вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Чэрвень — в. Раваніцкая Слабада. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнУ ад г. Чэрвень, 85 км ад Мінска, 45 км ад чыг. ст. Смалявічы. 885 ж., 324 двары (2001). Спірт- і вінзаводы, лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі ў гонар партыз. брыгады імя М.Шчорса і землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Раваніцкі палацава-паркавы комплекс і касцёл св. Антонія (1790). У вёсцы ў 19 ст. дзейнічалі Раваніцкая суконная мануфактура і Раваніцкая фабрыка шавецкіх шпілек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Павел Мікалаевіч) (25.12.1910, г. Зайсан Усходне-Казахстанскай вобл. — 1937),
рускі паэт. З сям’і сямірэчанскіх казакаў. Працаваў на Д. Усходзе матросам, старацелем на залатых прыісках. Пра гэта ў кнігах нарысаў «У залатой разведцы» (1930) і «Людзі ў тайзе» (1931). У вершах і паэмах («Песня пра пагібель казачага войска», 1928—32; «Саляны бунт», 1933; «Хрысталюбаўскія паркалі», 1935—36) падаецца быт сямірэчанскага казацтва, узнаўляюцца падзеі грамадз. вайны, калектывізацыі. Аўтар паэм «Лета» (1932), «Жнівень» (1932—34), «Адна ноч» (1933), «Кулакі» (1936) і інш. Паэт ліра-эпічнага складу. Востраканфліктная, напоўненая сац. супярэчнасцямі свайго часу, паэзія Васільева адметная сілаю і выразнасцю вобразаў, страснасцю светаўспрымання, сакавітасцю мовы, блізкасцю да народна-песеннай творчасці. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ВЕРКА вёска ў Беларусі, у Лідскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПдЗ ад г. Ліда, 91 км ад Гродна, 14 км ад чыг. ст. Курган. 567 ж., 210 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, бальніца, гандл. цэнтр, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл.
У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1413, калі тут быў заснаваны касцёл. У 15—19 ст. належала Галігінавічам, Юндзілавічам, Касцевічам, Галеўскім, Кастравіцкім і інш. З 1570 мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Мытлянскай вол. Лідскага пав. У 1881 — 73 ж. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1970 — 248 ж. Магчыма, першапачатковая гісторыя вёскі звязана з летапісным горадам Вевярэск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЙ ДАКУМЕНТА́ЦЫІ (БДАНТД). Створаны ў 1968. Зберагае навук.-тэхн. дакументацыю праектна-канструктарскіх, тэхнал. і н.-д. устаноў і арг-цый, асабістыя фонды дзеячаў навукі і тэхнікі Рэспублікі Беларусь. Мае (1996) 160 фондаў (больш за 90 тыс. адзінак захоўвання за 1887—1941 і 1944—90). Дакументы архіва адлюстроўваюць буд-ва і рэканструкцыю гарадоў і інш.нас. пунктаў, прамысл. прадпрыемстваў, чыг. і шашэйных дарог, культ.-асв., адм. і інш. збудаванняў на Беларусі, распрацоўку вырабаў прамысл. прадукцыі і быт. тэхнікі. Сярод дакументаў ген. планы гарадоў, праекты па жыллёва-грамадз., прамысл. і сельскім будаўніцтве, чарцяжы станкоў, машын. Аддзелы: забеспячэння захавання і ўліку дакументаў; ведамасных архіваў, камплектавання і экспертызы каштоўнасці дакументаў; інфарм.-пошукавых сістэм і навук. выкарыстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНА-ТАВА́РНАЯ РЫ́БНАЯ ГАСПАДА́РКА,
арганізацыйна-гасп. форма вядзення рыбнай гаспадаркі на натуральных вадаёмах. Асн. задачы: максімальнае змяншэнне колькасці драпежных (шчупак і вял.акунь звычайны) і малакаштоўных рыб (не менш як 80% запасу); зарыбленне вадаёмаў каштоўнымі відамі рыб (сазан, карп, пелядзь, карась, амуры, таўсталобікі, судак, вугор еўрапейскі і інш.) у адпаведнасці з іх асаблівасцямі і падрыхтаванасцю; тэхн. і біял. меліярацыя; рацыянальны адлоў таварнай рыбы; арганізацыя барацьбы з браканьерствам, забруджваннем вадаёмаў прамысл. і быт. сцёкамі, ядахімікатамі і інш. Таварную рыбу вырошчваюць на натуральных і штучных кармах. На Беларусі існуе з 1970-х г. Выхад прадукцыі з 1 га воднай пл. зарыбленых вадаёмаў да 50—600 кг, незарыбленых 10—12 кг.
