у шырокім сэнсе — усё, што існуе (матэрыяльны сусвет) і стаіць у адным шэрагу з паняццямі быццё, матэрыя; у больш вузкім сэнсе — аб’ект вывучэння прыродазнаўчымі навукамі. Разглядаецца таксама як сукупнасць прыродных умоў існавання чалавека з пункту гледжання месца і ролі П. ў сістэме адносін да яе чалавека і грамадства. Існуе незалежна ад чалавека, бясконцая ў прасторы і часе, невычарпальная ў сваіх формах і іх уласцівасцях. Мае структуру і сістэмнасць, знаходзіцца ў стане вечнай змены і развіцця. Чалавек з’яўляецца арган. часткай П, паза якой ён не можа існаваць фізічна і духоўна.
У навуках аб Зямлі паняцце П. мае значэнні: тэр. прыродныя аб’екты (геасістэмы, ландшафты геаграфічныя і інш.), прыродныя комплексы вакол нас. пунктаў і інш. антрапагенных збудаванняў, тэр. ахоўныя аб’екты (запаведнікі, заказнікі) і інш., напр., у геагр. навуцы пад паняццем «П.» разумеюцца геаграфічнае асяроддзе, навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць паняцці «першая П.» — непарушаная чалавекам, «другая П.» — пераўтвораная чалавекам (поле, сад), не здольная да самападтрымання на працягу доўгага часу, «трэцяя П.» — штучнаўтвораныя сістэмы (урбанакомплексы, буйныя прадпрыемствы і інш.), якія не здольныя да самападтрымання нават на працягу кароткага часу. Сукупная дзейнасць грамадства аказвае значны ўплыў на П., што патрабуе рацыяналізацыі і рэгулявання іх узаемадзеяння, прыняцця мер па ахове прыроды, пераўтварэнні П. (напр., запланаваная перабудова ландшафтаў), захаванні і кантраляваным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і інш.Гл. таксама Геаграфічная абалонка, Прыроднае асяроддзе, Экалогія і інш.
Жывая П. складаецца з няклетачных, аднаклетачных і шматклетачных форм арганізмаў, якія ў сукупнасці з навакольным асяроддзем утвараюць біясферу Зямлі. Жывое рэчыва з’явілася на Зямлі, верагодна, у археі (больш за 3 млрд.г. назад) і прайшло складаны шлях біял.эвалюцыі на працягу геал. эвалюцыі планеты (гл.Геахраналогія). Развіццё біясферы адбывалася ў (залежнасці ад умоў існавання жывых арганізмаў, якія былі абумоўлены сонечнай радыяцыяй, рэльефам паверхні і агульнай цыркуляцыяй атмасферы. Асаблівасці ўмоў нежывой П. з улікам іх змен у гіст. часе і спалучэнні з аб’ектамі і фактарамі біял. эвалюцыі, абумоўліваюць разнастайнасць жывога рэчыва на Зямлі. Падзел пераважнай большасці арганізмаў на расліны (флора) і жывёлы (фауна) грунтуецца пераважна на спосабе жыўлення. Біягеахімічны кругаварот рэчываў у біясферы адбываецца пры ўдзеле жывых істот усіх узроўняў арганізацыі і складаецца ў біял. цыклы, якія ўключаюць 3 асн. звяны: утварэнне ў працэсе фотасінтэзуарган. рэчываў зялёнымі раслінамі т.зв. першаснай прадукцыі (гл.Прадуцэнты); ператварэнне першаснай (расліннай) прадукцыі ў другасную (жывёльную), пераважна шляхам жыццядзейнасці жывёл (гл.Кансументы); разбурэнне першаснай і другаснай біял. прадукцыі бактэрыямі, грыбамі і інш. (гл.Рэдуцэнты). Пры ўмоўным вылучэнні паясоў геаграфічных у суадносінах з кліматам і ў залежнасці ад пануючых у кожнай з кліматычных паясоў (зон) умоў існавання арганізмаў, раслінны і жывёльны свет падзяляецца (у адпаведнасці з паходжаннем, рэльефам і кліматам мацерыкоў і акіянаў) на біягеагр. царствы, падцарствы, вобласці, падвобласці і інш. адзінкі-катэгорыі раянавання зямнога шара, у залежнасці ад выбранай сістэмы біягеаграфічнага раянавання (гл.Арктагея, Натагея, Неагея, Палеагея), якое адлюстроўвае паходжанне і развіццё флоры і фауны пэўнага рэгіёна планеты ў гіст. аспекце і сучасны стан буйных прыродных тэрытарыяльных комплексаў. П. Беларусі вызначаецца знаходжаннем яе тэр. ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. У межах сучаснага біягеагр. раянавання сушы Беларусь належыць да біягеагр. царства Арктагеі, Галарктычнай біягеаграфічнай вобласці Палеарктыкі. Яе тэр. знаходзіцца ў т.зв. пераходнай зоне, якую вылучаюць у складзе Еўрап.-Сіб. біягеагр. вобл. (як адной з ч. Палеарктыкі). Для яе характэрны мяшаны характар флоры і фауны — часткова гэта паўн., таежныя формы, часткова — паўд., характэрныя для шыракалістых лясоў, стэпавыя і міжземнаморскія. Унутры пераходнай зоны змены адных фларыстычных і фауністычных элементаў другімі адбываюцца паступова і маюць агульныя формы. Своеасаблівасць геагр. становішча Беларусі абумоўлівае фарміраванне і існаванне на яе тэр. многіх унікальных прыродных комплексаў, якія маюць статус ахоўных прыродных тэрыторый і акваторый. На Беларусі існуюць 2 запаведнікі (Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік — адзіны ў свеце), 4 нацыянальныя паркі (Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі і Прыпяцкі), 89 заказнікаўрэсп. значэння агульнай пл. 774,5 тыс.га і 443 — мясц. значэння пл. 307 тыс.га, помнікі прыроды: 303 рэсп. і 483 мясцовага значэння (2000). У адносінах да расліннасці тэр. Беларусі належыць да 2 геабат. абласцей (гл.Геабатанічнае раянаванне), у якіх вылучаюць 3 фларыстычныя правінцыі. Прыроднай расліннасцю ўкрыта 66% тэр., у т. л. пад лесам каля 35%, лугамі 16%, балотамі 11%, хмызнякамі 3%. Дзікарослая флора геаграфічна і генетычна звязана з рознымі прыродна-гіст. абласцямі, кліматычнымі зонамі і мацерыкамі зямнога шара. Ахоўваюцца 214 відаў раслін (171 від вышэйшых і 43 віды ніжэйшых), 180 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (гл.Ахоўныя расліны). У складзе культ. флоры каля 230 відаў збожжавых, зернебабовых, пладовых, агароднінных, тэхн.культур (гл. адпаведныя арт.). Дрэвавыя пароды — крыніца драўніны і сыравіны для буд-ва, мэблевай, хім., цэлюлозна-папяровай і інш. прам-сці. Суадносна з расл. комплексам фарміраваўся і састаў фауны, якая набыла сучасныя рысы ў пасляледавіковы перыяд. Па паходжанні яна мяшаная, што вынікае з гіст. умоў яе фарміравання і фіз.-геагр. асаблівасцей тэрыторыі. Многія віды жывёл на Беларусі пад уплывам актыўнага антрапагеннага ўздзеяння на П. становяцца рэдкімі і падлягаюць ахове (гл.Ахоўныя жывёлы); у Чырв. кнігу Беларусі занесены 97 відаў пазваночных і 85 відаў беспазваночных жывёл. Прамысл. значэнне маюць 22 віды млекакормячых, 31 від птушак, 1 від паўзуноў (гадзюка звычайная), з беспазваночных — смоўж вінаградны. Найб.гасп. значэнне ў зверагадоўлі маюць пушныя звяры; у сажалкавых гаспадарках — карп, карась, інш. рыбы. Працэс рацыяналізацыі зносін чалавека з П. мае неадназначны характар. Гасп. дзейнасць людзей часта апынаецца ў супярэчлівых зносінах з навакольным прыродным асяроддзем. Вырашэнне канфліктных сітуацый паміж П. і грамадствам рэалізуецца пры дапамозе мерапрыемстваў па ахове прыроды, у т. л. на ўзроўні дзярж. заканадаўчых актаў. Усе багацці П. на Беларусі, незалежна ад ступені іх эксплуатацыі, знаходзяцца пад аховай дзяржавы (гл.Ахова ад радыеактыўных выпрамяненняў, Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова генафонду, Ахова глебаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова лясоў, Ахова нетраў, Ахова раслін, Ахоўныя ландшафты).
Літ.:
Тугаринов В.П. Природа, цивилизация, человек. Л., 1978;
Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.
В.С.Аношка, А.М.Петрыкаў.
Да арт.Прырода. Краявід у наваколлі в. Боркі Уздзенскага раёна Мінскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЭ́РТА-РЫ́КА (Puerto Rico),
Садружнасць Пуэрта-Рыка (ісп. Estado Libre Asociado de Puerto Rico, англ. Commonwealth of Puerto Rico), уладанне ЗША у Вест-Індыі, на аднайм. востраве (пл. 8,6 тыс.км²) і суседніх невял. астравах. Агульная пл. 9,1 тыс.км². Нас. 3916 тыс.чал. (2000). Афіц. мовы — ісп. і англійская. Адм. ц. — г.Сан-Хуан. Краіна падзяляецца на 78 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 чэрв.).
Прырода. Праз увесь востраў з З на У цягнецца хр. Кардыльера-Сентраль выш. да 1338 м (г. Пунта); уздоўж паўн. і паўд. берагоў раўніны і нізіны. На ПнЗ развіты карст. Бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: медныя, нікелевыя, марганцавыя руды, золата, каменная соль, мармур і інш. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры ў прыбярэжных раёнах 24—28 °C, у гарах на некалькі градусаў ніжэй. Ападкаў 1400—2500 мм за год на Пн і У, каля 900 мм на Пд і З, выпадаюць пераважна ў летне-асенні перыяд. У канцы лета бываюць ураганы. Рэкі кароткія, напаўняюцца вадой пасля ліўневых дажджоў. Вял. плошчы пад пусткамі. Натуральная расліннасць захавалася месцамі ў гарах. Пад лесам і хмызнякамі каля 16% тэрыторыі. На паўн. схілах гор — пальмы, дрэвы з каштоўнай драўнінай, каўчуканосы, на паўд. — засухаўстойлівыя хмызнякі і рэдкалессі. Жывёльны свет бедны. Рэзерват Лукільё.
