НАРКАМА́НІЯ (ад грэч. narkē здранцвенне, аняменне + манія),

хвароба, якую выклікае сістэматычнае ўжыванне наркатычных сродкаў. На ўжыванне наркатычных сродкаў (наркотыкаў) уплываюць псіхал. асаблівасці чалавека (нізкая самаацэнка, псіхічныя захворванні), проціпраўная дзейнасць і інш. Асабліва схільныя да Н. падлеткі і маладыя людзі. Наркаманы (людзі, якія ўжываюць наркотыкі) адмежаваны ад рэальнага свету, трацяць пачуццё адказнасці і абавязку, хлуслівыя, эгаістычныя, схільныя да антысац. паводзін (рабаванне, насілле і інш.). Дзеці наркаманаў нярэдка нараджаюцца з фіз. і псіхічнымі дэфектамі і расстройствамі. Пры Н. існуе вял. небяспека заражэння рознымі формамі гепатыту, СНІДам. Скарачэнню жыцця наркаманаў садзейнічае перадазіроўка, септычныя ўскладненні, спробы да самагубства і інш. Пры Н. расстройваецца абмен рэчываў у арганізме, дзейнасць стрававальна-кішачнага тракту, сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм.

Адрозніваюць 3 стадыі Н.: адаптацыя, абстынентныя з’явы і знясіленне. У хворых на Н. выяўляецца вял. наркаманічны сіндром, які складаецца са змененай рэактыўнасці, псіхічнай і фіз. залежнасцей. Аднаразовае ўжыванне наркотыкаў выклікае эйфарыю. Псіхічная залежнасць характарызуецца пастаяннымі думкамі аб скарыстанні наркотыку, інакш узнікае стан незадаволенасці, прыгнечанасці, раздражняльнасці; назіраецца на ранніх этапах сістэм. ўжывання наркотыку. Фіз. залежнасць праяўляецца неадольнай хваравітай цягай да наркотыку, развіццём сіндрому пазбаўлення (абстыненцыі), калі перапынак у прыёме наркотыку выклікае расстройствы фіз. і псіхічных функцый. Лячэнне ў спец. лячэбных установах у залежнасці ад наркатычнага сродку.

Літ.:

Пятницкая И.Н. Наркомании: (Руководство для врачей). М., 1994;

Каплан Г.И., Сэдок Б.​Дж. Клиническая психиатрия: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1994.

А.​І.​Скугарэўская.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т «СВАБО́ДНАЯ ГЕРМА́НІЯ»

(НКСГ; Nationalkomitee «Freies Deutschland»),

кіруючы орган руху ням. антыфашыстаў у 2-ю сусв. вайну. Засн. па ініцыятыве ЦК Камуніст. партыі Германіі і з дазволу сав. улад 12—13.7.1943 на ўстаноўчай канферэнцыі ў г. Краснагорск (Маскоўская вобл.) ням. эмігрантамі і ваеннапалоннымі ў складзе 38 чал. Прэзідэнт к-та ў 1943—45 паэт Э.​Вайнерт, у ліку членаў к-та І.Р.Бехер, В.Пік, В.Ульбрыхт. У сваіх газетах, лістоўках, радыёперадачах (на фронце і праз гукаўзмацняльнікі) заклікаў вайскоўцаў вермахта і герм. народ усімі магчымымі сродкамі змагацца супраць гітлераўскага рэжыму, спыніць баявыя дзеянні дзеля дасягнення «ганаровага міру», стварыць новую Германію на свабодных, мірных і незалежных пачатках; праводзіў таксама антыфаш. агітацыю ў сав. лагерах для ням. ваеннапалонных. Непасрэдна на фронце меў групы ўпаўнаважаных і давераных асоб пры сав. арміях, карпусах, дывізіях, а таксама пры некаторых партыз. злучэннях. З вер. 1943 узаемадзейнічаў з антыфаш. Саюзам нямецкіх афіцэраў. Замежныя арг-цыі к-та існавалі ў Францыі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Даніі, Швецыі, Грэцыі, Мексіцы, ЗША. У сак.—ліп. 1944 2 групы к-та дзейнічалі на тэр. Беларусі (Баранавіцкая, Вілейская, Мінская вобл.). НКСГ самараспусціўся 2.11.1945 пасля ўтварэння ва Усх. Германіі блока антыфаш.-дэмакр. партый. У 1985 у Краснагорску створаны Мемарыяльны музей ням. антыфашыстаў.

