ВАЎКАВЫ́СКІ ПАВЕ́Т.

Існаваў на Беларусі ў 16—20 ст. Утвораны ў 1507 у складзе Навагрудскага ваяводства ВКЛ. Межы павета ўдакладняліся ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66 і пазней. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Гродзенскім ваяводстве ВКЛ, пасля 3-га падзелу (1795) у Рас. імперыі: з 1795 у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ. Павятовы цэнтр — г. Ваўкавыск. Пл. павета 3413,2 кв. вярсты, нас. 149 678 чал. (1897). У Ваўкавыскі павет ўваходзіла 25 валасцей: Баярская, Біскупцоўская, Вільчукоўская, Вярэйкаўская, Гарнастаеўская, Дабравольская, Зельзінская, Зэльвенская, Ізабелінская, Крамяніцкая, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Пескаўская, Поразаўская, Пянюгаўская, Роская, Самаравіцкая, Свіслацкая, Талачманоўская, Тарнопальская, Шылавіцкая, Шымкоўская, Юшкаўская. У павеце было 13 мястэчак: Зэльва, Ізабелін, Крамяніца, Лапеніца, Лыскава (Лыскі), Малая Лапеніца, Мсцібава, Новы Двор, Поразава, Пескі, Рось, Свіслач і Ялоўка; 6 сёл, 437 вёсак і 348 дробных нас. пунктаў (1889). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 павет у складзе Польшчы, у Беластоцкім ваяводстве. Былыя воласці ўзбуйнены і пераўтвораны ў гміны. У 1927 пл. 3892 км², нас. 115 261 чал., 16 гмін: у т. л. Біскупская (Біскупцоўская), Зэльвенская, Ізабелінская, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Поразаўская, Роская, Свіслацкая, Тарнопальская, Церашкоўская, Шылавіцкая, Ялоўская. З 1939 у складзе БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобласці, 15.1.1940 скасаваны, на яго тэр. ўтвораны Ваўкавыскі раён.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,

адм.-тэр. адзінка ў 1802—1924 на тэр. сучасных Беларусі, Расіі, Латвіі. Утворана 11.3.1802 у выніку скасавання Беларускай губерні і падзелу яе тэр. на Магілёўскую губерню і Віцебскую губерню. Цэнтр — г. Віцебск. Увайшла ў склад Беларускага генерал-губернатарства. Падзялялася на 12 паветаў: Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дзвінскі, Дрысенскі, Лепельскі, Люцынскі, Невельскі, Полацкі, Рэжыцкі, Себежскі, Суражскі (скасаваны ў 1866). Паводле перапісу 1897 пл. 386,5 тыс. кв. вёрст, нас. 1489,2 тыс. чал., у т. л. 788 599 чал. беларусаў. Паводле веравызнання: праваслаўных 825 524, католікаў 356 939, іудзеяў 175 586 чал., старавераў 82 968, лютэран 46 139. З 7.11.1917 Віцебская губерня ў складзе Заходняй вобласці РСФСР, у студз.—лют. 1919 у БССР, потым у РСФСР. У сувязі з утварэннем Гомельскай губерні (крас. 1919) у Віцебскую губерню перададзены Сенненскі пав. Магілёўскай губ. (ліп. 1919) і Аршанскі пав. Гомельскай губ. (ліст. 1920). Паводле мірнага дагавора РСФСР з Латвіяй ад 11.8.1920 Дзвінскі, Люцынскі і Рэжыцкі пав. адышлі да Латвіі. У лют. 1923 у сувязі з узбуйненнем паветаў скасаваны Гарадоцкі, Дрысенскі і Сенненскі пав.; Лепельскі пав. перайменаваны ў Бачэйкаўскі. 10.3.1924 у сувязі з узбуйненнем БССР Віцебская губерня скасавана. Аршанскі, Бачэйкаўскі, Віцебскі, Полацкі пав. ўвайшлі ў БССР, а Веліжскі, Невельскі, Себежскі пав. — у Пскоўскую губ. РСФСР.

