ГРА́ФСТВА (позналац. comitatus, франц. comté, англ. shire, county, ням. Grafschaft),
1) у сярэдневяковых еўрап. краінах зямля, якая знаходзілася ва ўладанні графа. На тэр.ВКЛ у 16 — канцы 18 ст. неафіц. назва вял. магнацкіх маёнткаў, якія мелі асобны апарат кіравання і перадаваліся ў спадчыну. Назвы графства былі звязаны з графскімі тытуламі, якія былі атрыманы прадстаўнікамі арыстакратыі ад імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» і якімі дазвалялася карыстацца ў ВКЛ. На Беларусі існавалі Глускае, Быхаўскае, Заблудаўскае, Койданаўскае, Копыскае, Лагойскае, Шклоўскае і інш. графствы.
2) Буйная адм.-тэр. адзінка ў некат. сучасных дзяржавах (Вялікабрытаніі, ЗША, Аўстраліі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «АЗО́Т» імя С.В.Прытыцкага.
Адно з найбольшых прадпрыемстваў Беларусі. Засн. ў 1963 як Гродзенскі азотна-тукавы з-д. З 1970 хім. камбінат, з 1975 сучасная назва. У складзе Бел. дзяржканцэрна «Белхімнафтапрам». Супрацоўнічае з шэрагам буйнейшых фірмаў і НДІ. Мае ўласныя навук. падраздзяленні. Асн. Прадукцыя (1997): аміяк, мінер. ўгнаенні, капралактам, тавары нар. ўжытку. Асн. сыравіна: прыродны газ з газаправода Таржок—Мінск—Івацэвічы, сера з Польшчы і Украіны, бензол з Наваполацка і г. Тальяці. Экспарт прадукцыі ў Кітай, Індыю, Канаду, Францыю, Англію, ЗША, краіны СНД, Міжземнаморскага рэгіёна і Скандынавіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУДу лясной тыпалогіі,
характарызуе ўчасткі лесу з найвышэйшай урадлівасцю глеб; класіфікацыйная адзінка. У лесастэпавай зоне, на Каўказе, у Крыме, Карпатах складае асн. лесатыпалагічны фон; даволі часты ў падзоне шыракалістых лясоў. Для груда характэрны чарназёмы, буразёмы і шэрыя лясныя глебы. Асн. лесаўтваральнікі — піхта, елка, дуб, бук, ясень, ільма. На Беларусі груды займаюць пераважна павышаныя мясціны на балоцістай або нізіннай мясцовасці і часцей прадстаўлены шыракалістымі або ялова-шыракалістымі лясамі. У залежнасці ад гал. лесаўтваральных парод прыняты скарочаныя назвы груда: піхтавы — піхтач, яловы — рамень, дубовы — дуброва і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРУ́НВАЛЬД»,
летні лагер для адпачынку дзяцей. Створаны ў 1990 у пас. «Энергетык» (Дзяржынскі р-н Мінскай вобл.) бацькоўскім к-там беларускамоўных класаў і школ Мінска (з 1996 Т-вабел. школы) на базе піянерскага лагера «Дружба». Дзейнасць «Грунвальда» накіравана на нац.-патрыят. выхаванне, развіццё грамадскай актыўнасці дзяцей, удасканаленне іх фіз. падрыхтоўкі з выкарыстаннем методыкі скаўтызму. Праводзіць фізкультурна-тэатралізаваныя святы (напр., Грунвальдскае відовішча), спаборніцтвы, мерапрыемствы каляндарна-абрадавага характару, археал. і фальклорна-этнагр. экспедыцыі і інш. Адпачываюць дзеці з Беларусі, а таксама з замежжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУШАВЫ́ (Генадзь Уладзіміравіч) (н. 24.7.1950, Мінск),
бел. філосаф, грамадскі дзеяч. Д-рфілас.н. (1994), праф. (1995). Заснавальнік і прэзідэнт Бел. дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» (з 1989). Старшыня Бел.хрысц.-дэмакр. партыі (з 1996). Скончыў БДУ (1972), працаваў у ім. З 1991 у Ін-це сучасных ведаў (прарэктар). Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1990—95), 1996. Даследуе гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі Зах. Еўропы і Беларусі эпох Адраджэння і Асветніцтва, тэарэтыка-метадалаг. праблемы пазнання, сац. філасофіі і паліталогіі. Аўтар працы «Аказіяналізм Н.Мальбранша» (1978) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́МІЯ (Grimmia),
род брыевых імхоў сям. грыміевых. Вядома больш за 200 відаў. На Беларусі 5 відаў. Часцей трапляюцца грымія Мюленбека (G. muehlenbeckii) і грымія падушкападобная (G. pulvinata). Растуць на камянях і скалах, садзейнічаюць выветрыванню горных парод. Здольныя вытрымліваць працяглае высыханне.