Літ.:

За Германию — против Гитлера!: Док. и материалы о создании и деятельности Нац. комитета «Свободная Германия» и Союза немецких офицеров: Пер. с нем. М., 1993.

т. 11, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВА-АКТЫ́ЎНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

рэчывы, адсорбцыя якіх на паверхні падзелу фаз значна зніжае паверхневае нацяжэнне. П.-а.р. з’яўляюцца арган. злучэнні, малекулы якіх маюць дыфільную будову, уключаюць палярныя (гідрафільныя) групы (OH, COOH, NH2 і інш.), Што забяспечвае растваральнасць П.-а.р. у вадзе, і непалярныя вуглевадародныя радыкалы CnH2n+1, дзе n = 6—20 (гл. Гідрафільнасць і гідрафобнасць).

Паводле стану ў растворы П.-а.р. падзяляюць на сапраўды растваральныя (малекулярна-дыспергаваныя) і калоідныя (мылы, алкілфасфаты, аліфатычныя аміны, алкілсульфаты), якія акрамя паверхневай актыўнасці (гл. Актыўнасць у хіміі) праяўляюць аб’ёмныя ўласцівасці, абумоўленыя ўтварэннем калоіднай (міцэлярнай) фазы. Адрозніваюць П.-а.р. іанагенныя, якія ў растворы дысацыіруюць на іоны і паводле віду іонаў, што вызначаюць паверхневую актыўнасць, падзяляюцца на аніёна- і катыёнаактыўныя; неіанагенныя, якія на іоны не дысацыіруюць; амфатэрныя, якія з’яўляюцца катыёна- ці аніёнаактыўнымі ў залежнасці ад pH раствору. Выкарыстанне П.-а.р. заснавана на іх здольнасці мяняць змочванне паверхні цвёрдых цел і ўстойлівасць дысперсных сістэм. Выкарыстоўваюць у вытв-сці мыйных сродкаў і касметыкі (каля 50% вырабленых П.-а.р.), як дыспергатары пры драбненні цвёрдых цел і бурэнні цвёрдых парод, у вытв-сці тканін і хім. валокнаў, пры флатацыйным абагачэнні руды (для рэгулявання змочвання мінералаў), атрыманні змазак, фарміраванні пен і эмульсій, перапрацоўцы палімерных матэрыялаў, для рэгулявання ўласцівасцей бетонных сумесей і інш.

Літ.:

Абрамзон А.А. Поверхностноактивные вещества: Свойства и применение. 2 изд. Л., 1981;

Русанов А.И. Мицеллообразование в растворах поверхностно-активных веществ. СПб., 1992.

Х.​М.​Александровіч.

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЯ ЗДАБЫ́ЧА карысных выкапняў,

распрацоўка радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў з дна рэк, азёр, мораў і акіянаў. Ажыццяўляецца многачарпаковымі драгамі, фрэзерна-ўсмоктвальнымі земснарадамі, грэйферамі, драглайнамі, эрліфтамі, якія ўстанаўліваюцца на пантонах ці суднах.

Здабытая горная маса транспартуецца да берага ў трумах суднаў, на баржах, гідратранспартам па плывучым пульпаправодзе. Пры П.з. на часткова або цалкам абводненых пакладах на кар’ерным полі праводзяць траншэі-проразі, якія злучаюць тэхнал. абсталяванне з крыніцай валы, надводную ч. ўскрыцця распрацоўваюць экскаватарам з мех. лапатай, выкапні здабываюць з-пад вады драглайнам і ўкладваюць у штабель, потым транспартуюць на з-д. Пры П.з. істотна скарачаюцца горнакапітальныя работы, траты на транспартаванне выкапняў, не патрэбныя аднаўляльна-рэкультывацыйныя работы. П.з. вядома з II ст. да н.э., калі фінікійцы здабывалі ў моры сыравіну для фарбы. У 6 ст. да н.э. ў Палінезіі распрацоўвалі каралавыя рыфы для атрымання буд. матэрыялаў. У 3 ст. да н.э. ў праліве Басфор нырцы здабывалі медную руду. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалі здабываць рассыпное золата і інш. на ўзбярэжжы Аўстраліі, Бразіліі, Індыі. У 1920-я г. пачата П.з. волава з марскіх россыпаў у Інданезіі, у пач 1960-х г. — жал. руды ў Японіі.