А.​М.​Філатава.

т. 4, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНАЯ ГАСПАДА́РКА,

галіна гаспадаркі па вывучэнні, уліку, комплексным выкарыстанні і ахове водных рэсурсаў. Асн. задача — забеспячэнне вадой усіх галін гаспадаркі і патрэб насельніцтва, а таксама абарона насельніцтва і матэрыяльных каштоўнасцей ад разбуральнага ўздзеяння вады. У воднай гаспадарцы выконваюцца работы па ўзвядзенні гідратэхн. збудаванняў, іх эксплуатацыі і кантролі за ўмовамі выкарыстання водных рэсурсаў пры водаразмеркаванні, водакарыстанні і водаспажыванні.

На Беларусі водная гаспадарка ў асобную галіну не вылучана. Выкарыстанне і ахова вод рэгулююцца водным заканадаўствам. Улік водных рэсурсаў, іх выкарыстанне і якасць вады апісаны ў водным кадастры. У 1994 спажыта 2327 млн. м³ свежай вады, з іх на гасп.-пітныя мэты 713 млн. м³, на вытв. водазабеспячэнне (без уліку сельскай гаспадаркі) 1294 млн. м³, на арашэнне і с.-г. водазабеспячэнне 320 млн. м³. Забрана вады з прыродных крыніц 2442 млн. м³, у т. л. падземных вод 1149 млн. м³. Аб’ём абаротнай і паслядоўна выкарыстанай вады склаў 85% ад агульнага аб’ёму на вытв. мэты.

Навук. даследаванні ў галіне воднай гаспадаркі выконваюць Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, навук.-вытв. аб’яднанне меліярацыі і лугаводства, Бел. н.-д. геолагаразведачны ін-т, праектна-пошукавыя работы — Беларускі дзяржаўны канцэрн па будаўніцтве і эксплуатацыі меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм, Беларускі дзяржаўны інстытут па праектаванні водагаспадарчага і меліярацыйнага будаўніцтва і «Беларусьгеалогія» і інш.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 4, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЛЕ́ЎСКІ (Вінцэнт) (Вікенцій Іванавіч; 16.11.1888, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — снеж. 1942),

бел. паліт. грамадскі і рэліг. дзеяч. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію (1916). У сак. 1917 абраны ў Бел. нац. к-т. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. Пасля абвяшчэння БНР (сак. 1918) уваходзіў у склад яе Рады. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдагаваў газ. «Крыніца» (гл. «Беларуская крыніца»).

Выкладаў у Нясвіжскай бел. семінарыі. З 1924 пробашч касцёла ў мяст. Жодзішкі Свянцянскага пав. У 1925 і 1927 арыштаваны польск. ўладамі, у 1927 асуджаны на 2 гады турмы. З 1929 жыў у Вільні. У 1930 пераклаў на бел. мову Новы запавет (выд. ў Вільні ў 1939). Выступіў з ініцыятывай стварэння Бел. нац. фронту. Выдаваў газ. «Беларускі фронт». З пач. 2-й сусв. вайны пераехаў у Каўнас, у 1940 — у Варшаву. У чэрв. 1941 увайшоў у створаны ў Берліне Бел. нац. цэнтр. З вер. 1941 у Мінску, супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі, быў гал. школьным інспектарам пры ген. камісарыяце Беларусі, уваходзіў у гал. раду Беларускай народнай самапомачы, спрабаваў выкарыстаць супрацоўніцтва з немцамі для мабілізацыі бел. патрыятычных сіл. У ноч на 24.12.1942 арыштаваны гітлераўцамі і закатаваны.

С.​С.​Рудовіч.

т. 4, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАРКТЫ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

фларыстычная і зоагеагр. вобласць сушы. Для раслін і жывёл межы галарктычнай біягеаграфічнай вобласці не супадаюць. Самая вял. займае больш за палову ўсёй сушы: Еўропу, б. ч. Азіі, Паўн. Афрыку, Паўн. Амерыку. У складзе галарктычнай біягеаграфічнай вобласці вылучаюць самаст. падвобласці Палеарктыку і Неарктыку.