Насельніцтва. Больш за 99% складаюць пуэртарыканцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з неграмі і мясц. індзейцамі. Жывуць таксама амерыканцы ЗША і інш. Паводле антрапалагічнага складу каля 73% — белыя, каля 23% — мулаты, каля 4% — негры. Вернікі католікі (больш за 85%) і пратэстанты. Сярэднегадавы прырост каля 0,6% (2000). Сярэдняя шчыльн. каля 440 чал. на 1 км². Найб. населены прыбярэжныя раёны (да 1000 чал. на 1 км²). У гарадах жыве каля 70% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Сан-Хуан — 439,6 (з прыгарадамі і суседнімі гарадамі больш за 1 млн.ж.), Баямон — 236,7, Понсе — 193,6, Караліна — 192,1. У прам-сці занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у буд-ве і на транспарце — 8%, у сельскай гаспадарцы — 3%, у сферы паслуг — каля 69%. Адбываецца пастаянная эміграцыя ў ЗША, там жыве каля 2,7 млн. пуэртарыканцаў (найб. у Нью-Йорку).
Гісторыя. Востраў заселены ў 1-м тыс.н.э. плямёнамі індзейцаў-аравакаў, якія называлі яго Борыкен. Адкрыты ў 1493 Х.Калумбам, які назваў яго Сан-Хуан-Баўтыста. У 1508 заваяваны іспанцамі на чале з Х.Понсе дэ Леонам. Ён заснаваў г. Пуэрта-Рыка (ісп. багаты порт), назва якога пазней перайшла на ўвесь востраў. У выніку таго, што да сярэдзіны 16 ст. індзейскае насельніцтва тут было амаль поўнасцю вынішчана іспанцамі, пачаўся масавы ўвоз неграў-рабоў з Афрыкі. У 1835, 1838 і 1868 тут адбыліся паўстанні з патрабаваннем незалежнасці. У 1897 П.-Р. атрымаў абмежаваную аўтаномію з захаваннем вярх. улады ісп. губернатара. У часе іспана-амерыканскай вайны 1898 акупіраваны ЗША і адышоў пад іх уладу паводле Парыжскага мірнага дагавора (снеж. 1898). У 1900 утвораны мясц.заканад. орган — кангрэс П.-Р., але вышэйшая ўлада належала губернатару, які прызначаўся ўрадам. ЗША. Пазней П.-Р. атрымаў статус «арганізаванай, але не ўключанай у склад ЗША тэрыторыі», а яе жыхары — права амер. грамадзянства без прадстаўніцтва ў кангрэсе. У 1947 жыхары П.-Р. атрымалі права выбару губернатара. Паўстанне 1950 за незалежнасць П.-Р. задушана войскамі ЗША, але канстытуцыя 1952 абвясціла П.-Р. «свабодна далучанай да ЗША дзяржавай».
У паліт. жыцці П.-Р. з 1960-х г. дамінуюць Нар.-дэмакр. партыя, якая стаіць за захаванне цяперашняга статуса вострава, і Новая прагрэс. партыя, якая выступае за яго далучэнне да ЗША у якасці штата. На рэферэндумах 1967, 1993 і 1998 б.ч. пуэртарыканцаў выказалася за захаванне цяперашняга статуса П.-Р.
Гаспадарка. П.-Р. параўнальна развітая краіна Вест-Індыі. У 1999 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 38,1 млрд.дол. (каля 9,7 тыс.дол. на 1 чал.). У эканоміцы дамінуюць амер. кампаніі. Прадукцыя паступае ў ЗША без мытных пошлін, што дае вытворцам дадатковыя перавагі. Прам-сць дае 45% ВУП, сельская гаспадарка — 1%, абслуговыя галіны — 54%. У прам-сці гал. роля належыць апрацоўчым галінам. Невял. здабыча марганцавых і медных руд, золата, каменнай солі, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 17,8 млрд.кВт∙гадз (1998), 98% на ЦЭС, якія працуюць на імпартаванай нафце. Найб. развіты нафтаперапр., нафтахім., хім., фармацэўтычная, электронная, эл.-тэхн. галіны. Меншае значэнне маюць харч. (вытв-сць цукру, рому, сокаў, фруктовых і рыбных кансерваў), тэкст., гарбарна-абутковая, мэблевая, цэментная, шкляная і керамічная прам-сць, выраб упрыгожанняў і цацак. Шмат прадпрыемстваў па зборцы з імпартаваных дэталей і вузлоў быт. тэхнікі. Саматужная вытв-сць вышывак, карункаў і вязаных вырабаў. Асн. цэнтры прам-сці: Сан-Хуан, Баямон, Понсе. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 460 тыс.га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 130 тыс.га (каля 40 тыс.га арашаецца), пад пашай і лугамі каля 330 тыс.га. На ўзбярэжжы ёсць плантацыі экспартных культур, ва ўнутр.ч. вострава — дробныя сялянскія гаспадаркі памерам 0,4—1,7 га. Больш за 60% с.-г. прадукцыі дае жывёлагадоўля. Пераважае мясны кірунак, у раёне Сан-Хуана — малочны. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлы — каля 600, свіней — каля 200, курэй — больш за 10 000. Развіваецца рыбалоўства і лоў крэветак (каля 100 тыс.т штогод). У земляробстве найб. значэнне маюць экспартныя культуры: цукр. трыснёг, тытунь, ананасы, кава, бананы. На свае патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, кукурузу, агародніну. Унутраны транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 14,4 тыс.км, чыгунак 96 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Сан-Хуан, Гуаяма, Плая-дэ-Понсе. У краіне 21 аэрапорт, у т. л. 2 міжнар. (каля гарадоў Сан-Хуан і Агуадылья). У 1999 экспарт склаў 34,9 млрд.дол., імпарт — 25,3 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафтапрадукты, хім. і фармацэўтычныя тавары, электроніка, адзенне, рыбапрадукты, цукар; у імпарце — нафта, хімікаты, машыны і абсталяванне, харч. прадукты. Гандаль пераважна з ЗША (88% экспарту, 60% імпарту), Венесуэлай (імпарт нафты), Японіяй, Дамініканскай Рэспублікай. Краіну наведваюць штогод больш за 4 млн. турыстаў (75% з іх з ЗША). Штогадовыя расходы турыстаў у краіне больш за 2 млрд. долараў. Грашовая адзінка — долар ЗША.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Пуэрта-Рыка.Ландшафт унутраных раёнаў Пуэрта-Рыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́ЦІЯ, Рэспубліка Бурація,
складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 351,3 тыс.км². Нас. 1056 тыс.чал. (1994), гарадскога 60%. Жывуць бураты (24%), рускія (69,9%), украінцы, татары і інш. Сталіца — г.Улан-Удэ; 20 раёнаў, 6 гарадоў, 34 пасёлкі гар. тыпу.
Прырода. Размешчана Бурація на ПдУсх. Сібіры. Пераважаюць выш. 500—700 м, найб. — 3491 м (г. Мунку-Сардык). Паводле характару рэльефу падзяляецца на Селенгінскае сярэднягор’е (хрыбты Цаган-Дабан, Цаган-Хуртэй, Заганскі і інш.), Усх. Саян, Байкальскую горную вобл. (хрыбты Хамар-Дабан, Улан-Бургасы, Баргузінскі, Байкальскі і інш.) і Віцімскае пласкагор’е з выш. 1000—1200 м; паміж хрыбтамі — міжгорныя катлавіны: Гусінаазерская, Удзінская, Баргузінская, Верхнеангарская і інш. Карысныя выкапні: буры і каменны вугаль, руды вальфраму і малібдэну, поліметалічныя руды, нефеліны, золата, графіт, азбест, цэментная сыравіна. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -24 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 300 мм за год. Гал. рэкі: Селенга, Баргузін, Верхняя Ангара, Віцім. Воз. Байкал. Больш як 300 мінер. крыніц. Шматгадовая мерзлата. Глебы пераважна падзолістыя, у цэнтр. і паўд. раёнах — каштанавыя і чарназёмы. 80% тэр. ўкрыта лясамі з лістоўніцы, піхты, кедру, хвоі. На Пд і ў цэнтр.ч. — стэп і лесастэп. Запаведнікі: Баргузінскі, Байкальскі.
Гісторыя. Засяленне тэр. Бураціі пачалося з верхняга палеаліту. У 3 ст. да н.э. — 11 ст.н.э. тут існавалі недаўгавечныя племянныя саюзы качэўнікаў і зменьвалі адна адну раннефеад. дзяржавы. Бур. плямёны занялі Прыбайкалле і Забайкалле ў пач. 13 ст.Бур. народнасць склалася ў 17—18 ст. У пач. 17 ст. ў Бураціі з’явіліся першыя рус. казацкія атрады. У сярэдзіне 17 ст. Бурація ўвайшла ў склад Расіі. У 2-й пал. 19 ст. тут пачалі развівацца капіталіст. адносіны. Умацаванню эканам. сувязей з Расіяй спрыяла буд-ва Сібірскай чыгункі (1892—1905). З гэтага часу царскі ўрад узмацніў прыгнёт буратаў і рэзка абмежаваў іх землекарыстанне, адабраў каля палавіны зямель. У лют. 1918 у Бураціі ўстаноўлена сав. ўлада. У жн. 1918 тэр. Бураціі акупіравана японскімі, у крас. 1919 — амер. войскамі; у Забайкаллі ўстанавіўся рэжым атамана Сямёнава. 2.3.1920 Чырв. Армія і прыбалтыйскія партызаны занялі Верхнеудзінск (Улан-Удэ), а да канца 1920 — усю Бурацію. Усх. частка Бураціі ўвайшла ў Далёкаўсходнюю рэспубліку, дзе 27.4.1921 утворана Бурат-Мангольская аўт.вобл., а заходняя — у РСФСР, дзе 9.1.1922 утворана Мангола-Бур.аўт. вобласць. 23.5.1923 абедзве аўт. вобласці аб’яднаны ў Бурат-Мангольскую АССР (з 7.7.1958 Бур. АССР) у складзе РСФСР.
У кастр. 1990 Вярх. Савет рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Бураціі і ўвёў пост прэзідэнта. У сак. 1992 Бурація падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй, але пазней адмовілася ад яго. Афіцыйна застаецца суб’ектам Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для дрэваапр. прам-сці, суднабудаванне, вагонабудаванне і інш.), лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў (цэмент, шкло), харч. (мясныя і рыбныя кансервы) прам-сць. Здабыча бурага вугалю і графіту, здабыча і перапрацоўка вальфраму, малібдэнавых руд, апатытыў і інш. Гусінаазерская ДРЭС. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечка-, свінагадоўля). Птушкагадоўля. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, авёс, жыта) і кармавых культур. Бульбаводства, агародніцтва. Пушны промысел. Зверагадоўля. Рыбалоўства. Тэр. Бураціі перасякае Транссібірская магістраль, на Пн праходзіць Байкала-Амурская магістраль (буйныя тунэлі Паўн.-Муйскі — 15 км і Байкальскі — 6,7 км). Суднаходства па воз. Байкал, рэках Селенга і Баргузін. Курорты: Аршан, Гарачынск.
