МАЗЫ́РСКІ ЗАВО́Д МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫХ МАШЫ́Н Дзейнічае з 1954 у г. Мазыр Гомельскай вобл. як рамонтна-экскаватарны з-д. На поўную магутнасць пачаў працаваць у 1957. Прадпрыемства мае цэхі: сталеліцейны, кавальскі, механазборачны, інструментальны, энергамех. і дробных серый. З 1958 з-д меліярацыйных машын, з 1975 галаўное прадпрыемства Мазырскага ВА «Меліярмаш», з 1989 арэнднае прадпрыемства АП «МЗММ». Асн. прадукцыя (1999): касілкі ротарныя дарожныя, гідраманіпулятары, с.-г. пагрузчыкі, мантажныя пад’ёмнікі, навясное абсталяванне бульдозера, карчавальніка, рыхліцеля, пагрузчыка на трактары К-700, Т-170 і запасныя часткі да буд.-дарожных машын.

т. 9, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ «Мазырсельмаш». Створаны ў 1928 у г. Мазыр Гомельскай вобл. як арцель «Молат». У Вял. Айч. вайну абсталяванне часткова эвакуіравана, астатняе знішчана. У 1944 арцель адноўлена, у 1956 перайменавана ў ліцейна-механічны з-д. З 1974 з-д машынабудавання для птушкагадоўчых комплексаў і ферм «Мазырптушкамаш». У 1980—90 прадпрыемства поўнасцю рэканструявана. З 1988 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): катлы быт. для ацяплення жылых дамоў, вадагрэйныя калонкі, цеплагенератары для паветр. ацяплення і вентыляцыі с.-г. і інш. аб’ектаў, воданагравальныя ўстаноўкі для вадзянога ацяплення будынкаў і для атрымання гарачай вады.

т. 9, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ КЛУБ-ТЭА́ТР,

помнік архітэктуры канструктывізму ў г. Мазыр Гомельскай вобл. Узведзены ў 1929—32. 2-павярховы асіметрычны П-падобны ў плане мураваны будынак. Мае дакладна размежаваныя тэатр. і клубную часткі, кожная з асобным уваходам і вестыбюльнай групай, злучаныя паміж сабой папярочным крылом-пераходам. Маст. аблічча будынка вырашана лаканічнымі сродкамі. На гал. фасадзе вылучаецца паўкруглы з 6 калонамі аб’ём з уваходам у глядзельную частку. У будынку працавалі Мазырскія т-ры: рабочай моладзі (з 1935), калг.-саўгасны (1935—38), Палескі абл. драматычны (1938—41, 1944—46).

А.​А.​Воінаў.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЕ́ЙЧЫК (Аляксей Антонавіч) (н. 4.10.1936, в. Гошчава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1967). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1960). Настаўнічаў. З 1966 у Брэсцкім ун-це. Друкуецца з 1961. Даследуе рамантызм сучаснай бел. паэзіі, пытанні выкладання л-ры ў школе і ВНУ. Аўтар метадычных і вучэбных дапаможнікаў «Тэорыя літаратуры» (1990), «Уводзіны ў літаратуразнаўства» (2-е выд., 1992), адзін з аўтараў падручніка-хрэстаматыі для 7-га кл. «Родная літаратура» (з В.​Ляшук, 4-е выд. 1994) і інш. Складальнік зб. «Паўлюк Багрым» (1994, з Ляшук).

т. 9, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЯЁНАК (Андрэй Георгіевіч) (н. 1.6.1943, г. Глыбокае Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н., праф. (1997). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1965). З 1981 заг. лабараторыі Ін-та біяхіміі Нац. АН Беларусі (з 1991 нам., у 1996—98 в.а. дырэктара). Навук. працы па абмене вітамінаў і каферментаў, механізмах каферментнай рэгуляцыі метабалізму, вітаміназмяшчальных прафілакт. і лек. сродках, гісторыі медыцыны.