Утвараюць зялёныя, чорна-зялёныя, шараватыя ад канечных лісцевых валаскоў падушачкі або дзярнінкі. Сцябло прамастойнае ці ўзыходнае, вышынёй 0,5—3 (зрэдку да 10) см, вілавата-кусцістаразгалінаванае. Лісце ад яйцападобнага да лінейна-ланцэтнага, з жылкай і звычайна з бясколерным канцавым зубчастым валаском. Каробачка са спорамі на прамой або дугападобнай ножцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́БНІК, грабеннік (Cynosurus),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я, таксама ва ўмераных раёнах Еўропы. На Беларусі ўсюды трапляецца грэбнік звычайны (C. cristatus). Расце на лугах, лясных палянах, узлесках, пустках і каля дарог. Утварае густыя жоўта-зялёныя дзярнінкі.
Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны без паўзучых падземных парасткаў. Лісце вузкае, пляскатае, лінейнае. Кветкі дробныя, сабраныя ў 2—5-кветныя каласкі, якія ўтвараюць агульнае аднабаковае коласа- ці яйцападобнае густое мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны, прыдатныя для стварэння газонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЦКІ (Іван Мікалаевіч) (1898, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),
удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах.Беларусі. У 1924—27 сакратар падп. райкома КПЗБ на Брэстчыне. У 1927 арыштаваны і зняволены ў турму. У сувязі з завочным выбраннем яго дэпутатам польскага сейма (1928) вызвалены з турмы. Адзін з кіраўнікоў пасольскай фракцыі і рэв.-дэмакр.нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне». За рэв. дзейнасць 30.8.1930 арыштаваны і зняволены на 8 гадоў. У выніку абмену палітзняволенымі з 1932 у БССР, жыў у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйныя газеты, што выдаваліся ў губернях і абласцях Рас. імперыі ў 1838 — 1917 на рус. мове. Перыядычнасць мянялася ад 1 да 6 разоў на тыдзень. У 1838 выдаваліся ў 42 (з 60) губ. цэнтрах. На Беларусі выходзілі «Белостокские областные ведомости» (1838—43), «Виленские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Гродненские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости», «Могилёвские губернские ведомости». Мела афіц. і неафіц. (часам выдавалася самастойна) часткі. Матэрыялы рыхтавалі губ. стат. камісіі, пасля — губ. архіўныя камісіі і к-ты. Спынілі існаванне пасля Лют.Рэв. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЗКАЦЕ́ЛКІ (Colidiidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне каля 1500 відаў пераважна ў тропіках. Жывуць у асноўным пад карой і ў драўніне, часта ў хадах, пракладзеных караедамі і інш. насякомымі, радзей у раслінных рэштках, глебе, лясным подсціле, грыбах. На Беларусі відавы склад вывучаны недастаткова. Часцей трапляецца вузкацелка перавязаная (Bitoma crenata).
Цела даўж. 1,5—18 мм, падоўжанае, цыліндрычнае або плоскае, радзей авальнае. Жукі і лічынкі часцей драпежныя — кормяцца караедамі, іх лічынкамі і інш.; лічынкі некат. відаў — вонкавыя паразіты жукоў шашаляў або пчол.