На Беларусі выкарыстоўваецца П.з. пяску, пясчана-жвіровых матэрыялаў і даламітаў земснарадамі і драглайнамі ў рэчышчах і поймах рэк, у забоях моцна абводненых кар’ераў.

Б.​А.​Багатаў.

Тэхнічныя сродкі падводнай здабычы карысных выкапняў.

т. 11, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕ́СЦЕ,

форма феад. зямельнага ўладання ў Расіі, пры якім уладальнік абавязаны несці ваенную ці інш. службу дзяржаве. Пашырана ў 15 — пач. 18 ст. Масавая раздача П. феадалам пачата ў канцы 15 ст. ў Наўгародскай і інш. землях. Юрыд. статус П. вызначаны Судзебнікам 1497. Уладальнікі П. — памешчыкі, або дваране. У адрозненне ад вотчыны П. даваліся дваранам на пэўны час, уладальнік не мог яго прадаць, перадаць па спадчыне. З сярэдзіны 16 ст. памешчыкі атрымалі права перадаваць П. ў спадчыну і распараджацца імі. Пасля ўказа Пятра I аб адзінаспадчыннасці (1714) П. зліліся з вотчынамі ў адзіны від зямельнай уласнасці феадалаў — маёнтак. У 18 — пач. 20 ст. тэрмін «П.» ўжываўся як адна з назваў маёнткаў буйных землеўладальнікаў. Ліквідаваны Кастр. рэвалюцыяй 1917.

На Беларусі першыя звесткі пра раздачу зямлі пры ўмовах службы адносяцца да сярэдзіны 13 ст. Зямельныя ўладанні («имения»), якія феадалы-васалы атрымлівалі ад вял. князя ці паноў за ваен. і інш. службу, называліся «даніна» або «выслуга». Землі даваліся ў часовае («дачаснае») і ў пастаяннае («вячыстае») уладанне. З павелічэннем паліт. ролі шляхты і аслабленнем улады вял. князя ў 15—16 ст. адбываўся працэс пераўтварэння дачасных данін у вотчыны, якія сталі пануючай формай феад. зямельнай уласнасці. Да сярэдзіны 16 ст. большасць зямельнага фонду ВКЛ стала ўласнасцю шляхты. Неабмежаваныя правы шляхты на маёнткі замацаваны шэрагам прывілеяў, а таксама Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

т. 12, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад пара... + магнетызм),

уласцівасць рэчываў слаба намагнічвацца ў напрамку знешняга магн. поля; адзін з відаў магнетызму. Характэрны для рэчываў (парамагнетыкаў), часціцы якіх (атамы, малекулы, іоны, атамныя ядры) маюць уласныя магн. моманты. У адсутнасці знешняга магн. поля яны арыентаваны хаатычна, так што намагнічанасць рэчыва роўная нулю.

Пры наяўнасці знешняга поля магн. моманты арыентуюцца пераважна ўздоўж поля і намагнічанасць вызначаецца формулай J→ = χH→ , дзе χ — магнітная ўспрыімлівасць (для парамагнетыкаў пры т-ры ≈ 293 К χ ⁓ 10​−7—10​−4), H→ — напружанасць знешняга магн. поля. З павелічэннем т-ры ўзрастае дэзарыентавальнае дзеянне цеплавога руху і χ памяншаецца (гл. Кюры закон, Кюры—Вейса закон). Існаванне ў атамаў (іонаў) магн. момантаў, якія абумоўліваюць П., можа быць звязана з арбітальным рухам электронаў у абалонцы атама — арбітальны П., іх спінам — спінавы П., а таксама (у меншай ступені) са спінам атамных ядраў — ядзерны П. (гл. Магнетон). Даследаванне П. дае інфармацыю пра мікраскапічныя магн. ўласцівасці і ўнутр. структуру рэчываў. П. выкарыстоўваецца для атрымання звышнізкіх т-р метадам магнітнага ахаладжэння, у квантавай электроніцы (гл. Мазер) і інш. Гл. таксама Электронны парамагнітны рэзананс, Ядзерны парамагнітны рэзананс.