Культура. Першая бурацкая масавая газета «Шэнэ байдал» («Новае жыццё») выйшла ў Чыце ў 1921. У 1995 выходзілі газеты «Бураад унэн» («Бурацкая праўда»), «Бурятия», «Правда Бурятии» і інш. Радыёвяшчанне на бур. мове з 1934. З 1961 працуе тэлецэнтр ва Улан-Удэ. Радыё- і тэлевяшчанне на бур. і рус. мовах.
Аснова л-ры Бураціі — фальклор (оды-магталы, вершы, песні, паэмы, легенды, паданні, сказанні-улігеры). Вяршыня вуснай нар. творчасці — гераічны эпас «Гэсэр». Адзін з заснавальнікаў пісьмовай нац. л-ры — Х.Намсараеў. Традыцыі рэалізму ў л-ры савецкага часу развівалі П.Дамбінаў (Салбанэ Туя), Ц.Дандубон (Ц.Дон), Н.Балдано, Ч.Цыдэндамбаеў, А.Шадаеў, Ж.Тумунаў, М.Дамдзінаў і інш. Грамадска-сацыяльныя працэсы, фарміраванне новага чалавека адлюстроўвалі Б.Абідуеў, А.Бадаеў, Ц.-Б.Бадмаеў, Д.Батажабай, Ц.Галсанаў, Ц.Дамдзінжапаў, Д.Дашынімаеў, Д.Жалсараеў, А.Жамбалдаржыеў, Ц.Шагжын і інш. Плённа развіваліся паэзія, проза і драматургія. Патрыят. матывамі прасякнута творчасць бур. пісьменнікаў перыяду Вял.Айч. вайны. У пасляваенныя гады актывізаваўся жанр гіст. рамана (І.Калашнікаў, Б.Мунгонаў, Намсараеў, Тумунаў, Цыдэндамбаеў, А.Бальбураў), развіваюцца паэзія, дзіцячая л-ра, літ. крытыка і літ.-знаўства (С.Ангабаеў, Ч.-Р.Намжылаў, А.Сактоеў, Г.Тудзенаў, Д.Улзытуеў, М.Хамаганаў і інш.).
На тэр. Бураціі захаваліся рэшткі паселішчаў эпохі палеаліту і неаліту, наскальныя выявы жывёл, людзей, сцэн палявання (т.зв.пісаніцы), помнікі бронзавага веку: «аленевыя камяні» са стылізаванымі фігуркамі аленяў, плітачныя магілы, нажы і кінжалы з скульпт. выявамі жывёл, а таксама шматлікія гарадзішчы з рэшткамі жылля эпохі гунаў, ірыгацыйныя збудаванні, гарадзішчы, могільнікі курумчынскай культуры. У 18—19 ст. будаваліся манастыры-дацаны, у архітэктуры якіх перапляталіся цэнтр.-азіяцкія і мясц. традыцыі. У 1-й пал. 19 ст. ўзведзены шэраг класіцыстычных будынкаў. У сучасным буд-ве шырока выкарыстоўваюць жалезабетон, алюміній, шкло і пластык. У нар.-прыкладным мастацтве развіты вышыўка і аплікацыя па аксаміце, скуры, сукне, разьба па косці і дрэве. У апрацоўцы вырабаў з металу выкарыстоўваюцца насечка, чаканка, чэрнь, гравіроўка. Асвойваецца габеленавае ткацтва з выкарыстаннем конскага воласу.
У муз. фальклоры Бураціі вядомыя эпічныя паданні (улігер), лірычныя абрадавыя і танц. песні (ганец-карагод ёхар) і інш. Ладавая аснова — ангемітонная пентатоніка. Сярод нар. інструментаў: духавыя лімба (тып флейты) і бішхур (язычковы), струнныя хур (смычковы) і чанза (шчыпковы), шмат ударных. Сярод дзеячаў нац.муз. мастацтва: кампазітары Б.Ямпілаў, Д.Аюшэеў, Ж.Батуеў, Г.Дадуеў, С.Манжыгееў, Г.-Д.Дашыпылаў, спевакі К.Базарсадаеў, Д.Дашыеў, Л.Лінхавоін і інш. Працуюць (1996): Бурацкі т-р оперы і балета, муз. вучылішча, харэагр. вучылішча, Усх.-Сібірскі ін-т культуры, філармонія, Саюз кампазітараў і інш.
Вытокі бур.тэатр. мастацтва ў нар. песнях, гульнях, абрадах, пантамімічных танцах («цан»). У пач. 20 ст. наладжваліся этнагр. і аматарскія вечары, паявіліся бур. п’есы, аматарскі т-р. З 1927 працуе т-ррус. драмы, з 1932 — бурацкі драм. т-р. Ставіліся п’есы Г.Цыдынжапава, Х.Намсараева, А.Шадаева, Н.Балдано, Д.Батажабая і інш. Сярод артыстаў: Цыдынжапаў, Б.Вампілаў, Н.Гендунова, Ч.Генінаў, У.Халматаў, Н.Балдано, Д.Дандукаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́Н (Gabon),
Габонская Рэспубліка (République Gabonaise), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс.км², нас. 1123 тыс.чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).
Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.
Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Большую ч.тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах.банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.
Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач.н.э. тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі былі партуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».
З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл.ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіны прафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн.т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн.т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн.м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцы з-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн.т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч.культурнайб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс.км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш.гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.
дзяржава ў Вест-Індыі, займае ўсх.ч. в-ва Гаіці і суседнія невял. астравы, на З мяжуе з Рэспублікай Гаіці. Падзяляецца на 26 правінцый і 1 акругу. Пл. 48,4 тыс.км². Нас. 7543 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Санта-Дамінга. Дзярж. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 лют.).
Дзяржаўны лад. Д.Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 4 гады. Заканад. орган — двухпалатны Нац. кангрэс, які складаецца з сената (30 чал.) і палаты дэпутатаў (120 чал.). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Каля палавіны тэр. занята гарамі. У цэнтр.ч. краіны з ПнЗ на ПдУ цягнецца Кардыльера-Сентраль з найвышэйшым пунктам 3175 м (г. Дуартэ). Уздоўж паўн. ўзбярэжжа вапняковыя горы Кардыльера-Септэптрыяналь, выш. да 1249 м. Паміж хрыбтамі і на ўзбярэжжы ўрадлівыя даліны. З карысных выкапняў ёсць баксіты, жал., медныя і нікелевыя руды, серабро і золата, буд. матэрыялы і інш. Клімат трапічны, пасатны. Т-ра паветра 23—25 °C у студз., 28—29 °C у ліпені. Ападкаў 1000—2000 мм за год, пераважна з мая да лістапада. Бываюць ураганы. Рэкі невял. горныя, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. На ПдЗ у бяссцёкавай катлавіне на 46 м ніжэй узр. м. ляжыць салёнае воз. Энрыкільё. У гарах трапічныя лясы (22% тэр.), пераважна лістападныя з каштоўнымі пародамі дрэў. У больш сухіх раёнах (асабліва на ПдЗ) саванны і кустовыя зараснікі. Да выш. 600 м схілы гор пад плантацыямі трапічных культур. Нац. паркі — Арманда-Бермудэс, Дэль-Эстэ, Лос-Айтысес.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва дамініканцы. Мулатаў 60%, белых 28%, неграў 12%. Ёсць невял. групы выхадцаў з суседніх краін, еўрапейцаў, японцаў і кітайцаў. 95% вернікаў католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 155,9 чал. на 1 км². Асабліва шчыльна заселены міжгорныя даліны і наваколле сталіцы. У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. з іх (тыс.ж., 1991): Санта-Дамінга — 2400, Сант’яга — 490, Ла-Рамана — 101.
Гісторыя. Да канца 15 ст. востраў насялялі індзейскія плямёны. Пасля адкрыцця вострава Х.Калумбам (1492) яго ўсх.ч. (цяперашняя тэр. краіны, назву атрымала ад г. Санта-Дамінга) да 1795 была калоніяй Іспаніі. потым Францыі, з 1809 зноў Іспаніі. У вайну за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Санта-Дамінга 20.11.1821 абвясціла незалежнасць і далучылася да рэспублікі Вял. Калумбія. У 1822 акупіравана суседняй Гаіці. У 1844 у выніку антыгаіцянскага паўстання стала незалежнай і атрымала сучасную назву, У 1861 ёю зноў завалодала Іспанія У выніку барацьбы за незалежнасць у 1865 іспанцы пакінулі Д.Р. З сярэдзіны 19 ст. ў краіну пачаў пранікаць замежны капітал. У 1905—40 ЗША усталявалі свой кантроль над мытнямі Д.Р., што палегчыла ім умяшанне ў паліт. жыццё краіны. Калі ў 1916 у Д.Р. адбылося паўстанне, амер. войскі акупіравалі краіну і ўстанавілі ваенна-акупац. рэжым (да 1924) У 1930 да ўлады прыйшоў Р.Л.Трухільё. прадстаўнік буйных памешчыкаў і буржуазіі, звязанай з ЗША, і ўстанавіў жорсткі паліт. тэрор.