Фауна на Крайняй Пн бедная і аднастайная, да Пд багацейшая. Агульныя віды для Паўн. Амерыкі і паўн. Еўразіі: бабёр, воўк, буры і белы мядзведзі, гарнастай, лось, высакародны алень, снежны баран, ліс і інш. Сярод эндэмікаў млекакормячыя (віларогі, грызуны апланадонтавыя, селявініевыя і інш.), птушкі (цецеруковыя, гагары, чысцікі і інш.), рыбы (ласасёвыя, асетрападобныя і інш.). Тэр. Беларусі ўваходзіць у падвобласць Палеарктыкі і падзяляецца на 3 правінцыі (раёны); паўн., пераходную і палескую. Пашыраны зубр, бабёр, глушэц, высакародны алень і інш.; сярод эндэмікаў хахуля, бабёр, казуля, сіпуха і інш. Для флоры галарктычнай біягеаграфічнай вобласці характэрны сям. складанакветных, злакавых, асаковых, бабовых, казяльцовых, крыжакветных, губакветных і інш. Больш за 30 эндэмічных сям. раслін: гінкгавыя, адоксавыя, шэйхцэрыевыя і інш. Тэр. Беларусі ўваходзіць у Барэальную падвобласць. Вылучаюць 3 фларыстычныя правінцыі: Усх.-Еўрап. (займае большую ч. тэр.), Цэнтр.-Еўрап. (Белавежская пушча) і Паўн.-Еўрап. (на Пн). Пашыраны складанакветныя, злакавыя, асаковыя і інш., з дрэвавых — бярозавыя, хваёвыя, вярбовыя і інш. Эндэмікі: луннік, снітка, маркоўнік, медуніца і інш.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІВУ́Д, Халівуд (Hollywood),

прыгарад г. Лос-Анджэлес, на ПдЗ ЗША, штат Каліфорнія. Знаходзіцца за 30 км ад узбярэжжа Ціхага ак., у раёне з разнастайнымі ландшафтамі (горы, паўпустынныя раўнінныя ўчасткі, лясныя масівы).

Цэнтр амер. кінамастацтва. Першая студыя засн. ў 1911. Расшырэнне вытв-сці абумовіла фарміраванне ў Галівудзе на аснове паўсаматужных груп буйных кампаній, частка якіх існуе і цяпер. У 1920-я г. ў Галівудзе была створана самая перадавая на той час матэрыяльна-тэхн. база кінавытворчасці, якая пастаянна ўдасканальвалася, падрыхтаваны прафесійныя кадры. Тады зарадзілася сістэма «зорак» — акцёраў, адно імя якіх збірала ў кінатэатры натоўпы гледачоў. Была наладжана паточная вытв-сць сцэнарыяў і фільмаў у рамках устойлівай сістэмы жанраў. Галівуд як «фабрыка мрояў» прыцягваў да сябе пільную ўвагу масавай аўдыторыі не толькі фільмамі, але і самім ладам жыцця, які шырока рэкламаваўся сродкамі інфармацыі. У 1927 у Галівудзе засн. Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук. У 2-й пал. 1930-х г. аб’ём кінавытворчасці 8 найб. фірмаў Галівуда («Метро-Голдвін-Маер», «20 стагоддзе-Фокс», «Уорнер бразерс», «РКО-Радыё», «Парамаўнт», «Юнайтэд артыстс», «Каламбія Пікчэрс», «Юніверсал інтэрнэшанал») складаў больш чым 500 фільмаў за год. У 1950—60-я г. Галівуд перажываў эканам. цяжкасці, але выстаяў у канкурэнцыі з тэлебачаннем і незалежнымі прадзюсерамі. Галівуд — своеасаблівы міф, сімвал амер. кіно.

