ЛІЗАВЕ́ТА II (Elizabeth; 21.4.1926, Лондан),

каралева Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі (з 1952), кіраўнік брыт. Садружнасці. Паходзіць з Віндзорскай дынастыі. Да 1936 прынцэса Йоркская. Атрымала хатнюю адукацыю, вывучала канстытуцыйнае права. У 2-ю сусв. вайну ў дапаможных тэр. войсках. Уступіла на прастол пасля смерці свайго бацькі караля Георга VI. Як першая асоба дзяржавы ажыццяўляе прадстаўнічыя функцыі, дзярж. візіты; прэзідэнт шматлікіх грамадскіх і дабрачынных арг-цый.

Літ.:

Брэдфорд С. Елизавета II: Биография Ее величества королевы: Пер. с англ. М., 1998.

Лізавета II.

т. 9, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБУ́СКАЯ ЗЯМЛЯ́ (Ziemia Lubuska),

гістарычная тэр. ў Польшчы і Германіі, абапал р. Одра (у сярэднім яе цячэнні). У раннім сярэдневякоўі была населена заходнеслав. племем любушан. У 2-й пал. 10 ст. ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы. Падвяргалася нападам немцаў, у сярэдзіне 13 ст. ўвайшла ў склад княства Брандэнбург (Сярэдняя марка на 3, Новая марка на У). На працягу стагоддзяў аб’ект ням. каланізацыі і германізацыі. У 1945 тэрыторыя на У ад Одры вернута Польшчы (Любускае ваяв.), зах. ч. засталася ў межах Германіі (зямля Брандэнбург).

т. 9, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЦЕ́Ж,

узброенае выступленне ваен. і інш. апазіц. груповак супраць існуючай у краіне ўлады з мэтай ажыццяўлення дзярж. перавароту альбо далучэння краіны ці часткі яе тэрыторыі да інш. дзяржавы. Захоп улады мяцежнікамі звычайна суправаджаецца ўстанаўленнем адкрытай дыктатуры, разгромам дзярж. устаноў, адменай дэмакр. правоў і свабод насельніцтва, тэрорам у адносінах да паліт. апанентаў, апазіцыйных партый і арганізацый. Тыповыя прыклады М. — Карнілава мяцеж 1917 у Расіі, захоп улады ваен. хунтай у Чылі ў 1973. Гл. таксама Глінскіх мяцеж 1508, Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ФАР I (Nikēphoros; ?—26.7.811),

візантыйскі імператар [802—811]. Быў скарбнікам пры двары імператрыцы Ірыны. Пасля яе звяржэння абвешчаны імператарам. Для ўмацавання фін. становішча дзяржавы ўвёў новыя падаткі, у т. л. з царкоўнай маёмасці. Умацаваў флот, развіваў гандаль шляхам прадастаўлення купцам дзярж. пазыкі. Задушыў паўстанне славян у г. Патры (Пелапанес) і пачаў іх хрысціянізацыю. З 802 ваяваў з араб. халіфам Харунам-ар-Рашыдам, у 804 пацярпеў паражэнне ў Фрыгіі, у 807 падпісаў зневажальны для Візантыі мір. Забіты ў час вайны 809—11 з Балгарыяй.

т. 11, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НІХО́Н СЁКІ»,

«Ніхонгі» («Аналы Японіі»), хроніка кіравання яп. імператараў, якая пачынаецца з міфічнага Дзіму (7 ст. да н.э.) і даведзена да 697 н.э. (31 том, апошні з іх страчаны). Складзена ў 720. Уключае легенды і міфы пра заснаванне яп. дзяржавы, дакладныя хронікі кіравання яп. імператараў 5—7 ст., вытрымкі з афіц. дакументаў і запісаў. Працягам «Н.с.» з’яўляюцца «Сёку Ніхонгі» («Працяг аналаў Японіі»), якія ахопліваюць перыяд 697—791 (40 тамоў).

Публ.: Нихон сёки = Анналы Японии: Пер. со старояп. Т. 1—2. СПб., 1997.