Пасля 2-й сусв. вайны, ва ўмовах уздыму нац.-вызв. барацьбы ў Лац. Амерыцы, узмацнілася барацьба супраць рэжыму Трухільё (забіты ў 1961). У снеж. 1962 на ўсеагульных выбарах перамог Х.Бош. Яго ўрад у крас. 1963 прыняў канстытуцыю, якая абвясціла агр. рэформу, шэраг паліт. і дэмакр. свабод, ажыццявіў мерапрыемствы па ўмацаванні нац. эканомікі і аслабленні залежнасці ад ЗША. У вер. 1963 рэакц. ваеншчына скінула ўрад Боша. Уладу захапіла хунта і абвясціла надзвычайнае становішча, забараніла ўсе дэмакр. партыі, прагрэс. друк, разграміла прафсаюзы. Нар. паўстанне ў крас. 1965 скінула хунту. Канстытуцыйны ўрад узначаліў Ф.Кааманьё. ЗША высадзілі ў Д.Р. дэсант (42 тыс.чал.). Урад Кааманьё быў скінуты, часовым прэзідэнтам назначаны Э.Г.Гадой. На выбарах у чэрв. 1966, якія адбываліся ва ўмовах ваен. акупацыі краіны, перамог заснавальнік і лідэр Рэфармісцкай партыі Х.Балагер (прэзідэнт у 1966—78 і з 1986). У 1966 ЗША вывелі свае войскі з тэр. краіны. Д.Р. — чл.ААН з 1945, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. эканам. сістэмы і інш.міжнар. арг-цый. Акрамя правячай Рэфармісцкай сац.-хрысц. партыі (створана ў 1986 у выніку зліцця Рэфармісцкай і Рэв.сац.-хрысц. партый) у краіне дзейнічаюць Дамініканская партыя вызвалення, Дамініканская рэв. партыя, Дамініканская кампартыя і інш.Прафс. аб’яднанні — Аўт. канферэнцыя хрысц. прафсаюзаў, Усеагульная канфедэрацыя працоўных, Нац. канфедэрацыя дамініканскіх працоўных, Прафс. рух рабочага адзінства і інш.
Гаспадарка. Д.Р. — агр. краіна. У сельскай гаспадарцы занята 50% рабочай сілы. Доля ў валавым унутр. прадукце: сельскай гаспадаркі (разам з лясной прам-сцю і рыбалоўствам) — каля 17%, горназдабыўной прам-сці — каля 5, апрацоўчай прам-сці — каля 17, буд-ва — каля 6, гандлю — каля 16, сферы паслуг — каля 40%. Апрацоўваецца 30% тэрыторыі. Характэрна наяўнасць буйнога памешчыцкага землеўладання і дробных сял. гаспадарак (50% гаспадарак маюць надзелы менш за 1 га). Асн. таварныя культуры: цукр. трыснёг, какава, кава, тытунь, бананы, манга, апельсіны. На свае патрэбы вырошчваюць кукурузу, памідоры, фасолю, рыс, маніёк, батат. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 2400, свіней 1000, коз 300. Рыбалоўства і промысел крэветак, гал. цэнтры на паўн. узбярэжжы. Аснова прам-сці — перапрацоўка цукру, кавы, какавы, тытуню, мяса, агародніны. Вытв-сць электраэнергіі каля 4 млрд.кВт∙гадз штогод. Здабыча баксітаў, жал., нікелевай руд, золата (штогод каля 10 т), серабра (каля 35 т), кухоннай солі. У апрацоўчай прам-сці больш за 80% аб’ёму вытв-сці прыпадае на спажывецкія тавары. Найб. развіта харчасмакавая прам-сць (каля 2/3 кошту прамысл. прадукцыі), пераважна цукр. (штогадовая вытв-сць цукру-сырцу каля 1,5 млн.т) і тытунёвая. Цэм., хім., фармацэўтычная, тэкст., дрэваапр. прадпрыемствы. Каля 20 свабодных эканам. зон, дзе развіта швейная прам-сць. Нікелевы камбінат у г. Банао, нафтаперапр.з-д каля г. Санта-Дамінга. Значны даход прыносіць замежны турызм. Штогод краіну наведвае 1,7—2 млн. турыстаў, пераважна з ЗША. Турысцкі сезон у ліст.—маі. Унутр. транспарт у асноўным аўтамабільны, даўж. аўтадарог 17,1 тыс.км.
Чыгунак 1,2 тыс.км. Гал. марскі порт — Санта-Дамінга. Экспарт: цукар (20—30% кошту), золата і серабро (каля 20%), феранікель, кава, какава, тытунь і інш. Імпарт: нафта і нафтапрадукты (34%), прамысл. тавары (28%), машыны і трансп. сродкі (20%), харч. прадукты (15%). Асн.гандл. партнёры: ЗША (48% экспарту і 43% імпарту), Венесуэла, Нідэрланды. Грашовая адзінка — дамініканскае песа.
Літ.:
Кремер Т.И. Доминиканская республика: Очерк полит. истории (60—70-е гг.). М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сфера дзейнасці дзярж., грамадскіх, паліт. утварэнняў па рэгуляванні міжнац. і міжэтнічных адносін, а таксама ўлік нац. паходжання людзей у дзярж. будаўніцтве, эканоміцы, культуры, адукацыі, асв. і выхаваўчай працы. Тэарэт. аснову Н.п. складае права народа, групы людзей, адной асобы на свабоднае, добраахвотнае, этнічнае, нац., нац.-дзярж., нац.-культ. і інш. самавызначэнне. Н.п., як правіла, скіравана на прадухіленне расколу грамадства, узнікнення войнаў, розных дыскрымінацый на нац. глебе, на стварэнне і развіццё добрасуседскіх узаемапаважлівых, супрацоўніцкіх міжэтнічных і міжнац. адносін. Служыць для вырашэння нац. пытання дастасоўна да канкрэтных умоў гіст. развіцця грамадства, форм і асноў чалавечага супольніцтва. Сусв. грамадства разглядае нац. пытанне як стварэнне спрыяльных умоў для прагрэсіўнага эканам., культ., духоўнага развіцця нацый, народнасцей, нац. і этнічных груп, асобных індывідуумаў, вызваленне людзей ад нац. прыгнёту, паслядоўную барацьбу супраць праяў нацыяналізму і шавінізму. Нац. пытанне не залежыць ад віду грамадска-эканам. фармацыі, як лічылася раней у СССР. Як праблема яно існуе разам з нац. адносінамі, пастаянна зменлівымі задачамі іх усебаковага развіцця, што робіць Н.п. неад’емнай часткай дзярж., грамадскага і культ. жыцця. 20 ст. з’яўляецца перыядам новай актуалізацыі міжнац. адносін, калі міжнац. канфлікты сталі адной з прычын развязвання 1-й і 2-й сусв. войнаў, распальвання сусв. тэрарызму. З-за нешматлікасці нац. інтэлігенцыі працэс нац. адраджэння беларусаў праходзіў марудна. Калі ў агульнай колькасці інтэлігенцыі ў 5 зах. губернях Рас. імперыі прадстаўнікі рус. насельніцтва складалі 29,83%, яўр. — 28,81%, то беларускага — 26,12%. Нязначнай была доля беларусаў сярод рабочага класа (23%) і гар. насельніцтва (каля 17,1%). Дэкларацыя правоў народаў Расіі (2(15).11.1917] і Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа (12(25).1.1918] далі пачатак ажыццяўленню Н.п. бальшавікоў на аснове права нацый на самавызначэнне.
1.1.1919 утворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У канцы 1922 БССР разам з РСФСР, УССР і ЗСФСР стала адной з рэспублік — заснавальніц СССР. Тэарэт. аснову рэгулявання міжнац. адносін у СССР складала марксісцка-ленінскае вучэнне (гл.Марксізм-ленінізм) аб нацыі, нац. пытанні, прыярытэце пралетарскай класавай салідарнасці над інш. праявамі грамадскага жыцця. За гады сав. улады на аснове Н.п. атрыманы важкія здабыткі ў эканоміцы, адукацыі, кнігавыдавецкай справе, мастацтве, кінематографе і інш. Пралетарскі інтэрнацыяналізм вышэй за ўсё ставіў яднанне людзей на аснове класавай прыналежнасці і свядомасці. Гэта, з аднаго боку, забяспечвала існаванне агульнай дзяржавы для больш чым 100 нацый і народнасцей, садзейнічала іх эканам. і духоўнаму развіццю, а з другога — нярэдка вяло да штучнай нівеліроўкі іх нац.-этнічных асаблівасцей. Перагібы ў нац. сферы праяўляліся ва уніфікацыі сац. структуры грамадства ў рамках усяго СССР, у якой няпоўнасцю ўлічваліся вытв. магчымасці той ці інш. мясцовасці або рэгіёна. Адмоўную ролю адыгрывалі цэнтралізацыя і адм.-камандныя метады кіравання. Таму сусв.гіст. тэндэнцыі ў нац. адносінах — уздым нац. жыцця і імкненне да інтэрнацыяналізацыі — мелі не заўсёды гарманічны характар, паступова напаўняліся адмоўнымі праявамі. Гэта выявілася (канец 1980 — пач. 1990-х г.) у нац. канфліктах у Алма-Аце, Тбілісі, Крыме, Нагорным Карабаху, Вільнюсе і інш. У выніку пад уплывам розных фактараў было пастаўлена пытанне пра перагляд саюзнага дагавора ад 30.12.1922 і адбылася яго дэнансацыя 8.12.1991 у Віскулях (гл. ў арт.Белавежскія пагадненні 1991). У Беларусі ажыццяўленне Н.п. прадугледжвала пераадоленне эканам. і культ. адсталасці, што склалася гістарычна, развіццё нац. дзяржаўнасці, удасканаленне нац.-дзярж. будаўніцтва ў цеснай сувязі з умацаваннем федэратыўных адносін БССР з РСФСР і інш.сав. рэспублікамі. Значнае месца ў правядзенні Н.п. займала фарміраванне тэрыторыі (гл. ў арт.Узбуйненне БССР). Вырашэнне гэтага пытання было ў асн. завершана ў вер. 1939 пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Значнай падзеяй для Беларусі стаў уваход яе ў 1945 у ААН. У пасляваен. перыяд у рэспубліцы сталі развівацца машынабудаванне, хім.прам-сць, здабыча калійных солей, навукаёмістая вытв-сць. Сістэматычна расла колькасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Паступова ўлік асаблівасцей бел. эканомікі стаў чыста сімвалічным, паколькі Беларусь усё больш ператваралася ў рэгіён, які абапіраўся на пастаўкі з розных куткоў СССР. У канцы 1950-х г.БССР, як і інш. саюзныя рэспублікі, у адпаведнасці з рашэннямі XX з’езда КПСС (1956) і 7-й сесіі Вярх. Савета СССР (1957) пашырыла свае правы ў вырашэнні пытанняў адм.-тэр падзелу, эканам. і бюджэтнай палітыцы. Аднак да прынцыповых дэмакр. змен у адносінах паміж саюзнымі органамі ўлады і рэспублікамі гэтыя меры не прывялі. Н.п. ў Беларусі ўсё больш абмяжоўвалася правядзеннем розных мерапрыемстваў у сферах ідэалогіі і культуры. Тут таксама праяўляліся супярэчнасці паліт. і дзярж. сістэм, што знайшло адлюстраванне ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978. Хоць яна дэкларавала пабудову развітога сацыяліст. грамадства, стварэнне гіст. супольнасці людзей — сав. народа, шэраг праблем у матэрыяльным, культ. і духоўным жыцці насельніцтва заставаўся нявырашаным. Асабліва гэта назіралася ў сац. сферы ў параўнанні з многімі замежнымі краінамі, звужэнні сферы выкарыстання бел. мовы, развіцці гуманітарнай адукацыі. Разам з тым атрымалі пашырэнне цікавыя формы міжнац. адносін у культ. жыцці: дэкады нац.культур, дні л-ры сав. рэспублік, абмен дэлегацыямі, сумесныя паездкі дзеячаў культуры, л-ры і мастацтва на новабудоўлі, удзел у правядзенні міжнац. свят і інш. Але ў выніку заарганізаванасці іх змест часта выпустошваўся.
