БОЛЕПАТО́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі, якія дзеяннем на ц. н. с. выбарачна аслабляюць ці здымаюць боль. Падзяляюцца на наркатычныя і ненаркатычныя. Наркатычныя болепатольныя сродкі (марфін, амнапон — раслінныя алкалоіды, іх прэпараты атрымліваюць з опіуму, прамедол, фентаніл, пентазацын — сінт. заменнікі марфіну) выкарыстоўваюцца пры рознага паходжання моцных болях. Яны дзейнічаюць на эмацыянальную сферу і выклікаюць эйфарыю; пры працяглым іх ужыванні развіваецца лек. залежнасць (наркаманія). У вял. дозах прыгнечваюць дыханне, выклікаюць кому. Ненаркатычныя болепатольныя сродкі (аспірын, анальгін, бутадыён, парацэтамол і інш.) саступаюць наркатычным, малаэфектыўныя пры інтэнсіўных болях. Іх ужываюць пры галаўным і зубным болю, пры запаленчых працэсах і траўматычных пашкоджаннях суставаў, шкілетных мускулаў, перыферычных нерваў і інш., яны маюць процізапаленчае і гарачкапаніжальнае ўздзеянне; лек. залежнасці не выклікаюць. Пабочнае дзеянне: раздражненне слізістай абалонкі страўнікава-кішачнага тракту і ўтварэнне язваў, прыгнечанне кроваўтварэння.

А.​С.​Захарэўскі.

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РТНІЦТВА,

лясное пчалярства, заснаванае на ўтрыманні пчол у штучных дуплах — борцях. Адзін з найбольш старадаўніх промыслаў. На тэр. Беларусі і ў суседніх раёнах было найб. пашырана ў 10—17 ст., месцамі, асабліва на Палессі, захавалася да пач. 20 ст. Найчасцей выкарыстоўвалі натуральныя борці — дуплы дрэў. Штучныя борці выдзёўбвалі ў тоўстых ствалах дрэў на выш. ад 4 да 15 м. Пазней рабілі вуллі-калоды, якія прывязвалі да дрэва або ставілі на дашчаныя палаткі. Для аховы ад драпежнікаў (куніц, асабліва мядзведзяў) майстравалі вакол дрэва памост з вострымі зубцамі, у дрэва забівалі нажы і інш. З развіццём земляробства і высечкай лясоў бортніцтва саступіла месца пасечнаму пчалярству. Блізкія да бортніцтва метады пчалярства існавалі ў многіх народаў свету, захаваліся ў асобных плямёнаў у малаабжытых раёнах Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Паўд. Азіі.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР,

ганаровае званне, якое прысвойваецца тэатрам, што выпрацавалі трывалыя традыцыі і выхавалі на іх аснове выдатных акцёраў, стварылі спектаклі, якія атрымалі шырокае прызнанне.

Упершыню прысвоена ў 1919 шасці рус. т-рам — Вялікаму, Малому, Мастацкаму ў Маскве, Александрынскаму (т-р імя Пушкіна), Марыінскаму (т-р оперы і балета) і Міхайлаўскаму (Малы т-р оперы і балета) у Петраградзе. У 1920—90-я г. званне акадэмічнага тэатра прысвоена лепшым драматычным і т-рам оперы і балета ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Харкаве, Казані, Ташкенце, Рызе, Таліне, Душанбе, Ашхабадзе і інш.

На Беларусі такое званне прысвоена 4 тэатрам: Нац. драм. т-ру імя Я.​Купалы (1955), Бел. дзярж. драм. т-ру імя Я.​Коласа (1977), Бел. т-ру оперы і балета (1964) і Дзярж. рус. драм. т-ру Беларусі (1994).

т. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЫ́З (франц. accise ад лац. accidere абразаць),

від ускоснага падатку на тавары і паслугі ўнутр. вытв-сці. Аб’ектам такога абкладання, як правіла, з’яўляюцца тавары масавага ці абмежаванага выкарыстання, прадметы раскошы, а таксама пашыраныя камунальныя, трансп., культ. і інш. паслугі. Некаторыя краіны ў пратэкцыянісцкіх мэтах абкладаюць акцызам і імпартныя тавары (звыш мытных пошлін). Акцыз уключаецца ў цану тавару і ў тарыф за паслугі і фактычна перакладваецца на спажыўца. З’яўляецца важнай крыніцай даходаў дзярж. бюджэту. У 1904 у Расіі акцыз (разам з віннай манаполіяй) даваў амаль 50% бюджэтных даходаў. У б. СССР у 1930—31 быў адменены. У Рэспубліцы Беларусь уведзены законам «Аб акцызах» ад 19.12.1991, які вызначае тавары і паслугі, што абкладаюцца акцызам. Плацельшчыкамі акцызу з’яўляюцца юрыд. і фіз. асобы, якія ажыццяўляюць вытв. і камерцыйную дзейнасць, аказваюць паслугі.

т. 1, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́РТ ВЯЛІ́КІ (Albertus Magnus),

Альберт фон Бальштэт (Albert von Bollstädt; каля 1193, Лаўінген — 15.11.1280), нямецкі філосаф, тэолаг, прыродазнавец. Манах-дамініканец, епіскап Рэгенсбурга, папскі легат, арганізатар крыжовага паходу на тэр. Германіі. Вучыўся ў Падуі, Балонні. Выкладаў у Парыжы, Кёльне і інш.; настаўнік Фамы Аквінскага. Вывучаў анатомію, эмбрыялогію, батаніку, заалогію, хімію, касмалогію, оптыку. У сваіх творах даў энцыклапедычны агляд дасягненняў тагачаснай навукі. Увёў ва ўжытак сярэдневяковай філасофіі і навукі працы Арыстоцеля, якія выклаў і пракаменціраваў з пазіцый хрысціянскай тэалогіі. Сцвярджэнне пра стварэнне матэрыі і часу дало Альберту Вялікаму магчымасць узаконіць у рамках схаластыкі арыстоцелеву фізіку з яе вучэннем пра неперарыўнасць матэрыі як асновы змены. Поруч з сістэматызатарскай працай у галіне прыродазнаўства праводзіў уласныя даследаванні. Аўтар філас. прац («Сума тэалогіі» і інш.) і прыродазнаўчанавук. трактатаў. У 1931 кананізаваны каталіцкай царквой.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́МПАЛЬ,

вёска ў Беларусі, у Нягневіцкім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 19 км на ПнУ ад Навагрудка, 40 км ад чыг. ст. Наваельня. 24 ж., 10 двароў (1994).

Заснавана каля 1810 Адамам Храптовічам (ад яго імя і назва вёскі) у маёнтку Нягневічы, купленым у кн. Радзівіла. У 2-й пал. 19 ст. адна з лепшых гаспадарак Рас. імперыі (упершыню на Беларусі выкарыстоўваліся шматпольныя севазвароты, меліяраваныя палі, наладжаны выраб галандскіх і швейцарскіх сыроў, якія збывалі за мяжу). У 1896 у фальварку Адампаль працавалі спіртзавод (з 1878), млын, маслабойня, майстэрні, хлебазапасны магазін. У 1915 з-за акупацыі герм. войскамі фальварак спыніў дзейнасць. У 1921—39 у складзе Польшчы. У 1930-я г. ў Адампалі дзіцячы прытулак, з 1944 дзіцячы дом, з 1960-х г. спец. школа-інтэрнат.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕРДЗІ́Н-АНГУ́СКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы.

Мяснога кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Шатландыі (графствы Абердзін і Ангус) удасканаленнем мясц. чорнай бязрогай жывёлы. Гадуюць у Расіі, Казахстане, на Украіне, у Аўстраліі, Аргенціне, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі і інш. На Беларусі выкарыстоўвалася для прамысл. скрыжаванняў з малочнымі і малочна-мяснымі пародамі. Парода скараспелая, ёй уласціва ранняе адкладанне тлушчу і якаснае мяса з выражанай «мармуровасцю».

Жывёла з выразнымі мяснымі формамі і лёгкім касцяком. Характэрныя прыкметы — бязрогасць і чорная масць, якія ўстойліва перадаюцца патомству пры скрыжаваннях з інш. пародамі. Вызначаецца высокай пладавітасцю і лёгкасцю ацёлаў. Жывая маса нованароджаных цялят 25—28 кг, ва ўзросце 7 месяцаў 180—200, у 18 месяцаў 400—450 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 750—900 кг. Забойны выхад дарослых жывёл 60%.