т. 11, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РАНЫ У́ СПРА́ВАХ,

кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва малодшага ў пратакольных адносінах узроўню (місіі); малодшы клас кіраўніка дыпламат. прадстаўніцтва (адпаведна пасля пасла і пасланніка). Вызначаецца ў пагадненнях дзяржаў, што абменьваюцца дыпламат. прадстаўніцтвамі, шляхам выбару сярод класаў кіраўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў, якія прызнаны міжнар. звычаем і пацверджаны Венскай канвенцыяй аб дыпламат. зносінах 1961. П.ў с. акрэдытуецца пры кіраўніку ведамства замежных спраў (у адрозненне ад пасла і пасланніка, якія акрэдытуюцца пры кіраўніку дзяржавы). Адрозніваецца ад часовага паверанага ў справах, які выконвае абавязкі кіраўніка прадстаўніцтва на час яго адсутнасці.

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РТЫЯ АРА́БСКАГА САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАГА АДРАДЖЭ́ННЯ (ПАСА),

Баас, палітычная партыя ў Сірыі, Іраку і Ліване. Засн. ў 1947 у Дамаску М.​Афлякам і С.​Бітарам, у 1954 створана яе іракскае аддзяленне. ПАСА стаяла на пазіцыі стварэння аб’яднанай дзяржавы ўсіх арабаў і пабудовы «араб. сацыялізму». У 1963 у выніку ваен. пераваротаў прыйшла да ўлады ў Сірыі, у 1963 і 1968 — у Іраку. Пасля захопу ўлады ў Сірыі ў 1966 прадстаўнікамі левага крыла ПАСА адбыўся раскол партыі на аўт. (фактычна самастойныя) сірыйскую і іракскую ПАСА.

т. 12, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПІЯ́Н (Appianos; каля 100, Александрыя — каля 170 н.э.),

гісторык Стараж. Рыма. Грэк па паходжанні. Пры Адрыяне рым. грамадзянін, адвакат фіску ў Рыме, пазней — імператарскі пракуратар у Егіпце. Напісаў на грэч. мове «Гісторыю Рыма» ў 24 кнігах (ад заснавання горада да пач. 2 ст.), дзе праслаўляў магутнасць Рым. дзяржавы і даказваў справядлівасць захопу ёю чужых тэрыторый. Унутр. гісторыю Рыма паказваў праз вял. войны, праз гісторыю асобных абласцей. Захаваліся 6—9-я і 11—17-я кнігі, 18—24-я невядомыя, інш. дайшлі ў фрагментах.

Тв.:

Рус. пер. — Гражданские войны. Л., 1935.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТА́ЦЫЯ (ад лац. optatio жаданне),

у міжнародным праве выбар асобай грамадзянства паводле закону або міжнар. дагавора. Адбываецца пры пераходзе тэрыторыі ад адной дзяржавы да другой, пры вырашэнні пытанняў пра асоб з двайным грамадзянствам (біпатрыдаў), пры абмене насельніцтвам. Дзеці пры аптацыі звычайна прымаюць грамадзянства бацькоў. Міжнар. права не мае адзінай агульнапрызнанай рэгламентацыі аптацыі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь і яе пагадненняў з інш. краінамі аптацыя праводзіцца на добраахвотных пачатках з улікам інтарэсаў бакоў. Так адбывалася аптацыя на аснове бел.-польск. пагадненняў пасля вызвалення тэр. Беларусі і Польшчы ад ням. фашыстаў.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАБІ́СТАЯ У́НІЯ, персанальная унія,

у перыяд феадалізму форма канфедэрацыі на чале з адзіным манархам, але пры захаванні кожнай дзяржавай-удзельніцай самастойнасці ў вырашэнні ўнутр. пытанняў і значнай самастойнасці ў знешнепаліт. дзейнасці. Спрыяла павышэнню ваенна-паліт. магутнасці дзяржаў-удзельніц. Існавалі асабістыя уніі Англіі і Гановера (1714—1837), Нідэрландаў і Люксембурга (1815—90) і інш. Крэўская унія 1385 дала пачатак канфедэратыўным адносінам ВКЛ і Польшчы на прынцыпах асабістай уніі. Віленска-Радамская унія 1401 і Гарадзельская унія 1413 пацвердзілі такія адносіны. Люблінская унія 1569 прывяла да стварэння новай федэратыўнай дзяржавы — Рэчы Паспалітай.

т. 2, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)