Н.п. не перашкаджала масаваму перасяленню людзей у інш. рэгіёны СССР у форме правядзення важных эканам. мерапрыемстваў. Так, у 1950—70-я г. ў час асваення на У цалінных і абложных зямель, буд-ва Байкала-Амурскай магістралі за межамі БССР апынулася больш за 900 тыс. грамадзян Беларусі (прыкладна 80% з іх беларусы). Перасяленцам даводзілася прымаць дадатковыя захады, каб захаваць традыцыі нац.-культ. жыцця. Моцны ідэалаг. ўціск адчувалі на сабе грамадскія навукі, у задачу якіх уваходзіла распрацоўка тэарэт. асноў Н.п. Нярэдка аўтарам навук. прац адводзілася роля простых каментатараў. У кантэксце працэсаў суверэнітызацыі, якія ў канцы 1980-х г. ахапілі рэспублікі СССР, 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб Дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Важнае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь адводзіцца захаванню незалежнасці і суверэнітэту бел. дзяржавы. Гэты курс знайшоў адлюстраванне ў заканадаўчых і нарматворчых актах. Асн. палажэнні Н.п. замацаваны ў абноўленым тэксце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі). У наш час суб’ектамі Н.п. ў Беларусі з’яўляюцца Нац. сход, Савет Міністраў і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, розныя грамадскія аб’яднанні і паліт. партыі.
Літ.:
Итоги разрешения национального вопроса в СССР. М., 1936;
Многонациональное советское государство. М., 1972;
В.И. Ленин о национальном вопросе и национальной политике. М., 1989;
Перабудова і міжнацыянальныя адносіны = Перестройка и межнациональные отношения. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДНЯПРО́ЎЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, ч. Віцебскай і Гомельскай абласцей. На Пн па водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны мяжуе з Паазер’ем, на З па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпра — з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем. У стараж.-рус. перыяд (9—12 ст.) ішоў інтэнсіўны працэс сцірання племянных этнакульт. адрозненняў, зліццё слав. плямён у адзіную народнасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі раўнінны рэльеф і дняпроўская сістэма суднаходных рэк, якія адыгрывалі важную ролю ва ўнутр. і знешніх культ.-эканам. сувязях. Гіст. лёс П. быў звязаны са стараж. Кіевам і з гісторыяй інш.усх.-слав. зямель. Этнакульт. комплекс, фальклорныя традыцыі і нар. гаворкі П. маюць шмат агульных рыс з суседняй Смаленшчынай і зах. Браншчынай (у 12 ст. значная ч. П. ўваходзіла ў Смаленскае, паўд. — у Чарнігаўскае княствы). У той час у П. важныя адм. і эканам. цэнтры — Копысь, Орша, Друцк, Мсціслаў, Прапошаск (Слаўгарад), Крычаў, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і інш. У канцы 12 ст. са Смаленскага вылучылася Мсціслаўскае княства, якое да сярэдзіны 14 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ, але захоўвала ў ім пэўную аўтаномію. На ранніх сярэдневяковых картах Еўропы (карты Н.Кузана — канец 15 — пач. 16 ст., С.Мюнстэра — 1540) левабярэжная ч. П. пазначана пад назвай Белая Русь. На больш позніх картах (Г. дэ Баплана, Я.Сандарта — 2-я пал. 17 ст., Т.Кітхіна — 1740, і інш.) Белая Русь лакалізавана ўжо ў верхнім П. і Паазер’і. Такое вызначэнне Белай Русі захавалася да сярэдзіны 19 ст., калі канчаткова было пашырана (з-за агульнасці гіст. лёсу і этнічнай культуры) на ўсю тэр. сучаснай Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) П. далучана да Расіі, на яго тэр. ўтворана Магілёўская губ., якая ў асн. супадала з межамі рэгіёна. Пасля 1917 і ўтварэння БССР П. з 1924 у складзе БССР (Гомельскі і Рэчыцкі пав. далучаны ў 1926). Сельскія пасяленні звычайна размяшчаліся па берагах невял. рэк і ў міжрэччах. На характар рассялення ўплывала суседства з воднымі шляхамі, урадлівасць мясц. глеб. Найб. густа заселенай і аграрна развітой была левабярэжная ч. П., у прыватнасці Аршанска-Магілёўская раўніна. Змешаныя хваёва-лісцевыя лясы і дубровы, што ўкрывалі гэтую тэрыторыю, у 18 — пач. 20 ст. на значных плошчах былі высечаны, і на іх месцы ўтварыліся масівы акультураных зямель. Адносна спрыяльныя глебава-кліматычныя ўмовы садзейнічалі пашырэнню хлебаробства. З тэхн.культур сеялі лён і каноплі. Агракультура П. мела рэгіянальныя рысы, што выяўлялася ў спосабах і прыёмах апрацоўкі глебы, мясц. варыянтах земляробчых прылад (сох, ільнамялак, барон), формах феад. рэнты і інш. У лясных краях прыкметнай падмогай у гаспадарцы былі здабыўныя промыслы. Частка насельніцтва ішла ў адыходныя промыслы ў суседнія губерні Расіі. У Гомельскім пав. (пераважна ў сучасным Веткаўскім р-не) было шмат пасяленцаў-старавераў, якія сяліліся тут з 1685. Многія з іх займаліся рамізніцтвам, ваджэннем суднаў, будаўніцтвам, ткацтвам, пчалярствам. Частка — гандлем і камерцыяй (бралі ў арэнду сады, скуплялі ў мясц. сялян сушаныя грыбы, ягады, мёд, воск, гандлявалі лесам, хлебам, соллю). Сельскія пасяленні ў параўнанні з суседнім Паазер’ем вызначаліся большымі памерамі (15—30 сядзіб) і выразнай вулічнай планіроўкай. Замкнутыя ці Г-падобныя сядзібныя забудовы размяшчаліся абапал вуліцы, якая мела акрэсленую цэнтр. частку і канцы. Вуліца агароджвалася па баках і заканчвалася нярэдка з абодвух канцоў шырокімі варотамі, якія зачыняліся на ноч. З маладворных пасяленняў былі пашыраны засценкі. Пасля адмены прыгоннага права назіраўся міграцыйны рух насельніцтва на З, у лясныя раёны Бярэзінскага басейна, дзе ўзнікалі новыя пасяленні. Мігранты прыносілі з сабою вытворчы вопыт і этнакульт. традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясц. умоў; ставілі дабротныя дамы і гасп. пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу. Распаўсюджаныя тыпы планіроўкі традыц. жылля: хата + сенцы + клець, хата + сенцы + хата, хата + трысцен. Апошні выконваў ролю сянец, нярэдка (калі ў ім ставілі печ) ператвараўся ў жылое памяшканне. Свіран (амбар, інбар) для збожжа ставілі насупраць хаты. Хлявы (хлеў, пуня) прымыкалі да жылля праз павець ці размяшчаліся ў глыбіні двара. Сярод дапаможных памяшканняў стопкі сустракаліся рэдка, замест іх у П. былі распаўсюджаны функцыянальна блізкія скляпы (паграбы). Прасторныя гумны са стрэхамі на сохах мелі сушню — звычайную ёўню ці двух’ярусную асець з ямнай печчу. Больш прыкметная кантынентальнасць клімату, наяўнасць сушняў пры гумнах, як і добрая вентыляцыйнасць апошніх, рабілі непатрэбнымі азяроды, якія тут былі рэдкай з’явай. Для сушкі лёну часцей выкарыстоўвалі лазні, якія мелі падоўжную страху, што абапіралася з аднаго боку на 2 слупы, утвараючы навес. Канстр. аснова жыллёвых пабудоў — зруб з круглых бярвён, звязаных у просты вугал з астаткам, на штандарнай аснове. Стрэхі на лемягах (закотам) і стаянках (пазней — на кроквах) крылі саломай «пад колас», радзей — камлём уніз («пад грабёнку»), У раёнах, багатых лесам (Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі пав.), пашыраны стрэхі, крытыя дошкамі, дорам, дранкай (шчапа). Пэўным арх. абліччам і арганізацыяй інтэр’ера адрознівалася нар. жыллё на Пд рэгіёна. Маляўнічай дэкаратыўнасцю вызначалася веткаўская разьба, якой аздаблялі франтоны, ліштвы, карнізы, ганкі, брамы і весніцы. Нар. адзенне П. ўвасобіла стараж. рысы, уласцівыя традыц. касцюму слав. народаў, зазнаўшы пэўны ўплыў усх. і еўрап. строяў. Тыповае верхняе адзенне — злёгку прыталеныя кажухі і шыракаполыя світкі светла-шэрага колеру са стаячым каўняром без гузікаў (падвязваліся вакол таліі шарсцяным плеценым поясам), а таксама кафтан-армяк тыпу бурноса, укарочаная паўсвітка і кажушок (паўшубак). У традыц. жаночым адзенні яшчэ ў пач. 20 ст. бытавалі стараж. панёвы, узорныя андаракі, сшытыя з безрукаўкай-гарсэтам (ліф, кабат), і саяны, аналагічныя рус. сарафанам. Жаночыя кашулі шылі з плечавымі ўстаўкамі (полікамі), нагрудная ч. якіх з больш тонкага кужэльнага палатна. Іх упрыгожвалі вышыўкай і тканым арнаментам чырвонага ці камбінаванага (чырвонага з чорным) колераў (магілёўскі строй, краснапольскі строй); аздаблялі сакаленнем, маршчэннем (буда-кашалёўскі строй). Самабытным узорна-дэкар. стылем упрыгожвання вылучаецца адзенне паўд. раёнаў (неглюбскі строй). У арнаменце святочнага адзення і тканін дамінавалі адносна буйныя геам. ўзоры, у Пасожжы часцей сустракаліся расл. матывы. Ва ўзорным ткацтве ўжывалася браная тэхніка, у вытв-сці андараковай тканіны пераважала 2-нітавае ткацтва. Своеасаблівымі прыёмамі аздаблення вылучаюцца традыц. тканыя неглюбскія ручнікі і буда-кашалёўскія ручнікі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначалася кераміка. Посуд з чырвонай гліны з тонкімі сценкамі аздаблялі на гарлавінах ці плечыках хвалістымі паяскамі, што наносіліся завостраным прутком па сырой гліне. Ён быў лёгкі і грацыёзны. Лінгвістычная карта Беларусі адзначае дыялект. асаблівасці гаворак П., якія вылучаны ва ўсх.-магілёўскую групу паўн.-ўсх. дыялекту. Неаднароднасць культ. ландшафтаў дазваляе вылучыць у П. некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) — левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён — з уласцівым кожнаму з іх комплексам мясц. этнакульт. прыкмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́НЫЯ АРА́БСКІЯ ЭМІРА́ТЫ (ААЭ),
Імарат аль-Арабія аль-Мутахіда, дзяржава на Блізкім Усходзе. Займае паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва, абмываецца водамі Персідскага і Аманскага заліваў. Федэрацыя з 7 эміратаў: Абу-Дабі, Дубай (Дыбай), Аджман, Ум-эль-Кайвайн, Рас-эль-Хайма, Эль-Фуджайра, Шарджа. Пл. 83,6 тыс.км². Нас. 1,86 млн.чал. (1992). Афіц. мова арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Сталіца — г.Абу-Дабі. Нац. свята — Дзень утварэння федэрацыі (2 снеж.).
