўзніклі ў 19 ст. У Мінску прафес. пажарная каманда створана ў 1853. У 1876 арганізавана Мінскае вольнапажарнае т-ва. У пажарныя каманды ўваходзілі атрады водазабеспячэння, трубны, драбінны, сякерны і ахоўны. У 1927 сфарміраваны апарат Дзярж. пажарнага нагляду. У 1933 створана першаянавуч. ўстанова па падрыхтоўцы пажарных спецыялістаў (гл.Вышэйшае пажарнатэхнічнае вучылішча). З 1999 П.а. ўваходзіць у сістэму Мін-ва надзвычайных сітуацый Беларусі, якому падпарадкаваны абласныя і Мінскае гар. ўпраўленні, пажарныя аварыйна-выратавальныя атрады, часці і асобныя пасты. У склад П.а. ўваходзяць Камандна-інж.ін-т, Пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый навукова-даследчы інстытут, Гомельскае сярэдняе пажарнатэхн. вучылішча і Рэсп. навучальна-трэніровачны цэнтр. Дзейнасць рэгламентуецца законам «Аб пажарнай бяспецы» (1993) і інш. нарматыўна-прававымі актамі. З 1999 Беларусь член Міжнар.тэхн. камітэта па папярэджанні і тушэнні пажараў (засн. ў 1902).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНО́ВА (Вера Фёдараўна) (20.3.1905, г. Растоў-на-Доне, Расія —3.3.1973),
руская пісьменніца. З 1933 пісала п’есы. Першая аповесць — «Сям’я Піражковых» (1945, у новай рэд. «Еўдакія», 1959; аднайм. фільм, 1961). Аповесць «Спадарожнікі» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947; кінафільм «Цягнік міласэрнасці», 1964; тэлефільм «На ўсё астатняе жыццё», 4 серыі, 1975) пра Вял.Айч. вайну. У раманах «Кружыліха» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Поры года» (1953, кінафільм «Высакосны год», 1962), аповесці «Сярожа» (1955, аднайм. кінафільм, 1960) і інш.сац.-маральныя канфлікты, псіхал. аналіз сучасных характараў і адносін. «Сентыментальны раман» (1958, аднайм. фільм, 1976) пра пакаленне 1920-х г. Аўтар аповесці з жыцця пасляваен. вёскі «Ясны бераг» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), цыкла гіст. аповесцей, рамана-казкі «Каторая гадзіна? Сон у зімовую ноч» (апубл. 1981), п’ес «Завея» (1957), «Провады белых начэй» (1961), «Колькі гадоў, колькі зім!» (1966, усе паст.), кн. «Пра маё жыццё, кнігі і чытачоў» (апубл. 1975), апавяданняў, кінасцэнарыяў і інш. Пісала для дзяцей.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. Л., 1987—89;
Жизнь Мухаммеда. М., 1991 (разам з Ю.Б.Вахціным).
Літ.:
Нинов А.А. Вера Панова: Жизнь. Творчество. Современники. Л., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРО́ЦКІ (Францішак) (10.6.1723 — пасля 2.7.1805),
выдавец, перакладчык, гісторык. Родам з Беларусі. Д-р філасофіі (1758). Вучыўся ў Полацкім, Слуцкім, Нясвіжскім, Гродзенскім і Варшаўскім езуіцкіх калегіумах. У 1753—56 выкладаў у Варшаве, з 1757 у Віленскай езуіцкай акадэміі. У 1760 узначаліў віленскую акад. друкарню, у якой у 1760—62 выдаваў і рэдагаваў «Кур’ер Літэўскі», у 1763 — Калегіум Нобіліум у Вільні. З 1765 рэктар Ковенскага калегіума, у 1768—73 пракуратар Літ. правінцыі езуітаў. Пасля роспуску ордэна прэлат інфлянцкі, канонік ловіцкі. Надрукаваў гіст. працу К.Галоўкі «Айчынныя звесткі пра Польшчу і ВКЛ» (1753). Выдаў падручнік па геаграфіі «Еўропа, першая з частак свету апісаная» (1754), гіст. працы «Гісторыя прэтэндэнтаў Кароны Англійскай» (1758), «Звесткі пра Курляндскае і Земгальскае княства...» (1759), «Найбольш значныя войны...» (1763). Прадоўжыў пачатае Я.А.Пашакоўскім выданне на польскай мове віленскіх «Палітычных каляндарыкаў» (1758—71), дзе друкаваў звесткі па гісторыі, астраноміі, геаграфіі і фізіцы. Пераклаў на польскую мову працу Ф.Рэната «Навука пра рыцарскую справу» (1776), да якой дадаў 2-і том з апісаннем войнаў Рэчы Паспалітай; кнігу К.Нанота «Памылкі Вальтэра» (1780, перавыдадзена ў Нясвіжы ў 1781). Прытрымліваўся поглядаў памяркоўнага крыла асветнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЖДЗЕ́СТВЕНСКІ (Роберт Іванавіч) (20.6.1932, с. Касіха Троіцкага р-на Алтайскага краю, Расія — 20.8.1994),