Тв.:

Производные пантотеновой кислоты: Разработка новых витамин. и фармакотерапевт. средств. Мн., 1989 (у сааўт.);

Водорастворимые витамины в инфекционной патологии. Мн., 1991 (разам з В.​І.​Комарам, У.​С.​Васільевым).

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАРЭ́ВІЧ (Мікалай Анатолевіч) (н. 18.2.1942, в. Зялёная Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. хімік. Д-р хім. н., праф. (1993). Чл. Нью-Йоркскай АН (1993). Скончыў Пермскі пед. ун-т (1964). З 1988 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН Беларусі, з 1992 у Ваеннай акадэміі Беларусі. Навук. працы па гетэрагенным каталізе, тэорыі флатацыйнага ўзбагачэння калійных руд, тэрмадынаміцы і дыфузійнай кінетыцы адсарбцыйных працэсаў, тэорыі агрэгацыі раствораў, паверхнева актыўных рэчываў.

Тв.:

Дифференциальные теплоты в моделях полимолекулярной адсорбции // Журн. физ. химии. 1992. Т. 66, № 5.

З.​А.​Валевач.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ЭЛЕКТРАМО́ДУЛЬ» Працуе з 1970 у г. Маладзечна Мінскай вобл. як з-д сілавых паўправадніковых вентыляў. У 1978 уведзена ў эксплуатацыю 2-я чарга. У 1986 на базе з-да, спец. канструктарска-тэхнал. бюро нестандартызаванага абсталявання і асобага канструктарска-тэхнал. бюро гібрыдных інтэгральных схем створана ВА «Электрамодуль». У 1989 уведзена ў эксплуатацыю 3-я чарга. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Электрамодуль». Асн. прадукцыя (1999): дыёды паўправадніковыя выпрамляльныя, блокі агульнапрамысл. прызначэння, у т. л. зварачныя, блокі аўтамотатрактарныя выпрамляльныя, дыёда-транзістарныя модулі, спецтэхнал. абсталяванне, мэблевая фурнітура.

т. 9, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДО́ЎСКАЯ МУСЦЬЕ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мусцье (каля 70—60 тыс. г. назад) у сярэднім цячэнні Днястра. Назва ад стаянак каля в. Маладова ў Чарнавіцкай вобл. Украіны. Аснова гаспадаркі — паляванне на маманта і шарсцістага насарога. На помніках М.м.к. ўпершыню выяўлены рэшткі мусцьерскіх жытлаў — авальныя выкладкі спецыяльна падабраных вял. касцей мамантаў. У адным з жытлаў знойдзены сляды 15 вогнішчаў. Для М.м.к. характэрны крамянёвыя прылады, вырабленыя на пласцінах і пласцінкавых адшчэпах: скрэблы, скрэблы-нажы, вастрыі інш., апрацаваныя неглыбокай краявой рэтушшу. Пануе левалуазская тэхніка расшчаплення крэменю.

А.​В.​Іоў.

т. 9, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́Я БЕРАСТАВІ́ЦА,

вёска ў Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Вял. Бераставіца—Гродна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пн ад г.п. Вял. Бераставіца, 49 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Бераставіца. 1340 ж., 476 двароў (1999). Сумеснае прадпрыемства «Тандэм», райаграпрамтэхніка і райсельгасхімія. Сярэдняя школа, 2 дамы культуры, 3 б-кі, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква, касцёл. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (18 ст.).

ну. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (18 ст.).

т. 10, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́Я ВО́СМАТА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 34 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,58 км², даўж. каля 1,9 км, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 10,5 м, даўж. берагавой лініі каля 5,6 км. Пл. вадазбору 13,8 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м (на У да 7 м), параслі лесам і хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя. Мелкаводдзе шыр. 5—10 м, на Пд да 30 м. Дно пясчанае, месцамі ілістае. Злучана пратокай з воз. Вялікая Восмата.

т. 10, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)