т. 4, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗЕ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства пач. 12 — пач. 15 ст. Цэнтр — г. Гарадзен (Гродна). Вядома як уладанне, атрыманае ў 1116 кн. Усеваладам Давыдавічам у пасаг за дачкой кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха Агаф’яй. Размяшчалася ў бас. Нёмана. Зручнае геагр. становішча спрыяла хуткаму эканам. і культ. развіццю княства. У 1127 Усевалад дапамагаў кіеўскаму кн. Мсціславу Уладзіміравічу ў паходзе на Полацк, у 1132 — на Літву. Сыны Усевалада актыўна ўдзельнічалі ў міжусобнай барацьбе за кіеўскі прастол на баку кн. Усевалада Вольгавіча (1144), кн. Мсціслава Ізяславіча (1150, 1151, 1167, 1170) і кн. Андрэя Багалюбскага (1173). У 1166, 1170, 1184 гарадзенскія палкі ў складзе аб’яднаных дружын хадзілі на полаўцаў. У апошняй чвэрці 12 ст. склалася гродзенская школа дойлідства. Былі развіты пісьменнасць і прыкладное мастацтва. З 1240-х г. Гарадзенскае княства ў складзе ВКЛ. У 1252, 1253, 1259, 1275, 1276 на княства нападалі галіцка-валынскія войскі, у 1277 іх падтрымлівалі татары. У 1270-я г. вакол Гарадзена пасяляліся прусы — бежанцы ад Тэўтонскага ордэна. У 1284—1402 на княства адбываліся шматлікія напады крыжакоў, якія ў 1299—1326 паспяхова адбіваў кашталян гарадзенскага замка Давыд Гарадзенскі. З канца 14 ст. княства стала ўладаннем Вітаўта, пры ім яно дасягнула значнага эканам. і культ. развіцця. Пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413 тэр. Г.к. ўвайшла ў Трокскае ваяводства.

Я.​Г.​Звяруга, В.​В.​Швед.

т. 5, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДНЯ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў з в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Як ганчарны цэнтр вёска вядома з 15 ст. У 19 — пач. 20 ст. ганчарствам тут займалася каля 200 сем’яў, у 1920—30-я г. — каля 500; посудам забяспечвалася амаль усё Палессе, ён трапляў на Валынь, Панямонне, пад Вільню і Варшаву. Выраблялі гаршкі, збанкі (глечыкі), гладышы, вазонніцы, глякі (бунькі), слоікі, пёрлы (макотры), кубкі, міскі і інш. Гаршкі ў залежнасці ад аб’ёму мелі розныя назвы: мамзель (умяшчае 1 кг збожжа), злівач (2 кг), адзінец (8—16 кг), паляк (больш за 16 кг). Традыцыйная гараднянская кераміка — белагліняная, непаліваная, у 15—17 ст. аздобленая выціснутым дэкорам у выглядзе паяскоў, у 18 — пач. 20 ст. — хвалістымі і роўнымі паяскамі і косымі рыскамі чырвона-карычневага колеру (рубежыкі), нанесенымі жалезістай глінай (апіска) у 2—3 рады на верхнюю частку вырабу ў працэсе вытворчасці. Посуд вызначаецца буйнымі, ёмістымі шарападобнымі формамі. З 1930-х г. пашырэнне набыло глазураванне бясколернай і каляровай палівай, ангобны дэкор знік, памеры посуду зменшыліся. Выраблялі таксама дробную пластыку наіўна-рэаліст. характару (жанравыя сцэнкі ці фігуркі жывёл). Традыцыі гараднянскай керамікі прадаўжаюць сучасныя майстры І.​Генбіцкі, І.​Лічэўскі, П.​Гмыр, А.​Вячорка, Ф.​Шэлест і інш.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Гараднянская кераміка. Ганчарны посуд з в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1920-я г.