Абердзін-ангуская парода буйной рагатай жывёлы.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАВЯЗКО́ВЫЯ ПАСТАНО́ВЫ,

у Расійскай імперыі ў 2-й пал. 19—пач. 20 ст. акты службовых асоб (ген.-губернатараў, граданачальнікаў), якія выдаваліся дыскрэцыйна (у залежнасці ад асабістага меркавання) і змяшчалі юрыд. санкцыі. Прымаліся для барацьбы з рэв. рухам. Паводле палажэння ад 13.7.1876 губернатары атрымалі права выдаваць абавязковыя пастановы аб забароне сходаў, органаў друку і інш. Палажэнне ад 14.8.1881 акрэслівала паўнамоцтвы службовых асоб на прыняцце абавязковых пастаноў у мясцовасцях, аб’яўленых на асобым становішчы, пазней губернатары атрымалі права выдаваць абавязковыя пастановы тэрмінам на 1 год і ў мясцовасцях, дзе выключнага становішча не было. У 1904—07 паўнамоцтвы на абавязковыя пастановы мелі мінскі і магілёўскі, у 1909—13 — віленскі, віцебскі, мінскі, магілёўскі губернатары. Абавязковыя пастановы існавалі да Лют. рэвалюцыі 1917.

Літ.:

Гессен В.М. Исключительное положение. Спб., 1908.

А.​Я.​Сукала.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРА АРХІПЕЛА́Г (Alexander Archipelago),

каля зах. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі, у Ціхім ак., частка тэр. ЗША, штат Аляска. Пл. 36,8 тыс. км². Каля 1100 а-воў і скал; найбольшыя а-вы: Баранава, Прынца Уэльска Прынца Уэльскага, Адміралцейства, Чычагова і інш. Рэльеф горны, са слядамі стараж. зледзяненняў. Выш. да 1432 м. Берагі стромкія, моцна расчлянёныя, часткова фіёрдавыя. Складзены з інтрузіўных і метамарфічных парод. Клімат умераны, марскі. Сярэдняя т-ра студз. ад -1,6 °C на Пн да 1,2 °C на Пд; ліп. адпаведна 12 °C і 14 °C. Ападкаў ад 2000 да 3000 мм за год. Да выш. 1000—1100 м хваёвыя лясы (сітхінская елка і інш.), якія змяняюцца альпійскімі лугамі. Рыбалоўства, зверагадоўля, лесараспрацоўкі. Нацыянальны парк Адміралці. Адкрыты ў 1741 рус. экспедыцыяй В.​Берынга і А.​Чырыкава. Да 1867 належаў Расіі.

т. 1, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІБО́ЛЫ (ад грэч. amphibolos двухсэнсавы, падманлівы),

група пародаўтваральных мінералаў падкласа ланцужковых (стужачных) сілікатаў з агульнай формулай (A, B)7-8 [Z4O11]2 (OH, F)2, дзе A — K, Na, Ca; B — Al, Fe​+3, Fe​+2, Mg і інш.; Z — Si, Al. Асн. структуры — т.зв. «амфіболавая стужка» [Si4O11]. Адрозніваюць манаклінныя і больш рэдкія рамбічныя амфіболы. Утвараюць прызматычныя крышталі, ігольчастыя ці тонкавалакністыя агрэгаты. Колер чорны, зялёны, радзей белы ці сіні, да цёмна-фіялетавага. Цв. 5—6,5. Шчыльн. 2,8—3,6 г/см³. Пашыраны ў складзе магматычных і метамарфічных парод (гранадыярытаў, дыярытаў, сіенітаў, андэзітаў, базальтаў і інш.). У зямной кары да 10% (па масе). У прам-сці выкарыстоўваюць хімічна- і тэрмаўстойлівыя тонкавалакністыя амфібол-азбесты. Некаторыя амфіболы — ювелірнавырабныя камяні (нефрыт, кракідаліт і інш.); жалезістыя амфіболы, якія маюць у сабе волава — патэнцыяльная алавяная руда.

т. 1, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)