Лоўля рыбы ў Браслаўскай азёрна-таварнай рыбнай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРТ, Харт (Harte) Фрэнсіс Брэт (25.8.1836, г. Олбані, штат Нью-Йорк, ЗША — 5.5.1902), амерыканскі пісьменнік. Быў золаташукальнікам, журналістам. Вядомасць яму прынеслі «Каліфарнійскія апавяданні» (1857—71), у якіх адлюстраваў каліфарнійскую «залатую ліхаманку», быт і норавы разнашэрснага племені старацеляў. Навелы Гарта адметныя спалучэннем мясц. каларыту, фалькл. элементаў, гумару з рэалістычным поглядам на свет і рамантычным яго ўспрыманнем. Аўтар аповесці «Мліс» (1860), раманаў (у т. л. «Габрыэл Конрай», 1875—76), зб. «Усходнія і заходнія вершы» (1871), кн.літ. пародый «Раманы ў сціслым пераказе» (1867) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1966;
Находка в Сверкающей Звезде: Рассказы;
История одного рудника: Повесть. М., 1991;
Гэбриель Конрой: Роман. М, 1993
Літ.:
Лидский Ю. Писатель-реалист Брет Гарт. Киев, 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫ́ЛІН (Валерый Аляксандравіч) (н. 17.8.1939, г. Волагда, Расія),
рускі кампазітар. Нар.арт. Расіі (1985). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1964). У сваёй творчасці імкнецца да сінтэзу акад. і быт. жанраў, уводзіць новыя, ярка нац. формы хар. музіцыравання, заснаваныя на творчым пераўтварэнні рус. фальклору. Сярод твораў: опера «Суцяшэнні» (паводле Г.Успенскага, 1972); балеты «Анюта» (паводле А.Чэхава) і «Падпаручнік Рамашоў» (паводле А.Купрына, 1986), тэлебалет «Дом каля дарогі»; дзействы «Скамарохі» (1967), «Вяселле» (1981), «Перазвоны» (1982), «Пастух і пастушка» (паводле В.Астаф’ева, 1983); вак.-сімф. паэма «Ваенныя пісьмы» (1972); кантаты; вак. цыклы — 3 «Нямецкія сшыткі» (сл. Г.Гейнэ, 1961, 1972, 1976), «Рускі сшытак» (словы народныя, 1965), «Поры года» (словы народныя, 1969), «Зямля» (1974), «Вечарок» (1975); сімф., камерна-інстр., хар., вак. творы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМЧУ́ЖНЫ,
пасёлак у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Мышанка, каля аўтадарогі Брэст—Мінск. Цэнтр сельсавета. За 12 км на З ад горада і чыг. ст. Баранавічы, 200 км ад Брэста. 3431 ж., 964 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Забудоўваецца паводле генплана 1979 і праекта забудовы жылой зоны комплексу «Усходняе» (1980). Вызначаецца кампактнасцю, высокім узроўнем добраўпарадкаванасці. Жылая зона складаецца з малапавярховай секцыйнай (фарміруе грамадскі цэнтр) і сядзібнай забудовы. Шырока выкарыстаны тэрасы, веранды, лоджыі, малыя арх. формы, групы дэкар. дрэў. Кожная з вуліц адметная сваім аб’ёмна-прасторавым і каляровым вырашэннем. Зона адпачынку (скверы са стадыёнам, спарт. пляцоўкамі, малымі арх. формамі) прымыкае да ляснога масіву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛА (Тодар Іванавіч) (сак. 1896, в. Чабусы Любанскага р-на Мінскай вобл. — 1935?),
бел. гісторык. Скончыў БДУ (1925). З 1925 вучыўся ў аспірантуры БДУ. З 1928 навук. супрацоўнік у Інбелкульце і Бел.АН, з 1929 у Магілёўскім дзярж. архіве. Даследаваў гісторыю сялянства і сельскай гаспадаркі, гарадоў Беларусі 16—18 ст., вывучаў феад. памесце і становішча прыгонных сялян. 24.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у г. Елабуга (Татарская АССР), дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1957.
Тв.:
Землеўласнік і земляроб па Статуту Літоўскаму 1588 г.Мн., 1928;
Панская гаспадарка на Беларусі і быт падданага сялянства ў другой палове XVIII ст.Мн., 1928;
Места Берасцейскае ў XVI ст.: (сац.-экан. нарыс). Мн., 1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ДЫ,
вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Чэрвень—в. Якшыцы. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдУ ад г. Чэрвень, 86 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Градзянка. 444 ж., 166 двароў (1999).
З канца 18 ст. ў Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1897 было 377 ж., 65 гаспадарак, царква, крама, кузня. У 1917 існавалі Старыя і Новыя Л. З 1924 Старыя Л. — цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну ў студз. 1943 партызаны разграмілі фаш. гарнізон у Старых Л., за што гітлераўцы расстралялі 45 жыхароў вёскі. У 1966 Старыя і Новыя Л. аб’ядналіся ў адну вёску Л.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Магіла ахвяр фашызму.