Літ.:

Вонсовский С.В. Магнетизм. М., 1971;

Абрагам А., Гольдман М. Ядерный магнетизм: порядок и беспорядок: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1984;

Кринчик Г.С. Физика магнитных явлений. 2 изд. М., 1985.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 12, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНА́РНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,

сукупнасць метадаў вырабу паўправадніковых прылад і інтэгральных схем шляхам фарміравання іх структур з аднаго боку монакрышт. паўправадніковай падложкі. Грунтуецца на стварэнні ў прыпаверхневым слоі падложкі абласцей з розным тыпам праводнасці або з рознай канцэнтрацыяй дамешкаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць структуру паўправадніковай прылады ці інтэгральнай схемы. Забяспечвае выраб у адзіным тэхнал. працэсе вял. колькасці ідэнтычных прылад з высокай узнаўляльнасцю параметраў, высокую прадукцыйнасць і інш.; займае вядучае месца ў тэхналогіі вырабаў мікраэлектронікі.

Асн. аперацыі: нанясенне тонкай дыэлектрычнай плёнкі (звычайна аксіду крэмнію SiO2) на паверхню крышт. паўправадніка (крэмнію, германію, арсеніду галію); выдаленне пры дапамозе фоталітаграфіі ці электроналітаграфіі пэўных абласцей гэтай плёнкі (стварэнне тэхнал. маскі); лакальнае ўвядзенне ў крышталь праз атрыманую маску донарных ці акцэптарных дамешкаў (легіраванне). Усе вобласці выходзяць на адзін (рабочы) бок падложкі, што дае магчымасць праз вокны ў SiO2 рабіць іх камутацыю ў адпаведнасці з зададзенай схемай пры дапамозе плёначных метал. праваднікоў. Адрозніваюць планарна-эпітаксіяльную тэхналогію (уключае аперацыю эпітаксіяльнага арыентаванага нарошчвання на паверхню монакрышт. падложкі тонкага слоя крэмнію) і яе ўдасканаленую разнавіднасць — ізапланарную тэхналогію (з павялічанай якасцю ізаляцыі абласцей).

На Беларусі распрацоўкамі ў галіне П.т. і выкарыстаннем яе ў вытв-сці займаюцца ў НВА «Інтэграл».

Літ.:

Технология СБИС: Пер. с англ. К.Н. 1—2. М., 1986;

Сугано Т., Икома Т., Такэиси Ё. Введение в микроэлектронику: Пер. с яп. М., 1988;

Taur У. The incredible shrinking transistor // IEEE Spectrum. 1999. July.

В.​У.​Баранаў.

т. 12, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЦІНА (лац. Platinum),

Pt, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 78, ат. м. 195, 08, адносіцца да плацінавых металаў. Прыродная П. складаецца з 4 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 194—196, 198, найб. пашыраны ​195Pt (33,8%) і ​194Pt (32,9%) і 2 слаба радыеактыўных — ​190Pt і ​192Pt з перыядамі паўраспаду 6,9∙10​11 і 10​15 гадоў адпаведна. У зямной кары 5∙10​−7% па масе. Трапляецца ў самародным выглядзе і ў выглядзе сплаваў і злучэнняў (гл. Плацінавыя руды). Даследаванні П. пачаліся ў сярэдзіне 18 ст., калі ісп. матэматык А. дэ Ульёа прывёз у Еўропу ўзоры металу з залатых радовішчаў Паўд. Амерыкі; назва ад ісп. platina, паменшанае ад plata — серабро.

Серабрыста-белы бліскучы пластычны метал, 1769 °C, каля 3800 °C, шчыльн. 21450 кг/м³. Мае высокую электраправоднасць. Хімічна інертны; раствараецца ў царскай гарэлцы, павольна — у гарачай сернай кіслаце і вадкім броме. Пры награванні ў паветры акісляецца, пры 400—500 °C узаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, фосфарам, вугляродам, крэмніем. Утварае шматлікія комплексныя злучэнні. Выкарыстоўваюць пераважна ў аўтамабілебудаванні (сплаў П. з паладыем — каталізатар дапальвання выхлапных газаў), электратэхніцы і электроніцы (матэрыял эл. кантактаў), як каталізатар у арган. сінтэзе і каталітычным сінтэзе азотнай і сернай кіслот, а таксама для вырабу хім. апаратуры, лабараторнага посуду, ювелірных вырабаў і інш.

