ІВА́Н РАГВАЛО́ДАВІЧ (Барысавіч),

безудзельны (?) князь з полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст., сын полацкага кн. Рагвалода Усяславіча. Упамінаецца ў летапісах пад 1129. Адзін з 6 полацкіх князёў, якіх кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч за адмову ад сумеснага паходу супраць полаўцаў адправіў у ссылку ў Канстанцінопаль. Паводле В.​М.​Тацішчава, на службе ў візантыйскага імператара Іаана полацкія князі атрымлівалі плату і мужна ваявалі з арабамі. У 1140 І.Р., верагодна, вярнуўся на радзіму разам з братам Рагвалодам (Васілём).

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПЕ́ЗА (Ігнацій Іванавіч) (25.11.1898, в. Кугалеўка Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 27.9.1987),

генерал-лейтэнант (1946). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). З 1936 пам. камандзіра, камандзір дывізіі, нач. ваен. вучылішча, камандзір корпуса. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Камандуючы 15-м механізаваным корпусам, удзельнічаў у танк. бітвах пад гарадамі Дубна, Луцк і Роўна (Украіна). Да 1959 пам. і нам. камандуючага войскамі ваен. акругі.

І.І.Карпеза.

т. 8, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ЮНА́ЦКІ ДЗЕНЬ (МЮД),

інтэрнацыянальнае свята моладзі, якое праводзілася ў 1915—45 паводле рашэння Бернскай міжнар. канферэнцыі моладзі (крас. 1915) з мэтай мабілізаваць моладзь свету на барацьбу за мір, супраць захопніцкіх войнаў. Адзначаўся масавымі дэманстрацыямі і мітынгамі. 1-ы МЮД праведзены 3.10.1915 (у Расіі ў вер. 1917). З 1916 святкаваўся ў 1-ю нядзелю вер., з 1932—1 верасня. У 1919—43 праводзіўся пад кіраўніцтвам Камуністычнага інтэрнацыянала моладзі. З 1945 замест МЮД штогод 10 ліст. адзначаецца Сусв. дзень моладзі.

т. 10, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́МЦАВА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ловаць, за 35 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,32 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 350 м, даўж. берагавой лініі больш за 3 км. Катлавіна тэрмакарставага тыпу, выцягнута з З на У. Схілы выш. ад 6—7 м на Пн і У да 10 м на Пд і З, часткова разараныя, на Пн і З пад лесам і хмызняком. Выцякае ручай у р. Ловаць.

т. 11, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́БАЛЬСКІ КЕРАМІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў г.п. Обаль Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. ў 1929 як цагельны з. У Вял. Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1945, у 1968 рэканструяваны. У 1974—77 пабудаваны Обальскі з керамічных вырабаў і ў 1980 аб’яднаны з цагельным з-дам пад сучаснай назвай. Асн. прадукцыя (2000): цэгла керамічная вонкавая (фасадная), дэкар. аддзелачная, паўнацелая, пустацелая, гліняная для комінаў, камень керамічны, плітка тратуарная, тэнісіт, каміны, тонкая кераміка (вазы, сувеніры), бітум буд. і дарожны.

т. 11, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТЫКА́ЛЬ,

лінія, уздоўж якой размяшчаецца нітка адвеса пад уздзеяннем сілы цяжару. Напрамак вертыкалі ў дадзеным пункце зямной паверхні адносна плоскасцей экватара і нулявога мерыдыяна знаходзяць з астр. назіранняў. Вывучэнне напрамкаў вертыкалі і яе адхіленняў ад паверхні зямнога эліпсоіда дало магчымасць вызначыць фігуру і памеры Зямлі і атрымаць ускосныя даныя аб яе ўнутр. будове.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШЧА́ДНЫ БА́НК,

крэдытная ўстанова, якая акумулюе зберажэнні і свабодныя грашовыя сродкі насельніцтва, выдае спажывецкі і іпатэчны крэдыты, банкаўскія пазыкі, купляе каштоўныя паперы. Звычайна знаходзіцца пад кантролем дзяржавы ці належыць ёй. У СССР функцыі ашчаднага банка выконвалі ашчадныя касы. У Рэспубліцы Беларусь ашчадны банк з’яўляецца дзярж. камерцыйным банкам (з 1995 акцыянерны ашчадны банк «Беларусбанк»).

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКІ́НСКАЕ ХА́НСТВА,

феад. дзяржава ў Азербайджане з цэнтрам у г. Баку ў сярэдзіне 18 ст. — 1806. Насельніцтва займалася земляробствам, здабычай солі, нафты, транзітным гандлем. У канцы 18 ст. пад пагрозай іран. нашэсця правіцель Бакінскага ханства Гусейн Кулі-хан папрасіў прыняць яго ў падданства да Расіі. У 1806 Бакінскае ханства далучана да Рас. імперыі.

т. 2, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫЧЭ́ЎСКІ (Арцём Іванавіч) (28.6.1891, с. Сернікі Зарэчненскага р-на Ровенскай вобл., Украіна — 2.11.1969),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Нам. камандзіра батальёна маёр Барычэўскі вызначыўся летам 1944 у час прарыву варожай абароны на ПнЗ ад Рагачова, у баі пад Ваўкавыскам.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬГЕЛЬМІ́НА (Wilhelmina; 31.8.1880, г. Гаага, Нідэрланды — 28.11.1962),

каралева Нідэрландаў [1890—1948]. Дачка нідэрл. караля Вільгельма III. Да 1898 правіла пад апекай маці каралевы Эмы. У 1-ю сусв. вайну выступала за нейтралітэт Нідэрландаў. У 2-ю сусв. вайну эмігрыравала разам з урадам у Лондан (1940). Вярнулася ў сак. 1945. Адраклася ад прастола на карысць сваёй дачкі Юліяны.

т. 4, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)