Дзяржаўны лад. ААЭ — федэратыўная дзяржава. Кожны эмірат, які ўваходзіць у яе, — абсалютная манархія і мае значную самастойнасць. Паводле Часовай Канстытуцыі 1971 вышэйшы орган дзярж. улады — Вышэйшы Савет з правіцеляў эміратаў, які са свайго складу выбірае прэзідэнта тэрмінам на 5 гадоў. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае прэзідэнт. Функцыі дарадчага органа выконвае Федэральны нац. сход (40 чал.), куды ўваходзяць прадстаўнікі ўплывовых плямёнаў, дзелавых колаў і інтэлігенцыі.
Прырода. Большая ч.тэр. — пустынная раўніна, на Пд і ПдЗ пераходзіць у пустыню Руб-эль-Халі, на У — адгор’і Аманскіх гор (выш. да 1127 м). Узбярэжжа Персідскага заліва нізіннае, шмат дробных астравоў. Асн. карысныя выкапні — нафта (запасы 13,3 млрд.т) і прыродны газ (5,8 трлн. м³), пераважна ў эміратах Абу-Дабі і Дубай. Знойдзены таксама каменны вугаль, жал. руда, храміты, руды нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны, сухі. Т-ра паветра ў студз. каля 20 °C, у ліп. 30—35 °C (макс. да 50 °C), ападкаў на раўнінах 100—150 мм за год, у гарах 300—400 мм (макс. зімой). Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Раслінны і жывёльны свет бедны. На раўніне рэдкія аазісы з вінаграднікамі, фінікавымі пальмамі, акацыямі, тамарыскамі. У гарах расліннасць тыпу саваннаў. Сярод жывёл — газелі, зайцы, яшчаркі. У прыбярэжных водах тунец, макрэль, стаўрыда, сардзіны, селядцы; водмелі багатыя жэмчугам.
Насельніцтва. За апошнія 30 гадоў насельніцтва павялічылася прыкладна ў 30 разоў, пераважна за кошт іміграцыі. Больш за палавіну насельніцтва складаюць арабы — мясц. ўраджэнцы, выхадцы з Егіпта, Сірыі, Йемена і інш.араб. краін. Жывуць індыйцы і пакістанцы (разам 600 тыс.чал.), іранцы (200 тыс.чал.), еўрапейцы (25 тыс.чал.). Асн.ч. насельніцтва ў эміратах Абу-Дабі і Дубай. Гар. насельніцтва 84% (1986). Буйнейшыя гарады (1985): Абу-Дабі, Дубай (330 тыс.ж.), Эль-Айн (150 тыс.ж.), Шарджа (120 тыс.ж.).
Гісторыя. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н. э. тэр. ААЭ была заселена семіцкімі плямёнамі, якія стварылі тут найб.стараж. ў Аравіі матэрыяльную культуру. У 3-м — пач. 1-га тыс. да н.э. гэтая тэр. ў складзе дзяржавы Дыльмун. Тут жылі семіцкія плямёны халдзеяў, узніклі першыя паселішчы фінікійцаў. У канцы 1-га тыс. да н. э. з паўд. і паўд.-ўсх. Аравіі на ўзбярэжжа Персідскага заліва прасунуліся араб. плямёны. На тэр. сучасных ААЭ (наз. Ас-Сір) імі засн. адна з першых араб. дзяржаў Харакен. Пазней яна распалася на дробныя княствы, якія ў 4—6 ст. трапілі ў залежнасць ад дзяржавы Сасанідаў, у 7—11 ст. уваходзілі ў склад Арабскага халіфата (гл.Халіфат), пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 11—15 ст. княствы і султанаты Ас-Сіра ўваходзілі ў бахрэйнскую дзяржаву карматаў, Багдадскі халіфат, Аман, Армуз, Маскат, Асманскую імперыю. У 16 ст. пачалася каланізацыя Ас-Сіра партугальцамі, потым англічанамі і галандцамі. У выніку барацьбы пазіцыі англічан узмацняліся, у 1819 яны атрымалі перамогу над мясц.араб. насельніцтвам, якое называлі піратамі, а тэр. княстваў адпаведна Пірацкім берагам. У 1853 паміж Вялікабрытаніяй і правіцелямі дробных эміратаў падпісаны «Дагавор аб вечным міры», паводле якога Пірацкі бераг атрымаў назву Аман Дагаворны (АД). У канцы 19 ст. Вялікабрытанія ўстанавіла над ім свой пратэктарат, які дзейнічаў да канца 2-й сусв. вайны. У выніку нац.-вызв. руху, а таксама націску амер. нафтавых кампаній брыт. панаванне аслабла. У канцы 1960-х г.брыт. ўрад прыняў рашэнне аб вывадзе сваіх узбр. сіл з раёна Персідскага заліва (завершаны ў 1971). 2.12.1971 6 эміратаў АД (Абу-Дабі, Дубай, Шарджа, Аджман, Эль-Фуджайра, Ум-эль-Кайвайн) абвясцілі пра стварэнне федэратыўнай дзяржавы — ААЭ; у лют. 1972 да іх далучыўся эмірат Рас-эль-Хайма. Дзейнасць паліт. партый і арг-цый забаронена. ААЭ — чл.ААН, ОПЕК, Лігі арабскіх краін, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш.Дыпламат. зносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 20.10.1992.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — нафтагазавая прам-сць. У 1993 здабыта 108 млн.т нафты, 26 млрд.м³ газу, у т. л. ў Абу-Дабі адпаведна 89 млн.т і 20 млрд.м³. Нафтаперапр. з-ды ва Ум-ан-Нары і Рувейсе, газаперапрацоўчыя ў Рувейсе, Джэбель-Алі, на в-ве Дас, у Шарджы (выпрацавана 17 млрд.кВт∙гадзэл. энергіі; 1991); алюмініевы з-д у Джэбель-Алі (156 тыс.т алюмінію ў год); працуе 9 цэментных з-даў (3,1 млн.т у 1990), з-д па вытв-сці азотных угнаенняў (228 тыс.т; 1990/91), буйнейшы ў свеце сухі док для рамонту супертанкераў у Дубаі. Развіты (пераважна ў Дубаі і Шарджы) саматужныя промыслы: выраб дываноў, шарсцяных тканін, залатых і сярэбраных упрыгожанняў. Для вырошчвання с.-г.культур прыдатныя толькі 0,5% тэрыторыі. Пашы і лугі займаюць 2,4%. Крыху лепшыя ўмовы для сельскай гаспадаркі ў горных раёнах эміратаў Эль-Фуджайра і Расэль-Хайма. Пашыраецца аазіснае земляробства са штучным арашэннем (вырошчваюць агародніну, фінікі, вінаград, манга, збожжавыя і інш.). Буйной раг. жывёлы 53 тыс. галоў (1991), авечак 270 тыс. галоў. Гадоўля вярблюдаў, птушкагадоўля, рыбалоўства (95 тыс.т; 1991), здабыча жэмчугу. Забяспечваюць сябе малаком, яйкамі і інш. прадуктамі харчавання. Асн. транспарт — аўтамабільны. Знешнегандл. сувязі забяспечвае пераважна марскі транспарт. Порты Джэбель-Алі і Рашыд у эміраце Дубай, Зейд у Абу-Дабі і Эль-Фуджайра. Міжнар. аэрапорты ў Абу-Дабі, Дубаі, Шарджы, Рас-эль-Хайме, Эль-Айне, Эль-Фуджайры. Рэгулярныя і чартэрныя рэйсы звязваюць ААЭ з многімі краінамі свету, у т. л. з Беларуссю. Свабодная эканам. зона ў аэрапорце Джэбель-Алі (эмірат Дубай). Горад Дубай — цэнтр рээкспарту і турызму. ААЭ — буйны фінансавы цэнтр Б.Усходу. Агульныя дэпазіты 63 дзеючых у краіне камерц. банкаў на пач. 1992 склалі 43 млрд.дол. ЗША. Праз ААЭ (асабліва эмірат Дубай) штогод праходзіць да 170 т золата, з якіх прыкладна 40 т застаецца ў эміратах. ААЭ вывозіць нафту і нафтапрадукты (18,4 млрд.дол. ЗША; 1991), звадкаваны газ, алюміній, цэмент, рыбу, фінікі, жэмчуг. Увозяць машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, быт. тэхніку, гатовыя вырабы, харч. прадукты. Гандаль вядзецца ў асн. з Японіяй, ЗША, зах.-еўрап. і араб. краінамі. Дзякуючы паскоранаму развіццю нафтагазавай прам-сці і прыбыткам ад яе ў эміратах дасягнуты высокія тэмпы эканам. росту, забяспечаны адзін з самых высокіх сярэдніх гадавых даходаў у свеце ў разліку на душу насельніцтва, створаны сучасныя гарады і інфраструктура. ААЭ аказваюць значную фінансавую дапамогу краінам, якія развіваюцца. Грашовая адзінка — федэральны дырхам.
