АСТО́РЫНА (Аляксандра Паўлаўна) (28.11.1900, г. Чэлябінск — 15.7.1982),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1957). Скончыла муз. вучылішча Рус.муз.Т-ва (1917). Працавала ў т-рах Расіі. У 1949—73 у Брэсцкім абл.драм. т-ры імя ЛКСМБ. Характарная актрыса, майстар пераўвасаблення, сцэн. дэталі, эпізоду. Сярод роляў: Альжбета («Папараць-кветка» І.Козела), Маці («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Гурмыжская, Кабаніха («Лес», «Навальніца» А.Астроўскага). Рэжысёр спектакляў «Тры жарты». А.Чэхава (1956) і «Позняе каханне» Астроўскага (1963). Адна з арганізатараў Брэсцкага абл.т-ра лялек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕ́ЛКУ ТРЭ́СЦІ»,
бел.нар. дзіцячая гульня. Гульцы становяцца ў рад адзін за адным нагнуўшыся, і кожны абнімае за паясніцу папярэдняга гульца. Апошні гулец садзіцца на папярэдняга, як на каня, і імкнецца хутка пры дапамозе рук пералезці далей на наступнага, з таго яшчэ далей, пакуль не перапаўзе ўсіх. Гульцы стараюцца «пералазчыка» трэсці, каб скінуць яго. Калі гулец перапаўзе ўсіх, ён становіцца наперадзе, а той, хто цяпер апошні, пачынае рабіць тое ж самае. Так працягваецца, пакуль кожны не паспрабуе прапаўзці па ланцужку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЫЧ (Тамара Андрэеўна) (н. 5.4.1939, Мінск),
бел. афтальмолаг. Д-рмед.н., праф. (1988). Дачка Т.В.Бірыч. Скончыла Мінскі мед.ін-т (1962). З 1975 працуе ў ім. Навук. працы па камп’ютэрных метадах дыягностыкі і даследаванняў у афтальмалогіі з выкарыстаннем флюарэсцэнтнай ангіяграфіі, вывучэнні ўздзеяння малых дозаў радыяцыі на орган зроку, укараненні новых тэхналогій хірург. лячэння глаўком, катарактаў, адслаення сятчаткі. Распрацавала і ўкараніла рэканструкцыйныя аперацыі на вочным яблыку (у т. л. перасадку рагавіцы), імплантацыю штучных хрусталікаў пасля выдалення катарактаў, лазерныя метады лячэння хвароб вачэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ДАВЫЯ ПЯСКІ́,
масівы пяскоў у выглядзе вузкіх паралельных град, найчасцей арыентаваных у напрамку пераважных вятроў; адна з гал. формаў рэльефу пясчаных пустынь. Даўж. град да некалькіх дзесяткаў кіламетраў, шырыня да некалькіх соцень метраў, вышыня ад некалькіх да 80—200 м, адлегласць паміж грабянямі град да 4,5 км. Фарміруюцца віхравымі рухамі, якія ўзнікаюць у ветравых патоках, а таксама ў выніку нераўнамернага награвання схілаў рознай экспазіцыі. Пашыраны ў пустынях Цэнтр. і Сярэдняй Азіі, Аўстраліі, Афрыкі, на ўзбярэжжы Балтыйскага м., трапляюцца на Бел. Палессі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ЗДЗЕЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 18.7.1940, г. Кемерава, Расія),
бел. вучоны ў галіне радыёэлектронікі. Д-ртэхн.н. (1989), праф. (1991). Скончыў Томскі ін-т радыёэлектронікі і электроннай тэхнікі (1963). З 1993 у Полацкім дзярж. ун-це. Навук. працы па плазменнай эмісійнай электроніцы, даследаванні газавых разрадаў. Распрацаваў электронна-прамянёвыя тэхнал. прылады з плазменнымі эмітэрамі. Дзярж. прэмія Расіі 1988.