рускі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1956). Друкаваўся з 1950. Першая кніга — «Сцягі вясны» (1955). У паэт. зб-ках «Выпрабаванне» (1956), «Равесніку» (1962), «Радыус дзеяння» (1965), «Сын Веры» (1966), «Усур’ёз» (1970), «Радар сэрца» (1971), «Голас горада» (1977), «Гэты час» (1983), «Узрост» (1988) і інш. тэма вернасці загінуўшым у Вял.Айч. вайну, роздум над сэнсам жыцця, лірыка кахання. Паэма «Рэквіем» (1961, музыка Дз.Кабалеўскага) прысвечана памяці тых, хто загінуў у Вял.Айч. вайну. «Ліст у трыццатае стагоддзе» (1963) — своеасаблівая размова з нашчадкамі. Аўтар «Паэмы пра розныя пункты погляду» (1967), паэмы «Чаканне» (1982), кн. падарожных публіцыст. нарысаў «І не заканчваецца зямля...» (1971) і інш. За кнігу «Голас горада» і паэму «210 крокаў» (1978). Дзярж. прэмія СССР 1979. Многія яго вершы пакладзены на музыку. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклалі Г.Бураўкін, І.Калеснік, В.Макарэвіч, М.Танк, В.Шыханцоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДРУ́ЖНАСЦЬ, Садружнасць нацый (англ. Commonwealth, Commonwealth of Nations; да 1947 Брытанская садружнасць нацый),
аб’яднанне ў складзе Вялікабрытаніі і яе былых калоній і дамініёнаў. Юрыдычна аформлена Вестмінстэрскім статутам 1931 (удакладнены ў 1947). Першапачаткова ўключала Вялікабрытанію, Канаду, Аўстрал. Саюз, Новую Зеландыю, Паўд.-Афр. Саюз, Ньюфаўндленд і Ірландыю; уяўляла сабой асабістую унію, кіраўніком кожнай дзяржавы лічыўся брыт. манарх, якога прадстаўляў прызначаны ім ген.-губернатар. Пасля 2-й сусв. вайны з уступленнем у С. былых калоній-рэспублік (першая Індыя з 1949) манархічны характар аб’яднання страчаны. У 2000 аб’ядноўвала 53 краіны з рознымі формамі праўлення. Існуюць Сакратарыят С., праводзяцца штогадовыя канферэнцыі краін С. на ўзроўні прэм’ер-міністраў і міністраў фінансаў. У Вялікабрытаніі ёсць мін-ва па справах С. Гал. мэты С. — развіццё эканам., культ., навук., адукацыйных і інш. сувязей на базе традыцый агульнай мінулай гісторыі. Аднак на міжнар. арэне С. не выступае як адзінае цэлае. Кожная краіна мае права аднабаковага выхаду з С. [напр., у 1948 выйшла Бірма (М’янма), у 1949 — Ірландыя]. З 1995 у С. уваходзіць Мазамбік, які не быў брыт. калоніяй. Асобая роля Вялікабрытаніі вызначаецца не юрыд. нормамі, а эканам., фін. і паліт. адносінамі паміж Вялікабрытаніяй і інш. краінамі С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРО́КІНА (Ніна Іванаўна) (н. 13.5.1942, г. Электрасталь Маскоўскай вобл.),
руская артыстка балета. Нар.арт. Расіі (1975). Нар.арг.СССР (1987). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1961, кл. С.Галоўкінай). У 1961—88 у трупе Вял.т-ра ў Маскве. З 1989 педагог-рэпетытар гастрольна-канцэртнай групы «Зоркі Вялікага балета». Яе талент і творчая індывідуальнасць найб. ярка раскрыліся ў балетах, вырашаных мовай сучаснай харэаграфіі. Першая выканаўца партый: Дзяўчына («Геолагі» М.Карэтнікава, 1964), Выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага, 1965), Дзяўчына («Ікар» С.Сланімскага, 1971), Кіці («Ганна Карэніна» Р.Шчадрына, 1972), Каханая («Азоранасць» А.Пахмутавай, 1973), Радысачка («Чыпаліна» К.Хачатурана, 1977). Сярод партый класічнага і сучаснага рэпертуару: Маша, Аўрора, прынцэса Фларына («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Жанна («Полымя Парыжа» Б.Асаф’ева), Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана), Гаспадыня Меднай гары, Анастасія («Каменная кветка», «Іван Грозны» С.Пракоф’ева), Муза («Паганіні» С.Рахманінава), Асель («Асель» У.Уласава), Геро, Шура Азарава («Каханнем за каханне», «Гусарская балада» Ц.Хрэннікава) і інш. Знялася ў тэлебалеце «Гарэзлівыя частушкі» (1970), у тэлефільмах-канцэртах «Харэаграфічныя навелы» (1973), «Танцуюць Ніна Сарокіна і Міхаіл Лаўроўскі» (1982). Лаўрэат Міжнар. конкурсаў.