Літ.:
Абдалла Я.Ю. Объединенные Арабские Эмираты. М., 1978;
Географический справочник: новые цифры, факты, названия. М., 1993;
Исаев В.А., Озолинг В.В. Катар;
Объединенные Арабские Эмираты. М., 1984;
Клековский Р.В., Луцкевич В.А. Объединенные Арабские Эмираты. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́СНІЯ І ГЕРЦАГАВІ́НА (Bosna і Hercegovina),
дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве. Мяжуе з Харватыяй і Югаславіяй (Сербіяй і Чарнагорыяй). Уключае 2 гіст. вобласці: Боснію (пл. 42 тыс.км²) у даліне р. Сава і яе правых прытокаў і Герцагавіну (пл. 9,1 тыс.км²) у бас.р. Нератва і ў вярхоўях р. Дрына. Агульная пл. 51,1 тыс.км². Нас. 3,8 млн.чал. (1993). Афіцыйная мова сербскахарвацкая. Сталіца — г.Сараева. У адм.-паліт. і этнічна-рэлігійных адносінах падзяляецца на сербскую (праваслаўна-хрысціянскую) і мусульмана-харвацкую часткі. Нац. свята — Дзень рэферэндуму (1 сак.).
Прырода. Большую частку Босніі і Герцагавіны займаюць Баснійскія Рудныя горы (г. Враніца, 2107 м), складзеныя пераважна з сланцаў, і Дзінарскае нагор’е (выш. каля 1000—1600 м) — з вапнякоў; характэрны карст. На Пн нізіна на р. Сава. Радовішчы жал. руды, храмітаў, марганцу, медзі, бурага вугалю, баксітаў. Клімат у даліне р. Сава ўмерана кантынентальны (600—800 мм ападкаў за год), у гарах халаднаваты і вільготны (1500—2000 мм ападкаў за год). Каля 40% плошчы пад лесам, пераважна лісцевым (дуб, бук), часткова хвойным (елка, хвоя).
Насельніцтва. У Босніі і Герцагавіне жывуць тры народы, якія маюць агульную мову, але адрозніваюцца рэліг.-культ. асаблівасцямі: баснійцы-мусульмане (саманазва муслімане, 43,7% усяго насельніцтва), сербы — пераважна праваслаўныя (31,4%), харваты — католікі (17,3%); 5,5% насельніцтва лічыць сябе югаславамі. Жывуць таксама чарнагорцы, албанцы і інш. У гарадах жыве больш за палавіну насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж.): Сараева — 383 (у 1993), Тузла — 230, Біхач — 200 (у 1995), Зеніца — 146, Баня-Лука — 142, Мостар — 126 (у 1991).
Гісторыя. У старажытнасці тэр. сучаснай Босніі і Герцагавіны насялялі ілірыйцы (прыкладна з 1200 да н.э.), якіх у пачатку н.э. заваёўвалі рымляне (з 9 н.э. ў складзе прав. Далмацыя, з 395 — Зах. Рымскай імперыі) і остготы. З 536 у складзе Візантыі. Да 6 ст. заселена славянамі. У 12—13 ст. тут узнікла баснійская царква (гл.Багамілы). У 1377—91 існавала моцнае баснійскае каралеўства на чале з Твртко I. З 15 ст. пад уладай Асманскай імперыі, часткова ісламізавана. Нац.-вызв. паўстанні ў 19 ст. (у т. л.Герцагавінска-баснійскае паўстанне 1875—78) пацярпелі няўдачу. Пасля паражэння Турцыі ў вайне 1877—78 з Расіяй Боснія і Герцагавіна адміністрацыйна падпарадкавана Аўстра-Венгрыі, у 1908 анексіравана яе войскамі (гл.Баснійскі крызіс 1908—09). Сараеўскае забойства наследніка аўстра-венг. трона, якое 28.6.1914 здзейсніў Г.Прынцып, паслужыла зачэпкай да развязвання 1-й сусв. вайны. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі краіна 1.12.1918 увайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (крас. 1941), уключана ў т.зв. Незалежную дзяржаву Харватыя. У ходзе Народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941—45 вызвалена. З ліст. 1945 нар. рэспубліка ў складзе Федэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі, з 1963 адна з рэспублік Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (СФРЮ).
У ліст. 1990 у Босніі і Герцагавіне ўпершыню праведзены шматпарт. выбары, у выніку якіх да ўлады прыйшлі партыі ад асноўных нац.-рэліг. груп насельніцтва — Мусульм. партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Паміж імі разгарнулася паліт. барацьба вакол пытання пра будучы нац.-тэр. лад краіны. Пасля распаду СФРЮ у кастр. 1991 абвешчана незалежнасць Босніі і Герцагавіны (ухвалена ў сак. 1992 на рэсп. рэферэндуме, які байкатавалі баснійскія сербы). 6.4.1992 рэспубліку прызналі Еўрапейская супольнасць і ЗША. Пасля абвяшчэння 7.4.1992 на землях баснійскіх сербаў Рэспублікі Сербскай пачаўся этн. канфлікт, які перарос у грамадз. вайну (гл.Баснійскі крызіс 1990-х г.). 4.5.1992 з Босніі і Герцагавіны выведзены войскі Югасл.нар. арміі, 22 мая рэспубліка прынята ў ААН, з ліп. 1992 — удзельнік Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. 25.2.1994 заключана перамір’е паміж харватамі і мусульманамі, 17.3.1994 створана Баснійская мусульмана-харвацкая федэрацыя. Амаль за 4 гады вайны забіты і паранены больш за 200 тыс.чал., каля 3 млн. сталі бежанцамі. 14.12.1995 у Парыжы падпісана пагадненне аб міры ў Босніі і Герцагавіне, у аснове якога пагадненне, парафіраванае 21.11.1995 пасля перагавораў паміж сербскай, харвацкай і баснійскай дэлегацыямі ў г. Дэйтан (ЗША). Дакумент прадугледжвае захаванне Босніі і Герцагавіны ў яе сучасных межах як адзінай суверэннай дзяржавы з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (ХМФ; 51% тэр.) і Сербскай Рэспублікі Босніі (39% тэр.), з калект. прэзідэнцтвам (харват і мусульманін-басніец ад ХМФ і баснійскі серб, якія кіруюць папераменна) і заканад. органам (палата дэпутатаў). Канстытуцыя Босніі і Герцагавіны прадугледжвае стварэнне плюралістычнага грамадства.
Гаспадарка. Да 1991 Боснія і Герцагавіна была даволі развітой часткай б. Югаславіі. Здабываліся жал. руда (руднікі Вараш і Любія), баксіты, буры вугаль, соль. ГЭС на горных рэках. Прадпрыемствы чорнай металургіі (Зеніца, Іліяш, Вараш), коксавыя з-ды (Зеніца, Лукавац), лясная і дрэваапр., машынабуд., харч., лёгкая прам-сць, вытв-сць соды, азотных угнаенняў, цэлюлозы. Буйныя прамысл. вузлы Сараева, Зеніца, Тузла. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўвалася палавіна тэрыторыі, у т. л. 50% пад ворыва, агароды, сады і вінаграднікі, 50% — лугі і горную пашу. Гадоўля буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней. Земляробства пераважна на Пн і ў далінах рэк. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, бульбу, з тэхн.культур — каноплі, цукр. буракі, сланечнік, тытунь (асабліва ў Герцагавіне). Садоўніцтва (сліва, яблыня, груша, грэцкі арэх); у Герцагавіне вінаградарства. Краіна горнага турызму. Транспарт пераважна чыгуначны і аўтамабільны. Экспарт складаўся з прадуктаў горнай прам-сці, садавіны, тытуню, імпарт — пераважна з прамысл. абсталявання і нафтапрадуктаў. Грашовая адзінка — дынар Босніі і Герцагавіны.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Босніі і Герцагавіны выяўлены кераміка, статуэткі жанчын і жывёл эпохі неаліту, помнікі мастацтва ілірыйцаў і кельтаў, рэшткі стараж.-рым. гарадоў, ювелірныя вырабы стараж. славян. На сярэдневяковае мастацтва Босніі і Герцагавіны паўплывалі Візантыя, Сербія, Далмацыя, Цэнтр. Еўропа, а з сярэдзіны 15 ст. і Турцыя. У раннехрысціянскі перыяд у царк. дойлідстве тут пашыраны базілікі (у Зеніцы, Брэзе і інш.); у сярэднявеччы — крыжова-купальныя, а таксама 1-нефавыя раманскія і гатычныя храмы. У перыяд тур. панавання будаваліся мячэці (Хусрэў-бега, 1531, арх. Сінан; Алі-Пашы, 1571, у Сараеве), караван-сараі, лазні, масты (Вішаград, 1571). У час аўстр. акупацыі (1878—1918) у гарадах узводзіліся збудаванні ў духу еўрап. эклектызму, у «маўрытанскім» (ратуша ў Сараеве) і неакласіцыстычным (тэатр у Сараеве) стылях. Традыцыі функцыяналізму 1-й пал. 20 ст. саступілі ў 1960-я г. месца пластычнай выразнасці пабудоў, схіленню да бруталізму, выкарыстанню мясцовых дэкар. матэрыялаў (спарт. цэнтр «Скендэрыя» ў Сараеве). У 1980-я г. ў архітэктуры павялічылася цікавасць да нац.маст. традыцый (універмаг «Развітак» у Мостары).
У сярэдневяковым выяўл. мастацтве пашыраны каменныя надмагіллі (т.зв. стэчакі) з плоскарэльефнымі арнаментальнымі і фігурнымі выявамі, дзе арганічна пераплецены нар., раманскія і гатычныя матывы. Зберагліся рэдкія помнікі сярэдневяковага манумент. жывапісу (фрэскі царквы ў Добруне, 2-я пал. 14 ст.), блізкія да сценапісаў Сербіі, яны сведчаць і пра блізкасць да культуры Італіі. У мастацтве мініяцюры 12—14 ст. адчуваюцца сербскія і візант. уплывы. Цікавыя багамільскія рукапісы з наіўна-фалькл. мініяцюрамі («Капітарава евангелле», 14 ст., і інш.). Іканапіс рэгіёна да сярэдзіны 19 ст. прытрымліваўся візант. канонаў. Высокай дасканаласці ў сярэднявеччы дасягнулі апрацоўка металу і маст. ткацтва (кілімы з геам. і расліннымі арнаментамі). У канцы 19 — пач. 20 ст. жывапісцы, якія навучаліся за мяжой, асвойвалі метады сучаснага еўрап. жывапісу. Большасць мастакоў працавала ў Сербіі (І.Біеліч, Н.Гваздзенавіч, скульптар С.Стаянавіч). Паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі склалася група мясц. жывапісцаў, у творчасці якіх зварот да нар. жыцця і роднай прыроды спалучаўся з пошукамі нац. своеасаблівасці, выкарыстаннем прыёмаў пленэрнага жывапісу, а таксама постімпрэсіянізму (Ш.Бацарыч, В.Дзімітрыевіч, І.Шарамет). З канца 1950-х г. пераважалі экспрэсіянізм, абстрактнае мастацтва (Дзімітрыевіч) і інш. кірункі мадэрнізму. З 1970-х г. пашыраецца «фігуратыўнае» мастацтва (Муезіновіч).