Літ.:

Платина, ее сплавы и композиционные материалы. М., 1980.

т. 12, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ДРУКА́РНЯ Дзейнічала ў 1787—1820 у г. Полацк Віцебскай вобл. Створана пры Полацкім езуіцкім калегіуме

(з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія). Кіраўнікі: Б.​Шыркевіч, А.​Лянкевіч, Я.​Заранек і інш. Шрыфты атрымлівала з Пецярбурга і Варшавы. Выпусціла больш за 500 выданняў пераважна на польск. і лац., часткова на рус., італьян., ням., франц. мовах. Пры друкарні была словалітня. Сярод кніг: падручнікі для вучняў па ўсеагульнай геаграфіі і гісторыі Рыма (1788),

па граматыцы лац. мовы (1790, 1794), рыторыцы (1790, 1799), слоўнікі і інш., творы пісьменнікаў І.​Беніслаўскага, М.​Карыцкага, Я.​Каханоўскага, І.​Красіцкага, Н.​Мусніцкага, А.​Нарушэвіча, філосафа В.​Бучынскага і інш., пісьменнікаў-палемістаў 16—17 ст. П.​Скаргі, І.​В.​Руцкага, рым. пісьменнікаў Вергілія, Гарацыя, Плінія і інш., літургічная л-ра. З канца 18 ст. выдавала «Каляндар полацкі», дзе змяшчаліся краязнаўчыя матэрыялы (у т. л. пра Полацк), звесткі па гуманітарных і фіз.-матэм. навуках, крытыка-бібліягр. агляды, пераклады, апісанні падарожжаў у Сібір і на Каўказ; з 1818 да лют. 1820 (з перапынкам у 1819) — час. «Miesięcznik Połocki» («Полацкі месячнік»), Маст. афармленне выданняў сціплае, гравюр мала, для аздаблення выкарыстоўваўся наборны арнамент, ксілаграфічныя застаўкі.

Літ.:

Мальдзіс А. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;

Умецкая Е.С. «Месенчник Полоцкий» — первый журнал дореволюционной Белоруссии // Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Мн., 1972. Вып. 2.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 12, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГНАЗІ́РАВАННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

сацыяльная дзейнасць, накіраваная на атрыманне навук. абгрунтаванай інфармацыі аб развіцці сац. сістэм, шляхах і метадах дасягнення іх будучых станаў. У шырокім сэнсе П.с. — сістэмнае прадбачанне пераўтварэння сац. асяроддзя пад уплывам аб’ектыўных, а таксама пастаянна дзеючых і мэтанакіраваных суб’ектыўных фактараў. Уключае стварэнне прагнозаў асваення зямлі і космасу, узаемадзеянняў чалавека і прыроды, росту народанасельніцтва, паліт., эканам., сац., экалагічных і інш. адносін, сац. развіцця грамадства і яго розных сац. ін-таў. У вузкім сэнсе П.с. — прагназіраванне сац. сістэм, форм і відаў сац. адносін і працэсаў. Важным аб’ектам П.с. з’яўляецца грамадства як высокаарганізаваная сац. сістэма. П.с. вывучае заканамернасці развіцця сац. сістэм, дае навук. аналіз мінулага і сучаснага стану. П.с. ўласціва высокая эфектыўнасць адваротнай сувязі паміж прагназіраваннем і кіраваннем, паміж прадказаннем і сац. дзеяннямі. П.с. ўлічвае ўздзеянне сац. дзейнасці людзей на аб’екты прагназіравання, якое можа прыводзіць да «самарэалізацыі» або «самаразбурэння» сац. прагнозаў (т.зв. эфект Эдыпа). У П.с. найб. часта выкарыстоўваюць пошукавыя і нарматыўныя віды прагнозу. Першы вызначае магчымы стан сац. сістэм шляхам экстрапаляцыі ў будучае назіраемых тэндэнцый, другі апісвае пажаданы стан сац. сістэм на аснове раней зададзеных крытэрыяў, шляхі і метады яго дасягнення пры пэўных рэсурсах. Найб. эфект у П.с. дасягаецца пры аптымальным спалучэнні розных метадаў прагназіравання.

Літ.:

Бестужев-Лада И.В. Поисковое социальное прогнозирование. М., 1984;

Яго ж. Нормативное социальное прогнозирование... М., 1987.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)