т. 5, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІЯ́НСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,

пласкагор’е на ПнУ Паўд. Амерыкі, на Пн ад Амазонскай нізіны, на тэр. Венесуэлы, Бразіліі, Гаяны, Сурынама і Франц. Гвіяны. Працягласць з ПнЗ на ПдУ каля 2000 км. Выш. да 3014 м (г. Нябліна). Гвіянскае пласкагор’е з’яўляецца шчытом Паўд.-Амерыканскай платформы. Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў, гранітаў, месцамі перакрытых пясчанікамі і кангламератамі. Радовішчы жал. і марганцавых руд, урану, золата, алмазаў, баксітаў. У рэльефе пераважаюць цокальныя дэнудацыйныя пакатахвалістыя раўніны выш. 150—400 м з асобнымі астраўнымі вяршынямі. Больш горны рэльеф у цэнтр. ч., дзе сталовыя пясчанікавыя плато (Сера-Імеры, Сера-Парыма і інш.) са стромкімі схіламі з’яўляюцца акумулятарамі вільгаці (нараджаюцца шматлікія рэкі, якія належаць да рачных сетак Амазонкі і Арынока). У межах Гвіянскага пласкагор’я — самы высокі на Зямлі вадаспад Анхель. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра 27—28 °C; ападкаў за год ад 1200—1700 мм у цэнтры да 3500 мм на З і У. На З і У вільготныя лясы на чырвона-жоўтых латэрытных глебах, у цэнтры пераважна лістападна-вечназялёныя лясы на чырвоных глебах з участкамі саваннаў, на пясчанікавых плато камяністыя пустыні. Жывёльны свет вельмі багаты; шыраканосыя малпы, ляніўцы, мураўеды, браняносцы, тапіры, пекары, апосумы, ягуары. Шмат птушак, паўзуноў, насякомых. Здабыча карысных выкапняў.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 5, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТАЛО́ГІЯ (ад гемата... + ...логія),

навука пра кроў і крывятворныя органы, іх будову, функцыі, хваробы, метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з анкалогіяй і трансфузіялогіяй.

Як навука сфарміравалася ў 17 ст. Сістэматычнае апісанне гематалагічных захворванняў пачалося ў 19 ст. Ням. вучоныя Р.​Вірхаў у 1845, Э.​Нойман у 1870 апісалі лейкозы, англ ўрач Т.​Адысан (1855) і ням. А.​Бірмер (1872) вылучылі ў асобную клінічную форму злаякасную анемію. У пач. 20 ст. рус. вучоныя М.​І.​Арынкін, А.​А.​Максімаў і А.​М.​Крукаў распрацавалі тэорыю кроваўтварэння (т.зв. унітарную); У.​М.​Чарнігаўскі, М.​А.​Фёдараў і інш. даказалі, што ў рэгуляцыі кроваўтварэння ўдзельнічаюць гумаральныя фактары (вітаміны, гармоны, мікраэлементы і г.д.) і ц. н. с.

На Беларусі даследаванні ў галіне гематалогіі пачаліся ў 1930-я г. (Г.Х.Даўгяла, Я.П.Іваноў, В.А.Лявонаў, С.М.Мялкіх, М.П.Паўлава, А.А.Ракіцянская, А.І.Свірноўскі і інш.). Праблемы гематалогіі даследуюцца ў НДІ гематалогіі і пералівання крыві, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, у Рэсп. дзіцячым анкагематалагічным цэнтры. Распрацавана класіфікацыя гемастазіяпатыі, ДВС-сіндрому; прапанавана патагенетычная дыягностыка і тэрапія дысемінаванага ўнутрысасудзістага згусання крыві. Вывучаны некаторыя механізмы парушэнняў кроваўтварэння і спосабы іх карэкцыі пры дзеянні радыяцыі. Створаны рэсп. рэгістр гемапатыі. Дзейнічае нац. сістэма гематалагічнай службы, якая ўключае гематалагічныя кабінеты і аддзяленні, Цэнтр трансплантацыі касцявога мозга.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)