У.Я.Калаткоў (гісторыя да 1918), М.С.Даўгяла (гісторыя з 1918).
Герб і сцяг Босніі і Герцагавіны.Да арт.Боснія і Герцагавіна. І.Біеліч. Баснійскі пейзаж. 1935.Да арт.Боснія і Герцагавіна. Ускраіна г. Сараева. На пярэднім плане мячэць Газі-Хусрэф-Бега.Да арт.Боснія і Герцагавіна. Традыцыйны жаночы касцюм. 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНА́МА (Panamá),
Рэспубліка Панама (República de Panamá), краіна ў Цэнтр. Амерыцы, на Панамскім перашыйку. Мяжуе на У і ПдУ з Калумбіяй, на З з Коста-Рыкай; на Пн абмываецца водамі Карыбскага м., на Пд — Ціхага ак.Пл. 78,2 тыс.км². Нас. 2778,5 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Панама. Краіна падзяляецца на 9 правінцый і 2 тэрыторыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).
Дзяржаўны лад П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972, дапоўненая ў 1983. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Заканад. сходу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў, выканаўчая ўлада — ураду, які назначаецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Каля палавіны паверхні займаюць нізінныя раўніны. Праз усю тэр. П. цягнуцца горныя хрыбты: на З Кардыльера-дэ-Верагуа (выш. да 3475 м, дзеючы вулкан Бару), на Пн і У Кардыльера-дэ-Сан-Блас, Серанія-дэль-Дар’ен, на Пд горы п-ва Асуэра. Бываюць землетрасенні. У недрах П. ёсць руды медзі, малібдэну, жалеза, марганцу, золата, серабра. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра на раўнінах 25—28 °C. Ападкаў на падветраных схілах на Пн 2500—3700 мм, на Пд 1200—2000 мм за год. Шмат кароткіх рэк. Найб. значная р. Чагрэс, яе падпёртыя воды ўтвараюць азёры Гатун і Мадэн, якія жывяць шлюзы Панамскага канала. Пад лесам і хмызнякамі каля 44% тэрыторыі. Пашыраны вечназялёныя лясы, на ПдЗ — саванна і лістападныя лясы, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. У складзе фауны шмат відаў малпаў, тапіры, пума, ягуар, мурашкаеды; птушкі (асабліва папугаі), паўзуны. Прыбярэжныя воды, рэкі і азёры багатыя рыбай. Нац. парк Дар’ен (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва панамцы — нашчадкі ісп. каланістаў, індзейцаў і неграў. Каля 70% панамцаў складаюць метысы, ёсць негры і мулаты (каля 14%), белыя (10%), індзейцы (6%). 85% вернікаў католікі, 15% пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,53%. Сярэдняя шчыльн. каля 35 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва жыве на ціхаакіянскіх схілах гор, паміж каналам і зах. мяжой. У гарадах 56% насельніцтва. Найб. гарады — Панама (465 тыс.чал.), Калон (141 тыс.чал., 1997). У сельскай гаспадарцы занята 27% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — 13%, у абслуговых галінах — 60%.
ГісторыяТэр. П. заселена чалавекам каля 10 тыс.г. назад. Карэннае насельніцтва — індзейцы плямён карыбаў і чыбча. У пач. 16 ст. заваявана ісп.канкістадорамі. У 1519 заснаваны г. Панама, які даў назву ўсёй краіне. З 1542 у складзе віцэ-каралеўства Перу, з 1560 ген.-капітанства Гватэмала, у 1718—23 і 1740—1810 віцэ-каралеўства Новая Гранада. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 П. 28.11.1821 абвясціла незалежнасць ад Іспаніі і ўвайшла ў склад федэратыўнай рэспублікі Вялікая Калумбія. З 1831 П. — дэпартамент Новай Гранады (з 1886 Калумбія). У 2-й пал. 19 ст. панамцы неаднаразова (1885, 1895, 1899, 1900) узнімалі антыкалумбійскія паўстанні. 3.11.1903 пры ваен. дапамозе ЗША абвешчана незалежная Панамская Рэспубліка, яе першым прэзідэнтам (1904—08) стаў А.Герэра. Далейшыя адносіны з ЗША вызначаліся амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновую арэнду паласу тэр. краіны ад Атлантычнага да Ціхага ак. (гл.Панамскага канала зона) для буд-ва і наступнай эксплуатацыі Панамскага канала (у 1879—1902 яго будавала Францыя, дабудаваны ЗША у 1904—14). Паводле канстытуцыі 1904 ЗША мелі права высаджваць войскі ў любой частцы П.
У 2-ю сусв. вайну 1939—45 П. фармальна абвясціла вайну Японіі, Германіі і Італіі. З канца 1950-х г. пад уплывам рэвалюцыі на Кубе і нацыяналізацыі Суэцкага канала (1956) адносіны П. з ЗША пагоршыліся, узмацніліся патрабаванні перадачы П. канала і яго зоны. У 1968 ваен. пераварот прывёў да ўлады патрыят. хунту на чале з ген. А.Тарыхасам Эрэрам, які нацыяналізаваў уласнасць кампаній ЗША і мясц. буйных уласнікаў. Амер.-панамскія дагаворы 1977 прадугледжвалі паэтапную перадачу П. Панамскага канала і яго зоны, ліквідацыю амер.ваен. баз. Пасля гібелі ў 1981 Тарыхаса Эрэры ўлада сканцэнтравалася ў руках ген. М.Нар’егі Марэны. У снеж. 1989 ЗША шляхам узбр. інтэрвенцыі скінулі рэжым Нар’егі, абвінаваціўшы яго ў сувязях з наркамафіяй і узурпацыі ўлады. У 1994 прэзідэнтам П. абраны Э.Перэс Бальядарэс, які пачаў ліберальныя рэформы. У маі 1999 прэзідэнтам абрана М.Маскоса. Напярэдадні 1.1.2000 пад кантроль П. канчаткова перайшоў Панамскі канал з яго зонай. П. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Руху недалучэння і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 28.10.1998.
У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Арнульфісцкая, Сапраўдная ліберальная, Рэв.-дэмакр., Ліберальна-рэсп., Лейбарысцкая і інш.Асн. прафцэнтры: Канфедэрацыя працоўных Рэспублікі Панама, Нац. савет працоўных П., Прафцэнтр працоўных Панамскага перашыйка.
Гаспадарка. П. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва 7300 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 8%, прам-сці 18%, абслуговых галін 74%. П. — адзін з найб.фін.-гандл. і трансп. цэнтраў Лац. Амерыкі, каля 80% яе эканам. дзейнасці прыпадае на знешні гандаль і паслугі. Вял. значэнне ў эканоміцы П. належыць Панамскаму каналу; даходы ад яго складаюць больш за 70% ВУП. У П. дзейнічаюць каля 140 замежных банкаў. Існуе Свабодная зона Калон (гандл. абарот 11 млрд. долараў, 1997). Вял. ролю ў эканоміцы П. адыгрывае амер. капітал, прамыя ўкладанні складаюць больш за 6 млрд. долараў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур. Апрацоўваецца каля 7% тэр. краіны, пастаянна засяваецца 2%, пад пашай 20%. Пераважная форма землекарыстання — латыфундыі. Гал. экспартная культура — бананы. Асн. раён бананавых плантацый на ціхаакіянскім узбярэжжы, штогадовы збор больш за 1 млн.т (адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце). На экспарт вырошчваюць таксама каву, какаву, сізаль, цукр. трыснёг, ананасы, цытрусавыя, тытунь. Гал.харч. культуры: рыс, кукуруза, бабовыя. Развіта жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (1,44 млн. галоў, 1997), свіней (245 тыс. галоў), птушку (10 млн. галоў). Рыбалоўства, лоўля крэветак, пераважна на экспарт у ЗША. У лясах нарыхтоўка каштоўнай драўніны (махагоні). Прам-сць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі. Невял. здабыча медзі, золата, серабра. У г. Лас-Мінас нафтаперапр.з-д (на нафце з Эквадора). Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд.кВт∙гадз (1997), пераважна на ГЭС (70%). Перапрацоўка і кансерваванне малака, фруктаў, агародніны, рыбы, вытв-сць цукру, спіртных напіткаў, тытунёвых вырабаў у гарадах Панама, Калон, Кансепсьён і інш.Вытв-сць абутку, швейных вырабаў (Панама, Давід), мэблі, фанеры, паперы, кардону (Альмірантэ, Давід). Выраб навігацыйнага абсталявання, электратэхнікі, фармацэўтычных і паліграф. тавараў (Калон), суднарамонт (Панама, Калон, Бальбоа), буд. матэрыялы (цэмент, кераміка і інш.). Пашыраны саматужныя промыслы. Развіты турызм (даход — 376 млн. долараў). Даўж. аўтадарог 11,1 тыс.км, у т. л. 3,7 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Гал. аўтадарога — Панамерыканская шаша. Даўж. чыгунак 355 км, водных шляхоў 800 км. Пад флагам П. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага прац. заканадаўства плаваюць 4,6 тыс. суднаў агульнай грузападымальнасцю 98,4 млн. брута-рэг. т (1998) з 71 краіны. Гад. парты — Панама, Бальбоа, Калон, Крыстобаль. У краіне 43 аэрапорты, у т. л.міжнар. Такумен. У 1997 экспарт склаў 6,8 млрд. долараў, імпарт 7,38 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць бананы (43%), крэветкі (11%), цукар, адзенне, абутак, кава, у імпарце — прамысл. тавары, абсталяванне (21%), нафта (11%), харч. прадукты, хімікаты. Гал.гандл. партнёры — ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Японія. Грашовая адзінка — бальбоа.
Літ.:
Панама, 1903—1970 гг.: Нация — империализм. Нар. силы — олигархия. Кризис и рев. путь: Пер. с исп. М., 1974;
Леонов Н.С. Омар Торрихос: «Я не хочу войти в историю, я хочу войти в зону канала». М., 1990.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Панамы.Да арт.Панама. Цэнтральная частка г. Панама — сталіцы дзяржавы.Да арт.Панама. Панамскі канал.