Тв.:
Эволюция вторичной плазмы в ускоряющем промежутке плазменных источников электронов при повышенном давлении (разам з В.Г.Залескім) // Журн. техн. физики. 1996. Т. 66, вып. 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРЫ́ШЫН (Іван Лявонцьевіч) (н. 25.8.1931, с. Грынчук Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне электроннай оптыкі і мікраэлектронікі. Д-ртэхн.н. (1988). Скончыў Чарнавіцкі дзярж.ун-т (1955). З 1961 у Ін-це электронікі АН Беларусі. Навук. працы па мадэляванні і разліку электронна-аптычных сістэм, вакуумнай мікраэлектроніцы. Распрацаваў вакуумныя інтэгральныя мікрасхемы для звышжорсткіх умоў эксплуатацыі, тэхнал. працэсы стварэння магн. галовак запісу і счытвання інфармацыі.
Тв.:
Моделирование электронно-оптических систем на сетках сопротивлений. Мн., 1974 (разам з С.Л.Мельнікавым, І.І.Беланучкінай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЯВІ́ЦКІ (Ігнат Яўхімавіч) (жн. 1855, паводле інш. звестак восень 1856, в. Калінаўка Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.3.1881),
рэвалюцыянер-нарадаволец. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1875—80). З 1879 чл. партыі «Народная воля», адзін з заснавальнікаў яе бел. фракцыі ў Пецярбургу і нарадавольскай «Рабочей газеты». Паводле рашэння выканкома «Народнай волі» ўваходзіў у групу, якая рыхтавала замах на цара. 13.3.1881 кінутай бомбай забіў цара Аляксандра II і смяротна параніў сябе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫШКАВЕ́Ц (Валерый Фёдаравіч) (н. 23.12.1953, г. Пінск Брэсцкай вобл.),
рускі паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1995). Працаваў на з-дзе, у калгасе, матросам, у геолага-развед. атрадзе, на будоўлях Бураціі і Літвы. З 1989 у газ. «Полесская правда» (Пінск). Літ. дзейнасць пачаў у 1968. У лірыцы Грышкаўца (зб-кі «Час адпраўлення», 1981; «Кола буслінае», 1991) роздум над сац. і маральна-этычнымі праблемамі сучаснасці, разнастайнасцю жыцця чалавека з яго радасцямі і засмучэннямі, лёсам роднага краю. Перакладае на рус. мову творы бел. паэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ПЦІХ (ад грэч. diptychos падвойны, складзены ў дзве столкі),
два творы выяўл. мастацтва, аб’яднаныя адзінай задумай. У Стараж. Грэцыі і Стараж. Рыме Д. называлі 2 пакрытыя воскам дошчачкі для пісьма, у мастацтве сярэдневякоўя — двухстворкавы складзень з рэльефнымі або жывапіснымі выявамі. Сярод Д., створаных бел. мастакамі: творы «Бетон» Г.Вашчанкі (1970), «Маці» і «Урачы» А.Малішэўскага (абодва 1975), «І кветкі, і хлеб — паэтам» А.Марачкіна (1982), «Плач Яраслаўны» Г.Паплаўскага (1984) і інш.
Да арт.Дыпціх. Плач Яраслаўны. Маст. Г.Паплаўскі. 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЁПЫ,
бел. рытуальнае печыва. Пяклі з нагоды прылёту буслоў, дзень сустрэчы якіх прыпадаў на Дабравешчанне. Выпякалі галёпы з пшанічнай мукі ў выглядзе булачак або коржыкаў рознай формы; маглі імітаваць фігурку бусла, бусліную лапу, мець форму сахі, бараны і інш. Выяву часам выціскалі на печыве зверху. Пяклі галёпы напярэдадні або ў дзень Дабравешчання (калі забаранялася пячы хлеб) ці на наступны дзень. Агульнае прызначэнне галёпаў — сустрэча ці кліканне буслоў. Вядомы на Зах. Палессі, Гродзеншчыне, Піншчыне, на Навагрудчыне і інш.